From Wikipedia, the free encyclopedia
Кандра́т Крапіва́ (сапраўднае імя Кандра́т Кандра́тавіч Атрахо́віч; 5 сакавіка 1896 (22 лютага па старым стылі), в. Нізок, Менская губэрня — 7 студзеня 1991, Менск) — беларускі драматург, паэт, сатырык, народны пісьменьнік БССР (1956), перакладнік замежнай (у тым ліку расейскай) клясыкі.
Кандрат Крапіва | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Кандрат Кандратавіч Атраховіч |
Псэўданімы | Кандрат Крапіва |
Нарадзіўся | 22 лютага (5 сакавіка) 1896 або 5 сакавіка 1896[1] в. Нізок, Менская губэрня |
Памёр | 7 студзеня 1991[1] (94 гады) Менск |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, журналіст, мовазнавец |
Гады творчасьці | 1922—1982 |
Жанр | Сатыра |
Мова | беларуская мова і расейская мова[2] |
Дэбют | Верш «Сваты» (1922 год) |
Значныя творы | П’есы «Хто сьмяецца апошнім» (1939), «Пяюць жаваранкі» (1950), «Брама неўміручасьці» (1973) |
Прэміі | Дзяржаўная прэмія СССР (1941, 1951, 1971), Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1974) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька — Кандрат Міхайлавіч Атраховіч. З васьмярых братоў і сясьцёр, што нарадзіліся раней за Кандрата, у жывых засталіся толькі дзьве сястры, прычым адна хутка памерла. У 14 гадоў Кандрат, як узгадвае сам, «пайшоў за плугам і касой»[3].
Вучыўся ў царкоўнапрыходзкай школе ў вёсцы Нізок, якую скончыў праз 4 гады. Адукацыя была невялікая, але чытаць, пісаць, лічыць навучыўся. У гэты час у сям’і здарылася няшчасьце — памерла маці, і бацька вырашыў другі раз жаніцца і аддаць сына вучыцца далей[4].
Адзін год вучыўся ва Ўзьдзенскай народнай вучэльні, потым паступіў у 2 клясу 4-кляснай гарадзкой вучэльні ў Стоўпцах, зь якой праз два гады перавёўся ў такую ж вучэльню ў Койданаве. Такі перавод Крапіва тлумачыў тым, што ў Стоўпцах была бедная бібліятэка, не было чаго чытаць, а ў Койданаве бібліятэка была значна багацейшая. У Койданаўскай вучэльні пачаткоўца заўважыў і падтрымаў яго творы настаўнік літаратуры Іван Міхайлавіч Тоўсьцік. Гэта і падштурхнула маладога аўтара і далей займацца вершаскладаньнем. Адзін са сваіх вершаў даслаў у часопіс «Жизнь для всех». Празь месяц атрымаў адказ, у якім сьцьвярджалася, што верш друкавацца ня будзе, бо ён не дастаткова мастацкі. Пасьля гэтага юнак перастаў пісаць, закінуў літаратурную творчасьць на 8 гадоў[5].
Пасьля заканчэньня Койданаўскай вучэльні ў 1913 годзе вярнуўся ў родныя мясьціны, улетку працаваў па гаспадарцы, дапамагаў бацьку, сям’і, касіў, хадзіў за плугам і за бараною. Восеньню, пазычыўшы ў суседа тры рублі на дарогу, выправіўся ў Менск, дзе здаў экстэрнам экзамэн на званьне народнага настаўніка. Аднак быў ужо кастрычнік, заняткі ўжо пачаліся, і ўсе пасады настаўнікаў былі занятыя, таму свабоднага месца для Кандрата не знайшлося. Зіму ён правёў дома, з бацькам езьдзіў на розныя заработкі, а на вясну і лета ўладкаваўся працаваць на цагельню[6]. Увосень 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне[7]. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусьветнай вайне[7]. У сакавіку 1916 году скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў[8]. Вясну і лета 1916 году праслужыў у 38-м запасным батальёне ў горадзе Асташкаве[9]. Браў удзел у баях на Румынскім фронце ў кастрычніку 1916 году. Зімой 1917 году захварэў на брушны тыф[10]. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Ўзьдзеншчыне.
