Лагойск
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Лаго́йск[3] (трансліт.: Lahojsk) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Лагойскага раёна, на рацэ Гайна. Месціцца за 40 км ад Мінска, 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Мінск — Орша). Аўтамабільныя дарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна. Каля горада праходзіць аўтамагістраль М3 Мінск — Віцебск. Горад-спадарожнік Мінска.
Горад
Лагойск
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
Назва Лагойск (< Логожьск) ад назвы ракі Лагаза, якая старабалцкага паходжання.
На гэта паказвае балцкі гідранімічны пашыральнік -(а)z-. Ён вядомы і ў літоўскім словаўтварэнні: keikti «лаяць» — keikazas «хто лаецца», pilvas «жывот» — pilvazas «хто з вялікім жыватом». Фанетычны варыянт гэтага пашыральніка -auz-[4] у назве ракі Макоўза (прыток бярэзінскай Цны) у гэтым жа лагойскім рэгіёне, на ўсходзе ад Лагазы.
Назва Лагаза ад індаеўрапейскага *leg- / *log- «накропваць, прасочвацца, распускацца»[5][6]. У балцкай лексіцы гэты корань (выціснуты з цягам часу сінонімамі) не фіксуецца, так жа сама і са старабалцкімі *dravas, *snavas «цячэнне», якія засталіся толькі ў гідраніміі (ад іх гідронімы Адроў, Сноў).
Лагойск аддалены на ўсход ад цячэння Лагазы. Мяркуецца, што першапачаткова «Лагожаск» называлася паселішча ля сутокаў Лагазінкі і Гайны[7]. Пазней яго маглі перанесці на новае месца, захаваўшы старую назву[8]. Думка пра ўтварэнне тапоніму ад слова «лог»[9] выглядае сумнеўна.
Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах: Лагожск, Лагожаск.
Гісторыя
Ранняе Сярэднявечча
Паселішча на р. Гайна ўзнікла раней, чым звесткі пра Лагойск трапілі ў пісьмовыя крыніцы. На правым беразе р. Гайна (цяпер — Парк культуры і адпачынку) размешчана гарадзішча.
Першы пісьмовы ўспамін пра Лагойск змяшчаецца ў «Павучанні» Уладзіміра Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У апошняй чвэрці XI стагоддзя паселішча далучана да Полацкага княства[10]. У 1127 годзе князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч у часе выправы на Полацк разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсціславічу. У 1132 годзе вернуты дынастыі полацкіх князёў[10]. У 1180 годзе горад зрабіўся сталіцай удзельнага княства.
Вялікае Княства Літоўскае
У першай чвэрці XIV стагоддзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Тут існаваў праваслаўны манастыр Іаана Прадцечы[10]. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла надаў яго ў валоданне свайму брату Скіргайлу. З 1392 года Лагойск перайшоў ва ўладанне вялікага князя Вітаўта. У «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV стагоддзя) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў[11]. У 1413 годзе мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства. З часоў княжання Казіміра Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка, у тым ліку замак.
З 1528 года[10], дзякуючы шлюбу, Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзідэнцыю. З гэтага часу мястэчка зрабілася цэнтрам графства. З 1531—1532 гадоў быў адноўлены замак. У 1532 года тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Лагойск увайшоў у склад Менскага павета Менскага ваяводства. У часы войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну 1654—1667 гадоў мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654[12] гадах) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.
У 1609 годзе навуковец Аляксандр Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касцёл, у якім праводзілася пахаванне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы гандаль і два штогадовых кірмашы.
У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 мая 1708 года шведскае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе[12] на месцы зруйнавага замка Аляксандр Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў кляштар базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў будову мураванага касцёла, асвечанага ў 1793 годзе[12].
