Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Сто́ўбцы[3] (трансліт.: Stoŭbcy) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Стаўбцоўскага раёна, на правым беразе ракі Нёман. Месціцца за 78 км на паўднёвы захад ад Мінска. Чыгуначная станцыя на лініі Мінск — Брэст; каля аўтамагістралі Мінск — Брэст, вузел аўтамабільных дарог на Мір, Івянец, Нясвіж, Рубяжэвічы.
Горад
Стоўбцы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Існуе некалькі меркаванняў датычна паходжання тапоніма Стоўбцы (Стоўпцы). Паводле аднаго з іх назва паселішча ўтварылася ад слупоў (стаўпцоў, стаўпоў) на рацэ Нёман, з дапамогай якіх ажыццяўлялася праца парома. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім ёсць назвай-арыенцірам: у даўнія часы стаўпамі пазначалі дарогі праз непрыкметную мясцовасць[4]. Згодна з паданнем, стаўпамі пазначылі месца былога манастыра, насельнікі якога памерлі ў часе эпідэміі халеры. Існуе і такая версія: Стоўпцы, ад слова «стоўпы» — 'невялікія вежы для манахаў' — затворнікаў або «стоўпнікаў», што маглі жыць пры кляштары, заснаваным тут у 1624 годзе. Краязнаўцы таксама не адкідваюць версіі пра стаўпы, што дзялілі ўладанні Слушкаў і Радзівілаў[5].
Паводле некаторых звестак, Стоўбцы існавалі яшчэ ў 1511 годзе[6]. Афіцыйна лічыцца, што мястэчка ў 1593 годзе заснавала Гальшка Кміцянка, удава крычаўскага старасты Мікалая Слушкі[7]. Спярша яно мела назоў Свержна, а сучасную назву атрымала ў першай трэці XVII ст. На той час мястэчка знаходзілася ў Менскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, належала Аляксандру Слушку, які ў 1623 годзе заснаваў тут манастыр дамініканцаў з касцёлам.
Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у верасні 1655 года маскоўскія войскі разрабавалі і спалілі мястэчка, зруйнавалі касцёл. Былі забітыя больш за палову жыхароў Стоўбцаў[6][8]. Аднак мястэчка хутка аднавілася і ў 1669 годзе атрымала прывілей на правядзенне таргоў і кірмашоў. 14 снежня 1675 года ў мястэчку пад тытулам Святога Казіміра кансэкравалі новы мураваны касцёл.
З пачатку XVIII ст. Стоўбцы сталі ўладаннем С. Дэнгофа. У час Паўночнай вайны (1700—1721) мястэчка было моцна разбурана, але зноў хутка аднавілася. У 1728 годзе Стоўбцы перайшлі да Чартарыйскіх і сталі цэнтрам графства. У гэты час тут было 144 двары, царква, касцёл, ратуша, школа і кляштар з шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі[6]. У 1729 годзе мястэчка атрымала Магдэбургскае права.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стоўбцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1796 года сталі цэнтрам воласці Мінскага павета. У 1799 годзе на Нёмане збудавалі мост, які злучыў мястэчка з Новым Свержанем і дарогамі на Нясвіж і Мір. У 1822 годзе адкрылася прыходскае вучылішча.
Па здушэнні вызвольнага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады канфіскавалі Стоўбцы ў Чартарыйскіх у дзяржаўны скарб, а ў 1844 годзе гвалтоўна ліквідавалі кляштар дамініканаў. На 1859 год у мястэчку быў 301 двор, на прыстані 20 дзяржаўных і 17 прыватных складоў, на 1867 год — 310 двароў. У 1860 годзе ад Стоўбцаў у Кёнігсберг водным шляхам вывезлі каля мільёна пудоў іржы, пшаніцы, аўса, ячменю і інш.
Па здушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання (1863—1864) 12 траўня 1868 года расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл Святога Казіміра пад царкву Урадавага сінода Расійскай імперыі (Маскоўскай царквы). У 1869 годзе адкрыта народнае вучылішча для хлопчыкаў, у 1875 годзе — для дзяўчат. У 1871 годзе за 2 км ад Стоўбцаў на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. У 1874 годзе ў мястэчку пачала працаваць запалкавая фабрыка. На 1886 год у Стоўбцах было 186 двароў, 2 царквы, сінагога, 2 іўдзейскія малітоўныя дамы, школа, 20 крамаў. На 1897 год на станцыі было 8 двароў. У 1905 годзе ў Стоўбцах адбылася буйная стачка лесарубаў, у кастрычніку — жалобная дэманстрацыя з нагоды мінскага Курлоўскага расстрэлу. У 1909 годзе ў мястэчку адкрылася гарадское вучылішча.
