Remove ads
герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919), герб Рэспублікі Беларусь (1991—1995), нацыянальны сымбаль беларусаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Паго́ня — герб Вялікага Княства Літоўскага[1], які атрымаў статус дзяржаўнага ў час княжаньня Вітаўта Вялікага[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў, што ўвасабляе ідэю абароны Бацькаўшчыны[3][4]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь. Гэта выява ўзброенага вершніка на белым кані на чырвонай тарчы. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасьціканцовым крыжам. Зь левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла зьвісае трохканцовая вупраж. З асноўных колераў Пагоні — нацыянальных колераў беларусаў — утвараецца беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг[5].
Пагоня лац. Pahonia | |
Герб Пагоня ўзору 1991 году | |
Апісаньне | |
---|---|
Першыя згадкі | XIII ст. |
Зацьверджаны | XIV ст. 1918 г. 19 верасьня 1991 г. |
Выкарыстаньне | Вялікае Княства Літоўскае Беларуская Народная Рэспубліка Рэспубліка Беларусь |
14 траўня 2007 году афіцыйны ўрад Беларусі надаў гербу Пагоні статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці[6]. З 10 красавіка 1990 году варыянт Пагоні («Віціс») — дзяржаўны герб Летувы.
На ўзьнікненьне гербу Пагоні і замацаваньне яго на землях Вялікага Княства Літоўскага ўплывала некалькі чыньнікаў, кожны зь якіх паасобку ня быў вызначальным[7]:
Паводле Міхася Ткачова, паходжаньне гербу Пагоні сягае ўглыб стагодзьдзяў і мае сэмантычную повязь з старажытнай ваеннай традыцыяй народнай пагоні — найважнейшай функцыяй арганізацыі жыцьця і побыту ўсходнеславянскіх плямёнаў, калі кожны чалавек быў у адказе за жыцьцё супляменьніка. У выпадку раптоўнага нападу супраціўніка і захопу ў палон суродзічаў кожны мужчына, які меў права насіць зброю, мусіў пехатою або конна кідацца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палон. Ва ўмовах ваеннай дэмакратыі традыцыя народнай пагоні выконвалася безумоўна і захоўвалася стагодзьдзямі і ў эпоху Русі, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Іпацьеўскі летапіс паведамляе пра пагоню жыхароў Берасьця ў 1280 годзе за польскім вайсковым аддзелам, які паваяваў ваколіцы места[3].
Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 году засьведчыў тагачасную назву паспалітага рушэньня ў мове народу Літвы — ліцьвінаў[10][11]:
…паводле старажытнага звычаю, перасьлед ворага ёсьць абавязкам кожнага мужчыны ў нашым краі; гэткае паспалітае рушэньне дзеля выгнаньня ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „пагоня“.
Арыгінальны тэкст (лац.)
...Quotiescunque etiam hostes et adversarios nostros et ipsius terrae nostrae Lithuanicae fugitivos insequi opportuerit, ad insequutionem huiusmodi, quod роgоniа vulgo dicitur, nоn solum armigeri, verum etiam omnis masculus, cuiuscunque status aut conditionis extiterit, dummodo аrmа bellicosa gestare poterit, proficisci teneatur.
|
||
З прывілею вялікага князя літоўскага Ягайлы, 20 лютага 1387 г. |
Галоўнай прычынай трывалага існаваньня і замацаваньня на землях сучаснай Беларусі старажытнай традыцыі народнай пагоні сталі шматлікія войны, распачатыя пераважна суседнімі народамі і княствамі і абумоўленыя геастратэгічным разьмяшчэньнем беларускіх земляў на скрыжаваньні найважнейшых гандлёвых шляхоў. Ідэя абароны Бацькаўшчыны стала дзяржаваўтваральнай для жыхароў Вялікага Княства Літоўскага і пад уплывам эўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх традыцыяў увасобілася ў дзяржаўны сымбаль — герб Пагоню[12].
