беларускі гурт з Мінска From Wikipedia, the free encyclopedia
«Jitters» (бел.: «Спалох», «Джытэр», «Фанаты рок-музыкі»[upper-alpha 1]; трансліт.: «Джытэрс»[11]) — рок-гурт з Мінска, які граў у асноўным рок-н-рол і пастграндж, адзін з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-року свайго часу[12][13]. Яго першапачатковы склад быў сфарміраваны ў 1998 годзе, калектыў выдаў поўнафарматны альбом «Split Before, Together Now» (разам з «Hair Peace Salon»), а таксама некалькі EP[14]. У 2007 годзе музыканты прыпынілі сумесную творчасць і ўліліся ў іншыя гурты: Канстанцін Карман — у «Hair Peace Salon»[15], Іван Барзенка[16] і Павел Кудрын — у «Без Билета»[17].
Jitters | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | рок-н-рол[1][2], альтэрнатыўны рок[3], пастграндж[4][5], брыт-рок[2][6][7], брыт-поп[8][9] |
Гады | 1998–2007 |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Адкуль | Мінск |
Мова песень | англійская |
Лэйбл | West Records |
Склад |
Канстанцін Карман Сяргей Кандраценка Іван Барзенка Павел Кудрын |
Былыя ўдзельнікі |
Яўген Вяль Алег Вяль Артур Лучкоў |
Іншыя праекты |
«Без Билета», «Hair Peace Salon», «Bristeil», «Helaiv», «Rosary», «Port Mone», «Usplёsk», «Paparis», «Маркі», «КонтраБанда», «Па Глазам», «The Bruised Trouveres», «Крамбамбуля» |
Гурт «Jitters» быў заснаваны ў Мінску ў 1998 годзе школьнымі сябрамі Канстанцінам Карманам, Яўгенам Вялем і Сяргеем Кандраценка[18]. Натхнёныя творчасцю сусветна вядомых англамоўных альтэрнатыўных і грандж гуртоў «Soundgarden», «The Smashing Pumpkins », «Pearl Jam», «Alice in Chains», «Nirvana», «Mudhoney » хлопцы набылі свае першыя музычныя інструменты і вырашылі таксама навучыцца граць меладычны і ўрачыста-псіхадэлічны рок[5][19].
Першае выступленне «Jitters» адбылося ў мінскім клубе «Альтэрнатыва» (пасля перайменаваны ў «А-клуб»[20]) у 1999 годзе[5]. Недахопы выканаўчага майстэрства (а хлопцы з музычнага боку пачыналі практычна з нуля) напачатку ўдзельнікі кампенсавалі энергетыкай[21]. На дэбютны рэкламны CD «Jitters» трапілі дзве англамоўныя кампазіцыі «Floating Light» і «Consumed» і, як адзначыў Алег «О’К» Клімаў з «Музыкальнай газеты» ў сваім аглядным артыкуле, песні былі напісаны новымі рамантыкамі, якія адхварэлі брыт-попам[19][22].
Той апублікаваны водгук шэф-рэдактара быў хутчэй пасрэдны («трэба працаваць, ёсць над чым»)[22]; тым не менш, дзякуючы першай пласцінцы ў 2001 годзе гурт быў запрошаны да ўдзелу ў Рэспубліканскім музычным фестывалі «Рок-кола» ў Наваполацку, дзе атрымаў спецыяльна прысуджаны ім дадатковы чацвёрты дыплом лаўрэата[23]. Відавочцы памятаюць іх захапляльнае выступленне на гарадскім свяце ў 2002 годзе: сцэна на праспекце Скарыны насупраць КДБ і гучныя спевы «Pick me up» (англ.: «Затрымайце мяне») у яго вокны[5].
На наступны год «Jitters» амаль разышліся, так як трыа пакінуў барабаншчык Яўген Вяль, які эміграваў, а Канстанцін Карман пачаў граць на бас-гітары ў гурце «Маркі»[5]. Паўза ў творчасці «Jitters» працягвалася каля паўгода, але потым калектыў сабраўся ізноў і ў абноўленым складзе[5].
У 2003 музычны год «Jitters» уступіў як квартэт: да заснавальнікаў Канстанціна і Сяргея далучыліся гітарыст і бэк-вакаліст Алег Вяль і барабаншчык Артур Лучкоў з вельмі блізкага да трыа гурта[24][25]. Абодва музыканты тады адначасова гралі і ў мінскім інды-рок і брыт-поп гурце «Hair Peace Salon»[26], што пакінула свой істотны след на гучанні «Jitters»[27].
