From Wikipedia, the free encyclopedia
Чакта (саманазва: čahta; англ.: Choctaw, [ˈtʃɒktɔ]) — індзейскі народ у ЗША. Чакта з’яўляюцца нашчадкамі носьбітаў старажытнай земляробчай Місісіпскай культуры. Традыцыйна насялялі землі на ўсход ад ракі Місісіпі. У 1831—1833 гг. большасць чакта былі пераселены ў Аклахому, дзе сфарміравалі аўтаномнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое праіснавала да 1906 г.
Чакта (čahta) | |
Малюнак 1869 г. | |
Агульная колькасць | 103 910 (2019 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | чакта |
Рэлігія | хрысціянства, культ продкаў, анімізм |
Блізкія этнічныя групы | семінолы, маскогі, чыкаса, хоўма |
У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Алабама, Луізіяна, Місісіпі, Тэхас. Агульная колькасць (2010 г.) — 103 910 чалавек[1].
Традыцыйная культура чакта зведала значны ўплыў з боку еўрапейскай, аднак у сваю чаргу паўплывала на сучасную амерыканскую культуру.
Згодна лінгвістычным дадзеным і міфам саміх чакта яны маюць агульнае паходжанне з чыкаса і маскогамі. Паданні чакта аб паходжанні засяроджваюцца вакол штучнага кургана Нані-Вая ў штаце Місісіпі, ў якім ёсць пячора, і які нават называюць «маці курганоў»[2]. Паводле аднаго падання, першымі з гэтага кургана нарадзіліся на свет маскогі, потым чыкаса, і ўсе яны зышлі ў іншыя месцы. Апошнімі выбраліся на свет чакта і вырашылі жыць вакол кургана. Таксама існуе паданне пра тое, што чакта прыйшлі з захаду разам з чыкаса і спыніліся каля Нані-Вая, дзе ўпершыню пазнаёміліся з кукурузай[3]. Навуковае даследаванне Нані-Вая паказала, што курган мог быць узведзены ўжо ў лясны перыяд, хаця знешне больш нагадвае насыпы Місісіпскай культуры[4]. Сучасныя чакта лічаць, што ён быў створаны іх продкамі[5].
Амерыканскія вучоныя высоўваюць меркаванне, што чакта першапачаткова з’яўляліся адзіным народам з чыкаса і разлучыліся толькі ў XVII ст. Частка вучоных выводзіць іх агульных продкаў ад носьбітаў Плакемінскай культуры. Існуе таксама думка, што продкі чакта і чыкаса насяллі заходні рэгіён Місісіпскай культуры на тэрыторыі сучасных Луізіяны і Арканзаса[6]. Крыстафер Морыс, прыхільнік тэорыі заняпаду Місісіпскай цывілізацыі па экалагічных прычынах, зазначае, што перасяленне адбылося ў перыяд пасля з крызісу Кэхокіі[7]. Землі на ўсходзе былі прывабнымі, бо дазвалялі займацца не толькі земляробствам, якое ўжо не забяспечвала харчам, але і паляваннем. Патрысія Галаўэй ў спецыяльнай манаграфіі, прысвечанай паходжанню чакта[8], сцвярджае, што продкамі чакта былі розныя фрагментарныя групы выхадцаў Місісіпскай культуры, і ў XVII ст. яны аб’ядналіся разам. Тады ж узніклі тыповыя для чакта кераміка і пахаванне.
Першы зарэгістраваны кантакт з чакта ўсталяваў у 1699 г. П’ер Лемойн. Назва чакта ўпершыню сустракаецца ў пісьмовых крыніцах толькі пад 1772 г.[9] Яе этымалогія з’яўляецца спрэчнай.