Беларуская назва Пагоня замацавалася за гербам у канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя, што стала вынікам асэнсаваньня гербавай выявы як сымбалю абаронцы Айчыны[14][1].
Пад гэтай назвай герб апісвалі і тлумачылі ў літоўскіх (беларускіх) летапісах першае паловы XVI стагодзьдзя: «…у гербе муж збройны, на каню белам, у полю чырвонам, меч голы, яка бы каго гонячы дзяржаў над галавою, і ёсьць адтоля названы „пагоня“…». Назвай Пагоня карыстаўся і апошні з Ягайлавічаў — кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. У 1562 годзе ён загадаў біць на Віленскай мынцы манэты-траякі: «А на сем з аднае стараны два першыя словы, каторымі ся пачынаець пісаці імя наша гаспадарскае, а з другое стараны … герб Пагоня»[1]. Урэшце, дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага пад назвай Пагоня (ст.-бел. Погоня) сьцьвярджаецца ў статутах Вялікага Княства Літоўскага 1566[15] і 1588[16] гадоў[b]. А ў лацінскім перакладзе Статуту 1566 году адмыслова падкрэсьліваецца, што дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага завецца Пагоняй у народнай мове — мове ліцьвінаў (лац. vulgo Pogonia vocatur)[18].
Як адзначае Аляксей Шаланда, афіцыйная беларуская гербавая назва Пагоня не пакідае ніякіх сумневаў у беларускай этнічнай прыналежнасьці грамадзтва, дзе зьявіўся і выкарыстоўваўся герб Вялікага Княства Літоўскага[15].
Клясычны выгляд гербу Пагоні — гэта выява ўзброенага вершніка на белым кані на чырвонай тарчы. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белую, чырвоную альбо сінюю тарчу з залатым шасьціканцовым крыжам. Зь левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла зьвісае трохканцовая вупраж (у розныя часы яна мяняла свой колер зь сіняга да залаціста-жоўтага[19]).
Асноўныя колеры Пагоні — белы і чырвоны — нацыянальныя колеры беларусаў, здабытак беларускай матэрыяльнай і духоўнай культуры[20]. З гэтых колераў нацыянальнага гербу, паводле правілаў геральдыкі і вэксілялёгіі, утварыўся беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг[21].
Кампазыцыя гербу не была аднолькавай: сьпярша вершнік глядзеў у левы (геральдычны) бок, але ад першае паловы XV стагодзьдзя, паводле правілаў эўрапейскай геральдыкі, ён павярнуўся ў правы бок. За часамі Вітаўта пашыралася выява на тарчы вершніка гербу Калюмнаў[22]. Першая выява Пагоні з шасьціканцовым крыжам, ідэнтычным крыжу Эўфрасіньні Полацкай — сьвятыні Полацкай зямлі — зьявілася на гербавай тарчы надмагільля вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы[12]. Хоць пра вытокі гэтага крыжа (так званага «патрыяршага») і выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі[c][22], ён адназначна мае хрысьціянскае (бізантыйскае) паходжаньне. Тым часам тлумачэньне крыжа з Пагоні як сымбалю паганскага бога Ярылы трэба прызнаць ня толькі бяздовадным, але і ў існасьці немагчымым[2].
