Буэнас-Айрэс
горад, сталіца Аргенціны From Wikipedia, the free encyclopedia
горад, сталіца Аргенціны From Wikipedia, the free encyclopedia
Буэнас-Айрэс (ісп.: Cuidad de la Santísima Trinidad y Puerto de Nuestra Señora de Santa María de los Buenos Aires — «Горад Прасвятой Троіцы і Порт Нашай Дзевы Марыі Добрых Вятроў») — горад, сталіца Аргенціны, адміністрацыйны, культурны і эканамічны цэнтр краіны і адзін з найбуйнейшых гарадоў Паўднёвай Амерыкі. Буэнас-Айрэс размешчаны ў цэнтральна-ўсходняй частцы краіны, на заходнім беразе ракі Рыа-дэ-ла-Плата, у рэгіёне пампас.
Горад
Буэнас-Айрэс
Buenos Aires
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Горад Буэнас-Айрэс быў заснаваны двойчы. Першы раз яго заснаваў у 1536 годзе Педра дэ Мендоса. Пры нападзе індзейцаў у 1541 годзе горад быў спалены, а ў 1580 годзе адноўлены Хуанам дэ Гараем (па патрабаванні юрыста Хуана дэ Мацьенса). У момант заснавання і пасля аднаўлення горад уваходзіў у склад віцэ-каралеўства Перу, якое з’яўлялася часткай Іспанскай імперыі. У 1776 годзе Буэнас-Айрэс стаў сталіцай зноў створанага віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата.
Падчас першага брытанскага ўварвання, якое адбылося ў 1806 годзе, горад на працягу некалькіх месяцаў быў акупаваны брытанскімі войскамі. У 1810 годзе адбылася Майская рэвалюцыя, падчас якой у горадзе быў зрынуты іспанскі намеснік і сфарміраваны часовы ўрадавы орган — Першая хунта, якая стала першым нацыянальным урадам Аргенціны. У пачатку XX стагоддзя Вялікі Буэнас-Айрэс стаў адным з асноўных цэнтраў іміграцыі ў Паўднёвую Амерыку. У 1913 годзе ў горадзе пачалося будаўніцтва метро, якое стала першым у Лацінскай Амерыцы.
Буэнас-Айрэс таксама з’яўляецца федэральнай сталіцай, у якой знаходзіцца ўрад Аргенціны. Буэнас-Айрэс не з’яўляецца часткай аднайменнай правінцыі, а ўяўляе сабой асобны адміністрацыйны раён, заснаваны ў 1880 годзе, які ўваходзіць у лік 24 правінцый Аргенціны. Афіцыйна горад падзяляецца на 48 раёнаў, такі падзел горада зацверджаны ў XIX стагоддзі. Пасля канстытуцыйнай рэформы 1994 года горад атрымаў права на самакіраванне, і кіраўнік горада абіраецца прамым галасаваннем. Паводле перапісу 2010 года, колькасць насельніцтва горада 2.891.082 жыхароў, а ў межах Вялікага Буэнас-Айрэса пражывае 12.801.364 жыхароў. Буэнас-Айрэс — найбуйнейшы горад у Аргенціне, восьмы ў Паўднёвай Амерыцы.
Горад Буэнас-Айрэс з’яўляецца галоўным адукацыйным цэнтрам краіны. Сярод яго вядомых інстытутаў Colegio Nacional de Buenos Aires (Нацыянальны інстытут Буэнас-Айрэса) і Універсітэт Буэнас-Айрэса. Буэнас-Айрэс стаў адным з гарадоў Аргенціны, дзе былі праведзены матчы Чэмпіянату свету па футболу 1978.
Буэнас-Айрэс быў заснаваны іспанскай экспедыцыяй, якая шукала золата, пад кіраўніцтвам Педра дэ Мендоса. У 1541 горад быў пакінуты, але ў 1580 адноўлены. З 1617 — сталіца калоніі «Ла-Плата», з 1826 — Рэспублікі Аргенціна.
Іспанскі мараплаўца Хуан Дыяс дэ Саліс быў першым еўрапейцам, які дасягнуў берагоў Рыа-дэ-ла-Плата ў 1516 годзе. Яго экспедыцыя была перапынена, калі ён быў забіты падчас нападу мясцовага племені чаруа ў месцы, дзе сёння знаходзіцца Уругвай. Буэнас-Айрэс быў упершыню створаны ў якасці горада 2 лютага 1536 года пад назвай Сьюдад-дэ-Нуэстра-Сеніёра-Санта-Марыя-дэль-Буэна-Айрэ[3] (у літаральным сэнсе «Горад Маці Божай Святой Марыі Добрых Вятроў») у гонар заступніцы вострава Сардзініі, падчас іспанскай экспедыцыі, ачоленай Педрай дэ Мендосай. Гэты пасёлак, заснаваны Мендосай, знаходзіўся ў тым месцы, дзе сёння размяшчаецца раён Сан-Тэльма ў Буэнас-Айрэсе, на поўдні ад цэнтра горада. З-за нападаў карэнных народаў пасяленцы былі вымушаны бегчы прэч, і ў 1541 годзе пасяленне было спустошана. Другое і сталае пасяленне было заснавана ў 1580 годзе Хуанам дэ Гараем, які прыбыў на парусных караблях уніз па рацэ Парана з Асунсьёна, які зараз з’яўляецца сталіцай Парагвая. Ён назваў пасёлак «Сантысіма Трынідад».
