Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Open Spáce (бел.: Адкрытая прастора[7][8]; [A]) — беларускі брыт-поп, поп-рок і інды-рок гурт з Мінска[2]. Пачаў граць у сярэдзіне нулявых з англамоўным рэпертуарам з невялікай колькасцю беларускамоўных песень[10], але з 2012 года года змяніў мову напісання большасці твораў на рускую[11]. «Поп-рок праект года» на «Рок-каранацыі-2009»[12][13], «Найлепшы рок-выканаўца (калектыў)» на «Нацыянальнай музычнай прэміі-2012»[14][15][16]. З 2006 года гурт выпусціў два паўнавартасных альбома ў дадатак да шэрагу самотнікаў і сінглаў, аднак пасля васьмігадовага перыяду аўтарскай творчасці ператварыўся з большага ў кавер-гурт[17][18][19]. Акрамя таго, з марта 2017 года франтмен гурта Віталь Маціеўскі прасоўвае пабочны сінці-поп дуэт з басістам Андрэем Канаплянікам «Day of Days»[20], таксама з чэрвеня 2018 года ён піша музыку для свайго сольнага электроннага праекта «MATIVI»[21].
Open Space | |
---|---|
Жанры | брыт-поп[1][2][3][4], поп-рок[2][5], софт-рок, інды-рок[2] |
Гады | 2006 — па сённяшні дзень |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Адкуль | Мінск |
Мова песень | англійская, руская, беларуская |
Лэйблы |
West Records Vigma |
Склад |
Віталь Маціеўскі Андрэй Канаплянік Андрэй Малашэнка Арцём Буракін |
Былыя ўдзельнікі |
Максім Мястоўскі Раман Саракалетаў Сева Маслаў |
Іншыя праекты |
«MATIVI», «Day of Days», «Лермонт»[6], «Детский Сад», «Папёнкинz band», «Impatt», «L.I.P.» |
osband.com |
Група ўтварылася ў 2006 годзе пасля выпадковага знаёмства вакаліста-гітарыста Віталя Маціеўскага і басіста Севы Маслава, што марылі стварыць англамоўны рок-гурт, на музычным анлайн-форуме[8][22][23]. Аб’яднаныя любоўю да брыт-попу[24], абодва заснавальніка мелі на той момант музычную адукацыю, а Сева меў досвед удзелу ў іншых гуртах[22]. Дзень першай рэпетыцыі 12 сакавіка стаў афіцыйнай датай нараджэння калектыву[22]. Першы бубнач не падышоў па стылю гульні, а замест першага вядучага гітарыста, што не задаволіў па ўзроўні[22], праз месяц запрашаецца Максім Мястоўскі, які быў знаёмы Севе Маславу, бо раней купляў у яго гітару[23] і з якім быў сыграны першы канцэрт гурта ў палацы культуры «Будаўнік» Салігорска 5 жніўня 2006 года[24]. У верасні да хлопцаў далучаецца вядомы бубнач Андрэй Малашэнка, былы ўдарнік гуртоў «Детский Сад»[25], «Папёнкинz band»[26][27] (па іншым дадзеным «Impatt»[25]), «L.I.P.»[28], які сам ім выпадкова патэлефанаваў, што скончыла фармаванне складу[22].
За першыя паўтары гады існавання «Open Space» дае дзясяткі канцэртаў па Мінску і абзаводзіцца трывалымі прыхільнікамі[29]. Хлопцы факусуюцца на задачы па запісу свайго першага альбома[30]. Дэбютным выдадзеным рэлізам стаў самотнік «Wake Up», які складаўся з шасці кампазіцый[23]. Спачатку музыкі арыентаваліся на пяць трэкаў, але ў апошні момант на міні-альбом увайшла бонусная песня «Today», якая раней нідзе не выконвалася[22]. 13 верасня 2007 года кружэлка была прэзентавана ўжывую аншлагавым канцэртам у мінскім клубе «Графіці»[23], а песні з яе адразу трапляюць у эфір беларускіх радыёстанцый[31].
25 красавіка 2008 года музыкі прадставілі мультымедыйны самотнік «Beautiful» прэм’ерным шоу ў мінскім клубе «Bronx» пры падтрымцы тэатра пластыкі «EYE»[32][33]. На канцэрт трапіла толькі 700 чалавек, яшчэ столькі ж засталося на вуліцы, бо клуб не змог утоўпіць усіх прыхільнікаў[32]. Жывая аудыётрансляцыя канцэрта адбывалася праз «NETradio»[1]. З гэтага часу песні гурта пачынаюць раціраваць на радыё яшчэ больш шчыльна[34]. Восенню на музычныя каналы трапляе першы кліп гурта на кампазіцыю «Beautiful»[35]. У той жа час гурт удзельнічае ў фестывалю «Bandscan», але пасля перамогі ў адборачных турах спыняецца ў паўфінале беларуска-шведскага спаборніцтва, прапусціўшы наперад гурты «Серебряная свадьба», «Hair Peace Salon» і «The Toobes»[36][37][38][39][40][41].
Музычныя актыўнасці гурта за год (выпуск максі-сінгла, аншлагавыя канцэрты ў беларускіх клубах, міні-тур па Украіне) дазволілі яму ўвайсці ў лік «лепшых англамоўных камандаў краіны», па ацэнцы Сяргея Будкіна, заснавальніка «Тузін Гітоў», і намінавацца на «Рок-Каранацыі-2008» па лініі партала як «Адкрыццё года»[42][43], каб у выніку заняць трэцяе месца[44].
