Назва Volkswagen літаральна азначае «народны аўтамабіль», па-беларуску вымаўляецца Фальксва́ген.
У 2016 г. канцэрн стаў найбольшым аўтавытворцам у свеце паводле продажаў (11,9 % сусветных продажаў) і ўключаў 120 аўтазаводаў у 31 дзяржаве[6]. Кампанія займае 9 месца ў Fortune Global 500[7] (2019 год).
На 31 снежня 2016 г. Volkswagen AG размясціла на біржы 295 089 818 звычайных акцый і 206 205 445 прывілеяваных.
Правы голасу паводле прывілеяваных акцый размяркоўваліся наступным чынам: Аўтамабільны холдынг Porsche AG — 52,2 %, Урад зямлі Ніжняя Саксонія — 20 %, Інвестыцыйная ўправа Катару — 17 %, іншыя — 10,8 %[8].
На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» складаўся з 2 падраздзяленняў:
У 2016 г. на заводы канцэрна «Фальксваген» прыпала 11,9 % сусветных продажаў самаходаў, якія ажыццяўляліся ў 153 краінах. На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» меў 120 заводаў у 31 дзяржаве:
У маі 1937 года ў Берліне (Нямецкая дзяржава) «Нямецкі працоўны фронт» заснаваў ТАА «Таварыства падрыхтоўкі народнага аўтамабіля». У студзені 1938 г. пад Фалерслебенам (Паўднёвагановерска-Браўншвайская вобласць; цяпер Ніжняя Саксонія) пачалося будаўніцтва завода паводле ўзору аўтазавода «Форд» на рацэ Руж (штат Мічыган, ЗША). У Браўншвайгу сталі ўзводзіць вытворчасць аўтадэталяў.
16 верасня 1938 г. назву прадпрыемства змянілі на ТАА «Народны аўтамабільны завод», якое атрымала ўлік у гандлёвым рэгістры 18 кастрычніка.
У снежні 1939 г. завод атрымаў ад Паветраных войскаў Германіі заказ на рамонт знішчальнікаў «Юнкерс-88» і пастаўку паліўных бакаў і крылаў да іх.
З лета 1940 года ў вытворчасці сталі выкарыстоўваць пераважна прымусовую працу замежных нявольнікаў, сярод якіх пераважалі польскія жанчыны, ваеннапалонныя і вязні канцлагераў.
У 1941 г. паставілі 2-ю зборачную лінію для вырабу бяздзверных і вадаплаўных паўнапрывадных самаходаў для войска.
У 1943 г. вытворчасць пашырылі за кошт размяшчэння заказаў у захопленых землях Францыі. За 1940—1944 гады на заводзе вырабілі 66 285 ваенных самаходаў.
У 1944 г. іншаземцы з захопленых нямецкім войскам краін Еўропы складалі 2/3 работнікаў аўтазавода (каля 20 000 чалавека).
11 красавіка 1945 г. амерыканскае войска заняло горад, дзе размяшчаўся завод. У выніку вытворчасць ваеннага абсталявання спынілася[11].
27 снежня 1945 г. завод аднавіў вытворчасць седанаў «Фальксваген Жук» (ням.: Käfer). У сакавіку 1946 г. вытворчасць дасягнула 1000 самаходаў за месяц.
25 кастрычніка 1946 г. з’явіліся 2 першыя гандлёвыя прадстаўнікі, якія сталі збываць аўтамабілі насельніцтву праз 10 распаўсюднікаў і 28 прадаўцоў. У студзені 1947 г. адкрылася першая рамонтная майстэрня.
1 кастрычніка 1948 г. «Фальксваген» падаў заяўку на ўлік свайго таварнага знака ў выглядзе лацінскіх «літар V і W у крузе», які яшчэ ў 1937 г. распрацаваў інжынер рухавікоў «Поршэ» Франц Раймспіс (1900—1979).
