From Wikipedia, the free encyclopedia
Кір II Вялікі[3] (ст.-перс.: [4] Kūruš; ? — 530 да н.э.) — персідскі цар з дынастыі Ахеменідаў, заснавальнік дзяржавы Ахеменідаў.
Кір II Вялікі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
стар.-перс.: Kuruš (ku-u-ru-u-š); акад.: Ku(r)-raš/-ra-áš; эламск. Ku-raš; арам. Kwrš; стар.-грэч.: Κῦρος; лац.: Cyrus | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Пасада заснавана | ||||||
Пераемнік | Камбіз II | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Камбіз I | ||||||
Пераемнік | Камбіз II | ||||||
Нараджэнне |
каля 600 да н.э. |
||||||
Смерць |
530 да н.э. |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Ахеменіды | ||||||
Бацька | Камбіз I | ||||||
Маці | Мандана Медыйская[d] | ||||||
Жонка | Касандана[d], Amitis Shahbanu[d] і Neithiyti[d] | ||||||
Дзеці | Камбіз II, Бардыя, Атоса, Раксана і Артыстона | ||||||
Веравызнанне | Зараастрызм | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У 558 да н.э. узначаліў саюз персідскіх плямён, якія паўсталі супраць панавання мідыйцаў. У 550 да н.э. заваяваў Мідыю, а пазней грэчаскія гарады ў Малой Азіі і значную частку Сярэдняй Азіі. У 538 да н.э. захапіў Вавілонію і далучыў яе да Персідскай дзяржавы. Імкнучыся ператварыць Іўдзею ў плацдарм супраць Егіпта, выпусціў з вавілонскага палону іудзеяў, аднавіў Іерусалім, а таксама некаторыя фінікійскія гарады. У 530 да н.э. загінуў у бітве ў час свайго чарговага паходу ў Сярэднюю Азію[5].
Біяграфія Кіра вядомая ў асноўным з «Гісторыі» Герадота. Некаторую карысную інфармацыю можна атрымаць таксама ў старажытнагрэчаскага гісторыка Ктэсія, які жыў пры персідскім двары ў V ст. да н. э., і ў кнігах Старога запавету. Арыгінальныя крыніцы малалікія. Акрамя цыліндра з заклікам Кіра «да вавілонян», захавалася толькі некалькі асобных вавілонскіх дакументаў, якія дапамагаюць весці храналогію падзей.
Усе грэчаскія пісьменнікі аднадушныя ў сваім меркаванні, што імя Кіра не было дадзена яму пры нараджэнні, а ўзята ім пазней, ужо пасля заняцца прастола. Этымалогія імені не вядомая. Плутарх гаворыць, што яго назвалі так у гонар Сонца (народная персідская этымалогія Kurash «Кір»), бо Сонца па-персідску «Кір»[6]. Страбон сцвярджае, што Кіра назвалі ў гонар ракі Кір, якая працякае каля Пасаргад. Быццам бы цар персаў узяў сабе імя гэтай ракі, перайменаваўшы сябе з Аградата ў Кіра.[7] Юстын, магчыма, звязвае сэнс імені са словам «пастух», бо: «Хлопчык, жывучы сярод пастухоў, атрымаў імя Кіра».[8][9]
Кір быў сынам Камбіза I з дынастыі Ахеменідаў, заснаванай легендарным Ахеменам, пануючага роду ў персідскім племені пасаргадаў. Яшчэ Набанід тытулаваў Кіра царом Аншана[10], г.зн. аднае з абласцей на паўднёвым усходзе Элама, гэта ж рабілі і вавілонскія жрацы, складальнікі так званай хронікі Набаніда і Кіра[11]. У сваім закліку да вавілонцаў Кір называў сваіх продкаў «царамі Аншана»: «Я — Кір… сын Камбіза, вялікага цара, цара горада Аншана, унук Кіра, вялікага цара, цара горада Аншана, нашчадак Тэіспа, вялікага цара, цара горада Аншана». Гэтае абвяшчэнне Кіра царом эламскай вобласці Аншан, якая ўпамінаецца ў вавілонскіх тэкстах з найстаражытейшых часоў дае падставу думаць, што Кір быў эламітам. Аднак даказана, што ён быў арыем. Сувязь яго з Аншанам не зусім зразумелая, адзіным тлумачэннем, магчыма, з'яўляецца тое, што Кір з'явіўся з усходу, з дзяржавы, што замяніла Элам, таму ў афіцыйным урачыстым надпісе ён і тытулуецца царом Аншана. І сам ён ухапіўся за гэты асвечаны старажытнасцю тытул, які надаваў яму ў вачах вавілонцаў больш пашаны, а, акрамя таго, нёс у сабе праграму наступлення на захад — бо некалі цары Элама валодалі Вавілонам. Носячы тытул цара Аншана, уладар новастворанай манархіі станавіўся спадчыннікам старажытных эламскіх цароў з усімі традыцыямі і іншымі выгаднымі наступствамі гэтай спадчыны. Аднак справа ўскладняецца тым, што цяжка сказаць, якія землі адносіліся да Аншана, як і ўвогуле дакладна лакалізаваць яго, а таксама тым, што ў хроніцы Набаніда Кір, пасля заваявання Мідыі, тытулуецца ўжо царом Персіі. Гэтая акалічнасць дае падставу прама атаясамліваць Аншан з Персіяй, лічачы гэтыя тэрміны раўназначнымі, ці наадварот, паказвае на іх адрозненне, калі лічыць упамінанне ў тытулатуры персідскіх цароў Аншана адлюстраваннем больш старажытнай стадыі іх магутнасці, а тытул цара Персіі — наступнай яе ступенню. Як бы ні было, дакладна вядома, што пасаргадскія цары Аншана былі васаламі Мідыйскай імперыі да самага паўстання Кіра.
