Remove ads
Мінск From Wikipedia, the free encyclopedia
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла — праваслаўны сабор у Мінску.
Праваслаўны храм | |
Сабор святых апосталаў Пятра і Паўла | |
---|---|
| |
53°54′17″ пн. ш. 27°33′06″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Мінская, Беларускі экзархат Маскоўскага Патрыярхата |
Архітэктурны стыль | Барока |
Будаўніцтва | 1612 — канец 1620-х гг. |
Рэліквіі і святыні | Абразы святых Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, свяціцеля Феадосія Чарнігаўскага з часціцай мошчаў |
Статус | Помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзейны |
Сайт | sppsobor.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аб’ект Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000219 |
У 1609 годзе пасля далучэння мінскіх архімандрытаў да уніі праваслаўныя мяшчане і мясцовая артыстакратыя з благаславення патрыярха іерусалімскага Феафана аб’ядналіся ў брацтва ў імя святога Іаана Хрысціцеля і пастанавілі заснаваць у Менску мужчынскі Свята-Петра-Паўлаўскі манастыр . У 1611—1612 гадах праваслаўнае брацтва пры Свята-Петра-Паўлаўскім манастыры, на сродкі 52 абывацеляў і праваслаўнай шляхты Менскага ваяводства на чале з Аляксандрам Агінскім, пачало будаўніцтва мураванай царквы і манастыра. Участак для будаўніцтва манастыра «аж до озера реки Свислочи прилеглый» быў ахвяраваны «на вечные времена» 23 лістапада 1611 года з дазволу караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы княгіняй Аўдоццяй Рыгораўнай Друцкай-Горскай[1] (удавой гаспадарскага маршалка Багдана Статкевіча[2]). Будаўніцтва манастыра блаславіў у 1620 годзе кіеўскі мітрапаліт Іоў Барэцкі , а ў 1635 годзе — кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла. Па блаславенню настаяцеля архімандрыта Лявонція Карповіча ў будаўніцтве ўдзельнічала некалькі інакаў Свята-Духаўскага манастыра, якія засталіся ў праваслаўі. Адзін з іх — ігумен Павел Дамжава — кіраваў будаўніцтвам. Мецэнатамі манастыра былі пратэстанты Януш Радзівіл, Марцін Валадковіч і Ян Агінскі; у 1635 годзе Мікалай Рыгоравіч Дзераваед ахвяраваў храму маёмасць, у 1620 годзе княжна Ганна Тышкевіч — грошы.
У 1624 годзе кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла выдаў грамату з дабраславеннем на адкрыццё пры храме жаночага манастыра. Пры манастыры існавала брацтва ў імя святога Іаана Хрысціцеля, намаганнямі якога пры манастыры адкрыты друкарня, школа, шпіталь. Манастыр быў прыпісаны да Віленскага Свята-Духаўскага манастыра, які знаходзіўся ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха. У сваю чаргу мінскаму манастыру падпарадкоўваліся манастыры Свята-Троіцкі ў Прылуках, Свята-Вазнясенскі ў Лагойску і Спаса-Праабражэнскі жаночы ў Мінску.
На працягу амаль двух стагоддзяў манастыр быў аплотам праваслаўя ў горадзе, быў шырока вядомы сярод царкоўнай іерархіі. У 1635 годзе яго наведаў Пётр Магіла, у 1670-я гады — македонскі мітрапаліт Сафроній Гелепонас[3].
У 2-й палове 18 ст. манастыр прышоў у заняпад, значна пацярпеў ад пажару (абваліліся скляпенні храма, адлупіўся насценны жывапіс). У 1766 годзе брація манастыра складалася з ігумена, 2 манахаў і 2 паслушнікаў. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай царква рэканструявана «ад шчадрот» расійскай імператрыцы Кацярыны II і па яе жаданню была перасвячона ў Кацярынінскую і нейкі час была кафедральнай (таксама вядомая пад назвай «Жоўтая»), а манастыр пераведзены ў будынкі скасаванага базыльянскага Свята-Духаўскага манастыра. Свята-Кацярынінская царква была надзелена статусам кафедральнага сабора створанай у 1793 годзе Мінскай епархіі.