З прыходам Алега ды Артура музыка змянілася, і гэта ўжо можна было адчуць па новаму матэрыялу, які дазволіў атрымаць першы прыз у намінацыі «Рок-музыка» на фестывалі «Piirideta Muusika» (эст.: «Музыка без межаў»), што прайшоў у горадзе Нарва (Эстонія) у чэрвені 2004 года, на якім выступіў і «Hair Peace Salon»[2][28]. У ліпені таго ж года гурт паспяхова ўдзельнічае з рамантычнай рок-праграмай у польскім фестывалі «Басовішча-2004»[29][30][31]. Як тады напісала Вольга «ОСА» Самусік з «Музыкальнай газеты» па выніках шоу: «Тут відавочна адчуваўся стыль. Недзе можна было правесці паралель з „Muse “»[32].
У кастрычніку 2005 года Алег Вяль пакідае склад «Jitters» па пэўных тэхнічных і лагічных прычынах, а таксама каб больш часу ўдзяляць свайму гурту «Hair Peace Salon», дзе ён быў фронтменам, і за гітарай яго змяняе Іван Барзенка, які да гэтага граў у гуртах «Rosary», «Paparis», «Port Mone», «Па Глазам»[33][34][35]. Вясною 2006 года «Jitters» для запісу новай кружэлкі «Pick Me Up» запрашаюць і новага барабаншчыка: замест Артура Лучкова, які застаўся гастралюючым удзельнікам гурта яшчэ на некалькі месяцаў, партыі бубнаў выканаў ужо знаёмы слухачам па гуртах «Rosary», «Port Mone», «Usplёsk», «Paparis», «Крамбамбуля» ды «Без Билета» Павел Кудрын[5][34][36][37].
2006 год артысты правялі за частымі канцэртамі, у тым ліку разам з «Hair Peace Salon», «Open Space», «Milque Twins», што таксама былі прадстаўнікамі брытанскай хвалі рок-музыкі ў Беларусі[38][39], выйшлі ў фінал фестывалю «Navarra Underground»[40]. У падтрымку свежага матэрыялу з кружэлкі «Pick Me Up», прэзентацыя якой прайшла 25 кастрычніка ў клубе «ЁЁ»[5][41][42], «Jitters» разам з «Hair Peace Salon» з’ездзілі на польскія фестывалі «Rock bez Igły» (Тыхы)[43], «Fiesta Borealis» (Алецка) (таксама разам з «Без Билета»)[44][45][46]. Пасля гэтага хлопцы ўзялі невялічкі творчы адпачынак[5].
У 2007 годзе заснавальнік гурта Канстанцін Карман паўнапраўна ўваходзіць у склад «Hair Peace Salon»[47][48], а, каб замацаваць адносіны, 25 кастрычніка на лэйбле гуказапісу «West Records» выдаецца сумесны альбом «Split Before, Together Now», на які трапілі самотнікі «Gipsy» («Hair Peace Salon») і «Pick Me Up» («Jitters»)[14][49][50], прычым музыкі «Jitters» дапамаглі сябрам з «Hair Peace Salon» у напісанні іх часткі дыску: акрамя Канстанціна Кармана, які спеў партыі бэк-вакалу і падыграў у спевах на сінтэзатары, гульня Івана Барзенкі на клавішных была пазначана на дзвюх першых кампазіцыях пласцінкі[33][51]. Жывая прэзентацыя CD адбылася 18 лістапада[52][53]. На вокладку дыска трапілі два дзіцячыя чаравікі, звязаныя шнуркамі як сімвал аб’яднання гуртоў[6][54][55].
«Энергетыкай калектыў бярэ, вельмі інтэлігентнай, але цікавай і смелай. Хуліганісты вакал настойліва пралазіць у вушы, вельмі ўпэўненыя аранжыроўкі даюць задавальненне», — такім было меркаванне крытыка Алены Сабалеўскай з «Музыкальнай газеты» на частку альбома «Jitters», дзе яна параўнала музыку калектыву з творчасцю «Travis », «Radiohead», «Muse», «Blur » ды «Coldplay»[54].
«Мы вырашылі часова „замарозіць“ праект „Jitters“, — паведамляў айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі „Xlam.by“ Канстанцін Карман напярэданні прэзентацыі сумеснага альбома „Split Before, Together Now“, — а паколькі з „Hair Peace Salon“ мы даўно знаёмыя і сябруем, то для аб’яднання не было ніякіх перашкодаў. Мы і раней „абменьваліся“ музыкантамі. Цяпер у „HPS“ будзе два галасы»[56]. Пасля гэтага з 2008 года «Jitters» больш не выпускалі новага матэрыялу, а музыкі гурта канчаткова разышліся па іншым калектывам: Канстанцін Карман узмацніў склад «Hair Peace Salon», Павел Кудрын[57] і Іван Барзенка[34] — «Без Билета»[58], прычым апошні з іх у 2011 годзе стаў лідарам кавер-гурта «КонтраБанда»[59], а з 2015 года таксама прымае ўдзел у англамоўным інды-рок калектыве «The Bruised Trouveres»[60]; вядучы гітарыст Сяргей Кандраценка пераехаў у Нідэрланды[61]. Прыкметна, што Канстанцін Карман з бас-гітарыста і вакаліста[62] стаў клавішнікам і вакалістам «Hair Peace Salon», таму што ў тым гурце ўжо быў свой бас-гітарыст, а ў знаёмага хлопцам па сумесных выступленнях артыста падчас камандзіроўкі ў Шатландыю[63] як раз быў куплены сінтэзатар Roland JP-8000 , гэта і стала матэрыяльнай падставай адказаць станоўча на прапанову калег змяніць профіль[64][65][66].