Дакладны год нараджэння Кіра невядомы, лічыцца, што ён з'явіўся на свет паміж 600 да н. э. і 590 да н. э., найбольш верагодна ў 593 да н. э.. Аб яго дзяцінстве і юнацтве вядома толькі з легенд, якія часта супярэчаць адна адной. Грэчаскі гісторык Ксенафонт таксама піша аб тым, што ўжо ў V ст. да н. э. аб жыцці Кіра Вялікага расказвалі па-рознаму.
Паводле Герадота, маці Кіра была дачка мідыйскага цара Астыяга Мандана, якой прадказалі, што яна народзіць сына, які стане ўладаром свету. Каб пазбегнуць гэтага Астыяг выдаў дачку замуж за перса, а не за мідыйца, але ўсё ж асцерагаючыся, што яго ўнук стане царом замест яго, мідыйскі цар Астыяг выклікаў да сябе з Персіі цяжарную Мандану і праз некаторы час, калі ў яе нарадзіўся сын, вырашыў забіць яго. Гэтую задачу ён усклаў на свайго саноўніка Гарпага. У сваю чаргу, Гарпаг перадаў дзіця пастуху, аднаму з рабоў Астыяга, і загадаў пакінуць яго ў гарах, дзе было многа дзікіх звяроў. Але калі гэты пастух прынёс немаўля ў сваю хату, ён даведаўся, што яго жонка толькі што нарадзіла мёртвае дзіця. Бацькі вырашылі выхаваць царскага сына, як свайго, а мёртвае дзіця пакінулі ў зацішным месцы ў гарах, апрануўшы яго ў раскошную адзежу ўнука Астыяга. Пасля гэтага пастух сказаў Гарпагу, што выканаў яго загад. Гарпаг жа, паслаўшы верных людзей агледзець труп немаўляці і пахаваць яго, пераканаўся, што гэта сапраўды так. Такім чынам, дзяцінства Кіра прайшло сярод царскіх рабоў[12].
Калі хлопчыку споўнілася дзесяць гадоў, ён аднойчы ў час гульні з дзецьмі быў абраны царом. Але сын аднаго знатнага мідыйца адмовіўся падпарадкоўвацца яму, і Кір пакараў яго пабоямі. Бацька гэтага хлопчыка пажаліўся Астыягу, што ягоны раб б'е дзяцей царскіх саноўнікаў. Кір быў прыведзены для пакарання да Астыяга, у якога адразу ўзніклі падазрэнні, што перад ім яго ўнук, бо ён заўважыў у ім рысы родавага падабенства. І сапраўды, дапытаўшы пад пагрозай катаванняў пастуха, Астыяг даведаўся праўду. Тады ён жорстка пакараў Гарпага: запрасіў яго на абед і тайна пачаставаў мясам уласнага сына, аднагодка Кіра. Затым Астыяг зноў звярнуўся да чараўнікоў з пытаннем, ці пагражае яму яшчэ небяспека ад унука. Тыя адказалі, што прадказанне ўжо спраўдзілася, бо Кір быў абраны царом падчас гульні з дзецьмі, і таму больш баяцца яго не трэба. Тады Астыяг супакоіўся і адправіў унука ў Персію да яго бацькоў[13].
Але і сам Герадот не выдаваў сваю версію за адзіную — ён казаў, што існуе яшчэ чатыры іншыя. Яго версія сапраўды была не толькі не адзінай, але і не першапачатковай, — ён дапусціў рацыяналізм. Напрыклад, у яго сабака (сука), якая выкарміла, па словах Юстына і ў аналагічных апавяданнях, Кіра, калі ён быў пакінуты на з'ядзенне дзікім звярам, ператварылася ў жонку пастуха, якую па-грэчаску звалі Кіно, а па-мідыйску Спака («сабака» па-мідыйску спака).
Яшчэ адна вельмі цікавая версія запісана Ктэсіем. Яна дайшла да нас цераз Мікалая Дамаскага і, выяўляючы несумненныя прыкметы большай першапачатковасці, з'яўляецца адной з нешматлікіх каштоўных старонак у Ктэсія. Яна сцвярджае, што Кір быў сынам жабрака мардыянскага разбойніка Атрадата (марды былі качавым персідскім племенем), які пазней узвысіўся, паступіўшы на службу да Астыяга. Прадказанне аб будучай велічы падштурхнула Кіра да ўцёкаў у Персію і да пачатку мяцяжу.[14]
Калі верыць Герадоту, які сцвярджаў, што кіраванне Кіра доўжылася 29 гадоў[15], у 559 да н. э. (іншыя грэчаскія пісьменнікі таксама адносяць уступленне Кіра на прастол к пачатку першага года 55 алімпіяды, г. зн. к 560—559 да н. э.[16]) Кір стаў правадыром персідскіх аселых плямёнаў, сярод якіх пануючую ролю адыгрывалі пасаргады. Акрамя іх у саюз уваходзілі таксама марафіі і маспіі. Усе яны знаходзіліся ў залежнасці ад мідыйскага цара. Цэнтр тагачаснай Персідскай дзяржавы размяшчаўся вакол горада Пасаргады, інтэнсіўнае будаўніцтва якога пачалося якраз у пачатку кіравання Кіра. Гэты горад стаў першай сталіцай Персідскай дзяржавы. Качавыя плямёны кіртыі, марды, сагартыі, а таксама аселыя карманіі, панфіялеі і дэрушы былі заваяваныя Кірам пазней, відаць, ужо пасля вайны з Мідыяй.
