From Wikipedia, the free encyclopedia
Тодар Тодаравіч Кляшторны (11 сакавіка 1903, Парэчча, Лепельскі раён, Віцебская вобласьць — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКУС) — беларускі паэт, перакладчык.
Тодар Кляшторны лац. Todar Klaštorny | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 11 сакавіка 1903 Парэчча, Расейская імпэрыя |
Памёр | 30 кастрычніка 1937 (34 гады) Менск, турма НКУС |
Жонка | Яніна Германовіч (1909—1959) |
Дзеці | Тадзіяна, Весналіна, Мая |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладнік |
Гады творчасьці | 1925—1927 |
Жанр | верш і апавядальная паэзія[d] |
Мова | беларуская мова[1] |
Творы на сайце Knihi.com | |
Пасьля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Воршы. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газэтах і часопісах. Быў сябрам літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Уваходзіў у нефармальнае згуртаваньне ТАВІЗ[2]. У канцы 1920 — пачатку 1930-х гадоў пакой Т. Кляшторнага часта рабіўся месцам цёплых сяброўскіх сустрэч пісьменьнікаў, «часам з пляшкай лошыцкага віна з агрэсту ці антонаўкі»[3]. Як адзначаў М. Лужанін, у ганарарныя дні паэт ініцыяваў сяброўскія бяседы «на закрытым ад цікаўных вачэй балкончыку рэстарана „Эўропа“»[4]. У апошні раз сваю родную вёску Парэчча Т. Кляшторны наведаў улетку 1936 г[3].
Арыштаваны 3 лістапада 1936 году ў Менску па адрасе вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Тодара Кляшторнага прадугледжвалася «спальваць»[5]. 29 кастрычніка 1937 году а 11:00 асуджаны пазасудовым органам НКУС як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Быў расстраляны ўначы ў ходзе масавага расстрэлу ў турме КДБ БССР у Менску. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957[6].
Паводле ўспамінаў Паўла Пруднікава, Тодара Кляшторнага называлі ў свой час «беларускім Ясеніным» праз падабенства стылю і настрою вершаў, хоць у той жа час у творчасьці гэтых двух паэтаў мелася і нямала адрозьненьняў.[7]
Быў жанаты зь Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909—1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 году асобай нарадай пры НКУС БССР як «чалец сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК[6]. Меў траіх дачок: Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), дзіцячую паэтку, Весналіну і Маю, адну з кіраўнікоў Мартыралёгу Беларусі[8].
Друкавацца пачаў у 1925 годзе ў часопісе «Аршанскі маладняк». Выйшлі зборнікі паэзіі «Кляновыя завеі» (1927), «Сьветацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм — на штурм» (1934).
Тодар Кляшторны — аўтар інтымнай, пэйзажнай, філязофска-мэдытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланьняў («Ліст да дзяўчыны», «Ліст у Сыбір»), вершаў, блізкіх да народнае творчасьці («Бачу і чую — чую і бачу», «Ой, ты дзеўчына», «Там за гарамі не воўкі завылі», «На Ўсходзе Дальнім, на палях Кітая»), твораў публіцыстычнай скіраванасьці («Лукішкі»), байкі («Чужыя дзеці»), пародыі («Вольны запіс прамовы аднаго пісьменьніка на пленуме ССП», пародыя на К. Крапіву «Дзед і Баба»), эпіграмаў ("Нашым крытыкам: «Сяўбовае, сяброўскае»)[9].
Аўтар паэмаў «Калі асядае муць» (1927), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сьляды дарог» (1932), «Наш кірунак дарог — на Маскву» (1933) і «Радзіма» (1934). На думку М. Мушынскага, гэта былі вершы-подступы да жанру паэмы[9].
Аўтар апавяданьняў («Праз куламесіцу часу», 1926) і нарысаў («Нашы межы непарушныя», 1933; «Уся справа ў людзях», 1934 і іншыя).
Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» Карэла Ванэка (у суаўтарстве з З. Астапенкам, 1932), раман Ф. Панфёрава «Брускі» (у суаўтарстве з М. Багуном, ч. 1, 1932), «Песьню Чырвонай Арміі» П. Тычыны (1934), «Ленін» В. Брусава (1934), «Любімец партыі» В. Гусева (1934) і творы І. Харыкі, Г. Лахуці, А. Кутатэлі, М. Асеева, Л. Первамайскага, С. Стальскага, Р. Альбэрці, Л. Безыменскага, М. Галоднага. Пераклаў уступ паэмы У. Маякоўскага «На ўвесь голас»[10].
