Remove ads
Пінск From Wikipedia, the free encyclopedia
Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры барока XVIII ст. у г. Пінск (Беларусь), размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Касцёл — кафедральны сабор Пінскай дыяцэзіі. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.
Сабор | |
Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў | |
---|---|
| |
52°06′47″ пн. ш. 26°06′30″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Пінск |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Пінская дыяцэзія |
Тып будынка | кляштар |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Жыгімонт Кейстутавіч і яго жонка Ганна Мазавецкая |
Дата заснавання | 1396 |
Будаўніцтва | 1706—1730 гады |
Дата скасавання | 1852 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000538 |
Стан | Дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Драўляныя касцёл і кляштар былі закладзены князем пінскім, тураўскім і старадубскім Жыгімонтам Кейстутавічам і яго жонкай Ганнай Мазавецкай[1] у 1396 г[2]. Храм асвяціў першы віленскі біскуп Андрэй Васіла.
У 1445 г. вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык перадаў ва ўласнасць францысканскаму ордэну вёску Охава, фальваркі Статычаў і Дружылавічы, карчму з шынком у Пінску пры вул. Спаскай. Кароль Аляксандр прызначыў штогод перад Калядамі даваць з замка кляштару 4 камені воску і 2 бочкі мёду, а Жыгімонт II Аўгуст удакладніў, што бочкі павінны змяшчаць па 12 вёдзер. Праваслаўны пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч даў для лоўлі рыбы луку Рыбалаўку і язы на Піне, каралева Бона - вёску Кудрычы з 20 дымамі, з якіх плацілі чынш, і возера Блуднае. У 1639 г. Уладзіслаў IV на Кашавічы (Ганковічы) замяніў збожавую дзесяціну і частку гарадскіх грунтаў, дазволіў вольны доступ у лясы Пінскага староства, даў валоку зямлі ў Сварыцэвічах, 3-х падданых з грунтамі, 2 моргі пад цагельню[3].
Касцёл неаднаразова гарэў у XVI-XVII стст., адбудоўваўся з дрэва: у сярэдзіне XVI ст., потым - у 1621 г. Адбудаваны храм кансекраваў з дазволу луцкага біскупа, да чыей дыяцэзіі належаў касцёл, віленскі біскуп Яўстафі Валовіч. Храм быў цалкам спалены ў 9 лістапада 1648 г., калі падчас штурму горада ератыком-пратэстантам Мірскім, а да гэта разрабаваны казакамі і мяшчанамі. Паводле пазнейшых інвентарных кніг, натоўп уварваўся ў касцёл, знішчыў алтары, пасек абразы, пабіў арганы, келіхі і забраў усё самае каштоўнае з сакрысціі[3]. Адноўлены касцёл быў у 1651 г[2]. У 1675 г. касцёл быў яшчэ драўляным пад гонтавым дахам, з двума крыжамі на фасадзе і трэцім на бабінцы, пад ім - абраз Маці Божай на пазалочанай медзі. Такі ж абраз (але ў сярэбранай пазалочанай шаце) знаходзіўся ў галоўным алтары - драўляным паліхромным, як і 5 бакавых: Св. Францыска, Св. Антонія, Дзевы Марыі, Дабравешчання і Св. Ганны. Два абразы ў капліцы Маці Божай лічыліся цудадзейнымі. Каменнай была толькі сакрысція з трыма вокнамі і склепам для браціі і дабрадзеяў[3], якая, верагодна, засталася ад старога мураванага касцёла, бо ў шэрагу гістарычных крыніц сцвярджаецца, што першы мураваны касцёл тут быў узведзены па фундацыі караля Жыгімонта I Старога і яго жонкі каралевы Боны. Астатнія пабудовы ў той час былі драўлянымі[1].
Падчас Паўночнай вайны, у 1705 г., кляштар зноў спалілі шведы. Пасля іх адыходу ад Пінска, каля 1706 г., пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, аўтарам яго, як лічыць мастацтвазнаўца А. Ярашэвіч, быў, магчыма, гвардыян кляштара доктар тэалогіі Антоній Аляхновіч, пазначаны ў метрыцы памерлых за 1725 г. францысканцаў правінцыі літоўскай і беларускай як «будаўнік храма». Ужо ў 1712 г. адбылася яго бенедыктацыя – першапачатковае асвячэнне, якое дазваляла адпраўляць у святыні імшу. Кансекрацыя касцёла ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі адбылася 7 мая 1730 г., правёў яе біскуп луцкі і брэсцкі Стэфан Рупнеўскі[1]. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766–1769 гг[2], адначасова з гэтым завершаны 2-павярховы Е-падобны кляштарны корпус[1].
У 1817 г. перад касцёлам пастаўленая трох'ярусная мураваная званіца (арх. К. Каменскі), чацверты ярус якой дабудаваны ў пачатку XX ст. Кляштар зачынены ў 1852, касцёл пераведзены ў статус парафіяльнага[2].
Кляштар перабудаваны ў 1920-я гады (дойлід Г. Гай), касцёл у 1925—40 гг. быў кафедральны. З 1940—1992 быў зачынены савецкімі ўладамі. 13 красавіка 1991 г. у сан архібіскуп і апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі ўзведзены Казімір Свёнтак[2].
