Лізавета II
каралева Вялікабрытаніі (1952—2022) / From Wikipedia, the free encyclopedia
Лізавета II (англ.: Elizabeth II, поўнае імя Лізавета Аляксандра Марыя, англ.: Elizabeth Alexandra Mary[11]; 21 красавіка 1926 — 8 верасня 2022) — каралева Вялікабрытаніі (1952—2022). Узышла на трон 6 лютага 1952 года ва ўзросце 25 гадоў пасля смерці свайго бацькі, караля Георга VI. З’яўлялася манархам з самым вялікім тэрмінам кіравання за ўсю гісторыю Вялікабрытаніі[12].
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Лізавета II паходзіла з Віндзорскай дынастыі.
З’яўлялася кіраўніцай Садружнасці нацый і, акрамя Злучанага каралеўства, каралевай 15 незалежных дзяржаў: Аўстраліі, Антыгуа і Барбуды, Багамскіх Астравоў, Беліза, Грэнады, Канады, Новай Зеландыі, Папуа — Новай Гвінеі, Сент-Вінсента і Грэнадзіны, Сент-Кітса і Невіса, Сент-Люсіі, Саламонавых Астравоў, Тувалу, Ямайкі. З’яўлялася таксама кіраўніцай англіканскай царквы і вярхоўнай галоўнакамандуючай узброенымі сіламі Вялікабрытаніі. У Шатландыі (з прычыны асабістай уніі) каралева працягвала выконваць пэўныя дзяржаўныя абавязкі як гарант Царквы Шатландыі, а таксама прадстаўляла кіраўніка дзяржавы на адкрыцці пасяджэнняў Парламента Шатландыі і санкцыянавала падпісанне законаў Шатландыі пасродкам «каралеўскай санкцыі».
Лізавета II — найстарэйшы брытанскі (англійскі) манарх у гісторыі. З’яўлялася рэкардсменам па часе знаходжання на брытанскім троне.
З 23 студзеня 2015 года, пасля смерці караля Саудаўскай Аравіі Абдала ібн Абдэль Азіз ас-Сауда, была найстарэйшым дзейным манархам у свеце. З 13 кастрычніка 2016 года, пасля скону караля Тайланда Пхуміпона Адульядэта, была манархам з самым вялікім тэрмінам кіравання. З 21 лістапада 2017 года, пасля адстаўкі прэзідэнта Зімбабвэ Роберта Мугабэ, была найстарэйшым у свеце кіраўніком дзяржавы.
На перыяд праўлення Лізаветы II выпаў вельмі шырокі перыяд брытанскай гісторыі: завяршыўся працэс дэкаланізацыі, які адзначыўся канчатковым распадам Брытанскай імперыі і яе трансфармацыяй у Садружнасць нацый; адбылося ўваходжанне Вялікабрытаніі ў Еўрапейскі саюз і выхад з яго. Гэты перыяд таксама ўключыў у сябе мноства іншых падзей, такіх як працяглы этнапалітычны канфлікт у Паўночнай Ірландыі, Фалклендскую вайну, войны ў Іраку і Афганістане.
На працягу ўсяго свайго кіравання каралева не раз падпадала пад крытыку з боку прыхільнікаў адмены манархіі, розных брытанскіх сродкаў масавай інфармацыі, простай грамадскасці. Тым не менш, Лізавета II змагла захаваць прэстыж брытанскай манархіі, а яе папулярнасць у Вялікабрытаніі знаходзілася на вышыні.