У XVIII ст. чакта насялялі землі на тэрыторыі сучасных штатаў Місісіпі і Алабама. Яны падзяляліся на 3 тэрытарыяльныя групы Окла Фалая («доўгія людзі»), Окла Танап («людзі на процілеглым боку») і Окла Ханалія («людзі шасці гарадоў») на чале вярхоўных правадыроў мінг. Кожная група падтрымлівала пераважныя сувязі з адной з каланіяльных дзяржаў — Францыяй, Вялікабрытаніяй і Іспаніяй. З канца XVII ст. Чакта пакутвалі ад нападаў ваяўнічых чыкаса, якія захоплівалі іх у палон для продажу ў рабства[10]. Заходняя група чакта імкнулася ў барацьбе з чыкаса заручыцца падтрымкай Францыі і выкарыстаць рэгулярныя французскія ваенныя сілы супраць супернікаў. Французы таксама выкарыстоўвалі воінаў чакта супраць іншых індзейскіх плямён[11]. У гады Амерыканскай рэвалюцыі брытанцы наймалі чакта для нападаў на натчэз і абароны Мабіла і Пенсаколы ад іспанцаў. У гэты перыяд іх агульная колькасць складала каля 15 тысяч чалавек[12]. Дзякуючы кантактам з еўрапейцамі ў чакта з’явіліся коні і іншыя сельскагаспадарчыя жывёлы. Часам яны вандравалі або палявалі на заходнім беразе ракі Місісіпі.
У 1786 г. чакта заключылі мірнае пагадненне з ЗША. Асветнік Б. Хокінс, які падпісваў пагадненне ад імя амерыканскага кангрэса, быў у 1796 г. прызначаны часовым агентам па справах індзейцаў і падтрымліваў палітыку «акультурацыі» чакта. У ЗША гэты народ разглядаўся як адно з пяці «цывілізаваных плямён»[13]. Пасля куплі Луізіяны ЗША ператварыліся ў асноўнага палітычнага партнёра. Падчас вайны 1812 г. чакта падтрымалі амерыканскі бок. Важную ролю ў ваенных і дыпламатычных зносінах з ЗША адыграў Пушматаха[14], правадыр Окла Ханалія.
«Акультурацыя» і пашырэнне кантактаў з амерыканскімі гандлярамі прывялі да ўцягвання чакта ў рынкавую эканоміку і крызісу ўлады традыцыйных правадыроў. Індзейцы звычайна плацілі за еўрапейскія тавары аленімі скурамі. У выніку неашчаднага палявання колькасць аленяў на землях чакта значна скарацілася, затое абавязкі перад амерыканскімі гандлярамі працягвалі расці. Частка чакта мігрыравала на заходні бераг Місісіпі, дзе ўмовы для палявання былі лепшыя, але прыходзілася сустракаць супраціў мясцовых плямён. Большасць працягвала займацца земляробствам, вырошчваць камерцыйныя культуры, у тым ліку бавоўну. На тэрыторыі Місісіпі і Луізіяны нават узніклі плантацыйныя гаспадаркі, што эксплуатавалі працу чарнаскурых рабоў. Для кансалідацыі трох груп чакта была створана агульная рада правадыроў. З 1819 г. пачалася актыўная місіянерская дзейнасць, адчыняліся школы. У гэтых умовах хутка узрастала роля новых правадыроў, дзяцей ад сумесных шлюбаў з еўрапейцамі або ваенных лідараў накшталт Пушматахі. Традыцыйныя правадыры выступалі супраць змен, але для падтрымання ўлады і выплаты фінансавых абавязкаў мелі патрэбу ў грошах, а таму пагаджаліся прадаваць амерыканцам абшчынныя землі[15]. З 1801 г. да 1820 г. чакта заключылі 6 дагавораў, паводле якіх перадалі амерыканцам 51 912,89 км² сваіх тэрыторый. Асабліва вострыя дыскусіі сярод правадыроў узніклі вакол дагавора 1820 г. аб перадачы зямель ў Місісіпі наўзамен на большую частку Арканзаса[11]. Пушматаха і новыя правадыры выступілі супраць абмену, але традыцыйныя правадыры на чале Мушулатубі далі згоду. Дагавор быў скарэктаваны ў 1825 г., але застаўся фактычна бяздзейсным, паколькі толькі невялікая частка чакта мігрыравала ў Арканзас, і прапанаваныя індзейцам землі былі заняты еўрапейскімі пасяленцамі.
