горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Рэ́чыца — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 65 940 чалавек[2]. Знаходзіцца за 50 км ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі Гомель — Каленкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Гомель, Каленкавічы, Шацілавічы, Жлобін, Лоеў, Хвойнікі. Рачны порт.
Рэчыца лац. Rečyca | |||||
Фантан у цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1213 | ||||
Магдэбурскае права: | ? | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Рэчыцкі | ||||
Вышыня: | 128[1] м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 65 940 чал. (2018)[2] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2340 | ||||
Паштовы індэкс: | 247500 | ||||
СААТА: | 3245501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°22′20.64″ пн. ш. 30°23′16.66″ у. д. | ||||
± Рэчыца | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт (рас.) |
Рэчыца — места, адзін з гістарычных цэнтраў Панізоўя, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Тапонім Рэчыца, відаць, утварыўся ад назвы ракі Рэчыцы. Тым часам гідронім паходзіць ад славянскага слова рака[3].
Існуе меркаваньне[4], што Рэчыца ўпершыню ўпамінаецца пад 1079 годам у паданьні пра Ўваскрасенскую царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі датуюць першы ўпамін 1213 годам, калі паселішча ўпамінаецца ў Густынскім летапісе як горад Чарнігаўскага княства.
У ХІ—ХІІІ стагодзьдзях Рэчыца знаходзілася ў валоданьні кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў.
У XIV стагодзьдзі за часамі княжаньня Гедыміна Рэчыца далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У 1392—1430 гадох яна знаходзілася ў валоданьні вялікага князя Вітаўта, які збудаваў тут умацаваны замак «з хваёвага дрэва». З XV стагодзьдзя места стала цэнтрам староства.
У лісьце ад 30 траўня 1529 году кароль Жыгімонт Стары засьведчыў, што рэчыцкі дзяржаўца Сямён Палазовіч[5]
в той волости нашой Речыцкой своими немалыми наклады чынил и великою пильностью и нелитованьем горла своего, на пустом месте на нас, господаря, замок збудовал и оборонами всякими за свои властныи пенязи тот замок наш вспомог, и который люди, подданные наши тамошнии, для великого нагобанья от неприятелей наших Москвич и Татар и Турков розышлись были розно прочь, он тых подданных наших собрал и место под тым замком осадил.
26 жніўня 1561 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў Рэчыцы рэвізорскую уставу, пацьверджаную 15 траўня 1596 году Жыгімонтам Вазам. Гэтая ўстава ўсталёўвала павіннасьці і правы жыхароў места і часам памылкова разглядаецца як прывілей на Магдэбурскае права. Існуе меркаваньне (на падставе пячаткі гродзкага суду), што ў XVІ стагодзьдзі Рэчыца пачала карыстацца гербам: «у срэбным полі чырвоная двухраговая харугва з Пагоняй на ёй»[6]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Рэчыца стала цэнтрам павету Менскага ваяводзтва. У 1596 годзе места на пэўны час захапілі казакі Налівайкі[7].
У 1603 годзе ў Рэчыцы спыняўся будучы губэрнатар адной з брытанскіх калёніяў ў Паўночнай Амэрыцы Джон Сьміт, які пакінуў апісаньне места. У 1634 годзе ваявода менскі Аляксандар Слушка, які раней быў старостам рэчыцкім, заснаваў тут дамініканскі кляштар і касьцёл Сьвятой Тройцы. Кляштар меў невялікую бібліятэку ў 270 тамоў (у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, у 1862 годзе згарэў драўляны касьцёл). З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе казацкія загоны Залатарэнкі спалілі Рэчыцу і замак. Пачаўся заняпад мескіх умацаваньняў. У 1734 годзе Рэчыцкае староства перайшло ў валоданьне Радзівілаў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рэчыца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе таксама стала цэнтрам павету Менскай губэрні. На 1825 год у месьце было 325 двароў, дзеялі 4 царквы, працавалі 12 корчмаў, на 1848 год — 445 двароў, на 1862 год — 2 мураваныя і 588 драўляных будынкаў, дзеялі 2 царквы, касьцёл, сынагога і 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2-клясная жаночая царкоўнапрыходзкая школа і 22 крамы. Праз Рэчыцу праходзіў тракт з Рагачова ў Чарнігаў, існавала паштовая станцыя. Дзеяла прыстань і паромная пераправа праз Дняпро, будаваліся невялікія рачныя судны.
На 1878 год у Рэчыцы дзеялі 3 царквы (1 мураваная), касьцёл і сынагога, працавалі павятовая і царкоўнапрыходзкая вучэльні, лякарня, аптэка. У 1886 годзе празь места прайшлі Палескія чыгункі. На 1904 год — 1414 жылых дамоў, у тым ліку 4 мураваныя, 70 газавых ліхтароў, 3 лякарні, аптэка. 25 і 26 красавіка 1910 году праз Рэчыцу перавозілі мошчы Эўфрасіньні Полацкай. У 1914 годзе працавала 8 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку запалкавая фабрыка «Дняпро» і 5 лесапільняў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Рэчыцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Рэчыцу, якая знаходзілася пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі УНР.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рэчыца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, дзеяў рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[8]. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[9]. Тым часам 15 чэрвеня 1918 году Рэчыцу зрабілі цэнтрам Палескай губэрні (з кастрычніка цэнтар перамясьціўся да Мазыра), прытым старастай (губэрнатарам) гетман Украінскай дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзеяла «варта Ўкраінскай Дзяржавы»[10].