У чэрвені 2009 года хлопцы граюць на вялікіх пляцоўках падчас фестываляў «Амбасовішча», які быў праведзены амбасадай ЗША ў Беларусі[45][46], і «Жывы гук ON-line» Піта Паўлава (гэдлайнеры[47])[48][49]. У ліпені гурт з’ездіў у Віцебск, дзе выступіў на нацыянальным адборы да ўкраінскага фестывалю «Jazz Koktebel »[50][51][52]. Таксама гурт адзначыўся і на жнівеньскім фестывалі «Навальніца» ў Лагойску[53], на якім запісваецца канцэртнае музычнае відэа на песню да новага альбома «Stalemate»[54][55]. Пад канец 2009 года бачыць свет першы рэмікс на песню «Beautiful» ад DJ Kavaler, дыджэя, супрацоўніцтва з якім працягнецца і ў будучым[56].
21 снежня 2009 года трапіў на паліцы крам дэбютны поўнафарматны дыск калектыву «Deal With Silence» выдавецтва «West Records», песні да якога назапашаліся на працягу трох гадоў[7], але першымі паслухалі альбом слухачы «Альфа-Радыё », якое праводзіла яго эксклюзіўную радыёпрэзентацыю на працягу другой паловы лістапада[57]. Альбом быў адзначаны ўмерана станоўчай крытыкай у Расіі, але больш рэзкай у Беларусі і Украіне[8][58][59]. «Было непрыемна, але мы гэта перажылі», — трымаў слова ад імя гурта Віталь Маціеўскі ва ўспамінах пра крытычныя шпількі ў ацэнках дэбютніку ад журналістаў[60]. Канцэртная прэзентацыя кружэлкі была здзейснена 25 сакавіка 2010 года ў мінскім клубе «Рэактар» пры падтрымцы клавішніка гурта «J:морс» Дзяніса Варанцова[61][62]. Нягледзячы на дапамогу ў прадзюсіраванні і з аранжыроўкамі і да наступнага альбома гурта ад апошняга, імпрэза застанецца разавым выступленнем «Open Space» квінтэтам[63][64]. 1 лютага гурт даў канцэрт у падтрымку новага альбома ў рамках шоу «Зорны рынг» канала «СТБ»[8].
Выхад кружэлкі не застаўся не заўважаным айчынным рок-істэблішментам: прапанова прыняць удзел у цырымоніі «Рок-каранацыі-2009» абярнулася перамогай ў катэгорыі «Поп-рок праект года»[12][13][65][66]. «Для нас гэта было нечаканасцю, — успамінаў для сайта „Experty.by“ Віталь Маціеўскі і дадаваў: — Хочацца верыць, што гэтая „карона“ за дасягненні, які… аванс?»[59]. Падчас шоу безальтернатыўны пераможца прэзентаваў кавер-версію «Hot n Cold » Кэці Перы[67][68][69]. Незадоўга да імпрэзы гурт выходзіць з-пад пратэкцыі Яна Бусела, саўладальніка клуба «Графіці»[70]. Як зазначыла Таццяна Заміроўская, аглядальнік «БелГазеты», гэта быў сумніўны дыплом, да слова «праект» у намінацыі служыць дурной прыкметай[71]. Адначасова яна напісала і для «Experty.by», што «наогул незразумела, пра што гэты гурт»[72].
29-30 мая 2010 года гурт здымае кліп на песню «Travel Song», вяшчанне якога па тэлебачанні начнецца ўжо летам. «Даволі моцны дэбютны альбом» «Deal With Silence», па словах Аляксандра Чарнухі з газеты «СБ. Беларусь сегодня», дазволіў атрымаць запрашэнне прадставіць Беларусь на фестывалі «Be2gether-2010»[73][74]. «Сапраўды важная падзея для нас. Мы спяваем на англійскай, таму нам вельмі цікава, як будуць успрыняты нашы песні», — казаў перад выездам на выступ за мяжу «Experty.by» басіст Сева Маслаў[75]. Нягледзячы на прамоцыю з бясплатнай раздачай CD з новым альбомам, нумар «Open Space» сабраў не вельмі шмат слухачоў[76][77][78][79]. Відавочцы сведчылі, што віною таму былі жара і ранні пачатак сэту мінакоў[80][81]. У дататак да выступлення ў Літве[82][83] летам гурт прымае ўдзел у польскім фестывалі «Басовішча»[84][85][86][87] і беларускім «Навальніца»[88][89][90]. У кастрычніку гурт удзельнічае ў гродзенскім фестывалі «Три шурупа»[91].
Працу над другім альбомам гурт таксама распачаў у 2010 годзе[58], і першапачаткова яго планавалася выпусціць увесну 2011 года[92][93]. У сярэдзіне жніўня 2010 года паралельна была распачата праца над самотнікам «Let It Go», частка песень з якога будзе перазапіана і для паўнафарматнай кружэлкі[84]. Пасталеўшыя пост-брыт-поперы адзначалі для «Experty.by», што з гэтым дыскам гурт прадоўжыў самаўдасканалівацца ў тэхнічным і творчых вымярэннях, але тыя ж гітарныя партыі для альбома трэба будзе перапісаць[94]. Дыск з EP для бясплатнага распаўсюду на канцэртах бачыць свет 1 снежня 2010 года[95][96].
13 студзеня 2011 года гурт выступае на фестывалю «Бульфэст», на якім была зроблена прамежкавая справаздача працуючых над другой паўнавартаснай кружэлкай музыкаў[97][98][99][100]. На вечарыне Віталь Маціеўскі сказаў Еўрапейскаму радыё для Беларусі, што альбом на 12 трэкаў будзе англамоўным, а яго прэзентацыю трэба чакаць вясною[101]. 23 студзеня выходзіць кліп на «Another War», песню да будучага альбома, які павінен быў выйсці ўжо ў сакавіку[102]. У лютым гурт прымае удзел у мясцовым адборы на фестываль «Emergenza », але спыняецца ў паўфінале[103][104], у сакавіку — грае на маскоўскім фестывалі «Metro On Stage-2011»[105].
