былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Кажу́шкі[1] (трансліт.: Kažuški, руск.: Кожушки) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавета.
Вёска
Кажушкі
|
У акце абмежавання Брагінскай воласці ад 7 сакавіка 1512 года названы сумежны з ёй востраў Кажушкі – «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам беллю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»[2]. Напэўна, бліжэй да ракі Прыпяць існавала ўжо і аднаімённае сяло. У апісанні Чарнобыльскага замка 1552 года згаданыя «Кожушковцы на Припети Бискупа Киевскаго[upper-alpha 1] и иншие села по всемъ повете Чорнобыльскомъ...». У іншым месцы назва паселішча з указаннем прыналежнасці яго да Беласароцкай нядзелі[upper-alpha 2] прыведзена ў форме «Кожушковичи»[3].
26 верасня 1568 года ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабрання грунту яго вёскі Навасёлкі і прылучэння да ўгоддзяў вёскі Кажушкі[upper-alpha 3] біскупа кіеўскага Мікалая Паца[upper-alpha 4][5].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Кажушкі з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].
7 днём верасня 1572 года датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 года біскуп М. Пац звярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 года пазначана размежаванне ўгоддзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych»[5].
На 1581 год у сяле Кажушкавічы каталіцкага біскупа кіеўскага[upper-alpha 5] налічвалася 26 дымоў асадных сялян (×6 — каля 156 чалавек), з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 4 агароднікі (≈24 чал.), з іх — па 6 грошаў падатку[8].
14 жніўня 1609 года ксёндз Крыштаф Казімірскі, біскуп кіеўскі, распачаў судовую справу ў дачыненні да пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, за насланне падданых сваіх на грунт біскупскі Кажушкаўскі, што пры беразе Прыпяці ніжэй Лысай гары месціўся ў востраве паміж новым рэчышчам і старыцай, ды ўчыненне там рабункаў. 1 чэрвеня 1618 года біскуп Крыштаф з капітулай выступілі ў судзе з пратэстам супраць пана Міхала Ратомскага за наезд да вёску Кажушкавічы, касцёлу прыналежную[9].
Пры размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў сяло Kożuszkiewicze Кіеўскага біскупства паны камісары згодна запісалі прыналежным да ваяводства Кіеўскага[10]. Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 года, з сяла Кажушкавічы біскупства Кіеўскага ў асобе ксяндза-біскупа Багуслава Бокшы-Радашэўскага, з 9 дымоў мусіла выплачвацца па 3 злотыя, з 13 агароднікаў па 24 грошы, з 1 каморніка яшчэ 24 грошы[11]. 11 чэрвеня 1649 года палонны казак Мацвей Шумейка, схоплены дома ў Брагіне, паведаміў на допыце пра казацкі загон блізка ў тысячу чалавек, што перапраўляўся праз Прыпяць каля Кажушак ці да Бабічаў, ці яшчэ куды[12].
У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года сярод добраў біскупа кіеўскага[13] геаграфічна ізаляваныя ад іх Кажушкі не названыя. 9 лістапада 1723 года кіеўскі афіцыял Войцех Сянніцкі падаў скаргу на князя Мікалая Шуйскага за тое, што падданыя яго сяла Навасёлкі змянілі мяжу з біскупскім сялом Кажушкі[14]. У тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў Кажушкі зноў як быццам адсутныя[upper-alpha 6], магчыма таму, што ўжо сталі часткай Нараўлянскіх добраў роду Аскеркаў, а тыя месціліся ў Мазырскім павеце, на карысць якога і выплачвалі падымнае.
Канвакацыйны сойм 1764 года прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаннем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павета. Сярод ягоных уладанняў Кажушкі яшчэ не згаданыя[16]. Але 13 і 15 лістапада 1773 года, паводле актаў Оўруцкага гродскага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгоддзяў вёсак Навасёлкі Хойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апякуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая Аскеркі (сына Рафала Алаізія Аскеркі). Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 года ў оўруцкія кнігі было нават занесена размежаванне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 года датаваныя судовыя абвінавачванні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў збілі-скалечылі, знішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 года ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацверджана карта пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Кажушкі стражніка Аскеркі і Навасёлкі абозных Прозараў[17].
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кажушкі — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[18]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, Кажушкі названы ў пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 года[19].
30 чэрвеня 1803 года было складзена, а 13 сакавіка 1806 года змешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда размежаванне добраў Хойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста. Вёска Кажушкі (wieś Kożuszki) у тым дакуменце выступала, як частка вялікага маёнтка Барбароў, а яе ўгоддзі размяжоўваліся з грунтамі хойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[20].
У 1826 г. у нашчадкаў Андрэя фон Гольста маёнтак Барбароў, да складу якога належаў фальварак Кажушкі з аднаімённым сялом, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром[21] Ігнат Тадэвушавіч Горват (1764—к.1826). У 1826 г. гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігната Горвата дасталася яго сыну Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868). У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 200 жыхароў вёскі Кажушкі абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы ў Тульгавічах, 5 жыхароў двара Кажушкі з'яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[22].
У парэформенны перыяд сяло належала да Юравіцкай воласці. Каля 1864 года маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі) завалодаў Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903)[21]. У тым жа 1864 годзе згаданая прыпісная да прыхода Тульгавіцкай царквы прыналежная Кажушкаўская Свята-Троіцкая царква[23]. На пачатак 1870 года ў сяле Кажушкі — 93 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 4 аднадворцы, прыпісаныя да воласці[24]. У даведніку 1879 года паведамляецца, што прыпісная Троіцкая царква выконвала ролю прыходскай, бо царква ў Тульгавічах колькі гадоў перад тым згарэла[25]. У 1886 годзе ў сяле 41 двор, 210 жыхароў, царква, млын[26]. На 1889 год сярод шматлікіх службаў маёнтку Нароўля (33 500 дзесяцін) Артура Горвата названы і фальварак Кажушкі[27].
Паводле перапісу 1897 года, у Кажушках — 334 жыхары, працавалі школа граматы, хлебазапасны магазін, вятрак. У аднаімённым фальварку — 57 жыхароў. 20 ліпеня 1898 года Артур Горват перадаў права валодання маёнткам Нароўля сыну Эдварду Артуравічу Горвату[21]. У 1909 годзе у вёсцы налічвалася 89 двароў, 667 жыхароў, у аднадворным фальварку — 31 жыхар[28]. На 1913 год маёнтак Нароўля (з фальваркам Кажушкі) складаў 16 678 дзесяцін угоддзяў[29].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Кажушкі ў складзе Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Кажушкаўскі (Кажушкінскі) сельсавет — у Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне тэрыторыі скасаванага Кухнаўшчынскага сельсавета. У 1930 годзе вёска — цэнтр калгаса імя А. Р. Чарвякова, працавалі паравы млын, дзве кузні. З 8 ліпеня 1931 года Кажушкі ў складзе Хойніцкага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Кажушках было 230 двароў, 872 жыхары. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 92 жыхароў[31]. 98 вяскоўцаў загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.
З 8 студзеня 1954 года Кажушкі — у Гомельскай вобласці[32]. У вёсцы, згодна з перапісам 1959 года, налічвалася 869 жыхароў. Цэнтр калгаса імя XXII з'езда КПСС. Дзейнічалі 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.
8 студзеня 1987 года Кажушкаўскі сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Тульгавіцкага сельсавета[33]. На момант скасавання сельсавет налічваў 4 населеныя пункты: вёскі Кажушкі, Навакухнаўшчына, Новапакроўск, Слабада.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.