У 553 да н. э., паводле надпісу Набаніда (3-і год кіравання Набаніда), Кір выступіў супраць мідыйскага цара Астыяга. Герадот і Ктэсій называюць вайну персаў з мідзянамі паўстаннем, поспех якога (асабліва паводле Герадота) у значнай меры быў абумоўлены існаваннем у Мідыі партыі, незадаволенай Астыягам, і здрадай. Паводле Герадота, прычынай вайны паміж двума царствамі паслужыла змова знатнага мідыйца Гарпага, чыйго сына, як ужо гаварылася вышэй, Астыяг забіў. Ён здолеў прыцягнуць на свой бок многіх знатных мідыйцаў, незадаволеных суровым кіраваннем Астыяга, а затым падгаварыў Кіра ўзняць паўстанне. Падзенне Мідыі, акрамя незадаволенасці і здрады, было аблегчана і дынастычным крызісам: паводле абедзвюх даступных крыніц, у Астыяга не было спадчынніка-сына. Ктэсій называе спадчыннікам яго зяця Спітаму, на якога, відаць, абапіралася незадаволеная партыя і супраць якога як быццам і дзейнічалі мідыйскія прыхільнікі Кіра. Мідыя пала не без барацьбы; Ктэсій нават гаворыць аб наступленні і перамогах Астыяга. Герадот, ва ўсякім разе, прызнае яго адвагу, якая дайшла да ўзбраення старых.[17][18]
Грэчаскія і вавілонскія крыніцы сыходзяцца ў тым, што паўстанне Кіра супраць Мідыі доўжылася тры гады. Хроніка Набаніда пад 6-м годам (550 да н. э.) паведамляе:
«Ён (Астыяг) сабраў сваё войска і пайшоў супраць Кіра, цара Аншана, каб перамагчы яго. Але супраць Іштувэгу (Астыяга) узбунтавалася яго войска і, узяўшы яго ў палон, выдала Кіру. Кір пайшоў у Экбатану, яго сталіцу. Серабро, золата, скарбы ўсякага роду краіны Экбатаны яны разрабавалі, і ён панёс гэта ў Аншан»….[11]
Такім чынам, ясна, што вайна Астыяга з Кірам доўжылася тры гады і скончылася перамогаю персаў толькі дзякуючы здрадзе, прычым Астыяг знаходзіўся ў наступленні. Дзе адбылася апошняя бітва, і ці мае рацыю Ктэсій, які змяшчае яе каля самых Пасаргад, невядома. Ктэсій спасылаецца пры гэтым на персідскае паданне, якое звязвала з Кірам і пачаткам гэтай вайны ўстанаўленне, каб кожны цар пры кожным наведванні Пасаргад даваў усім жанчынам горада па залатой манеце, нібы ў вечную падзяку за тое, што дзякуючы іх умяшанню была здабыта перамога, што вырашыла зыход кампаніі і лёс Персіі. Нібы персы, прысаромленыя сваімі жонкамі і мацярамі, сталі ваяваць больш рашуча[19][20]. Такі звычай, здаецца, сапраўды існаваў, кажуць што Аляксандр Македонскі яго таксама пераняў[21]. Але ён мог мець і іншае паходжанне: у многіх народаў звычаям, паходжанне якіх было забыта, прыдумлялася тлумачэнне, звязанае з вядомымі гістарычнымі ці міфалагічнымі персанажамі[22].
Кір захапіў мідыйскую сталіцу Экбатану і абвясціў сябе царом як Персіі, так і Мідыі, прыняўшы пры гэтым афіцыйны тытул мідыйскіх цароў. З захопленым у палон Астыягам Кір абышоўся міласціва і нават, калі верыць Ктэсію, прызначыў яго намеснікам Парканіі (магчыма, Гірканіі) і ажаніўся з яго дачкой (тут ужо Кір, атрымліваецца, быў не сынам дачкі Астыяга, а яе мужам). З блізкіх Астыягу асоб, па словах таго жа Ктэсія, пацярпеў толькі Спітама як законны спадчыннік і небяспечны канкурэнт Кіра[23], ва ўсім жа астатнім пераварот быў толькі зменай дынастыі. Мідыя і мідзяне і пры Ахеменідах не былі зняважаныя і лічыліся раўнапраўнымі з персамі. Экбатана працягвала захоўваць значэнне сталіцы, дзелячы гэтую ролю з Персеполем, Пасаргадамі і Сузамі. Тут цар бавіў летні час. Усё гэта абумовіла ў вачах навакольных народаў погляд на Персію, як на працяг Мідыі. Трэба адзначыць, што законнасць кіравання Кіра ў Мідыі пацвярджалася яго кроўнымі сувязямі з Астыягам, аб якіх, акрамя Герадота, упамінаюць і іншыя гісторыкі (Юстын[24], Эліян). У мідзян персы запазычалі сістэму дзяржаўнага кіравання, у якой было шмат перанятага яшчэ ў асірыйцаў.
