Remove ads
рака ў Паўднёвай Азіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Інд (тыб.: སེང་གེ།་གཙང་པོ Sênggê Zangbo, кіт.: 印度河 Yìndù Hé, хіндзі: सिन्धु नदी, панджаб.: دریاۓ سندھ Sindh, пушту: اباسين Abāsin, сіндхі: سنڌوندي Sindhu, урду: دریائے سندھ) — буйная рака ў Паўднёвай Азіі, бярэ пачатак на тэрыторыі Кітая ў Гімалаях і працякае большай часткай па тэрыторыі паўночна-заходняй Індыі і Пакістана. Выток знаходзіцца на Тыбецкім нагор’і, вусце — на поўначы Аравійскага мора, недалёка ад горада Карачы. Даўжыня Інда — 3180 км, плошча басейна — 960 800 км²
Інд | |
---|---|
хіндзі सिन्ध | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 3180 км |
Басейн | 980 тыс. км² |
Расход вады | 6 600 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Тыбет |
• Вышыня | 5300 м |
• Каардынаты | 31°14′32″ пн. ш. 81°46′06″ у. д.HGЯO |
Вусце | Аравійскае мора |
• Каардынаты | 23°59′40″ пн. ш. 67°25′51″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Аравійскае мора |
Краіны | |
Карта Інда з прытокамі паводле The Times Atlas of the world | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Выток ракі знаходзіцца на вышыні каля 5300 м[1] (5182 м па Геаслоўніку[2] і 5500 м паводле Брытанікі[3]) на паўднёвым захадзе Тыбецкага нагор’я, на паўночным схіле гары Гарынг-бочы (хрыбет Кайлаш), прыкладна за 40 км на поўнач ад возера Манасаравар. Пад назвай Сіндху цячэ да зліцця з ракой Гар-Дзангбо каля вёскі Ларгмар, дзе атрымлівае назву Інд.
Больш за 1000 км Інд працякае на паўночны захад праз горы Каракарума, прытрымліваючыся глыбокай тэктанічнай даліны і ўтвараючы шматлікія скалістыя цясніны. Мяжу паміж Тыбецкім аўтаномным раёнам і індыйскім штатам Джаму і Кашмір Інд перасякае на вышыні 4572 м непадалёк ад населенага пункта Дэмчок. Пасля працяглага горнага вучастка рака выходзіць у даліну, дзе размешчаны старажытны горад Лех — сталіца гістарычнай вобласці Ладакх. Недалёка ад Леха ў Інд ўліваецца рака Занскар, пасля чаго ля горада Тынгмасганг рака зноў сыходзіць у цясніну і цячэ да прыгранічнага паселішча Баталік.
Пасля перасячэння мяжы паміж штатам Джаму і Кашмір і пакістанскімі Паўночнымі тэрыторыямі ў Інд упадае рака Шынга. Яшчэ прыкладна праз 80 км у Інд справа ўпадае рака Шаёк. У Скарду (галоўнага горада Балцістана) у Інд справа ўпадае рака Шыгар, якая жывіцца найбуйнейшымі ледавікамі Біяфо і Балтора. Інд дасягае сваёй самай паўночнай кропкі ў піку Харамош, пасля чаго зліваецца з ракой Гілгіт (таксама справа) ля горада Бунджы і паварочвае на паўднёвы захад, прарываючыся паміж адгор’ямі Гімалаяў і Гіндукуша. Адсюль па беразе Інда цягнецца Каракарумская шаша. Амаль адразу пасля зліцця з Гілгітам Інд папаўняецца водамі ракі Астор і працякае ў падножжаў гары Нанга Парбат, якая сілкуе раку сваімі ледавікамі. Затым Інд перасякае мяжу Кашміра і ўцякае на тэрыторыю Пакістана.
У сярэднім цячэнні перасякае пагорыстыя нізкагор’і, дзе ў 1977 годзе была пабудавана дамба Тарбела. Пасля гэтага Інд прымае буйны прыток Кабула (вышыня месца сутокі — каля 610 м), працякае па Калабагскай цясніне паміж адгор’ямі Сулейманавых гор і Салянага хрыбта і затым выходзіць на Інда-Гангскую раўніну.