Хаця пагадненне 1786 г. з ЗША гарантавала чакта іх правы на ўласную зямлю, з павелічэннем белага насельніцтва на поўдні і стварэннем плантацыйных гаспадарак ціск на чакта ўзмацняўся. Ён тлумачыцца патрэбай пасяленцаў у зямлі, зацікаўленасцю ўладаў штата Місісіпі ў падатках з новых тэрыторый і наўмыснымі або скажонымі ўяўленнямі пра чакта як паляўнічых, якія валодаюць празмернымі абшарамі і не ўпісваюцца ў белую земляробчую цывілізацыю. Знакаміты амерыканскі даследчык Уільям Кларк упэўніваў дэлегатаў чакта ў карысці перасялення на захад[16].
28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні індзейцаў, што не былі амерыканскімі грамадзянамі, на захад ад ракі Місісіпі. 27 верасня 1830 г. рада чакта і прадстаўнікі ЗША заключылі дагавор у Дэнсінг-Рэбіт-Крык аб перамяшчэнні чакта з Місісіпі на тэрыторыю сучаснай Аклахомы (сама назва штата паходзіць з мовы чакта, Okla Humma значыць «чырвоныя людзі»[17]). Дагавор 1830 г. уключаў наступныя ўмовы[18]:
Перасяленне чакта адбывалася трыма хвалямі[19]:
У выніку паміж 1830 г. і 1834 г. з Місісіпі ў Аклахому адправілася 14 000 чакта, але прыкладна 2500 з іх загінулі падчас перамяшчэння. У 1834 г. у Аклахоме апынулася 11 500 чакта, у тым ліку каля 1000 чарнаскурых рабоў. Перасяленні ў Аклахому таксама адбываліся ў 1845—1854 гг. і 1902—1903 гг.[20]
Чакта падзялілі свае новыя тэрыторыі на 3 раёны Машулатубі (паўночны захад), Пушматаха (паўднёвы захад) і Апукшунубі (паўднёвы ўсход). Найбольш заходнія землі былі зданы ў арэнду чыкаса. У 1834 г. правадыры трох раёнаў падпісалі пагадненне пра стварэнне адзінай рады для кіравання з цэнтрам у Тушкахоме. Будынак для яе паседжаняў быў названы Нані-Вая[21]. У 1838 г. і 1842 г. былі прыняты Канстытуцыі нацыі чакта, што ўключалі арэндаваныя чыкаса землі ў асаблівы раён, ствараліся прадстаўнічыя заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы ўлады, адзіныя ваенныя сілы, якія назіралі за парадкам[22]. Фінансаванне адбывалася за кошт штогадовых выплат з боку ЗША па дагаворам 1825 г. і 1830 г. Пры перасяленні змянілася структура грамадства, паколькі на новых землях чакта аддавалі перавагу жыццю не ў вялікіх вёсках, а ў прыватных хутарах. У 1860 г. 14 % насельніцтва (2 349 чалавек) складалі чарнаскурыя рабы[23]. У 1855 г. чыкаса адасобіліся ад чакта. Актыўна праводзілася місіянерская дзейнасць, атэісты не мелі права займаць дзяржаўныя пасады[22].
Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША чакта Аклахомы выступалі на баку Канфедэратыўных Штатаў. У 1861 г. быў падпісаны адпаведны дагавор[24]. чакта сфарміравалі некалькі ваенных падраздзяленняў і прымалі ўдзел у баях на баку канфедэратаў. У 1866 г. пасля паражэння Канфедэратыўных Штатаў чакта і чыкаса былі вымушаны падпісаць у Вашынгтоне мірнае пагадненне з ЗША[25]. Яно адмяняла рабства, дазваляла ЗША будаваць праз землі індзейцаў чыгунку, умешвацца ва ўнутраныя справы. Пасля Грамадзянскай вайны на тэрыторыі чакта з’явілася шмат выхадцаў з ЗША. У 1902 г. фактычна была ліквідавана асобная судовая сістэма чакта. У 1905 г. прадстаўнікі гэтага народа ў Аклахоме выступалі за стварэнне індзейскага штата Секвоя. Але ў 1906 г. Кангрэс распусціў урад чакта. Толькі ў 1971 г. правы на выбранне сваіх правадыроў былі ўзноўлены.