Касцёл уяўляе сабой трохнефную базіліку[1][4] з надзвычай вузкімі бакавымі нефамі, падзеленыя суцэльнымі перагародкамі на асобныя неглыбокія капліцы, што адрознівае арганізацыю ўнутранай прасторы храма ад падобных барочных пабудоў Беларусі, якім уласцівая адкрытая і ўзаемазвязаная прастора бакавых нафеў. Аналагічны прыём можна назіраць у культавым дойлідстве Польскай Сілезіі, напрыклад, у колішнім езуіцкім касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Легніцы, пабудаваным у 1724—1720 гг. Падобныя вузкія бакавыя нефы былі таксама ў пінскім езуіцкім і брэсцкім бернардзінскім касцёлах, таму можна лічыць гэта ўласцівасцю мураванага культавага дойлідства Заходняга Палесся[1].
Неф і крыху вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэзбітэрыем накрытыя стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб'ёмаў гранёнай сігнатуркай. Капліцы пад аднасхільнымі чарапічнымі дахамі. Галоўны фасад расчлянёны на тры ярусы і завершаны складаным франтонам з дзвюма вежамі па баках. Фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапаванымі карнізамі, філёнгавымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя лапаткамі. Сцены капліц прарэзаныя паўцыркульнымі вокнамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі вокнамі з лучковымі завяршэннямі. Неф і прасбітэрый перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках[2].
Найбольш багата аформлены галоўны алтар, які ўяўляе сабой трохвосевы порцік, узняты на высокі цокаль, бакавыя крылы павернуты пад вуглом да цэнтральнай часткі. У цэнтры першага яруса, падзеленага па вертыкалі на тры полі чатырма спіральнымі калонамі, вялікая (4×2 м) жывапісная карціна «Унебаўзяцце Марыі» (копія з Б.-Э. Мурыльё ) у разьбянай раме з шлемападобным балдахінам, абапал яго ў інтэркалумніях скульптуры басых Апосталаў Пятра і Паўла ў вобразе старцаў з моцнымі жылістымі рукамі. Іх адзенні мадэляваныя буйнымі глыбока рэльефнымі складкамі, пакрытыя пазалотай і серабрэннем[3]. Алтар завершаны антаблементам з разарваным франтонам і картушам, на якім размешчана гарэльефная кампазіцыя «Стыгмацыя Святога Францыска», выкананая, як лічыцца, паміж 1766 і 1817 гг[1][2]. Апапал ад картуша-рамы — пастаменты з сядзячымі скульптурамі таго ж аўтара[3].
У інтэр'еры шэсць (бакавыя) драўляных разных і адзін (галоўны) стукавы пазалочаныя алтары XVIII ст.. Урачысты лад галоўнага алтара падкрэсліваюць разныя бакавыя алтары, з якіх асабліва вылучаецца алтар Маці Божай Ружанцовай. У іх кампазіцыі ўключаныя шмат драўлянай скульптуры і дэкаратыўнай арнаментальнай разьбы ў стылі барока, аўтарства якой, паводле меркаванню польскага даследчыка К. Кантака, належыць майстру-разьбяру Яну Шміту, вядомага непаўторным шматфігурным галоўным алтаром у гродзенскага езуіцкім касцёле[1][2].
Вылучаецца незвычайных размахаў табернакулум, цэнтр якога ўвенчаны скульптурнай групай «Маці Божая Апека». Каранаваня Марыя ахінае сваім плашчом чатырох адарантаў: двух укленчаных у папскай тыяры і каралеўскай кароне, на другім плане мужчына і жанчына цывільнага стану са схіленымі галовамі. У дзвюх скульптурах абапал увасобленыя апосталы, дзве жаночыя фігуры маюць алегарычны сэнс: сімвалізуюць мудрасць і беднасць[3].
Выдатным узорам разьбы па дрэве з'яўляецца амбон з рэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў, Хрыста і Апосталаў Пятра і Паўла, на яго гранях. Балдахін амбона аздоблены ажурнай разьбой раслінных матываў, завершаны статуяй Архангела Міхаіла з мячом і шалямі ў руках. Дэкаратыўная разьба і скульптура паліхромныя з пазалотай і сярэбраннем[1][2].
З 1837 г. у касцёле францысканцаў існуе цудоўны арган (майстар Ф. Градзецкі)[1]. У 1909 г. скляпенні і папружныя аркі размаляваныя арнаментальнымі матывамі (мастак С. Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі «Зняцце з крыжа» і «Пакланенне вешчуноў» (мастак Б. Вішнеўскі)[2]. У стварэнні жывапісных карцін бакавых алтароў на пачатку ХХ ст. прымаў удзел мастак А. Ромер, пэндзлю якога належыць т.зв. «Пінская мадонна»[1].
Чатыры 2-павярховыя ўзаемна перпендыкулярныя двух- і трохпавярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Пабудовы маюць плоскасныя фасады, рытм якіх ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Тарцы кляштарных будынкаў завершаныя барочнымі франтонамі складанага профілю. Планіроўка калідорная, перакрыцці скляпеністыя. Калідоры былі ўпрыгожаныя сюжэтнымі поспісамі[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.