Але ў 1799 годзе з прычыны знаходжання на паўночна-заходняй ускраіне горада паводле дабраславення архіепіскапа Мінскага Іова (Пацёмкіна) храм ператвораны ў прыходскую царкву і толькі ў 1844 годзе зноў узведзены ў гарадскі сабор. У 1812 годзе храм разрабавалі французы і зрабілі ў ім лазарэт. Адноўлены ў 1813 годзе, у 1850 годзе перабудаваны. Найбольш істотная рэканструкцыя адбылася пасля паўстання 1863—1864 гадоў: У 1870—1872 гадах з блаславення епіскапа Аляксандра Дабрыніна на казённыя сродкі капітальна перабудаваны[4]: узведзены цыбулепадобны купал над шатровым дахам цэнтральнага 4-граннага барабана, на галоўным асадзе надбудаваны паводле «старажытных узораў» бакавыя шатровыя вежы з макаўкамі, устаноўлены новы іканастас, нанава размаляваны сцены. Адноўлены храм асвячоны 26 лютага 1872 года. У чэрвені 1881 года здарыўся пажар. У 1898 годзе пабудавана 2-класная жаночая царкоўна-прыходская школа. Да мінскага сабора былі прыпісаны Свята-Пакроўская царква ў Крупцах, Свята-Марыі-Магдалінаўская царква на Старажоўскіх могілках у Мінску, Свята-Ільінская капліца ў Цне і Свята-Іаана-Прадцечанская ў Вялікай Сляпянцы.
У 1913 годзе пры саборы налічвалася 5698 прыхаджан, службу правілі настаяцель, 3 святары, дыякан і 4 псаломшчыкі. У савецкі час царкву зачынілі, у ёй размясцілі рыбны склад. 23 ліпеня 1922 года ў кафедральным саборы адбыўся царкоўны сінод, які вырашыў дзеля абароны ад абнаўленцкага ВЦУ стварыць аўтаномную беларускую мітраполію. 7 снежня 1941 года храм зноў асвячоны архіепіскапам Філафеем (Нарко), адкрыты для богаслужэнняў, дзейнічалі двухмесячныя пастырскія курсы. Пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны яе выкарыстоўвалі пад жытло. Потым у царкоўным будынку былі размешчаны Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. У 1972—1979 гадах царква часткова рэстаўрыравана (архітэктар А. І. Курто) з аднаўленнем аблічча храма па стане на 17—18 ст.
У 1991 годзе перададзены вернікам. Пры царкве дзейнічае Беларускае праваслаўнае брацтва Трох Віленскіх мучанікаў. Пасля вяртання храма праваслаўнай епархіі яго аднаўленне працягваецца. Рэстаўратарамі выяўлены метрычны модуль збудавання і 4 пласты манументальных сценавых роспісаў у інтэр’еры. Аднак археалагічныя даследаванні не выявілі ніякіх слядоў узмацнення слупоў падкупальнага квадрата, а гэта значыць, што царква адпачатку была чыстай трохнефавай базілікай, без трансепта і купала. Таму меркаванне архітэктара-рэстаўратара Г. Лаўрэцкага, што пры яе ўзвядзенні быў «выкарыстаны той жа планіровачны прыём, што і ў помніках Магілёва — Мікольскай і Богаяўленскай цэрквах» (надбудаваны купал), не адпавядае рэчаіснасці. Прастора інтэр’ера 6 магутнымі пілонамі раздзелена на 3 нефы, цэнтральны з якіх перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Першапачаткова ў саборы былі 3 прастолы : галоўны ў імя святых Пятра і Паўла, правы — Прадцечы і Хрысціцеля Іаана, левы — архістраціга Міхаіла. У 1817 годзе асвячоны правы прыдзел у імя святога Міколы, у 1871 годзе — левы ў імя святога Міхаіла.
