(1050—1106) імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі From Wikipedia, the free encyclopedia
Генрых IV (ням.: Heinrich IV; 11 лістапада 1050, Гослар, Германія — 7 жніўня 1106, Льеж, Бельгія) — германскі кароль, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, прадстаўнік Салічнай дынастыі.
Генрых IV | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
ням.: Heinrich IV | |||||||
|
|||||||
Каранацыя | 17 ліпеня 1054, Ахенскі сабор, Германія | ||||||
Сумесна з | Генрых III (лістапад 1053 — 5 кастрычніка 1056) | ||||||
Папярэднік | Генрых III | ||||||
Пераемнік | Генрых V | ||||||
|
|||||||
Каранацыя | 31 сакавіка 1084, сабор Святога Пятра, Рым, Італія | ||||||
Папярэднік | Генрых III | ||||||
Пераемнік | Генрых V | ||||||
Нараджэнне |
11 лістапада 1050 |
||||||
Смерць |
7 жніўня 1106 (55 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Салічная дынастыя | ||||||
Бацька | Генрых III Чорны | ||||||
Маці | Агнеса дэ Пуацье | ||||||
Жонка | Берта Савойская[d][1] і Еўпраксія-Адэльгейда[1] | ||||||
Дзеці | Агнэса Нямецкая[d][1], Конрад II, кароль Італіі[2] і Генрых V[1] | ||||||
Веравызнанне | хрысціянства | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Спрабуючы, як і яго продкі, усталяваць непадзельную ўладу над усёй імперыяй, ён першым з імператараў уступіў з Папствам у барацьбу за інвестытуру, па выніках якой не змог атрымаць у ёй перамогу (прыніжэнне ў Каносе). З вялікімі намаганнямі зладзіўшы са шматлікімі мецяжамі, Генрых IV быў адхілены ад улады сваім уласным сынам. Ён памёр, быўшы пракляты і клірыкамі, і васаламі: першымі — як чалавек, які кінуў выклік прадстаўніку Бога на зямлі, другімі — як кіраўнік, які паквапіўся на правы і прывілеі сваіх падданых.
Генрых нарадзіўся ў імператарскім палацы ў Гослары. Яго бацькі, імператар Генрых III і Агнеса дэ Пуацье, ужо выхоўвалі трох дочак і вельмі жадалі хлопчыка. Генрыху III споўнілася 33 гады, калі, нарэшце, жонка нарадзіла яму доўгачаканага[3] спадчынніка трона. Нованароджаны атрымаў імя Конрад — у гонар свайго дзеда, Конрада II. Аднак пад уплывам сябра і саветніка імператарскай сям’і абата Клюні Гуга, хлопчыка назвалі Генрыхам. Хрышчэнне адбылося на Вялікдзень 1051 года ў Кёльне. Хросным бацькам будучага імператара выступіў усё той жа Гуга, актыўны прыхільнік Клюнійскай рэформы, якую падтрымліваў і Генрых III. Імя ж Конрад дасталася малодшаму брату нованароджанага, будучаму герцагу Баварыі, які нарадзіўся праз два гады.
Яшчэ да хрышчэння, на Раство 1050 года, Генрых III запатрабаваў ад падданых даць прысягу будучаму імператару. Праз тры гады, у лістападзе 1053 года, трохгадовы Генрых быў выбраны каралём на сейме ў Трэбуры. Прысутныя на сейме князі зрабілі, зрэшты, абмоўку: служыць новаму імператару яны былі гатовыя толькі ў тым выпадку, калі ён праявіць сябе сапраўдным кіраўніком.
Праз месяц Генрыху IV было падаравана герцагства Баварскае, якое належала яму ўсяго паўгады: 17 ліпеня 1054 года архібіскуп Герман урачыста ўсклаў на яго каралеўскую карону ў Ахене, а Баварыя адышла да яго малодшага брата Конрада.
На Раство 1055 года пяцігадовы Генрых быў заручаны ў Цюрыху з Бертай з Турына. Звязаўшы свайго сына сувяззю шлюбу з Каноскай дынастыяй, Генрых III паспрабаваў такім чынам стварыць палітычную процівагу ў барацьбе са сваім сапернікам Готфрыдам Барадатым.
Незадоўга да сваёй смерці (5 кастрычніка 1056) Генрых III вымусіў імперскіх князёў яшчэ раз прысягнуцца свайму сыну і, ужо знаходзячыся на смяротным ложы, перадаў яго пад абарону Папы Рымскага Віктара II. Дзякуючы Віктару II, улада бесперашкодна перайшла да юнага караля і яго маці Агнесы: Папа змог прымірыць імператарскую сям’ю з Готфрыдам Барадатым, ізноў каранаваў маленькага Генрыха IV у Ахене і паклапаціўся пра тое, каб і паўднёванямецкія князі прысягнуліся Генрыху на вернасць. У лютым 1057 года Віктар вярнуўся ў Італію, дзе неўзабаве памёр.
Аднак усе засцярогі, прадпрынятыя Генрыхам III і Віктарам II, не гарантавалі юнаму Генрыху бясхмарнага кіравання.