У 1919 годзе ажаніўся зь дзяўчынай са сваёй вёскі Нізок Аленай Махнач. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын, які, аднак, пражыў нядоўга. Яму не пасьпелі нават даць імя[11].
У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі[7]. У той жа час зноў зьвярнуўся да літаратурнай творчасьці. Дасылаў свае творы (нататкі, фэльетоны, вершы) у «Красноармейскую правду». Пісаў пра тое, што бачыў, адчуваў, сам перажываў, што яго хвалявала. Пісаў пра рэальныя справы, сапраўдныя жыцьцёвыя падзеі найчасьцей у гумарыстычным і сатырычным пляне. Гэтыя рысы ў творчасьці пісьменьніка пазьней стануць асноўнымі, вызначальнымі[12]. 1922 год быў для аўтара даволі плённым. Толькі «Савецкая Беларусь» апублікавала 20 яго вершаў і вершаваных фэльетонаў[13]. З 1924 зноў настаўнічаў на Ўзьдзеншчыне ў пасёлку Астравок.
У 1925 пераехаў у Менск, дзе яго ўладкавалі інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. 25 верасьня 1925 году падаў заяву аб прыёме на пэдагагічны факультэт БДУ. Тады ж на заяву была накладзена рэзалюцыя аб залічэньні Крапівы студэнтам унівэрсытэту. Падчас навучаньня ў БДУ пісьменьнік ня толькі старанна вучыўся. На той час ён шмат пісаў і публікаваў твораў. Займаўся таксама і навукова-дасьледчыцкай работай. У 1926—1927 гг. напісаў занадта вялікую працу па вуснай народнай творчасьці «Беларускія прыказкі». У ёй Крапіва раскрыў функцыі прыказкі і прымаўкі, паказаў іх прызначэньне і ролю, асабліва для літаратурнай творчасьці[14].
Быў сябрам літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» (да 1926). Крапіва быў працаўніком камісіі па скліканьні Першага ўсебеларускага зьезду «Маладняка», выконваў іншыя даручэньні кіраўніцтва гэтага аб’яднаньня. Разам з тым дзейнасьць «Маладняка» пачынала ўсё больш не задавальняць Крапіву. У выніку група аўтараў, у тым ліку і Крапіва, падала заяву аб выхадзе з «Маладняка» і хадайніцтва аб дазволе ўтварыць новае літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша»[15].
Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту БДУ ў 1930 г.[7]. Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925—1926)[7], загадчыкам аддзелу ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1936)[7]. Браў удзел у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940)[7]. На пачатку нямецка-савецкай вайны працаваў у франтавых газэтах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда»[7], у 1943—1945 рэдагаваў сатырычную газэту-плякат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 — рэдактар часопіса «Вожык»[7], у 1947—1952 загадчык сэктару мовазнаўства Інстытуту мовы і літаратуры АН БССР[7], дырэктар Інстытуту мовазнаўства АН БССР (1952—1956)[7].
У 1946 годзе ў складзе дэлегацыі БССР браў удзел у працы I сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. У 1956[7] — студзені 1982 году — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Са студзеня 1982 па сакавік 1989 году — галоўны навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексыкалёгіі і лексыкаграфіі Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філялягічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), старшынём ВС БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1934 году).
Памёр 7 студзеня 1991 году, пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.
Пачынаў пісаць Атраховіч на расейскай мове. У гарадзкой вучэльні асобныя жартоўныя радкі, эпіграмы спрабаваў і па-беларуску[16]. Яго першы друкаваны твор — фэльетон у вершах «Жили-были», быў апублікаваны ў газэце «Красноармейская правда» ў 1922 годзе[7]. Неўзабаве Крапіва стаў пісаць і па-беларуску. Дэбютаваў у «Савецкай Беларусі» 23 траўня 1922 году. Ён выступіў з сатырычным вершам «Сваты» (яго падзагаловак «К Генуэскай канфэрэнцыі»)[17]. Сам Крапіва адзначаў, што знайшоў сябе толькі тады, калі пачаў пісаць па-беларуску і друкавацца ў газэце «Савецкая Беларусь»[18]. Сатырычная скіраванасьць, востры гумар, актуальнасьць, выразная клясавая пазыцыя выявіліся ў кнігах малых сатырычных формаў[7].
