Сцяг дзяржавы From Wikipedia, the free encyclopedia
Дзяржа́ўны сцяг Рэспу́блікі Белару́сь, дапушчальны варыянт Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь — чырвона-зялёны сцяг з белым і чырвоным арнаментным малюнкам каля дрэўка.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
Зацверджаны |
7 чэрвеня 1995 (арыгінальны дызайн з арнаментам)[1] 10 лютага 2012 (дызайн з таўсцейшым малюнкам арнаменту, які выкарыстоўваецца зараз)[2] |
Прапорцыя | 1:2[2] |
Камп’ютарны дызайн |
Гарызантальны чырвона-зялёны бікалор у суадносінах 2:1, з чырвоным арнаментам на белай вертыкальнай паласе |
Бела-чырвона-белы сцяг 25 жніўня 1991 — 7 чэрвеня 1995 |
|
Сцяг, які прынялі па выніках рэферэндуму 1995 года. 7 чэрвеня 1995[заўв 1] — 10 лютага 2012 |
|
Прапорцыя | 1:2 |
Бягучы дызайн быў уведзены ў 2012 годзе Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і адаптаваны з агульным выглядам сцяга, зацверджаным на рэферэндуме мая 1995 года.
Дзяржаўны сцяг, прыняты ў 1995 годзе, з’яўляецца мадыфікацыяй сцяга БССР 1951 года аўтарства Мікалая Гусева, які выкарыстоўваўся ў той час, калі краіна была адной з рэспублік Савецкага Саюза.
Зменамі, унесенымі ў сцяг савецкай эпохі, былі: выдаленне знакаў камунізму (сярпа, молата і чырвонай зоркі) і «пераварочванне» колераў арнаменту з белага на чырвоным да чырвонага на белым.
Гэтая канструкцыя замяніла гістарычны бела-чырвона-белы сцяг, які выкарыстоўваўся Беларускай Народнай Рэспублікай у 1918 годзе, перш чым Беларусь стала адной з савецкіх рэспублік, і быў вернуты пасля аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе. Бела-чырвона-белы сцяг надалей выкарыстоўваецца нацыянальна скіраванай часткай грамадства Беларусі, шэрагам грамадскіх арганізацый, у т. л. у акцыях пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама беларускай дыяспарай.
Асноўная будова дзяржаўнага сцяга Беларусі была ўпершыню апісана ва Указе Прэзідэнта № 214 ад 7 чэрвеня 1995 года. Сцяг уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальных палос: чырвоная верхняя паласа пакрывае дзве траціны вышыні сцяга, а зялёная ніжняя паласа пакрывае адну ніжнюю траціну. Вертыкальны арнамент (чырвоны на белым), які займае адну дзявятую частку даўжыні сцяга, змяшчаецца вертыкальна каля флагштока. Суадносіны шырыні да даўжыні сцяга — 1:2[1].
Сцяг не вельмі адрозніваецца ад сцяга Беларускай ССР, акрамя выдалення сярпа, молата і чырвонай зоркі і перамены чырвонага колера на белы ў арнаменце[3]. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што чырвоны азначае свабоду і ахвяры продкаў беларусаў у барацьбе за незалежнасць, а зялёны сімвалізуе жыццё[4][5]. Існуе трохі іншае тлумачэнне: чырвоны колер на сцягу Беларусі сімвалізуе штандары беларускіх палкоў у пераможнай Грунвальдскай бітве з крыжакамі, колер сцягоў Чырвонай Арміі і беларускіх партызанскіх брыгад. Зялёны колер — надзею, вясну і адраджэнне, лясы і палі. Беларускі арнамент — старажытную культуру народа, духоўнае багацце, адзінства[6].
У 2008 годзе Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь быў апублікаваны ўказ «СТБ 911—2008: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь». У ім прыведзены тэхнічныя характарыстыкі дзяржаўнага сцяга, напрыклад, падрабязная інфармацыя аб колерах і арнаменце. Арнамент на дзяржаўным сцягу да 2012 года займаў 1⁄12 частку шырыні сцяга, і знаходзіўся пасярэдзіне белага поля, якое займала 1⁄9 частку ўсяго палатна. У 2014 годзе чырвоны ўзор быў пашыраны на ўсё белае поле і стаў займаць 1⁄9 частку ўсяго палатна[2].
Колеры нацыянальнага сцяга рэгулююцца ў адпаведнасці з «СТБ 911—2008: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь» і пералічаны ў CIE D65[2].