У 1948 г. пачаўся экспарт у іншыя краіны Еўропы, дзе за год прадалі 4385 самаходаў: 1820 у Нідэрланды, 1380 у Швейцарыю, 1050 у Бельгію, 75 у Нарвегію, 55 у Швецыю і 5 у Данію. У 1949 г. экспарт вырас да 7127 аўтамабіляў (15 % вытворчасці).
30 чэрвеня 1949 г. заснавалі даччынае ТАА «Фінансаванне Фальксвагена», якое стала выдаваць 1-гадовыя пазыкі на набыццё аўтамабіляў.
8 кастрычніка 1949 г. Брытанскі ваенны ўрад перадаў ураду зямлі Ніжняя Саксонія кіраўніцтва прадпрыемствам, якое налічвала каля 10 000 супрацоўнікаў, вырабляла штомесяц 4000 самаходаў і назапасіла 30 млн нямецкіх марак.
У 1948—1949 гадах «Фальксваген» вырабіў каля паловы ўсіх аўтамабіляў у Заходняй Германіі[11].
У 1950 г. экспарт падвоіўся да 1/3 аўтамабіляў і ажыццяўляўся ў 18 краін, у тым ліку ўпершыню ў Паўднёвую Амерыку — 1253 самаходы паставілі ў Бразілію.
8 сакавіка 1950 г. пачалі выраб фургонаў «Транспарцёр», якія занялі 1/3 нямецкага рынка ў сваёй нішы. У выніку ў 1950-я гады «Фальксваген» стаў найбольшым экспарцёрам Германіі, чый самаход «Жук» стаў найбольш прадаваным. Адначасна адкрылі зборачныя заводы ў Бразіліі, Паўднёвай Афрыцы (1956 г.) і Аўстраліі (1957 г., Мельбурн). 11 верасня 1952 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген Канады» (Таронта). 23 сакавіка 1953 г. адкрылі вытворчае ТАА «Фальксваген Бразіліі» (Сан-Паўлу), якое ў ліпені пачало зборку седанаў «Фальксваген Жук». Пасля гэтага можна казаць пра ўзнікненне канцэрна «Фальксваген».
21 лістапада 1953 г. таварны знак прадпрыемства атрымаў улік у Патэнтнай службе Германіі.
21 ліпеня 1955 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген ЗША» (Нью-Ёрк), якое прадало за 1956 г. 42 884 «Жукоў» і 6666 «Транспарцёраў». Збытавая сетка ў ЗША складалася з 15 распаўсюднікаў і 342 прадаўцоў.
5 жніўня 1955 г. «Фальксваген» выпусціў мільённы самаход. У 1957 г. дзякуючы новаму заводу ў Гановеры выраб «Транспарцёраў» вырас на траціну да 91 993, 2/3 з якіх экспартавалі.
У верасні 1957 года ў Оснабруку (Ніжняя Саксонія) пусцілі вытворчасць кабрыялетаў «Карман-Гіа».
18 лістапада 1959 года ў Сан-Бернарду-ду-Сампу (штат Сан-Паўлу, Бразілія) адкрылі новы аўтазавод, дзякуючы якому ў 1960 г. продажы ў Бразіліі выраслі на 67 % да 47 320 самаходаў (41 % рынка). Лік супрацоўнікаў у Бразіліі перавысіў 8000 чалавек[11].
21 ліпеня 1960 г. Саюзны сход Заходняй Германіі зацвердзіў Закон «Аб перадачы правоў на паі ТАА „Народны аўтамабільны завод“ у прыватныя рукі», паводле якога 60 % паёў прадалі грамадзянам. Па 20 % паёў атрымалі Саюзны ўрад Германіі і Урад зямлі Ніжняя Саксонія. 22 жніўня 1960 г. «Фальксваген» атрымаў улік у гандлёвым рэестры ў якасці акцыянернага таварыства (АТ). Да 15 сакавіка 1961 г. 60 % паёў АТ прадалі за 360 млн нямецкіх марак, па 350 марак за пай. Выручаныя ад продажу паёў сродкі перавялі фонду «Фальксваген» (Гановер), які заснавалі для выдаткоўвання на распрацоўкі канцэрна.