Фармальная ўлада ў перыяд з 1056 да 1061 год знаходзілася ў руках маці Генрыха IV, Агнесы з Пуацье, — жанчыны, якая не валодала дарам кіравання і хутка страціла асноўныя рычагі ўплыву. Так, у 1060 годзе яна не змагла звярнуць на сваю карысць барацьбу за венгерскі трон, а выбар Папы Аляксандра II і антыпапы Ганорыя II прывёў да чарговага расколу і супрацьстаяння паміж Прастолам Святога Пятра і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Агнеса лёгка раздавала ленныя ўладанні нямецкім князям: Рудольф Райнфельдэнскі атрымаў герцагства Швабскае і права кіраваць Бургундыяй, Атон Нортгаймскі — герцагства Баварскае, Бертольд I — герцагства Карынтыйскае. Пазней, калі ўжо паўналетні Генрых IV паспрабуе аднавіць свой кантроль над гэтымі страчанымі яго маці ўладаннямі, а гэтыя герцагі стануць ворагамі імператара.[4]
У 1061 годзе маці Генрыха сышла ў манастыр ад цяжкіх для яе дзяржаўных спраў, аднак пастрыжэнне не прыняла. Стырны кіравання рашуча ўзяў у свае рукі архібіскуп кёльнскі Ана II, прычым яго рашучасць выказалася ў выкраданні маладога караля. У красавіку 1062 года Генрых разам з маці спыніліся ў палацы ў мястэчку Кайзерверт (сёння — адзін з раёнаў Дзюсельдорфа), дзе яны і сустрэліся з кёльнскім архібіскупам. Ана запрасіў адзінаццацігадовага кіраўніка наведаць раскошны карабель. Тое, што перажыў тады хлопчык, апісаў летапісец Ламперт Герсфельдскі:
Ледзь ступіўшы на судна, ён быў акружаны памочнікамі Ана, а частка з іх налягла на вёслы на ўсе жылы — ды так, што вокамгненна карабель апынуўся ў самым цэнтры ракі. Кароль, разгубіўшыся ад нечаканасці, не мог вырашыць інакш, што яго жадаюць пазбавіць кароны і жыцця, і кінуўся ў раку, дзе ледзь не патануў, — не прыйдзі яму на дапамогу граф Эгберт [Эгберт Браўншвайгскі], які скокнуў услед і выратаваў ад непазбежнай гібелі, выцягнуўшы назад на карабель[5].
Ана адвёз караля ў Кёльн, дзе шантажом вымусіў яго маці выдаць імператарскія інсігніі. Так дзяржаўная ўлада перайшла ў рукі змоўшчыкаў, да якіх — апроч ужо згаданых Ана Кёльнскага і графа Эгберта Браўншвайгскага — належалі таксама Атон Нортгаймскі, архібіскупы Зігфрыд Майнцкі і Адальберт Брэменскі. Абодва прэлаты, Ана і Адальберт, скарысталіся сваім новым становішчам для ўласнага ўзбагачэння. Маладому каралю заставалася толькі назіраць, як свецкія і духоўныя князі бессэнсоўна пускаюць на вецер дзяржаўную казну. Несумнеўна, усе гэтыя падзеі аказалі моцны ўплыў на фарміраванне характару і ўчынкі будучага імператара. Чакаць засталося нядоўга.
29 сакавіка 1065 года Генрых быў прысвечаны ў рыцары і, такім чынам, прызнаны паўналетнім. Пятнаццацігадовы юнак неадкладна звярнуў свой меч, якім яго толькі што падпярэзалі, супраць архібіскупа кёльнскага. Дакладна, Ана павінен быў кожную імшу маліцца за Агнесу, якая ўтрымала свайго сына ад сляпой помсты і забойства. Генрых абмежаваўся тым, што вярнуў сабе вярхоўную ўладу. Пры гэтым Адальберт Брэменскі, саўдзельнік Ана, стаў найбліжэйшым саветнікам Генрыха. Аднак ужо ў 1066 года на рэйхстагу ў Трыбуце Ана і Зігфрыд Майнцкі запатрабавалі ад князёў выгнаць Адальберта Брэменскага з краіны, што і было зроблена. Не выключана, што Ана разлічваў такім чынам заняць месца саветніка караля, аднак гэтага не адбылося. Ніякага ўплыву на караля Ана Кёльнскі ў далейшым не меў.
Атрымаўшы рэальную ўладу, Генрых — па савеце Адальберта — пачаў збіраць страчаныя ў перыяд рэгенцтва нямецкія землі ў раёне горнага масіва Гарца (тэрыторыя сучаснай Ніжняй Саксоніі, Саксоніі-Анхальта і Цюрынгіі). У перыяд з 1065 па 1074 год ён заклаў некалькі гарадоў, куды запрашаў міністэрыялаў са Швабіі, разглядаючы іх як галоўную апору ў далейшай барацьбе за вяртанне страчаных зямель і аб’яднанне каралеўства.
Мясцовае насельніцтва было незадаволена палітыкай караля, папракаючы новых гаспадароў у парушэнні правоў і прыгнёце. Дваранства Саксоніі не выпусціла свайго шанцу і, аб’яднаўшыся з абуранымі сялянамі і гараджанамі, запатрабавала ад караля вярнуць усе ўладанні. Генрых адмовіўся. У Саксоніі, а затым Швабіі, Карынтыі і Баварыі ўспыхнулі паўстанні. Улетку 1073 года саксонцы пад правадырствам Ота Нортгаймскага і біскупа Бурхарда II Гальберштацкага ўзялі ў аблогу Гарцбург, дзе знаходзіўся імператар. Генрыху ўдалося бегчы з абложанага горада і схавацца ў Вормсе. Ён быў вымушаны прызнаць патрабаванні паўсталых і пагадзіцца на мірны дагавор, які быў заключаны 2 лютага 1074 года. Аднак саксонцы разрабавалі захоплены Гарцбург, пасля чаго канфлікт разгарэўся з новай сілай. Імператар сабраў войска і 9 чэрвеня 1075 года пад Гомбургам на рацэ Унструт даў рашучую бітву, у якой разбіў саксонцаў.