Трыа з самага пачатку рабіла ўпор на гітары ў песнях, і ў 2000 годзе «Музыкальная газета» па першых уражаннях ад іх акрэсліла творчасць гурта як грандж[22]. Іх паслядоўнікі з гурта «Мутнаевока» праз «Музыкальную газету» ў 2007 годзе адняслі яго менавіта да першага пакалення беларускага гранджу[67]. «Хлопцы „Jitters“, прадстаўнікі андэрграўнд культуры пачатку нулявых, прыпісанай да сталічных клубаў таго часу „28“, „База“ і іншых, былі тымі, хто сярод п’яных падлеткаў і на сціплай апаратуры ўсё ж такі граў добрую музыку і якіх на самой справе прыемна слухаць», — разважала напярэдадні Рок-каранацыі 2001 журналіст Таццяна Заміроўская[21].
Журы беларускага музычнага фестывалю «Рок-кола» 2001 года адзначыла прызёраў «Jitters», таму што яны «гралі на самой справе нядрэнна, прыфанкава так, месцамі мелодыкай падобнай да брыт-попу — усё было прафесійна і вельмі прыгожа», — у свой час рэзюміравала вынікі шоу Таццяна Заміроўская з «Музыкальнай газеты»[68]. Праграму, якую выканалі музыканты «Jitters» на фестывалі «Басовішча-2004», крытыкі акрэслілі як «нешта брыт-попаўскае, што перамяжоўваецца з эйсід-джазам»[32]. Таксама да гэтага музычнага жанру «Jitters» залічалі таварышы па айчыннай «брытанскай» кагорце з гурта «Клёндайк»[69].
У цэлым гучанне калектыву параўноўваецца з творчасцю «Hair Peace Salon»: Алег «О’К» Клімаў на старонках «Музыкальнай газеты» пасля праслухоўвання прома-дыскаў 2005 года абодвух гуртоў вызначыў, што «пра „Jitters“ можна напісаць усё тое, што напісана пра „HPS“. Можа, „жітэрсы“ крыху больш рэзкія. А палова складу „Jitters“ і зусім грае ў „Hair Peace Salon“… ці наадварот»[70]. «Далей „Jitters“ — амаль нічога не змянілася — ратацыя „Hair Peace Salon“ на 50 %», — галоўны рэдактар сайта «tvordom.com» Янка Бусел адзначыў па выніках годных і роўных выступленняў абодвух гуртоў запар у рамках вечарыны брытанскага року ў сакавіку 2005 года[71]. СЛЭП як канцэртны аглядальнік «Xlam.by» паўтарыў думку абодвух, бо «ад перамены месцаў складнікаў сума не зменьваецца»[72]. «Цудоўна згуртаваным блокам выглядалі і слухаліся „Hair Peace Salon“ і „Jitters“», — адзначала W. для «Музыкальнай газеты» ў справаздачы з вясновага трыб’юта «Depeche Mode» у 2006 годзе, вылучыў «якасны брыт-рок», але і заўважыў, што «агульнанароднае прызнанне наўрад ці здарыцца», бо менталітэт іх суайчыннікаў «не пад тое заточаны»[73]. «Мы даўно ведаем адзін аднаго і паважаем творчасць кожнага», — каментаваў для музычнага партала LiveSound.by выхад сумеснага альбома ў 2007 годзе лідар «Hair Peace Salon» Алег Вяль, — «таму і па стылі мы падобныя. Ды і спяваем на англійскай мове»[12].
На фоне выступленняў таксама брыт-рокераў «Open Space», «Milque Twins», «Hair Peace Salon» з сумеснага канцэрта восенню 2006 года аглядальнік «Музыкальнай газеты» Слэп пісаў, што «большая частка народу ішла слухаць менавіта іх» («Jitters»), якія «ўзялі слухача галаруч», было таксама адзначана, што «яны звярнуліся да слухача шчырасцю вакалу, лірычнасцю ды самазабыццёвым выкананнем, што атрымалася ў тым ліку за кошт высокага майстэрства новага барабаншчыка Паўла Кудрына (хлопец проста чараўнік, так лёгка і вольна ён граў)»[37]. Ён жа ўжо як аўтар «Xlam.by» на прыкладзе міні-альбома «Pick Me Up» прыйшоў да высновы, што гурт перадае «сучасны гук рок-н-ролу»[1].
