беларускі пісьменьнік From Wikipedia, the free encyclopedia
Павал Пруднікаў (14 ліпеня 1911, Стары Дзедзін Клімавіцкага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласьці — 16 сакавіка 2000[1], Менск) — беларускі пісьменьнік. Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.
Павал Пруднікаў лац. Pavał Prudnikaŭ | |
Павал Пруднікаў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Павал Іванавіч Пруднікаў |
Псэўданімы | Паўлюк Буравей (у 1930-я гг.) |
Нарадзіўся | 14 ліпеня 1911 вёска Стары Дзедзін, Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 16 сакавіка 2000 (88 гадоў) Менск, Беларусь |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік |
Гады творчасьці | 1930—2000 |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | верш «На вакацыі» // «Піянэр Беларусі», 1930 |
Прэміі | заслужаны працаўнік культуры Рэспублікі Беларусь (1992) Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1995) |
Узнагароды |
Павал Пруднікаў нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і. На час яго дзяцінства прыпалі цяжкія падзеі: Першая сусьветная вайна (1914—1918), усталяваньне новага, камуністычнага, ладу ў краіне і грамадзянская вайна, а таксама Польска-савецкая вайна. Дзякуючы геаграфічнаму становішчу вёскі Стары Дзедзін, яна аказалася па-за тэатрамі баявых дзеяньняў, але ў 1918—1920 фактычна знаходзілася ў прыфрантавым становішчы. Гэта паўплывала на тое, што навакольныя школы пастаянна зачыняліся, і Паўлу, калі надышоў адпаведны ўзрост, прыйшлося доўга чакаць стабільнага месца вучобы. Толькі ў 1930 ён скончыў сямірочную школу ў суседняй вёсцы Мілаславіцы.[2]
У 1924, пачаўшы вывучаць літаратуру, упершыню праявіў імкненьне да літаратурнай творчасьці і напісаў верш «Трапінка». Якраз на час вучобы ў школе прыпаў працэс беларусізацыі, што разгарнуўся ў БССР. Гэта паспрыяла таму, што Павал з самага пачатку і надалей пісаў на беларускай мове. З 1926 ён і яго стрыечны брат Алесь Пруднікаў пісалі вершы і сталі мясцовымі школьнымі паэтамі. Паралельна быў дзеткорам, юнкорам, селькорам розных газэт: «Піянэр Беларусі», «Чырвоная зьмена», «Беларуская вёска», «Комсомольская правда», «Крестьянская газета», «Беднота», «Ленинские искры»[3]. Так, у прыватнасьці, калі быў знойдзены скарб старажытных манэтаў у вёсцы Стары Дзедзін, ён з Алесем напісаў пра гэта рэпартаж у газэту «Беларуская вёска».[4]
На пачатку 1930-х яму прыйшлося часта зьмяняць месцы працы. Пасьля заканчэньня школы ён адправіўся на Данбас, там працаваў шахтаром, мэталюргам, але хутка вярнуўся на Беларусь; потым — у Магілёве, на будаўніцтве ядвабнай фабрыкі (будоўлі першай пяцігодкі). Разам са стрыечным братам Алесем Пруднікавым жыў у Менску, а працаваў грузчыкам на чыгуначнай станцыі «Менск-таварная». Некалькі разоў спрабаваў сябе акторам у тэатральнай трупе, аднак кожны раз кідаў. У 1931—1932 працаваў у Беларускім радыёцэнтры, карэспандэнтам газэт «Беларуская вёска» і «Савецкая Беларусь», рэпартэрам у БелТА.
Улетку 1930 у рэспубліканскай газэце «Піянэр Беларусі» быў надрукаваны верш Паўла Пруднікава «На вакацыі». Гэтую падзею ён і лічыў пачаткам прафэсійнай літаратурнай дзейнасьці[5]. У 1930 у газэце «Чырвоная зьмена» была надрукаваная нізка яго вершаў, што стала праз два рокі падмуркам першай кнігі «Песьні грузчыкаў» (1932 у сааўтарстве зь Я. Субачом). У 1931 напісаў і першую паэму — «Пікет за пікетам». У 1930-я ён друкаваўся пад псэўданімам Паўлюк Буравей (каб ня блытацца з Алесем Пруднікавым). Працуючы ў Менску, пазнаёміўся са шматлікімі тагачаснымі беларускімі паэтамі і празаікамі, у тым ліку з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Міхасём Чаротам, Платонам Галавачом і іншымі. Пазьней успаміны пра іх ляглі ў аснову кнігі «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988) і ня толькі[6].