Зліўшыся з ракой Саан і выйшаўшы на раўніны Пенджаба ля горада Даудхейль, Інд дзеліцца на некалькі пратокаў. Рака і спадарожныя ёй каналы працякаюць праз гарады Міянвалі і Дэра-Ісмаіл-Хан. У Катаду пабудавана плаціна Таўнс. Прайшоўшы праз Дэра-Газы-Хан, Інд прымае воды самага вялікага прытоку — Панджнад, пасля чаго шырыня ракі павялічваецца з 400—500 м да 1—2 км. У горадзе Сукур (правінцыя Сінд) ад Інду аддзяляецца адтока Нара (Усходняя Нара), але мора дасягае толькі ў разводдзе, хоць у старажытнасці, відаць, адтока служыла галоўным рэчышчам. У ніжнім цячэнні Інд перасякае заходнюю ўскраіну пустыні Тар. Прайшоўшы па раўніне звыш 1800 км, упадае ў Аравійскае мора.
Рака нясе вялікую колькасць наносаў, таму ейнае рэчышча прыпаднятае над пясчанай раўнінай. На значным працягу рэчышча ракі абвалаванае для абароны прылеглых тэрыторый ад паводак, якія часам здараюцца. У 1947 і 1958 гадах паводкай былі знішчаны вялікія плошчы, паводка 2010 года таксама нанесла вялікую шкоду краіне. Часам моцныя паводкі прымушаюць раку мяняць сваё рэчышча.
У Хайдарабадзе, размешчаным за 150 км ад мора, пачынаецца дэльта Інда, якая мае плошчу 30 тыс. км² і даўжыню марскога берага 250 км. Рака дзеліцца на 11 асноўных адтокаў, поўны ж лік пратокаў ў дэльце Інду дакладна вызначыць немагчыма, таму як кожнае разводдзе змяняе ўвесь існы малюнак. На працягу ХХ стагоддзя галоўнае рэчышча шмат разоў змяняла месца. У цяперашні час асноўнае рэчышча ракі завецца Гаджамро, яна ўпадае ў мора ў пункце з каардынатамі 24° 6' п. шыр. і 67° 22' у.д. Прыбярэжная паласа глыбінёй ад 8 да 30 км заліваецца пры прыліве.
На горным участку Інд жывіцца ў асноўным за кошт раставання снегу і ледавікоў, дзе сцёк складае каля 220 км³/год, пры сярэднім расходзе вады каля 7000 м³/с. Расход мінімальны ў зімовыя месяцы, а з сакавіка па чэрвень вада падымаецца. У ніжняй частцы басейна рака папаўняецца водамі ад мусонных дажджоў, што прыводзіць да вяснова-летняй паводкі (сакавік—верасень). У гэты перыяд вада падымаецца на 10—15 м у гарох, 5—7 м у раўнінай частцы. У перыяд высокай вады (ліпень—верасень) рэчышча ракі на пойменных участках дасягае 5—7 км у шырыню (у раёне горада Дэра-Ісмаіл-Хан шырыня даходзіць да 20—22 км).
Сярэдні расход вады ў Хайдарабадзе 3850 м³/с, але ў шматводныя гады гэты паказчык можа дасягаць 30 тыс. м³/с. Пасля выхаду на раўніну Інд губляе ваду праз выпарэнне і прасочванне. У засушлівыя перыяды Інд у ніжнім цячэнні можа перасыхаць і не дасягаць Аравійскага мора.
Сярэднія штомесячныя расходы вады (у м³/с), вызначаныя на гідрапосце Сукур за перыяд 1937—1970 гг.[4] |
---|
Існуюць сведчанні, якія даказваюць, што з часоў культуры Махенджа-Дара Інд некалькі разоў змяняў становішча свайго рэчышча ніжэй паўднёвага Пенджаба. У раёне гарадоў Рохры і Сукур рака заціснутая паміж вапняковымі ўцёсамі, а ніжэй на поўдзень рэчышча ракі перамясцілася на захад, асабліва дэльта. За апошнія сем стагоддзяў у верхняй частцы Сінду Інд перамясціўся на 15—30 км на захад.