З самых першых дзён Буэнас-Айрэс залежаў перш за ўсё ад гандлю. На працягу большай часткі XVII і XVIII стагоддзяў іспанскія караблі, якія накіроўваліся ў горад, часцяком з’яўляліся аб’ектам нападу з боку піратаў, таму каланіяльныя ўлады распрацавалі складаную сістэму, дзе судны разам з ваеннай падтрымкай накіроўваліся ў Цэнтральную Амерыку, перасякаючы зямлю, падыходзілі да Лімы ў Перу, а потым тавары праходзілі праз гарады цэнтральнай часткі віцэ-каралеўства. З-за гэтага перавозка прадукцыі займала вельмі шмат часу, пакуль яна прыбывала ў Буэнас-Айрэс, а падаткі на транспарт рабілі яе кошт значна вышэйшым. Гэтая схема расчаравала многіх гандляроў, з-за чаго ў горадзе бурна пачала развівацца кантрабанда. Гэта таксама выклікала глыбокае абурэнне пасяленцаў да іспанскіх уладаў.[3]
Паступова іспанскі кароль Карл III палегчыў гандлёвыя абмежаванні, і нарэшце ў канцы XVIII стагоддзя Буэнас-Айрэс быў аб’яўлены адкрытым портам. Захоп Парта Бела сіламі брытанскага флоту паказаў неабходнасць умацавання Атлантычнага маршруту, што падарвала манаполію Лімы на гандаль з Буэнас-Айрэсам. Згодна з каралеўскай пастановай, ад адзінай амерыканскай калоніі віцэ-каралеўства Перу быў аддзелены паўднёвы рэгіён, які стаў віцэ-каралеўствам Рыа-дэ-ла-Плата са сталіцай у горадзе Буэнас-Айрэс. Тым не менш, нягледзячы на такія дзеянні каралеўскага ўрада, многія жыхары горада пранікліся ідэямі французскай рэвалюцыі, становячыся яшчэ больш перакананымі ў неабходнасці незалежнасці ад Іспаніі.
Падчас брытанскага ўварвання ў Рыа-дэ-ла-Плата брытанскія войскі атакавалі Буэнас-Айрэс два разы. У 1806 годзе брытанцы паспяхова высадзіліся ў Буэнас-Айрэсе, але дапаможнае іспанскае войска, што прыйшло з Мантэвідэа на чале з Санцьяга дэ Ліньесам, здолела выгнаць агрэсараў. У кароткі перыяд брытанскага панавання віцэ-кароль Рафаэль Сабрамонтэ збег у Кордабу і прызначыў гэты горад у якасці сталіцы віцэ-каралеўства. Аднак Буэнас-Айрэс зноў стаў сталіцай пасля свайго вызвалення, а Сабрамонтэ быў скінуты са сваёй пасады. Санцьяга дэ Ліньес быў абраны ў якасці новага віцэ-караля і адразу пачаў умацоўваць горад з-за магчымага новага нападу брытанцаў, які і быў зроблены ў 1807 годзе. Мілітарызацыя горада прывяла да змен у грамадстве, што спрыяла сацыяльнаму становішчу крэолаў. Спроба гандляра Марціна дэ Альцага выдаліць Ліньеса і замяніць яго хунтай пацярпела паражэнне ад войскаў крэолаў. Аднак у 1810 годзе тое ж самае войска падтрымала новую рэвалюцыйную спробу і паспяхова скінула новага віцэ-караля Бальтасара Ідальга дэ Сіснераса. Гэтая падзея вядомая як Майская рэвалюцыя, якая ў цяперашні час адзначаецца як нацыянальнае свята. З гэтай падзеі пачалася аргенцінская вайна за незалежнасць, калі паўстанцкія войскі змагаліся супраць раялістаў з рознай ступенню поспеху. Фармальная незалежнасць ад Іспаніі была абвешчана ў 1816 годзе кангрэсам Тукумана. Жыхары Буэнас-Айрэса здолелі вытрымаць барацьбу за незалежнасць, не падпадаючы зноў пад уладу раялістаў.
