From Wikipedia, the free encyclopedia
«Bristeil» — беларускі поп-рок і інды-рок гурт з Мінска. Беларускамоўны калектыў быў створаны ў 2013 годзе франтменам «Hair Peace Salon» Алегам Вялем, які лічыцца адным з найлепшых рок-выканаўцаў краіны[3][4]. Гурт выпусціў пазітыўна сустрэты «Тузін Гітоў» дэбютны самотнік «Cyruĺnia Svietu»[5][6] і перамог у песенным конкурсе Tricky , дарабіў яго незавершаную кампазіцыю[7][8], што разам дазволіла намінавацца па лініі ўзнагарод «Тузін Гітоў» на «Адкрыццё года» ў 2014 годзе[9]. У цяперашні час яго вакаліст-гітарыст Алег Вяль засяроджаны на напісанні песень для свайго сольнага электроннага музычнага праекта пад назвай «Helaiv», створанага ў 2017 годзе[1][10][11][12].
Bristeil | |
---|---|
| |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | поп-рок[1], інды-рок[2] |
Гады | 2013 — па сённяшні дзень |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Адкуль | Мінск |
Мова песень | беларуская |
Склад |
Алег Вяль Максім Быкаў Генадзь “Дроп-рэ” Лукашанец Аляксандр “Stepkinz” Сцепановіч |
Іншыя праекты |
«Jitters», «Hair Peace Salon», «Helaiv» |
bristeil.com |
Карані «Bristeil» паходзяць з «Hair Peace Salon», брыт-поп і пауэр-поп гурта з Мінска, аднаго з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-року[13][14][15][16][17]. Утвораны ў 1998 годзе і вядомы пераважна па свайму англамоўнаму рэпертуару, ён здабыў пэўны поспех, за сваю гісторыю выдаў поўнафарматны альбом «Gentleman», а таксама з тузін сінглаў і самотнікаў[18], адзначыўшыся прызавым удзелам у шэрагу музычных спаборніцтваў[19].
З моманту рэлізу апошняй кружэлкі «Gentleman» «Hair Peace Salon» быў з большага неактыўны на музычнай сцэне, і ў 2013 годзе яго франтмен Алег Вяль вырашыў працягнуць ствараць музыку самастойна і надалей. Ён прыпыніў дзейнасць «Hair Peace Salon» з-за пасіўнасці гурта, каб пісаць песні ў новым праекце[20][21]. Атрымаўшы некаторы досвед гульні дуэтам «VS ½ HPS» вясной 2013 года[22], бубнач «Hair Peace Salon» Аляксандр «Stepkinz» Сцепановіч вырашыў працягнуць творчы саюз з Алегам Вялем, і яны абодва заснавалі «Bristeil»[23].
У канцы 2013 года два іншых члена далучыліся да ансамбля: бас-гітарыст Генадзь «Дроп-рэ» Лукашанец і сола-гітарыст Максім Быкаў, якія завяршылі фарміраванне класічнага складу рок-гурта[23]. 2 снежня 2013 года «Bristeil» выпусціў першы сінгл «Heta Mahčyma» на «SoundСloud », які стане часткай яго будучага дэбютнага міні-альбома[21][24]. Гэта быў першы рэліз музыкаў, і з дапамогай яго «Bristeil» анансаваў новы беларускамоўны максі-сінгл, запланаваны да выпуску вясною 2014 года[25].
Дэбютны самотнік «Cyruĺnia Svietu» быў выпушчаны ў свет 26 мая 2014 года[5][6]. «Bristeil» напісаў чатыры песні для гэтага EP, дзве з якіх сталі каверамі: адна — рок-версіяй хіта Ланы Дэль Рэй «Video Games» на беларускай мове, другая — песняй «Hair Peace Salon» «Out of Time» з альбома «Gentleman», пераспяванай на роднай мове пад назвай «Pa-za Časam»[26][27]. Рэліз атрымаў хвалебную ацэнку ад Сяргея Будкіна, заснавальніка музычнага парталу «Тузін Гітоў»: «Глыбіня ў тэкстах і далікатнасць у падачы. Кожны з чатырох трэкаў заслугоўвае ўвагі і, безумоўна, шчыльных ратацый»[28]. Праца над усімі трэкамі вялася яшчэ калі «Нair Рeace Salon» не сышоў у бестэрміновы творчы адпачынак, адсюль і назва максі-сінгла з адсылкай да яго англійскай назвы «бел.: Цырульня свету»[5][6].