Увогуле, існавалі пяць варыянтаў[23] сярэднявечнай Пагоні:
Сучасная эталённая выява Пагоні, распрацаваная ў 1991 годзе адмысловай Камісіяй парлямэнту Беларусі, мае пэўныя адметнасьці. Найперш гэта белая тарча з залатым рознаканцовым «патрыяршым» крыжам. Такі няроўнаканцовы крыж паходзіць зь некалькіх гістарычных выяваў гербу (у тым ліку часоў Грунвальдзкай бітвы — пэрыяду росквіту Вялікага Княства Літоўскага) і асацыюецца з вобразам Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, нябёснай заступніцы Беларусі. Прытым зьмяшчэньне залатога на белым (мэталу на мэтале, а ня як звычайна, мэталу на эмалі), згодна з правіламі геральдыкі, ёсьць вынятковым і мусіць падкрэсьліваць асаблівую важнасьць гэтага сымбалю[8]. Як зазначае кіраўнік камісіі з распрацоўваньня эталёну дзяржаўнага гербу Беларусі гісторык Алег Трусаў, у старажытных апісаньнях Пагоні ўжываліся толькі два колеры: белы конь і вершнік на чырвоным фоне. Тым часам пра колер тарчы ў старажытных хроніках нічога не гаворыцца. Такім парадкам, камісія пастанавіла зьмясьціць выяву залатога шасціканцовага крыжа на срэбнай (белай) тарчы — як дзеля захаваньня каляровай еднасьці гербу, так і дзеля адпаведнасьці гістарычным крыніцам[24].
Герб Пагоня склаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім — у дзяржаве, дзе сфармавалася беларуская народнасьць і дзе старажытная беларуская культура перажывала ўздым і росквіт[22]. Першы пісьмовы ўпамін пра герб Пагоню сустракаецца ў літоўскіх (беларускіх) летапісах пад 1278 годам у зьвязку з князем Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):
Той Нарымунт меў герб, або кляйнот, рыцарства сваяго таковы, і тым пячатаваўся, Вялікаму княству Літоўскаму заставіў яго, а то такі: у гербе муж збройны, на каню белам, у полю чырвонам, меч голы, яка бы каго гонячы дзяржаў над галавою, і ёсьць адтоля названы «пагоня». | ||
Густынскі летапіс кажа пра ўзьнікненьне гербу Пагоні за часамі вялікага князя літоўскага Віценя (1294—1316)[26]:
Віцень нача княжыці над Літвою, ізмысьлі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцар збройны на кане зь мечам, ежа ныне нарычуць Пагоня. | ||
Пагоня ўпершыню зьяўляецца[27] на пячаці «караля Літвы і Русі» Гедзіміна (1316—1341)[28]. Выява гербу крыху адрозьнівалася ад звычайнай: коньнік трымае ў руцэ дзіду, а ня меч. Гэтая пячаць захоўваецца цяпер у гістарычным музэі Вільні. Таксама выява Пагоні ёсьць на пячаці полацкага князя Глеба (Нарымонта), датаванай 1330 годам[12][29]. Была Пагоня і на пячаці вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён змацаваў дамову з польскім каралём Казімерам 1366 году (вакол Пагоні — рускі надпіс)[30]. На гэтым этапе гербавая пячаць вершніка ўвасабляла сабой сувэрэннага валадара — князя і магла мець пэўныя адрозныя элемэнты: апроч зазначанай вышэй дзіды замест мяча, цмока пад капытамі каня і брак тарчы[22].
У XIV стагодзьдзі выява вершніка разьмясьцілася на тарчы і пачала выкарыстоўвацца як герб на пячацях Ягайлы (1386 і 1387) і Вітаўта (1401). Адылі Пагоня стала дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XIV ст. Пагоня таксама ўжывалася як сымбаль пінскіх і друцкіх князёў. Апроч таго, як дынастычны герб яна выкарыстоўвалася княскімі родамі, якія выводзілі сябе ад Гедзіміна (Гедзімінавічамі): Алелькавічамі, Бельскімі, Карэцкімі, Сангушкамі, Чартарыйскімі ды іншымі[1]. Увогуле, пераход дынастычнага гербу Пагоні ў новую якасьць зямельнага і дзяржаўнага гербу абумовіла повязь сымбалю з умовамі жыцьця і традыцыямі мясцовых жыхароў. Гэта выявілася адрозьненьнем ад захоўнеэўрапейскага гербу «Рыцар на кані», які пашырыўся ў XI—XIII стагодзьдзях і застаўся толькі сымбалем прыналежнасьці ўладальніка пэўнай пячаці да вяршыняў фэўдальнай герархіі[31].