Заваяваўшы Мідыю, Кір на працягу наступных двух гадоў (550 да н. э. — 548 да н. э.) захапіў краіны, якія ўваходзілі раней у склад былой Мідыйскай дзяржавы: Парфію і, верагодна, Арменію. Гірканія падпарадкавалася персам добраахвотна[25]. У тыя ж гады персы захапілі ўсю тэрыторыю Элама.
У 547 да н. э. на бок Кіра добраахвотна перайшла Кілікія і выставіла яму ваенную дапамогу. За гэта Кір ніколі не пасылаў у яе сатрапаў, а пакінуў ва ўладзе мясцовых кіраўнікоў, якія павінны былі плаціць яму даніну і ў выпадку неабходнасці выстаўляць войска.
Такім чынам, Кір ушчыльную падышоў да межаў Лідыйскага царства — аднае з самых магутных дзяржаў Блізкага Усходу, якая таксама прэтэндавала на гегемонію ў Малой Азіі. Паводле Герадота, ініцыятыва вайны належала лідыйскаму цару Крэзу. У 547 да н. э. лідыйцы ўварваліся ў Кападокію, якая знаходзілася раней пад уладай мідыйцаў, і пасля перамогі персаў над апошнімі адышла ў зону іх уплыву. Туды ж накіраваўся Кір, па дарозе папаўняючы сваё войска з прадстаўнікоў тых народаў, па тэрыторыі якіх ён праходзіў. Былі пасланыя паслы ў гарады Іоніі і Эаліды з заклікам адысці ад Крэза і выступіць на баку Кіра. Аднак малаазійскія грэкі вырашылі заняць чакальную пазіцыю.
У горадзе Птэрыя, на ўсходнім баку ракі Галіс, адбылася кровапралітная бітва, але яна скончылася безвынікова і ні адзін з бакоў не рызыкнуў уступіць у новы бой. Крэз адступіў у сваю сталіцу — Сарды і вырашыў грунтоўней падрыхтавацца да вайны і паспрабаваць атрымаць больш эфэктыўную дапамогу ад сваіх саюзнікаў: Егіпта, Спарты і Вавілона. Аднак Кір, які ведаў аб дзеяннях і намерах свайго праціўніка, вырашыў застаць яго знянацку і імкліва рушыў да Сардаў. Жыхары Сардаў зусім не чакалі такога нападзення і даведаліся аб ім, толькі калі персідскія войскі з'явіліся ля сцен горада. Крэз вывеў сваё войска, якое складалася з вершнікаў, узброеных дзідамі, на раўніну перад Сардамі. Кір па парадзе свайго военачальніка, мідыйца Гарпага, паставіў усіх вярблюдаў з абозу наперадзе войска, пасадзіўшы папярэдне на іх лучнікаў (ваенная хітрасць, якую пасля ўжывалі і многія іншыя военачальнікі). Коні ў лідыйскім войску, пачуўшы незнаёмы пах вярблюдаў і ўбачыўшы іх, кінуліся на ўцёкі. Аднак лідыйскія вершнікі саскочылі з коней і сталі ваяваць пешымі, але пад напорам войскаў Кіра вымушаныя былі адступіць у Сарды і замкнуцца ў акропалі. Пасля 14-дзённай аблогі персы ўзялі акропаль, прабраўшыся туды з непрыступнага і таму амаль не ахаванага боку, а Крэз быў узяты ў палон і дастаўлены да Кіра.
Па аднадушным сцвярджэнні грэчаскіх аўтараў, Кір пашкадаваў Крэза, захаваўшы яму жыццё[26][27][28]. Гэта цалкам праўдападобна, калі ведаць, што Кір ставіўся міласціва і да іншых узятых у палон правіцеляў. Паводле Герадота, Сарды былі ўзятыя персамі дзесьці паміж кастрычнікам і снежнем 547 да н. э. Пасля перамогі над Крэзам прыбярэжныя гарады іанійцаў і эалійцаў адправілі паслоў у Сарды да Кіра. Яны перадалі яму, што жадаюць падпарадкавацца персам на тых жа ўмовах, на якіх раней былі падпарадкаваныя Крэзу. Аднак, Кір нагадаў ім, што ў свой час ён прапаноўваў ім далучыцца да яго, але тыя адмовіліся, і зараз, калі лёс Лідыі ўжо вырашаны, ён сам вызначыць, на якіх умовах яны павінны падпарадкавацца яму. Дазнаўшыся аб гэтым малаазійскія грэкі пачалі ўмацоўваць свае гарады і вырашылі паслаць ганцоў у Спарту з просьбай аб дапамозе. Адзін толькі Мілет добраахвотна здаўся персам і Кір заключыў з ім саюз на тых жа ўмовах, што і лідыйскі цар.[29][30]
Скарыстаўшыся тым, што Кір адбыў на ўсходнія межы сваёй дзяржавы, лідыец Пактый, якому Кір даручыў захоўваць скарбы Крэза, у 546 да н. э. паўстаў супраць персаў. З дапамогай золата яму ўдалося навербаваць наёмнікаў і пераканаць жыхароў грэчаскіх прыморскіх гарадоў далучыцца да паўстання. Пасля чаго ён рушыў на Сарды і аблажыў акропаль, дзе ўкрыўся намеснік Лідыі перс Табал. Супраць паўстанцаў выступіў военачальнік Кіра, мідыец Мазар. Даведаўшыся аб прыбліжэнні персідскага войска, Пактый збег са сваімі галоўнымі прыхільнікамі спачатку ў прыморскі горад Кіму, потым у Мітылену на востраве Лесбас і, нарэшце, на востраў Хіяс, але быў выдадзены жыхарамі вострава персам у абмен на невялікі ўчастак зямлі на мацерыку.