Музыку «Jitters» у рэцэнзіі альбома «Split Before, Together Now» Таццяна Заміроўская са штотыднёвіка «БелГазета» апісала словамі: «назойлівая, аўтэнтычная і па-блюзаваму шалапутная — у ёй прысутнічае неўтаймаваная танцавальнасць, як у „Gomez “ і „Happy Mondays “, і начыста адсутнічаюць пафасныя рэфлексіі»[8].
Што тычыцца моўнага пытання, то музыканты англамоўнага гурта ў адным з інтэрв’ю айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі «Xlam.by» у сярэдзіне 2000-x выказалі меркаванне, што з-за таго, што яны не спяваюць на беларускай мове, іх з цяжкасцю запрашалі на фестывалі і кепска «круцілі» па радыё, нягледзячы на якасную творчую працу саму па сабе[74].
Калегі музыкантаў па грандж сцэне з гурта «Caravan» на пытанне «Музыкальнай газеты» пра каманды, якія ім даспадобы, у другім студзеньскім нумары 2005 года вылучылі «выдатныя калектывы» «Hair Peace Salon» і «Jitters», прычым апошніх за тое, што «яны граюць арыгінальную музыку»[75]. Віталь Артыст, франтмен гурта Без Билета, праз «Тузін Гітоў» таксама пахваліў абодва калектывы ў 2006 годзе: «Я вельмі рады, што давялося прадстаўляць нашу краіну з такімі гуртамі, як „Jitters“ і „Hair Peace Salon“. У Алецка мы па-сапраўднаму „запалілі“[76]. З гэтага часу там будуць больш паважаць беларусаў»[77]. У 2007 годзе ўдзельнікі гурта «Мутнаевока» на прапанову Ганны Сіваковай з «Музыкальнай газеты» назваць сваіх канкурэнтаў згадалі «Jitters» і ацанілі гурт як «вельмі клёвы»[67].
Падчас візіту журналістаў «Музыкальнай газеты» да гурта «Hair Peace Salon», з якім калектыў неаднаразова выступаў і запісваўся, пад канец 2006 года гурт «Jitters» атрымаў станоўчую адзнаку ад удзельнікаў першага. Бас-гітарыст каманды Максім Дзевічэнскі і барабаншчык Артур Лучкоў заўважылі, што, хаця абодва праекты граюць розную музыку з супрацьлеглым настроем, яны маюць агульныя карані і мысленне. Лідар квартэта Алег Вяль прызнаўся, што пасля яго сыходу з «Jitters» абодва гурты загучалі больш упэўнена і пазбавіліся падабенства, якое раней прыпісвалася камандам, аднёсшы немалую заслугу ў гэтым на карысць свайго пераемніка Івана Барзенкі[78].
Мультыіструменталіст Павел Кудрын у ацэнках «Hair Peace Salon» апісваўся як вельмі таленавіты барабаншчык, які «настолькі спрытна перадае свае рыфаны — вельмі складаныя, ламаныя, але ў той жа час даходлівыя да папсовасці — што ўзнікае адчуванне палёту ў яго гульні, што ён танцуе за ўстаноўкай»[79]. Алег Вяль, экс-гітарыст і бэк-вакаліст «Jitters», падчас выступлення на тэлеканале «СТБ» у 2010 годзе быў названы «адным з лепшых беларускіх рок-выканаўцаў»[80]. Алег Клімаў, музычны эксперт «Experty.by», у 2012 годзе прыпісаў яго ж да шэрагу «лепшых айчынных рок-вакалістаў, якія спяваюць на англійскай мове»[81].
«Хлопцы з „HPS“ заўсёды захапляліся творчасцю не вельмі вядомай, але каханай у пэўных колах каманды „Jitters“. А сёння яны дагналі іх па майстэрству, сталі побач і ў чымсьці нават абыйшлі», — у 2007 годзе падсумавала дзесяцігоддзе існавання абодвух Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты»[54]. Музычны крытык Таццяна Заміроўская на старонках «БелГазеты» ў 2007 годзе выказала асабістае меркаванне, што «шчыра кажучы, ужо лепш бы „Hair Peace Salon“ распаліся і ўвайшлі ў склад „Jitters“, чым наадварот»[8]. Яе калега па выданні Зміцер Безкаравайны па выніках зборнага канцэрту ў падтрымку выпуску кампіляцыі «Наша музыка-2» увосень 2004 года кантраставаў, паўшчуваў «Jitters» за шумную, але занудлівую і незапамінальную праграму[82].
«Нягледзячы на багацце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — такімі словамі сустракаў выхад дыска «Split Before, Together Now» LiveSound.by[12].
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.