За часамі Першай сусветнай вайны ў лютым 1918 года Стоўбцы занялі войскі Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Стоўбцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У мястэчку прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары воласці атрымалі Пасведчанні Народнага Сакратарыята БНР[9]. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[10]. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Стоўбцы апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі, дзе атрымалі статус горада і сталі цэнтрам гміны і павета ў Навагрудскім ваяводстве. Станцыя Стоўбцы стала прыгранічнай. 4 жніўня 1924 года на мястэчка напала вялікая бальшавіцкая дыверсійная банда. Пасля гэтага ў Стоўбцах утварыўся батальён Корпуса Аховы Памежжа. 15 ліпеня 1931 года ў горадзе пачало дзейнічаць Беларускае таварыства дабрачыннасці.
У выніку Заходняга паходу Чырвонай Армііі ў 1939 годзе Стоўбцы ўвайшлі ў склад БССР. У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 года горад быў пад акупацыяй Германіі. У 1943—1944 гадах тут працавала падпольная польская школа. Сакрэтнае навучанне вёў былы суддзя гродскага суду А. Родэ (альбо Й. Родэ). Лекцыі адбываліся паводле перадваеннай праграмы польскіх гімназійных школ, у кожны другі дзень, у кватэры Ю. Урбановіча. Настаўнік загінуў на вачах сваіх вучняў каля 6 ліпеня 1944 года, у час шматдзённай аблогі горада савецкімі войскамі[11].
У 1960-я гады савецкія ўлады знішчылі помнік архітэктуры XVII стагоддзя — касцёл Святога Казіміра[12]. У сакавіку 1977 года ў склад горада ўвайшла вёска Акінчыцы Заямнаўскага сельсавета[13].
Стоўбцы развіваліся ад Нёмана ў паўночным кірунку, паміж аўтамабільнай дарогай і чыгункай, што абумовіла складаны нерэгулярны квартальны план. Гістарычны цэнтр знаходзіцца ў паўднёвай частцы горада, у раёне цэнтральнага сквера і цяперашняй плошчы Леніна, пры перакрыжаванні восевай магістралі вуліцы Ленінскай з перпендыкулярнымі ёй вуліцамі Гагарына і Першамайскай. У наш час тут месцяцца крамы і кінатэатр. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Сацыялістычнай сфармаваўся сучасны адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Гандлёвы цэнтр у паўночнай частцы, вакол прывакзальнай плошчы. Тут месцяцца некалькі крам, рэстаран, гасцініца. Новае жыллёвае будаванне вядзецца ў двух мікрараёнах у паўночна-заходняй частцы Стоўбцаў. Мікрараёны абмяжоўвае вуліца Ленінская, па другі бок якой знаходзіцца гарадскі парк.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
---|---|---|
Багінскага вуліца | Дамініканская вуліца | |
Вечаркевіча вуліца | Шпітальная вуліца | |
Гагарына вуліца | Паштовая вуліца | |
Гайдука вуліца | Рубяжэвіцкая вуліца | |
Горкага вуліца | Нававіленская вуліца | |
Камуністычная вуліца | Шырокая вуліца | |
Леніна плошча | Рынак плошча Касцельная плошча | |
Ленінская вуліца | Койданаўскі гасцінец Менская вуліца Падгорная вуліца | Юзэфа Пілсудскага вуліца (1933—1939) |
Мамантава вуліца | Крывая вуліца | |
Першамайская вуліца | Віленская вуліца | |
Піянерская вуліца | Румовая вуліца[21] Школьная вуліца | |
Пушкіна вуліца | Школьная вуліца Паромная вуліца | |
Савецкая вуліца | Загуменная вуліца Царкоўная вуліца | |
Сацыялістычная вуліца | Вакзальная вуліца | Перацкага вуліца (1934—1939) |
Танкістаў вуліца | Рэдутавая вуліца | |
Царука вуліца | Папова Гара вуліца (?) | |
Цітова вуліца | Палявая вуліца |
У тэлефонным даведніку 1939 года ўпамінаецца Касцельны завулак[22]. Таксама ў горадзе існавалі вуліцы Могілкавая, Садовая і Юрыдыка.
Прадпрыемствы харчовай, машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Стоўбцы». Уздоўж берагоў Нёмана — зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Стоўбцы».
Ад Стоўбцаў бярэ пачатак рэспубліканская аўтадарога на Івацэвічы і Кобрын Р2. Аўтадарогай Р64 Стоўбцы злучаны з гарадскім пасёлкам Мір.
Раённая філармонія. Мастацкая галерэя. У Акінчыцах мемарыяльная сядзіба Якуба Коласа (частка філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.