Задушыўшы мяцеж у Лідыі, Мазар пачаў заваяванне грэчаскіх гарадоў Малой Азіі, якія далучыліся да паўстання Пактыя. Ён падпарадкаваў вобласць прыенцаў і даліну ракі Меандр, дазволіўшы войску разрабаваць яе. Такая ж доля спасцігла і горад Магнэcію. Неўзабаве пасля гэтага Мазар памёр, а на яго месца быў прызначаны мідыец Гарпаг.
Гарпаг пачаў узводзіць высокія насыпы ля абнесеных сценамі грэчаскіх гарадоў, а затым штурмам браць іх. Жыхары Факеі, найбуйнейшага пасля Мілета грэчаскага горада ў Малой Азіі, не захацелі падпарадкавацца персам і на караблях збеглі спачатку на востраў Кірн, а затым у Італію у горад Рэгій, дзе заснавалі калонію. Прыклад факейцаў перанялі і жыхары горада Тэас, якія перасяліліся ў Абдэры ў Фракіі. Астатнія гарады Іоніі (акрамя Мілета, які заключыў раней саюз з Кірам) спрабавалі супраціляцца Гарпагу, але пацярпелі паражэнне, былі заваяваныя і абложаныя данінай. Пасля заваявання Гарпагам мацерыковых іанійцаў астраўныя іанійцы, спужаўшыся падобнага лёсу, добраахвотна падпарадкаваліся Кіру. Маючы патрэбу ў грэках (як у мараходах), Кір не пагоршыў умоў, на якіх яны знаходзіліся пад уладай Крэза.
Заваяваўшы Іонію, Гарпаг пайшоў вайной на карыйцаў, каўніеў і лікійцаў, узяўшы з сабой іанійцаў і эалійцаў. Насельніцтва Карыі без бою здалося персам, як кажа Герадот, «не пакрыўшы сябе славай» і «не здзейсніўшы ніякіх подзвігаў». Праўда, жыхары Кніда, размешчанага на паўвостраве, паспрабавалі пракапаць вузкі (шырынёй 5 стадый, каля 900 м) перашыек, які аддзяляў бы іх ад мацерыка, з мэтай зрабіць сваю зямлю востравам, але натыкнуўшыся на цвёрды граніт, спынілі работы і здаліся без бою. Толькі адно з плямёнаў карыйцаў — педасійцы — некаторы час супраціўляліся. Яны ўмацаваліся на гары пад назвай Ліда і нарабілі Гарпагу нямала клопатаў, але, у выніку, і яны былі заваяваныя.
Толькі лікійцы і каўніі (нягрэчаскае аўтахтоннае насельніцтва Малой Азіі) аказалі адчайнае супраціўленне шматлікаму персідскаму войску, сустрэўшы яго ў адкрытым баі. Лікійцы былі адціснутыя ў горад Ксанф, дзе яны падпалілі акропаль, загадзя сабраўшы туды сваіх жонак, дзяцей, рабоў, а самі загінулі ў баі. Такім жа ўпартым было супраціўленне каўніяў. Але, натуральна, яны не маглі спыніць рух вялікага і добра ўзброенага персідскага войска. Так уся Малая Азія трапіла пад уладу персаў. За сваю адданасць Гарпаг атрымаў Лідыю ў спадчыннае кіраванне.[31][32]
Вясной 539 да н. э. персідскае войска рушыла ў паход на Вавілон. У гэты крытычны момант Угбару, намеснік вобласці Гутыюм (вавілонская правінцыя на ўсход ад сярэдняга цячэння Тыгра), здрадзіў цару Набаніду і перайшоў на бок Кіра. Па словах Герадота, пры пераправе цераз Гінд (сучасная Дыяла) адзін са свяшчэнных белых коней патануў у ім. Кір у гневе загадаў пакараць раку. На працягу года персідскае войска пракапала 360 каналаў і адвяло ваду з ракі. Відаць, Кіра затрымалі гідраўлічныя збудаванні Навухаданосара, якія, прыведзеныя ў дзеянне, залілі вадой усе абшары ад Опіса і Сіпара на поўдзень, адрэзаўшы такім чынам Вавілон ад варожага войска. Тое, што Герадот апісвае як самадурства, было, відавочна, цалкам абдуманым прадпрыемствам — зноў спусціць ваду з затопленай мясцовасці і зрабіць яе праходнай. Толькі пасля гэтага Кір працягнуў паход.
Вавілонскае войска стала лагерам ля горада Опіс, прыкрываючы пераправы цераз Тыгр. Але Кір у 20-ых чыслах верасня нечакана абышоў Мідыйскую сцяну з захаду. Пасланы Кірам корпус Угбару аблажыў Вавілон, у якім знаходзіўся моцны гарнізон на чале з сынам Набаніда Валтасарам. Сам жа Кір напаў з тылу на войска Набаніда, што стаяла ля Опіса. У бітве ля Опіса, што адбылася ў самым канцы верасня, вавілонскае войска пацярпела жорсткае паражэнне і збегла. Набанід з нямногімі прыбліжанымі хацеў адступіць да Вавілона, але шлях туды быў адрэзаны войскамі Угбару, і Набанід укрыўся ў Барсіпе.