- Палац Тышкевічаў, малюнак Н. Орды
- Уезд у мястэчка з боку Мінска
У складзе Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лагойск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні. Станам на 1795 год тут было 90 хрысціянскіх і 26 іўдзейскіх двароў, каталіцкі касцёл, грэка-каталіцкая царква ў гонар Св. Міколы і базылянскі кляштар; 9 мая, 6 жніўня і 6 снежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэферэндар і Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч. У 1809—1860 гадах у мястэчку дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. Выпускала палатно, баваўняныя і льняныя хусцінкі. У 1859 годзе мела 12 станкоў і 2 машыны. У 1860 годзе працавала каля 60 чалавек. Выпускала да 50 і больш тысяч аршынаў палатна рознага колеру і ўзору. Прадукцыя збывалася ў Мінску і Рызе[13].
У 1814—1819 гадах тут збудавалі двухпавярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прылад з жалезаплавільнай майстэрняй. Канстанцін Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчан і сялян, але праз пэўны час фабрыку і банк закрылі. У 1842 годзе браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы стварылі музей старажытнасцей, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музей старажытнасцей.
Станам на 1861 год у Лагойску працавалі шкіпінарны і медны заводы. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Лагойску працавалі народнае вучылішча, гарбарны завод, вадзяны млын, 14 крамаў, рэгулярна адбываліся 3 кірмашы.
Найноўшы час
У 1919 годзе Лагойск увайшоў у БССР, дзе 17 ліпеня 1924 года стаў цэнтрам раёна. 27 верасня 1938 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з 2 ліпеня 1941 года да 2 ліпеня 1944 года пасёлак знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1998 годзе Лагойск атрымаў статус горада.
У 2007 годзе ў склад Лагойска ўключана вёска Луцаўшчына.
- Парк і палац
- Царква Св. Мікалая
Насельніцтва
Эканоміка
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Гасцініца «Алімп». Лагойск — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.
Культура
Славутасці
- Касцёл Святога Казіміра
- Парк Тышкевічаў (першая палова XIX ст.)
- Лагойская Мікалаеўская царква (1824 г.)
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Казіміра
- Лагойскія гарадзішчы
- Помнік Надзеі Якаўлеўне Харчанка (1974 г.)
- Скульптура Божай Маці «Знаменне» (2016 г.)
Страчаная спадчына
У будынку лагойскай «Замкавай» царквы перад дзвярамі знаходзіўся надмагільны камень Астафея Васільевіча Тышкевіча (памёр у 1558 годзе), адкуль ён у 1858 годзе быў вывезены Яўстахам Тышкевічам у Віленскі музей старажытнасцей пры бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. Ён змяшчаў кароткі надпіс «В лѣто Бож•(аго) нӕр.(оженя) | •а•ф•ни• (1558) м(еся)ца• а|вгүста ѕ҃. (6) днӕ | в пѧтницу/• пре|ставшӕ Ѡст|афеи Василевич | Тишкович.»[19].
- Касцёл Святога Казіміра
- Скульптура Божай Маці «Знаменне»
- Мікалаеўская царква
- Руіны сядзібы Тышкевічаў
- Парк Тышкевічаў
- Памятны знак у парку
Вядомыя асобы
- Ісраэль Белкінд (1861—1929) — яўрэйскі грамадскі дзеяч і асветнік, заснавальнік руха Білу.
- Васіліса Марзалюк — беларуская спартсменка.
- Міхаіл Фёдаравіч Навіцкі (1933—1979) — беларускі жывапісец.
- Вячаслаў Селях-Качанскі (1885—1976) — беларускі оперны спявак, тэатральны дзеяч, педагог
- Канстанцін Тышкевіч — беларускі археолаг, гісторык, этнограф XIX стагоддзя.
- Яўстах Тышкевіч — беларускі археолаг, гісторык, этнограф XIX стагоддзя.
- Яўгенія Адамаўна Дзяркач (нар. 1940) — беларускі пісьменік.
- Алесь Шут (1952—2019) — беларускі лекар, палітык і грамадскі дзеяч.
Гл. таксама
Заўвагі
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.