У нашы дні нацыя чакта ў Аклахоме валодае племяннымі тэрыторымі, кіруецца племянной радай з 12 чальцоў[26], актыўна займаецца культурнай і камерцыйнай дзейнасцю.
Пасля перасялення большай часткі народа ў Аклахому на ўсходзе ад ракі Місісіпі засталося каля 4000 чакта. Яны атрымалі грамадзянства ЗША і такім чынам ператварыліся ў адну з найбуйнейшых у той час груп нееўрапейскага паходжання, што мелі амерыканскае грамадзянства. Але толькі 1300 з іх выкарыстала сваё права на атрыманне зямельных надзелаў. Да 1850 г. большасць з гэтых надзелаў былі згублены ў выніку продажу або зямельных махінацый[27]. Простыя абшчыннікі былі вымушаны ператварыцца ў арандатараў, наймацца на працу да белых фермераў або ўслед за суайчыннікамі мігрыраваць на захад. Вялікі правадыр Грынвуд Ле Флор[28][29], адзін з прыхільнікаў дагавора ў Дэнсінг-Рэбіт-Крык, таксама застаўся ў Місісіпі, дзе валодаў баваўнянай плантацыяй і чарнаскурымі рабамі. У 1841 г. ён быў абраны сенатарам. На гэтай пасадзе выступаў за законы, якія павінны былі садзейнічаць асіміляцыі этнічных меншасцей на поўдні ЗША. Ён, а таксама іншыя чакта Місісіпі і Алабамы прымалі ўдзел у Грамадзянскай вайне на баку Канфедэрацыі.
Згодна Канстытуцыі Місісіпі, прынятай у 1890 г.[30], чакта як «каляровае» насельніцтва былі пазбаўлены часткі грамадзянскіх правоў. Эканамічны стан большасці з іх быў гаротным. У 1918 г. падчас эпідэміі іспанскага грыпу загінула 25 % місісіпскіх чакта[31]. Толькі пасля гэтага федэральныя ўлады прынялі меры для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання і адкрыцця пачатковых школ у вёсках чакта.
У 1945 г. місісіпская галіна чакта атрымала федэральнае прызнанне. У нашы дні яна кіруе рэзервацыяй плошчай 14 164 га і складаецца з 8 абшчын[32]. Ва ўласнасці місісіпскіх чакта 2 буйных казіно, курорт, спартыўныя і турыстычныя аб’екты. 18 жніўня 2008 г. штат Місісіпі перадаў ім сакральны курган Нані-Вая. У 1979 г. штат Алабама прызнаў адгалінаванне чакта, што жывуць на паўднёвым захадзе штата. Яны валодаюць аўтаномнай рэзервацыяй плошчай 121,4 га[33]. У 1995 г. федэральнае прызнанне атрымала група чакта ена ў Луізіяне[34]. Яна кіруе рэзервацыяй плошчай 1,21 га, на якіх у 2013 г. было адчынена казіно[35][36]. Ена захоўваюць родную мову і многія традыцыі. Штат Луізіяна таксама прызнае групу чакта ў Кліфтане і абшчыну чакта і апачы ў Эбарбе[37].
