вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Но́вая Мыш[2] (трансліт.: Novaja Myš, руск.: Новая Мышь) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Навамышскага сельсавета. Размешчана за 8 км на захад ад Баранавічаў, на скрыжаванні аўтадарог на Івацэвічы, Стоўбцы, Слонім, Моўчадзь, на рацэ Мышанцы.
Вёска
Новая Мыш
| ||||||||||||||||||||||
Субстантыўны кампанент Мыш у састаўной геаграфічнай назве літаральна паўтарае старажытны гідронім Мыша — на беразе ракі была ўзведзена сядзіба. Інвентар 1692 года яшчэ згадвае пра раку Мышу, але з часам рака стала ўспрымацца як больш дробны аб’ект, і наступны інвентар 1730 года паведамляе ўжо пра Мышанку. Даследчыкі шукаюць паходжанне гідроніма як у славянскіх, так і ў балцкіх мовах.
Упершыню Мыш згадваецца ў першай палове XV стагоддзя як сяло Новагародскага павета. У 1563 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў мясцовасць за ваенныя заслугі жмудскаму старосце Я. К. Хадкевічу. Пад 1566 годам паселішча значыцца ў дакументах як мястэчка. У XVI—XVII стагоддзях тут існаваў замак. У XVII стагоддзі ў мястэчку дзейнічалі касцёл і школа, у двары (Старая Мыш) існаваў кляштар езуітаў. У другой чвэрці XVII стагоддзя мясцовасць перайшла ў валоданне Сяняўскіх, потым — Юдзіцкіх.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі войскі Маскоўскай дзяржавы. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[3]:
В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку. |
У другой палове XVII стагоддзя кашталян новагародскі Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі заснаваў у Мышы езуіцкі калегіум. У XVIII стагоддзі ўладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. У пачатку XVIII стагоддзя апошнія заснавалі тут шкляную гуту. Станам на 1725 у мястэчку было больш за 100 двароў, дзейнічалі касцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. У 1784 годзе маёнтак наведваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новая Мыш апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці ў Навагрудскім павеце. У 1825 годзе з цэглы ўзведзены Праабражэнскі касцёл. У 1842 годзе адбыліся 2 кірмашы (1 і 29 верасня), на якіх у асноўным гандлявалі сельскагаспадарчымі прадуктамі і жывёлай. У 1859 годзе ў мястэчку на сродкі казны і тутэйшых сялян пабудавана драўляная Праабражэнская царква. Праваслаўны прыход налічваў каля 3500 вернікаў, сярод якіх пісьменных было толькі каля 10 %.
У 1860-я гады ў мястэчку было 132 двары, царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, штотыднёвыя таргі, 1 рэгулярны кірмаш.
У першай палове 1880-х гадоў у мястэчку каля 160 двароў, 1030 жыхароў, дзейнічалі царква, народнае вучылішча (адчынена ў 1862), валасное праўленне, касцёл, сінагога, З яўрэйскія школы, бальніца, 21 крама, бровар, цагельны завод, паравы і ветраны млыны. Існавалі промыслы: шавецкі, кравецкі і кузнецкі, па вырабе розных рэчаў з дрэва.
У пачатку XX стагоддзя Новая Мыш уяўляла сабой вялікае і шматмоўнае мястэчка, у народным вучылішчы вучылася каля 150 дзяцей (з іх толькі 25 дзяўчынак). Дзейнічалі прызыўны ўчастак і аптэка.
У Першую сусветную вайну Новую Мыш занялі нямецкія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.
У 1939 годзе Новая Мыш увайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры яе вызваленні вызначыўся наводчык, камандзір гарматы М. П. Акімаў, які падбіў 5 варожых танкаў, знішчыў 50 акупантаў і ўтрымаў рубеж да прыходу асноўных сіл сваёй часці. За гэты подзвіг Акімаву 25 верасня 1944 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці.
У 1996 годзе ў Новай Мышы ў гонар паэта і фалькларыста Яна Чачота быў усталяваны помнік[4]. Станам на 1998 год у вёсцы быў 691 двор.
У Новай Мышы працуюць філіял Баранавіцкай фабрыкі дзіцячых цацак, выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, механічныя майстэрні, Дом быту, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, бальніца, аўтаматычная тэлеф. станцыя, племстанцыя, ветэрынарная лячэбніца, прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, аптэка, сталовая, 2 магазіны.
З Новай Мышы паходзіць бацька польскага палітыка Яцака Пратасевіча[8].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.