Творы Т. Кляшторнага перакладаліся на летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы. На яго вершы кампазытары І. Іваноў і М. Равенскі напісалі песьні.
Многія творы Тодара Кляшторнага пры яго жыцьці станавіліся аб’ектамі нападаў з боку абаронцаў партыйна-клясавага падыходу да мастацтва: крытыка ўшчувала аўтара за неадпаведнасьць ідэалягічным запатрабаваньням эпохі, наяўнасьць упадніцтва, пэсымізму, ясеніншчыны, паэтычнай вольніцы, збродніцтва і багемнага стаўленьня да сьвету[11]. Крытык Я. Калядны ў рэцэнзіі на першую кніжку Кляшторнага пісаў: «трошкі асобна стаіць Кляшторны. У яго часта — шаблённасьць, штампы, асабліва ў вобразах. І зьмест у яго асаблівы. Ён захістаўся і затужыў ад гэтага. Ён на раздарожжы»[12]. У 1928 годзе А. Гародня ў рэцэнзіі на зборнік «Сьветацені» канстатаваў прасякнутасьць «мэлянхалічнымі настроямі» ўсёй творчасьці паэта, называў «эстэтнічаньне» яе характэрнаю рысаю, а ключавыя вобразы тыпу «ружовыя шклянкі», «наліўкі ледзяныя» і іншыя — «спадчынай багемшчыны»[13]. У 1930 годзе на выхад зборніка «Ветразі» С. Куніцкі ў часопісе «Маладняк» адзначыў поўны разрыў лірычнага героя Т. Кляшторнага з грамадзкім жыцьцём: «Усе настроі…, камбінуюць адзін вобраз, вобраз чалавека, які падчас губляе ўсякі сэнс жыцьця, губляе ўсякую зацікаўленасьць жыць»[14]. Крытык Л. Бэндэ пісаў пра Кляшторнага як пра «пілікаючага лірніка», чые «мінорныя гукі піліканьня, нікому не патрэбны»[15].
Крытык Саламон Левін у палымяным артыкуле «На наш бераг» прыпісвае паэту звужанасьць і індывідуалістычнасьць перажываньняў, імпрэсіянізм пэйзажных малюнкаў і «эстэтычны алькагалізм»[16]. Левін называе паэму «Калі асядае муць» «упадніцкім, пэсымістычным, шкодным» творам і перакрэсьлівае паэмы «Праксэда» і «Беларусь»[16]. Як адзначае І. Багдановіч, менавіта С. Левін адзначыў імпрэсіяністычную манеру пісьма Т. Кляшторнага, разуменьне ім паэзіі як містычнай сілы, прыхільнасьць да падсьвядомага пазнаньня рэчаіснасьці і важнасьць суб’ектыўных перажываньняў[17]. Ізідор Плашчынскі ў артыкуле «Праз муту жыцьця да гоману палёў» адзначае, што «Кляшторны не прынёс адразу ў літаратуру энэргічнага сьпеву захапленьня ад стварэньня новых форм жыцьця», падкрэсьліваючы, што «паэзіі Тодара Кляшторнага характэрна тое, што ў ёй няма цьвёрдай лініі»[18]. На думку крытыка, своеасаблівасьць творчасьці аўтара заключаецца «ў скрыжаваньні сілы і бясьсільля, у падваеньні, якое зьмяшчае падчас у сабе самыя процілеглыя моманты»[18]. Пра паэму Т. Кляшторнага «Калі асядае муць» С. Левін, А. Гародня, А. Канакоцін, Л. Бэндэ й іншыя пісалі, што гэта ідэйна заганны, упадніцкі, дэкадэнцкі твор і аўтар яго сам зьяўляецца дэклясавым элемэнтам (героі паэмы атаясамляліся з аўтарам і расцэньваліся як ворагі сацыялізму)[19]. Крытык А. Цітоў лічыў паэму апагеем прыхільнасьці паэта да багемы[20].
А. Бабарэка наступным чынам ахарактарызаваў другі зборнік Т. Кляшторнага: «Сьветацені — па агульнаму уражаньню ад іх твораў — гэта спакойна-задуменнае дзіваваньне зьменлівасьцю, якая пазнана паэтам у быцьці, як свайго роду асбалютны закон жыцьця. Як ілюстрацыі гэтай зьменлівасьці, адчутай і перажытай паэтам у асобных момантах часу, і выступаюць усе вершы Сьветаценяў»[21].