У 1961 г. завод у Вольфсбургу пачынае запрашаць на працу замежных работнікаў, лік якіх да канца 1962 г. дасягнуў 4494, з іх 3188 (71 %) з Італіі.
2 кастрычніка 1961 г. завод у Гановеры выпусціў мільённы «Фальксваген Транспарцёр». За 1961 г. канцэрн «Фальксваген» вырабіў звыш млн самаходаў (1 007 113).
15 студзеня 1963 г. канцэрн атрымаў марскі карабель «Ёган Шульт», які мог перавозіць 1750 самаходаў.
У 1963 г. канцэрн «Фальксваген» стаў найбольшым у свеце экспарцёрам самаходаў, каля 60 % якіх прадалі за мяжу. На 31 снежня 1963 г. завод у Вольфсбургу наймаў 43 722 супрацоўнікі і мог за суткі выпусціць да 3300 легкавікоў. У 1964 г. экспарт у ЗША дасягнуў каля 330 000 аўтамабіляў, пасля 4-гадовага росту продажаў у сярэднім на 20 % штогод. У ЗША «Фальксваген Жук» атрымаў паноўнае становішча ў сваёй нішы.
15 студзеня 1964 года ў Мехіка заснавалі ААТ «Фальксваген Мексікі», якое ў лістападзе 1967 г. адкрыла новы завод у Пуэбле-дэ-Сарагоса. У выніку гадавыя продажы ў Мексіцы дасягнулі 22 220 аўтамабіляў (21,8 % рынка).
1 студзеня 1965 г. «Фальксваген» набыў у АТ «Даймлер-Бенц» яго даччынае ТАА «Аўта-Саюз» (Інгальштат, зямля Баварыя), якое мела збытавую сетку ў 1200 аўтакрамаў, 11 000 супрацоўнікаў і завод магутнасцю на 100 000 самаходаў за год. Набыты завод стаў вырабляць аўтамабілі «Аўдзі».
12 ліпеня 1965 г. стварылі ТАА «Вольфсбургскія перавозкі», якому перадалі 55 марскіх грузавых караблёў і 1700 супрацоўнікаў. Да канца года даччынае прадпрыемства перавезла звыш 168 000 аўтамабіляў.
У 1968 г. вытворчасць у Аўстраліі давялося спыніць, бо ўрад запатрабаваў да 1969 г. вырабляць аўтамабілі на 95 % з мясцовых дэталяў.
26 жніўня 1969 г. даччынае ТАА «Аўта-Саюз» злучылася з АТ «Некарсульмскі маторны завод» (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у АТ «Некарсульмскі Аўта-Саюз „Аўдзі“», дзе «Фальксваген» атрымаў 59,5 % паёў[11].
У 1970 г. продажы канцэрна ў ЗША дасягнулі каля 570 000 аўтамабіляў.
У сакавіку 1970 г. набылі найбольшае ў Германіі прадпрыемства аўтанайму «Самаходавы Саюз». 1 ліпеня 1970 г. адкрылі новы завод у Зальцгітэры (Ніжняя Саксонія), дзе 2000 з 5108 супрацоўнікаў выраблялі рухавікі, у тым ліку для «Аўдзі 100».
17 лютага 1972 г. вытворчасць «Жука» дасягнула 15 007 034 самаходаў, што зрабіла яго найбольш распаўсюджаным у свеце аўтамабілем.
14 чэрвеня 1973 г. заснавалі разам з югаслаўскім імпарцёрам «Уніс» сумеснае прадпрыемства «Аўтамабільны завод Сараева» (Вагошча; цяпер Боснія і Герцагавіна), на якім з 10 лістапада 1973 г. пачалі вырабляць аўтамабілі «Фальксваген».
За 1973 г. у Зальцгітэры вырабілі звыш 400 000 аўтамабіляў, у тым ліку з мая пачалі вырабляць частку седанаў Volkswagen Passat.
У выніку нафтавага крызісу 1973 года да 1975 г. продажы ўпалі на 40 % да 2,038 млн самаходаў. У ЗША да 1976 г. продажы скараціліся больш як удвая да 238 167 самаходаў.
