беларускі першадрукар From Wikipedia, the free encyclopedia
Франці́шак Скары́на (1470[2] або к. 1490[3], Полацак — к. 1551, Прага) — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, філёзаф-гуманіст, пісьменьнік, грамадзкі дзяяч, прадпрымальнік і навуковец-лекар. Перакладчык і выдавец на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы кнігаў Бібліі[4][5].
Францішак Скарына лац. Francišak Skaryna | |
Францишек (Франциско) Скорина | |
Францішак Скарына. Гравюрны партрэт, 1517 г. | |
Род дзейнасьці | выдавец, перакладчык, гравёр |
---|---|
Дата нараджэньня | 1470 |
Месца нараджэньня | Полацак, ВКЛ |
Дата сьмерці | к. 1551[1] |
Месца сьмерці | Прага, Сьвятая Рымская імпэрыя |
Месца вучобы | |
Занятак | філёзаф, пісьменьнік, перакладнік, выдавец, друкар, перакладнік Бібліі, лекар, грамадзкі дзяяч, прадпрымальнік |
Бацька | Лука |
Жонка | Маргарыта |
Дзеці | Сімяон |
Нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, буйным гандлёвым і вытворчым цэнтры Вялікага Княства Літоўскага, дзе імаверна атрымаў першапачатковую адукацыю. У 1504 годзе паступіў у Кракаўскую акадэмію, дзе атрымаў ступень бакаляўра. У 1512 годзе ў Падуанскім унівэрсытэце атрымаў ступень доктара мэдыцыны. Пераехаў у Прагу, дзе 6 жніўня 1517 году выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр», а таксама яшчэ 19 выданьняў. Працягнуў выдавецкую дзейнасьць у Вільні, дзе надрукаваў «Малую падарожную кніжыцу» ў 1522 годзе і «Апостал» у 1525 годзе.
Францішак Скарына лічыцца адным з найбольш выдатных гістарычных дзеячоў Беларусі. Імя асьветніка носяць найвышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды — мэдаль і ордэн, Гомельскі ўнівэрсытэт, цэнтральная бібліятэка, пэдагагічная вучэльня, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Менску, недзяржаўнае грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы» і іншыя арганізацыі і аб’екты. У гонар першадрукара ў розных краінах пастаўлены помнікі, зроблены скульптурныя і маляўнічыя выявы[6].
У беларускіх выданьнях сустракаюцца дзьве формы імя Скарыны — Францішак і Францыск, а таксама зьняпраўджанае ў наш час гіпатэтычнае імя Георгі. Форма Францішак пасьлядоўна ўжываецца ў працах часоў беларусізацыі[7] і выданьняў беларускага замежжа[8][9], а таксама сустракаецца ў пэўных сучасных аўтараў[10][11][12][13][14]. У савецкіх працах, выдадзеных па палітычнай рэформе беларускага правапісу 1933 году ўжываецца імя «Георгій» як асноўнае[15][16] або дадатковае[17]. У 1946 годзе назву «Георгій Скарына» атрымала драматычная паэма Міхася Клімковіча, у 1951 годзе — гістарычны раман Міколы Садковіча і Яўгена Львова. У 1960-я гады паралельна пачынае ўжывацца форма Францыск. У 1967 годзе Акадэмія навук БССР прыняла кампрамісную пастанову: пры скарочаным найменьні пісаць «Францыск Скарына», а пры поўным — «Францыск (Георгій) Скарына»[18]. З гэтага часу форма Францыск пераважае ў афіцыйных выданьнях[1][19][20][21][22][23][24], яна ж выкарыстоўваецца на помніках і ў афіцыйных назвах.
Сам Скарына ў сваіх першых выданьнях выкарыстоўваў форму «Францишек»[25]. У прадмове да Псалтыры 1517 году гаворыцца: «… я, Францишек Скаринин сын с Полоцка», — тая ж форма сустракаецца ў прадмовах да кнігі Ёва, Выслоўях Саламонавых і ў віленскай Псалтыры. У актах Вялікага Княства Літоўскага на беларускай мове Скарыну называюць толькі «Франъцышак» або «Франъцышъко»[26]. Аднак пазьней першадрукар пачаў ужываць формы «Франциско» (у назоўным склоне), «Франциском» (у творным склоне), «Франциска» (у родным склоне), якія агулам выкарыстоўваюцца больш за 100 разоў[26]. Форма «я, Франциско Скорина» сустракаецца ў прадмове да першай кнігі Царстваў, такі подпіс мае партрэт асьветніка ў праскіх выданьнях. У творным склоне імя («… выложена Франциском Скориною») сустракаецца каля 50 разоў[27], у родным склоне («Повелением, працею и выкладом… Франциска Скоринина сына») каля 64 разоў. У Літоўскай і Кароннай мэтрыках, актах Кракаўскага і Падуанскага ўнівэрсытэтаў імя асьветніка на лацінскай мове даецца як Franciscus. У праскіх дакумэнтах 1538—1539 гадоў фігуруе Francisco welisch gartner[28]. У чэскамоўным дакумэнце Скарыну завуць František і Franc[29].
Тым часам форма «Францискъ» у назоўным склоне, увогуле, не фіксуецца ў выданьнях Скарыны[29]. Гэтую форму рэканструяваў савецкі гісторык мовы А. Жураўскі. Ён сьцьвярджаў, што такую форму імя Скарыны трэба лічыць «асноўнай, афіцыяльнай», а Франциско (Францышко) — «дамашняй, сямейнай, гутарковай». Аднак мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае на тое, што выразнага проціпастаўленьня так званых афіцыйных і гутарковых формаў імёнаў у беларускай традыцыі не было, гэта больш характэрна для расейскай традыцыі[29]. Увогуле, форма імя Франциск арыентуе на расейскую мову, у якой так называюць заходнехрысьціянскіх сьвятых. Апроч таго, спалучэньне «ФранцыСКСКарына» зьўляецца немілагучным і цяжкавымоўным[29].
На думку В. Вячоркі, ужываньне Скарынам лацінізаванай формы імя (Франциско) тлумачыцца імкненьнем наблізіць яго кірылічнае напісаньне да лацінскага, якім першадрукар мусіў запісвацца ў час знаходжаньня ў замежжы. Гэта можна параўнаць з адаптацыяй у Заходняй Эўропе імя Міколы Гусоўскага (лац. Nicolaus Hussovianus — Нікалаўс Гусавіанус) або вялікіх князёў Жыгімонтаў (лац. Sigismundus — Сігізмундус). Тым часам беларускі традыцыйны іменаслоў ня ведае формы Францыск. Пагатоў у дакумэнтах XVI—XVII стагодзьдзяў гэтае імя фіксуецца толькі ў форме Францішак з вытворнымі. У новай беларускай традыцыі таксама ёсьць толькі форма Францішак з вытворнымі[25]. Імя Францішак насілі многія беларускія культурныя і грамадзкія дзеячы новага часу: Францішак Багамолец, Францішак Савіч, Францішак Багушэвіч, Францішак Аляхновіч, Францішак Бартуль і іншыя. Ёсьць галерэя пэрсанажаў твораў беларускае літаратуры — ад Пранцішка з камэдыі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца да Пранціся Пустарэвіча, героя Купалавай «Паўлінкі», і Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега з раману Л. Рублеўскай. Сярод беларускіх літаратурных псэўданімаў — Францішак Вядзьмак-Лысагорскі (Ніл Гілевіч), Францішак Хлус (Уладзіслаў Ахроменка).
У 1875 годзе А. Петрушкевіч выказаў гіпотэзу, што сапраўдным імем Скарыны было Георгі, а імя Францішак ён адмыслова ўзяў, каб паступіць у Кракаўскі ўнівэрсытэт[30]. Гэтая здагадка грунтавалася на копіі адзінага дакумэнту — прывілею караля і вялікага князя Жыгімонта Старога ад 21 кастрычніка 1532 году. У ім Скарына адзін раз называецца як Georgij Franciscij Skorina, тым часам у тым жа дакумэнце асьветнік упамінаецца яшчэ пяць разоў, але толькі адным імем — Franciscus або Francisco. У 1925 годзе польскі дасьледнік Генрык Лаўмянскі, аналізуючы яшчэ адзін акт 1532 году — грамату Жыгімонта Старога — зьвярнуў увагу, што асьветнік там называецца egregius Franciscus Skorina de Polocko, і выказаў здагадку, што пісар у дакумэнце пераблытаў імя Georgius і прыметнік egregius — шаноўны, слаўны[31]. У 1995 годзе беларускі гісторык і кнігазнавец Георгі Галенчанка знайшоў арыгінальны тэкст прывілея, у якім вядомы фрагмэнт «з Георгіем» меў наступны выклад: «… egregium Francisci Scorina de Poloczko artium et medicine doctoris». Такім чынам, адзінае дакумэнтальнае абгрунтаваньне імя Георгі зьявілася ў выніку памылкі перапісьніка[32][33][34][35]. Тым часам сьцьверджаньне, што Скарыне трэба было прыхаваць «праваслаўнае» імя Георгі, адмаўляецца актамі Кракаўскага ўнівэрсытэту. Так, у зімовым сэмэстры 1504 году, калі Скарына паступаў ва ўнівэрсытэт, сярод абітурыентаў было 10 Георгіяў (сярод іх і Георгі, сын Якава з Ваўкавыску) і толькі тры Францішкі, у тым ліку і сам Скарына[lower-alpha 1]. Апроч таго, каталікі шанавалі Сьвятога Юрыя (менавіта форма Юры, а не Георгі адпавядае беларускай народнай традыцыі[36]) ня меней за Сьвятога Францішка. У Віленскім катэдральным касьцёле алтар Сьвятога Юрыя існаваў з 1428 году, а сам сьвяты разам з Казімерам і Мікалаем лічыўся заступнікам Вільні[37]. Хоць хроснае імя Скарыны застаецца дагэтуль невядомым, аднак у наш час старая гіпотэза, што Скарына ў хрышчэньні быў Георгіем, у сьвятле новых дакумэнтальных адкрыцьцяў не вытрымлівае крытыкі.
На думку дасьледнікаў, прозьвішча «Скарына» ўтварылася ад старажытнага слова «скора» (скура) або «скорина» (скарынка). Іван Насовіч у «Слоўніку беларускай гаворкі» піша, што скарына — гэта верхняя корка выпечанага хлеба, і прыводзіць наступную фразу: «Скорину поломай да положи въ капусту»[38]. Ён жа называе словы скарынка і скарыначка ў значэньні хлебная корка («Дай убогому скорынку»). У аналягічным значэньні слова скарынка даецца ў Тлумачальным слоўніку сучаснай беларускай мовы[39]. Аднак, хутчэй за ўсё, прозьвішча асьветніка паходзіць ад царкоўнаславянскага слова скора, што значыла шкура, мех, сырая скура. Так, яшчэ «Аповесьць мінулых гадоў» апавядае пра даніну, якую драўляне плацілі «медомъ и скорою»[lower-alpha 2]. Падобна называлася і прафэсія ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дакумэнт зь Літоўскай мэтрыкі ад 10 красавіка 1473 року паведамляе пра наданьне «Яну, конюшему Виленьскому, шесть человек: Юрко скаринич, Иван скаринич, Левон скаринич, Рожай конокормец»[lower-alpha 3]. Пра тое ж паведамляе і запіс «Князю Евлашку Телятине два человека скориничи: Гридко и Хотян»[lower-alpha 4]. Напэўна, слова скарыніч азначала ня прозьвішча, а прафэсію. І бацька, і брат Францішка гандлявалі пушнінай і скурамі. Род заняткаў, відаць, быў спадчынным, і магчыма, што адзін з продкаў сям’і рамесьнік-скарыніч, разбагацеў і пачаў займацца гандлем[40].
