Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова, МДУ імя Куляшова — вядучая вышэйшая навучальная ўстанова Магілёўскай вобласьці ў галіне клясычнай адукацыі. Знаходзіцца ў Магілёве.
Магілёўскі ўнівэрсытэт | |
Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова | |
Заснаваны | 1 ліпеня 1913 (111 гадоў таму) |
---|---|
Тып | урадавы |
Рэктар | Дзяніс Дук |
Факультэтаў | 10 |
Колькасьць пэрсаналу | 450 |
Колькасьць студэнтаў | каля 7600 |
Колькасьць асьпірантаў | 34 (2011 год) |
Месцазнаходжаньне | |
Горад | Магілёў |
Краіна | Беларусь |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Магілёўскі настаўніцкі інстытут (да сьнежня 1918 г.), Магілёўскі пэдагагічны інстытут (да 1997 г.) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь |
Вэб-сайт | msu.mogilev.by |
Афіцыйная дата стварэньня Магілёўскага настаўніцкага інстытуту — 1 ліпеня 1913 году. Адкрыцьцё інстытуту адбылося 1 кастрычніка 1913 году ў доме Рыгора Мікалаевіча Гартынскага на Быхаўскай вуліцы (сёньня — вул. Вароўскага), № 22.[1] Яго адкрыцьцю спрыялі мясцовыя гарадзкія й земскія ўстановы. У інстытут прымаліся асобы мужчынскага полу праваслаўнага веравызнаньня ад 16 да 25 гадоў. Тэрмін навучаньня — 3 гады. Першы выпуск настаўнікаў у колькасьці 33 чалавек адбыўся ў 1916 годзе. Першы дырэктар — кандыдат багаслоўя Уладзімер Мікалаевіч Тычынін. У інстытуце ў той час працавалі выкладчыкі:
Выкладаліся агульнаадукацыйныя, пэдагагічныя дысцыпліны й факультатыўна — замежныя мовы. Паводле статута лічыўся сярэдняй навучальнай установай, аднак выкладчыкі арыентавалі слухачоў на падручнікі вышэйшай школы (асабліва ў пэдагагічных і гуманітарных дысцыплінах). У 1915—16 большасьць навучэнцаў мабілізавана ў армію, частка памяшканьняў інстытуту адчужана пад патрэбы ваенна-дыпляматычных місій краінаў Антанты.
У красавіку 1917 году частка выкладчыкаў удзельнічала ў стварэньні Магілёўскага беларускага камітэта, а Аляхновіч, Яўген Сямёнавіч дэлегаваны на Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 году.[6] У час нямецкай акупацыі праведзены іспыты й набор слухачоў на 1-ы курс.[7]
У сьнежні 1918 настаўніцкі інстытут быў рэарганізаваны ў пэдагагічны й атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы з чатырохгадовым тэрмінам навучаньня ў адпаведнасьці з пастановай Усерасейскага зьезда дэлегатаў настаўніцкіх інстытутаў. У склад яе супрацоўнікаў увайшлі лепшыя выкладчыкі навучальных устаноў Магілёва. Інстытут меў тры аддзяленьні й рыхтаваў настаўнікаў школ І і ІІ ступеняў, а таксама работнікаў дашкольных устаноў. Настаўнікаў для школ другой ступені вучылі на фізыка-матэматычным, сацыяльна-гістарычным, біялягічным, літаратурна-мастацкім і геаграфічным цыклах. Кіраўніцтва інстытуту ў 1919 г. прыняло абгрунтаваную, але, відавочна, не разьлічаную на ўмовы грамадзянскай вайны праграму разьвіцьця новай установы. Вучэбную й выхаваўчаю работу вялі каля 40 выкладчыкаў. У гады грамадзянскай вайны й пасьляваеннай разрухі заняткі вяліся ў вячэрні час. У 1919 г. інстытуту перадалі будынак былой Марыінскай жаночай гімназіі.[7]
У Маскве ў 1919 годзе была зацьверджана рэарганізацыя: пэдагагічныя інстытуты пераўтвараліся ў інстытуты народнай адукацыі з больш шырокім профілем выпускаемых спэцыялістаў. Усяго на Беларусі на базе пэдагагічных інстытутаў былі створаны тры такія ўстановы: у Магілёве, Віцебску й Менску. У кастрычніку 1919 году інстытут быў адкрыты з чатырма аддзеламі: 1) дашкольным, 2) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ І ступені, 3) па падрыхтоўцы выкладчыкаў для школ ІІ ступені, 4) па падрыхтоўцы інструктараў працоўных працэсаў.