Група чакта ёвані апынулася на захадзе ад ракі Місісіпі ў выніку 2 міграцый: пасля 1803 г. па дамоўленасці з іспанскімі каланіяльнымі ўладамі і ў 1824 г. па дамоўленасці з незалежнай Мексікай. У 1836 г. чакта прымалі ўдзел у падпісанні дагавора паміж Рэспублікай Тэхас і чэрокі[38]. У 1850 г. яны далучыліся да супольнай індзейскай абшчыны гары Табар ва ўсходнім Тэхасе[39]. У 2017 г. аўтаномія абшчыны была прызнана штатам Тэхас.
З часоў існавання Місісіпскай культуры галоўным гаспадарчым заняткам чакта з’яўлялася ручное земляробства. Чакта здаўна вырошчвалі «тры сястры», тытунь, сланечнік, у выніку ранніх кантактаў з еўрапейцамі яны перанялі такія культуры як кавун, капуста, цыбуля, часнык, сліва і інш.[40] Існавалі тры віды апрацаваных палеткаў: невялікія сямейныя ўчасткі знутры вёскі, вялікія абшчынныя палі і прагалы, засеяныя гарбузовымі[41]. Расчысткай палёў займаліся мужчыны. Першапачаткова яны высякалі кару буйных дрэў. Пасля таго, як дрэвы пачыналі гнісці ці сохнуць, іх валілі і спальвалі разам з падлескам[42]. Некаторыя дрэвы накшталт дубоў і арэхаў пакідалі для атрымання далейшага ўраджая. Апрацоўкай зямлі займаліся жанчыны. Галоўнай прыладай для апрацоўкі быў востры драўляны кій[43], але таксама выраблялі матыкі з вапняковым або касцяным лёзам. Асабліва важную ролю на палетках адыгрывала кукуруза. У паўднёвых раёнах, населеных чакта, паспявалі збіраць 2 ураджаі на год.
Збіральніцтва забяспечвала чакта зелянінай, ядомымі карэннямі і ягадамі. Ім займаліся жанчыны на працягу ўсяго года. Паляванне і рыбалоўства лічыліся мужчынскімі заняткамі, але ў забеспячэнні харчам яны мелі другасную ролю ў перыяды, калі не хапала сельскагаспадарчых культур[43]. У XVIII — першай трэці XIX стст. скуры аленяў ператварыліся ў важны камерцыйны тавар, што падвысіла ролю палявання. Паколькі чакта хутка вынішчылі пагалоўе дзікіх аленяў на сваіх землях, ім прыходзілася арганізоўваць паляўнічыя экспедыцыі на захад ад ракі Місісіпі. Палявалі з дапамогай лука і стрэл, духавых трубак, ладзілі пасткі.
Да кантактаў з еўрапейцамі адзінай вядомай свойскай жывёлай быў сабака. У XVIII ст. чакта трымалі свінняў, хатнюю птушку, кароў[40]. У гаспадарчых мэтах выкарыстоўваліся коні. Была распаўсюджана маларослая парода з карычневымі плямінамі на целе і лагодным норавам, пазней названая чакта[44]. Для коняў не рабілі асобных пабудоў або загонаў. Яны пасвіліся свабодна каля жытлаў гаспадароў.
Чакта па-майстэрску апрацоўвалі драўніну, косць, ракавіны. Жанчыны займаліся пляценнем і вырабам керамікі[45]. Пляценне з’яўляецца папулярным жаночым рамяством і ў нашы дні. Захавалася традыцыя вырабу дзіцячых лялек ішт вашоха[46].
Чакта сяліліся ў буйных умацаваных вёсках, што будавалі на ўрадлівых землях уздоўж рачных далін. Усяго налічвалася каля 90 вёсак, геаграфічна згрупіраваных вакол 3 палітычных аб’яднанняў[47]. У кожнай жыло ад 50 да 500 чалавек. Вёскі займалі вялікую плошчу і не мелі выразных межаў[48]. Іншаземцы часцяком называлі іх гарадамі. Сем’і жылі ў аднакамерных хацінах чука[49], што ладзіліся з саману з адным уваходам без вокнаў. Канічны дах рабілі з саломы. У цэнтры хаціны месцілі агмень, а ўздоўж сцен — гліняны палок, на якім можна было сядзець, спаць, захоўваць харчовыя прыпасы. Кукурузу захоўвалі ў асобных будынках. Да сярэдзіны XIX ст. распаўсюдзіліся еўрапейскія дамы каркаснага тыпу. У Аклахоме чакта не будавалі вялікіх вёсак, а аддавалі перавагу жыццю на прыватных фермах.