Згодна з Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, усе месты і мястэчкі Літвы мусілі мець пячаць з Пагоняй, якой змацоўваліся гаспадарскія (вялікакняжацкія) позвы да абывацеляў (на Жамойць гэта правіла не пашыралася). Ніякія іншыя дакумэнты, апрача вялікакняскіх позваў, не маглі змацоўвацца пячацьцю з Пагоняй:
Тэж мы, гаспадар, даем пад гербам таго паньства нашага, вялікага княства літоўскага, «Пагонею» пячаць да кождага павету, на каторай ёсьць напісані окала гербу імя таго павету. А тую пячаць пісар земскі прысяжны ў сябе сам, а ня хто іншы, хаваці маець, катораю пячацьцю і пад тытулам нашым позвы маюць быці пячатаваны і выдаваны. А іныя нікаторыя лісты, выпісы і сазнаньня, кромя толька самых позваў, тою пячацьцю ня маець быць пячатаваны. | ||
—АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году |
У XV—XVIII стагодзьдзях Пагоню зьмяшчалі на брамах беларускіх местаў і замкаў[12]. Гэта знайшло адлюстраваньне ў мескай геральдыцы — сярод іншага, на гербе Магілёва.
Розныя вэрсіі Пагоні сталіся гербамі ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Менскага, Берасьцейскага, Наваградзкага, Амсьціслаўскага, Полацкага ды іншых (апроч Жамойці). Прытым выявы Пагоні прыпадаюць толькі на этнічную тэрыторыю беларусаў, усе суседнія землі маюць іншыя гербы[32][33].
Пра ўспрыманьне гербу Пагоні сваім сымбалем ня толькі шляхтай і мяшчанамі, але і літоўскімі (беларускімі) сялянамі сьведчыць выкананы ў чырвона-белых колерах народны партызанскі сьцяг (харугва) змагароў з маскоўскімі акупантамі («шышоў») з-пад Барысава, які зьмяшчае элемэнты гербу Пагоні — «руку з палашом»[34].
Зь мінімальнымі стылістычнымі зьменамі Пагоня была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай гербу Рэчы Паспалітае да 1795 году, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыю Беларусі анэксавала Расейская імпэрыя. Такім парадкам, больш за 500 гадоў усе этнічна беларускія землі жылі «пад знакам Пагоні», а продкі сучасных беларусаў проста ня ведалі іншай дзяржаўнай эмблемы[35].
Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (1772 год) улады Расейскай імпэрыі пастанавілі стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе яго ўкамлектавалі выхадцамі зь Беларускай губэрні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе тарча падзялялася на два полі: у горным, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з узьдзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкетэрскі полк. Ён атрымаў у якасьці гербу на баявы сьцяг расьсечаную тарчу: у правым залатым полі выява паловы чорнага расейскага арла, у левай, чырвонай, — Пагоня. Згодна з указам ад 19 верасьня 1827 году Пагоняй упрыгожваліся сьцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палку[36].
Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраваньне ня толькі на штандарах вайсковых частак, што фармаваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесьніцтва, Магілёўскае намесьніцтва, Віцебская губэрня) і «літоўскіх» (Гарадзенская губэрня і Віленская губэрня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расейскай імпэрыі. Апроч таго, колішні агульнадзяржаўны сымбаль увайшоў у склад гербаў усходніх беларускіх местаў (Віцебск, Вяліж, Гарадок, Дзьвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацак, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расейскімі ўладамі гербаў тарча падзялялася на дзьве часткі: у горнай, паводле геральдычных паняцьцях «панаванай», разьмяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — Пагоня. У канцы 1850-х гадоў Пагоню зьмясьцілі на Вялікім дзяржаўным гербе Расейскай імпэрыі як сымбаль колішніх зямель Вялікага Княства Літоўскага. Увогуле, адлюстраваньне старажытнай Пагоні на беларускіх губэрнскіх, павятовых, мескіх і вайсковых гербах Расейскай імпэрыі канстатавала асэнсаваньне суседнімі народамі тоеснасьці паняцьцяў: геаграфічна-этнічнага — Беларусь, і геральдычнага — Пагоня[37].