Усяго ў штаце магілёўскага інстытуце народнай адукацыі на пачатак 1921 г. было 58 супрацоўнікаў, сярод іх 36 выкладчыкаў, зь якіх 31 меў вышэйшую адукацыю або роўнаю да яе. Найбольш працавала выпускнікоў Петраградзкага (7), Маскоўскага (4) унівэрсытэтаў, а ўсяго ўнівэрсытэцкую адукацыю мелі 15 выкладчыкаў. Працавалі таксама выпускнікі Дзямідаўскага ліцэя (2), Пэдагагічнага інстытуту імя Шалапуціна, Акадэміі генэральнага штаба, Рыскага політэхнічнага інстытуту, Петраградзкага гісторыка-філялягічнага інстытуту ды інш. Выкладчык маляваньня і лепкі Пархоменка, Тодар Рыгоравіч меў дыплём Акадэміі мастацтваў у Петраградзе, а выкладчык сьпеваў і музыкі А. І. Бекарэвіч — прыдворную пеўчую капэлу. У інстытуце выкладалі доктар навук С. В. Марголін, кандыдат эканамічных навук М. В. Юдзеніч, кандыдаты багаслоўя У. М. Тычынін і В. П. Сакалоў.
Студэнты інстытуту актыўна ўдзельнічалі й складалі ядро магілёўскага гуртка беларускай моладзі «Асьвета», які праводзіў вялікую культурна-асьветніцкую работу ў Магілёўскім павеце. Гурткоўцы заснавалі хор з 80-ці чалавек, драматычную групу з 20 чалавек, якія часта давалі канцэрты як у Магілёве, так і ў навакольных вёсках. «Асьвета» з ’яўлялася часткай беларускага нацыянальнага руху Гомельскай губэрні, які выступаў за далучэньне беларускіх тэрыторый РСФСР да БССР.
Вядомы беларускі гісторык, архівіст і археограф, удзельнік Усебеларускага кангрэса 1917 году Дзьмітры Даўгяла кіраваў навуковай работай членаў беларускай культурна-навуковай асацыяцыі, якую стварылі пры інстытуце з гуртка «Асьвета»[7][8][9].
У 1921 годзе ў СССР пачалася чарговая рэарганізацыя ў сыстэме народнай адукацыі: інстытуты народнай адукацыі пераўтвараліся або ў практычныя інстытуты, або ў пэдагагічныя тэхнікумы. У Гомелі, як цэнтры губэрні, плянавалася стварыць практычны інстытут, у Магілёве, як павятовым горадзе, — пэдтэхнікум. Пэрспэктыва пераўтварэньня Магілёўскага інстытуту народнай адукацыі ў тэхнікум не задавальняла ні выкладчыкаў, ні студэнтаў. Савет інстытуту прызнаў магчымым і неабходным існаваньне практычнага інстытуту ў Магілёве, інфармаваў аб гэтым цэнтральныя ўлады, запрашаў дэлегата «цэнтра» у Магілёў для азнаямленьня з сытуацыяй на месцы. На пасяджэньні яго Савета 3 кастрычніка 1921 г. у адпаведнасьці з рашэньнем Галоўпрафадукацыі, з улікам таго, што інстытут мае «лепшыя ў губэрні выкладчыцкія кадры», было абвешчана аб адкрыцьці Магілёўскага практычнага інстытуту народнай адукацыі.[7]
Дзяржава была не ў стане ўтрымліваць вялікую колькасьць ВНУ. У ліпені 1923 г. СНК СССР прыняў дэкрэт «Аб закрыцьці і рэарганізацыі некаторых вышэйшых навучальных устаноў». На базе інстытуту быў створаны Магілёўскі Беларускі пэдагагічны тэхнікум. Сюды была пераведзена частка выкладчыкаў, студэнты падрыхтоўчага аддзяленьня й першага курса. Студэнты апошніх курсаў атрымалі магчымасьць працягнуць вучобу на пэдагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.[7]
У 1930 г. было прынята рашэньне аб аднаўленьні пэдінстытутаў у Магілёве, Віцебску й стварэньні ў Гомелі й Менску з пэдагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У адпаведнасьці з пастановай 1 кастрычніка 1930 г. распачаў дзейнасьць і Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут у складзе гісторыка-эканамічнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьняў.
