From Wikipedia, the free encyclopedia
Аляксандр (Алесандра) Гваньіні (італ.: Alessandro Guagnini, польск.: Aleksander Gwagnin; 1534, Верона — 1614, Кракаў) — выдавец і, магчыма, аўтар некалькіх гісторыка-геаграфічных твораў[3].
Па паходжанні італьянскі арыстакрат. Алесандра Гваньіні нарадзіўся ў 1534 або 1538 годзе ў Вероне, у Паўночнай Італіі, якая ўваходзіла ў Венецыянскую рэспубліку[4]. Ён быў унукам Амброджа Гваньіні дэ Рыцоні (1481 — пасля 1529), які меў 6 дзяцей[4], і сынам Амброджа Гваньіні дэ Рыцоні (1503 — пасля 1573), старэйшага сына Гваньіні дэ Рыцоні, і Барталамеі (1505 — ?)[4]. Алесандра меў дзвюх сясцёр — Франчэску (1532/1536 — ?) і Клару (1538/1542 — ?)[4].
У юнацтве Алесандра вывучаў лацінскую мову, ваенную тапаграфію, інжынерную і ваенную справы[4].
У 1555 годзе Амброджа Гваньіні ў пошуках лепшага жыцця пакінуў Італію і пераехаў у Польшчу, дзе правіў кароль Жыгімонт II Аўгуст і яго жонка-італьянка Бона Сфорца. У 1557 годзе за бацькам рушыў услед і сам Алесандра[4]. Яго шлях пралягаў праз Галічыну[4].
Напярэдадні Лівонскай вайны (1558—1583) бацька і сын Гваньіні спрабавалі ўступіць у польскае каралеўскае войска, карыстаючыся патранатам вялікага кароннага гетмана і рускага ваяводы Мікалая Сяняўскага . 25 лютага 1561 года ў сваім лісце да караля Жыгімонта II ён рэкамендаваў іх для службы ў якасці спецыялістаў па фартыфікацыі[4]. Неўзабаве абодвух узялі ў войска: Амброджа пачаў служыць у сталіцы Кракаве, а затым ваяваў на поўначы супраць Масквы[4]. Алесандра ж прыняў удзел у выгнанні маскавітаў з Тартуса ў Эстоніі (1561), захопе маскоўскіх Вялікіх Лук і літоўскага Полацка, баях пад Азярышчам (1564), Невелем (1565), Веліжам (1567), Уле (1568); пад Улай ён трапіў у кароткачасовы маскоўскі палон, але быў вызвалены[5].
На вайне Алесандра пазнаёміўся са многімі дзеячамі, якія пасля выступалі яго заступнікамі: магнатамі Рыгорам[5], Янам-Каралем, Аляксандрам і Геранімам Хадкевічамі[6], Мікалаем Зебжыдоўскім[5], Мікалаем-Крыштафам Радзівілам (Сіроткам)[6], Зыгмунтам Мышкоўскім[6], Мікалаем Вольскім з Падгаец[6], Львом Сапегам[6], Крыштафам Дарагастайскім[6], Станіславам Цікоўскім[7] і прадстаўнікамі іншаземных краін[5].
У чыне ротмістра[3] пяхоты Алесандра таксама ўдзельнічаў у паходзе ў Малдавіі 1562 года пад кіраўніцтвам серадзкага ваяводы і магната Альбрэхта Ласкага , які імкнуўся паставіць малдаўскім гаспадаром Геракліда[5]. Падчас паходу ён знаходзіўся на Букавіне і бачыў месца бітвы ля Козмінскага лесу , дзе ў 1497 годзе малдаване разграмілі палякаў[5].
У Паўночную сямігадовую вайну служыў наймітам у польскім войску.
У 1569 годзе Алесандра быў сведкам Люблінскага сейма аб утварэнні Рэчы Паспалітай у складзе Польшчы і Літвы. На гэтым сойме быў прысвечаны ў рыцары па просьбе брадэнбургскага маркграфа Іахіма II[5]. Алесандра таксама атрымаў дыплом шляхецтва ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II[5]. У тым жа годзе ён прысутнічаў на цырымоніі прыняцця прускім герцагам Альбрэхтам Фрыдрыхам прысягі на вернасць польскаму каралю Жыгімонту II Аўгусту[5].
16 ліпеня 1571 года, універсалам караля Стэфана Баторыя, Алесандра атрымаў падданства Рэчы Паспалітай і ўласны герб «Гваньін» (Gwagnin) з выявай вожыка, які паказваў на прозвішча дзеда («Рыцоні» паходзіць ад 'riccio' — «вожык»)[5].
У 1574 годзе Алесандра атрымаў ад караля Філіпоўскае староства на мяжы Прусіі і Літвы[7]. Але праз няўдалае гаспадаранне і даўгі ён быў вымушаны пакінуць кіраванне і вярнуцца на вайсковую службу[7]. У 1577 годзе Алесандра ўдзельнічаў у паходзе караля Стэфана Баторыя на мяцежны Гданьск, пасля якога ён змог палепшыць свае фінансы[7].
