Грозава
аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Гро́зава[2] (трансліт.: Hrozava, руск.: Грозово) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Вужанка. Уваходзіць у склад Грозаўскага сельсавета. Насельніцтва 427 чал. (2010). Знаходзіцца за 18 км ад Капылю, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; на аўтамабільнай дарозе Узда — Старыца.
Аграгарадок
Грозава
| ||||||||||||||||||
Тапонім «Грозаў»[3] утварыўся ад імя Гроза[4]. Традыцыйная назва за савецкім часам была зменена на Грозава[5].
Упершыню Грозаў упамінаецца ў першай палове XVI стагоддзя як вёска Слуцкага княства, уладанне Алелькавічаў. У 1538 годзе зямля Грозаўская падаравана Жыгімонтам Старым П. Корбуту «…за верныя і жыглівыя яго паслугі».
У 1582 годзе існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасць. У другой палове XVI — першай палове XVII стагоддзяў мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Валадковічаў. У 1600 годзе існаваў старажытны праваслаўны храм — Мікалаеўскі мужчынскі манастыр. У 1639 годзе памешчык Новагародскага павета Р. Валадковіч ахвяраваў манастыру некалькі маёнткаў. Фундушы храму давала і падстоліна Горват (1748).
У першай трэці XVII стагоддзя Валадковічы заснавалі тут яшчэ адзін мужчынскі прыстанак у імя Яна Багаслова (скасаваны ў 1860 годзе, далучаны да Слуцкага Троіцкага манастыра)
Паводле інвентара 1650 года, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоў) і фальварак, былі бровар, млын і гумно.
У другой палове XVII стагоддзя Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 год тут было 66 двароў. У XVIII стагоддзі Грозаў знаходзіўся ва ўладанні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 годзе мясцовасць увайшла ў склад Случарэцкага павета.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Грозаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерні.
У пачатку XIX стагоддзя Грозавам валодаў Сарвацый Станіслаў Антон Горват, якому належаў родавы маёнтак Бабоўня[6].
На 1800 год тут было 30 двароў, дзейнічалі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Успення Багародзіцы і Святога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі.
Паводле рэвізіі 1833 года маёнтак Грозава — уласнасць І. Мержыеўскага, 37 цяглых двароў, 427 душ.
Паводле інвентару Грозава 1845 г., у мястэчку было 19 сялянскіх двароў (52 мужчынскіх, 45 жаночых), якія мелі 4 моргі 140 прэнтаў пляцавай зямлі, памеры надзелаў розніліся: 100, 80, 60 і менш прэнтаў. Грозаўцы паншчыны не выконвалі, а плацілі чынш, неслі натуральную дарожную павіннасць і старажоўшчыну[7].
Павел Шпілеўскі ў «Падарожжы па Палессі і Беларускаму краю» (1853—1855) пакінуў наступнае апісанне Грозава:
Грозаў досыць ахайны: тут ёсць некалькі невялікіх лавак, вельмі прыстойных будынкаў і пастаялых двароў… Як і ўсялякае беларускае мястэчка, Грозаў напоўнены жыдамі, якія, праўда, жывуць на асобнай вуліцы і не маюць права сяліцца каля манастыра[8].
У сярэдзіне XIX стагоддзя уласнікам быў Севярын Мержыеўскі, які служыў міравым пасярэднікам. Падчас паўстання западозраны ў палітычнай недабранадзейнасці і высланы адміністрацыйным парадкам пад нагляд паліцыі ў Пензенскую губернію. Яго маёмасць на падставе ўказа ад 10.12.1865 падлягала абавязковаму продажу[9].
10 лістапада 1867 года Грозава набывае Людвіг Вітгенштэйн, муж Стэфаніі Радзівіл. Наступным уласнікам становіцца іх зяць Хлодвіг Гагенлоэ-Шылінгфурст. Набыты маёнтак быў аддадзены Вітгенштэйнамі ў арэнду Каралю Каліноўскаму (зяцю Севярына Мержыеўскага і брату святога Рафала Каліноўскага), які пасяліўся ў суседнім Гразоўку. У Грозаве ж у 1868 годзе ён пасяліў свайго бацьку Андрэя, былога дырэктара Шляхецкага Інстытута ў Вільні, у трэцім шлюбе жанатага на Сафіі Путкамер, дачцэ Марыі Верашчакі. Доўгі час Грозава было цэнтрам жыцця сям’і Каліноўскіх, крэўных Мержыеўскім, хоць фармальна ім не належала[10]. Андрэй (пам. 1878) і Караль (пам. 1886) Каліноўскія пахаваныя на могілках у Грозаве[11].
У 1864 годзе ў Грозаве адкрыта народнае вучылішча.
На 1870 год — 99 двароў, 376 жыхароў, 3 праваслаўныя царквы, касцёл, капліца, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся з мястэчкамі Капыль, Бабоўня, Новы Свержань і горадам Нясвіж. На 1886 год — 3 праваслаўныя царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народнае вучылішча, 2 яўрэйскія школы. Згодна з вынікамі перапісу (1897), у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народнае вучылішча, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пачатку XX стагоддзя 177 двароў.
На 1905 год маем наступнае апісанне:
Мястэчка Грозаў знаходзіцца пры рацэ Вужанка на даволі высокім месцы і мае некалькі прыстойных будынкаў… У Грозаве дзве праваслаўныя цэрквы, праваслаўны манастыр, касцёл, два яўрэйскія малітоўныя дамы, сельская школа, крамы і бровар. У захаваных актах згадваецца завяшчанне падстоліны Горватавай ад 1748 года, у якім гаворыцца аб двух цэрквах у Грозаве — Мікалаеўскай і Ірынінскай і манастыры. Абедзве гэтыя цэрквы існуюць і ў наш час, а манастыр невялікі, але ўсё ў ім добра і вытанчана…[12]
У 1912 годзе працавалі 2-класнае сельскае і 1-класнае народнае вучылішчы. На 1917 год — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы.
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года мястэчка занялі нямецкія войскі, у жніўні 1919 — ліпені 1920 годаў і кастрычніку — лістападзе 1920 года — польскае войска.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 года ў Слуцку і мястэчку Семежава з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[13]. Да здушэння паўстання бальшавікамі (4 снежня 1920 года) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
На 1921 год у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фельчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 год — 7-гадовая і яўрэйская школы, хата-чытальня, фельчар, 6 рамеснікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 года Грозава стала цэнтрам сельсавета Грэскага раёна, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 года мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёна (з 12 лютага 1935 года да 17 снежня 1956 года зноў у Грэскім раёне). У 1930-я гады ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасня 1938 года статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з 29 чэрвеня 1941 года да 1 ліпеня 1944 года Грозава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
На 1971 год у Грозаве было 189 двароў, на 1997 год — 197 гаспадарак, машынны двор, ветэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я гады Грозава атрымала афіцыйны статус аграгарадка. На 2007 год — 167 гаспадарак, на 2010 год — 159.
У Грозаве працуюць школа, дашкольная ўстанова, бальніца, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.