Буйнейшыя з прытокаў:
Назва | Вышыня, м | Каардынаты пункту ўпадзення |
---|---|---|
Сенге-Дзангбо і Гар-Дзангбо | 4144 | 32°26′24″ пн. ш. 79°42′49″ у. д.HGЯO |
Ханле | 4053 | 33°10′06″ пн. ш. 78°49′26″ у. д.HGЯO |
Занскар | 3050 | 34°09′56″ пн. ш. 77°19′54″ у. д.HGЯO |
Сангелума-Чу | 2783 | 34°34′32″ пн. ш. 76°31′45″ у. д.HGЯO |
Шынго | 2580 | 34°44′48″ пн. ш. 76°12′58″ у. д.HGЯO |
Шайок | 2258 | 35°13′43″ пн. ш. 75°55′05″ у. д.HGЯO |
Шыгар | 2180 | 35°19′30″ пн. ш. 75°37′44″ у. д.HGЯO |
Гілгіт | 35°44′24″ пн. ш. 74°37′25″ у. д.HGЯO | |
Астор | 35°34′11″ пн. ш. 74°38′40″ у. д.HGЯO | |
Кандын | 789 | 35°25′55″ пн. ш. 73°12′17″ у. д.HGЯO |
Чаурудара | 725 | 35°08′33″ пн. ш. 73°04′56″ у. д.HGЯO |
Хан-Кхвар | 34°55′23″ пн. ш. 72°52′46″ у. д.HGЯO | |
Кабул | 33°53′58″ пн. ш. 72°14′09″ у. д.HGЯO | |
Харо | 33°46′01″ пн. ш. 72°14′39″ у. д.HGЯO | |
Кахат-Той | 33°23′48″ пн. ш. 71°48′09″ у. д.HGЯO | |
Саан | 211 | 33°01′13″ пн. ш. 71°43′14″ у. д.HGЯO |
Курам | 32°37′01″ пн. ш. 71°21′24″ у. д.HGЯO | |
Панджнад | 29°08′42″ пн. ш. 70°42′55″ у. д.HGЯO |
Рака Інд жывіць падводны конус вынасу — другое па велічыні адкладавае цела на Зямлі, якое складаецца з блізу 5 млн км³ матэрыялу горных парод, якія Інд вынес у Аравійскае мора за час свайго існавання. Даследаванні адкладаў у сучаснай рацэ паказваюць, што Каракарум — адзін з найважнейшых крыніц матэрыялу, а Гімалаі — другая, адтуль адклады выносяцца ў асноўным праз вялікія рэкі Пенджабу (Раві, Джэлам, Чэнаб і Сатледж). Аналіз адкладаў у Аравійскім моры, праведзены марскімі геолагамі Пітэрам Кліфтам і Джэрсі Блюстайнам, засведчыў, што пяць мільёнаў год таму Інд не быўзлучаны з пералічанамі вышэй рэкамі Пенджабу, і яны цяклі на ўсход да Гангу [5]. Ранейшая праца Пітэра Кліфта паказала, што пясок і адклады з заходняго Тыбету пачалі дасягаціАравійскага мора 45 млн год тому, маючы на ўвазе існаванне у гэтым рэчышчы старажытнага Інда[6]. Дэльта гэтага пра-Інда была знойдзена ў басейне Катаваз на афгана-пакістанскай мяжы.
У регіёне Нангапарбат адбываецца значная эрозія, спрычыненая Індам пасля того, як ён зміяніў рэчышча і стаў працякаць пораз гэтую вобласць[7].