Не паспеў кароль утаймаваць свавольных саксонцаў, як яго чакаў іншы канфлікт, куды больш сур’ёзны і зацяжны — барацьба за інвестытуру, якая пачалася ў 1075 годзе, а скончылася ў 1122 годзе Вормскім канкардатам.
Звяржэнне ў 1045—1046 гадах Генрыхам III Папаў Рымскіх Бенедыкта IX, Грыгорыя VI і Сільвестра III (сіноды ў Сутры і Рыме) і выбар Папам біскупа Судгера з Бамберга (Клімента II) стала пачаткам пераўтварэння інстытута папства. На першы план выйшла барацьба з сіманіяй, якую Папы-рэфарматары разглядалі ў якасці асноўнай задачы ў кантэксце царкоўнай рэформы. Паняцце «сіманія», якое было ўведзена ў абарот Гумбертам з Сільвіі Кандзіды і першапачаткова разумелася як продаж духоўных інсігній і пасад за грошы, пазней стала ўключаць з і продаж зямельных уладанняў (ленаў) у абмен на царкоўную пасаду. На шматлікіх сінодах ад духавенства неаднаразова патрабавалася ні ў якім разе не раздаваць пасады ні за падораныя, ні за набытыя лены. Акрамя таго, у сярэдзіне XI стагоддзя духавенства звярнулася да ідэалаў беднаты і чысціні ў апостальскім сэнсе, — у гэты перыяд быў уведзены інстытут цэлібату, які аўтаматычна апярэджваў магчымасць перадачы зямель па спадчыне.
Рэфарматары параўноўвалі ленную інвестытуру з сіманіяй па дзвюх прычынах: па-першае, цырымонія інвестытуры ўяўляла сабой рытуал, шмат у чым аналагічны цырымоніі перадачы ленаў; па-другое, праглядаліся відавочныя паралелі ў прызначэннях клірыкаў у цэрквах, пры якіх уладальнік зямель аўтаматычна разглядаўся і як адзіны ўладальнік царквы ў сваіх уладаннях, які прызначаў не толькі на свецкія, але і на духоўныя пасады. Адпаведна, у архібіскупствах і біскупствах выбраным кандыдатам біскупскі пярсцёнак і посах уручаў кароль, падчас т.зв. працэдуры «Інвестытура з пярсцёнкам і посахам».
Сітуацыя абвастрылася, калі Генрых IV вырашыў прызначыць міланскім біскупам адлучанага ад царквы Папам Аляксандрам II клірыка. Мілан на той момант з’яўляўся радзімай рэлігійнага радыкальнага руху «Патарыя» кіраўнік якога, рыцар Эрлембальд , насуперак рашэнню караля ўзвёў у сан біскупа ўласнага стаўленіка Атана.
Пасля смерці Эрлембальда Генрых, насуперак сваім абяцанням, пасадзіў у верасні 1075 года на біскупскі прастол у Мілане Тэдальда і, акрамя таго, двух біскупаў у Спалета і Ферма. У адказ на гэта на сінодзе ў Рыме Грыгорый VII абвясціў змест Dictatus papae, дзе сцвярджаў прымат духоўнай улады над свецкай і, акрамя таго, паслаў каралю гнеўны ліст, у якім у рэзкіх выразах запатрабаваў ад імператара паслухмянства:
Біскуп Грыгорый, раб рабоў Божых, каралю Генрыху апостальскае блаславенне — пры ўмове, што ён падпарадкоўваецца Святому Прастолу, калі ён сябе прылічае да каралёў хрысціянскіх![6]
З гэтага супрацьстаяння пачаліся адносіны паміж дзвюма яркімі гістарычнымі асобамі — Генрыхам IV і Грыгорыем VII.
У студзені 1076 года ў Вормсе імператар Генрых сабраў біскупаў на рэйхстаг. Большасць нямецкіх і ламбардскіх прэлатаў абвясцілі пра непаслушэнства Папе Грыгорыю і абвясцілі яго зрынутым. Паколькі біскупы і архібіскупы адчувалі сябе не толькі духоўнымі асобамі, але і адначасова імперскімі князямі, якія мелі ганаровыя прывілеі, у жаданні Папы размяркоўваць царкоўныя пасады яны ўбачылі непасрэдную пагрозу і для сябе, і для дзяржаўна-царкоўнай сістэмы (ням.: Reichskirchensystem), якая пачала фарміравацца яшчэ пры Саксонскай дынастыі, а таксама пагрозу дзяржаўнай уладзе. У Вормсе 24 студзеня быў складзены ліст у адказ Грыгорыю з патрабаваннем пакінуць папскі прастол.
У якасці законнага абгрунтавання адзначалася, што Грыгорый быў выбраны не легітымным шляхам — не адпаведна закону аб абранні Пап, усталяванага ў 1059 годзе, але рымскім народам. Акрамя таго, Генрых як патрыцый Рыма меў права прызначаць Папу ці, прынамсі, зацвярджаць выбранага кандыдата. Гэтага, аднак, не адбылося. У дадатак, — дадаў у лісце Генрых, — Грыгорый парушыў клятву ніколі не абірацца ў Папы і, як вядома, меў даверныя адносіны з жанчынамі.