На думку М. Мішчанчука, Тодар Кляшторны ня змог супрацьстаяць таталітарнаму націску і здрадзіў сваёй раньняй манеры пісьма, адышоў ад маляўнічасьці і двухстыльнасьці (вершы «Рыжы, но…», «У вёсцы», «Так было раней») і стаў пісьменьнікам натуралістычнага пляну, фактографам[22], перайшоўшы на шлях рытарычнага, гучнага, шаблённага гладкапісу[19]. На думку М. Мушынскага, творы паэта 1930-х сьведчаць пра пасьпяховасьць спробаў дэфармаваць прыродныя схільнасьці Т. Кляшторнага як паэта-лірыка і штурхнуць яго на шлях дэклямацыйна-патаснага апяваньня радасьці жыцьця і посьпехаў сацыялістычнага будаўніцтва[11].
Як адзначае М. Мушынскі, пасьляваенныя выданьні літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага (1960, 1970, 2003) ілюструюць цяжкасьці вызваленьні крытычнае думкі ад ідэалягічных напластаваньняў 1930-х і спрошчаных вульгарызатарскіх ацэнак[11]. На думку дасьледніка, у літаратурна-крытычных ацэнках складальнікаў кніг адчуваецца празьмерная асьцярожнасьць і ўступкі ранейшым застарэлым уяўляеньням, як, напрыклад, у прадмове Сяргея Грахоўскага да зборніка «Выбраных вершаў» (1970):[11] «Т. Кляшторны… едзе ў першыя калгасы, на будаўніцтва дарог і піша паэму „Палі загаманілі“ і вершы, якія склалі зборнік „Праз шторм на штурм“. Але ні ў паэме, ні ў вершах яшчэ не раскрыты глыбінныя працэсы новага жыцьця. Яно ўбачана… без пранікненьня ў характары людзей, без разуменьня вытокаў іх энтузіязму, новых адносін да справы»[23]. На думку М. Мушынскага, уключаныя ў зборнік 2003 году вершы і паэмы Т. Кляшторнага яскрава пераконваюць у несправядлівасьці гэтых ацэнак[11].
А. Пашкевіч у прадмове да апошняга зборніка вершаў паэта адзначае, што Т. Кляшторны «выявіўся найперш паэтам авангарднага мысьленьня, творцам імажынісцкай школы зь яркімі і непаўторнымі перажываньнямі, настроямі, пачуцьцямі, якія ім нібыта і не пісаліся, а высьпеўваліся…»[24]. На думку М. Мішчанчука, лірыка Кляшторнага зьяўляецца «лірыкай палярных стылявых прынцыпаў». Так, у пэйзажнай лірыцы пераважае рамантычная сымболіка і адчуваецца ўплыў ня толькі С. Ясеніна, але і імажыністаў, а ў творах пра рэальнае чалавечае жыцьцё («У вёсцы», «Так было раней») дыялёгі герояў і аўтарскія камэнтары выбудоўваюцца ў чыста рэалістычным стылявым ключы[25]. Як адзначае А. Бельскі, схільнасьць да паэтыкі імажынізму выяўляецца ў наступных творах Т. Кляшторнага: «Зазімак», «Зацьвілі сярэбраныя росы…» і «На ледзяной гітары»[26]. Паводле В. Дзямко, у паэме Т. Кляшторнага «Калі асядае муць» праз апісаньне антыноміяў пасьлярэвалюцыйнай рэчаіснасьці паэт набліжаецца да праблематыкі экзыстэнцыялізму[27].
На думку Л. Гараніна, у літаратурным працэсе таго часу Т. Кляшторны выступае як паэт-наватар, стваральнік асаблівай асацыятыўнай вобразнасьці, пабудаванай на спалучэньні разнаякасных зьяваў, выражэньні незвычайнага стану душы, яе нечаканых і глыбокіх перажываньняў узьлётаў[28]. В. Жыбуль адзначае, што ў наш час стала магчымым адкрыта і без усялякай адмоўнай канатацыі сьцьвярджаць, што паэт «фактычна… быў адным з прадстаўнікоў беларускага імажынізму» (У. Конан) або імпрэсіянізму (І Багдановіч)[3], а яго творчасьць «вызначалася альтэрнатыўным (у дачыненьні да афіцыйнай нормы) мэтадам мастацкага пісьма, які ў асноўным адпавядаў эстэтычным прынцыпам мадэрнізму і дэкадансу»[17].