10 кастрычніка быў захоплены без бою Сіпар, а 12 кастрычніка, паводле вавілонскіх крыніц, Угбару ўступіў у Вавілон. Вальтасар, які спрабаваў супраціўляцца персам у цэнтры горада, быў забіты. Угбару неадкладна прыняў меры па прадухіленні ў горадзе разні і рабаванняў. У хроніцы гаворыцца: «Да канца месяца (ташрыту, гэта значыць да 26 кастрычніка 539 да н. э.) шчыты краіны Гутыюм акружалі вароты Эсагілы. Нічыя зброя не была пакладзена ў Эсагіле і свяцілішчах, і рытуал не быў парушаны». Набанід, даведаўшыся аб падзенні Вавілона і смерці Вальтасара, пакінуў Барсіпу, вярнуўся ў Вавілон і добраахвотна здаўся ў палон. 29 кастрычніка 539 да н. э. у Вавілон уступіў і сам Кір, якому была наладжана ўрачыстая сустрэча. «3 арахсамну (29 кастрычніка), — працягвае хроніка, — Кір уступіў у Вавілон. (Вуліцы) перад ім былі высланыя галінамі. Мір у горадзе быў усталяваны. Кір абвясціў мір усяму Вавілону». Палонны Набанід без лішняга шуму быў адпраўлены ў ганаровую ссылку ў аддаленую Карманію на ўсходзе Ірана, дзе і памёр.
У афіцыйнай вавілонскай гістарыяграфіі справа была прадстаўлена так, быццам наогул ніякай вайны з Кірам не было, а калі і мелі месца асобныя інцыдэнты накшталт бітвы пры Опісе, то ў іх вінаваты быў толькі Набанід, але ніяк не Вавілон. Кір ахвотна прыняў гэтую версію вавілонскай алігархіі, бо яна цалкам адпавядала яго інтэрасам, і пастараўся падмацаваць яе справамі. Жыхарам вавілонскіх гарадоў былі абяцаныя мір і недатыкальнасць. Спачатку Кір прызначыў царом Вавілона свайго старэйшага сына і спадчынніка Камбіза, але праз некалькі месяцаў, мабыць, па палітычных матывах, Кір адхіліў сына і каранаваўся сам.
Захапіўшы Месапатамію, Кір фармальна захаваў Вавілонскае царства і нічога не змяніў у сацыяльнай структуры краіны. Вавілон стаў адной з каралеўскіх рэзідэнцый, вавілонцы працягвалі займаць пераважнае становішча ў дзяржаўным апараце, а жрэцтва атрымала магчымасць адрадзіць старажытныя культы, якім Кір усяляк спрыяў. У надпісах на цаглінах Кір выступае і прыхільнікам вавілонскіх багоў, і ўпрыгожвальнікам Эсагілы і Эзіды. Больш таго, улада Кіра ў Вавілоне не разглядалася як чужаземнае панаванне, бо ён атрымаў царства «з рук бога Мардука», выканаўшы старажытныя свяшчэнныя цырымоніі. Кір прыняў тытул «цар Вавілона, цар краін». Аднак фактычна Вавілонія з самастойнага царства ператварылася ў сатрапію Дзяржавы Ахеменідаў і пазбавілася ўсякай незалежнасці ў знешняй палітыцы, ды і ўнутры краіны вышэйшая ваенная і адміністрацыйная ўлада цяпер належала персідскаму намесніку (па-вавілонску bel-pahati — «кіраўнік вобласці») Вавілона і Зарэчча, гэта значыць усяе Новававілонскае імперыі. Гэтым «кіраўніком вобласці» Кір прызначыў Угбару.
Пасля захопу Вавілоніі ўсе заходнія краіны да межаў Егіпта — Сірыя, Палесціна і Фінікія — падпарадкаваліся персам добраахвотна. Гандлёвыя гарады Фінікіі гэтак жа, як вавілонскія і малаазійскія купцы, былі зацікаўленыя ў стварэнні вялікай дзяржавы з бяспечнымі дарогамі.
Народам, якія былі сілком пераселеныя ў Месапатамію вавілонцамі, Кір дазволіў вярнуцца ў свае краіны. Вяртанне ў Палесціну яўрэяў, якіх некалі забраў у палон вавілонскі цар Навухаданосар, было толькі часткаю гэтых агульных мер Кіра. Кніга Ездры захавала нам сапраўдны ўказ Кіра, дадзены ў Экбатане у першы ж год яго вавілонскага валадарання ў 538 да н. э. У гэтым указе юдзеям дазваляецца будаваць Іерусалімскі храм па прадпісаных памерах і загадваецца вярнуць адабраныя Навухаданосарам храмавыя пасудзіны. Разам з храмам і пасудзінамі Іерусалім атрымаў і свайго кіраўніка, нашчадка давыдавай дынастыі Шэшбацара, якому аднак, не даў поўнага царскага тытула, а толькі княжацкі, і які падпарадкоўваўся намесніку «Зарэчнай вобласці».