Генрых, не па ўзурпацыі, але па свяшчэннай волі Божай кароль, — Гільдэбранду, не папе, але вераломнаму манаху. […] Гэта прывітанне ты заслужыў, сейбіт варожасці, ты, каго праклінаюць, — замест таго, каб бласлаўляць у кожнай святой мясціне і царкве… Архібіскупаў, біскупаў і святароў ты топчаш, нібы рабоў, пазбаўленых волі… Хрыстос заклікаў нас на трон імперыі, але не цябе на папскі прастол. Ты заняў яго хітрасцю і зманам, забыўшы свае манаскія зарокі, ты з дапамогай золата набыў заступнікаў, з дапамогай заступнікаў — войска, і з дапамогай войска — прастол свету, і, заняўшы яго, ты парушыў мір…[…] Я, Генрых, ласкай божай кароль, з усімі нашымі біскупамі заклікаю да цябе: «Падзі, падзі!»[7]
Грыгорый VII на Сінодзе ў Рыме ён абвясціў пра звяржэнне Генрыха і яго адлучэнні ад царквы, абгрунтаваўшы гэта тым, што Генрых паўстаў супраць Царквы і таму не можа быць каралём. І дадаў: тыя ж, хто адмовяць у паслухмянстве Папе Рымскаму як прадстаўніку Бога на зямлі і працягнуць зносіны з адлучаным кіраўніком, будуць пазбаўлены ўсіх уладных паўнамоцтваў. Такім чынам, усе падданыя Генрыха былі вызвалены ад прысягі на вернасць, якую яны прынеслі яму раней.
Пасля адлучэння Генрыха многія нямецкія князі, якія былі раней яго прыхільнікамі, адступіліся ад яго і запатрабавалі на дзяржаўным сходзе ў Трэбуры ў кастрычніку 1076 гады вырашыць гэту праблему да лютага наступнага года. Было вырашана, што 2 лютага 1077 года ў Аўгсбургу павінны будуць адбыцца выбары новага імператара, на якія, магчыма, прыбудзе і Папа Грыгорый. У Генрыха заставалася ўсяго тры месяцы, каб здзейсніць немагчымае. У снежні 1076 года зрынуты кароль адправіўся з невялікай колькасцю суправаджальнікаў праз заснежаныя Альпы ў Італію. Ворагі спрабавалі яго затрымаць, заблакаваўшы горныя пераходы. Генрыху прыйшлося ісці ў абыход, праз Бургундыю, губляючы на дарогу каштоўныя дні.
Грыгорый жа, асцерагаючыся з’яўлення ў Італіі не толькі Генрыха, але і ўсяго нямецкага войска, вярнуўся ў добра ўмацаваную крэпасць у Каносе, якая належала яго прыхільніцы маркграфіні Мацільдзе Тасканскай. Даведаўшыся пра гэта, Генрых дамовіўся з Мацільдай і сваім хросным бацькам Гуга з Клюні, каб яны арганізавалі яму сустрэчу з Папам. Ва ўрачыстасць звароту Св. Паўла, 25 студзеня 1077 года, Генрых басанож у валасяніцы стаяў пад сценамі Каносы, чакаючы рашэнні Грыгорыя. Яго ён атрымаў толькі праз тры дні: 28 студзеня Грыгорый, да расчаравання германскіх князёў, якія ўжо ўяўна каранавалі свайго стаўленіка, зняў няміласць са свайго праціўніка.
Апазіцыя не збіралася здаваць свае пазіцыі. Ужо 15 сакавіка 1077 года ў Форгайме, у прысутнасці папскіх легатаў, Генрых ізноў быў абвешчаны зрынутым, а антыкаралём быў выбраны Рудольф Райнфельдэнскі. 26 сакавіка адбылося яго памазанне на царства. У прысутнасці князёў, якія ўзвялі яго на трон, Рудольф пакляўся ні ў якім разе не звяртацца да практыкі сіманіі. Акрамя таго, ён павінен быў саступіць князям права выбару свайго пераемніка, што паклала б канец традыцыі атрымання прастола па крыві.
Генрых IV, адноўлены ў сваіх законных правах, па-ранейшаму абапіраўся на дробнамаянтковае дваранства, міністэрыялаў і імперскія гарады, якім ён дараваў розныя прывілеі. Прасоўванне па сацыяльнай лесвіцы першапачаткова несвабодных міністэрыялаў выклікала абурэнне сярод князёў. На баку Рудольфа ў апазіцыі Генрыху апынуліся пераважна свецкія імперскія князі. Папа ж, згодна з пагадненнем у Каносе, першыя часы прытрымліваўся нейтралітэту.
Спачатку Генрых абвясціў Рудольфа па-за законам. Гэта адбылося ў чэрвені 1077 года, гэта значыць праз пару месяцаў пасля абрання Рудольфа. У адказ на гэта Рудольф рушыў да Генрыха IV ужо на чале саксонскай арміі. Праціўнікі сустрэліся 7 жніўня 1078 года на полі пад Мельрыкстатам. Архібіскуп Магдэбургскі быў забіты падчас бітвы, архібіскупы Майнцкі і Вормскі патрапілі ў палон да караля. Быў таксама ўзяты ў палон герцаг Саксонскі Магнус. Тым не менш, Генрых першую бітву прайграў. Як і другую, якая адбылася 27 студзеня 1080 года пад Флархгаймам. Аднак у трэцяй бітве, у ваколіцах Гоэнмёльзена, Рудольф страціў правую руку і атрымаў цяжкае раненне ў жывот. Праз суткі, 15 кастрычніка 1080 года ён сканаў.