Дакладная дата нараджэньня Францішка Скарыны дагэтуль застаецца невядомай, усе вэрсіі грунтуюцца на супастаўленьні ўнівэрсытэцкіх актаў. Скарына паступіў у Кракаўскі ўнівэрсытэт у 1504 годзе, а ў акце Падуанскага ўнівэрсытэту 1512 году ён называецца «маладым чалавекам». Пётар Уладзімераў адносіў час нараджэньня да апошняй чвэрці XV ст., думаў, што калі Скарына ў 1504 годзе паступіў у Кракаўскі ўнівэрсытэт, яму было ня менш за 14 гадоў[41]. Гэтай даты трымаюцца амаль усе дасьледнікі жыцьця асьветніка. Мікалай Алексютовіч лічыў час нараджэньня Скарыны каля 1485—1490 гадоў[42], таксама як і С. Майхровіч[43] і С. А. Падокшын[44], гэтую ж дату прапаноўваюць энцыкляпэдычныя слоўнікі[45][46]. В. Віслоцкі сьцьвярджаў, што абітурыент для паступленьня ўва ўнівэрсытэт, мусіў дасягнуць 14-гадовага веку[47]. Вядомыя аднак выпадкі, калі студэнтамі станавіліся раней: так, гісторык Ян Длугаш, матэматык Станіслаў Гжэпскі і паэт Мікалай Рэй ува ўнівэрсытэт паступілі ў 13-гадовым веку. Аднак многія юнакі станавіліся студэнтамі ў больш сталым веку: настаўнік Скарыны Ян з Глогава стаў студэнтам у 17 гадоў, Мікалай Капэрнік — у 18, ягоны настаўнік Войцех з Брудзева — у 22, граматык Ежы зь Легніцы — у 30, а вядомы італьянскі гуманіст Філіп Калімах — у 35 гадоў. Уладзімер Пічэта лічыў, што 14-гадовы век быў надта малы для Скарыны, трымаючыся даты нараджэньня каля 1485 году[48], гэтай вэрсіі прытрымліваўся і Неміроўскі[49]. У 1925 годзе Мікалай Шчакаціхін зьвязаў дату нараджэньня з выдавецкім знакам асьветніка (сонца з паўмесяцам), які сустракаецца на 26 выявах, і палічыў, што нараджэньне Скарыны прыйшлося на сонечнае зацьменьне[50]. Паводле гэтай вэрсіі, Францішак Скарына нарадзіўся 6 сакавіка 1486 году.
Першыя зьвесткі пра полацкіх Скарынаў датуюцца пачаткам 1440-х гадоў, калі полацкі купец Грыдка Скарына прадаў рыскаму купцу Герке ў крэдыт болей за беркавец воску, а пры атрыманьні аплаты ў Рызе быў схоплены Герке і два тыдні прабыў у кайданах[51]. З гэтага можна зрабіць выснову, што полацкі род Скарынаў даволі стары і ўжо да сярэдзіны XV ст. даволі заможны[51]. У 1492 годзе ў пераліку прэтэнзіяў вялікага князя маскоўскага Івана Васілевіча да вялікага князя Аляксандра ўспамінаецца Лук’ян Скарына, які разам зь іншым палачанінам абрабаваў вялікалуцкага купца. Магчыма, названы Лук’ян тоесны Луку Скарыне — бацьку Францішка, які ўспамінаецца пазьнейшымі дакумэнтамі. Старэйшага брата Францішка — Івана Скарыну — каралеўскі дэкрэт называе адначасна віленскім мешчанінам і палачанінам.
Нарадзіўся ў Полацку ў сям’і купца Лукі Скарыны. Імя асьветніка ў пасьляслоўях ягоных выданьняў абявязкова суправаджае «с Полацька», «из славного града Полоцька», «с Полоцка града», «из града Полоцька»[52]. Паводле архіўных крыніцаў, купец Лука Скарына меў у Полацку ўласную зямлю і гандлёвую справу, якая перайшла ў спадчыну старэйшаму сыну Івану. У ягоных камэрцыйных апэрацыях удзельнічаў і малодшы Францішак, што дазваляла яму навучацца за мяжой і, мабыць, пазьней часткова фінансаваць сваё праскае і віленскае кнігавыдаўніцтва. Памёр бацька, імаверна, каля 1511—1512 гадоў: акты Падуанскага ўнівэрсытэту за 1512 г. называюць Францішка «русінам… сынам нябожчыка пана Лукі».
Імаверна, першапачатковую адукацыю Францішак Скарына атрымаў у Полацку. Тут або ў сталіцы Вялікага Княства Вільні вывучаў і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лацінскай мовай. У Вялікім Княстве Літоўскім лаціну вывучалі ў трывіяльных і трывіяльна-квадрыяльных школах, якія існавалі пры парафіяльных касьцёлах, а таксама ў школах пры каталіцкіх біскупскіх катэдрах і школах пры мужчынскіх кляштарах. Зьвесткі пра Полацкі кляштар бэрнардынаў-абсэрвантаў прысутнічаюць у хроніцы польскага гісторыка Яна з Каморава (1465—1536), згодна зь якой кляштар у Полацку быў заснаваны ў 1498 року, пасьля гэтага ў каталіцтва навярнулася да 1000 палачанаў[53]. Аднак Полацкая рэвізія 1552 року нічога не паведамляе пра каталіцкія кляштары; а ў капітальнай працы польскага гісторыка Антоні Карбовяка «Гісторыя адукацыі і школ у Польшчы»[54], дзе скрупулёзна зафіксаваныя ўсе вядомыя аўтару навучальныя ўстановы, зьвесткі пра полацкія школы таксама адсутнічаюць.
Сям’я Скарыны мела цесныя сувязі зь Вільняй, бацька асьветніка гандляваў тут мяхамі і скураю. Старэйшы брат Францішка Іван некаторы час жыў у сталіцы, у дакумэнтах ён названы «мешчанінам віленскім». У сталіцы здаўна існавала школа пры біскупскай катэдры, у другой палове XV ст. яна неаднаразова згадваецца ў актах віленскага капітула[55]. Аб віленскай «щоле», якая падрыхтавала яго да паступленьня ў Кракаўскі ўнівэрсытэт, згадвае ў 1477 року каралеўскі пісар Адам Якубаў, паведамляючы, што «из детинства ест при щоле виленской ласкаве ховался»[56]. Паводле сьцьверджаньня А. Карбавяка, катэдральная школа да пачатку XV ст. была адзінай навучальнай установай у Вільні, і толькі ў 1513 року пробашч парафіяльнага касьцёлу Сьвятога Яна атрымаў дазвол на адкрыцьцё другой віленскай школы[57]. Пры катэдральнай школе выкладалі катэхізіс, а таксама трывіяльныя прадметы — граматыку, рыторыку і лёгіку. Выпускнікі школы нядрэнна размаўлялі лацінскай мовай і, калі жадалі, звычайна працягвалі сваю адукацыю ў Кракаўскім унівэрсытэце[58].
«У рэктарства шаноўнага айца пана Яна Аміцына з Кракаву, доктара мастацтваў і кананічнага права, ласкаю Бога і апостальскага прастола біскупа лаодыцэнскага і суфрагана кракаўскага, а таксама плябана [касьцёла] сьвятога Мікалая па-за сьценамі Кракаву, у зімовы сэмэстар у год Пана 1504 наступныя асобы ўпісаныя… Францішак сын Лукі з Полацку 2 грошы» |
Рэгістрацыйная кніга-мэтрыка Кракаўскага ўнівэрсытэту, 1504 г. |
У зімовы сэмэстар 1504 году Францішак Скарына паступіў на навучаньне ў Кракаўскую акадэмію на факультэт вольных мастацтваў або філязофіі. Заснаваная яшчэ ў 1364 року Казімерам Вялікім, акадэмія славілася як адзін з асноўных цэнтраў эўрапейскай астраноміі і астралёгіі, матэматыкі, праўных і гуманітарных навук. У 1400 року кароль Ягайла абнавіў і значна пашырыў установу, якая атрымала сваю другую назву — Ягелонскі ўнівэрсытэт. За 77 гадоў (1433—1510) у яго запісаліся больш за 17 тысячаў абітурыентыў, больш за 8 тысячаў зь якіх былі іншаземцамі.
Унівэрсытэт меў тры асноўныя факультэты: багаслоўскі, юрыдычны і мэдычны. Каб паступіць на адзін зь іх, абітурыент меў прайсьці навучаньне на факультэце вольных мастацтваў. Сьпярша шкаляр вывучаў цыкль «трывіюм» (граматыка, рыторыка і лёгіка), потым «квадрырыюм» (арытмэтыка, геамэтрыя, астраномія і музыка)[59]. Правучыўшыся два, радзей тры гады, студэнт мог здаць экзамэны і атрымаць найніжэйшую навуковую ступень бакаляўра, што рабілі, аднак, далёка ня ўсе студэнты. За 77-гадовы пэрыяд ступень бакаляўра атрымалі толькі крыху больш за 4 тысячы студэнтаў (23,7%), а наступную ступень магістра — толькі 822 чалавекі (4,7% ад агульнай колькасьці абітурыентаў)[60].
Выкладчыкі Кракаўскага ўнівэрсытэту былі добра вядомыя ў Эўропе сваёй навуковай і адукацыйнай дзейнасьцю. Рэктарам унівэрсытэту ў 1505/06 навучальным годзе быў Мацей Мяхоўскі (1457—1523), які спэцыялізаваўся ў галіне мэдыцыны. Ён быў прыдворным лекарам каралёў Уладзіслава і Жыгімонта Старога, ягоная брашура аб прафіляктыцы чумы вытрымала пяць перавыданьняў[lower-alpha 5], а «Трактат аб дзьвюх Сарматыях» (Кракаў, 1517)[lower-alpha 6] стаў на доўгія часы крыніцай ведаў эўрапейцаў пра Вялікае Княства Літоўскае і Маскоўскую дзяржаву[61]. Ня менш знакамітым быў прафэсар Ян з Глогава (1445—1507), у якога Скарына слухаў лекцыі па «Другой аналітыцы» Арыстотэля і па лягічных творах Пятра Гішпанскага(la), і які стаў настаўнікам многіх будучых навукоўцаў, у тым ліку Мікалая Капэрніка[62][63]. Шматлікія працы прафэсара друкаваліся ў Кракаве, Ляйпцыгу, Страсбургу і выкарыстоўваліся як навучальныя дапаможнікі для студэнтаў[64]. Лекцыі па арытмэтыцы і музыцы чытаў Марцін Бем(pl) з Олькушу (каля 1470—1540)[65], добра вядомы сваім сучасьнікам трактатам «Аб рэформе рымскага календара»[66]. Ян з Стабніцы(pl) (каля 1470—1519)[67][68] чытаў лекцыі амаль па ўсіх прадметах факультэту вольных мастацтваў, ягоны падручнік па філязофіі прыроды перавыдаваўся 5 разоў[lower-alpha 7], а ў працы «Ўводзіны ў касмаграфію Пталемэя» (1512) упершыню ў Польшчы была зьмешчаная геаграфічная мапа, на якой быў пазначаны нядаўна адкрыты кантынэнт — Амэрыка[lower-alpha 8]. Працы прафэсараў акадэміі сыстэматычна публікаваліся ў кракаўскай друкарні Яна Галера. Няма сумненьня, што ў Кракаве Францішак Скарына ўсьвядоміў навучальныя і асьветніцкія магчымасьці друкаванай кнігі.
У 1504/1505 навучальным годзе, калі Францішак стаў студэнтам, ува ўнівэрсытэт паступіў 291 чалавек, зь іх 141 — ураджэнцы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а 150 — з-за мяжы. З 291 абітурыентаў вучоную ступень атрымалі 60 юнакоў, у тым ліку і Скарына. Праз 2 гады, то бок мінімальны час для студэнтаў філязофскага факультэту, у 1506 годзе ён вытрымаў экзамэн на ступень бакаляўра вольных мастацтваў. У прамацыйнай кнізе ўнівэрсытэту захаваўся наступны запіс: «У год Пана 1506, падчас дэканства Леанарда з Добшыц, бакаляўра кананічнага права… У тым жа годзе … у бліжэйшы дзень пасьля сьвята Сьвятой Люцыі, на якое прыпадае сухаядзеньне, асобы, узьведзеныя ў ступень бакаляўра, былі разьмеркаваныя ў наступным парадку месцаў: Мацьвей зь Семнійклоп, Андрэй з Зынты, Яган з Гараў, Тамаш з Падляшша, Францішак з Полацку, ліцьвін[lower-alpha 9], Павал з Марыенборгу (прэфэкт, ён жа староста), Яган з Шкокі, Андрэй з Стжэльна, Якаў з Эльбінгу, Яган з Марыенборгу, Яган з Фраўштату, Конрад з Монтэрэгіё, Яган з Ураціслава, Валянцін з Нова Віла, Андрэй з Пакосту»[69]. Гэта адбылося 14 сьнежня 1506 року[70][71]. З усіх студэнтаў, якія атрымалі ступень бакаляўра разам з Скарынам, захаваліся зьвесткі толькі пра Андрэя з Пакосту, які потым застаўся пры ўнівэрсытэце, чытаў тут лекцыі, а пазьней стаў гнезьненскім вікарыем і пракуратарам[lower-alpha 10].