Гістарычна склалася так, што Буэнас-Айрэс быў самым ліберальным і свабодным месцам у Аргенціне, у той час як многія з правінцый, асабліва на паўночным захадзе, выступалі за больш кансерватыўны каталіцкі падыход да палітычных і сацыяльных пытанняў. Вялікая частка ўнутранай напружанасці ў гісторыі Аргенціны XIX стагоддзя пачыналася з канфліктаў сталіцы і правінцый, якія па розных пытаннях мелі розныя пункты гледжання. На працягу некалькіх месяцаў адразу ж пасля рэвалюцыі 25 мая ў Буэнас-Айрэсе паўстанцкі ўрад накіраваў шэраг ваенных пасланнікаў у правінцыі з мэтай атрымання іх адабрэння. Многія з гэтых місій скончыліся жорсткімі сутыкненнямі, што прывяло да значнай напружанасці ў адносінах паміж сталіцай і правінцыямі. У XIX стагоддзі горад быў двойчы блакіраваны ваенна-марскімі сіламі — першы раз французскім флотам з 1838 па 1840 гады, а потым і сумеснай англійска-французскай экспедыцыяй з 1845 па 1848 гады. Абедзве блакады не здолелі прымусіць горад да здачы, таму замежныя дзяржавы ў канчатковым выніку спынілі агрэсіўныя дзеянні супраць горада.
На працягу большай часткі XIX стагоддзя палітычны статус горада заставаўся нявырашанай тэмай. Горад быў сталіцай правінцыі Буэнас-Айрэс, а таксама паміж 1853 і 1860 гадамі ён быў сталіцай асобнай дзяржавы штата Буэнас-Айрэса. Гэтае пытанне вырашалася на поле бою, пакуль канчаткова не было вырашана ў 1880 годзе, калі гораду быў дадзены статус федэральнай адзінкі. Ён таксама стаў рэзідэнцыяй урада, а яго мэр з гэтага часу прызначаўся прэзідэнтам Аргенціны.
У дадатак да багаццяў, атрыманых дзякуючы гарадской мытні і выкарыстанню ўрадлівых земляў, у горадзе развівалася чыгуначная сістэма ў другой палове XIX стагоддзя, а таксама павялічылася колькасць прадпрыемстваў і заводаў. Горад стаў месцам прыбыцця шматлікіх імігрантаў з Еўропы, у прыватнасці, з Італіі і Іспаніі. З 1880 па 1930 гады Буэнас-Айрэс стаў шматнацыянальным горадам. На пачатку XX стагоддзя быў адчынены сусветна вядомы оперны тэатр «Калон», а горад да таго ж стаў рэгіянальным цэнтрам радыё, тэлебачання, кінаіндустрыі і тэатра. Асноўныя вуліцы горада былі пабудаваны ў тыя гады, і ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя Буэнас-Айрэс меў высотныя сучасныя будынкі і метрапалітэн. Наступны будаўнічы бум праходзіў з 1945 па 1980 гады, ён значна змяніў цэнтр і вялікую частку горада.
Буэнас-Айрэс таксама прыцягваў мігрантаў і з правінцый Аргенціны і суседніх краін, з-за чаго вакол прамысловых раёнаў пачалі расці шматлікія трушчобы на працягу 1930-х гадоў, што прывяло да павелічэння сацыяльных праблем і сацыяльных кантрастаў. Гэтыя працоўныя сталі палітычнай базай пашырэння перанізму, які ўзнік у Буэнас-Айрэсе ў ходзе дэманстрацый ад 17 кастрычніка 1945 года на плошчы Плаза-дэ-Маё[4]. Аднак 16 чэрвеня 1955 года пераністы, знаходзячыся на гэты момант ужо ва ўладзе, бамбардзіравалі плошчу, калі там зноў праводзіліся страйкі, у выніку чаго загінула 364 грамадзянскія асобы. Праз тры месяцы пасля таго ваенны ўрад змясціў з пасады прэзідэнта Хуана Перона. У 1970-х гадах горад пацярпеў ад баявых дзеянняў паміж левымі рэвалюцыйнымі рухамі і правымі ваенізаванымі групоўкамі пры падтрымцы Ізабелы Перон, якая стала прэзідэнтам Аргенціны ў 1974 годзе пасля смерці свайго мужа Хуана Перона. У выніку ваеннага перавароту ў сакавіку 1976 года на чале з генералам Хорхэ Відэла ў краіне ўсталявалася жорсткая ваенная дыктатура[5].
