Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вэнэцыя́нская рэспу́бліка — сярэднявечная дзяржава, якая разьмяшчалася на выспах і ўзьбярэжжы паўночнай часткі Адрыятычнага мора, заселеных у V ст., у часы спусташальных набегаў барбарскіх плямёнаў на Паўночную Італію.
Вэнэцыянская рэспубліка Serenissima Repubblica di Venezia | |||||
| |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Гімн Венецыі» | |||||
Вэнэцыянская рэспубліка ў 1796 годзе | |||||
Афіцыйная мова | вэнэцыянская мова, лацінская мова | ||||
Сталіца | Вэнэцыя | ||||
Найбуйнейшы горад | Вэнэцыя | ||||
Форма кіраваньня | Алігархічная рэспубліка | ||||
Валюта | Вэнэцыянская ліра |
Пасьля падзеньня Заходняй Рымскай імпэрыі Вэнэцыянскія астравы разам з астатняй Італіяй падпалі пад уладу караля Адаакра, потым остготаў і, нарэшце, Усходняй Рымскай імпэрыі; нават пасьля ўварваньня лянгабардаў яны заставаліся яшчэ пад уладай Бізантыі. У 697 насельніцтва гэтай астраўной групы ўпершыню абрала пажыцьцёвую найвышэйшую службовую асобу, названую дожам (ад лацінскага — dux). Трэці вэнэцыянскі дож на просьбу рымскага папы абвясьціў вайну лянгабардам, аблажыў іх у Равэньне і, завалодаўшы гэтым местам, перадаў яго пад уладу бізантыйскага імпэратара. Аднак неўзабаве гэты дож быў забіты суграмадзянамі ў сваім палацы, і пасада дожа была скасаваная на пяць гадоў, але затым ізноў адноўленая ў сувязі зь неабходнасьцю мець вайсковага кіраўніка для абароны места. Аднак галоўным органам выканаўчай улады ў Вэнэцыі засталася гарадзкая Рада сарака. У часы бурнага палітычнага жыцьця рэспублікі ў 1172 была заснаваная Вялікая рада, якая складалася з выбарных натабляў, і з тых часоў зрабілася найвышэйшаю ўладай і значна абмяжоўвала магутнасьць дожаў і сіньёрыі (урадавай калегіі з шасьці радных). Агульны народны сход стаў склікацца толькі ў выключных выпадках, а ў 1423 быў скасаваны.
Крыжовыя паходы забясьпечылі Вэнэцыянскай рэспубліцы калясальны прырост багацьця і магутнасьці. Геаграфічнае становішча і палітычная беспрынцыповасьць дазволілі вэнэцыянцам атрымліваць выгаду з чужых войн і нажывацца за кошт пасярэдніцкага гандлю з варагуючымі адзін з другім бакамі. Вэнэцыя стварыла моцны флёт, і ейныя гандлёвыя факторыі разьмяшчаліся па ўсім Міжземнамор’і. Вэнэцыянскі дож Энрыка Дандалё ў пач. XIII ст. з выгадай для Вэнэцыі выкарыстаў крыжакоў Чацьвертага крыжовага паходу, накіраваўшы іх супраць ворагаў і гандлёвых супернікаў вэнэцыянцаў у абмен на правіянт і транспартныя паслугі. У выніку рыцары і вэнэцыянскія маракі разграмілі важны вугорскі гандлёвы горад Задар, а затым штурмам узялі Канстантынопаль, захапіўшы велізарную здабычу ў сталіцы Бізантыі. Пры падзеле скоранай імпэрыі вэнэцыянцы атрымалі чвэрць ейных тэрыторыяў і багацьцяў, а таксама палову Канстантынопалю. У валоданьні вэнэцыянцаў апынулася мноства грэцкіх астравоў, правінцый і княстваў, якія распасьціраліся ад Адрыятычнага да Чорнага мораў, што дазволіла ім прыбраць да рук амаль увесь гандаль Эўропы з Азіяй. Тым ня менш, Вэнэцыя не змагла перашкодзіць падзеньню Лацінскай імпэрыі ў 1261, пасьля чаго бізантыйскія імпэратары далі шырокія гандлёвыя прывілеі генуэзцам — асноўным супернікам Вэнэцыі ў той пэрыяд.
З 1256 году Вэнэцыянская рэспубліка вяла з Генуэскай рэспублікай працяглую вайну зь пераменным посьпехам, аднак пасьля 130-гадовага змаганьня Вэнэцыя здолела дамагчыся перамогі ў 1381 годзе. Вэнэцыянскія валоданьні ў Эўропе працягвалі пашырацца. Да сярэдзіны XV ст., калі магутнасьць Вэнэцыянскай рэспублікі дасягнула сваёй вяршыні, ейная тэрыторыя складалася з трох складовых частак: герцагства, якое ахоплівала горад Вэнэцыю і найбліжэйшыя гарады ў Вэнэцыянскай лягуне; кантынэнтальнай часткі, якая складалася зь некалькіх абласьцей Верхняй Італіі; марской часткі, якая ўключала Істрыю, Далмацыю, часткова Альбанію, Марэю і Македонію, а таксама Кандыю (Крыт), Нэграпонт (Эўбэю) й іншыя астравы грэцкага архіпэлягу. Нарэшце ўдава апошняга кіпрскага караля Катарына Карнара ў 1489 прадала Вэнэцыянскай рэспубліцы востраў Кіпр. З такой раздробненай тэрыторыяй і невялікім насельніцтвам Вэнэцыянская рэспубліка заставалася, тым ня менш, першай марской і гандлёвай дзяржавай Міжземнамор’я да канца сярэднявечча.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.