Мяцежнікам прыйшлося прыкласці нямала высілкаў для пошуку новай кандыдатуры на пасаду антыкараля. Спатрэбіўся прынмсі год, каб князі сышліся на асобе Германа Зальмскага, які ў 1081 годзе быў выбраны ў Оксенфурце антыкаралём саксонцамі і швабамі і 26 снежня каранаваны ў Гослары архібіскупам Зігфрыдам I Майнцкім. Па вяртанні з Італіі Генрых разам з войскам тут жа накіраваўся наводзіць парадак у Саксоніі. Яму ўдалося прасунуцца да Магдэбурга. Герман бег у Данію, не прыняўшы бітвы, вярнуўся адтуль і ў 1086 годзе, разам з герцагам Вельфам IV, напаў на імператара пад Плайхфельдам на Майне, а затым аблажыў Вюрцбург. Для яго вызвалення з вялікай войскам прыйшоў імператар, але саксонскія мяцежнікі, якія вымусілі караля ўцякаць, узялі горад. У 1088 годзе Герман Зальмскі вярнуўся ў свае ўладанні, дзе ў верасні таго ж года бясслаўна загінуў у міжусобнай вайне.
У сакавіку 1080 года Грыгорый VII ізноў адлучыў караля, які высунуў у якасці кандыдата на папскі прастол архібіскупа Віберта з Равены, які ўзяў імя Клімент III. Віберт быў выбраны нямецкімі і ламбардскімі біскупамі 25 чэрвеня 1080 года.
Нямецкае ж грамадства раздзіралі глыбокія супярэчнасці. Адначасова з каралём Генрыхам кіраваў антыкароль Рудольф, адначасова з Папам Грыгорыем — антыпапа Клімент. У герцагствах ішла бязлітасная барацьба за ўладу. Пасля таго, як Генрых перамог Рудольфа, ён накіраваўся ў Рым, каб аказаць дапамогу свайму стаўленіку. Тройчы абложваючы горад, ён, нарэшце, змог заняць яго ў сакавіку 1084 года. У перапынках паміж аблогамі Генрых павінен быў час ад часу вяртацца ў Паўночную Італію — як для абароны раёнаў, якія знаходзіліся пад заступніцтвам імператара, так і для барацьбы з Мацільдай Тасканскай, даверанай асобай Грыгорыя і галоўным сапернікам імператара ў гэтай частцы Італіі.
Пасля ўзяцця Рыма Клімент III быў 24 сакавіка 1084 года ўзведзены на папскі прастол. Гэта падзея стала пачаткам новай схізмы, якая доўжылася да 1111 года — канца кіравання антыпапы Сільвестра IV.
Праз тыдзень, у велікодную нядзелю 31 сакавіка 1084 года Клімент III каранаваў Генрыха і яго жонку Берту імператарскай каронай. Грыгорый VII тым часам змог умацавацца ў Замку Святога Анёла і разлічваў на ўмяшанне нарманаў, якія пад правадырствам Роберта Гвіскара і пры падтрымцы сарацынаў рухаліся ў бок Рыма. Войска Генрыха, якое было сур’ёзна саслаблена і не мела магчымасці аказаць супраціўленне, было вымушана адступіць. Нарманы вызвалілі Грыгорыя, разрабавалі і падпалілі Рым. Гнеў рымлян супраць саюзнікаў Папы Рымскага быў такім вялікім, што Грыгорый VII, асцерагаючыся новага паўстання гараджан, бег у Салерна, дзе памёр 25 мая 1085 года.
Непасрэдна пасля каранацыі Генрых пакінуў Рым і рушыў на Аўгсбург, дзе яму ўдалося зноў умацаваць свае пазіцыі. Дзякуючы граматнаму выкарыстанню інвестытуры ён ізноў знашоў апору сярод біскупаў.
У 1087 годзе Генрых каранаваў свайго старэйшага сына Конрада, даўшы яму тытул кароль Германіі.
14 жніўня 1089 года ў Кёльне адбыўся шлюб Генрыха з дачкой кіеўскага князя Усевалада I Яраславіча Еўпраксіяй, якая пасля звароту ў каталіцтва прыняла імя Адэльгейда. Паводле меркавання нямецкага гісторыка Герда Альтгофа[10], шлюб Адэльгейды і Генрыха меў на мэце ўмацаваць сувязі імператара з саксонскай дынастыяй. Маладой прызначалася роля закладніцы, што для свайго часу было шырока распаўсюджанай практыкай, якая дазваляла ўмацаваць заключаны палітычны саюз.
У гэтым жа годзе была адсвяткавана яшчэ адно вяселле: Мацільды Тасканскай і Вельфа, сына баварскага герцага Вельфа I. Шлюбны саюз прывёў да канцэнтрацыі ўлады на поўдні Германіі і северы Італіі ў руках праціўнікаў імператара. Гэта была сур’ёзная пагроза для Генрыха і ён павінен быў яе ўхіліць. У 1090 годзе ён ізноў вярнуўся ў Італію, каб умяшацца ў барацьбу паміж Кліментам III і пераемнікам Грыгорыя VII Урбанам II. Напярэдадні Вялікадня 1091 года Генрых IV захапіў Мантую і павярнуў сваё войска да Каносы.
Герцаг Вельф I заблакаваў пераходы праз Альпы так, што гэтым разам Генрых апынуўся ў акружэнні ў Вероне і на працягу трох гадоў, з 1093 па 1096 год, не мог вярнуцца ў Германію. Яго сын Конрад у 1093 годзе далучыўся да Папы і яго прыхільнікаў. Другая жонка імператара, Адэльгейда, якую Генрых абвінаваціў у сексуальных грахах і кінуў у турму, змагла збегчы ад яго ў 1094 годзе да Мацільды Тасканскай. На сінодах у Канстанцы і П’ячэнцы (1094 і 1095) Адэльгейда сведчыла супраць Генрыха, абвінаваціўшы яго ў прымусе да шлюбных здрад, у прыватнасці, да сужыцця са старэйшым сынам Конрадам. Папа Урбан II ізноў аддаў Генрыха анафеме.