Па выніках святкавання пяцігоддзя творчай дзейнасці для партала «TUT.BY» было адзначана, што праца над маючым адбыцца другім альбомам, на які ўжо назапашана і запісана з тузін песень, будзе працягнута і, замест першапачатковага акна ў красавіку, кружэлку трэба чакаць у верасні 2011 года[106]. Максім Мястоўскі тлумачыў: «Насамрэч, мы яго ўжо запісалі. Але прыйдзецца перапісаць усе песні нанова»; Віталь Матіеўскі дадаў: «Мы не будзем выпускаць альбом у красавіку, як планавалі. Мы вырашылі зрабіць паўзу і папрацаваць над якасцю запісу»[107].
На Сусветны дзень народанасельніцтва гурт даў анлайн-канцэрт на «TUT.BY», дзе прэзентаваў у тым ліку некалькі новых песеньь, якія ўвайдуць у будучы альбом: «I Need», «Do You Remember» «Black Heart Queen»[108]. Хлопцы абышлі многія беларускія студыі з праектам загалоўнага сінгла «Bookseller», але якасць гука, якую маглі прапанаваць мясцовыя пляцоўкі, музыкаў не задаволіла, што замарудзіла запіс усёй кружэлкі, «прынцыпова вышэйшы па ўзроўню» гук песеньь для якой быў здабыты ў кіеўскай студыі Змітра Іванея[109]. 9 жніўня 2011 года гурт выдае самотнік «Bookseller», на які трапілі некалькі песеньь, якія рыхтаваліся да новага альбома, запланаванага да прэм’еры на восень[110]. У яго запісу хлопцам дапамаглі DJ Kavaler, Зміцер Іваней і Дзяніс Варанцоў[111].
Назвы абодвух EP былі працоўнымі назвамі будучага альбома, але ў выніку не былі выкарыстаны, каб не путаць з ім[112][113]. У час паміж запісам кампазіцый да яго музыкі былі адабраны разагрэць гурт «Hurts» перад яго канцэртам у мінскім Палацы спорту 11 кастрычніка[114][115][116]. Падчас выступлення «Open Space» сыграў і новыя творы да будучага альбома[117][118][119].
Графік выпуску альбома быў удакладнены агенцтвам «БелаПАН» яго трэйлерам у лютым 2012 года: кружэлка на 11 трэкаў, запісаных у супрацоўніцтве з украінскім гукапрадзюсарам Змітром Іванеем, вядомым па працы з Ані Лорак і «Океан Ельзи», «Pressure» будзе прадстаўлена ў канцэртным фармаце 22 сакавіка[120]. Вольная спампоўка з сайта калектыву стала даступна на тыдзень раней, у той час як людзі і іх стасункі ў розных сітуацыях і на розных узроўнях сталі фабулай альбома[121][122]. Для прасоўвання новых твораў у пачатку сакавіка выходзіць кліп на «Yeah Yeah Yeah», зняты Якавам Юравіцкім, рэжысёрам апошняга кліпа «Travel Song»[123], а яшчэ да выхаду кружэлкі на лэйбле «Vigma»[124] мінскія радыёстанцыі прынімаюцца раціравать кампазіцыі з яе[125][126].
14 сакавіка гурт праводзіць прэзентацыю дыска на «TUT.BY», у эфіры партала выканаўшы некалькі песень з яго, а таксама напеў і першы беларускаўмоўны твор «Гэта няпроста»[127][128]. 22 сакавіка была здейснена буйная прэзентацыя альбома ў мінскім клубе «Re:Public» пры падтрымцы дыджэя Каці Пытлевай[129][130][131][132]. Падчас англамоўнага выступлення гурт выканаў песні з альбома, творы мінулых гадоў і шэраг кавер-версій, але апошнія карэспандэты Еўрапейскага радыё для Беларусі ацанілі залішнімі[129][130]. «Hair Peace Salon» павіншаваў сяброў-інды-рокераў[133].
Трохмоўны сінгл «Do You Remember» у падтрымку альбома і супрацоўніцтва з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва, запісаны ў студыі Змітра Іванея, выходзіць 20 красавіка 2012 года[134]. Першая беларускамоўная песня гурта з сінгла «Гэта няпроста» неўзабаве становіцца саўндтрэкам да фільма «Арт Сядзіба: ад ідэі да падзеі»[135].
2 чэрвеня 2012 года гурт грае на фестывалі «Рок за Бобров»[136][137][138]. 23 чэрвеня ён другі раз выступіў с канцэртам на «Зорным рынгу» «СТБ»[10]. 28 ліпеня рокеры прынялі ўдзел у буйным канцэрце на Дзень горада Брэста[139]. У тэлевізійны сезон гурт быў куратарам на шоу «руск.: Поющие города» «СТБ»[140][141]. Музыкальна-сацыяльныя актыўнасці за 2012 год дазволілі «Open Space» атрымаць узнагароду як «Найлепшы рок-выканаўца (калектыў)» ад журы «Нацыянальнай музычнай прэміі»[142][143]. У рамках узнагароднага шоу ў баранавіцкім Лядовым палацы гурт выканаў радыёхіт «Гэта няпроста»[144].