Колер | Колеравыя каардынаты | Y10 | |
---|---|---|---|
x10 | y10 | ||
Чырвоны | 0.553 ± 0.010 | 0.318 ± 0.010 | 14.8 ± 1.0 |
Зялёны | 0.297 ± 0.010 | 0.481 ± 0.010 | 29.6 ± 1.0 |
Традыцыйны для Беларусі арнамент, выкананы ў 1917 годзе Матронай Маркевіч, адлюстроўваецца на левым баку сцяга, як гэта было раней на сцягу 1951 года[7]. Падобныя ўзоры часам выкарыстоўваюцца ў тканых вырабах, такіх як народнае адзенне, ручнікі (выкарыстоўваюцца ў штодзённым ужытку і ва ўрачыстых мерапрыемствах: рэлігійныя службы, пахавальныя абрады, хлеб-соль і інш.)[8].
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь падымаецца або ўстанаўліваецца:
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных свят і святочных дзён, а таксама пры ўрачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, грамадзянамі падчас народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя даты, у тым ліку і без выкарыстання дрэўка (флагштока), пры забеспячэнні неабходнай павагі да Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце, можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
З канца 2020 года чырвона-зялёныя сцягі Рэспублікі Беларусь пачалі вывешваць не толькі над будынкамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ці падчас святаў — яны сталі лунаць над адміністрацыйнымі будынкамі, заводамі і ўніверсітэтамі, турмамі і «аўтазакамі», што паспрыяла росту антаганізму да дзяржаўнай сімволікі[10]. У сувязі з выкарыстаннем чырвона-зялёнага сцяга для відэа з допытамі затрыманых на яго фоне, над будынкамі турмаў і над аўтазакамі, ён стаў ператварацца ў вачах грамадзян з нейтральнага сімвала ў сімвал сілавых акцый[11].
Для бела-чырвона-белага сцяга на дрэўку выкарыстоўвалася наверша (металічнае ўпрыгажэнне на флагштоку) ромбападобнай формы з уключаным ў яго шасціканцовым крыжам з беларускага варыянта герба «Пагоня»[12] (патрыяршы крыж з дзвюма перакладзінамі, які паводле формы вядомы ў Беларусі найперш як Крыж Ефрасінні Полацкай).
Паводле ўказа прэзідэнта Лукашэнкі 1995 года, дзяржаўны сцяг павінен вывешвацца на кіі, пафарбаваным у залацісты (вохравы) колер[1]. У іншых частках пратакола ўказана, што наверша мае ромбападобную форму і пафарбавана ў жоўты колер. У наверша ўключана пяціканцовая зорка, падобная да зоркі з дзяржаўнага герба[1]. Такая форма наверша з’яўляецца працягам традыцый савецкага сцяга[13]. Да 2004 года навершы выкарыстоўваліся толькі пры правядзенні цырымоній і іншых ўрачыстых мерапрыемстваў[14], пасля 2004 года таксама сталі ўсталёўвацца ў службовых кабінетах буйных беларускіх дзяржаўных службоўцаў (прэзідэнта, старшыні Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прэм’ер-міністра, старшынь Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў і інш.).
Крымінальнай адказнасці за здзек з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь (у прыватнасці, са сцяга) прысвечаны артыкул 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У ім гаворыцца, што здзек са сцяга цягне за сабой грамадскія работы, або штрафы, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да аднаго года[15].
Першы выпадак здзеку з дзяржаўнага сцяга Беларусі, які меў шырокі грамадскі рэзананс, быў выкананы тагачасным кіраўніком справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Іванам Іванавічам Ціцянковым: 16 мая 1995 г. (праз 2 дні пасля рэферэндуму 1995 г., на які выносілася пытанне аб замене дзяржаўных сімвалаў) Ціцянкоў зняў з будынка Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь бела-чырвона-белы сцяг (на той момант вынікі рэферэндуму яшчэ не набылі законную моц, таму сцяг працягваў заставацца дзяржаўным), парваў яго на кавалкі, паставіўшы на кожным свой аўтограф і час з датай, пасля чаго ўзняў па-над Рэзідэнцыяй чырвона-зялёны сцяг, які з’яўляецца дзяржаўным на сённяшні дзень[16][17]. Падчас крымінальнай справы Ціцянкоў абараняўся, сцвярджаючы, што рабіў гэта без злых намераў, але «каб былі сувеніры на памяць», у выніку чаго быў апраўданы[18].