Генрых быў у поўнай роспачы. Бернальд Канстанцкі у сваёй хроніцы паведамляе, што ён амаль вырашыўся на самагубства і толькі шлюб Мацільды і Вельфа, які нечакана распаўся, удыхнуў у яго надзею.[11] Дзякуючы сувязям у Падуі Генрых IV аб’яднаўся з Вельфамі, якія вярнулі яму Баварыю, і ў 1097 годзе імператар урачыста святкаваў Тройцу ў Рэгенсбургу.
Пасля вяртання ў імперыю Генрых перш за ўсё зрынуў свайго мяцежнага сына Конрада, каранаваўшы 12-гадовага Генрыха суправіцелем, наўзамен узяўшы з яго абяцанне ніколі не паўставаць супраць бацькі. Конрад жа быў каранаваны Папам Урбанам II у Мілане і разам з ім у 1095 годзе прыняў кіраванне Крэмонай. Аднак уся яго дзейнасць у Італіі была неэфектыўнай: Конрад вельмі хутка страціў нават той невялікі ўплыў, які меў, быў зрынуты Урбанам II і памёр у Фларэнцыі ў ліпені 1101 года. Пасля смерці Урбана II Папам быў выбраны ў жніўні 1099 года Пасхалій II. На сінодзе ў 1102 годзе ён ізноў адлучыў Генрыха IV ад царквы.
Аднак і другі сын, Генрых, прынёс імператару расчараванне. Падчас паходу Генрыха IV у Саксонію супраць графа Дытрыха, які парушыў пастанову аб міры ад 1103 года, малады Генрых у ноч на 12 снежня 1104 года тайна пакінуў войска, адправіўся ў Баварыю і тым самым вымусіў імператара вярнуцца. Генрых-малодшы адрокся ад бацькі, асцерагаючыся, што Папа Рымскі адмовіцца каранаваць сына тройчы адданага анафеме імператара. Як і старэйшы брат, малады Генрых таксама далучыўся да прыхільнікаў Папы Рымскага, пасля чаго атрымаў запэўненне новага папы, Пасхалія II, што каранацыя адбудзецца. У пачатку 1105 года малады Генрых дамогся вызвалення сябе ад клятвы вернасці, дадзенай бацьку, не адмовіўшыся пры гэтым ад права інвестытуры. Паўстанне хутка распаўсюдзілася таксама ў Саксоніі і Цюрынгіі, але па ваеннай сіле Генрых IV усё яшчэ пераўзыходзіў свайго сына. У кастрычніку 1105 года яны сустрэліся пад Рэгенсбургам. Генрыху-малодшаму ўдалося схіліць частку імператарскага войска да здрады і тым самым прадухіліць бітву.
На рэйхстагу, які малады Генрых склікаў на Раство 1105 года ў Майнцы, гэты канфлікт павінен быў вырашыцца ў прысутнасці папскіх легатаў. Імператар меў намер асабіста адстойваць тут сваё права і адправіўся з Кёльна на поўдзень. Каб перашкодзіць з’яўленню бацькі перад князямі, Генрых-малодшы выступіў яму насустрач. Гарантаваўшы свабодны праезд, Генрыху V удалося ашукаць імператара, пасадзіць яго пад варту ў крэпасці Бёкельгайм (на паўднёвым захадзе ад Майнца) і вымусіць перадаць імперскія рэгаліі. 31 снежня ён прымусіў яго да адрачэння, а 6 студзеня 1106 года атрымаў у Майнцы імператарскія інсігніі і прыняў прысягу вернасці ад імперскіх князёў.
Пасля вымушанага адрачэння Генрых бег з Інгельгайма ў Кёльн і ўрэшце прыбыў у Льеж, дзе адсвяткаваў свой апошні Вялікдзень. Ніжнелатарынгскі герцаг Генрых, граф Готфрыд Намюрскі і біскуп Отберт Льежскі (Лютыхскі) захоўвалі яму вернасць. Ён таксама ўвайшоў у зносіны з Філіпам Французскім. Генрых IV абвясціў несапраўдным сваё адрачэнне, здабытае ад яго часткова хітрасцю, часткова пагрозамі. Магутная падтрымка, якую Генрых IV атрымаў у Ніжняй Латарынгіі, вымусіла Генрыха V адправіцца туды, каб напасці на Льеж. У Чысты чацвер 22 сакавіка 1106 года яго войскі былі цалкам разгромлены каля моста на рацэ Маас пад Візэ. Моцнай базай для імператара стаў Кёльн, які Генрых V безвынікова аблажыў у ліпені 1106 года. Нечакана для ўсіх у ліпені Генрых IV захварэў і 7 жніўня 1106 года сканаў ва ўзросце 55 гадоў. Як сімвал прабачэння і прымірэння ён паслаў свайму сыну меч і пярсцёнак — рэгаліі імператарскай улады, якія заставаліся ў яго да апошняга моманту, бацькаўскае блаславенне і просьбу пахаваць яго ў Кафедральным саборы Шпаера, побач са сваімі продкамі.
Аднак першапачаткова пахаванне адбылося ў саборы Льежа. Біскуп Отберт Льежскі правадзіў імператара ў апошні шлях з усімі ўшанаваннямі. Нямецкія прэлаты пратэставалі і аддалі сабор анафеме, абвясціўшы яго апаганеным — апаганеным роўна да таго моманту, пакуль у ім знаходзіцца цела адлучанага ад царквы караля. 3 верасня 1106 года адбылося перапахаванне ў Кафедральным саборы Шпаера — ужо па патрабаванні маладога імператара Генрыха V. Але і сабор у Шпаеры спасцігла тая ж доля. Труну перанеслі другі раз, і на працягу пяці гадоў цела Генрыха было пахавана ў капэле Св. Афра шпаерскага Кафедральнага сабора.