Невядома, дзе Скарына знаходзіўся ў 1507—1512 гады. Падуанскія дакумэнты называюць Скарыну доктарам вольных навук і прафэсарам. Каб атрымаць гэтае званьне, неабходна было здаць магістарскі экзамэн. Дзеля гэтага бакаляўру патрэбна было два гады. Згодна са статутам Падуанскага ўнівэрсытэту, сушукальнік доктарскай ступені, каб быць дапушчаным да экзамэну, меў праслухаць трохгадовы курс лекцыяў, а потым на працягу году займацца лекарскай практыкай пад наглядам вядомага лекара[72]. Існуюць меркаваньні, што ён скончыў унівэрсытэт у Празе, дзе атрымаў ступень доктара філязофіі. Але больш лягічна дапусьціць, што ён атрымаў доктарскі дыплём у Кракаве, дзе дзейнічалі 2 катэдры мэдыцыны (бяз права даваць доктарскія дыплёмы). Лёс мог прывесьці Скарыну ў які-небудзь італьянскі ўнівэрсытэт: у самую Падую ці ў Балёньню.
Запіс у акце Падуанскага ўнівэрсытэту 9 лістапада 1512 году сьведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» («secretarii regis Datiae»). Першыя дасьледаваньні распачаў Антоні Флароўскі, які выказаў здагадку, што гукарка ідзе пра Данію. Навуковец зьвярнуўся ў дзяржаўны архіў у Капэнгагене з просьбай пашукаць дакумэнты пра Скарыну. У 1937 року ён атрымаў адказ ад дырэктара архіву, які паведамляў, што ніякіх згадак пра Скарыну ў дакумэнтах першых дзесяцігодзьдзяў XVI ст. ён не знайшоў[73]. Потым Флароўскі напісаў румынскаму гісторыку Пэтрэ Панаітэску(ro), які ў адказ паведамляў, што назва Дакія ў дачыненьні да румынскіх княстваў XVI ст. амаль не выкарыстоўвалася, і што ніводны з румынскіх ваяводаў таго часу каралём сябе не называў. Тым ня менш, Флароўскі працягваў лічыць, што Скарына мог быць зьвязаны з Валахіяй, прыводзячы ў доказ сьцьверджаньне пра румынскі кнігадрук у 1508—1512 гадох і пра тое, што ў Карлавым унівэрсытэце навучалася нямала юнакоў з тых земляў[74].
Пётар Уладзімераў лічыў, што Скарына быў сакратаром караля Даніі, да якога ўлетку 1509 року кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары адправіў дэлегацыю дзеля падпісаньня дамовы аб сяброўстве[75]. У якасьці доказу ён прыводзіў факт знаходкі ў Капэнгагене асобніку «Малой падарожнай кніжкі». Знаходжаньне Францішка Скарыны ў Капэнгагене супала з ажыўленьнем стасункаў Даніі з Польшчай і ВКЛ, бо рэзка ўскладніліся ейныя стасункі са Швэцыяй. Дацкі кароль, магчыма, улічваў, што Францішак Скарына, акрамя веданьня лацінскай мовы, валодаў рускай мовай, якой на той час называлі беларускую мову, — дзяржаўнай мовай ВКЛ.
Менш абгрунтаванай падаецца вэрсія, быццам «Дацыяй» ёсьць валаскія землі, дзе на той час зараджалася кірылічнае кнігадрукаваньне. Сама назва Дакія ў XVI ст. выкарыстоўвалася як да Даніі, дык і да Валахіі. Настаўнік Скарыны Мацей зь Мехава ў «Трактаце аб двух Сарматыях» пісаў: «Скандынавія знаходзіцца на паўночным захадзе, за Германскім морам, у суседзтве з Дакіяй, пад уладай дакійскага гаспадара, на адлегласьці многіх міляў ад Скіфіі»[76], пэўна разумеючы Данію. У той жа час у польскай дакумэнтацыі XVI ст. тэрмін Дакія адносілі па большай частцы да Трансыльваніі, а ў 1512 року кароль Жыгімонт узяў шлюб з дачкой трансыльванскага князя Стэфана[lower-alpha 11].
«Найдастойнейшыя паны дактары! Прычына скліканьня вашамосьцяў наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма на чатыры тысячы міляў і больш ад гэтага слаўнага горада, дзеля таго, каб узьвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасьці філёзафаў гімназіі і сьвятой нашай Калегіі. Ён зьвярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасьці дару і асаблівай міласьці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаваньням у галіне мэдыцыны пры гэтай сьвятой Калегіі. Калі, Вашамосьці, дазволіце, прадстаўляю яго самога. Малады чалавек і вышэйзгаданы доктар носіць імя пана Францішка, сына нябожчыка Лукі Скарыны з Полацку, русін.» |
Тадэа Мусаці, царква Сьв. Урбана, Падуя. 5 лістапада 1512 г. |
Не пазьней за восень 1512 году Францішак Скарына прыбыў у Італію, у Падую, каб атрымаць ступень доктара мэдыцыны. Падуанскі ўнівэрсытэт, заснаваны яшчэ ў 1222 року[77], прыцягваў да сябе прафэсараў і студэнтаў з розных краінаў Эўропы. Да часу Скарынавага прыезду ўва ўнівэрсытэце прайшлі навучаньне ня менш за 36 тысячаў студэнтаў, зь іх каля 16 тысячаў былі іншаземцамі[78]. Унівэрсытэт меў чатыры факультэты: свабодных мастацтваў, права, мэдыцыны і багаслоўя. Мэдычны факультэт, атрымаўшы самастойнасьць у XIV стагодзьдзі, меў асаблівую міжнародную папулярнасьць. Так, у 1501—1503 гадох у Падуі вывучаў мэдыцыну і права Мікалай Капэрнік[79].
Скарына прыехаў у Падую ў цяжкі для места час. Вэнэцыянская рэспубліка, у склад якой уваходзіла Падуя, знаходзілася ў стане вайны з Сьвятой Рымскай імпэрыяй і Папскай дзяржавай. У 1509 року аб’яднаныя войскі імпэратара Максіміліяна і Папы Юліюса II аблажылі места, якое, тым ня менш, аблогу вытрымала. Унівэрсытэт жа ў сувязі з ваеннымі падзеямі 1509—1516 рокаў быў практычна закрыты[80]. Аднак доктарскія экзамэны ўнівэрсытэцкая калегія ўсё ж прымала: так, праз шэсьць дзён пасьля Скарыны экзамэн на ступень доктара права трымаў Мікаля Гозій з Сыракузаў[72].
Можна меркаваць, што грунтоўную мэдычную адукацыю Скарына атрымаў у Кракаве, дзе дзейнічалі 2 катэдры мэдыцыны, якія, аднак, не давалі доктарскія дыплёмы, або ў самой Падуі ці ў Балёнскім унівэрсытэце. 5 лістапада 1512 году Рада дактароў мэдычнай калегіі Падуанскага ўнівэрсытэту дапусьціла Скарыну без аплаты да экзамэнаў на ступень доктара мэдыцыны.
Актавая дакумэнтацыя ўнівэрсытэту захавалася даволі добра. Яшчэ каля 1740 году канцлер факультэту свабодных мастацтваў Джузэпе Марыя Міната сабраў старыя акты ў 37-томны звод, да якога быў прыкладзены старанна складзены паказальнік[81]. На жаль, імя дактаранта пададзена з памылкай: «Luca Porina di Poloczko», як і час абароны. У канцы XVIII стагодзьдзя абат Франчэска Дарыгеля склаў сьпіс усіх дактароў, што абаранілі дысэртацыі ўва ўнівэрсытэце. У рукапісе, які захоўваецца ў бібліятэцы ўнівэрсытэту дагэтуль[lower-alpha 12], імя асьветніка перададзенае дакладна. Сьпіс Дарыгелі дасьледаваў Станіслаў Віндакевіч(pl) у пошуках палякаў, што навучаліся ўва ўнівэрсытэце[82]. Ільля Шляпкін(ru) на падставе сьпісаў адшукаў акты і апублікаваў іх па-лацінску ў 1892 годзе[83]. У 1937 годзе запіс адшукаў і паведаміў пра гэта Антоні Флароўскі, які рыхтаваў сваю знаходку да друку, але з прычыны Другой сусьветнай вайны ня здолеў зрабіць гэтага. У 1960 годзе Янка Садоўскі паўторна адкрыў дакумэнт, а потым і апублікаваў[84][85]. У 1961 годзе ў Рыме выйшаў у сьвет факсыміле арыгіналу, лацінскі тэкст і беларускі пераклад[86]. Акты дазваляюць дакладна апісаць усе цырымоніі, зьвязаныя з наданьнем Францішку Скарыне доктарскай ступені.
У першым акце апавядаецца пра пасяджэньне калегіі дактароў вольных мастацтваў і мэдыцыны, якое адбылося ў касьцёле сьвятога Урбана(it) 5 лістапада 1512 року а 10-й гадзіне раніцы. Адкрыў сход віцэ-прыёр калегіі Тадэа Мусаці, які ва ўступным слове прадставіў кандыдата: «Францішак, ён сын нябожчыка Лукі Скарыны з Полацку, русін»[87]. Потым у залю запрасілі Скарыну, ён «пакорліва і пачціва прасіў дапусьціць яго да экзамэнаў па мэдыцыне». Потым калегія прыступіла да абмеркаваньня. Выступы, паводле акту, былі шматлікімі. Канечна пытаньне вырашалася галасаваньнем, якое было адзінагалосным — усе дактары выказаліся за тое, каб дапусьціць Скарыну да экзамэнаў[72].
Экзамэн праходзіў у два этапы. Спачатку суіскальнік павінен быў прайсьці сумоўе і дыскусію, якія паказвалі ягоную падрыхтаванасьць да наступнага экзамэну. Папярэдні іспыт адбыўся 6 лістапада 1512 году а 3-й гадзіне апоўдні. Паводле акту, Скарына «бліскуча адказаў па памяці і абверг прад’яўленыя яму пярэчаньні; выдатна аргумэнтуючы, ён паказаў сябе з найлепшага боку»[88]. Дыскусію вялі прафэсары-экзамэнатары Францыска дэ Ноаліс, Ераніма а Муля, Барталямэа Барызона і Ераніма дэ Ўрбіна пад старшынствам віцэ-прыёра Тадэа Мусаці, акрамя таго ў касьцёле прысутнічалі яшчэ 8 дактароў. Калегія прызнала, што Францішак Скарына «варты быць дапушчаным да асаблівага экзамэну па мэдыцыне»[89].
Уласна экзамэн адбыўся 9 лістапада 1512 году ў палацы біскупа. Аднак гэта была хутчэй загадзя падрыхтаваная парадная цырымонія, бо пытаньне з прысваеньнем ступені было вырашанае яшчэ 6 лістапада[89]. Сярод ганаровых гасьцей былі біскуп Аргеліскі Паўлё Забарэльлё, віцэ-рэктар унівэрсытэту, доктар мэдыцыны і свабодных мастацтваў Францыска Фульманэльлі з Вэроны, названы ў акце «выдатным навукоўцам», а таксама «высокашаноўны ў Хрысьце айцец і пан доктар Сыкст» — гэта быў ні хто іншы, як кардынал Сыкст дэля Равэрэ(it), пляменьнік папы Юліюса ІІ. Скарыне зноў прапанавалі пытаньні па мэдыцыне. Паводле дакумэнта, «пан магістар Францішак, сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацку, русін, на прапанаваныя яму раніцай гэтага дня пытаньні па мэдыцыне бліскуча адказваў па памяці і адхіліў выказаныя яму пярэчаньні, выдатна аргумэнтуючы, ён праявіў сябе найлепшым чынам. У сувязі з гэтым усімі там прысутнымі вучонымі з агульнай згоды ён быў ацэнены як падрыхтаваны і варты быць дапушчаным да асобага экзамэну па мэдыцыне»[lower-alpha 13].
Пасьля гэтага Тадэа Мусаці абвясьціў Францішка Скарыну доктарам мэдыцыны, а Барталямэа Барызона ўручыў доктарскую мантыю і берэт, у якіх Скарына і адлюстраваны на сваім вядомым партрэце, зьмешчаным у двух праскіх выданьнях. У канцы акту пералічаныя імёны 24 прафэсараў Падуанскага ўнівэрсытэту. Менавіта ў гэтым акце (а потым і на палях зборніка Джузэпэ Міната[90]) Скарына названы «secretarii regis Datis»[91].