У 1932 быў прыняты на творчае аддзяленьне літфаку Менскага Вышэйшага пэдагагічнага інстытуту, аднак неўзабаве хутка пакінуў яго. У 1932 паехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Ленінградзкі інстытут замежных моваў, але з 1933 стаў студэнтам Ленінградзкага пэдінстытута імя Пакроўскага (Бубнава). У Пецяпбурзе ўсталяваў стасункі зь беларускай сэкцыяй Ленінградзкага аддзяленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў СССР. Па прапанове прафэсара пэдінстытуту К. А. Пушкарэвіча (па сумяшчальніцтве — навуковага сакратара Інстытуту славяназнаўства Акадэміі навук СССР) пасьля заканчэньня ВНУ ў 1937 быў пасланы вучыцца ў асьпірантуру Акадэміі навук СССР вывучаць славянскія мовы, аднак так і не пасьпеў прыступіць да вучобы, бо 11 жніўня 1937 быў арыштаваны.[7]
Павал Пруднікаў некалькі месяцаў утрымліваўся ў пецярбурскіх «Крыжах». Паводле прыгавору атрымаў восем рокаў ссылкі. Першапачаткова быў этапаваны ў Бурацкую АССР. У зьняволеньні працаваў на будаўніцтве чыгунак, на будаўніцтве шыннага заводу ў Омску і горна-мэталюргічнага камбінату ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце Енісейска (Краснаярскі край).[8]
Пасьля заканчэньня тэрміну зьняволеньня (жнівень 1945) вымушаны быў некаторы час працаваць токарам вагоннага дэпо Нарыльскай чыгункі, потым загаднікам бібліятэкі Нарыльскага горна-мэталюргічнага тэхнікуму. Пасьля вяртаньня ў родныя мясьціны (1946) настаўнічаў у сярэдніх школах Смаленшчыны (м. Рослаў, Рослаўскі і Ершыцкі раёны).[9] Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай. Аднак доўга затрымлівацца на адным месцы не ўдавалася, бо існавала пагроза быць арыштаваным паўторна, таму Павал зь сям’ёй вымушаны быў зьехаць са Смаленшчыны. У гэты час у іх сям’і нарадзіліся дзьве дачкі: Вольга і Ніна.
У 1952 яны нарэшце спыніліся на Браслаўшчыне ў вёсцы Слабодка. Першы час яны заставаліся амаль бяз сродкаў да існаваньня і ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Павал уладкаваўся на працу настаўнікам расейскай мовы, літаратуры і гісторыі ў мясцовай школе, а яго жонка Ганна — настаўніцай у малодшых клясах.
У студзені 1956 быў рэабілітаваны[10].
Зноў пачаў друкавацца з 1959, вярнуўшыся, такім чынам, да паўнавартаснай літаратурнай дзейнасьці. Гэтую падзею паэт разглядаў як сваё другое нараджэньне, таму свайму другому зборніку вершаў, які выйшаў у 1968, ён даў назву «Час майго нараджэння[11]»[12]:
— Пруднікаў, П. І., Час майго нараджэння. Вершы. — Мн.: Беларусь, 1968. — С. 7 |
У 1968—1969 Павал Пруднікаў і яго сям’я пераехалі ў Менск. У 1968—1971 працаваў старэйшым рэдактарам часопіса «Служба побыту Беларусі». З 1971 — на пэнсіі, што дало яму больш часу займацца літаратурнай дзейнасьцю і гэты пэрыяд стаў найольш плённым у яго творчасьці. З 1971 — сябар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.[13] У 1970—1980-х ён выпускае шэраг зборнікаў вершаў, сярод якіх найбольш значным зьяўляецца зборнік выбраных твораў «Мая магістраль» (1981). Вершы пранізваюць тэмы роднай Магілёўшчыны, прыгажосьці Браслаўшчыны, уражаньні ад падарожжаў у Крым, у Чэхаславаччыну, на Каўказ. Двойчы, у сярэдзіне 1970-х і напрыканцы 1980-х, Павал Пруднікаў наведваў месцы свайго былога зьняволеньня ў Сыбіры, у выніку ў 1975 была напісаная нізка вершаў[14], а ў 1989 — успамін «Па знаёмых пякучых сцежках».[15] У 1987 выходзіць кніга для дзяцей «Заранка». У 1988 выходзіць кніга ўспамінаў «Далёкае, але не забытае», дзе аўтар апісвае асабістыя сустрэчы з многімі беларускімі літаратарамі, ад Цішкі Гартнага і да Іванам Мележам.