Аднак і капэла не стала апошнім і канчатковым прыстанкам караля. У 1111 годзе Генрых V, падчас сустрэчы з Папам Пасхаліем II у Рыме, звярнуўся да таго з просьбай пасмяротна зняць анафему з бацькі і дазволіць пахаваць яго па царкоўных абрадах. Пасхалій пайшоў насустрач і 7 жніўня 1111 года, на пятыя гадавіну смерці Генрыха IV, труна з яго целам была ў трэці раз выняты і ўрачыста перанесены ў фамільны склеп. Апошняя просьба Генрыха IV была выканана.
Шлюб Генрыха і Адэльгейды апынуўся бяздзетным і быў скасаваны ў 1095 годзе.
Усё жыццё Генрыха, напоўненае пастаяннай барацьбой, адлюстроўвае ўнутраную супярэчлівасць яго характару. Ужо для сваіх сучаснікаў ён быў жорсткім і вераломным, грубым і распусным і, у той жа час, літасцівым каралём, які праяўлялі спачуванне і клопат пра бедных і яўрэяў. Наступныя пакаленні не раз задаваліся заканамерным пытаннем: ці было хаджэнне ў Каносу дзяржаўнай здрадай ці ж хітра разлічаным ходам для захавання ўлады?…
Без сумневу, Генрых IV быў прагматычным палітыкам. Ужо з ранняга дзяцінства ён усведамляў сваё каралеўскае прызначэнне і разглядаў яго — паводле палітычных уяўленняў свайго часу — як дадзенае Богам. Гэтага было дастаткова, каб уступіць у супрацьстаянне з Грыгорыем VII, які ў Dictatus Papae паспрабаваў пацясніць імператара і паставіць сябе на чале сусветнага парадку. Відавочна, што дзве гэтыя ідэі не маглі існаваць адначасова, як не маглі знайсці і кампраміс іх носьбіты — імператар і Папа Рымскі. Вышэйшым пунктам супрацьстаяння стала адлучэнне Генрыха IV. Далейшае развіццё барацьбы за ўладу прывяло — хоць ні Генрых, ні Грыгорый і ўявіць гэтага не маглі — да аддзялення дзяржавы і цэрквы.
Час кіравання Генрыха IV адзначыўся спробамі свецкіх князёў аспрэчыць каралеўскую ўладу. Зацяжное супрацьстаянне з Саксоніяй і, адначасова, з паўднёванямецкімі герцагствамі і, нарэшце, барацьба з антыкаралём — вось асноўныя падзеі другой паловы XI стагоддзя. Генрых не дазволіў весці сябе князям, якія замахнуліся на вярхоўную ўладу, у адказ сфарміраваўшы вакол сябе даверанае кола міністэрыялаў, на якіх і абапіраўся. Гэтым палітычным актам Генрых IV легітыміраваў узвышэнне калісьці несвабодных людзей, якія атрымалі новы сацыяльны статус і палітычны ўплыў. Наўзамен ён мог разлічваць на поўную лаяльнасць свайго асяроддзя. Дадаткова Генрых абапіраўся на ўплыў гарадоў, які імкліва ўзрастаў, — такіх як Шпаер, Вормс, Гослар, Гальберштат і Кведлінбург. Садзейнічанне першапачаткова несвабодных міністэрыялаў і квітнеючых гарадоў сустрэла ў князёў магутнае процідзеянне і было адной з перадумоў для стварэння моцнай апазіцыі.
Яшчэ адна тэндэнцыя, з якой актыўна змагаўся Генрых IV, — тэндэнцыя да тэрытарыяльнай раздробненасці імперыі. У сваім імкненні ўмацаваць цэнтральную ўладу Генрых змог не толькі прадухіліць распад дзяржавы на ўдзельныя княствы, але і забяспечыць дзяржаўнай царкве ролю абаронцы цэнтральнай каралеўскай улады. Аднак у доўгачасовай перспектыве пазбегнуць тэрытарыяльнай раздробненасці яму не ўдалося.
Не меней яркі след у гісторыі Генрых IV пакінуў і дзякуючы ўзвядзенню новых сабораў, замкаў і гарадоў. Ужо ў сярэдзіне 1060-х, атрымаўшы рэальную ўладу, ён падрыхтаваў праграму будаўніцтва, дзякуючы якой у Саксоніі і Цюрынгіі было пабудавана шмат замкаў. Ламперт Герсфельдскі згадвае толькі шэсць — Віганштайн (Wigantestein), Мозебург (Moseburg), Заксенштайн (Sachsenstein), Шпатэнбург (Spatenburg), Гаймбург (Heimburg) і Газенбург (Hasenburg), з якіх не ўсё захаваліся да нашага часу.
Велізарнае значэнне для Салічнай дынастыі меў кафедральны сабор у Шпаеры, які заклаў у 1030 годзе Конрад II, а асвяціў у 1061 годзе яго ўнук, Генрых IV. Напярэдадні вырашальнай бітвы з Рудольфам Райнфельдэнскім 14 кастрычніка 1080 года Генрых паднёс Сабору шчодры дар, які суправадзіў наступным пасланнем:
…пад тваю абарону, Марыя Дзева, звяртаемся мы ў царкве Шпаера. (…) Гэтай царкве абавязаны мы выратаваннем душы нашага бацькі і дзеда, імператара Конрада і Генрыха, і імператрыцы Гізелы, якія тут (…), і выратаваннем нашай душы[13].