Падуанскі ўнівэрсытэт захаваў памяць пра Францішка Скарыну. У адну з аўдыторыяў, названай Залай сарака, перанесьлі катэдру, зь якой, як лічыцца, чытаў лекцыі Галілеа Галілей, а таксама зьмясьцілі сорак партрэтаў найбольш знакамітых выхаванцаў унівэрсытэту. Партрэты напісаныя тэмпэрай на палатне і разьмешчаныя ў два шэрагі. Партрэт Скарыны знаходзіцца ў другім шэрагу: зьлева ад яго выява знакамітага польскага паэта Яна Каханоўскага, справа — маскоўскага лекара Пятра Постнікава(ru). Акрамя Скарыны ў залі знаходзіцца выява яшчэ аднаго чалавека, зьвязанага зь Беларусяй — караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. Партрэты намаляваныя ў 1940-х гадох італьянскім мастаком Джакама даль Форна. Скарына выяўлены ў чырвонай доктарскай мантыі, па-над якой накінуты аблямаваны мехам плашч. Пад мантыяй белая кашуля з вышытым каўнерам. Галава не пакрытая, бачны высокі лоб зь вялікімі залысінамі. На правай руце — чорная пячатка. Выява на партрэце ніякага падабенства зь вядомым партрэтам на гравюры ня мае. У верхняй частцы партрэту зьмешчаны надпіс: «Franciscus Skoryna de Poloczko 1512»[91].
Па падуанскім трыюмфе зьвесткі пра Францішка Скарыну зноўку губляюцца на пяць гадоў. Стаўшы доктарам мэдыцыны, ён атрымаў магчымасьць займацца лекарскай практыкай, добра аплачваным заняткам, што дазваляў фінансаваць выдавецкую дзейнасьць, якая наўрад ці была прыбытковай. Тым ня меней, як асабліва выключны лекар Скарына сябе не зарэкамэндаваў[92]. Магчыма, працаваў ён і настаўнікам, бо «доктарам мастацтваў» у тыя часы называлі і настаўніка гуманітарных навук — філялёгіі, паэтыкі, красамоўства і іншых. Не адкідаецца, што шчыраваў ён на ніве асьветніцтва на радзіме. На карысьць гэтай здагадкі сьведчыць выдатнае веданьне ім жывой гаворкі сваіх бацькоў — старабеларускай літаратурнай і штодзённай гутарковай мовы. Відаць, у гэты час ён пачаў перакладаць Біблію.
Пэрыяд 1513—1516 гадоў у жыцьці Скарыны не асьветлены дакумэнтальнымі зьвесткамі, але менавіта ў гэты час ён надумаў пачаць кнігадрукаваньне. Безумоўна, яго ў гэтых намерах падтрымлівалі землякі зь Вільні, Полацку, беларускія купцы, сябры віленскага магістрата. Не выклікае сумневаў, што ў 1510-х гадох Францішак наведаў Вялікае Княства Літоўскае — Вільню, Полацак, іншыя гарады і заручыўся падтрымкай суайчыньнікаў.
У Чэхіі кнігадрукаваньне пачалося ў 1468 року, яшчэ пры жыцьці Ёгана Гутэнбэрга[93][94]. Дакладна не вядомае месца, дзе Скарына друкаваў уласныя кнігі: магчыма, асьветнік пры падтрымцы віленскіх мэцэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава заснаваў у Празе ўласную друкарню. Дасьледнікі лічаць, што Скарына арандаваў адну з праскіх тыпаграфіяў[95] разам з абсталяваньнем і пэрсаналам, які рабіў асноўную тыпаграфскую працу[96][97]. У сваіх выданьнях Скарына часта паведамляе: «Выложена працею і вытиснена повелением»[lower-alpha 14], гэта значыць, што пераклад зроблены ўласна Скарынам, а друкавалі выданьне іншыя асобы на ягонае повеление.
6 жніўня 1517 году ў Празе выйшла першая друкаваная беларуская кніга — «Псалтыр». Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасьць Скарыны ў Празе ў 1517—1519 гадох дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазьней як у 1516 годзе. Агулам на працягу 1517—1519 гадоў Скарына пераклаў і выдаў 23 кнігі Бібліі пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». 11 кніг маюць дакладныя даты, на пяці толькі год друку — 1519, а на чатырох зь пяці выданьняў Пяцікніжжа дата наогул не пазначаная. Таму храналягічны час выхаду можа быць дадзены толькі для выданьняў 1517—1518 гадоў, для астатніх толькі прыблізна: Псалтыр, «Ёў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе — 1517 год), «Эклезіяст», «Песьня песьням», «Прамудрасьць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе — 1518), «Юдзіф», «Судзьдзі», «Быцьцё», «Выхад», «Лявіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе — 1519 год). Некаторыя з апошніх выданьняў, якія ня маюць выходных зьвестак і традыцыйна датуюцца 1519 годам, магчыма, надрукаваныя ў 1520 годзе[98].
Да кожнай кнігі Францішак Скарына пісаў прадмову, у якой распавядаў пра гісторыю стварэньня кнігі, разважаў пра яе зьмест. Агульны аб’ём выданьняў — 1200 аркушаў, зь іх у 1517 годзе надрукаваныя 324 аркушы, у 1518 годзе — 352, у 1519 годзе — 524. За такі кароткі тэрмін немагчыма падрыхтаваць да выданьня тэксты кніг і выканаць тэхнічныя задачы іхнага мастацкага афармленьня (ілюстрацыі, застаўкі, буквіцы, каляровы друк і г.д.). Значыць, хутчэй за ўсё ў 1517 годзе ён ужо меў рукапіс поўнай Бібліі ў сваім перакладзе. Пра гэта ўскосна сьведчаць сьпісы Скарынавых перакладаў, якія не ўвайшлі ў ягоную друкаваную Біблію. У Празе ён не пасьпеў выдаць кнігі прарокаў, апрача прарока Данііла, і кнігі Новага Запавету.
Каля 1520 году Францішак Скарына пераехаў у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню. Існуе меркаваньне, што ягоны прыезд быў выкліканы падрыхтоўкай да друку толькі што прынятага Статуту, які вялікі князь абяцаў надрукаваць «вялікай колькасьцю кніг бітымі літарамі»[99]. Друк так і не адбыўся, але мяркуецца, што шрыфт для выданьня быў адліты, ён пазьней выкарыстоўваўся для набору «Малой падарожнай кніжкі» і «Апостала»[100].
У пачатку 1520-х Скарына заснаваў у доме Якуба Бабіча[lower-alpha 15] першую ўва Ўсходняй Эўропе друкарню[101]. У ёй каля 1522 году Скарына выдаў «Малую падарожную кніжыцу», якая ўлучае 21 тэкст: «Псалтыр», «Часасловец», «Акафіст жываноснай труне Гасподняй», «Канон жываноснай труне Гасподняй», «Акафіст арханёлу Міхаілу», «Канон арханёлу Міхаілу», «Акафіст Яну Прадвесьніку», «Канон Яну Прадвесьніку», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст апосталам Пятру і Паўлу», «Канон апосталам Пятру і Паўлу», «Акафіст цудатворцу Міколу», «Канон цудатворцу Міколу», «Акафіст крыжу Гасподняму», «Канон крыжу Гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасьцідневец», «Канон пакаяльны», «Пасьлядоўнасьць царкоўнага збору»[102]. У сакавіку 1525 асобным выданьнем выйшаў «Апостал». Некаторыя часткі «Малой падарожнай кніжыцы», магчыма, выдаваліся асобнымі выпускамі.
У Вільні Скарына выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна з князёў літоўскіх. У самым раньнім дакумэнце, датаваным кастрычнікам 1523 году, ён названы «egregio et honorabilibus Francisco Phisico»[lower-alpha 16][103] (гэта значыць «паважаны і шаноўны Францішак Фізык», гэтым тытулам звычайна характарызавалі дактароў мэдыцыны). 20 сакавіка 1526 году «egregio viro Francisco, medicinae doctore» (паважаны муж, пан Францішка, доктар мэдыцыны) удзельнічаў пры рэгістрацыі граматы на заснаваньне касьцёлу ў мястэчку Вяйсеях[104].
У другой палове 1520-х гадоў Францішак Скарына ажаніўся з Маргарытай, удавою чальца Віленскага магістрата Юрыя Адверніка, які, пэўна, быў адным з фундатараў Скарынавай друкарні. Упершыню пра Маргарыту стала вядома Пятру Ўладзімераву, які яшчэ ў 1888 годзе надрукаваў акт 1529 року[lower-alpha 17][105]. У тым акце падаецца пастанова караля Жыгімонта на скаргу віленскіх жыхароў Марціна Субачовіча і Мікалая, сына Багдана Чупрына. Адказчыкам у справе была «Малкгорета, жоне доктора Францышъка Скоринина, которая перед тым была за рядцою виленьским Юрем Одверником»[106].
Скарына пасяліўся ў Маргарытавай камяніцы на Нямецкай вуліцы непадалёк ад палацу князёў Слуцкіх. Якія-кольвек зьвесткі пра тое, што Скарына меў у Вільні ўласны дом, адсутнічаюць. Імаверна, усе сродкі ён аддаваў на выдавецкую справу. Фінансавае становішча асьветніка палепшылася пасьля таго, як ягоная жонка Маргарыта перамагла ў судовым працэсе са сваякамі за ейны віленскі дом (1529 год).
Гэтая справа пачалася ў 1523 годзе яшчэ пры жыцьці Юрыя Адверніка і тычылася дома «в месте Виленьском, который лежит на Рынку подле дому Иванова Плешывцова и Василева Воропанева», а таксама іншай маёмасьці — «иншое имене и статъки». Большасьць дасьледнікаў лічаць, што Адвернік фінансаваў кнігавыдавецкую дзейнасьць Скарыны[107]. Да 1529 року ўсе першапачатковыя ўдзельнікі скаргі памёрлі, Юры Адвернік памёр пасьля кастрычніка 1525 году[lower-alpha 18][108]. Справа выявілася працяглай: спачатку яе разглядаў мескі суд, пасьля войт з бурмістрамі і райцамі, потым да справы далучыўся ўплывовы біскуп Ян з князёў Літоўскіх, у якога Скарына быў лекарам і сакратаром. Істцы спасылаліся на тэстамэнт Дароты Станіслававы, які быў безь пячаткі і які, згодна з скаргай, «зламал судом своим князь Ян, бискуп виленский». Пастанова караля была на карысьць Маргарыты: «тот дом доктора Францышъка Скорины Маркгорете держати и въжывати супокойне на вечные часы». Акт быў падпісаны ў прысутнасьці самога Скарыны, біскупа Яна і іншых Паноў-рады.
Акрамя гэтага акту «Маргарэта, суўласьніца выдатнага мужа Францішка, называемага доктар Скарынін» успамінаецца яшчэ ў познаньскім акце ад 23 кастрычніка 1529 року[109]. Дакумэнтальных пацьверджаньняў пра сьмерць Маргарыты няма, аднак у пазьнейшых архіўных матэрыялах з 1532 року ейнае імя ня згадваецца. Вялікі пажар у Вільні летам 1530 року спустошыў дзьве траціны места. Магчыма, у тым пажары загінула і жонка Скарыны.
У адной з кніг вядомага славіста Бартала Копітара, надрукаванай у Вене ў 1839 року, апублікаваны артыкул «Гістарычнае пытаньне пра доктара мэдычнага факультэту Прагі Францішка Скарыну, які чыніў падкопы супраць доктара Марціна Лютэра»[110]. У артыкуле апавядаецца, як у 1525 року спачатку Мэлянхтон, а потым Лютэр пазнаёміліся зь нейкім доктарам Францішкам, які зачараваў іх сваёй вучонасьцю і манэрамі. Аднак неўзабаве Лютэр спалохаўся папярэджваньняў сваіх сяброў ды пакінуў Вітэнбэрг, а ў магістрат напісаў просьбу затрымаць доктара і ўжыць да яго катаваньне[111]. Францішак, аднак, зачараваў і сяброў магістрата, і тыя адпусьцілі яго.
Копітар сьцьвярджаў, што тым доктарам быў Францішак Скарына. Тым ня менш, Копітар лічыў сваё сьцьверджаньне гіпотэзай, якая магла стаць фактам толькі пасьля знаходкі ў архівах Вітэнбэргу дакумэнтаў зь імем Скарыны. Не паведамляе Копітар і пра крыніцу, на падставе якой ён зрабіў выснову пра сустрэчу Лютэра і Скарыны, мімалётам спасылаючыся на Зэкендорфа, які «прытрымліваўся іншага погляду пра гэты інцыдэнт». Зэкендорф у сваёй працы паведамляе пра нейкага жыдоўскага доктара з Польшчы, які спрабаваў атруціць Лютэра. Доктара схапілі, аднак сам Лютэр пажадаў, каб злачынцу не катавалі, а адпусьцілі[112][113]. Згодна з Зэкендорфам падзея адбылася ў 1525 року, а імя доктара мэдыцыны не паведамляецца. Аднак у адным зь лістоў Лютэра барону Шварцэнбэргу ад 21 сьнежня 1524 року згадваецца «доктар Францішак»[114], зь якім рэфарматар быў у добрых дачыненьнях. Знаёмства з доктарам працягвалася да верасьня 1525 року, калі Лютэр пераехаў у Таргаў пасьля апісанага інцыдэнту.
