Жарабковічы
аграгарадок у Ляхавіцкім раёнеаграгарадок у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Брэсцкай вобласці From Wikipedia, the free encyclopedia
аграгарадок у Ляхавіцкім раёнеаграгарадок у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Брэсцкай вобласці From Wikipedia, the free encyclopedia
Жарабко́вічы[1] (трансліт.: Žarabkovičy, руск.: Жеребковичи) — аграгарадок у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Шавялёўцы. Адміністрацыйны цэнтр Жарабковіцкага сельсавета. Месціцца за 18 км на паўночны ўсход ад Ляхавічаў, чыгуначная станцыя на лініі Асіповічы I — Русіно, праз аграгарадок праходзіць аўтамабільная дарога Р103 Клецк—Ляхавічы.
Аграгарадок
Жарабковічы
| ||||||||||||||||||||||||
Паходзіць напэўна ад мянушкі Жарабок (Жеребокъ) і вытворнага ад яе патроніма — імя па бацьку, пазней прозвішча.
Цяпер болей вядомы версіі з народнай этымалогіі, адна выводзіць назву ад дзеяслова «жарабіць», які на мясцовай гаворцы значыць «выпас быдла», другая — ад коней, якіх тут быццам гадавалі для княжацкіх патрэб, калі паселішча належала Радзівілам. Назва аднак вядома з часоў, калі цяперашняй мясцовай гаворкі пэўна яшчэ не было і да 14-гадовага перыяду належнасці Барбары Радзівіл, пра развітую тут конегадоўлю таксама няма звестак.
Вядомы прынамсі з 1440—1447 года як «Жеребковичи» ў Клецкай воласці, нададзеныя нейкаму Рыгору Пятрышчу (або Пятрышчу Рыгоравічу). Тады ж тры «чалавекі» — Васіль, сын яго Андрэй і Хадот, «у Жеребковичох» нададзены і нейкаму Пішчыку. Перад тым Рыгору Пятрышчу з Клецкай воласці былі нададзены шэсць «чалавек» бортнікаў — Дзямід, два Дабарэвічы, Палаўчын, Клімец і Трунец. Неўзабаве Пятрышча з братам таксама з Клецкай воласці атрымаў яшчэ Мірашава «месца» (напэўна, былы маёнтак нейкага Міраша), Левановічы і Цыцкавічы (напэўна, «чалавекі» з сем’ямі)[2].
Да 1450-х гадоў Жарабковічы і Ляхавічы (напэўна, Старыя), належалі ўжо валынскаму баярыну Дзяніску Мукасеевічу, які памяняў іх з панам Іванам Іллінічам на яго замак Вельгар з «местам» і некалькімі «прыселкамі» ў Луцкім павеце[3]. Потым Жарабковіцкі маёнтак перайшоў як спадчына да пана Юрыя Іллініча. У 1525 годзе канцлер Альбрэхт Гаштольд аспрэчыў правы Іллініча на ўваходы у пушчу Лесішча, якая па словах Гаштольда належала да яго Ляхавіцкага маёнтка, у тым жа годзе ён нават забраў Жабрабковіцкі маёнтак у Іллініча. Загадам караля Жыгімонта Старога, маёнтак вернуты, а Гаштольд абавязаны кампенсаваць шкоды[4].
Неўзабаве Юрый Іллініч памёр, пры падзеле яго спадчыны ў 1527 годзе Жарабковічы атрымаў сярэдні сын Станіслаў і далучыў як «дварэц» да свайго Мірскага маёнтка. Правы Станіслава на Жарабковічы пацвердзіў гаспадар. Пасля смерці Станіслава ў 1531 годзе маёнтак перайшоў да старэйшага брата Яна, які ў 1532 годзе прадаў Жарабковічы разам з маёнткам Малкава Альбрэхту Гаштольду за 1500 коп літоўскіх грошаў[4].
У 1537 годзе з дазволу бацькі Станіслаў Гаштольд запісаў Ляхавіцкі маёнтак з «дваром» Жарабковічы як вена сваёй жонцы Барбары Радзівіл. Пасля смерці Станіслава ў 1542 годзе род Гаштольдаў згас і іх асноўныя ўладанні як вымарачныя перайшлі на вялікага князя, то бок дзяржаве. Вяноўныя ж маёнткі засталіся Барабары, якая ў 1547 годзе ўзяла шлюб з каралём Жыгімонтам Аўгустам[5].