1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыца ўвайшла ў склад Беларускай ССР[11], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 6—9 траўня 1920 году Палеская група польскага войска на пэўны час адбіла Рэчыцу ў бальшавікоў[12].
У 1926 годзе Рэчыцу вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1938 году ў Гомельскай вобласьці). 27 верасьня 1938 году Рэчыца атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 28 жніўня 1941 да 18 лістапада 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1964 годзе ў ваколіцах Рэчыцы знайшлі нафту, што паклала пачатак разьвіцьцю нафтаздабыўнай прамысловасьці ў Беларусі. У 1998 годзе тут здабылі 100-мільённую тону нафты.
Кліматычныя зьвесткі для Рэчыцы | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 8 | 11 | 21 | 29 | 32 | 35 | 36 | 38,9 | 32 | 26 | 23 | 11 | |
Сярэдняя t, °C | −6,5 | −5,7 | −1,2 | 6,5 | 13,8 | 16,9 | 18,5 | 17,2 | 12,4 | 6,5 | 0,9 | −3,9 | 6,3 |
Абсалютны мінімум t, °C | −35 | −35 | −34 | −14 | −5 | 6 | 6 | 2 | −4 | −20 | −32 | −35 | |
Норма ападкаў, мм | 32 | 31 | 31 | 44 | 54 | 73 | 87 | 70 | 54 | 44 | 43 | 40 | 604 |
Крыніца: М. Ю. Калинин. Природные ресурсы Речицкого района: современное состояние. — Минск, 2007. ISBN 978-985-6474-69-2. |
Рэчыца знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі. Клімат мерны кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура +6,3 °C (студзеня −6,5 °C, ліпеня +18,5 °C). Колькасьць ападкаў — 604 мм.[13]
Места разьмяшчаецца ў абалоне на правым беразе Дняпра. У межах паселішча рака робіць некалькі лукавінаў, мае шмат старыцаў[14].
Каля Рэчыцы існуе найбольшае ў Беларусі радовішча нафты. Места знаходзіцца на тэрыторыі, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
У Рэчыцы працуюць сельскагаспадарчы тэхнікум, пэдагагічны каледж, ПТВ, 11 сярэдніх, 2 спартовыя і 2 музычныя, мастацкая школы, 3 спэцшколы, 26 дзіцячых дашкольных установаў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць установы мескага тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня.
Дзеюць дом творчасьці, дом культуры і палац культуры і тэхнікі «Нафтавік», 6 бібліятэк. У 1952 годзе адкрыўся краязнаўчы музэй, а ў 1998 годзе — выстаўная заля.
Выдаюцца газэты «Дняпровец» і «Тэлевід-інфа», працуе тэлерадыёкампанія «Тэлевід».
Па вайне Рэчыца разьвівалася паводле распрацаваных генэральных плянаў. Пабудовы пераважна 1— ці 2—3-павярховыя сядзібнага тыпу. Асноўная капітальная шматкватэрная забудова знаходзіцца ў цэнтры, цэнтральных кварталах і ў мікрараёнах. У наш час ствараецца адзіная сыстэма ляндшафтава-рэкрэацыйнай тэрыторыі ўздоўж рэчак Дняпро і Ведрыч.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Калініна вуліца | Аляксандраўская вуліца | |
Карла Маркса вуліца | Міхайлаўская вуліца | |
Конева вуліца | Кашарская вуліца | рас. Казарменная улица |
Луначарскага вуліца | Андрэеўская вуліца | |
Мічурына вуліца | Выганная вуліца | |
Пралетарская вуліца | Шавецкая вуліца | рас. Сапожницкая улица |
Савецкая вуліца | Прабойная вуліца | Усьпенская вуліца (рас. Успенская улица) Саборная вуліца (рас. Соборная улица) |
Сыцько вуліца | Вакзальная вуліца | |
Трыфанава вуліца | Паштовая вуліца | |
Урыцкага вуліца | Уладзімерская вуліца | |
Фрунзэ вуліца | Фабрычна-заводзкая вуліца | |
Цэнтральная плошча | Рынак пляц | рас. Базарная площадь |
Чапаева вуліца | Сямёнаўская вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Салдацкая вуліца[28] |
З урбананімічнай спадчыны Рэчыцы да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Набярэжная.
У Рэчыцы знаходзяцца заводы: вырабаў з мэталу, керамічна-трубны, гідралізна-дрожджавы, масла і сухога малака, вінаробны, піўзавод ААТ «Рэчыцапіва», а таксама прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай, лёгкай прамысловасьці, меская суднавэрф.
Зьвесткі пра прамысловыя прадпрыемствы Рэчыцы[29] |
---|
|
Дзее Рэчыцкі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцах: «Рытм», ААТ «Рэчыцадрэў» і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Працуе санаторыя-прафілякторыя ААТ «Рэчыцадрэў»[30].
Помнік гісторыку і этнографу Мітрафану Доўнар-Запольскаму і помнік-капліца Эўфрасіньні Полацкай.
Рэчыца мае 5 местаў-сяброў у некалькіх краінах[31].
Пералік местаў-сяброў Рэчыцы |
---|
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.