Дэльта Інда — адно з найбольш засушлівых месцаў паўвострава Індастан, паколькі, за выняткам горнага ўчастка ў Пакістане, даліна Інда ляжыць у найбольш сухой частцы Індыйскага субкантынента. Раўніны, між тым, атрымліваюць значную колькасць ападкаў ад летняга мусону: паблізу Абатабада сярэднегадавая колькасць ападкаў дасягае прыблізна 1 200 мм, а ля Муры — ад 1 700 мм да 730 мм толькі ў ліпені і верасні.[крыніца?] Верхняе цячэнне Інда атрымлівае 10—20 мм ападкаў за зімовыя месяцы з-за паўночна-заходніх вятроў. Вышэй па цячэнні, у Кашміры і паўночных абласцях, вялікая колькасць ападкаў выпадае ў выглядзе снегу, але на ніжніх участках улетку надзвычай суха і спякотна. Тэмпературы на поўначы ў гарах зімой апускаюцца ніжэй за нуль, а ў ліпені сягаюць +38 °C. Рака не замярзае. Адно з найбольш спякотных месцаў на Зямлі — Джэйкабабад, размешчаны на захад ад Інда у верхнім Сіндзе: тэмпература там падымаецца да 49 °C[8].
Згадкі пра даліну Інду, з часоў паходу Аляксандра Македонскага ўказваць на маштабнае лясное покрыва ў рэгіёне, якое да пачатку ХХІ стагоддзя значна скарацілася. Валадар Імперыі Вялікіх Маголаў Бабур у сваіх запісах (Бабурнама) піша пра сустрэчы з насарогамі ўздоўж берпгоў ракі. Значнаее абезлесенне і ўмяшанне чалавека ў экалогію гор Шывалік прывяло да прыметнага скарачэння расліннасці і пагаршэння умоў росту. Даліна Інду — засушлівы рэгіён з беднай расліннасцю. Сельская гаспадарка падтымліваецца толькі праз ірыгацыю.
Індскі дэльфін (Platanista gangetica minor) — падвід паўднёваазіяціх дэльфінаў, які сустракаецца толькі ў рацэ Інд, раней вадзіўся і ў яе прытоках. Паводле дадзеных Сусветнага фонду дзікай прыроды, індскія дэльфіны адносяцца да відаў, што знаходзяцца пад найбольшай пагрозай вымірання, бо іх зараз засталося каля 1000 асобін[9].
Tenualosa ilisha — дэлікатэс сярод насельнікаў даліны Інд. Папуляцыя рыбы ў рацэ даволі высокая, гарады Сукур, Тата і Котры — буйныя цэнтры рыбалоўства ў ніжнім цячэнні Інду, а будаўніцтва каналаў толькі пабольшыла ролю рыбалоўства ў эканоміцы.
Дэльта Інда была вызнана аб’ектам аховы навакольнага асяроддзя як адзін з найважнейшых экалагічных рэгіёнаў свету. Тут рака падзяляецца на шмат рукавоў, плыняў і балот і ўпадае ў мора на невялікіх вышынях, праз што тут багата водзіцца марская рыба, у тым ліку марскія ляшчы і крэветкі.
Палеалітычныя паселішчы былі знойдзены ў Патахары, недалёка ад сталіцы Пакістана Ісламабада, з каменнымі прыладамі саанскай культуры.
Найбуйнейшыя гарады індыйскай цывілізацыі, такія як Харапа і Махенджа-Дарп, датуюцца прыкладна 3300 годам да нашай эры і з’яўляюцца аднымі з найбуйнейшых чалавечых паселішчаў у старажытным свеце. Індская цывілізацыя распасціраецца на тэрыторыі Пакістана і паўночна-заходняй Індыі. Прыбярэжныя паселішчы раскіданыя ад Суткаган Дор у Пакістане і іранскай мяжы да Куча у сучасным Гуджараце, Індыя. Ёсць паселішча цывілізацыі Амудар’я у Шортугаі на поўначы Афганістана, а таксама Аламджырпур на рацэ Хіндон, якая знаходзіцца ўсяго ў 28 км ад Дэлі. На сённяшні дзень выяўлена больш за 1052 паселішчы, у асноўным на участку ракі Гагар-Хакра і яе прытокаў. Сярод паселішчаў — буйныя гарадскія цэнтры Харапа і Махенджа-Дара, а таксама Латхал, Далавіра, Ганерывала і Ракхігархі. Сатледж, цяпер прыток Інда, у эпоху Харапы ўпадаў у раку Гагар-Хакра, у вадазборы, дзе было выяўлена больш паселішчаў Харапы, чым на самой рацэ Інд.