Пасля смерці Барабары ў 1551 годзе яе маёнткі перайшлі ў асабістае ўладанне Жыгімонта Аўгуста. Кароль аддаваў Ляхавіцкае староства ў дзяржанне за пазыкі, першым дзяржаўцам быў Рыгор Валовіч (зг. у снежні 1556). Ад 8 мая 1561 года[6] за пазыку 3000 коп грошаў дзяржаву з дварамі Ляхавічы, Старыя Ляхавічы і Жарабковічы атрымаў Іван Солтан. Пры Солтане ў Ляхавіцкіх ўладаннях гаспадарскім рэвізорам Андрэем Ільгоўскім праведзена валочная памера, матэрыялы цяпер захоўваюцца ў ЦДГАУК[7]. Цягам ліпеня 1566 — снежня 1567 года, нягледзячы на супраціўленне Солтана, дзяржава яму была заменена, а Ляхавіцкая нададзена за службу «до двух животовъ» Уладзіміру Забалоцкаму і яго жонцы з правам на 6000 коп грошаў. У канцы 1569 — пачатку 1570 года загадам гаспадара Дзмітрам Сапегам і Вацлавам Шушынскім праведзена рэвізія, матэрыялы цяпер захоўваюцца ў НГАБ[8]. Ужо ў 1569—1571 гадах кароль забраў Ляхавіцкую воласць і ў Забалоцкага, каб абмяняць «замак Ляхавічы, двор Жарабковічы ў Навагародскім павеце, места Батокі, двор Крэцінку, 50 валок ў воласці Палангенскай у зямлі Жамойцкай» з віленскім кашталянам Янам Хадкевічам на яго «дзедзічныя маёнткі Свіслач, двор Грынкі, Янава, Валкаўшчызна» і Абчоўскую пушчу ў Ваўкавыскім павеце.[5][9][10]
Пасля смерці ў 1621 годзе Яна Караля Хадкевіча, у маі 1623 годзе яго ўладанні падзелены паміж спадчыннікамі — Ляхавіцкі маёнтак атрымала дачка Ганна Схаластыка, жонка Яна Станіслава Сапегі, пасля яе смерці ў 1625 годзе ўласнасць перайшла да Сапегаў. Пасля смерці Е. Ф. Сапегі ў 1750 годзе, спадчыннікі спрабавалі выплаціць пазыкі і захаваць маёнтак, але ўрэшце ў 1760 годзе прадалі польнаму гетману Міхалу Юзафу Масальскаму. У рэестры названы самі Ляхавічы і фальваркі Старыя Ляхавічы, Ажэвічы, Жарабковічы, Зубялевічы, Голдавічы, Мыслабаж, Літва і Вадзяжым. У 1775 годзе, праз стратэгічнае становішча Ляхавічаў, маёнтак цалкам перайшоў да дзяржавы, але ў 1790 годзе рашэнне адменена і ўладанні вернуты Масальскім. Ад 1791 года, паводле новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, аказаліся ў Случарэцкім павеце Новагародскага ваяводства[5].
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Нясвіжскім павеце Мінскага намесніцтва. У 1793 годзе Ляхавіцкае графства перайшло ва ўладанне графаў Касакоўскіх. У складзе графства між іншых былі фальварак Жарабковічы (уключаў вёскі Зарытава, Падлессе Жарабковіцкае) і фальварак Гулічы (уключаў саму вёску Жарабковічы). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы Паўла I (1796) у Слуцкім павеце Мінскай губерні.[5]
У Першую сусветную вайну вёска ў прыфрантавой паласе, у лютым—снежні 1918 года пад акупацыяй германскіх войскаў. Паводле Трэцяй Устаўной граматай ад 25 сакавіка 1918 года ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Паводле пастановы І з’езда КП(б) Беларусі ад 1 студзеня 1919 года ў складзе Беларускай ССР. З чэрвеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польскай Рэспублікі[5].
У выніку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года Жарабковічы ўвайшлі ў БССР, ад 15 студзеня 1940 года — у Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобласці, ад 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр Жарабковіцкага сельсавета. У 1940 годзе створаны калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 98 гаспадарак з 727 га ворыва[5].
У часе Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года акупаваны нямецкімі войскамі[5]. Вызвалены 5 ліпеня 1944 года падраздзяленнямі 65-га асобнага танкавага палка і 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі.
У 1948 годзе адноўлены калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 35 гаспадарак, у снежні 1950 года да яго далучаны шэсць дробных навакольных калгасаў. Ад 8 студзеня 1954 года Жарабковічы ў складзе Брэсцкай вобласці, ад 16 ліпеня 1954 — у Падлескім сельсавеце. Калгас імя Сталіна 3 лістапада 1961 года перайменаваны ў «Беларусь». Падлескі сельсавет 3 ліпеня 1972 года зноў перайменаваны ў Жарабковіцкі сельсавет[11][5].
Станам на 2007 год планіровачна вёска складалася з трох просталінейных, паралельных, мерыдыяльных вуліц да якіх з захаду далучаецца блізкая да шыротнай арыентацыі вуліца. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу[12]. Станам на 2020 год у паселішчы 7 вуліц — Кастрычніцкая, Лугавая, Мінская, Пушкіна, Садовая, Савецкая, Спакойная[13].
Станам на 1940 года ў вёсцы дзейнічалі пачатковая школа, клуб, медпункт, крама, тэлефон[5].
У 1970 годзе — цэнтр калгаса «Беларусь»[5].
Станам на 2007 год у Жарабковічах размяшчаліся выканкам сельсавета, філіял «Беларусбанк», дзіцячы сад, 2 крамы, аддзяленне «Белпошта», фельчарска-акушэрскі пункт, сярэдняя школа[5], бібліятэка, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт[12].
На базе Дома культуры праходзяць асноўныя культурныя мерапрыемствы вёскі — канцэрты, дыскатэкі, творчыя выступленні і вечары. Таксама дзейнічае шэраг гурткоў, у тым ліку беларускай народнай песні, народнага танцу, тэатральны, развіцця дзіцячай творчасці і іншыя. Размешчана сталая экспазіцыя прадметаў народна-побытавай культуры — ручнікоў, сельскагаспадарчых і побытавых прылад, іншых рэчаў. Частка мерапрыемстваў, пераважна дзіцячых, адбываецца ў будынках мясцовай школы і дзіцячага саду.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.