З надыходам перабудовы ў СССР зьявілася магчымасьць пісаць і на тэму сталінскіх рэпрэсіяў. Яшчэ з 1950-х, з часоў адлігі, Павал Пруднікаў выношваў задуму напісаць пра страшэнныя падзеі, што адбываліся на яго вачах, і пачаў рабіць першыя нататкі.[16] Але адпаведная магчымасьць зьявілася толькі праз трыццаць рокаў. Першым творам такога кшталту стала паэма «Таймыр».
У 1993 выйшла кніга «За калючым дротам», што складалася зь дзьвюх аповесьцяў: «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла» — найбольш значных твораў аўтара. Аповесьці носяць аўтабіяграфічны характар. Галоўным героем зьяўляецца Міхась Асьцёрскі, прататыпам лёсу якога стаў лёс самога аўтара. Першая аповесьць распавядае пра яго пакуты ў пецярбурскіх «Крыжах»; у другой аповесьці распавядаецца пра тое, як Міхась адбываў тэрмін зьняволеньня ў Сыбіры.
У 1996 у сваім апошнім зборніку вершаў «Пароша» Павал Пруднікаў зьмясьціў паэму «Кожны другі», таксама прысьвечаную ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.[17]
У апошнія рокі жыцьця Павал Пруднікаў моцна хварэў, праз што страціў магчымасьць самастойна запісваць новыя творы. Тым ня менш, ён не спыняў творчую дзейнасьць да апошняга, дыктуючы новыя вершы пад запіс сваім родным.
У 1998 да Паўла Пруднікава зьвярнуўся беларускі літаратар Леанід Маракоў, які займаецца зборам зьвестак пра незаконна рэпрэсаваных у часы сталінскага рэжыму. Пісьменьнік надыктаваў свае ўспаміны пра дзядзьку Леаніда — Валерыя Маракова, арыштаванага і расстралянага ў 1937[18].
У плянах пісьменьніка было апублікаваць аповесьць «Апала» — працяг аповесьцяў «Пекла» і «Яжовыя рукавіцы» — і паэму «Ізгой», у якіх расказвалася пра пакуты былога вязьня ўжо пасьля выхаду на волю. Фактычна ў гэтых творах аўтар хацеў распавесьці пра свае нягоды другой паловы 1940-х — пачатку 1950-х. Але выданьне твору так і не было ажыцьцёўлена. Таксама ён хацеў выдаць кнігу «Незагойныя раны» пра прымусовую калектывізацыю ў беларускай вёсцы. Неапублікаванымі засталіся шмат новых вершаў, паэма, прысьвечаная чарнобыльскай трагедыі. Таксама ў плянах пісьменьніка было выданьне зборніка выбраных твораў за ўвесь пэрыяд сваёй творчасьці, якому ён даў назву «Водгульле». Аднак, будучы хворым, ён ня здолеў рэалізаваць гэтую задуму.
Павал Пруднікаў напісаў мноства твораў як у вершаванай, так і ў празаічнай форме: вершы, паэмы, аповесьці, успаміны, вершы для дзяцей.