Кандрат Атраховіч становіцца Кандратам Крапівой. Псэўданім Крапівы тлумачыцца ў аднайменным вершы «Крапіва», які быў надрукаваны 28 сьнежня 1922 году ў газэце «Савецкая Беларусь»[13]:
Вершаваныя фэльетоны, сатырычныя куплеты, байкі ўсё часьцей зьяўляюцца на старонках беларускіх газэт і часопісаў пад гэтым псэўданімам. На працягу ўсяго свайго творчага жыцьця Кандрат Крапіва ня раз вяртаецца да жанру сваіх раньніх гадоў — байкі[19]. Байкі, як і сатырычныя вершы, зьяўляюцца пад уражаньнем нейкіх фактаў, падзей, канкрэтных прычынаў.
Кандрат Крапіва любіў сваім вершаваным радком выступаць у ролі адкрытага прапагандыста, агітатара. Апроч ня толькі вялікіх, глябальных ідэяў, а нярэдка і зусім зямных, бытавых рэчаў[20]. Работу агітатара, прапагандыста Крапіва спалучаў з асьветніцтвам. Звычайна вельмі вобразна абмаляваўшы той ці іншы выпадак або зьяву, у пераважнай большасьці падаўшы яе ў камэдыйна-гумарыстычным ці сатырычным пляне, пісьменьнік нярэдка ў канцы твору дае своеасаблівае рэзюмэ, у якім кляйміць заганную рэч або зьвяртаецца да чытачоў з парадай ці заклікам[21].
Вершы на антырэлігійную тэму займаюць вельмі значнае месца ў раньняй творчасьці Крапівы. Крапіва выводзіў на асьмяяньне шарлатанства, дурман, прымхі, павер’і[22]. У раньні пэрыяд свайго літаратурнага творчасьці Крапіва пасьпяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым кірунку яго асноўным жанрам стаў сатырычны аповед[8].
Зь сярэдзіны 20-х гг. Крапіва зьвяртаецца да вершаваных твораў буйной формы. У 1925 годзе ён пачынае і ў наступным годзе заканчвае вялікую паэму «Біблія»[23].
З кастрычніка 1931 году па чэрвень 1932 году Крапіва працаваў над раманам «Мядзведзічы». Асобнымі разьдзеламі раман друкаваўся ў «Полымі рэвалюцыі» ў 1932—1933 гг. Яшчэ да завяршэньня часопіснай публікацыі «Мядзведзічы» ў 1932 годзе выйшлі асобным выданьнем. Рэдагаваў кнігу Міхась Лынькоў[24]. У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва зьвярнуўся да драматургіі. Першым драматычным творам пісьменьніка была псыхалягічная драма «Канец дружбы», у якой падымаліся складаныя маральна-этычныя праблемы[8]. Свой першы драматычны твор Крапіва пісаў з чэрвеня па сьнежань 1933 году[25].
Першы ваенны твор «Проба агнём» датуецца 1943 годам. У беларускай драматургіі гэта быў першы твор, які расказаў пра падзеі сучаснай вайны[26].
Нават у сталым узросьце не пераставаў тварыць, апошні твор — мэлядрама «На вастрыі» — быў напісаны ва ўзросьце 86 гадоў у 1982 годзе.
У прадмове да апошняй прыжыцьцёвай кнігі Кандрата Крапівы «Калючы строй», якая выйшла ў 1989 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», вядомы беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Іван Навуменка пісаў: «Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камэдыяў, рамана „Мядзьведзічы“, то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно зь першых месцаў у беларускай літаратуры». І крыху ніжэй растлумачыў: «Гэта такі згустак вострага народнага розуму, варожага сьмеху, абсьмейваньня зла і зацьвярджэньня дабра, якіх да Крапівы ня ведала беларуская літаратура»[19].
Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы сьвету[8]. Сам пісьменьнік добра вядомы як перакладчык расейскай і замежнай клясыкі[8]. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя працы Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзімера Леніна, творы Ўільяма Шэксьпіра, Дзяніса Фанвізіна, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага, Антона Чэхава, Уладзімера Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Тараса Шаўчэнкі і іншых.
Да жанру байкі Крапіва зьвярнуўся ў 1922 годзе, калі пачаў пісаць па-беларуску. Асаблівы росквіт Крапівы-байкапісца прыпадае на 1925—1929 гг., калі была напісаная большая частка самых вядомых яго твораў у гэтым жанры[27]. Паводле тэматыкі байкі Крапівы можна падзяліць на 4 групы:
Гэты падзел даволі ўмоўны, хоць сярод твораў існуе пэўная розьніца нават у эмацыйным гучаньні[28].
Амаль паралельна з паэтычнымі творамі Крапіва пачаў пісаць і прозу. Першае вядомае апавяданьне «Вясна» было напісанае ў 1922 годзе. У наступныя гады ў друку пэрыядычна зьяўляюцца творы прозы — як правіла, невялікія апавяданьні. Яны публікуюцца ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», а затым выходзяць у сьвет асобнымі зборнікамі. Найбольш плённы і ўраджайны пэрыяд пісьменьніка ў прозе прыпадае на 20-30-я гг.[29]
У 1939 годзе Крапіва напісаў сатырычную камэдыю «Хто сьмяецца апошнім»[30]. Падштурхнулі да стварэньня гэтай п’есы матэрыялы Пленуму ЦК ВКП (б), які прайшоў у студзені 1938 году[31]. Камэдыю асабіста рэдагаваў 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка[32].
У пэрыяд нямецка-савецкай вайны Крапіва працаваў і над сатырычнай камэдыяй «Мілы чалавек», якая выйшла ў сьвет у першыя пасьляваенныя месяцы. Падзеі ж яе зьвязаныя з вайной, хоць сама «прывязка» іх да часу ня вельмі моцная і грунтуецца толькі на абставінах драматычнага твора[33]. Пастаноўку п’есы рыхтаваў Беларускі тэатар імя Янкі Купалы. Упершыню спэктакль быў паказаны 31 жніўня 1945 году[34].
Аўтар кніг сатыры і гумару «Асьцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрац. і дап. выд. 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос — Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Сьмех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п’есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата».
Аб сатыры, яе ролі і значэньні, увогуле аб задачах пісьменьніка Крапіва выказаўся ў артыкулах «Думкі пра сатыру» (1929) і «Што мне рупіць» (1933). Артыкулы зьяўляюцца як бы падагульненьнем літаратурнага вопыту[35].
Аўтар п’есаў «Канец дружбы» (апублікаваная і пастаўленая ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто сьмяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д’яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасьці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).
Выдаў зборнікі прозы «Апавяданьні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзьведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974—1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).
Вялікі ўклад Кандрат Крапіва як навуковец зрабіў у беларускае мовазнаўства. Крапіва быў рэдактарам Курсу сучаснай беларускай літаратурнай мовы, які ў трох частках быў апублікаваны на мяжы 50-60-х гг, двухтомнай апісальна-нарматыўнай Граматыкі беларускай мовы. Таксама Крапіва быў добрым знаўцам беларускай лексыкаграфіі[36].
Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных працаў, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-расейскага слоўніка» (1962, выданьне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988—1989), «Русско-белорусского словаря» (выданьне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977—1984) і інш. Выдатны знаўца беларускай мовы, Крапіва ўзначальваў Тэрміналягічную камісію Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналёгіі ў розных галінах навукі. Кандрат Крапіва — акадэмік НАН Беларусі, доктар філялягічных навук.
Разам з Р. І. Аванэсавым і Ю. Ф. Мацкевіч выпусьціў працу «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—1969)[7].
Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сьцяга, Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і мэдалямі. Народны пісьменьнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Тройчы ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 за п’есу «Хто сьмяецца апошнім», у 1951 за п’есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п’есу «Брама неўміручасьці».
Паводле твораў «Хто сьмяецца апошнім» і «Пяюць жаваранкі» зьнятыя аднайменныя фільмы[38].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.