Пасля паспяховай бітвы Генрых узяўся за ўзвядзенне новых сабораў з падвоенай энергіяй. Меркавана ў гэты час у яго з’явілася ідэя пераўтварыць шпаерскі кафедральны сабор у імператарскі (ням. Kaiserdom), які павінен быў пацвярджаць веліч яго імператарскага тытула. У апошнія гады свайго жыцця ён пачаў узводзіць сабор у Майнцы. Аднак убачыць увасабленне сваёй ідэі ў камені Генрых не паспеў: будаўніцтва сабораў як у Шпаеры, так і ў Майнцы было скончана ўжо пасля смерці імператара.
У 1090 годзе Генрых IV упершыню выдаў ахоўныя граматы дзвюм яўрэйскім абшчынам у Вормсе і ў Шпаеры. Прывілеі вызначалі правы яўрэяў, — у прыватнасці, абумаўлялі недатыкальнасць іх жыцця і ўласнасці, прадугледжвалі эканамічныя свабоды і бесперашкоднае правядзенне рэлігійных абрадаў. Таксама яўрэі мелі права ўсталёўваць і кіравацца ўласнымі юрыдычнымі нормамі ў межах сваёй абшчыны; дадаткова быў вызначаны парадак разгляду судовых спрэчак для вырашэння рознагалоссяў паміж іўдзеямі і хрысціянамі. Вормскіх яўрэяў, акрамя таго, Генрых IV узяў пад сваю асабістую абарону, а абшчыну ў Шпаеры перадаў пад абарону мясцовых біскупаў.
«... Зламаўшы завалы і дзверы, яны [крыжакі] забілі да сямісот захопленых [імі яўрэяў], якія безвынікова супрацівіліся перавышаючым сілам; таксама забівалі жанчын, маленькіх дзяцей, не адрозніваючы ўзрост і пол...
Іўдзеі, бачачы, што хрысціяне як ворагі падняліся супраць іх і іх дзяцей і не даюць літасці ні старым, ні малым, звярнуліся супраць саміх сябе і сваіх аднаверцаў, сыноў, жонак, мужоў і сясцёр і перабілі адзін аднаго ўзаемным забойствам. Маці... пераразалі горла немаўлятам, іншых заколвалі, аддаючы перавагу загубіць іх уласнымі рукамі, чым аддаць у ахвяру мячу іншаверцаў...
Яны [крыжакі] знішчылі [іўдзеяў] жорсткай разнёй больш з прагнасці да грошай, чым па Божым правасуддзі...»
Вормскія і шпаерскія прывілеі апынуліся рэвалюцыйнымі для свайго часу — раней ніхто з імператараў не браў пад асабістую абарону рэлігійныя меншасці, — і, сапраўды, у пэўнай меры дапамаглі абараніць яўрэйскія абшчыны. Так, напрыклад, атрад крыжакоў, адпраўляючыся ў Першы крыжовы паход, амаль цалкам вынішчыў мясцовую абшчыну ў французскім Руане, аднак іх правадыр Готфрыд Бульёнскі не змог рэалізаваць пагрозу «адпомсціць яўрэям за кроў Ісуса» ў Германіі: Генрых націснуў на яго так, што Готфрыд нават пагадзіўся ўзяць пад сваю абарону яўрэйскія абшчыны Кёльна і Майнца. (Сваё абяцанне Бульёнскі даў пасля таго, як атрымаў ад яўрэяў гэтых гарадоў у «падарунак» 500 сярэбраных марак). Стрымана на тэрыторыі Германіі паводзіў сябе і іншы правадыр крыжакоў, Пётр Ам'енскі, але калі ў красавіку 1096 года ён увайшоў са сваім атрадам у Трыр, то абыйшоўся без антыяўрэйскай агітацыі і абмежаваўся зборам з яўрэйскай абшчыны харча для крыжакоў.
Гвалту ж меней дысцыплінаванага простага люду спрабавалі супрацьстаяць біскупы, якія — паводле ўсё тых жа імператарскіх прывілеяў — бралі яўрэйскія абшчыны пад сваю асабістую абарону. Так, у Шпаеры біскуп выслаў супраць пагромшчыкаў сваіх воінаў, а гараджанам, якія ўдзельнічалі ў беспарадках, загадаў адсекчы рукі. Ратуючы яўрэяў ад далейшых бясчынстваў, біскуп схаваў іх у сваім замку. Частка яўрэйскай абшчыны Вормса таксама схавалася ў замку біскупа, што, зрэшты, не выратавала яе членаў ад праследаванняў: крыжакі, якія ўвайшлі ў горад, распусцілі слых пра забойства яўрэямі хрысціяніна і справакавалі пагром. Толькі нешматлікія яўрэі вырашылі выратавацца вымушаным хрышчэннем, большасць загінула ад рук крыжакоў ці скончыла самагубствам.
Вярнуўшыся з Італіі, Генрых IV дазволіў у 1097 годзе ўсім гвалтоўна хрышчаным яўрэям вярнуцца ў іўдаізм. Праз шэсць гадоў, у 1103 годзе імператар сабраў у Майнцы сваіх васалаў і разам з імі прыняў урачыстую прысягу выконваць «земскі мір» (ням.: Landfrieden), адной з умоў якога была абарона жыцця яўрэяў.[15]
Генрых IV — адзін з галоўных герояў гістарычнага рамана Міхаіла Казоўскага «Помста Адэльгейды» (2005) — пра лёс унучкі Яраслава Мудрага, Еўпраксіі Усеваладаўны. Яе фатальнае каханне да Генрыха — асноўная сюжэтная лінія кнігі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.