Спіс лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па хіміі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Но́белеўская прэ́мія па хі́міі (шведск.: Nobelpriset i kemi) — найвышэйшая ўзнагарода за навуковыя дасягненні ў галіне хіміі, якая штогод прысуджаецца Шведскай каралеўскай акадэміяй навук у Стакгольме. Адна з пяці Нобелеўскіх прэмій, заснаваных у 1895 годзе паводле запавету шведскага хіміка Альфрэда Нобеля, які памёр у 1896 годзе. Гэтыя прэміі прысуджаюцца за выдатныя заслугі ў галінах хіміі, фізікі, літаратуры, міру і фізіялогіі або медыцыны[1]. У адпаведнасці з запаветам Нобеля прэмія знаходзіцца ў падпарадкаванні Фонду Нобеля і прысуджаецца камісіяй з пяці членаў, якія выбіраюцца Шведскай каралеўскай акадэміяй навук[2]. Лаўрэатам першай Нобелеўскай прэміі па хіміі ў 1901 годзе стаў Якаб Хендрык вант Гоф з Нідэрландаў. Кожны лаўрэат атрымлівае медаль, дыплом і грашовы прыз, які змяняецца з цягам часу[3]. У 1901 годзе вант Гоф атрымаў 150 782 шведскія кроны, што ў снежні 2008 года было эквівалентна 7 731 004 шведскім кронам. Пачынаючы з 2001 года кожная грашовая ўзнагарода складала 10 мільёнаў шведскіх крон. Прэмія ўручаецца на штогадовай цырымоніі 10 снежня, у гадавіну смерці Альфрэда Нобеля[4].
Па меншай меры 25 лаўрэатаў атрымалі Нобелеўскую прэмію за ўклад у галіне арганічнай хіміі — больш, чым у любой іншай з абласцей хіміі[5]. Двум пераможцам Нобелеўскай прэміі па хіміі, немцам Рыхарду Куну (1938) і Адольфу Бутэнанту (1939), урад не дазволіў атрымаць прэмію. Пазней яны атрымалі медалі і дыпломы, але не грошы. Фрэдэрык Сенгер з’яўляецца адным з двух лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, які атрымаў прыз двойчы ў адной галіне ў 1958 і 1980 гадах. Другім з’яўляецца Джон Бардзін, які атрымліваў Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 1956 і 1972 гадах. Яшчэ двое вучоных станавіліся Нобелеўскімі лаўрэатамі і па хіміі, і ў іншай галіне: Марыя Складоўская-Кюры (атрымала Нобелеўскія прэміі па фізіцы ў 1903 годзе і па хіміі ў 1911 годзе) і Лайнус Карл Полінг (атрымаў Нобелеўскую прэмію па хіміі ў 1954 годзе і прэмію міру ў 1962 годзе)[6]. З 1901 года Нобелеўская прэмія не прысуджалася толькі 8 разоў: у 1916, 1917, 1919, 1924, 1933, 1940, 1941 і 1942 гадах. Па стане на 2016 год прэмію атрымлівалі 175 вучоных, з якіх толькі чатыры былі жанчынамі: Марыя Складоўская-Кюры (1911), Ірэн Жаліё-Кюры (1935), Дораці Кроўфут-Ходжкін (1964) і Ада Ёнат (2009)[7]. Самым маладым лаўрэатам прэміі на момант атрымання стаў Фрэдэрык Жаліё-Кюры ва ўзросце 35 гадоў у 1935 годзе, а самым узроставым быў лаўрэат 2002 года Джон Фен, якому на момант прысуджэння было 85 гадоў[8].