Дасьледнікі лічаць, што пад загадкавым доктарам ня крыецца асоба Францішка Скарыны, які таго ж 1525 року надрукаваў у Вільні «Апостала», а ў сакавіку 1526 року прысутнічаў пры зацьвярджэньні граматы князя Юрыя Слуцкага біскупам Янам[115].
Пасьля друку «Апостала» Скарына спыняе друкавецкую дзейнасьць. Адной з прычынаў дасьледнікі называюць вялікі пажар у Вільні 2 сакавіка 1530 року, які зьнішчыў дзьве траціны гораду, у тым ліку катэдральны касьцёл, палац біскупа Яна і, магчыма, дом Якуба Бабіча, у якім знаходзілася тыпаграфія, а таксама дом на Рынку, які належаў жонцы асьветніка Маргарыце. У 1536 року пакідае віленскую катэдру заступнік Скарыны біскуп Ян[116].
Як лічаць дасьледнікі (Антоні Флароўскі, Восіп Пярвольф(ru), Сымон Брага, Віктар Дарашкевіч), у канцы 1520 — пачатку 1530-х рокаў Скарына мог наведаць Маскву з мэтай пашырэньня сваіх выданьняў. Гэтыя меркаваньні грунтуюцца на тэксьце граматы Жыгімонта Аўгуста 1552 року: «… калі ў валадараньне нашага богададзенага бацькі нейкі ягоны падданы, вядомы набожным намерам, вырашыўшы надрукаваць і выдаць на рускай мове Сьвятое Пісаньне, прыбыў да маскавітаў, гэтыя кнігі былі публічна спаленыя па загадзе князя, таму што былі выдадзеныя падданым рымскай царквы і ў месцах, якія падлягаюць ейнай уладзе»[117]. Грамата была надрукаваная ў 1862 року аўстрыйскім гісторыкам Ёзэфам Фідлерам[118], а ў 1888 року варшаўскі дасьледнік Восіп Пярвольф адзначыў, што ў грамаце гутарка вядзецца пра Скарыну[119]. Вэрсію падрабязна абгрунтаваў Антоні Флароўскі[120][121]. Вэрсія лічыцца магчымай, у напружаных сацыяльна-палітычных абставінах у Маскоўскай дзяржаве, дзе яшчэ былі памятныя наўгародзка-пскоўскія ерасі зь іхнім вольным тлумачэньнем біблейскіх тэкстаў і з канца XV стагодзьдзя існаваў свой афіцыйны звод Бібліі. У 1525 року ў Маскве быў асуджаны Максім Грэк, якому былі вядомыя выданьні Скарыны, і ў працах якога існуюць тэкстуальныя супадзеньні з праскімі кнігамі Царстваў[122], а таксама вялікая колькасьць беларусізмаў[123].
У ліпені 1529 году ў Познані памёр брат Францішка Скарыны Іван, які прыехаў туды гандляваць скурамі; адразу ў мескі суд былі пададзеныя пазовы, у якіх быў і пазоў Францішка Скарыны[124]. Адказчыкам выступаў пляменьнік Скарыны Раман. 26 кастрычніка 1529 року адбыўся суд, пасьля якога крэдыторы атрымалі ў кошт кампэнсацыі маёмасьць нябожчыка Івана (пераважна скуры), а Францішак Скарына, «як галоўны апекун паважанай Маргарыты», «зьявіўшыся асабіста», заявіў, што вызваляе Рамана Іванавіча ад прэтэнзіяў на суму ў 204 копы літоўскіх грошай «назаўсёды і навечна», атрымаўшы ў пакрыцьцё доўгу 23 500 скураў. Такім чынам, на той момант прэтэнзіі крэдытораў да нябожчыка Івана Лукіча Скарыны былі ўладжаныя[125].
У 1530 годзе Скарына з пэўных прычынаў апынуўся ў Караляўцы. Пра гэта стала вядома пасьля публікацыі ў 1918 годзе Аляксандрам Мілавідавым(ru) чатырох дакумэнтаў 1530 року прускага герцага Альбрэхта Старэйшага, васала Польшчы і пляменьніка караля Жыгімонта Старога[126]. У першым лісьце ад 16 траўня да віленскага ваяводы Гаштольда Альбрэхт выказвае высокае меркаваньне пра таленты Скарыны, «найвыдатнейшага мастацтва, якое ён дэманструе зь дзіўным бляскам і досьведам, атрыманым, відаць, дзякуючы шматгадовым працам і вандроўкам з мэтай атрыманьня мноства ведаў, мы літасна прылічылі яго да кругу нашых падданых». Такім чынам, герцаг Альбрэхт наблізіў асьветніка да свайго двара і фактычна залічыў яго да шляхецкага стану. Альбрэхт хадайнічае перад Гаштольдам «наконт асабістых справаў і маёмасьці, астаўленых у Вільні разам з жонкай і дзецьмі» і просіць, каб «доктар Францішак… ня быў пакінуты на волю лёсу». Другі дакумэнт — падарожная грамата ад той жа даты, адрасаваная «ўсім і кожнаму паасобку»[127]. Трэці дакумэнт ад 18 траўня адрасаваны Віленскаму магістрату[128], ягоны сэнс — таксама просьба ў спрыяньні Скарыне. У чацьвертым лісьце ад 26 траўня А. Гаштольду Альбрэхт скардзіцца, што Скарына «тайна зьвёў з сабой юдэя і нашага друкара, …пакінуўшы мноства зьнямоглых і недалечаных…». Відаць, гэта было зьвязана з пашырэньнем у 1529—1530-х гадох у Прускім герцагстве пандэміі ангельскай гарачкі(ru). Дасьледнікі мяркуюць, што паездка магла быць зьвязана з судовымі спрэчкамі з сваякамі жонкі[129], а таксама з плянамі Альбрэхта выданьня літаратуры ў інтарэсах пратэстантызму ў Караляўцы[130], дзе Скарына мог працаваць як лекар[131]. Пасьля вяртаньня ў Вільню Скарына меў намер абнавіць свой друкарскі рыштунак, дзеля чаго і вывез з Прусіі друкара[132].
У пачатку 1530-х гадоў матэрыяльнае становішча Францішка Скарыны пагоршылася, памерлі амаль усе айчынныя апекуны ягоных пачынаньняў: Якуб Бабіч, Багдан Онькаў, Рыгор Адвернік. 5 лютага 1532 году кароль Жыгімонт загадам наказаў затрымаць Скарыну і зьняволіць яго на скаргу варшаўскіх жыдоў Лазара і Майсея[133]. Скарга тычылася даўгоў нябожчыка Івана, а таксама маёмасьці, якую, паводле іхняга меркаваньня, «доктар Францішак, ягоны брат, узяў сабе», «зьбег зь места Вільны, пераяжджае з аднаго месца ў іншае». Наступны дакумэнт ад 12 красавіка паведамляе пра суму доўга і пра тое, што Майсей упаўнаважвае Якубу Бжоску ўзыскаць з «доктара Скарыны» суму па скарзе[134]. У сярэдзіне красавіка Францішка Скарыну, які прыехаў у Познань, пасадзілі ў вязьніцу. Ягоны пляменьнік Раман адразу прыехаў з Гданьску і 26 красавіка заявіў у магістраце, што паколькі, паводле сьведчаньня самога жыда, доўг быў зроблены ягоным бацькам, то і адказваць павінен ён сам[135]. На новае разьбіральніцтва ні варшаўскі жыд, ні ягоны ўпаўнаважаны не зьявіліся. Раман патрабаваў, каб Скарыну вызвалілі з турмы, заявіўшы, што мае неабходную маёмасьць дзеля сплату доўгу, калі ягоная справядлівасьць будзе даведзеная судом, а таксама ўнёс заклад[136]. Майсей зьвярнуўся да караля са скаргай, на якую быў даны новы загад ад 2 траўня[137], у апошнім Жыгімонт загадаў не вызваляць Скарыну. 24 траўня пляменьнік Скарыны Раман просіць у караля Жыгімонта загаду аб вызваленьні Францішка. Тым часам, хутчэй за ўсе дзякуючы пратэкцыі Яна з князёў Літоўскіх[138], справа пачала карэнным чынам зьмяняцца. У новым загадзе ад 24 траўня[139] кароль, даведаўшыся, што «Францішак Скарына ёсьць вельмі паважаным і маёмасным чалавекам, што нічога з рэчаў брата ня мае, і што існуюць спадчыньнікі … Івана Скарыны», загадваў «неадкладна вызваліць названага Францішка Скарыну». 17 чэрвеня Францішак Скарына, «зьявіўшыся асабіста» ў магістрат, праз свайго паверанага Мацея Лонгія прад’явіў загад[140] і патрабаваў, каб у суд вызвалі Майсея ці ягонага паверанага, зь якіх ён патрабаваў кампэнсацыю за ўрон, прычынены ня толькі яму, але і «паважанаму пану і ўладыку, біскупу віленскаму». Судовую справу закрылі два каралеўскія загады. 21 лістапада кароль загадваў, каб Францішка Скарыну «пазбавілі ад нападак і дамаганьняў» за даўгі ягонага брата[141]. Спэцыяльная грамата 25 лістапада таго ж году падкрэсьлівала заслугі Скарыны[142], ягоную «дабрачыннасьць, незвычайную вучонасьць у мастацтве мэдыцыны, дасьведчанасьць і ўменьне». Таксама «выдатны і слаўны Францішак Скарына з Полацку» быў вызвалены з-пад юрысдыкцыі мескіх і земскіх судоў, браўся пад каралеўскую «ахову і апеку». У грамаце кароль адзначыў, што зрабіў гэта, «далучаючыся да шчырых просьбаў некаторых нашых дарадцаў».
Такім чынам, працэс скончыўся для асьветніка шчасна, хоць яму і давялося правесьці некалькі месяцаў у познаньскай турме. Віленскі біскуп Ян, у якога Скарына служыў сакратаром і лекарам, заставаўся на пасадах да 1535 року, пасьля чаго быў пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Яшчэ раз імя Францішка Скарыны згадвалася ў судовай справе двух зяцёў Івана Скарыны, якая разглядалася ў Полацку 4 кастрычніка 1535 року[143]. Суд пастанавіў перадаць Міхно Аўсяньнікаву «дворышча, што в замъку Полоцъком суть», аднак прызнаў, што ў маёмасьці ёсьць і «часть доктора Франъцышка Скорыны», за якой, пры наяўнасьці прэтэнзіяў, доктару трэба будзе зьвярнуцца да Аўсяньнікава. Францішка Скарыны, аднак, у той час ужо не было ў краіне. Спалучэньне розных абставінаў і адсутнасьць выразнай сацыяльнай падтрымкі вымусілі Францішка Скарыну пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
Дакладна не вядома, чаму Францішак Скарына пакінуў ВКЛ: судовыя скаргі скончыліся для яго шчасна, а сам ён атрымаў шматлікія прывілеі, якія паляпшалі ягоны маёмасны стан. Асьветнік мог працягваць службу ў біскупа Яна і выдавецкую дзейнасьць. Лічыцца, што віленская друкарня магла ацалець пасьля злашчаснага пажару 1530 року, бо гравіраваная на дрэве арнамэнтыка Скарыны выкарыстоўвалася ў віленскіх тыпаграфіях яшчэ шмат часу па Скарынавай сьмерці. Магчыма, пэўную ролю ў ад’езьдзе згуляла моравая пошасьць 1530—1533 рокаў[144].
У 1535 року кароль Чэхіі і Вугоршчыны Фэрдынанд надумаў стварыць у Празе батанічны сад, аднак у краіне не знайшлося садоўніка зь неабходнымі ведамі. Пошукі садоўнікаў далі плён: у чэрвені 1538 року ў садзе ўжо працавалі чатыры мужчыны і жанчына. У «Пераліку прац па італьянскім садзе ў чэрвені 1538 року» названае імя «Францыска, італьянскага садоўніка» (Franciscus welischer gartner)[145], яшчэ раз імя «майстра Францыска» згадваецца ў лісьце ад 27 чэрвеня 1538 року. Гэтым садоўнікам быў сам Францішак Скарына, бо ў грамаце Фэрдынанда ад 29 студзеня 1552 року згадваецца «памерлы доктар Францішак Рус Скарынін з Полацку, наш садоўнік». «Італьянскім садоўнікам» яго называлі, мабыць, паводле ягонага падуанскага дыплёму доктара мэдыцыны.