Кожную сераду з 17-й да 18-й на беларускай мове чытаюць акафіст Віленскім мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію і кожную суботу служаць беларускамоўную літургію. Акрамя таго, штогод малітоўна памінаюць вядомых дзеячоў беларускай культуры — Канстанціна Астрожскага, Ларысу Геніюш, Максіма Багдановіча і іншых — у дні іх памяці[5].
Петрапаўлаўская царква была збудована хутчэй за ўсё ў 1620—1630 гадах. Гэтага датаванне трымаецца гісторык Расціслаў Баравы, які прааналізаваў вялікую колькасць дакументаў звязаных з гісторыяй помніка. Такі час пабудовы мураванай царквы больш імаверным за прапанаваны Мікалаем Шчакаціхіным, які лічыў, што яе «каменны гмах быў, пэўна, закладзены ў сярэдзіне 17 сталецця і ў другой палове яго быў закончаны ў тых самых прыблізна формах, як і будынак бернардзінскага касцёла» (жаночага ў Мінску). На думку Тамары Габрусь, па мастацка-стылявых характарыстыках Петрапаўлаўская царква набліжаецца не да мінскага касцёла бернардзінак, а да больш ранніх помнікаў каталіцкага храмабудаўніцтва, напрыклад да касцёла бернардзінцаў у Гродне. Калі ў апошнім абстрагавацца ад нартэкса, то абодва храмы маюць амаль аднолькавую будову ўласна базілікі — трохнефавай, шасціслупавай, без трансепта. Агульныя готыка-рэнесансныя рысы прысутнічаюць і ў вырашэнні алтарнай часткі. У Петрапаўлаўскай царкве адна алтарная апсіда (для праваслаўнага храма — гэта адыход ад канона трохапсіднасці папярэдняга часу) ніжэйшая за асноўны неф, ад якога аддзелена мураваным франтонам і накрыта асобным дахам. У той жа час алтарная апсіда ў праваслаўнай царкве яшчэ не мае выцягнутай вімы , уласцівай касцёлу. Лапідарныя гранёныя формы апсіды з’яўляюцца, верагодна, адбіткам архітэктурных рашэнняў папярэдняга драўлянага храма. На глыбіні 2,5 м археолагамі выяўлены рэшткі паўкруглых у плане падмуркаў з перавязкай паміж імі і сценамі алтарнай апсіды, а таксама бакавых нефаў. Выказваліся меркаванні, што гэта сляды абарончых веж, але, на думку Тамары Габрусь, гэта, хутчэй, незакончаныя бакавыя алтарныя апсіды, якіх патрабавала праваслаўная традыцыя, але не дазваляў загад — кіравацца ўзорам касцёлаў. Падабенствы паміж Петрапаўлаўскай царквой і гродзенскім касцёлам бернардзінцаў прысутнічаюць таксама ў элементах дэкаратыўна-канструкцыйнага характару — вырашэнне высокіх спараных паўкруглых аконных праёмаў, падобных да біфорыумаў. У бакавых нефах царквы яны (як і ў гродзенскім касцёле) аб’яднаны высокімі плоскімі арачнымі нішамі. Да таго ж цыліндрычныя скляпенні царквы не маюць канструкцыйных падпружных арак, што характэрна для сакральных помнікаў ранняга барока на Беларусі. Тамара Габрусь акцэнтуе на гэтым увагу, таму што падпружныя аркі памылкова нанесены на плане Петрапаўлаўскай царквы ў «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» і іншых выданнях.