21 чэрвеня 1976 года ў Зальцгітэры выпусцілі першыя 4-цыліндравыя дызельныя рухавікі абсягам у 1,5 літра. 31 ліпеня 1978 г. пусцілі завод у акрузе Уэстэрморланд (штат Пенсільванія), дзе сталі вырабляць самаходы «Фальксваген Гольф» для Паўночнай Амерыкі.
20 снежня 1978 года ў Мюнхене (Баварыя) заснавалі ТАА «МАН-Фальксваген» для вытворчасці лёгкіх грузавікоў з АТ «Машынабудаўнічы завод Аўгсбурга і Нюрнберга» (Обергаўзен).
У лістападзе 1978 г. «Фальксваген» падпісаў кантракт на пастаўку 10 000 самаходаў «Гольф» у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пры канцы 1978 г. збытавая сетка налічвала 10 600 прадпрыемстваў з больш як 211 000 супрацоўнікаў[11].
З 1980-х гадоў
У красавіку 1980 г. «Фальксваген» набыў у амерыканскага аўтавытворцы «Крайслер» (Пантыяк, штат Мічыган) даччынае прадпрыемстве ў Аргенціне.
16 лютага 1985 г. заснавалі зборачнае ТАА «Шанхайская аўтамабільная кампанія „Фальксваген“» (Кітай) сумесна з «Шанхайскай трактарна-аўтамабільнай карпарацыяй», што дазволіла «Фальксвагену» стаць найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі.
За 1985 г. еўрапейскія продажы канцэрна выраслі амаль на 24 % да каля 760 000 аўтамабіляў, што зрабіла «Фальксваген» найбольшым аўтавытворцам у Еўропе.
18 чэрвеня 1986 г. набылі 51 % паёў іспанскага аўтавытворцы «Сеат»[12].
4 ліпеня 1986 г. агульны сход пайнікаў змяніў назву АТ на «Народны аўтамабіль» («Фальксваген»).
1 ліпеня 1987 года ў Бразіліі стварылі сумеснае ТАА «Аўталаціна» з амерыканскім «Фордам», якое праіснавала да 1995 года[11].
6 лютага 1991 года ў Чанчуні стварылі з кітайскім «Першым аўтазаводам» ТАА «ПАЗ-Фальксваген», якое ў снежні 1994 г. адкрыла новы завод магутнасцю на 150 000 седанаў Volkswagen Jetta.
16 красавіка 1991 г. «Фальксваген» набыў 30 % чэхаславацкага аўтамабільнага АТ «Шкода», кантрольны пакет акцый якога атрымаў 19 снежня 1994 года[12].
17 лістапад 1995 г. АТ «Фальксваген Аргенціны» адкрыў новы завод у Пачэка магутнасцю на 150 000 самаходаў, дзе сталі вырабляць мадэлі «Гольф» і «Пола».
У 1997 г. «Фальксваген Бразіліі» вырабіў 609 000 аўтамабіляў і наймаў звыш 31 000 супрацоўнікаў.
15 жніўня 1998 г. набылі ТАА «Саксонскія аўтамабілі», якому належалі 3 заводы ў Айзенаху (зямля Цюрынгія), Мозэлі (частка Цвікаў) і Кемніцы, што з 1990 г. былі сумеснымі прадпрыемствамі.
Цягам 1998 г. «Фальксваген» набыў адразу 3-х замежных аўтавытворцаў Еўропы: «Бэнтлі», «Ламбаргіні» і «Бугаці».
25 жніўня 1999 года ў Палькавіцэ (Ніжнесілезскае ваяводства) адкрылі завод ТАА «Матор Польшчы» магутнасцю на 540 000 рухавікоў за год[11].
У 2000 г. канцэрн «Фальксваген» упершыню вырабіў і прадаў звыш 5 млн аўтамабіляў.