Яшчэ ў 1812 годзе ў адноўленым францускім імпэратарам Напалеонам Вялікім Княстве Літоўскім гербам Пагоняй карысталася мясцовая адміністрацыя. У час вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў ён выкарыстоўваўся паўстанцамі з колішняга ВКЛ у якасьці сымбалю змаганьня за аднаўленьне страчанай дзяржаўнасьці[38]. У час паўстаньня 1863—1864 гадоў герб Пагоня ў спалучэньні з польскім «Арлом Белым» стаў сымбалем нацыянальна-вызвольнага змаганьня за дэмакратычную перабудову грамадзтва. Кіраўнік здушэньнем паўстаньня Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэньне аб забароне нашэньня жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак зь белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.
Такім парадкам, герб Пагоня ў XIX стагодзьдзі з аднаго боку быў афіцыйным сымбалем, а зь іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным[39]. Але ўва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[40].
У пачатку XX стагодзьдзя герб Пагоня актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртаньня да гістарычна дзяржаўнага сымбалю ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 году напісаў верш «Пагоня»:
Толькі ў сэрцы трывожным пачую |
||
У гэты ж час зьявіўся эскіз беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга, створаны Клаўдзіем Дуж-Душэўскім[41], які прытрымліваўся геральдычнага прынцыпу пераносу колераў гербу на сьцяг і засьведчыў повязь бел-чырвона-белага сьцяга з Пагоняй: «Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сьцягам белую Пагоню на чырвоным полі»[42].
7 сьнежня 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі[43] і гербам Пагоняй распачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі зьезд — найважнейшы дзяржаватворчы форум ў найноўшай гісторыі Беларусі, у час якога 1872 дэлегаты ад усіх беларускіх земляў выказаліся за пільную патрэбу вольнага дзяржаўнага самавызначэньня краіны[35]. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, «Адкрыцьцё Першага Ўсебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гербам Пагоняй»[44].
У 1918 годзе Пагоня стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі[45], яе выява разьмяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных установаў. Заснавальнікі БНР лічылі Вялікае Княства Літоўскае адной з гістарычных формаў Беларускай дзяржаўнасьці і такім спосабам працягвалі яго геральдычныя традыцыі ў XX стагодзьдзі[38]. У 1920 годзе герб Пагоня як беларускі і дзяржаўны выкарыстоўвала кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня. Таго ж году яго зьмясьцілі на бел-чырвона-белым сьцягу Беларускага асобнага батальёну ў складзе войска Летувы (па далучэньні Летувы да СССР сьцяг канфіскаваў НКВД[46]). Разам з тым выкарыстаньне беларусамі гербу Пагоні ў Летуве не заўсёды віталася: напрыклад, у сьнежні 1919 году дарогаю з Бэрліну ў Рыгу на летувіскай граніцы арыштавалі дыпляматычную дэлегацыю БНР з прычыны, паводле пратаколу затрыманьня, знаходжаньня пры мытным аглядзе «блянкаў пашпартоў невядомай нам Беларускай Рэспублікі зь летувіскім гербам на вокладцы»[35].
У 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага замест свайго гістарычнага гербу «Мядзьведзя». Каб не выкарыстоўваць беларускай гістарычнай назвы Пагоня, яшчэ ў 1845 годзе летувіская эліта (а менавіта Сыманас Даўкантас) прыдумала новае слова — «Віціс», якім з 1884 году пачала называць герб Вялікага Княства Літоўскага[47]. Такім парадкам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак у 1920—1930-я гады шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гэтага гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністар Летувіскай Рэспублікі Ёзас Тубаліс(lt) афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне Пагоні і паведаміў пра тое, што ідзе праца над стварэньнем новага дзяржаўнага гербу. З усяго відаць, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[48][49][50].