Паводле данясеньняў службоўцаў Багемскай канторы, Скарына працаваў там без асаблівай ахвоты[146], але добрасумленна. У сваю чаргу камора затрымлівала яму заробкі. У красавіку 1539 року запазычанасьць перад Францішкам склала каля 200 гульдэнаў[lower-alpha 19][147][148], таму Скарына надумаў зьвярнуцца асабіста да караля. У лісьце ад 21 ліпеня таго ж году кароль загадвае «разьлічыцца зь ім, і каб вы яго больш не затрымлівалі»[lower-alpha 20][147][149]. Такім чынам, беларускі асьветнік працаваў батанікам на Градчанах да 1539 року.
Чэскі храніст Вацлаў Гаек(cs) паведамляў пра пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 году[150], у якім сярод іншых асобаў у доме адміністратара праскай эпархіі Яна з Пухава згарэлі «кухарка Магдалена, а таксама хлопчык Францішак, сын колішняга доктара Руса»[151]. Дасьледнікі, як то Антоні Флароўскі ды іншыя, тлумачылі гэты летапісны фрагмэнт у тым сэнсе, што Скарына памёр каля 1540—1541 гадоў, а ягоны малы сын загінуў у гэтым пажары[152]. Аднак калі слова «колішні» тлумачыць не ў дачыненьні да «нябожчыка», а «доктара», альбо ягонага чэскага значэньня — «настаўніка», дык словы Гаека «nekdy doktora Rusa» трэба перакладаць не як «памерлага доктара Руса», а як «доктара Руса, які некалі жыў у Празе»[153]. У гэтым тлумачэньні Скарына служыў настаўнікам у «казацеля» (прапаведніка) ксяндза Яна, які мог кіраваць адной з каталіцкіх школаў. У такім выпадку асьветніка спасьцігла яшчэ адное няшчасьце — гібель сына.
Найбольш імаверна, што Скарына памёр у канцы 1551 году[154] або ў студзені 1552 году. Захавалася «давераная грамата» караля Фэрдынанда I, выдадзеная 29 студзеня 1552 году:
«Мы, Фэрдынанд і г. д., абвяшчаем гэтай граматай, што колішні доктар Францішак Рус Скарына з Полацку, які некалі тут жыў, наш садоўнік — у гэтым каралеўстве чэскім быў чужаземцам — сышоў на вечны спакой і пакінуў пасьля сябе сына Сімяона Руса і пэўную маёмасьць, паперы, даўгі і іншае, яму належнае. І прасіў нас вышэйзгаданы Сімяон [выдаць] грамату і агульны ўказ на выпадак таго, што калі б ён знайшоў што-небудзь з маёмасьці вышэйзгаданага свайго бацькі, то каб яму была выдадзена і аказана дапамога». | ||
Кароль задаволіў гэтую просьбу і загадаў усім службовым асобам Чэскага каралеўства дапамагаць Сімяону Скарыну ў такой справе. Сярод спадчыны асьветніка названыя кнігі ды іншыя паперы[155]. У тым жа годзе Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрату купец Тоўсьцік абвясьцілі пра свае прэтэнзіі адносна «рэчаў і маёмасьці… пакінутых пасьля сьмерці доктара Францішка Скарыны і ацэненых у 150 коп у літоўскай манэце»[156].
Аднак існуюць вэрсіі, што Скарыны не было ў жывых ужо да 1541 року[157], гэтая дата найчасьцей сустракалася ў савецкіх энцыкляпэдычных слоўніках[158][159][160][161].
Месца пахаваньня беларускага першадрукара невядомае. Сімяон Скарына ўзяў ад бацькі ў спадчыну і ягоную прафэсію: чэскі храніст Вацлаў Бржэзан(cs) паведамляў, што старэйшы сьвятар Іржы Чэтл да сваёй сьмерці (22 траўня 1577 року) «карыстаўся паслугамі доктара, нейкага паляка Сімяона, па прозьвішчы Рус, з Полацку»[162][163]. Прозьвішча паходзіць ад «рускі» — у тагачасным сэнсе «беларус», а «паляк» — звычайны анахранізм, бо ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітае ў Эўропе часам называлі палякамі. Апошнім разам імя Сімяона Скарыны згадваецца чэскім дасьледнікам садова-паркавага мастацтва Францішкам Тэплым(cs): ён згадвае пра «старога садавода Руса з Полацку Шымона Русака», «якога з-за яго нядужасьці паслаў ягамосьць пан у 1584 року лячыцца ў Добры Водзе, каля Капліцаў(cs)»[164][165] — места ў паўднёвай Чэхіі.
У 2017 року дасьледнік Адам Мальдзіс выказаў здагадку, што Скарына мог быць пахаваны ў касьцёле сьвятога Віта(cs) ў Чэскім Крумлаве на поўдні Чэхіі[166].
Пасьля знаёмства з лацінскімі, чэскімі, старажытнаюдэйскімі і царкоўнаславянскімі тэкстамі Бібліі ў 1517—1519 гадох Францішак Скарына пракамэнтаваў і надрукаваў кірыліцай у Празе 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам
«БИБЛИѨ РꙋСКА
ВЫЛОЖЕНА ДОКТОРОМЪ ФРАНЦИСКОМЪ СКОРИНОЮ ИЗСЛАВНАГО ГРАДА ПОЛОЦЬКА БОГꙋ КОЧТИ И ЛЮДЕМЪ ПОСПОЛИТЫМЪ КДОБРОМꙋ НАꙋЧЕНИЮ».
Доўгі час сярод лінгвістаў вялася дыскусія пра мову, на якую ён пераклаў кнігі: на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы ці на царкоўны стыль старабеларускай мовы. Беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова перакладаў Бібліі Францішка Скарыны — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэскай і польскай моваў[167][168].
Заснаваньне беларускага кнігадрукаваньня стала вяршыняй духоўнай дзейнасьці Францішка Скарыны, найбольш выразным і яскравым пралогам беларускага Адраджэньня 1-й паловы XVI стагодзьдзя. У друкаванай кнізе Скарына бачыў невычарпальныя магчымасьці духоўнай асьветы народа, выхаваньня высокіх хрысьціянскіх, маральных і грамадзянскіх якасьцей, усё большага далучэньня і актыўнага ўзаемадзеяньня з эўрапейскім культурна-гістарычным соцыюмам. Відаць, доўгія падарожжы па краінах з разьвітым кнігадрукаваньнем (Польшча, асабліва Італія, Чэхія й інш.), знаёмства з друкаванай кнігай, якая з канца XV стагодзьдзя ўсё ў большых маштабах пранікала на землі ВКЛ, спрыялі ягоным плянам, а падтрымка беларускіх мяшчанаў Вільні і Полацку забясьпечыла іхняе ажыцьцяўленьне. У адрозьненьне ад Польшчы, дзе ў той час значныя колы духавенства і вярхоўная ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў (як раней Швайпольта Фіёля ў канцы XV стагодзьдзя), дзе існавала значная манапалізацыя друкарскай справы, больш падыходзіла для рэалізацыі ягоных плянаў Чэхія. Менавіта ў Празе Скарына ў асноўным завяршыў свой пераклад і камэнтаваньне тэкстаў Бібліі на падставе лацінскіх, чэскіх, старажытнагабрэйскіх і царкоўна-славянскіх крыніц і ў 1517—1519 гадох выдаў 23 кнігі Старога Запавету. Віленскія выданьні 1520-х гг. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш зьвязаныя з традыцыйнай беларускай і ўсходнеславянскай кніжнасьцю (з выняткам некаторых дадаткаў, арнамэнтыкі і камэнтароў Скарыны) і выдаваліся на царкоўнаславянскай мове. У Вільні Францішак Скарына ў адрозьненьне ад Прагі меў сваю друкарню ў доме найстаршага бурмістра Якуба Бабіча каля Рынку і больш актыўна займаўся беспасярэднімі друкарскімі справамі[169].
Кнігі Скарыны вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасьцямі. Беларускае кнігадрукаваньне адразу пачалося з высокага эўрапейскага ўзроўню. Рэнэсансныя выданьні Ф. Скарыны, адметныя мастацкім, гравюрным, арнамэнтальным упрыгожваньнем, шрыфтам і іншымі кампанэнтамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства, былі арыентаваныя на ўсе пласты беларускага насельніцтва. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а камэнтары разьлічаныя на ўспрыняцьце кніжнай прамудрасьці простым («паспалітым») людам «языка рускага» (беларускай і іншых усходнеславянскіх моваў). 3 гэтай мэтай ён тлумачыў на палёх кнігі архаічныя царкоўнаславянскія словы «рускай мовай». Іншыя маргіналіі Скарыны павінны былі падкрэсьліць духоўнае адзінства Сьвятога Пісаньня. 3 замежных, магчыма, славянскіх выданьняў ён запазычыў падзел псальмаў на вершы[169], што да яго сустракалася толькі ў цэцінскіх выданьнях 1495 року і вэнэцыянскіх Бажыдара Вукавіча[170].
Кнігі Скарыны зрабілі вялікі ўплыў на разьвіцьцё духоўнай культуры Беларусі і Ўкраіны, стымулявалі ўзьнікненьне кнігадрукаваньня ў Маскоўскай дзяржаве, пашыраліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнамэнтальныя матэрыялы Віленскай друкарні Скарыны да 1652 г. выкарыстоўваліся ў выданьнях найбуйнейшай беларускай друкарні — Віленскай брацкай друкарні і ейнае філіі — Еўінскай друкарні, а некаторыя праскія ініцыялы сустракаюцца ў выданьнях Астроскай друкарні ўва Ўкраіне ў канцы XVI ст.[169]
Францыск Скарына выдаваў свае кнігі з эротыкаю:
І пакуль недзе ў Італіі Мікелянджэлё ды да Вінчы малявалі сваіх мадоннаў, наш славуты зямляк ціснуў аголеныя целы на гравюрах да Бібліі.
— Наша ніва. Як Скарына прасоўваў эротыку ў масы.[171]
Невядома, хто супрацоўнічаў са Скарынам у ягонай выдавецкай і друкарскай дзейнасьці. На думку дасьледнікаў, шматлікія рэнэсансныя гравюры праскіх выданьняў выконваліся прадстаўнікамі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога Францішка (партрэт Скарыны да кнігі «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні, безумоўна, працавалі і беларускія мастакі, гравэры, рамесьнікі, друкары[169].
Маргінальныя запісы XVI—XVIII стагодзьдзяў на кнігах Скарыны сьведчаць пра іхняе актыўнае выкарыстаньне рознымі пластамі беларускіх і замежных чытачоў: купцамі, сьвятарамі, настаўнікамі, вучнямі, тагачаснай адукаванай элітай, гарадзкім патрыцыятам, усходнехрысьціянскімі манахамі й інш[169].
Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзьвюх крыніц: царкоўнаславянскага тэксту і чэскай Бібліі 1506 году. Менавіта з прычыны асаблівасьцяў чэскага перакладу, якія перайшлі і ў скарынаўскія кнігі, апошнія былі адрынутыя Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі.
Францішак Скарына зрабіў істотны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай літаратуры. Ён значна пашырыў межы і магчымасьці традыцыйных літаратурных жанраў — прадмоваў, сказаньняў і пасьляслоўяў.
У нарацыях пісьменьніка адлюстроўваюцца пераважна падзеі старажытнай гісторыі. Так, прадмова да кнігі «Юдыт» утрымлівае літаратурна апрацаваныя гістарычныя сюжэты пра блізкаўсходнія царствы старажытных часоў. У творах Ф. Скарыны ў бэлетрызаваным стылі апісваюцца найбольш значныя царкоўныя саборы, дэталёва паведамляецца пра дзяржаўных асобаў, многіх філёзафаў і рэлігійных дзеячоў.
Пісьменьнік на старонках прадмоваў і сказаньняў стварыў яскравыя і запамінальныя вобразы рэальных гістарычных асобаў — цара Саламона, Юдыты, Аляксандра Македонскага, філёзафа Філёна, апосталаў Пятра і Паўла. Ф. Скарына акцэнтаваў увагу пераважна на дзейнасьці гістарычных пэрсанажаў, паказваў значнасьць іхніх справаў і веліч учынкаў.