У пачатку 2013 года ў гурце першы раз змяняецца склад: замест Максіма Мястоўскага месца гітарыста займае Раман Саракалетаў з гурта «Лермонт»[145]. «Open Space» у сакавіку прымае ўдзел у форуме «PR-кветка-2013»[146]. 15 чэрвеня 2013 года гурт зноў адыграў на «Року за Бобров»[147][148]. Трэці альбом першапачаткова планаваўся на восень[149], але замест яго восенню выходзіць толькі кліп на новую песню «Моя радость», які замацоўвае зрух гурта ў бок рускай мовы выканання[150]. У другой палове года ў гурт уваходзіць новы гітарыст: Арцём Буракін змяняе Рамана Саракалетава[2].
Вясною 2014 года выходзіць кінастужка «руск.: Бобруйск – Дакар», на саудтрэк да якой быў адабраны спеў «Travel Song»[151][152][153]. У той жа час гурт падтрымаў прыязны калектыў «Лермонт»[154], дзе граў Раман Саракалетаў, у яго туры па Беларусі[155].
10 верасня 2014 года гурт выдае сінгл «Танцуй» і ў каментары для Еўрапейскага радыё для Беларусі Віталь Маціеўскі кажа, што поўнафарматнага альбома трэба будзе пачакаць, а пакуль калектыў будзе выдаваць песні паштучна[156][157]. У лістападзе 2014 года гурт быў выбраны для разагрэву гурта «OneRepublic», выступіўшы перад яго канцэртам у мінскім Палацы спорту[158][159][160].
З восені 2014 года музыкі «Open Space» у сваім рэпертуары вырашылі перайсці з большага на выкананне сусветных хітоў, ператварыўшыся у кавер-гурт[161]; «Вядома, большасць прыхільнікаў не радуе такі паварот падзей, але мы дарослыя людзі і ўсведамляем, што робім. Тое, што здарылася, было неабходна, каб гурт існаваў далей. У нейкі момант мы зноў вернемся да сваёй творчасці, але гэта будуць больш адукаваныя і абдуманыя крокі», — па гарачых слядах аргументаваў Віталь Маціеўскі часопісу «Большой» летам 2015 года[162]. «У нашых рэаліях гэта добрае выйсце: на музычным рынку Беларусі кавер-версіі значна больш каціруюцца, чым уласныя песні, — ён жа дадаткова патлумачыць змену курса ў 2018 годзе для „СБ. Беларусь сегодня“[19] і разгарне думку телеканалу „Мір “: — Значна цікавей запрасіць на мерапрыемства гурт, які спявае песні, якія ўсім вядомыя»[163].
На працягу другой паловы 2015 года «Open Space» прымае ўдзел у серыі канцэртаў у межах конкурса кавер-гуртоў «Cover King»[164][165]. Паспяхова адыграў адборачныя туры, па выніках ацэнак журы і галасавання гледачоў гурт займае першае месца і ў фінале спаборніцтва, у якім прынялі ўдзел 40 айчынных ансамбляў, у лютым 2016 года[164][165].
У красавіку 2017 года былы гурт Андрэя Малашэнка «Папёнкинz band» вяртаецца на сцэну разам з ім, але бубнач склад «Open Space» не пакідае, грае ў абодвух паралельна[166][167].
У пачатку лета 2018 года Віталь Маціеўскі прадставіў публіцы свой англамоўны сольны электронны праект «MATIVI», і, як было сказана на радыё «Мінская хваля», новы гурт будзе медыумам для аўтарскай творчасці і будзе існаваць паралельна з «Open Space»[168].
25 жніўня 2018 года гурт прыняў удзел у мінскім фестывалі «Хмельнов Fest»[169].
Супрацоўнікі Еўрапейскага радыё для Беларусі ў 2010 годзе адзначалі, што ў эфіры гурт часта блытаюць з «Hair Peace Salon» ды «Coldplay»[170]. Падчас этапу ранішняй творчасці «Open Space» па выніках сумеснага канцэрта таксама з брыт-рокерамі «Milque Twins», «Hair Peace Salon», «Jitters» восенню 2006 года аглядальнік «Музыкальнай газеты» Слэп адзначаў: «У музыцы адчувалася занадта моцная перадазоўка „Coldplay“. З той толькі розніцай, што ў „Open Space“ усё прасцей, прымітыўней, не так прыгожа і не чапляе. Перанятай выявілася толькі музычная форма, але без напаўнення сваімі асабістымі ідэямі ды пачуццямі»[171]. Праз год Master Shablonov у справаздачы з вечарыны «Brit Rock Party» для сайта «xlam.by» наадварот пахваліў гурт «меланхалічнага брыт-рока», у тым ліку за кранаючыя каверы «Coldplay»[172]. Трыб’ют «Coldplay» у 2013 годзе з уделам гэдлайнераў «Open Space», часткі «Hair Peace Salon» ды іншых артыстаў відавочцы апісвалі стрымана, таму што прагучала мала кавераў ад першых[173].
Павел Чэк Калодкін ад Задзіночання беларускіх студэнтаў у справаздачы з «Рока за Бобров-2012» прыпісаў музыкаў да плыні «гламурнага рока» і заўважыў, што кампазіцыі, што яны граюць, «даўно ўжо сыграны і прыдуманы не імі»[174]. У рэцэнзіі самотніка 2007 года «Wake Up» Алена «Aresha» Сабалеўская з музычнага партала «LiveSound.by» пісала: «Ствараецца ўражанне, што слухаеш замежны гурт: добрая англійская, саўнд у духу брытанскіх рокераў (або попераў). Дужа пазнаецца ўплыў такіх калектываў, як „Travis “, „Coldplay“, „Muse “»[175]. Знаёмства с першым альбомам Рамунаса Зілніса, музычнага аглядальніка літоўскай газеты «Lietuvos rytas », дазволіла яму характэрызаваць гурт як гібрыд паміж «Coldplay», «Franz Ferdinand » і «The Kooks »[176].