У міжваенны час Пагоня ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляскага і Наваградзкага ваяводзтваў Польскай Рэспублікі. Адначасна гэты герб разам зь бел-чырвона-белым сьцягам актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальна-вызвольных рухам: як палітычнымі партыямі, так і непалітычнымі арганізацыямі (Таварыства беларускай школы). Беларуская нацыянальная сымболіка ўжывалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах працоўных, беларускім студэнцтвам[21]. Тым часам у БССР герб Пагоня трапіў пад негалосную забарону, хоць яшчэ ў 1933 годзе азначаўся ў афіцыйным друку разам з вытворным бел-чырвона-белым сьцягам менавіта як дзяржаўныя герб і сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі (хоць і ў «антынацдэмаўскім» кантэксьце)[51].
У Другую сусьветную вайну герб Пагоня разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Але, як сьведчыць распараджэньне Райхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях ад 14 чэрвеня 1944 году[52], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкае акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, нібы падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае 27 чэрвеня 1942 году ў газэце «Раніца», аб дазволе карыстацца гербам Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці», выявіўся, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой улады Трэцяга Райху так і не знайшлі[48].
Па вайне ў СССР працягвала дзеяць фактычная забарона на беларускую нацыянальную сымболіку. 25 сакавіка 1946 году дзеля цырымоніі прыняцьця прысягі сяброў Саюзу беларускіх патрыётаў на вернасьць Беларусі дзяячка нацыянальна-вызвольнага руху Алеся Фурс намалявала Пагоню, за што савецкія ўлады выраклі яе да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лягераў. У 1960—1970-я гады гістарычную нацыянальную сымболіку выкарыстоўвалі інтэлектуалы-гуманітары Акадэмічнага асяродку, разгромленага КГБ у 1974—1975 гадох, і мастакі-дысыдэнты з творчага кола На Паддашку, якія ў 1980 годзе падрыхтавалі і пашырылі паштоўкі і плякат з выявамі Пагоні (адну з гэтых паштовак аўтарства Яўгена Куліка перавыдалі за мяжой, што стала маніфэстацыяй сьвету беларускага нацыянальна-вызвольнага руху[35]). Тым часам беларускую нацыянальную сымболіку, у тым ліку і Пагоню, актыўна выкарыстоўвала беларуская дыяспара па-за межамі СССР.
З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР выкарыстаньне нацыянальнай гістарычнай сымболікі ў Беларусі пачало набываць масавы характар[35]. Гэтаму спрыялі моладзевыя нефармальныя гістарычна-культурныя аб’яднаньні і клюбы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і іншых), Беларускі Народны Фронт і іншыя партыі дэмакратычнага кірунку. А напярэдадні распаду СССР герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам сталі сымбалямі нацыянальнага адраджэньня Беларусі[35]. Тым часам савецкія ўлады працягвалі перасьлед беларусаў (асабліва ў правінцыі) за выкарыстаньне нацыянальных гербу і сьцяга[35].
