From Wikipedia, the free encyclopedia
«Хроніка Еўрапейскай Сарматыі»[1] (польск.: Kronika Sarmacyey Europskiey), або «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (лац.: Sarmatiae Europeae descriptio) — помнік гістарыяграфіі эпохі феадалізму. Складзена А. Гваньіні ў першай палове 1570-х гг. на лацінскай мове. «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» стала першым творам, які пазнаёміў заходне-еўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зместам беларуска-літоўскіх агульнадзяржаўных хронік.
Заснавана на розных крыніцах, у тым ліку на беларуска-літоўскіх хроніках. Аўтар выкарыстаў таксама матэрыялы, сабраныя М. Стрыйкоўскім. У творы апісваюцца Польшча, Беларусь, Літва, Украіна, Расія, Татарыя і інш. краіны, прыводзяцца звесткі з грамадзянскай гісторыі, геаграфіі, пра побыт, звычаі і культуру народаў Еўропы, напрыклад, артыкул «Спосаб узорвання глебы і сяўбы на Белай Русі» і інш. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага выкладзена скарочана, пераважна паводле «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца[1].
Упершыню апублікавана ў 1578 годзе у Кракаве[1] аб'ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Была прысвечана каралю Стафану Баторыю. Складалася з чатырох частак, у якіх былі выкладзены гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памераніі, Масковіі і Татарыі. Апісанне падзей было скончана на пахаванні Жыгімонта Аўгуста (1574).
Яшчэ тады Мацей Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні, што той прысвоіў сабе яго рукапіс і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 года кароль Стафан Баторый выдаў дакумент, якім пацвердзіў уласнасць Стрыйкоўскага на працу. Большасць гісторыкаў лічаць, што менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю, і што толькі смерць Стрыйкоўскага (канец 1580-х—пач. 1590-х гг.) дазволіла Гваньіні бесперашкодна карыстацца працай ад свайго імя. Аднак «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні.
У 1581 у Спіры (Германія)[1] у друкарні Бернхарда Альбіна[2] выйшла 2-е, дапоўненае выданне; у 1583 надрукавана ў Італіі ў перакладзе на італьянскую мову[1].
На Беларусі і Украіне была вядома ў выданні на польскай мове (польск.: Kronika Sarmacyey Europskiey; друкарня Мікалая Лоба[2], Кракаў, 1611, непасрэднай крыніцай для гэтай рэдакцыі паслужыла «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Стрыйкоўскага), якое дапоўнена кароткім апісаннем Заходняй Еўропы, некаторых краін Блізкага Усходу, а таксама падзей у Польшчы, Вялікім Княстве Літоўскім і Расіі апошняй чвэрці XVI ст.[1]. Фаліянт (852 старонкі) складаецца з дзесяці частак-кніг, кожная з якіх мае асобны тытульны ліст, прадмову аўтара з прысвячэннем выдатным асобам Рэчы Паспалітай. Выданне вылучаецца насычаным шматлікімі гравюрамі афармленнем з выявамі гістарычных герояў і князёў, гербаў і батальных сцэн, бытавых замалёвак. У пачатку кнігі змешчаны партрэт і герб аўтара[2].
У першай пал. XVII ст. перакладзена на беларускую мову. Паслужыла крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў XVII—XVIII стст. На яе спасылаецца Трафім Сурта ў прадмове да «Магілёўскай хронікі».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.