Верагодна, Кірам быў рэабілітаваны і фінікійскі Сідон, які быў разбураны яшчэ Асархадонам і з таго часу страціў сваё значэнне. Ва ўсякім разе, цяпер у ім зноў з'яўляюцца цары. Прыцягваючы на свой бок яўрэяў і фінікійцаў, Кір рыхтаваў сабе адданае насельніцтва заходніх абласцей, якія мелі першараднае значэнне як база для аперацый супраць адзінай вялікай дзяржавы, якая засталася на той момант, — Егіпта, а таксама для стварэння флоту, які мог стаяць толькі ў Фінікіі і папаўняцца фінікійскімі маракамі.
У гэты час з'явіўся дакумент, напісаны па-вавілонску і для вавілонцаў, — «Маніфест Кіра». Склалі яго праперсідскія алігархі. У даволі шматслоўнай прадмове «Маніфеста» малююцца «бясчынствы» Набаніда і крыўды, якія ён прычыніў богу Мардуку, храму Эсагіле і Вавілону. Калі цярпенне бога Мардука вычарпалася, ён адшукаў Кіра, цара Аншана, уручыў яму ўладу над народамі і, нарэшце, даручыў яго клопатам Вавілон, народ якога сустракаў яго з вялікай радасцю як збавіцеля ад бязбожнага цара Набаніда. У канцы «Маніфеста» змешчаная малітва да вавілонскіх багоў аб спасланні дабрабыту Кіру і яго сыну і спадчынніку Камбізу. У гэтым абрамленні змешчаны ўласна тэкст маніфеста, напісаны ад імя Кіра.
Ён пачынаецца поўнай тытулатурай Кіра, складзенай на вавілонскі лад: «Я — Кір, цар мностваў, цар вялікі, цар магутны, цар Вавілону, цар Шумера і Акада, цар чатырох бакоў свету, сын Камбіза, цара вялікага, цара Аншана, нашчадак Тэіспа, цара вялікага, цара Аншана, вечнае царскае семя, кіраванне якога любяць багі Бэл і Набу, валадарства якога прыемна для іх сардэчнай радасці». Затым у «Маніфесце» ад імя Кіра гаворыцца, як яго шматлікія войскі мірна ўступілі ў Вавілон. Пасля гэтага ідзе пералік мерапрыемстваў, ажыццёўленых Кірам, якія цалкам пацвярджаюцца іншымі крыніцамі. Кір прэтэндаваў на ролю цара-вызваліцеля, і ён выканаў свае абяцанні, дадзеныя народам, якія пакарыліся яго ўладзе. Выпадак у гісторыі выключны, але цалкам вытлумачальны. Імкнучыся да сусветнага валадарства, Кір добра разумеў, што пры дапамозе аднаго персідскага войска толькі гвалтам яму гэтай мэты не дасягнуць. Ён разумеў таксама, што краіны, які сталі аб'ектам персідскіх заваяванняў, знявечаныя смяротнай хваробай і гатовыя бачыць у ім свайго выратавальніка і збавіцеля. Кір умела выкарыстаў гэтую акалічнасць, чым і тлумачацца як яго дзіўныя вайсковыя поспехі, так і рэпутацыя «бацькі» і «вызваліцеля», якая замацавалася за ім у памяці не толькі персаў, але і заваяваных ім народаў, у тым ліку вавілонцаў, грэкаў і юдзеяў.
Кір у «Маніфесце» казаў: «Ад [……] да Ашура і Суз, Агадэ, Эшнуны, Замбану, Ме-Турну, да межаў краіны Куці, гарадоў [па той бок] Тыгра, жытлы якіх былі заснаваныя ў глыбокай старажытнасці, багоў, якія жылі ў іх, я вярнуў на іх месцы і зрабіў іх вечныя жытлы. Я сабраў усіх іх людзей і вярнуў у іх паселішчы. І багоў Шумера і Акада, якіх Набанід у гневе ўладара багоў перанёс у Вавілон, па загаду бога Мардука, вялікага гаспадара, я шчасліва змясціў у іхнія палацы, жыллё радасці сэрца». Ажыццяўленне гэтай меры, якая мела першараднае значэнне для лёсаў створанай ім Персідскай імперыі, Кір пачаў адразу ж пасля заваявання Вавілона. «З кісліму да адару-месяц (з 25 лістапада 539 да н. э. да 23 сакавіка 538 да н. э.) багі краіны Акад, якіх Набанід звёз у Вавілон, вярнуліся ў свае рэзідэнцыі», — паведамляе вавілонская хроніка. Гэты крок выклікаў усеагульную ўхвалу вавілонцаў. Ён сімвалізаваў вяртанне да міру і звыклага парадку.
Вайну з Егіптам пры энергічным Амасісе Кір, відавочна, лічыў дачаснай і накіраваўся супраць качавых плямёнаў Ірана і Сярэдняй Азіі. Невядома, ці ўвайшлі тады ў склад Персідскай дзяржавы тыя вобласці, якія пералічваюцца ў спісах Дарыя (Парфія, Дрангіяна, Арыя, Харасмія, Бактрыя, Сагдыяна, Гайдара, Сакі, Сатагіда, Арахозія і Маку), ці яны былі далучаныя яшчэ да заваявання Вавілона. З Герадота як быццам вынікае, што бактрыйцы і сакі ў парадку далучэння ішлі за Вавілонам («… перашкодай Кіру былі Вавілон, бактрыйскі народ, сакі і егіпцяне»). Гісторыкі Аляксандра Македонскага (Арыян, Страбон) згадваюць таксама паход Кіра праз Гедросію, у якім ён страціў усё войска, за выключэннем усяго сямі воінаў, а таксама заснаванне на берагах Яксарта (старажытная назва Сырдар'і) горада Кіропаліса.