Горад двойчы наведваў Папа Рымскі Ян Павел II: у 1982 годзе, калі распачалася вайна за Фалклендскія астравы, і ў 1987 годзе, у якім у мерапрыемствах з нагоды візіту прыняла ўдзел значная колькасць жыхароў горада. Вяртанне да дэмакратыі ў 1983 годзе супала з культурным адраджэннем, а з 1990-х гадоў і эканамічным адраджэннем, асабліва ў сферы будаўніцтва і фінансавым сектары. 17 сакавіка 1992 года ля пасольства Ізраіля выбухнула бомба, забіўшы 29 чалавек і параніўшы 242. Другі выбух быў здзейснены 18 ліпеня 1994 года, знішчыўшы будынак, які змяшчаў некалькі яўрэйскіх арганізацый, забіўшы пры гэтым 85 чалавек і параніўшы многіх іншых. Гэтыя інцыдэнты паклалі пачатак ісламскага тэрарызму ў Паўднёвай Амерыцы.
Пасля пагаднення 1993 года ў аргенцінскую канстытуцыю былі ўнесены папраўкі, які надавалі Буэнас-Айрэсу статус аўтаноміі і скасоўвалі, сярод іншага, права прэзідэнта на прызначэнне мэра горада. 30 чэрвеня 1996 года выбаршчыкі Буэнас-Айрэса абралі свайго першага выбарнага мэра.
Буэнас-Айрэс размяшчаецца на адлегласці 275 км ад Атлантычнага акіяна ў добра абароненай бухце заліва Ла-Плата, на левым беразе ракі Матанца-Рыачуэла. Сталіца знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Аргенціны, на раўніннай мясцовасці, у субтрапічным прыродным поясе з субтрапічным мусонным кліматам. Натуральная расліннасць наваколляў горада прадстаўлена тыповымі для лугавых стэпаў і саван пародамі дрэваў і травы. У склад вялікага Буэнас-Айрэса ўваходзяць 18 прыгарадаў, агульная плошча складае 3646 км².
Буэнас-Айрэс знаходзіцца ў рэгіёне пампасы, якія ўваходзяць у экалагічны запаведнік Буэнас-Айрэса. З горадам суседнічаюць аэрапорт імя Хорхэ Нейберы, які быў пабудаваны на меліяраваных землях уздоўж узбярэжжа Ла-Плата — эстуарыя, утворанага пры зліцці рэк Уругвай і Парана[6].
У гэты рэгіён уваходзяць розныя землі і лагуны. У іх лік уваходзяць Мальданада, Вега, Медрана, Кільданес і Уайт. У 1908 годзе пачаліся працы па змене рэчышчаў дробных рэк з мэтай выправіць сітуацыю са штогадовымі паводкамі горада. Ужо ў 1919 годзе кірунак плыні большасці рэк быў зменены. Характэрна, што на месцы ракі Мальданада ў 1954 годзе была пабудавана вуліца.
Буэнас-Айрэс мае вільготны субтрапічны клімат з чатырма выразна выяўленымі сезонамі і сярэдняй гадавой тэмпературай 17,7 °C. Самым цёплым месяцам з’яўляецца студзень пры сярэднядзённай 25,1 °C. Вялікую частку часу тэмпература вагаецца ў межах 28—31 °C удзень і 16—21 °C ноччу. Цеплавыя хвалі з Бразіліі могуць павысіць тэмпературу вышэй за 35 °C. Горад падлягае халодным франтам, якія прыносяць кароткія перыяды прыемнага надвор’я, асабліва свежымі начамі. Адносная вільготнасць з’яўляецца ўмерана высокай (64—70 %) у летні перыяд. Самая высокая тэмпература за ўсю гісторыю склала 43,3 °C, яна была зафіксавана 29 студзеня 1957 года[7]. Вясна (з верасня па лістапад) і восень (з сакавіка па май), як правіла, з’яўляюцца мяккімі, з сярэднімі тэмпературамі каля 17 °C і частымі навальніцамі, асабліва ў перыяд вясны.
Зіма ўмераная, аднак у прыгарадных раёнах часцяком назіраецца мароз з мая па верасень, у адрозненне ад цэнтра Буэнас-Айрэса, дзе назіраецца такая з’ява толькі некалькі разоў на сезон. Адносная вільготнасць паветра складае ў сярэднім 70 %, што азначае, што горад схільны да існавання цяжкіх туманаў у асенне-зімовы перыяд[8]. Ліпень з’яўляецца самым халодным месяцам, з сярэдняй тэмпературай 10,9 °C. Халодныя франты, якія прыходзяць з Антарктыды, назіраюцца амаль кожны год, і ў спалучэнні з высокай вільготнасцю зімой мароз адчуваецца нашмат халаднейшым. Горад атрымлівае каля 1242,6 мм ападкаў на год. Дажджы назіраюцца ў любы час года, а град не з’яўляецца чымсьці незвычайным.
|
|
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.