У 1578 годзе Алесандра быў паслом польскага караля да венецыянскіх дожаў Нікола да Понтэ і Себасцьяна Веньера , а таксама, верагодна, быў у складзе пасольства Паўла Уханскага ў Папы Рымскага Рыгора XIII[7]. У Рыме атрымаў тытул графа Латэранскага палаца[7]; а ад дожаў атрымаў крэдыт на рыштунак двух караблёў для паставак збожжа, сала і лесу з Гданьска ў Верону і Венецыю[7]. У тым жа годзе Алесандра выдаў у друкарні Мацея Вежбенты ў Кракаве сваю асноўную працу — лацінамоўнае «Апісанне Сарматыі Еўрапейскай». Твор утрымліваў 203 лісты і складаўся з 7 кніг[7].
У 1579 годзе Мацей Стрыйкоўскі, былы падначалены Алесандра па службе ў Віцебску, абвінаваціў яго ў плагіяце свайго рукапісу[7]. 14 ліпеня 1580 года каралеўскі суд прызнаў правату Стрыйкоўскага[7]. Зрэшты скандал завяршыўся хутка і не адбіўся на статусе італьянца[8].
Браў удзел у войнах з Масковіяй, на працягу 14 гадоў (па іншых дадзеных — 18) быў ваенным камендантам Віцебска[9]. Алесандра ўручыў выданне «Апісання», надрукаванае ў Шпэеры, каралю Стэфану Баторыю на маскоўскай мяжы, у час паходу на Вялікія Лукі[8].
Апошнія гады жыцця правёў у Кракаве — сталіцы Рэчы Паспалітай. Гваньіні вылучаўся высокім узроўнем адукацыі і культуры, валодаў некалькімі мовамі (лацінаю, нямецкай, польскай), што адлюстравалася ў яго сачыненнях.
Дзейнасць Гваньіні ў ВКЛ застаецца не да канца высветленай не толькі ў беларускай, але і ў польскай і літоўскай гістарыяграфіях. Яго імя звязваюць з лацінамоўнай працай «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» (лац.: Sarmatiae Europeae descriptio, quae Regnum Poloniae, Lituaniam, Samogitiam, Russiam, Masoviam, Prussiam, Pomeraniam… complectitur) ― помнікам гістарыяграфіі XVI стагоддзя.
«Апісанне еўрапейскай Сарматыі» складзена А. Гваньіні на лацінскай мове ў першай палове 1570-х. Складаецца з чатырох частак, якія змяшчаюць звесткі з грамадзянскай гісторыі, па геаграфіі, побыце, звычаях і культуры Літвы, Польшчы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і татараў (напрыклад, артыкул «Спосаб узворванняў глебы і сеяння на Белай Русі»).
Выкарыстаныя розныя крыніцы, у тым ліку беларуска-літоўскія хронікі, а таксама матэрыялы з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага, які служыў пад кіраўніцтвам А. Гваньіні[3][10].
Хроніка была ўпершыню апублікавана ў 1578[3] у Кракаве аб’ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Была прысвечана каралю Стэфану Баторыю. Складалася з чатырох частак, у якіх былі выкладзены гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і татараў. Апісанне падзей было скончана на пахаванні Жыгімонта Аўгуста (1574).
Яшчэ тады Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні, што той прысвоіў сабе рукапіс Стрыйкоўскага і апублікаваў пад сваім прозвішчам. Кароль Стэфан Баторый выдаў дакумент, якім пацвердзіў уласнасць Стрыйкоўскага на працу (14 ліпеня 1580). Большасць гісторыкаў лічаць, што менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю, і што толькі смерць Стрыйкоўскага (канец 1580-х—пач. 1590-х гг.) дазволіла Гваньіні бесперашкодна карыстацца працай ад свайго імя. Аднак «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні і нават было перакладзена на польскую мову.
У 1581[3] хроніка была перавыдадзена ў Спіры (Германія), у 1583 у Італіі. У ВКЛ была вядомая дапоўненым кракаўскім польскамоўным выданнем 1611[3]. У першай палове XVII стагоддзя перакладзеная на беларускую мову.
Стала крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў XVII—XVIII стст. Першы твор, які пазнаёміў заходнееўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зместам вялікалітоўскіх агульнадзяржаўных хронік. Упершыню ў гэтым выданні былі змешчаны партрэты вялікалітоўскіх князёў. Хоць іх выявы былі цалкам выдуманыя і не мелі ніякай сувязі з сапраўдным выглядам князёў (а часам адзін і той самы малюнак ілюстраваў розных людзей), адлюстраваных з анахранічнай вопраткай і зброяй, партрэты вельмі моцна паўплывалі на будучыя выявы князёў. Дагэтуль яны застаюцца найбольш папулярнай крыніцай для ілюстрацыі гістарычных кніг.
Копіі хронікі захоўваюцца, сярод іншага, у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта і беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане[11].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.