У рэцензіі на зборнік «LiveSound. Made in Belarus» «LiveSound.by» на прыкладзе песні «Beautiful» атаясамліваў творчасць гурта з брыт-поп-рокам[177]. «Музыку „Open Space“ можна ахарактарызаваць як брыт-поп. Лёгка адгадваюцца ноткі і лейтматыў „Radiohead“, „Muse“, „Coldplay“», — канцэртныя аглядальнікі сайта «relax.by» Валерыя Андрыянава і Вера Шабан пісалі па выніках прэзентацыі максі-сінгла «Beautiful» у 2008 годзе[1]. Пасля наведвання аднаго з сумесных канцэртаў беларускіх брыт-рокераў восенню 2007 года Кацярына «Fobia_L» Асіпчык з «LiveSound.by» ахарактарызавала гук гурта, які граў «вельмі роўна, сыграна, акуратна і нават прафесійна», як мяккі брыт-поп, але і стала сведкай праблемы балансу, бо было «сумна»[178].
Пра «якасны брыт-рок з еўрапейскім саўндам» на прыкладзе шоу ў падтрымку выхаду максі-сінгла «Beautiful» перадавала Кацярына Богнат, канцэртны аглядальнік «БелаПАН», у красавіку 2008 года[33]. На наступны год Андрэй Чарніцкі, заснавальнік «LiveSound.by», у артыкуле пра студзеньскі трыб’ют «U2» залічыў брыт-рок калектыў у шэраг гуртоў, якія «заслужана занялі сваё месца ў сталічным мэйнстрыме»[179]. «Упэўнены і якасны мэйнстрым», — падобным быў і вердыкт Юліі Каламіец, рэдактара украінскага сайта «Rock.kiev.ua», у 2013 годзе[180].
«Завадныя песні, разлічаныя на шырокага слухача, якія чапляюцца, — пісала пра гурт у 2007 годзе на фоне іх выступлення разам з брыт-поп гуртом „Hair Peace Salon“ Алена „Aresha“ Сабалеўская з „LiveSound.by“ і дадавала ў параўнальным аналізе брыт-рокераў: — Кожная кампазіцыя падобная на папярэднюю запамінальным танцавальным рытмам, упрыгожаным цяжкімі гітарамі»[181]. «„Open Space“ — вельмі моцная група. Выдатна гуляюць хлопцы і будуць гуляць вельмі доўга», — яна ж прарочыла і вялікі шлях гурту яшчэ ў 2007 годзе[182]. Пра «ўпэўнены, трохі цяжкаваты» і далікатны выступ на «Bandscan» рамантычных калег «Hair Peace Salon» «па музычнаму кадастру» пісаў праз год Gooffy для «xlam.by»[183].
Музычны рэдактар радыёстанцыі «Unistar » Аляксандр Ажынскі казаў Еўрапейскаму радыё для Беларусі ў 2009 годзе, што англамоўны рок «Open Space» часта грае на яе хвалях, бо станцыя «аддае перавагу якаснай папулярнай музыцы», цікавай дарослым[184][185]. Шэф-рэдактар радыёстанцыі «Альфа-Радыё » Андрэй Халадзінскі ў 2012 годзе сведчыў, што песні гурта ёсць поп-музыка тагачаснасці для дарослых, фармат, які круцяць на ёй[186]. Дар’я Амяльковіч, аглядальнік газеты «Культура», таксама прылічвала найлепшы рок-гурт па выніках «Нацыянальнай музычнай прэміі» ў тым жа годзе да рока «вельмі ўмоўна»[187], хаця пасля прагляду цырымоніі ўручэння ўзнагародаў Аляксандр Чарнуха з сайта «Ultra-music.com» кантраставаў, бо гэта былі ўсё ж такі «сапраўдныя рокеры», якія толькі блага пяюць пад фанаграмму[188].
Выступленне гурта на святочным канцэрце ў Брэсце ў 2012 годзе Алеся Хведчэня для «Віртуальнага Брэста» ахарактарызавала як «якасны поп-рок» з англійскімі матывамі[5]. Віталь Драздоў, кіраўнік «Хіт FM » і іншых украінскіх радыёстанцый, праз год вызначаў стыль калектыву як «поп-рок „з чалавечым тварам“»[189]. Зміцер Падбярэзскі, музычны аглядальнік сайта «ej.by», у 2012 годзе звярнуў увагу на англамоўныя песні, тагачасны творчы прынцып калектыву, і выказаў думку, што «Open Space» цалкам могуць скласці канкурэнцыю сваім англамоўным западным калегам на хвалях «распешчаных дзяржаўным рэгуляваннем» радыёстанцый Беларусі[190].
Самі ўдзельнікі «Open Space» называюць сваю музыку «англамоўным рокам», адасабляя яе ад жанравых азначэнняў[8][22]. «„Бітлоўскі“ стыль нас вельмі задавальняе», — казаў Віталь Маціеўскі ў размове з карэспандэнтам «Народнай газеты» ў 2010 годзе[191].
Ужо ў пачатку вясны 2007 года ў размове з «БелГазетай» антрэпрэнёр Ян Бусел адзначыў прагрэс маладога брыт-рок гурта[192]. Праз год па выніках красавіковай прэзентацыі самотніка «Beautiful» Кацярына Богнат з «БелаПАН» хораша ацаніла рост гурта, у творчасці ягога «поўныя драйву песні пераплятаюцца з рамантычнымі баладамі пра каханне, а ў лірыцы дамінуе заклік „будзь шчаслівы“» і які «знайшоў свайго прадзюсара (а ў нас іх мала), пайшоў у ратацыю на радыё, стаў гуляць не толькі для сяброў»[33]. У маі 2008 года Алена «Aresha» Сабалеўская засведчыла далейшае ўдасканальванне артыстаў, іх «бездакорны прафесіяналізм» і цікавыя мелодыі[193]. Дар’я Казлова з газеты «Переходный возраст » ў заметцы з нагоды выхаду альбома «Deal With Silence» напісала, што дыск «атрымаўся адточаным і прафесійным»[194].