Паводле ўспамінаў сучасьнікаў Тодар Кляшторны паўстае «чалавекам мяккага характару, бесканфліктным», са слабасьцямі і дзівацтвамі. І быў ён «ні савецкім, ні антысавецкім паэтам»[29]. Паэтка Вольга Таполя, якая ведала Т. Кляшторнага зь юнацтва, апісвала яго зьнешні выгляд наступным чынам: «Высокі, хударлявы, з капной густых, саламяна-сьветлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка сьмяяўся, і ягоная ўсьмешка таксама была заўсёды сумнай. І яшчэ быў ён ціхі, спакойны, ураўнаважаны, ніхто ніколі ня чуў і ня бачыў, як ён злаваўся… Увогуле Кляшторны быў вельмі чулы. Калі хто-небудзь зь ягоных калегаў чытаў свой моцны верш, які праймаў да сэрца, у Кляшторнага на вачах набягалі сьлёзы»[29].
Сымон Шаўцоў у сваёй кнізе «Мая адысея» ўспамінаў: «Кляшторны быў маім суседам па кватэры на пасёлку „Камінтэрн“. Разам ішлі неяк з Дому пісьменьнікаў па прагнілых дошках ходніку па Ляхаўцы. Тодар у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік. Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. „Тодарка, родненькі, не ўпусьці дзіцятка!“ — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты.
Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. З рыштаваньняў забачаць яго й гавораць: „Вунь, ідзе пралетарскі паэт!“ Пыталіся: „Як сьпявае канарэйка?“ „Не сьпявае, а плачыць у клетцы канарэйка“, — адказваў Тодар»[30].
Некаторыя акрэсьленыя С. Шаўцовым рысы калісьці, яшчэ пры жыцьці паэта, падмеціў Алёша (Анатоль Вольны), паказаўшы іх шаржава ў гумарэсцы «Тодар Кляшторны. Літаратурны сілуэт» (1932): «Некаторыя кажуць, што быццам па сваёй раскіданасьці, Тодар пры пераезьдзе з аднэй кватэры на другую згубіў сваю дачку. У гэтым сэнсе, нават абвестка вісела некаторы час у доме пісьменьніка. Але гэта мана. Дачку Тодар не згубіў…»[31]
З успамінаў дачкі паэта, Т. Кляшторнай, можна даведацца пра вялікую любоў паэта да рыбалкі, што ў пэўным сэнсе спрыяла яго паэтычнай творчасьці: «Вялікай асалодай, нават шчасьцем лічыў бацька адпачынак на возеры. Там, крышачку адступіўшы ад берага, ляжаў, напалову вылезшы з вады, вялізны камень. Узяўшы з сабою блакнот з алоўкам, вуду, ён садзіўся на яго, ногі апускаў у ваду, закідваў вуду, а потым у чаканьні клёву пачынаў думаць і пісаць вершы. На гэтым камяні з-пад яго рукі зьявілася шмат вершаў»[32].
У позьнесавецкія часы зьявілася яшчэ некалькі артыкулаў і ўспамінаў паэтавых сучасьнікаў. Так, напрыклад, Сяргей Грахоўскі прыгадваў: «У 1931 годзе ўпершыню ўбачыў яго ў Доме пісьменьнікаў. Высокі, танклявы, з рудаватымі хвалістымі валасамі, а выраз вачэй па-дзіцячаму зьбянтэжаны і разгублены. Ён быў неверагодна сьціплы і далікатны. Амаль у кожным сказе самой па сабе праскоквала „прабачце“ і „калі ласка“. Ён кожнаму саступаў дарогу, асабліва губляўся перад жанчынамі, чырванеў, міргаў калматымі, як чмялі, вейкамі і гаварыў заўсёды толькі самае прыемнае. За лірыку і шчырасьць вульгарызатары на Кляшторнага чаплялі ня толькі бірку „правага папутніка“, але і абвінавачвалі ў больш страшных грахах»[33].
Паэт Станіслаў Шушкевіч запомніў сустрэчу з Тодарам Кляшторным у хаце сваіх бацькоў у вёсцы Шчытомірычы каля Менску. Т. Кляшторны, які адслужыў у Чырвонай Арміі, завітаў у шынялі і будзёнаўцы і «прачытаў прысутным свае вершы, многія радкі зь якіх былі аўтабіяграфічнымі: „А даль квітнее крозамі, / так многа розных дзіў. <…> Пад воплескі асеньнія / вось там, у тыя дні / мяне па той аселіцы / расстрэліваць вялі. / Вялі п’яныя ворагі… / Вакол вароні баль… / Каму ж жыцьцё ня дорага? / Кляшторны, стаў на банк! / Бяжы!… А лес рубінавы / табе падасьць руку / пад рогат гільяцінавы, / пад сьвісты дзікіх куль“»[34].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.