Навацыяй для праваслаўнага храмабудаўніцтва таго часу з’яўляецца таксама двухвежавы фасад царквы, у якім незвычайна і арганічна спалучыліся мастацкія прынцыпы барока і традыцыі мясцовай готыкі. Даследчыкі помніка звычайна не зважаюць, што ў дадзеным выпадку чацверыковыя вежы па-гатычнаму завяршаюць вуглы будынка, як у цэрквах-крэпасцях, а не надбудаваны над фасадам-нартэксам, з’яўляючыся яго часткай, што характэрна для больш позніх барочных касцёлаў (нартэкс у Петрапаўлаўскай царкве ўвогуле адсутнічае). Падобнае размяшчэнне веж, як і наяўнасць у іх байніц, пацвярджаюць думку аб першапачатковым абарончым характары царквы. У той жа час вежы змянілі сваю форму з круглых абарончых на прызматычную і сталі важным элементам кампазіцыі раннебарочнага фасада. Размешчаныя ў вежах маршавыя лесвіцы (а не вітыя гатычныя ўсходы) схаваны ў тоўшчы вельмі масіўнай фасаднай сцяны (таўшчыня 1,45 м). Дарэчы, галоўны фасад царквы не трохчасткавы, як лічаць некаторыя даследчыкі, а пяцічасткавы — з выступаючымі наперад раскрапоўкамі цэнтральнага нефа і веж. Паміж імі заглыблены прасценкі, што закрываюць тарцы бакавых нефаў, але не адпавядаюць ім па вышыні. У такой трактоўцы фасада як самастойнай кампазіцыі, незалежнай ад тэктонікі храма, як тэатральнай кулісы — яго барочная сутнасць, нават пры вельмі аскетычным мастацкім абліччы. Першапачатковы выгляд храма выяўлены на пячатцы манастыра 17 ст.
У 1871 годзе інтэр’ер пакрыты фрэскавым жывапісам: у апсідзе — «Захоп Ісуса Хрыста воінамі ў садзе», «Нясенне крыжа», «Святы Грыгорый Багаслоў», «Іаан Залатавуст», «Святыя апосталы Пётр і Павел»; на сценах, слупах і арках меліся выявы: «Нагорная пропаведзь», «Благаславенне дзяцей», «Святы апостал Андрэй Першазваны», «Святы Васіль Вялікі», «Кармленне народа пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі», «Цуд Ісуса Хрыста ў Кане Галійскай», евангелістаў Іаана, Лукі, Мацвея і Марка, святых апосталаў Іаана Завядзеева, Фамы, Філіпа, Алены, свяціцеля Міколы Цудатворца. Апсіду вылучаў драўляны 5-ярусны з пазалочаным дэкорам іканастас (створаны новы). У дні святкавання 200-годдзя Мінскай епархіі ў 1993 годзе ў храм урачыста ўнесены абраз Трох Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Еўстафія з часткай іх мошчаў з крыпты Віленскага Свята-Духаўскага сабора.
У будынку царквы Св. Пятра і Паўла яшчэ ў канцы 1940‑х гадоў знаходзілася надмагілле першай паловы XVII ст. Тэкст расчытаны паводле фотаздымка ад 14 студзеня 1948 года, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь: «Рокү ѡт нароженіѧ С(ы)на Б(о)ж(о)го а҃х҃л҃е҃ (1635) м(еся)ца марца | і҃и҃ (18) днѧ преставісѧ раба Б(о)жіѧ Маріѧ Ивановна | Ѩроцко(…) 10 Миколаеваѧ Геленачевичоваѧ, | мещанъка мѣнскаѧ послүшеньства | всходнего, (веры пр)авославное греческое | в дүхү дщерь. Ѡт нароженіѧ своего мѣ|ла лѣтъ трыдьцать дѣ(вя)ть. Котораѩ | на семъ мѣсци естъ погребена при ц(е)ркви | С(вя)тыхъ Ап(осто)лъ Петра и Павла»[6].