За 2003 г. у Кітаі прадалі 698 000 аўтамабіляў «Фальксваген», вырабленых у Шанхаі і Чанчуні, што зрабіла канцэрн найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. 22 кастрычніка 2007 г. У 2007 г. продажы ў Кітаі выраслі на 28 % да звыш 900 000 самаходаў, што зрабіла Кітай найбольшым рынкам для канцэрна «Фальксваген».
28 лістапада 2007 года ў Калузе (Расія) ТАА «Фальксваген Рус» адкрыла 48-ы завод канцэрна, які стаў 33-й вытворчасцю самаходаў канцэрна і меў магутнасць у 150 000 аўтамабіляў за год.
У 2009 г. ТАА «Фальксваген Індыі» адкрыў у Пуне (штат Махараштра) завод коштам 580 млн еўра і магутнасцю 110 000 самаходаў за год[11].
14 лютага 2014 года «Фальксваген» пачаў прадаваць у Германіі свой першы электрамабіль «е-Гольф» па цане ад €34 900 ($47 800). Магутнасць літ-іоннага акумулятара складала 26,5 кілават-гадзіна, што дазваляла праехаць да 134 км на адным зарадзе. Да канца года ў Заходняй Еўропе прадалі 3328 такіх электрамабіляў. У 2017 годзе яго цана ўпала да $29 000[13], а магутнасць акумулятара вырасла да 35,8 кілават-гадзіна (144 км язды).
18 верасня 2015 года Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (ААНА ЗША) выкрыла, што звыш 428 000 аўтамабіляў «Фальксваген», якія прадалі ў краіне за апошнія 6 гадоў, выкідвалі ў паветра 40-кратна больш шкодных рэчываў за дапушчальны ўзровень. Махлярства з выпрабаваннем на шкодныя выкіды ажыццявілі пры дапамозе апраграмавання, што заніжала паказчыкі да прымальнага ўзроўню. Выкрытая праграма стаяла на 11 млн аўтамабіляў у свеце з 2-літровым дызельным рухавіком EA189, якія былі на мадэлях «Фальксваген Гольф», «Джэта», «Жук» і «Пасат», «Аўдзі А3» і «Шкода Актавія». У выніку за тыдзень АТ «Фальксваген» вылучыла $7,3 млрд на спагнанні і страціла на біржы 26 % рыначнай вартасці — 25 млрд еўра (падзенне да ўзроўню 2012 года)[14]. У Еўропе знаходзілася 8 млн дызельных аўтамабіляў (73 % ад 11 млн), у якіх перавышаў узровень выкідаў аксіду азоту і вуглякіслага газу і якія адпаведна падлягалі рамонту[15]. 28 чэрвеня 2016 года на «Фальксваген» у ЗША наклалі спагнанне ў памеры $15 млрд, з якіх $10 млрд прызначаліся на рамонт і выкуп ва ўласнікаў больш як 428 000 дызельных аўтамабіляў. Астатнія $5 млрд выплочваліся ААНА ЗША на даследаванне шкоднага ўздзеяння дызельных рухавікоў EA189[16].
За 2016 г. продажы канцэрна «Фальксваген» павялічыліся да 10 391 113 аўтамабіляў (11,9 % сусветнага рынку).
11 студзеня 2017 года федэральны суд ЗША задаволіў позву Міністэрства юстыцыі ЗША аб спагнанні з «Фальксвагена» яшчэ $4,3 млрд пасля прызнання ў парушэнні Закону «Аб чыстым паветры» 1963 года. З улікам ранейшых выплатаў за махлярства з выкідамі ад дызельных рухавікоў EA189 агульныя страты дасягнулі $19,2 млрд[17].
Антон П’ех (чэрвень 1941 — 11 красавіка 1945)
Рудольф Брорман (красавік — чэрвень 1945)
Іван Гірст (чэрвень 1945 — 31 снежня 1947)
Генрых Нордгоф (1 студзеня 1948 — 12 красавіка 1968)
Курт Лёц (1 мая 1968 — 13 верасня 1971)
Рудольф Ляйдынг (13 верасня 1971 — 1 студзеня 1975)