Здзекі з дзяржаўнага сцяга не з’яўляюцца ў сучаснай Беларусі рэдкасцю: нягледзячы на суровае пакаранне, асобныя прадстаўнікі апазіцыі, а таксама проста хуліганы даволі часта ажыццяўляюць гэтае злачынства. 15 сакавіка 1997 года ў дзень Канстытуцыі падчас шэсця дэманстрантыі сарвалі са слупоў дзясяткі дзяржаўных сцягоў, пасля чаго былі распачаты крымінальныя справы супраць некалькіх удзельнікаў акцыі, але да суда яны не дайшлі, бо былі спынены на стадыі следства[17]. 21 ліпеня 1999 года непаўналетняя Надзея Грачуха на Кастрычніцкай плошчы Мінска ў знак пратэсту супраць улады спаліла дзяржаўны сцяг, у выніку чаго суд пакараў яе штрафам[17]. Актывіст апазіцыйнай грамадскай кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў двойчы зневажаў дзяржаўны сцяг: аднойчы ў 2007 г., а потым 19 снежня 2010 г. (ён сарваў яго з будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і кінуў пад ногі дэманстрантаў падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў). Вінаградаў быў пакараны толькі за эпізод 2007 г., бо ў 2010—2011 гг. паралельна праходзіў абвінавачваным па яшчэ адной крымінальнай справе, у выніку чаго ў здзеку са сцяга скончыўся тэрмін даўнасці[19]. 10 ліпеня 2011 г. дзевятнаццацігадовы рабочы з Маларыты разам са сваім знаёмым сарваў дзяржаўны сцяг з будынка мясцовай дзіцячай музычнай школы, пасля чаго 20 ліпеня 2011 г. спаліў яго на вогнішчы ў лясным масіве, размешчаным каля горада, зняўшы свае дзеянні на мабільны тэлефон. Міліцыя знайшла злачынца па трох здымках, выкладзеных ім у інтэрнэт. 25 жніўня 2011 г. па гэтым факце была распачата крымінальная справа[20][21].
Дзяржаўныя сцягі Беларусі ў XX—XXI стст. | |||
---|---|---|---|
Беларуская Народная Рэспубліка | 1918—1919 гг. | Палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, з трох роўных гарызантальных палос — дзвюх белых і адной чырвонай між імі | |
ССРБ | 1919 г. | Прамавугольнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім вугле ля тронка ССРБ або надпісам «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь» | |
ЛітБел | 1919—1920 гг. | Чырвонае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2 | |
ССРБ | 1920—1927 гг. | Прамавугольнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім вугле ля тронка ССРБ або надпісам «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь» | |
БССР | 1927—1937 гг. | Чырвонае або пунцовае палотнішча, у верхнім вугле якога ля тронка змяшчаюцца залатыя літары «БССР» або надпіс «Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка» | |
БССР | 1937—1951 гг. | Чырвонае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2 з выявай у яго верхнім вугле, ля тронка залатых сярпа і молата і над імі — чырвонай пяціканцовай зоркі, аблямаванай залатым шлякам, а ўнізе сярпа і молата залатыя літары — БССР | |
БССР | 1951—1991 гг. | Палотнішча з дзвюх гарызантальна размешчаных палос: верхняй чырвонага колеру і ніжняй зялёнага колеру ў адносінах 2/3:1/3 з выявай у верхнім левым вугле чырвонай паласы залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, аблямаванай залатым шлякам. Ля трока вертыкальна размяшчаецца арнамент белага колеру на чырвоным полі, які складае 1⁄9 даўжыні сцяга | |
Рэспубліка Беларусь | 1991—1995 гг. | Палотнішча памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзвюх белых і адной чырвонай між імі | |
Рэспубліка Беларусь | 1995—2012 гг. | Палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1. Уздоўж тронка размяшчаецца арнамент, чырвоны на белым фоне. | |
Рэспубліка Беларусь | з 2012 | Палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1. Уздоўж тронка размяшчаецца арнамент, чырвоны на белым фоне. |
Сцяг, які быў афіцыйным ў перыяд з 19 верасня 1991 года па 5 чэрвеня 1995 года, першапачаткова выкарыстоўваўся Беларускай Народнай Рэспублікай (сакавік—снежань 1918 г.)[22]. Аўтарам сцяга лічыцца Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі, пры гэтым выкарыстанне сцяга бела-чырвона-белых колераў беларусамі вядомае і раней[23]. Чырвоны і белы колеры традыцыйна выкарыстоўваліся ў дзяржаўнай геральдыцы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Такія ж колеры на традыцыйным для беларускіх земляў гербе «Пагоня», белы вершнік на чырвоным фоне[24]. Успрыняцце гэтага сцяга як нацыянальнага можна патлумачыць яго адпаведнасцю колеравай гаме ў народнай традыцыі і мастацкім гусце — чырвоныя элементы на белай аснове называюць самым распаўсюджаным спалучэннем у беларускім арнаменце.