У 1930 адкрылася асьпірантура. У 1932 называецца Магілеўскі пэдінстытут імя М. М.Пакроўскага; мае завочны сэктар.
1940—53 гг. Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя І. Д. Папаніна. У 1941 годзе ў інстытуце навучалася больш за 2000 студэнтаў і працавала 69 выкладчыкаў.
У 1970 годзе інстытут атрымаў новы вучэбны корпус па вул. Касманаўтаў. У 1978 годзе інстытуту прысвойваецца імя клясыка беларускай літаратуры Аркадзя Куляшова.
У 1997 годзе пасьля правядзеньня акрэдытацыі інстытут быў пераўтвораны ў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова.
Цяпер ва ўнівэрсытэце працуе 10 факультэтаў, якія забясьпечваюць падрыхтоўку спэцыялістаў па 31 спэцыяльнасьці. Ва ўнівэрсытэце навучаецца больш за 7600 студэнтаў, зь іх каля 4300 на дзённым аддзяленьні. Пэдагагічная дзейнасьць і навукова-дасьледчая праца вядзецца на 38 катэдрах; на іх працуе звыш 450 штатных выкладчыкаў, зь якіх каля 200 маюць навуковыя ступені і званьні, у тым ліку 25 дактароў і прафэсараў.
Унівэрсытэт мае 10 факультэтаў, у тым ліку падрыхтоўкі й прафарыентацыі, 36 катэдраў, рыхтуе адмыслоўцаў па 49 спэцыялізацыях. 7 факультэтаў вядуць таксама завочнае навучаньне. 2 факультэты маюць магістратуры.
Факультэт | Год заснаваньня | Разьмяшчэньне | Спэцыялізацыяў | Катэдраў | Завочнае навучаньне | Магістратура |
---|---|---|---|---|---|---|
Гістарычны | 1934 | Галоўны корпус | 4 | 5 | Ёсьць | Ёсьць |
Славянскай філялёгіі | 1934 | Галоўны корпус | 5 | 5 | Ёсьць | — |
Фізыка-матэматычны | 1949 | Галоўны корпус | 8 | 5 | — | — |
Пэдагагічны | 1958 | вул. Камсамольская, д. 18 | 6 | 4 | Ёсьць | — |
Пэдагогікі й псыхалёгіі дзяцінства | 1978 | Галоўны корпус | 6 | 4 | Ёсьць | Ёсьць |
Фізычнага выхаваньня | 1981 | Галоўны корпус | 6 | 4 | Ёсьць | — |
Прыродазнаўства | 1990 | вул. Першатравеньская, д. 44 | 5 | 3 | Ёсьць | — |
Эканомікі ды права | 1998 | вул. Ленінская, д. 35 | 5 | 3 | Ёсьць | — |
Замежных моваў | 1998 | Галоўны корпус | 4 | 3 | — | — |
Паводле справаздачы, падрыхтаванай Польскім фондам свабоды й дэмакратыі, Канстанцін Бандарэнка(be), рэктар унівэрсытэту, адлічаў студэнтаў за іх палітычную дзейнасьць[10].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.