21 верасня 2014 года «Bristeil» выпусціў свой першы відэасінгл на новую песню «Muzyka Hučyć»[29][30]. Гурт зрабіў кліп на аснове кадраў з сеансу жывога запісу кампазіцыі «Unfinished Song», напісанай для конкурсу Tricky[31][32], спаборніцтва, выйгранага яго франтменам Алегам Вялем за год да таго[7][8][33]. Па ўмовах конкурсу патрабавалася дарабіць незавершаную песню Tricky[34], а пераможца атрымліваў магчымасць праспяваць яе закончаную варыяцыю разам з ім на адной сцэне[35][36].
У той жа час, калі быў выпушчаны кліп, гурт змяніў і правапіс сваёй назвы. Арыгінальная назва калектыву «Брыстоль» (англ.: «Bristol») была зменена на «Bristeil». Лідар гурта Алег Вяль абвясціў пра гэта ў заяве для «Тузін Гітоў»:
Цяпер назва каманды будзе пісацца як «Bristeil». Мы так вырашылі чыста з практычных меркаванняў. Так нас лягчэй будзе знайсці ў нэце, але ад гэтага сэнс назвы не змяняецца: мы маем на ўвазе нейкае месца, дзе напэўна добра. Адназначна там музыка і душа.[37] |
Музычная дзейнасць гурта ў 2014 годзе дапамагла артыстам атрымаць намінацыю ў катэгорыі «Адкрыццё года» на прэміі «альтэрн.: Героі году» «Тузін Гітоў»[38][39]. Уручэнне яе ўзнагарод адбылося 12 снежня 2014 года, і «Bristeil» быў абвешчаны ў складзе выканаўцаў на гала-канцэрце[40][41], але ў самы апошні момант перад сваім выступам басіст Генадзь «Дроп-рэ» Лукашанец пашкодзіў палец, якім ён граў. Такім чынам гурт не выступіў на канцэрце пераможцаў, але быў там і сустрэўся са сваімі прыхільнікамі на месцы правядзення цырымоніі ўзнагароджання[42].
Увосень 2014 года Маша Калеснікава з Еўрапейскага радыё для Беларусі паведаміла, што гурт працуе над новымі песнямі[29][30]. У тым жа годзе Ілля Маліноўскі, музычны рэдактар той жа радыёстанцыі, ужо прыадчыняў таямніцу аб рыхтаваным да выпуску сінглу «бел.: Вольны», перазапісанага ў творчым перакладзе на беларускую спеву «Gentleman» з альбома «Hair Peace Salon» «Gentleman», але які яшчэ нідзе не выконваўся[43]. Тым не менш апошні на дадзены момант музычны твор ад гурта быў прадстаўлены 9 верасня 2015 года ў якасці кароткага «Vine» кліпа[44], і, відавочна, асноўны фокус музыкаў быў ссунуты ў бок сваіх новых пабочных праектаў, у прыватнасці «Helaiv» Алега Вяля[1][10][11][12].
Алег Клімаў як карэспандэнт газеты «Культура» рэфлектаваў наконт заняпаду гурта, які «шчыра шкада згінуў заўчасна», у 2017 годзе, выказваючы думку, што Алег Вяль не дацярпеў да таго моманту, каб яго дзецішча «трывала ўмацавалася на клубнай канцэртнай сцэне»[45].
На прыкладзе міні-альбома «Cyruĺnia Svietu» Сяргей Будкін, заснавальнік «Тузін Гітоў» і аўтар «Будзьма беларусамі!», пісаў, што ў творчасці гурта захавалася разыначка, якая была ўласцівая музыцы «Hair Peace Salon», з той толькі розніцай, што гучанне новага калектыву Алега Вяля стала мякчэй. Унутраны драйв, светлы сум характарызуюць музыку разважанняў багатага ўнутранага свету яго франтмена, які «вельмі тонка адчувае рэальнасць»[28][46]. «Тузін Гітоў» каталагізаваў гурт як «мілагучны інды-рок»[2].
Вячаслаў Радзівонаў, заснавальнік музычнага партала «Ultra-music.com», абазначаў гучанне «Bristeil» як тое, якое нагадвае гурт «Hair Peace Salon» у яго раннія гады[47]. Некалькі кантраставалі «Experty.by», што ахарактарызавалі музычную трансфармацыю брытанскага інды-рокера Алега Вяля ў сваім новым калектыве «прыкметным ухілам у поп-рок»[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.