Бела-чырвона-белая сімволіка актыўна ўжывалася беларускім нацыянальным рухам канца XIX — пачатку XX стагоддзяў[25]. У 1909—1912 гадах стужкі гэтых колераў ужываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу[26]. У 1909—1917 гадах ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі. У 1916 годзе бела-чырвона-белы сцяг мела арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага[26]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года бела-чырвона-белым сцягам усё часцей карысталіся як сцягам беларусаў наогул. У сакавіку 1917 года значкі з малюнкам бел-чырвона-белага сцяга ўжо прадаваліся ў Мінску[26]. 5 жніўня 1917 года на 1-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Мінску было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы войска Расійскай імперыі мусяць насіць бела-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення[27]. Пад бела-чырвона-белымі сцягамі праходзілі з’езды беларускіх вайскоўцаў на франтах, у прыватнасці з’езд беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (кастрычнік 1917)[28]. 7 снежня 1917 года пад бела-чырвона-белымі сцягамі[29] ў Мінску адкрыўся Першы Усебеларускі з’езд, 18 снежня а 3-й гадзіне ночы разагнаны бальшавікамі.
Па разгоне Усебеларускага з’езда бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся яго Выканаўчым камітэтам, а потым Радай БНР, адпаведна стаўшы сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918—1919 гадах. Бела-чырвона-белы сцяг дагэтуль выкарыстоўваецца ўрадам БНР у выгнанні. Паміж 1921 і 1939 гадамі бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам ў Заходняй Беларусі (частка Міжваеннай Польшчы): як палітычнымі арганізацыямі, такімі як Беларуская сялянска-работніцкая грамада або Беларуская хрысціянская дэмакратыя; гэтак і непалітычнымі арганізацыямі, як Таварыства беларускай школы[30]. Сцяг таксама выкарыстоўваўся Беларускім асобным батальёнам у арміі Літоўскай Рэспублікі. Пасля паходу Чырвонай Арміі ў заходнебеларускія землі і далучэння Заходня Беларусі да БССР у 1939 годзе сцяг быў забаронены савецкай адміністрацыяй[31]. Таксама сцяг выкарыстоўвала беларуская супольнасць Чэхаславакіі і Латвіі.
Падчас нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, карысталіся бела-чырвона-белым сцягам неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Прызнання не было да апошніх дзён акупацыі, пра што сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях ад 14 чэрвеня 1944 года[32]. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны сцяг выкарыстоўваўся беларускай дыяспарай на захадзе і невялікімі групамі антысавецкага супраціўлення ў самой Беларусі. У канцы 1980-х гг. сцяг зноў пачаў выкарыстоўвацца як сімвал нацыянальнага адраджэння і дэмакратычных перамен у Беларусі. Гэты сцяг стаў дзяржаўным сімвалам Беларусі пасля аднаўлення яе незалежнасці ў 1991 годзе[31].
Пасля 1995 года бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваецца як сімвал апазіцыі да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, найперш у акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 і 2010 гадоў, у масавых акцыях на святкаванні Дня Волі, а таксама падчас мемарыяльных шэсцяў «Дзяды» і «Чарнобыльскі шлях». Сцяг афіцыйна не забаранілі для агульнага карыстання, але ён разглядаецца ўладамі як «незарэгістраваны сімвал». Гэта азначае, што дэманстрацыя яго палітычнымі актывістамі або аматарамі спорту можа прывесці да арышту і канфіскацыі сцягоў[33][34]. У пачатку 2010 года палітычны актывіст Сяргей Каваленка быў затрыманы за размяшчэнне бела-чырвона-белага сцяга на вяршыні ёлкі на цэнтральнай плошчы Віцебска. Суд даў Каваленку тры гады пазбаўлення волі ўмоўна[35].
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адмовілася прызнаць сцяг гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у адрозненні ад герба «Пагоня»[36].