Вяртаньне ў масавую сьвядомасьць жыхароў Беларусі гербу Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга як нацыянальных сымбаляў беларусаў адбылося ў 1990 годзе разам з прыняцьцем Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Тады ж Міністэрства сувязі выдала мільённым накладам паштовы канвэрт з выявай Пагоні на фоне бел-чырвона-белага сьцяга, а кіраўнік Беларускага экзархату ўрачыста асьвяціў беларускі нацыянальны сьцяг у Полацку[53]. У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[21]. А 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб Пагоня, Дзяржаўным сьцягам Беларусі — бел-чырвона-белы сьцяг[21]. У заканадаўчым актах аб Дзяржаўнай сымболіцы Беларусі зазначалася, што герб Пагоня адлюстроўвае гістарычны шлях беларускага народа, шматвекавое існаваньне і разьвіцьцё яго дзяржаўнасьці[38]. Распрацоўкай эталёнаў дзяржаўнай сымболікі займалася адмысловая Камісія пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, у якую ўвайшло больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнэры, мастацтвазнаўцы (кіраўнік — дэпутат Алег Трусаў)[44]. Неўзабаве герб Пагоню ўпершыню ўзьнялі як сымбаль незалежнай Беларусі над усімі прадстаўніцтвамі краіны за мяжой, а ў 1994 годзе каманда Беларусі ўпершыню выступіла пад нацыянальнымі сымбалямі на Алімпійскіх гульнях[54]. 20 ліпеня 1994 году пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
У лютым 1995 году Лукашэнка заявіў пра намер правесьці рэфэрэндум, што стала сьведчаньнем аднаўленьня палітыкі русіфікацыі з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[55]. Зьмяненьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі Беларусі разьлічвалася як мэтанакіраваны ўдар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) і мусіла ўмацаваць яго асабістую ўладу[56]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, ініцыятыва рэфэрэндуму негалосна ішла ад саміх уладаў Расеі[57], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[58]. Таксама выказвалася меркаваньне, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[59]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[60], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[61] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[62][63]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[56][64][65], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Як Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[61]:
Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. | ||
Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, прытым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[66].
Праведзены 14 траўня 1995 году рэфэрэндум супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству Беларусі, адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[67]. Перад ім адбылося зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту, якое выявілася сілавой дэманстрацыяй усталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.
7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[68] і № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[69] дзеля фармальнага замацаваньня сымболікі рэжыму на заканадаўчым узроўні. Тым часам герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам трапіў пад негалосную забарону[41]. Нягледзячы на яе, у Беларусі гэтым гербам як нацыянальным працягвалі карыстацца апазыцыйныя да рэжыму Лукашэнкі беларускія арганізацыі. Апроч таго, герб Пагоня актыўна выкарыстоўваўся ў спартовых і культурных імпрэзах па-за межамі краіны[70][71], а таксама беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі.
У 2007 годзе герб Пагоню ўлучылі ў дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, а ў 2009 годзе Пагоня стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласьці.
У 2020 годзе герб Пагоня разам зь бел-чырвона-белым сьцягам сталі сымбалямі пратэстаў супраць фальсыфікацыяў выбараў, гвалту і беззаконьня ў Беларусі[72]. У гэты ж час адзначаюцца шматлікія выпадкі рэпрэсіяў (арыштаў і штрафаў) з боку рэжыму Лукашэнкі да грамадзянаў Беларусі за выкарыстаньне гербу Пагоні[73][74][75][76][77][78][79].
8 жніўня 2021 году[g] адміністрацыя Ангельскай Вікіпэдыі пад ціскам летувіскіх шавіністаў выдаліла артыкул пра герб Пагоню (створаны ў жніўні 2004 году), зь якога зрабілі перанакіраваньне на герб Летувы[80].
За часамі адкрытага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг сталі сымбалямі беларускага палку імя Кастуся Каліноўскага. Увогуле, беларускія добраахвотнікі (аддзел «Пагоня» і тактычная група «Беларусь») баранілі Ўкраіну пад нацыянальнай беларускай сымболікай ад пачатку расейскай гібрыднай агрэсіі ў 2014 годзе.
Пагоня зьмяшчаецца на эмблемах некалькіх беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў:
Пагоню маюць у сваім складзе сучасныя гербы наступных населеных пунктаў:
Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць Пагоню ў складзе сваіх сучасных гербаў:
Таксама вэрсія Пагоні ёсьць гербам Летувы.
Апроч гэтага, стылізаваная выява Пагоні як гербу Вялікага Княства Літоўскага зьмяшчаецца на найбольшым у сьвеце парцалянавым пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.