«У іх песьнях прысутнічае каханне і космас, інтрыга і іронія», — Валерыя Андрыянава і Вера Шабан з «relax.by» апісалі тэматыку твораў гурта па выніках прэзентацыі максі-сінгла «Beautiful» у 2008 годзе[1]. Сяргей Маліноўскі, галоўны рэдактар газеты «Антенна», успамінаў, што альбомам «Deal With Silence» «хлопцы прыемна здзівілі меладычнасцю, запамінальнымі вясёлымі мелодыямі і еўрапейскасцю»[195]. Зміцер Падбярэзскі па выніках праслухоўвання альбома «Pressure» адзначаў «відавочную наяўнасць меладычнага і кампазіцыйнага мыслення», якая ўзмацняецца сыгранасцю музыкаў[190].
Гурт «Дзецідзяцей» шанаваў «Open Space», бо ён грае «добрую музыку»[196]. Гурт «Барто » адазваўся пра сваіх супернікаў па «Зорнаму рынгу» «СТБ» словамі «цудоўныя, сімпатычныя хлопцы»[197].
Заснавальнік «Ultra-music.com» Віталь Радзівонаў у сваім запісу з фэсту «Жывы Гук ON-line» летам 2009 года папракнуў «Open Space» за нуднасць канцэртнай праграммы, паставіў яму ў прыклад гурт «The Toobes»[198]. Аўтар газеты «Новы Час» Анатоль Мяльгуй у справаздачы з «Амбасовішча» таго ж года пашчуваў гурт, музыкаў якога «Бог талентам не абдзяліў», за эксплуатацыю правінцыялізма «як у музычнай, так і ў моўнай сферах»[199]. Праз год на «Басовішчы» Сямён Печанко, журналіст «Нашай Нівы», разгледзеў рысы «зорнай» хваробы ў Віталя Маціеўскага, што зганьбіўся «дурнаватымі жартамі з беларускай ды польскай мовы»[200], але яго сведчанне кантраставала з ацэнкай Ілоны Карпюк з газеты «Ніва», якая стала сведкай «зусім якаснага» выступлення, падмацаванага дуэтам з сяброўскім гуртом «Akute» па-беларуску, што стала «адным з самых прыемных момантаў» імпрэзы[201]. Станам на 2012 год музычны крытык Таццяна Заміроўская разважала, што гурт усё ж такі не «зорны», бо яго мала паказваюць па тэлебачанні[202].
Па выніках выступлення на імпрэзе «NightLoveDance» у лютым 2008 года «Музыкальная газета» пісала пра «перспектыўны рок-гурт, які грае англамоўны поп-рок»[203]. Гедрус Клімкявічус, арганізатар «Be2gether», так аргументваў запрашэнне музыкаў гурта выступіць на фестывалі ў 2010 годзе: «Яны яшчэ знаходзяцца на пачатку шляху, але мы бачым у іх патэнцыял»[204][205]. Туравала яму Маша Лагодзіч з Еўрапейскага радыё для Беларусі, калі праводзіла «маладых ды перспектыўных» музыкаў на «Be2gether» і «Басовішча» таго ж года[206][207].
Сяргей Філімонаў, аўтар тэлевізійнай праграмы «Відзьмо-невідзьмо», на рубяжы 2012—2013 гадоў узважваў «няроўную» барацьбу за ўзнагароды на айчыннай рок-сцэне паміж «Akute» і «Open Space»[208]; яны жа сутыкаліся летам 2012 года на разагрэву гурта «Би-2» на фестывалі «Smart People» у Магілёве, дзе «Open Space», па сведках відавочцаў, пацешыў магіляўчан «прыгожым гітарным рок-н-ролам на добрай англійскай мове»[209]. Камітэт карэспандэнтаў Еўрапейскага радыё для Беларусі на чале з Ленай Сыдозай, які даваў справаздачу з «Басовішча» ў 2010 годзе, паведамляў пра «вельмі прыгожых» «Open Space»[210].
Алег Клімаў як калумніст «БелаПАН» апісваў Віталя Маціеўскага як «дастойную асобу»[211]. Ён жа ўжо як аўтар «СБ. Беларусь сегодня» у 2012 годзе адзначыў, што гурт развіваецца і з часу выхада альбома «Pressure» не толькі «маладзенькія паненкі», але ўжо і юнакі «знойдуць у кампазіцыях ансамбля нямала цікавага»[212]. «„Open Space“ можна назваць самым развіваючымся [гуртом]», — пісала Любоў Гаврылюк з сайта «tio.by» за год да таго[98].
«Камсамольская праўда ў Беларусі» праз прызму кружэлкі «Beautiful» ацаніла «зусім гладкі еўрапейскі саўнд» ад, «цяжка паверыць», хлопцаў, якія жывуць і працуюць у Мінску[213]. У 2010 годзе Марына Весялуха з газеты «Літаратура і мастацтва» абагуліла ацэнкі англамоўнага гурта, пра які кажуць «ніколі б не падумаў, што яны беларусы», і якога выдзяляе «вытанчанасць, стыль, еўрапейскае гучанне песень, простыя, на першы погляд, мелодыі і словы»[58].