Да 1951 года выкарыстоўваліся некалькі розных сцягоў. Самы ранні сцяг быў просты чырвоны. Ён выкарыстоўваўся ў 1919 годзе ў перыяд існавання літоўска-беларускай ССР. Пасля ўтварэння Беларускай ССР быў дададзены надпіс «ССРБ» залацістым колерам у верхнім правым вугле. Гэтая канструкцыя была створана на падставе першай Канстытуцыі Беларускай ССР[37]. Далейшыя змены сцяга былі замацаваныя ў Канстытуцыі 1927 года, дзе літары былі заменены на «БССР», але агульны выгляд застаўся тым жа[38]. Будова сцяга ў чарговы раз была зменена ў 1937 годзе, калі серп, молат і чырвоная зорка былі размешчаны па-над літарамі. Нарматыў таксама ўпершыню афіцыйна ўсталяваў суадносіны сцяга — 1:2[39]. Гэты сцяг заставаўся ва ўжытку да прыняцця ў 1951 годзе новага сцяга.
Сцяг Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў прыняты указам 25 снежня 1951 года[40]. Сцяг быў трохі зменены ў 1956 годзе, калі да чырвонай зоркі былі дададзеныя залатыя серп і молат. Характарыстыкі сцяга былі устаноўленыя ў артыкуле 120 Канстытуцыі Беларускай ССР і былі вельмі падобныя да цяперашняга беларускага сцяга. Сцяг меў суадносіны даўжыні да шырыні 1:2, гэтак жа, як сцяг Савецкага Саюза і сцягі іншых чатырнаццаці саюзных рэспублік[41]. Асноўная частка сцяга была чырвонай (сімвалізавала рэвалюцыю), а астатняя — зялёнай (азначала беларускія лясы). Белы арнамент знаходзіўся на чырвоным фоне (падобны арнамент часта выкарыстоўваецца на беларускіх нацыянальных строях). У верхнім вугле сцяга ў чырвонай частцы былі дададзеныя залатыя серп і молат з чырвонаю зоркаю, размешчанай над імі і акрэсленай золатам. Молат сімвалізаваў пралетарыят, а серп — сялянства (у адпаведнасці з савецкай ідэалогіяй гэтыя два знакі разам сімвалізавалі супрацоўніцтва паміж двума сацыяльнымі класамі). Чырвоная зорка жа і дагэтуль звычайна выкарыстоўваецца камуністычнымі партыямі. Яна значыць пяць асноўных (на думку камуністаў) сацыяльных груп: пралетарыят, моладзь, сялянства, вайскоўцаў, навукоўцаў; пяць вядомых кантынентаў; пяць пальцаў рукі працоўнага. Молат, серп і зорка часам не адлюстроўваліся на адваротным баку сцяга. Мэта ўвядзення асобнага сцяга для БССР была наступнай: Беларуская ССР разам з Савецкім Саюзам і УССР у 1945 годзе сталі аднымі з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, таму ім былі патрэбныя розныя сцягі. Распрацоўшчыкам сцяга быў Мікалай Гусеў[7].
Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ад СССР у 1991 г. дзяржаўным сцягам быў абвешчаны гістарычны нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. Рэферэндум, дзе прапанавалася прыняць новыя дзяржаўныя сімвалы, адбыўся 14 мая 1995 года. Яўка выбаршчыкаў склала 64,7 %. Новы сцяг быў ухвалены большасцю ў суадносінах 3:1 (75,1 % да 24,9 %). Астатнія тры пытанні таксама былі падтрыманыя выбаршчыкамі[42]. Спосаб правядзення рэферэндуму, а таксама законнасць апытання па нацыянальных сімвалах на рэферэндуме раз’юшана крытыкаваліся апазіцыяй і нацыянальна скіраванай часткай беларускага грамадства[43][44]. Калі ўлічыць яўку ў 64 %, то ў параўнанні з агульнай колькасцю выбаршчыкаў (насельніцтва з правам голасу) толькі 48,7 % выказаліся за прыняцце мадыфікаванай савецкай сімволікі[45]. Апазіцыйныя партыі, а таксама шэраг грамадскіх арганізацый лічаць, што рэферэндум праваліўся і прызнанне яго вынікаў супярэчыць закону, але паводле беларускага заканадаўства для прызнання вынікаў рэферэндуму дастаткова простая большасць галасоў[46]. Гаворачы пра ўдалыя для яго вынікі рэферэндуму, прэзідэнт Лукашэнка сказаў, што вяртанне сцяга ў савецкім стылі прынесла нацыі пачуццё маладосці і прыемных успамінаў[47].