Большасць навукоўцаў лічаць, што паселішчы гандхарскай пахавальнай культуры ранніх індаарыяў квітнелі ў каралеўстве Гандхара з 1700 па 600 год да нашай эры, калі Махенджа-Дара і Харапа былі закінутыя.
Слова «Індыя» паходзіць ад назвы ракі Інд. У старажытныя часы "Ін[10]
Ніжняя частка басейна Інда ўтварае натуральную мяжу паміж Іранскім нагор’ем і Індыйскім субкантынентам; гэтая тэрыторыя ахоплівае ўсю або частку сучасных пакістанскіх правінцый Белуджыстан, Хайбер-Пахтунхва, Пенджаб і Сінд, і краіны Індыю і Афганістан. Яе перасекла войска Аляксандра Вялікага, але пасля таго, як яго македонцы заваявалі Заходні бераг і далучылі яго да Грэчаскай імперыі, яны вырашылі вярнуцца па рацэ на поўдзень, спыніўшы азіяцкі паход. Пазней раўніны Інда былі пад кантролем Персідскай імперыі, а затым Кушанскага царства. На працягу многіх стагоддзяў мусульманскія войскі Махамеда бен Касіма, Махмуда Газневі, Махамеда Горы, Тамерлана і Бабура часта перапраўляліся праз раку, каб уварвацца ва ўнутраныя раёны Пенджаба або далей на ўсход ці поўдзень.
Веды (Рыгведа) захапляюцца Індам, калыскай Індыі. Сіндху (Інд) — адна з раўнінных рэк Саптасіндху: «Інд пераўзыходзіць усе цякучыя ручаі… Ягоны грукат падымаецца ад зямлі да неба, ён стварае бясконцую моц у блісках свету… Як цар-воін вядзе воінаў, так Інд вядзе іншыя рэкі… Багаты на добрых коней, багаты на золата, з высакародным выглядам, багатым багатым здароўем». У гэтым гімне Інд — гэта рака-«мужчына». У іншых гімнах нябесныя мудрацы спускаюцца з нябёсаў у Інд. У Ведах Ганг згадваецца двойчы, а Інд — больш за 30 разоў.
Паводле Філастрата, некаторыя індусы вераць, што бог, названы старажытнымі грэкамі Дыяніс, з’яўляецца сынам ракі Інд. [11]
Гідраэнергетычны патэнцыял Інда ацэньваецца ў 20 млн кВт. Пабудавана 14 вялікіх плацін, у тым ліку Сукурская плаціна. Велічыня сцёку наносаў у сярэднім складае каля 450 млн тон за год.
Асноўныя гідраэнергетычныя пабудовы на Інду[12]:
Назва | Год пабудовы | Максімальны расход вады, м³/с |
---|---|---|
Дамба Тарбела | 1976 | 18 386 |
Дамба Мангла | 1967 | 24 630 |
Газі Барота | 2004 | 500 000 |
Джына | 1946 | 950 000 |
Часма | 1971 | 1 100 000 |
Таунса | 1959 | 750 000 |
Гуду | 1962 | 1 200 000 |
Сукур | 1932 | 1 500 000 |
Котры | 1955 | 875 000 |
Праблема выкарыстання водных рэсурсаў рэк басейна Інда не раз выклікала канфлікты паміж Індыяй і Пакістанам, а таксама паміж асобнымі штатамі. Дагавор па водах Інда, падісаны ў 1960 годзе, рэгулюе размеркаванне вод пяці рэк Пенджаба.
У ніжняй часткі басейна Інда аброшваецца каля 12 млн га. зямель (галоўным чынам у Пенджабе і ў дэльце), да вусця даходзіць менш за палову сцёку ракі. Сумарная даўжыня ірыгацыйных каналаў складае прыкладна 65 тыс. км, з дапамогай ірыгацыйных збудаванняў аброшваецца звыш 1,7 млн га.
Суднаходства па Інду ажыццяўляецца звычайна ад вусця да горада Дэраісмаілхан (каля 1200 км). Яшчэ вышэй, да горада Аток, ля вусця ракі Кабул могуць падымацца невялікія пласкадонныя судны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.