Франтмен «Мумій Троля » Ілля Лагуценка ў 2015 годзе адзначыў калектыў за добры кавер на адну з песень яго гурта[214]. Юлія Паддубіцкая з газеты «Гомельская праўда» запрашала на рокавы канцэрт «цудоўнага кавер-бэнда» ў 2016 годзе[215].
На пытанне Волі Кузьміч ад Задзіночання беларускіх студэнтаў на прэзентацыі самотніка «Wake Up» пра выбар англійскай мовы для спеваў Максім Мястоўскі аргуметаваў, што яе «зараз ужо кожны другі школьнік добра ведае», а Віталь Маціеўскі патлумачыў, што яны спяваюць так, як ім падабаецца[23]. Яны ж дагэтуль адказвалі Кацярыне Саковіч з «Музыкальнай газеты», што гэтая мова інтэрнацыянальная і простая для ўспрымання да і спеў на ёй будзе спрыяць выхаду на Еўропу[24]. «Нам проста захацелася спяваць менавіта на гэтай мове», — казалі артысты «TUT.BY»[57]. Нягледзячы на тое, што «песні на англійскай — складаная тэма для былога СССР», для Максіма Мястоўскага, як і для яго кампаньёнаў, гэта была справа прынцыпу: рабіць тое, што падабаецца[128].
Падчас здымак канцэрта-фільма «Жывы Гук ON-line» у жніўні 2009 года Міра Шульц і Аляксандр «Tarantino» Ждановіч, карэспандэнты Еўрапейскага радыё для Беларусі, паслухалі канцэртную праграму гурта, адыграную на англійскай мове «быццам на роднай», нягледзячы на тое, што замежнай мовай валодалі не ўсе ўдзельнікі[216]. Латвійскі музычны крытык Яніс Стундыньш на прыкладзе альбома «Deal With Silence» канстатаваў «цярпімае» вымаўленне, але перасцерагаў, што яно «ў будучыні можа і ўскладніць ўспрыманне»: «англійская [мова] — гэта не толькі стыль, але і інструмент камунікацыі»[217]. Таццяна Заміроўская на старонках «БелГазеты» ставіла пад сумнеў вывад выкладчыка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта аб добрай англійскай «Open Space», чуя недахопы[218].
«Я выдатна разумею, што ёсць над чым працаваць, і пастаянна ўдасканальваю сваю англійскую», — дзяліўся навінамі «Experty.by» вясною 2010 года вакаліст Віталь Маціеўскі, які вывучаў мову ў школе, ВНУ і з рэпетытарамі[59]. На моўнае пытанне ад гледачоў «СТБ» у пачатку 2010 года ўдзельнікі сведчылі, што пець «на англійскай цяжэй», у той час як «на беларускай было б добра і лёгка, на рускай было б яшчэ лягчэй»[8]. Марына Весялуха з «Літаратуры і мастацтва» летам 2010 года атрымала бадзёрыя адказы «чужых сярод сваіх»: Віталя Маціеўскага, які выказаў гіпотэзу, «што ў Беларусі можна выконваць якасныя песні па-англійску і быць адэкватна ацэненымі», і Максіма Мястоўскага, якому падабалася «пісаць і спяваць песні на англійскай мове», не зважаючы на пэўную крытыку[58].
У той жа час Віталь Маціеўскі разгортваў тэму і для «СБ. Беларусь сегодня» на пытанне Аляксандра Ружачкі і Валянціна Пяпяляева такім манерам, што гурт проста пяе «на любімай мове выканання — англійскай»: «Адсюль, можа, ідзе і нейкае непрыманне. Маўляў, „зноў на англійскай?“ А мы пра гэта нават не задумваліся. Мы ж у дзяцінстве слухалі „ABBA“, „Beatles“… Што мы тады разумелі ў іх тэкстах? Проста слухалі сэрцам»; так што, «калі кагосьці раздражняе англійская, зайдзіце на наш сайт, перакладзіце тэксты песень і ўсё зразумееце. А мы ўжо будзем рыхтаваць матэрыял для наступнага англамоўнага альбома»[60].
У размове з Вольгай Пруднікавай з «БелаПАН» з нагоды выхаду поўнасцю англамоўнага альбома «Pressure» Віталь Маціеўскі апавядаў: «Другі альбом мы вырашылі пакінуць у традыцыях каманды і зрабіць таксама англамоўным. Але раз ужо мы жывем у рускамоўнай краіне, то вырашылі пачаць рабіць і песні на рускай і беларускай мовах. Ужо гатовая і ў бліжэйшы час выйдзе песня „Do You Remember“ на трох мовах: англійскай, рускай і беларускай. Таксама на стадыі звядзення знаходзіцца яшчэ адна кампазіцыя „I Want You To Know“ з новага альбома, яна будзе прадстаўлена таксама на рускай мове»[219].
Сакавіковая прэзентацыя альбома «Deal With Silence» у 2010 годзе, на якую сабралося няшмат слухачоў, трохі падарвала ўпэўненасць удзельнікаў у першапачатковым выбары замежнай мовы для спеваў і заставіла іх сур’ёзна задумацца над тым, каб заспяваць па-руску[63][64]. Віталь Маціеўскі адказваў Еўрапейскаму радыё для Беларусі увесну таго ж года, што, так як грамадства ў рускамоўнай краіне «патрабуе зразумелага маўлення», няхай і самі музыкі «жадаюць выконваць песні на англійскай», гурт пачаў рабіць першыя дэма-запісы песень на рускай мове на яго ж тэксты[170]. Праз два гады рыторыка франтмена радыё не змянілася: «Мы выдатна разумеем, што ўсё ж мы знаходзімся ў рускамоўнай краіне. І трэба рабіць, хутчэй за ўсё, такую музыку, каб быць папулярнай мэйнстрымавай камандай»[112][113].
