Шумер — старажытная краіна ў Паўднёвай Месапатаміі, на землях сучаснага Ірака. Існавала ў 4—2 тыс. да н.э.
Старажытныя паселішчы на землях поўдня Месапатаміі вядомы з VI тыс. да н.э (так званы Убейдскі перыяд. З 2-й пал. IV тыс. да н.э. вылучаецца асабіста шумерскі этап. У сваю чаргу, ён падзяляецца на наступныя перыяды:
Перыяд ранняга Урука (3500 - 3100 гг. да н. э.), калі адбываліся будаўніцтва ірыгацыйных сістэм і каналаў на поўдні Месапатаміі, станаўленне гарадоў-дзяржаў, іх гандлёвая і культурная экспансія. Шумерскія артэфакты гэтага перыяда ўжо сустракаюцца ад Міжземнага мора да Афганістана. Перыяд супадае з заканчэннем цёплага і вільготнага кліматычнага оптымума.
Перыяд ранніх дынастый (першая палова III тыс. да н.э.) характэрызуецца ўнутранай барацьбой ў гарадах паміж абшчынай, родава-храмавай арыстакратыяй і вярхоўным правіцелем. Найбольш важнымі гарадскімі цэнтрамі сталі Эрэду, Урук, Ур, Лагаш, Хафаджа, Ашнунак, Кіш, Ума, Ніпур і інш. Узводзіліся абарончыя збудаванні, храмы ў гонар багоў, палацавыя комплексы, будаваліся новыя ірыгацыйныя сістэмы, прымаліся законы. Паміж гарадамі-дзяржавамі вялася барацьба за сельскагаспадарчыя ўгоддзі і ірыгацыйныя сістэмы. Гэтаму садзейнічалі прыродныя катастрофы, што вялі да разбурэння ірыгацыйных сістэм і перасыхання каналаў. Барацьба прыводзіла да часовых узвышэнняў аднаго з гарадоў. Першасная палітычная перавага першай дынастыі Кіша перайшла да першай дынастыі Урука, а потым да першай дынастыі Ура. 3 сярэдзіны XXV ст. да н.э. ўсталявана гегемонія правіцеляў Лагаша. Яна была страчана пасля няўдалай спробы сацыяльных рэформ Уруінімгіны і фактычнага паражэння ў 2313 г. да н.э. ад правіцеля Умы. Аднак узвышэнне дзяржавы Ума было нядоўгім. Яна і іншыя гарады Шумера былі захоплены Сарганам Вялікім.
Перыяд Акада (другая палова XXIV - XXII стст. да н.э.), калі шумерскія гарады-дзяржавы былі падпарадкаваны Акадам. Акадцы з'яўляліся суседнім народам семіцкага паходжання, якія падзялялі многія культурныя дасягненні шумераў. Шумер захаваў моўную і культурную самастойнасць, а гарады-дзяржавы — пэўную аўтаномію. Аднак панаванне Акада прывяла да цэнтралізацыі ўлады. Важную сакральную ролю ў гэты перыяд адыгрываў Ніпур, што прывяло да канфлікта з Акадам. Каля 2200 г. да н.э. ніпурцы звярнуліся за дапамогай да горцаў-кутыяў і абвясцілі іх правадыра вярхоўным уладаром. Вайна паміж Акадам і кутыямі прывяла да заняпада першага, але Шумер таксама моцна пацярпеў ад ваенных дзеянняў. Каля 2109 г. да н.э. кутыі былі выгнаны ўрукскім правіцелем Утухенгалем.
Трэцяя дынастыя Ура (каля 2111 - 2004 гг. да н.э.) — стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы пад уладай правіцеляў Ура. Яна была пашырана на ўсю Месапатамію. Перыяд трэцяй дынастыі Ура часцяком называюць шумерскім адраджэннем. Правіцелі Ура дэкларавалі вяртанне да традыцыйных шумерскіх парадкаў, але запазычылі дэспатычную ўладу, больш уласцівую ўладарам Акада. Яны пацярпелі паражэнне ў вайне з Эламам. Адзіная дзяржава распалася. Дамінаванне ў Месапатаміі паступова перайшло да Вавілона, дзе ўмацавалася дынастыя амарэйскага паходжання.
Мяркуюць, што ў першай палове II тыс. да н.э. шумеры былі асіміляваны суседзямі-семітамі, аднак шумерская мова і культура працягвалі аказваць моцны ўплыў на народы Месапатаміі да пачатку I тыс. да н.э.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што да з'яўлення шумераў у ніжняй Месапатаміі жылі прадстаўнікі іншага народа, носьбіты так званай «бананавай мовы». Месца, адкуль мігрыравалі продкі шумераў пакуль ня вызначана. Таксама існуе канцэпцыя, паводле якой шумеры — аўтахтоннае насельніцтва ніжняй плыні Тыгра і Еўфрата. Яны не адрознівалі сябе па культуры ад акадцаў і карысталіся агульнай саманазвай «чарнагаловыя». Роднаснасць іх мовы з мовамі іншых груп пакуль не ўсталявана.