Асабліва калярытны вобраз эгіпецкага цара Пталямэя Філядэльфа, створаны Ф. Скарынам у прадмове да кнігі «Ісус Сірахаў». Пісьменьнік зьвяртае ўвагу на дзейнасьць Пталямэя па пашырэньні кніжных ведаў, мудрасьці і філязофіі, дэталёва апісвае запрашэньне ім зь Ерусаліму ў Александрыю 72 навукоўцаў дзеля перакладу кніг з габрэйскай на грэцкую мову. Ф. Скарына паведамляе пра захапленьне Пталямэя кнігамі, створаную ім унікальную Александрыйскую бібліятэку, дзе той сабраў звыш сарака тысячаў рарытэтных кніг. Пісьменьнік паказвае асьветніцкую місію цара Пталямэя арнамэнтаванымі і ўзьнёслымі словамі: «Таковый убо был милосник наукы и мудрости, иже болей избрал оставнти в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царскых сокровищах».
Характэрная адзнака творчага мэтаду Ф. Скарыны — рэгулярнае акрэсьленьне сваёй місіі перакладчыка і выдаўца. Ён нязьменна паказваў на асьветніцкія матывы і адукацыйнае прызначэньне сваёй творчай працы, у аснове якой — пашырэньне ведаў, мудрасьці, навукі, добрых нораваў. Так, пра высакародную і гуманістычную скіраванасьць сваёй працы над кнігай «Ісус Сірахаў» Ф. Скарына пісаў: «Прото ж и я, для похвалы Божией и для посполитого доброго и розмноженыя мудросты, уменыя, опатрености, разуму и науце, приложил есм працу выложити книгу сию на рускый язык, елика бо прежде писана быша к нашему научению».
Беларускі першадрукар выявіў сябе як майстар паэтычнага слова. У прадмовах да кніг «Ёў», «Выхад» і «Эстэр» зьмешчаныя некалькі цікавых рыфмаваных радкоў, якія ня страцілі свайго мастацкага і духоўна-маральнага значэньня да нашага часу.
Першы паэтычны твор Ф. Скарыны — вершаванае чатырохрадкоўе на тытуле кнігі «Ёў» (1517):
Богу въ Троици единому ко чти и ко славе, |
||
У вершаванай форме паэт сьцісла, але надзвычай дакладна сфармуляваў прызначэньне свайго выданьня. Гэты верш — адзін з найбольш раньніх узораў беларускай вэрсыфікацыі. У ягонай структуры прыкметныя яшчэ даволі значныя адступленьні ад усталяваных сылябічных нарматываў. Тут захаваная колькасная суразьмернасьць сумежных радкоў, адпаведны ўздым і спад інтанацыі перад і пасьля цэзуры, парнасьць рыфмоўкі (славе — похвале, веселию — научению)[172]. Істотна, што выкарыстаная Ф. Скарынам рытмічная суаднесенасьць радкоў — 16:15, 15:14 дазваляла лёгка запомніць верш, зьяўлялася эстэтычна прывабнай і дасканалай.
Другі вершаваны твор Ф. Скарыны «Веруй у Бога адзінага» зьмешчаны ў прадмове да кнігі «Выхад» (каля 1519):
Веруй в Бога единаго, |
||
Верш напісаны ў адпаведнасьці зь лёгікай біблейных Дзесяці прыказаньняў Майсеявых, але даступнай для беларускага чытача мовай. У гэтым вершы адыход аўтара ад прынцыпаў сылябізму яшчэ больш відавочны: з усіх пяці двувершаў толькі трэці захоўвае васьміскладоўнік, усе астатнія маюць розную мэтрычную структуру. У выніку кожны двуверш зьяўляецца па сутнасьці завершанай інтанацыйна і сынтаксічна структурнай адзінкай[172]. Верш мае пераважна паралельную рыфму і адметную рытмічную структуру — 9:12, 9:7, 9:9, 7:11, 10:11, — даволі мілагучную і лёгкую для чытацкага ўспрыманьня.
Трэці верш Ф. Скарыны зьмешчаны ў канцы прадмовы да кнігі «Эстэр» (1519):
Не копай под другом своим ямы — |
||
Паводле зьместу прыведзенае чатырохрадкоўе — гэта апрацоўка старажытнага мудраслоўя, у якім гучыць заклік да чалавека пазьбягаць злых учынкаў. Верш зьнітаваны паэтычнай думкай, зьвязанай з канкрэтным сюжэтам і павышанай эмацыйнасьцю. Пра гэта сьведчыць і графічнае вылучэньне страфы ў канцы прадмовы[172]. Дзеля рытмічнай арганізацыі вершу паэт ужывае суаднесенасьць радкоў — 11:5, 13:7.
Такім чынам, першыя паэтычныя творы Ф. Скарыны — гэта няроўнаскладовыя, дасылябічныя вершы, у якіх сустракаецца ізасылябізм — роўнаскладовасьць у межах вершаванага пэрыяду. Мэтрыка вершаў Ф. Скарыны цалкам адпавядае моўна-фанэтычным асаблівасьцям беларускай мовы. Яны напісаныя паводле прынцыпаў танічнай і сыляба-танічнай моўных сыстэмаў.
Вершаваныя ўстаўкі ў прадмовах Ф. Скарыны выконвалі важныя эстэтычныя функцыі. Паэтычныя радкі стваралі ўзьнёслае ўспрыманьне ўсёй кнігі, абуджалі эмоцыі і глыбокія пачуцьці ў чытача, рыхтавалі яго да сустрэчы зь незвычайным, таямнічым, прыгожым.
Паэтычны талент Ф. Скарыны выявіўся на ніве гімнаграфіі — духоўных вершаў у гонар Бога, Маці Божай, сьвятых, якія ён апублікаваў у «Малой падарожнай кніжыцы». Ф. Скарына пераклаў і творча перапрацаваў творы старажытных паэтаў-гімнографаў — Ёсіфа Песьняпісца, Яна Дамаскіна, Рамана Мілагучнага.
У «Малой падарожнай кніжыцы» сярод мноства духоўных песнапеньняў ёсьць два акафісты, якія ўтрымліваюць імянныя акравершы Ф. Скарыны, што сьведчыць пра гімнаграфічныя здольнасьці паэта. Так, «Акафіст Ісусу» зьмяшчае акраверш: «Делал доктор Скоринич Францыскус». Як паказаў аналіз, гэты твор быў складзены зь перапрацаваных частак песнапеньняў папярэдніх гімнографаў.
«Акафіст Яну Прадцечу» — арыгінальны паэтычны твор, які ўтрымліваў акраверш: «Писал доктор Скоринич Францыскус». Ён напісаны паводле ўзораў бізантыйскіх гімнаў і блізкі да іх тэматычна. Біблейны пэрсанаж Ян Прадвесьнік паслужыў для Ф. Скарыны незаменнай пэрсаніфікаванай асновай для стварэньня вобраза станоўчага героя, ідэальнага чалавека, місія якога — выхоўваць і навучаць, быць бездакорным узорам для перайманьня, служыць прыкладам добрых справаў і ўчынкаў. Паводле мастацкай канцэпцыі Ф. Скарыны, станоўчы герой — адукаваны чалавек, духоўна трывалы і інтэлектуальна прасьветлены, навучае людзей дабру і справядлівасьці, нязьменна спрыяе разьвіцьцю народаў («разные языки житнем просветівый»). Ён сьмела змагаецца з ворагам, цярплівы і надзейны, захоўвае цялесную чысьціню, не злоўжывае віном.
Францішак Скарына першым сярод усходніх славян падрыхтаваў сыстэматызаваны кодэкс кананічных біблейных кніг, пра што сьведчыць дакладны пералік і вызначэньне місіі кожнай зь іх у «Прадмове да ўсёй „Бібліі“». Асьветнік слушна вылучыў чатыры асноўныя жанрава-тэматычныя групы кніг, што складалі «Біблію», пра што ён пісаў у прадмове да «Першай кнігі Царстваў»: першая група — законы, навукі і суды Божыя, другая — гістарычныя і летапісныя кнігі, трэцяя — «кнігі аб мудрасьці, розуме і навуцы Старога і Новага запаветаў», чацьвёртая — кнігі прароцтваў і ўяўленьняў.
Ф. Скарына асабіста ажыцьцявіў пераклад надрукаваных ім кніг «Бібліі». У прадмове да «Першай кнігі Царстваў» ён літаральна пісаў: «О сих всех книгах, мною на руски язык ново выложенных и о именах их ширей, в предисловнах от мене на кожныи роздельно положенных, выписано знойдеши».
Пры перакладзе «Бібліі» Ф. Скарына абапіраўся на глыбокі філялягічны аналіз папярэдніх выданьняў і выкарыстоўваў старадрукі. Рыхтуючы да друку тэксты Сьвятога Пісаньня, асьветнік грунтоўна займаўся іхнімі глыбокімі тэксталягічнымі апрацоўкамі, экзегетыкай і герменэўтыкай — камэнтаваньнем біблейных кніг, тлумачэньнем незразумелых месцаў на палёх, што зьяўляецца адным з вызначальных кампанэнтаў ягонага творчага мэтаду.
Пра ўласныя філялягічныя прынцыпы і характар апрацоўкі біблейных кніг ён паведамляў у прадмове да «Псалтыра»: «Так же положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых, не рушаючи самое „Псальтыри“ ни в чем же. Яко суть „онагри“ и „геродеево жиліще“ и „хлябне“ и иные слова, которые суть в „Псалтыри“ неразумные простым людем. Найдуть е на боцех русским языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделил есми вси псалмы на стихи по тому, яко ся в ыных языцех делить».
Францішак Скарына зыходзіў з таго, што ў тэксьце «Бібліі» існуюць два сэмантычныя ўзроўні: першы — літаральны, зьнешні і другі — унутраны, глыбінны, духоўны. Асьветнік даводзіў, што ня толькі асобныя выказваньні, але нават кожнае слова ў «Бібліі» мае свой унутраны, патаемны сэнс, які патрабуе тлумачэньня, пэўнага духоўнага напружаньня. «Написаны суть воистнну сие книги внутрь духовне е, разумеющим о тайнах превеликих Божиих». Такім чынам, ён узаконьваў алегарызм, прытрымліваючыся думкі, што ўнутраны сэнс «Бібліі» здольныя зразумець пераважна духоўныя асобы, адукаваныя людзі. Ф. Скарына ўказваў таксама і на выключную важнасьць літаральнага, вонкавага аспэкту біблейнага дыскурсу. На ягоную думку, зьнешні бок, літаральнае прачытаньне «Бібліі» адрасаваныя простым людзям: «Написаны теж и зовнутрь, понеже не толико докторове а люди вченые в них разумеють, но всякий прстый и посполитый, чтучи их или слухючи, может поразумети, что ест потребно к душному спасенню его». Ф. Скарына ўвасьлед за эвангелістам Мацьвеем лічыў, што просты чалавек можа ўбачыць у Сьвятым Пісьме тое, што нярэдка застаецца неўспрынятым і добра адукаванымі людзьмі.
Выданьні Скарыны зьяўляюцца ўнікальнымі помнікамі сьвецкай рэнэсанснай біблейскай пісьменнасьці. Іхняе месца ў эўрапейскім і беларускім культурна-гістарычным працэсе вызначаецца гістарычнымі ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасьцю і агульным узроўнем духоўнага разьвіцьця Беларусі і ўсходнеславянскіх земляў ВКЛ. Разам з тым яны адлюстроўваюць і асабістыя рысы выдаўца, ягоную духоўную адоранасьць і непаўторнасьць, веліч ягонага подзьвігу.
Біблія Скарыны не адпавядае поўнасьцю ніводнаму зь вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Сьвятога Пісаньня. Яна адыходзіць ад царкоўных традыцыяў ня столькі сваім складам і зьместам (дзе многа кананічнага), колькі агульнай накіраванасьцю, жывым духам і сьвецкай хрысьціянскай прыўзьнятасьцю, грамадзкімі, нацыянальна-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асьветніцкімі тэндэнцыямі. Творы Скарыны непарыўна і арганічна зьвязаныя зь ягонымі выданьнямі, тэмамі і накіраванасьцю ягонай духоўнай дзейнасьці. Яны ўяўляюць сабой сукупнасьць уступных, заключных і камэнтуючых матэрыялаў, якія дастасаваны да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць зь імі і з усёй Бібліяй разам арганічную цэласьць. Асноўную ролю адыгрываюць «предьсловия» і блізкія да іх па функцыях «сказания». У праскіх выданьнях 21 прадмова і 4 сказаньні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасьць дасьледнікаў адносіць прадмовы і сказаньні да адной жанравай разнавіднасьці, на думку іншых (Уладзімер Конан, Віктар Дарашкевіч, Алесь Яскевіч) — сказаньні бліжэй да пазьнейшых беларускіх пропаведзяў, казаньняў. Яны звычайна больш сьціслыя, адрозьніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаныя багаслоўскай рыторыкай[173].