Творы 1930-х пазначаны прыкметамі таго часу. Асноўны іх лейтматыў — услаўленьне ўдарнай працы, працоўнага энтузіязму. Раньнім вершам уласьціва патэтыка заклікаў, лозунгавасьць. Відавочна адчуваецца ўплыў творчасьці Ўладзімера Маякоўскага, асабліва ў пляне пабудовы верша.[19] Але і ў позьні пэрыяд творчасьці паэта хвалюе тэма руху грамадзтва да новага. Засяроджваньне ўвагі на актыўнасьці, жыцьцёвай энэргіі працаўніка цалкам было характэрна для чалавека, які здолеў перажыць жахі сталінскіх вязьніцаў. Але ў сталым веку значнае месца пачынае займаць роздум пра жыцьцё, што пераплецены з апяваньнем прыгажосьці роднай зямлі і асэнсаваньнем яе мінулага.[20] Павал Пруднікаў стаў адным зь першых паэтаў, хто апеў прыгажосьць Браслаўскага краю.[21][22] Працоўныя будні савецкіх людзей, гераічнае мінулае краіны, трывога за мір на зямлі — такія асноўныя матывы вершаў Паўла Пруднікава. Яны вызначаюцца традыцыйным рытміка-інтанацыйным ладам, напеўнасьцю, у некаторых вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі Янкі Купалы[12].
Найбольш значным у творчасьці Паўла Пруднікава зьяўляецца шэраг твораў, прысьвечаных жахам сталінскіх рэпрэсіяў. Менавіта яго творы зьяўляюцца аднымі з самых яскравых у беларускай літаратуры на гэтую трагічную тэму. Адметнасьцю творчасьці паэта зьяўляецца тое, што ён увасобіў расповед пра гэта ў вершаванай форме (паэмы «Таймыр», «Кожны другі», нізка вершаў «Балючая памяць»[23]). Паэмы і аповесьці ўтрымліваюць апісаньне шматлікіх рэальных выпадкаў, што адбыліся на вачах аўтара.
Дзякуючы таму, што Павал Пруднікаў пачаў сваю творчую дзейнасьць яшчэ ў міжваенны пэрыяд, ён меў кантакты зь беларускімі літаратарамі амаль што з розных эпох. Гэты багаты досьлед працягласьцю ў паўстагодзьдзя быў увасоблены ў зборніку ўспамінаў «Далёкае, але не забытае» (Мн., 1988). Значная частка кнігі адведзена ўспамінам пра маладых паэтаў і пісьменьнікаў 1930-х, якія загінулі на вайне ці яшчэ пад час вялікага тэрору ў СССР: Зьмітро Віталіна, Зьмітрака Астапенку, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Тодара Кляшторнага і іншых.[24]
Вершы Паўла Пруднікава часта адрозьніваліся прастатой зьместу і рытмічна-інтанацыйным гучаньнем[25], аднак гэта ж спрычынілася для ўказаньня аўтару, што яго творы недастаткова глыбока асьвятляюць сутнасьць паднятых праблемаў, не ўяўляюць сабою нічога асаблівага, наватарскага, паказвалі на наступствы трыццацірочнага перапынку ў творчасьці. Такія адзнакі творчасьці Паўла Пруднікава ўтрымліваюцца ў лістах рэдактараў выдавецтваў, якія высылалі іх з адмовай на выданьне чарговай складанкі вершаў ці аповядаў. Не ў апошнюю чаргу менавіта таму такая колькасьць твораў, пра якія гаварылася вышэй, засталася нявыдадзенай. Такога ж роду крытыка (у пляне павярхоўнасьці апісванага матэрыялу) утрымлівалася і ў першапачатковых рэцэнзіях на кнігу ўспамінаў «Далёкае, але не забытае».[26]
Творы Паўла Пруднікава адлюстроўваюць складаны жыцьцёвы лёс аўтара. У яго творчасьці перапляліся і ўслаўленьне савецкага грамадзтва і яго дасягненьняў, і паказ жахлівага адваротнага боку савецкай сыстэмы — рэпрэсіяў, — і філязофскі роздум пра жыцьцё, і апяваньне прыгажосьці прыроды і роднага краю.
На вершы Паўла Пруднікава «Першамайская» і «Ў паходы» напісаў песьні беларускі савецкі кампазытар Юры Семяняка.[12]
Дакумэнты, прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці Паўла Пруднікава, можна знайсьці ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва (ф. 332).[27] Экспазыцыі, прысьвечаныя пісьменьніку, утрымліваюцца ў Клімавіцкім краязнаўчым музэі і Браслаўскім гістарычна-краязнаўчым музэі.[28]
3 красавіка 1992 згодна з Указам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь №1568-XII уганараваны званьня «Заслужанага працаўніка культуры Рэспублікі Беларусь».[29] У 1995 Павал Пруднікаў за кнігу «За калючым дротам» быў узнагароджаны прэміяй Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.