Адзін з паходаў Кіра на поўнач Ірана стаў для яго фатальным. У ліпені 530 да н. э., паводле Герадота, у бітве супраць масагетаў на ўсходнім баку ракі Яксарт Кір пацярпеў поўнае паражэнне і загінуў. Па сцвярджэнні Герадота «царыца» (гэта значыць жанчына-правадырка) масагетаў Тамірыс, помсцячы Кіру за смерць сына, загадала знайсці цела Кіра і акунула яго галаву ў бурдзюк, напоўнены крывёй, прапаноўваючы яму такім чынам здаволіць ненасытную прагу крыві. Аднак, паколькі дакладна вядома, што Кір быў пахаваны ў Пасаргадах (дзе яго рэшткі бачыў яшчэ Аляксандр Македонскі), гэты эпізод лічаць неверагодным. Берос кажа, што Кір загінуў у бітве з дахамі пасля дзевяцігадовага валадарання ў Вавілоне. Ктэсій паведамляе аб вайне з дэрбікамі (магчыма, на граніцах Індыі) і ізноў-такі не абыходзіцца без легенд, якія поўнасцю адрозніваюцца ад прыведзеных Герадотам. Ва ўсякім разе, месца смерці Кіра ўсюды ўказваецца на крайніх рубяжах дзяржавы, якія, верагодна, патрабавалі асаблівага нагляду і паставілі састарэлага цара перад неабходнасцю асабіста весці вайну.
Валадарыў Кір 29 гадоў і пахаваны ў Пасаргадах, дзе дагэтуль захаваўся помнік, які лічыцца яго грабніцай і нагадвае па стылі малаазіяцкія маўзалеі. Каля гэтай грабніцы высечаны кароткі і сціплы клінапісны персідска-элама-вавілонскі тэкст — «Я — Куруш, цар, Ахеменід», а таксама намалявана крылатая істота ў эламскім царскім строі і з галаўным уборам егіпецкіх багоў, якая ахоўвала мясцовы палац. Прыналежнасць гэтай грабніцы Кіру наўрад ці можа падвяргацца сумненням хоць бы праз поўную адпаведнасць будынка апісанням, напрыклад, у Арыстабула, якому Аляксандр Македонскі даручыў клапаціцца аб яго захаванасці. У часы анархіі, якая настала падчас паходу Аляксандра ў Індыю, грабніца была разрабаваная, але македонскі заваёўнік, вярнуўшыся, пакараў смерцю рабаўнікоў. Зрэшты, яны не знайшлі ў ёй амаль ніякіх каштоўнасцей, і Аляксандр дзівіўся сціпласці, з якой быў пахаваны такі вялікі заваёўнік.[21][33][34]
Кір пакінуў глыбокі след у старажытнаўсходняй і антычнай літаратуры. За кароткі час правадыр невялікага, мала каму вядомага племені заснаваў магутную імперыю, якая ахоплівала землі ад Інда і Яксарта да Эгейскага мора і меж Егіпта. Кір быў вялікім воінам і дзяржаўным дзеячам, не толькі вызначаўся вялікім палітычным розумам і дыпламатычнай дальнабачнасцю, але карыстаўся поспехам, які аддаў у яго рукі Мідыю і Вавілонію, якія, раздзіраныя ўнутранымі звадамі, бачылі ім не столькі чужога заваёўніка, колькі вызваліцеля.
Яго ўсімі прызнаная гуманнасць, якая каранілася як у асабістым характары, так і ў асаблівасцях веры, якую ён вызнаваў, акружыла яго асобу арэолам чалавека, які прынёс у гісторыю Перэдняй Азіі светлы перыяд паміж асірыйскімі зверствамі і пазнейшым персідскім дэспатызмам. Ён быў жаданым для народаў і сышоў, абнавіўшы Азію і пачаўшы новы перыяд яе гісторыі. У памяці персаў ён застаўся як «бацька народу», у старажытнагрэчаскай і біблейскай традыцыі ён лічыўся ўзорам мудрага і справядлівага правіцеля. Папулярнасць асобы Кіра ў старажытнасці была такая вялікая, што яму прыпісваліся фенаменальныя здольнасці (напрыклад, што ён ведаў сваіх воінаў па імёнах[35]). Праціўнікі таксама прызнавалі яго веліч, што пацвярджае элінская традыцыя. Нягледзячы на тое, што магутная дзяржава, створаная Кірам, на працягу наступных двух стагоддзяў была для Грэцыі крыніцай пагрозы, пазнейшыя грэкі адклікаліся аб ім як аб мудрым і справядлівым кіраўніку. У «Кірапедыі» Ксенафонта ўтрымліваецца ў значнай меры выдуманае апісанне Кіра як ідэальнага цара.
Ахемен 1. Цар Персіі | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Тэісп 2. Цар Персіі | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арыярамн I 3. Цар Персіі | Кір I 4. Цар Аншана | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Арсам I Рэгіянальны правіцель | Камбіз I 5. Цар Аншана | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Гістасп Царэвіч | Кір II 6. Цар Персіі | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Дарый I 9. Цар Персіі | Камбіз II 7. Цар Персіі | Бардыя (Смердыс) 8. Цар Персіі (самазванец Гаўмата, правіў як Смердыс) | Артыстона Царэўна | Атоса Царэўна | Раксана Царэўна | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.