У ранні перыяд гісторыі чакта рабілі вопратку са скур дзікіх жывёл[50]. Для дублення выкарыстоўвалі аленевы мозг. Вопратка жанчын складалася са скураной блузы і кароткай спадніцы, мужчынская — са штаноў і кашулі. Падчас вандровак апраналі макасіны, у звычайным побыце хадзілі басанож. Жанчыны і мужчыны мелі доўгія валасы.
Сучасны народны жаночы строй узнік ў XIX ст.[51] пад уплывам еўрапейскіх перасяленцаў. Ён уключаў прыталеную баваўняную сукенку з падолам крыху вышэй за лодыжкі, фартух і хустку. Сукенка ручной працы мае поўны рукаў і плыўную спадніцу з фальбонамі, што робіць яе падобнай да сукенкі брэтонак пачатку XIX ст. Строй незамужняй жанчыны адкрываецца ззаду, у той час як сукенка замужняй жанчыны адкрываецца спераду, каб зручней карміць немаўлят. Нягледзячы на змены моды, ён быў пашыраны да пачатку XX ст. У нашы дні яго апранаюць у асаблівыя выпадкі. У народным строі Місісіпі часцяком сустракаецца металічны грэбень для валасоў.
Мужчынскі народны строй таксама зведаў ўпыў еўрапейскай моды XIX ст., а потым — пазнейшых пан-індзейскіх традыцый[52]. Яго важным складальнікам з’яўляецца кашуля, апранутая навыпуск, упрыгожаная аплікацыямі з доўгіх адрэзкаў баваўнянай тканіны. У якасці ўпрыгожванняў выкарыстоўваюцца бандальеры, пацеркі, шыйныя абярэгі. На галаву апранаюць капялюш з шырокімі палямі. Галаўныя ўборы з пер’ем былі запазычаны ў іншых індзейскіх народаў.
Да сярэдзіны XX ст. чакта ўжывалі пераважна раслінную ежу[53]. Адной з найбольш запатрабаванай культур была кукуруза. Яе сушылі ў зярноўках, лушчылі і пераціралі перад прыгатаваннем. Звычайнай стравай была бунаха — кукурузная мука з гарохам, загорнутая ў кукурузнае лісце, печаная або вараная ў вадзе[54]. Таксама кукурузу пяклі на вуглях, гатавалі кукурузную поліўку з дзікай цыбуляй і зелянінай, кукурузныя аладкі, салодкія вараныя галушкі з вінаградам і г. д.[55] У кукурузную муку дадавалі зярняткі сланечніка. У выпадку неўраджая муку рабілі з жалудоў, дзікіх карэнняў і батата[56].
З дзікіх арэхаў атрымлівалі алей, на якім смажылі мяса забітых на паляванні жывёл — індыкоў, трусоў, аленяў і мядзведзяў. Мядзведжы тлушч тапілі і захоўвалі ў пузырах для таго, каб дадаваць у раслінную ежу. Ужо ў канцы XVIII ст. чакта трымалі свінняў, а свініну называлі «салодкім мясам»[57]. чакта таксама елі рыбу, малюскаў, алігатараў.
У сакральных мэтах ужывалі так званае «чорнае пітво»[58] — узбуджальны напой з расліны Ilex vomitoria. У XX ст. у Аклахоме папулярным алкагольным напоем стала піва чок (англ.: choc beer)[59]. Гэта лёгкае хатняе піва, першапачаткова вынайдзенае чакта, запраўленае садавіной, тытунем, травамі ці збожжам.