Прэзідэнт Лукашэнка спрабаваў правесці аналагічны рэферэндум раней, у 1993 годзе, але не змог атрымаць падтрымку ў парламенце. 21 сакавіка 1995 года, за два месяцы да майскага рэферэндуму 1995 года, Лукашэнка прапанаваў сцяг, які складаўся з двух невялікіх прамавугольнікаў зялёнага і аднаго шырокага прамавугольніка чырвонага колеру. Лёс прапановы на дадзены момант застаецца невядомым. Праз некалькі дзён былі прапанаваныя новыя праекты, якія потым і былі вынесеныя на галасаванне рэферэндуму[48].
Знявага над Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца злачынствам, якое згодна з артыкулам 370 Крымінальнага кодэкса Беларусі «караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да 1 года»[49].
Згодна з артыкулам 8 Закона «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь» ад 5 ліпеня 2004 года № 301-З «выява Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь можа быць выкарыстана ў дэкаратыўных мэтах у якасці дзяржаўнага і нацыянальнага сімвала такім чынам, каб пры гэтым не была праяўлена непавага да Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Не дапускаецца размяшчэнне на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь надпісаў і графічных малюнкаў незалежна ад спосабу іх нанясення»[50].
З моманту ўвядзення сцяга ў 1995 годзе на яго аснове былі зроблены некалькі дадатковых сцягоў, прынятыя дзяржаўнымі органамі.
Прэзідэнцкі штандар, які выкарыстоўваецца з 1997 года, быў прыняты ўказам пад назвай «Аб Штандарце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Штандар выглядае наступным чынам: дзяржаўны сцяг з даданнем беларускага дзяржаўнага герба ў залатым і чырвоным колерах. Суадносіны бакоў штандара (5:6) адрозніваюцца ад дзяржаўнага сцяга, таму штандар амаль квадратны. Ён выкарыстоўваецца на будынках і на транспартных сродках, каб пазначыць прысутнасць прэзідэнта[51].
У 2001 годзе прэзідэнт Лукашэнка выдаў указ аб стварэнні сцяга Узброеных сіл Беларусі. Сцяг (суадносіны — 1:1,7) мае нацыянальны арнамент па сваёй даўжыні. На пярэдняй частцы сцяга знаходзіцца беларускі герб з надпісам «УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ» (вышэй) і «РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» (ніжэй); тэкст напісаны залацістым колерам. На адваротным баку сцяга цэнтр утрымлівае сімвал узброеных сіл, а іменна чырвоную зорку, вакол яе вянок з дуба і лаўра. Над сімвалам знаходзіцца фраза «ЗА НАШУ РАДЗІМУ», а ніжэй — поўная назва вайсковай часткі[52].
У Мінску існуе плошча, названая ў гонар Дзяржаўнага Сцяга[53]. Яна знаходзіцца на перакрыжаванні пр. Пераможцаў і вул. Арлоўскай насупраць Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» і дапаўняе архітэктурна-паркавы ансамбль, створаны з Палаца Незалежнасці, выставачнага цэнтра і парка Перамогі. Пад размяшчэнне плошчы разглядаліся таксама пляцоўкі каля Палаца Рэспублікі і на ўездзе ў горад[54]. Плошча была адкрытая 2 ліпеня 2013 года.
Да пачатку рэканструкцыі тэрыторыі на гэтым месцы размяшчалася бетонная стэла з гадзіннікам і постаццю бога гандлю Меркурыя, якая была заменена на велізарны флагшток з нержавеючай сталі для Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь. Дыяметр флагштока складае 30 сантыметраў уверсе і паўтара метра ля падножжа. Вышыня — 70 метраў, верхавіна флагштока з надыходам цемры міргае, выконваючы ролю гарадскога маяка, а таксама падсвечваецца пражэктарамі[54].
Плошча самога сцяга, выкананага са спецыяльнай воданепранікальнай і невыгаральнай тканіны, складае 100 м² і важыць 25 кг. Палатно сцяга ўздымаецца і апускаецца як аўтаматычна, гэтак і з дапамогай дыстанцыйнага кіравання[54].
Сцяг Мадагаскара | Сцяг Амана | Сцяг Літоўскай ССР | Сцяг Чачні | Сцяг Татарстана |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.