«Даўно хацелася паэксперыментаваць з рускай і беларускай мовамі, але проста не хапала добрай нагоды, каб прарабіць такую працу», — Віталь Маціеўскі распавядаў «БелаПАН» пра сінгл «Do You Remember», на якім дагэтуль выключна англамоўны гурт пераспяваў сваю аднайменную песню на рускай і беларускай мовах на словы Алены Ярмаловіч і Алеся Камоцкага адпаведна[220]. «Беларуская мова больш меладычная, таму складаней было праспяваць рускі варыянт песні, — апавёў у размове наконт моўнага пытання з карэспандэнтам партала „Памяркоўны Гук“ Валерыяй Аксакавай вакаліст у красавіку 2012 года і дадаў: — У бліжэйшых планах мы яшчэ паспрабуем зрабіць пару песень на рускай мове»[221].
Далей гурт выклаў яшчэ некалькі песень з альбома «Pressure» па-руску, якія былі ўспрыняты крытычна, але музыкі па словах Віталя Маціеўскага Валерыі Аксакавай для сайта «musecube» у сакавіку 2013 года, толькі ўпэўніліся ў мінулай рыторыцы: «Яшчэ нямала часу пройдзе, каб цяперашнія прыхільнікі прывыклі да рускамоўнага „Open Space“, але гэта наш абдуманы выбар. Выбар, каб рухацца далей»[222]. У размове з Мірай Шульц з Еўрапейскага радыё для Беларусі з нагоды выхаду рускамоўнага сінгла «Танцуй» у верасні 2014 года франтмен даў зразумець, што новых англамоўных песень ад гурта можна не чакаць: «Мы ўсё гэтак жа засталіся вернымі самі сабе і працягваем выконваць песні на рускай мове. Для нас гэта новы этап, і ён нам цікавы, нават калі не ўсім гэта падабаецца»[156][157].
На пытанне Юрыя Мысліцкага з клецкай газеты «Да новых перамог», чаму англамоўны гурт змяніў мову спеваў з цягам часу, Віталь Маціеўскі ў 2015 годзе распавёў так: «Нам было каля 20-ці. Мы выраслі на англамоўнай музыцы. Гэта было стыльна, модна, маладзёжна. Пазней зразумелі, што мова ўсё ж мае важкае значэнне. І славянскі народ мае патрэбу ў разуменні тэкстаў, сэнсу і г.д.»[2].
У канцы 2010 года гурт дае некалькі канцэртаў па Беларусі ў падтрымку кампаніі Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь супраць хатняга гвалту[223]. У развіццё справы ў 2011—2012 гадах музыкі «Open Space» супрацоўнічаюць з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва ў рамках моладзевай праграмы «Y-peer», прапагандуючы адказнае стаўленне да свайго здароўя (у тым ліку як засцерагчыся ад ВІЧ/СНІДу, наркотыкаў) на Беларусі[224]. У дадатак да удзелу ў навучальных семінарах у межах пагаднення гурт 20 красавіка 2012 года выдаў тэматычны максі-сінгл «Do You Remember», дзе на беларускай, рускай і англійскай мовах прыцягнуў увагу да актуальных праблем народанасельніцтва планеты Зямля[220]. У маі таго ж года гурт ударыў канцэртным аўтапрабегам па раённых гарадах Беларусі ў гонар Дня памяці памерлых ад СНІДу[225][226][227].
Віталь Маціеўскі ў чэрвені 2012 года быў прызнаны валанцёрам месяца сеткі «Y-peer» за «вялікую колькасць трэнінгаў і ўдзел у рэспубліканскім аўтамарафоне Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА»[228][229]. У 2014 годзе ён жа атрымаў і залаты медаль ад Асацыяцыі[230]. Франтмен ва успамінах для «Ultra-music.com» скажа, што гурт падтрымаў прапанову супрацоўніцтва ад структур ААН, бо «ў Беларусі раней такога не было» ды «прыемна ездзіць з канцэртамі, нацэленымі на добрыя справы»[231]. Тым не менш прапаганда негатыўнага стаўлення да абортаў з яго вуснаў атрымала і спрэчныя водгукі на прыкладзе выступлення ў лагеры «Зубраня » ў 2013 годзе[232].
Дабрачыннасць музыкаў адзначала Анастасія Перахадовіч з «Вячэрняга Гродна»[233].
Спачатку група не мела назвы: хлопцы проста рэпетавалі і прыдумлялі песні, не задаючыся пытаннем, як сябе назваць[57]. Калі накапілася трохі песень, настала пара мазгавога штурму[57]. Згода наконт назвы гурта была дасягнута не адразу: з паўгода ўдзельнікі не маглі прыйсці да адзінагалоснай думкі, але ў выніку спрэчак найменне «Open Space» здалося ўсім «самым прыдатным»[2]. Гэта словазлучэнне, па словах музыкаў, сімвалізуе свабодны палёт фантазіі ў іх творчасці[57].
|
|
|
{{cite journal}}
: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка){{cite journal}}
: Папярэджанні CS1: date і year (спасылка){{cite AV media}}
: Невядомы параметр |date2=
ігнараваны (даведка); Пададзена больш чым адно значэнне author-name-list parameters specified (даведка){{cite AV media}}
: Невядомы параметр |date2=
ігнараваны (даведка); Пададзена больш чым адно значэнне author-name-list parameters specified (даведка) Архіўная копія . Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2020. Праверана 20 сакавіка 2020.{{cite journal}}
: Неадпаведнасць часу ў |archive-date=
/ |archive-url=
; прапануецца 2018-10-25 (даведка)Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.