Сацыяльная структура грамадства чакта моцна змянілася на працягу XVIII — XX стст. Паколькі зямлю апрацоўвалі жанчыны і асноўная маёмасць перадавалася па жаночай лініі, першапачаткова ў яе аснове палягаў падзел на матрылінейныя роды[60]. Усяго іх налічвалася ад 6[61] да 12[62]. Дзеці пэўнай маці належалі да яе рода. У сваю чаргу, роды аб’ядноўваліся ў 2 буйныя лініі — белую і чырвоную. У адным паселішчы маглі жыць прадстаўнікі розных родаў. Чакта падзяляліся па сацыяльна-узрастоваму прынцыпу на імаклаша (старэйшын) і інхулалата (юнакоў). Імаклаша аднаго рода вырашалі пэўныя праблемы яго чальцоў у межах паселішча. Асноўныя пытанні разглядаліся мужчынамі, хаця жанчыны мелі ўскосны ўплыў і імкнуліся маніпуляваць мужчынамі падчас выбараў.
Прадстаўнікі родаў кіравалі паселішчамі. На чале паселішча стаяў правадыр, звычайна найбольш вопытны мужчына. Падчас вайны вылучаўся ваенны правадыр[63]. У XVIII — першай трэці XIX стст. існавалі 3 тэрытарыяльныя групы паселішчаў Окла Фалая («доўгія людзі»), Окла Танап («людзі на процілеглым боку») і Окла Ханалія («людзі шасці гарадоў») на чале вярхоўных правадыроў мінг. Становішча вярхоўнага правадыра не перадавалася па спадчыне, таму ён быў вымушаны залагоджваць ніжэйшых правадыроў падарункамі, аказваць дапамогу простым абшчыннікам.
У XIX ст. узнікла Нацыянальная рада ўсіх трох груп. Яе паседжанні адбываліся ў вёсцы вярхоўнага правадыра, які прымаў прадстаўнікоў паселішчаў. Прадстаўнікі збіраліся на вясковым пляцы і займалі сваё месца на адной з лаў, што стаялі ў 2 рады. На кургане ля пляца распальвалі вогнішча. Вярхоўны правадыр паднімаў адпаведную колькасць пальцаў, каб паказаць колькасць пытанняў, якія павінна была разгледзець рада. Кожны прадстаўнік меў неабмежаваны час для выступу. Пасля заканчэння абмеркавання слова браў вярхоўны правадыр. Ён павінен быў зрабіць высновы. Прадстаўнікі выказвалі згоду выкрыкам ма («так»)[64]. У спрэчках важную ролю адыгрывала мастацтва красамоўства.
Пасля перасялення ў Аклахому чакта прынялі Канстытуцыю[65], што з некаторымі зменамі дзейнічала да 1906 г. Яна ўлічвала прыналежнасць да матчынага роду. Замест традыцыйнага падзелу на тэрытарыяльныя групы, ствараліся новыя раёны, дзе насельніцтва магло быць змяшаным па паходжанню. Пасля інкарпарацыі нацыі чакта ў ЗША матрылінейная родавая арганізацыя страціла свае паўнамоцтвы, хаця адлік сваяцтва па жаночай лініі існуе да нашай пары. Чакта, што засталіся ў Місісіпі, былі вымушаны падпарадкоўвацца амерыканскаму заканадаўству, таму матрылінейны падзел сярод іх знік раней, чым у Аклахоме. У нашы дні чакта падпарадкоўваюцца як амерыканскім законам, так і законам сваіх аб’яднанняў.
Сярод чакта існавалі як малыя нуклеарныя, так і вялікія пашыранныя сем’і з трох пакаленняў[66]. Апошнія часцяком узнікалі з-за беднасці, немагчымасці маладых сем’яў знайсці зямлю і асобную хаціну для самастойнага існавання. Шлюб патрабаваў згоды з боку нявесты і яе маці, арганізацыі спецыяльных цырымоній. Разводы лічыліся звычайнай з’явай. Да заняпаду матрылінейных родаў большая частка маёмасці перадавалася па жаночай лініі.
