Remove ads
гарадскі пасёлак у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ружа́ны[3] (трансліт.: Ružany, руск.: Ружаны) — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтамабільных дарог Пружаны — Слонім і Ваўкавыск — Косава. За 45 км ад Пружан, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы на лініі Баранавічы — Брэст. Насельніцтва 3 023 чал. (2017)[4].
Гарадскі пасёлак
Ружаны
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Існуе некалькі версій датычна паходжання тапоніма «Ружаны». Паводле першай з іх, якой прытрымліваецца большасць гісторыкаў, мястэчка атрымала сваю назву ў гонар ружы — кветкі, якая асабліва шануецца хрысціянамі.
Згодна з другой версіяй назва паселішча пайшла ад словаў «рог», «раздарожжа», што сведчыла пра яго аддаленае размяшчэнне.
Таксама існуе легенда, паводле якой назву мястэчку даў яго ўладар у гонар сваіх улюбёных дачок — Ружы і Ганны[5].
У мінулыя часы паселішча называлася Ражаная, Ражана, Ружана.
Вядомыя з 1552 года як Рожаны, уладанне Тышкевічаў. З 1598 года належалі Сапегам, тут размяшчалася адна з галоўных рэзідэнцый роду. Уваходзілі ў Слонімскі павет Новагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Праз паселішча праходзіла так званая Вітаўтава дарога, што злучала Оршу з Люблінам. Пазней гэтая дарога завецца «гасцінцам вялікім»[6].
Паводле ўскосных звестак, ужо ў XVI стагоддзі у Ружанах была вялікая яўрэйская грамада[7].
У 1598 годзе вялікалітоўскі канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп грошаў ад Барташа Брухнальскага, каб стварыць тут адну з галоўных рэзідэнцый роду.
20 чэрвеня 1637 года кароль Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам магдэбургскае права і герб: «у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць Св. Казіміра з крыжам і лілеяй у руках»[8]. Новыя ўласнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 годзе вялікалітоўскі падканцлер Казімір Леў Сапега прымаў у ім караля Уладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. У 1655 годзе, у часы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, Віленскі капітул, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, змясціў у палацы мошчы св. Казіміра — нябеснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.
Станам на 1687 год у Ружанах 427 будынкаў і 2 рынкі; царква, касцёл з невялікім шпіталем, базыльянскі манастыр, кляштары дамініканцаў і кармелітаў (1617, у 1850 разбураны), базыльянская школа, кафельны і цагляны заводы.
У 1698 годзе разбураныя падчас грамадзянскай вайны шляхты з Сапегамі.
У Паўночную вайну 1700—1721 мястэчка ізноў разбуранае, пацярпеў у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 годзе ў Ружанах спыняўся Карл XII.
За Аляксандрам Міхалам Сапегам мястэчка стала асяродкам вялікасвецкага жыцця для ўсіх вакольных земляў. Для замежных гасцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, феерверкі. Архітэктар Ян Самуэль Бекер разбудаваў Ружанскі палац у познебарочным стылі. Цягам 1765—1791 гадоў тут дзейнічаў адзін з найслыннейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на год ладзіліся кірмашы. У 1784 канцлер Аляксандр Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Ружаны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Слонімскага павета Слонімскай, з 1797 года Літоўскай, урэшце з 1801 — Гродзенскай губерняў.
У 1812 годзе французскія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.
Пасля задушэння вызваленчага паўстання ў 1831 годзе расійскія ўлады канфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладанні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 годзе размясцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства.
У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1863 годзе каля Ружанаў адбыўся бой з расійскімі карнікамі. У 1875 годзе ў мястэчку адбыўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і знішчыў у тым ліку яўрэйскую сінагогу XVI ст.[7].
У XIX ст. у мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 праваслаўныя царквы, школа, касцёл. Станам на 1897 год было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, народнае вучылішча.
Станам на 1910 год у Ружанах дзейнічала Талмуд Тора, у 1914 годзе было 26 прадпрыемстваў. У Першую сусветную вайну ў жніўні 1914 года пажар знішчыў галоўны корпус палаца.
У студзені 1919 мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Уладзіслава Дамброўскага[9]. 7 чэрвеня 1919 мястэчка ўвайшло ў склад Брэсцкай акругі Грамадзянскай Управы Усходніх Зямель — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[10]. У 1920—1921 дзейнічаў лагер для інтэрнаваных № 18, дзе знаходзіліся салдаты 3 Данскога казацкага палка і грамадзянскія асобы (850—900 чалавек). Пасля пераводу інтэрнаваных у Остраў-Камарова лагер быў зачынены[11].
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павета Палескага ваяводства.
У 1939 Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымалі статус пасёлка гарадскога тыпу і сталі цэнтрам раёна. У 1940 годзе 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бетонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клуб, амбулаторыя, аптэка, кінатэатр, лазня, пошта, тэлеграф.
У Другую сусветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 года мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Тут было створана гета, насельнікі якога пасля былі знішчаны ў лагеры смерці Трэблінка. У 1944 пажар знішчыў будынкі тэатра і манежа палацавага комплекса.
З 1962 у Пружанскім раёне.
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і паліўнай прамысловасці. Гасцініца «Ружанская». Цэнтр ганчарнага рамяства, так званай ружанскай керамікі. Цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Праз мястэчка праходзяць турыстычна-экскурсійныя маршруты «На радзіму Тадэвуша Касцюшкі», «Архіпелаг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Старонкі каменнага летапісу» і інш.[12] Спыніцца можна ў атэлі «Ружанскі» (вул. Леніна, 1).
У Ружанах працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 2 дашкольныя ўстановы.
Медыцынскія паслугі надае местачковая бальніца.
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.