У царкве ў ХІХ ст. доўгі час захоўвалася надмагілле жонкі менскага бурмістра Марыі Маслянкі, якое да нашага часу не захавалася, маецца толькі даволі прыблізная перадача тэксту надпісу, складзеная ў 1878 годзе сябрам Маскоўскага археалагічнага таварыства Руфам Ігнацьевым[6]:
+Паметь+ Понеже. Гласить. Труба. Духовная. Покайся. Днесь. Мнѣ. Утро. Тобѣ Неомыляйся. Размышля(й). Собѣ. Описм(енахъ) Законнь(і)хъ. Главизны. Достоитъ. Бо искать оное. Небесное. Очизъны. Для которое. Представіся Раба Божія учьстивая Марья. Филиповъна Пані Андрѣевая Масленъ чіная. Бурмистровая. Мѣнская. Лѣта. Бож. Нарож. а… (1…) Зекгаръ. Мнѣ. Годины. Выбілъ. Пейчокъ. Глас(ъ). Сво(й). Вывылъ |
Настаяцель царквы Павел Афонскі ў 1887 годзе даў больш падрабязнае апісанне помніка, падаў свой варыянт расчытання некаторых слоў, а таксама прачытаў некаторыя не разабраныя Ігнацьевым кавалкі тэксту: «Увесь надпіс складаецца з 19 радкоў, пры гэтым увесь ён зроблены стараславянскімі літарамі, абрыс якіх дастаткова правільны, літары, што змяшчаюцца ў 15 радках, крыху буйнейшыя, чым у апошніх чатырох радках. (…) Кожнае асобнае слова ў надпісу аддзяляецца ад іншага кропкай (у выглядзе невялікага ромбу), якая ставіцца, зрэшты, не ў ніжняй частцы радка, а ў сярэдзіне радка, каля апошняй літары кожнага асобнага слова. Кожны асобны верш, апрача гэтага, аддзяляецца ад іншага яшчэ дзвюма невялікімі рыскамі, пастаўленымі над кропкай, што аддзяляе кожнае слова.» У варыянце Афонскага змест надпісу гучыць так[6]:
+Паметь+ Понеже. гласить. труба. ду ховная. покаися. // Днесь. мнѣ. утро. тебѣ. Не омыляися. // Размышляи. себѣ. о ним’. Законныхъ. главизны. // Достоитъ. бо. искать. оное. Небесное. очыизъны. // Да яко. того е. преставися. Раба. Божія. Учьстивая. Марья. Филиповъна. Пани Андрѣевая. Масленъ чиная. Бурмистровая. Мѣнская. лѣта. ьож. нарож. а. (1…) Зекгар. мнѣ. годныи. выбилъ(?)…….. |
Афонскі таксама вызначыў, якім чынам надмагілле трапіла ў царкву Св. Пятра і Паўла. Першапачаткова пліта была ўмуравана ў сцяну манастырскай царквы Увазнясення Божага. Пасля заняпаду царквы пліта была перанесена ў манастырскую базыльянскую царкву Св. Духа, якая ў 1799 годзе пераўтворана ў праваслаўную кафедральную саборную царкву Св. Пятра і Паўла. Афонскі піша, што другая пліта ўласна з магілы самога бурмістра Андрэя Маслянкі найверагодней загінула ў час зруйнавання Увазнясенскага манастыра[6].
Ігнацьеў і Афонскі звярнулі ўвагу на тое, што на надмагіллі ў пазначэнні года смерці фігуруе толькі кірылічная літара а, што азначае 1000. Абодва не наважыліся абвергнуць ранейшае фантастычнае сцвярджэнне архімандрыта Мікалая (Трускоўскага), што надмагілле датуецца 1000 годам і з’яўляецца помнікам хрысціянства часоў кіеўскага князя Уладзіміра. Больш верагодным часам стварэння помніка зыходзячы з выкарыстанай лексікі яны лічылі XV альбо XVI ст., але версія аб старажытным паходжанні пліты імі таксама дапускалася. Між тым муж Марыі Маслянкі Андрэй Маслянка займаў пасаду мінскага бурмістра ў 1590-х гадах. Дакумент 1590 года згадвае яго як бурмістра і адзначае, што Андрэй Маслянка прызначаны рочным бурмістрам на 1592 год. Пад 1612 годам у дакументах Мінскага магістрата як бурмістра фігуруе Васіль Маслянка, імаверна, сын пана Андрэя, які да гэтага часу напэўна памёр[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.