У чакта існаваў звычай дэфармацыі чэрапа[67] ў раннім дзіцячым узросце.
Да пачатку XX ст. сярод чакта была папулярна камандная гульня у мяч капуча. Дзве каманды гульцоў сустракаліся на доўгім полі з варотамі на супрацьлеглых баках. Вароты маглі ўяўляць шчэпленыя бярвенні, павернутыя шырокім бокам да поля. Каб атрымаць перамогу, каманда павінна была шмат разоў загнаць мяч у вароты праціўніка[68]. Вопратка гульцоў павінна была нагадваць якую-небудь жывёлу. Яны былі ўзброены драўлянымі кіямі з абручамі на навершы. Мяч рабілі з ануч, абгорнутых у аленевую скуру. Гульцоў падтрымліваў шаман з размаляваным целам у масцы, а таксама знахары, што падчас гульні стаялі каля варот і дапамагалі сваёй камандзе спевамі і пляскамі ў далоні. Перад гульнёй арганізоўваўся танец загавораў. У ім маглі ўдзельнічаць жанчыны. Падчас гульні дазвалялася прычыняць гвалт у дачыненні да супернікаў, акрамя ўдараў па галаве, таму гульня часам скончвалася калецтвамі і смерцямі[69].
Яшчэ адной папулярнай гульнёй была чанкі. Лічіцца, што яна зарадзілася ў часы Місісіпскай культуры і мела рытуальны характар[70]. Па полю кацілі каменныя або гліняныя дыскі. Гульцы павінны былі трапляць у іх доўгімі тычкамі.
Існавала рызыкоўная гульня ў косці[69], дзе выкарыстоўваліся зярняты кукурузы і фасолі.
Найбольш старажытным вядомым музычным інструментам чакта з’яўляецца барабан. Сучасныя барабаны робяцца па вобразу брытанскіх і амерыканскіх ваенных барабанаў канца XVIII — пачатку XIX ст.[71] Пад уплывам еўрапейскага насельніцтва шырока выкарыстоўваюцца скрыпка і гітара.
Важную ролю адыгрывае акампанімент. Існуюць традыцыйны ансамблі з 5 — 12 чалавек з 1 барабанам[72]. Мужчыны ў іх спяваюць ва ўнісон. Мелодыі пачынаюцца з высокіх нот, затым пераходзяць на нізкія і зноў на высокія. У паўднёвай традыцыі галасы больш нізкія, спевакоў-мужчын падтрымлівае жаночы вакал. У мінулым зачынальнікам супольных спеваў быў правадыр[73].
Танцы з’яўляюцца моцным сацыяльным аб’яднальнікам, паколькі галоўнае ў іх не відовішча, а непасрэдны ўдзел[74]. Яны арганізоўваліся ў выпадках збору гуртоў аднаго ці розных паселішчаў, падас свят і гульні ў мяч. У нашы дні выкладаюцца ў індзейскіх школах. Шырока распаўсюджаны танцы з найменнем пэўных жывёл, калі танцоры адлюстроўваюць сваімі дзеяннямі розныя аспекты жыцця прыроды. У ваенных танцах удзел маглі браць не толькі мужчыны, але і жанчыны.
Чакта захавалі багаты фальклор — казкі, міфы, легенды, генеалагічныя паданні. Папулярнымі героямі вуснай творчасці з’яўляюцца розныя жывёлы, паляўнічыя, што ішлі за сонцам, міфічныя постаці — вялікі змей Сінтхола, карлікі кові-анукаша, волаты шампэ і г. д.[75] Казкі пра труса-трыкстэра Чукфі паўплывалі на развіццё амерыканскай дзіцячай літаратуры.
Мова чакта адносіцца да маскогскай сям’і моў[76]. Падзяляецца на 3 буйныя дыялекты. У нашы дні вылучаюцца асобныя гутарковыя дыялекты Аклахомы і Місісіпі. Існуе некалькі варыянтаў пісьмовасці на аснове лацінкі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.