Кнігі Скарыны прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытаньня, выкарыстаньня ў царкоўных службах і сьвецкіх бібліятэках. Францішак Скарына ўлічваў адсутнасьць у ВКЛ і ўсёй Усходняй Эўропе разьвітай кніжна-пісьмовай традыцыі па перапісваньні біблейскіх зводаў, недастатковае знаёмства зь імі сьвецкіх і нават царкоўных колаў. Асобныя рукапісныя зводы Бібліі («Генадзіеўская Біблія» 1499, «Дзясятаглаў» Мацея Дзясятага 1502—1507, «Пяцікніжжа» дзяка Фёдара 1514) не былі прызначаныя для пашырэньня, і толькі вынаходніцтва друку адчыніла перад ёй шырокія пэрспэктывы. Каб пазьбегнуць спрошчанага, памылковага ўспрыняцьця Бібліі, Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме камэнтаваць біблейскія тэксты, падаваць зьвесткі пра гістарычныя, побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалягічным кантэксьце асноўнае месца ў прадмовах і сказаньнях Скарыны займала г. зв. экзагеза — тлумачэньне алегарычнага зьместу кніг Старога Запавету як прадвесьця і прароцтва новазапаветных падзей, перамогі хрысьціянства ў сьвеце і надзеі на вечнае духоўнае выратаваньне. Комплекс прадмоваў і сказаньняў дапаўняюць каляфоны — пасьляслоўі зь некаторымі выходнымі зьвесткамі і г. зв. надпісаньні — сьціслыя ўступныя камэнтары да частак кожнай кнігі[173].
Дасьледнікі адзначаюць стылявы і жанравы сынкрэтызм асноўных твораў Францішка Скарыны, дасканаласьць выяўленчых сродкаў, публіцыстычнасьць, экспрэсіўнасьць, прытчавы і алегарычны характар, багацьце гістарычных, філязофскіх, тэалягічных камэнтароў, сугучнасьць узьнёслай моўнай стылістыкі кніг Бібліі[173].
У творах Скарыны своеасабліва сынтэзаваліся антычныя і сярэднявечныя традыцыі з ідэалёгіяй эўрапейскага Адраджэньня, хрысьціянскі гуманізм з рэнэсансава-гуманістычнымі ўяўленьнямі. Патрыятычныя пачуцьці, ягоныя намаганьні спрыялі ўсебаковаму духоўнаму і грамадзкаму разьвіцьцю Айчыны і не супярэчаць поглядам на гісторыю чалавецтва, права, заканадаўства, звычаі і традыцыі іншых народаў. Ён далёкі ад рэлігійнага фанатызму, ваяўнічага місіянэрства. Ягоныя канфэсійныя погляды вызначаюцца талерантнасьцю, а ў праскіх выданьнях — нават пэўнай неакрэсьленасьцю. Сучасныя дасьледнікі зьвяртаюць шмат увагі на характарыстыку асьветніцкіх імкненьняў Скарыны, ягоную павагу да сьвецкіх навук, кніжнай справы, літаратуры, мастацтва, пісьменства, духоўных здабыткаў старажытных часоў і эпохі Адраджэньня[174].
Францішак Скарына высока ацэньваў выдатных дзеячоў антычнага сьвету, знакамітых біблейскіх герояў, пазытыўна ставіўся да сучаснага яму караля і вялікага князя Жыгімонта Старога. У сыстэме Боскай герархічнай пабудовы сьвету і зямной грамадзкай гісторыі Скарына аналізаваў вядомую сярэднявечнай тэалёгіі антыномію: «закон прыражоны» (Боскі) і «закон пісаны». Ідэі праўнай дзяржаўнасьці, справядлівага і маральнага вяршэнства законаў у тыя часы былі надзвычай актуальнымі. Менавіта тады быў распрацаваны і зацьверджаны першы агульнадзяржаўны збор законаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году, які сыстэматызаваў і рэгуляваў асноўныя сфэры сацыяльных і праўных стасункаў. Апалёгія «прыражонага закона» ў Скарыны — гэта праекцыя ідэальнай мадэлі праўнай арганізацыі грамадзтва, заснаванай на Боскіх і хрысьціянскіх прыказаньнях. «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хошевди от иных имети». «Закон пісаны», па словах Скарыны, быў таксама дараваны ад Бога ў Сьвятым Пісаньні, а пазьней устаноўлены ад людзей праз царкоўныя саборы і земскія законы. Скарына ня бачыў неабходнасьці ў параўнаньні пісаных законаў розных краінаў і народаў. Для яго больш істотныя асноўныя пастулаты права, іхняя блізкасьць і падабенства да «прыражонага закона». Як абгрунтаваньне станава-манархічнага ладу, удасканаленьня земскага заканадаўства ўспрымалася сучасьнікамі, ягонае апісаньне старажытных правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, мескае, марское, купецкае і інш[175].
Кнігі Скарыны сьведчаць пра істотныя зьмены ў разьвіцьці духоўных і этнаінтэграцыйных працэсаў на Беларусі, асэнсаваньні гістарычнага і культурна-моўнага адзінства беларускай народнасьці. Традыцыйнасьць этнагістарычных вызначэньняў у Скарыны — «Русь», «руская мова», «Бівлія руска» — не пярэчаць таму, што ў сваіх выданьнях ён меў на ўвазе перш за ўсё Русь айчынную, уласна беларускія землі зь іхным насельніцтвам, традыцыямі і культурай. Яскравым пацьверджаньнем этнагістарычнай і патрыятычнай сьвядомасьці Скарыны зьяўляецца ягонае замілаваньне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняе ягоныя агульнапатрыятычныя ўяўленьні канкрэтным зьместам — любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і. Францішак Скарына адзначаў: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёза своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Адсюль і палкае жаданьне Скарыны служыць свайму народу, пашыраць хрысьціянскія і рэнэсансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадзкую актыўнасьць, дасканаласьць, спасьціжэньне высокіх сэнсаў зямнога быцьця і Боскіх запаветаў[174].
Палітычныя і сацыяльныя погляды Скарыны складаліся пад узьдзеяньнем рэальных працэсаў, што адбываліся на Беларусі, у ВКЛ, Польшчы, іншых эўрапейскіх краінах. Ягоным палітычным ідэалам была моцная і асьветная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысьціянскую справядлівасьць, законнасьць, правасудзьдзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе разьвіцьцю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Ідэальнымі правіцелямі Скарына лічыў старажытных грэцкіх і рымскіх кіраўнікоў і заканадаўцаў: Салёна, Нуму Пампіліюса, Лікурга, эгіпецкага фараона Пталямэя IV Філяпатара. На ягоную думку, манарх павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, дабрачынным, чулым, а таксама справядлівым да сваіх падданых. Сацыяльныя адносіны Скарына таксама ацэньваў хрысьціянскімі прынцыпамі: не адмаўляючы існаваньня клясавых процілегласьцяў, лічыў, што ўзаемаадносіны паміж «богатыми» і «убогими» павінны складвацца на аснове «братолюбия» і «друголюбия»[176]. Значная ўвага да пытаньняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэяў справядлівасьці, роўнасьці ўсіх людзей перад законам сьведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным становішчам справаў на сваёй Радзіме, зьявамі сацыяльнай дыскрымінацыі, фэўдальнай анархіі, свавольства[177].
Скарына зьявіўся выразьнікам ідэалёгіі, духоўных патрэбаў месьцічаў Беларусі (пераважна купцоў і рамесьнікаў). Сьветапогляд Скарыны тлумачыўся ня толькі тыповымі рысамі эпохі, але і культурна-гістарычнымі абставінамі. На сьветапогляд Скарыны паўплывалі народна-этычныя і эстэтычныя, а таксама літаратурныя традыцыі. У цэнтры ўвагі знаходзілася праблема чалавека і грамадзтва. Скарына разглядаў і вырашаў пытаньні сэнсу жыцьця, духоўнага сьвету, годнасьці чалавека, паходжаньня маральных уяўленьняў, агульнага і індывідуальнага дабра. Ён сьцьвярджаў самакаштоўнасьць чалавечага жыцьця, але не адвяргаў і веры ў жыцьцё на тым сьвеце. Этыка Скарыны арыентуе чалавека на грамадзка-карыснае зямное жыцьцё, служэньне «пожитку посполитому», маральнае ўдасканаленьне, «абы, начившися мудрости», людзі «добре живучи на свете». Праблемы сэнсу жыцьця і найвышэйшага дабра разглядаліся ў прадмовах да шматлікіх кніг, у тым ліку да кніг Выслоўяў Саламона, Ісуса Сірахава, Эклезіяста[178].
Духоўная спадчына Францішка Скарыны была асэнсаваная і ў значнай ступені ўспрынятая і разьвітая наступнымі пакаленьнямі беларускіх мысьляроў, гуманістаў-асьветнікаў. Супастаўленьне праўных ідэяў Скарыны са зьместам Статуту 1529 року дазваляе зрабіць выснову пра практычнае ўвасабленьне некаторых ідэяў асьветніка ў заканадаўстве[179].
У наш час у 11 краінах сьвету захоўваюцца 520 асобнікаў праскіх і віленскіх выданьняў Францішка Скарыны. У Беларусі іх 28 (5,4%). Ува Ўкраіне захоўваецца 47 кніг, у Польшчы — таксама 28. Найбольшая колькасьць выданьняў Скарыны цяпер знаходзіцца ў Расеі — 352 асобнікі або 68% усіх вядомых кніг[182]. Адной з прычынаў вывазу кніжнай спадчыны Скарыны ў Расею была дзейнасьць графа Мікалая Румянцава, якому ўлады Расейскай імпэрыі па падзелах Рэчы Паспалітай падаравалі магдэбурскі Гомель. Дзеля напаўненьня ўласнай калекцыі ён стварыў агентурную сетку, якая на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага арганізавала вышук каштоўных кніг у прыватных і манастырскіх кнігазборах. Вядома, што пры жыцьці Румянцава ягоны кнігазбор налічваў 140 кніг, выдадзеных Францішкам Скарынам. Па 1917 годзе гэтая калекцыя стала асновай для Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі[168].
Увогуле, на пачатак XX ст. на тэрыторыі Беларусі не засталося арыгіналаў кніг Скарыны. Толькі ў 1925 годзе Дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка БССР (будучая Нацыянальная бібліятэка) набыла 10 выдадзеных у Празе кніг у ленінградзкага бібліяфіла Камарніцкага. Гэтая колькасьць заставалася нязьменнай да 2017 году, калі «Белгазпрамбанк» выкупіў для сваёй прыватнай калекцыі «Малую падарожную кніжыцу» (18 кніг у адным пераплёце)[182].
Імя Францішка Скарыны носяць дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі — мэдаль і ордэн, а таксама Гомельскі ўнівэрсытэт, цэнтральная бібліятэка, пэдагагічная вучэльня, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Менску, недзяржаўнае грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы», многія вуліцы ў местах і мястэчках Беларусі. 26 траўня 2009 году Полацкі гарадзкі савет дэпутатаў няпярэдадні імпрэзы з 1147-годзьдзя гораду пастанавіў пераназваць праспэкт Карла Маркса ў гонар Францішка Скарыны[183]. Апроч таго імем Ф. Скарыны назвалі беларускую школу ў Вільні[184], малую плянэту № 3283 (1979 QA10) Сонечнай сыстэмы і Віцебскую абласную прэмію для друкаваных СМІ[185].
У 1946 годзе Міхась Клімковіч напісаў драматычную паэму «Георгій Скарына», у 1951 годзе з такой назвай зьявіўся гістарычны раман Міколы Садковіча і Яўгена Львова. У 1969 годзе выйшаў фільм «Я, Францыск Скарына». У 1990 годзе Дзьмітры Смольскі напісаў опэру «Францыск Скарына» (лібрэта Сьвятланы Клімковіч).
У 1974 годзе ў Полацку адкрылі першы ў сьвеце помнік Ф. Скарыну[186]. Апроч таго помнікі першадрукару стаяць у Менску (каля Нацыянальнай бібліятэкі, у сквэры Янкі Купалы, у дворыку БДУ), Лідзе, Празе (побач — памятны валун, прывезены зь Беларусі), Вільні і Калінінградзе. Мэмарыяльныя дошкі Скарыну ёсьць у Менску (вул. Карла Маркса, на мурах былой амбасады Італіі), Падуі (на мурах Падуанскага ўнівэрсытэту), Вільні і Празе (каля ратушы).
Жыцьцё і дзейнасьць Ф. Скарыны вывучае комплексная навуковая дысцыпліна — скарыназнаўства.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.