From Wikipedia, the free encyclopedia
Вайна́ Расіі з Рэ́ччу Паспалі́тай 1792 го́да была абвешчана 18 мая ад імя расійскай імператрыцы Кацярыны II Чатырохгадоваму сойму з-за скасавання Рэччу Паспалітай расійскага пратэктарата, прыняцця Канстытуцыі 3 мая і іншых новаўвядзенняў.
Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1792) | |||
---|---|---|---|
Дата | 18 мая — 27 ліпеня 1792 года | ||
Месца | Рэч Паспалітая | ||
Прычына | прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 года | ||
Вынік | Другі падзел Рэчы Паспалітай | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У кастрычніку 1788 года ў Варшаве быў скліканы Вялікі Сойм, які пазней з-за сваёй працягласці атрымаў назву чатырохгадовага. Расійская імперыя ў гэты час была ўцягнутая адначасова ў дзве вайны — з Турцыяй і Швецыяй. Гэта давала шанец прыхільнікам рэформ правесці пераўтварэнні ў краіне, пакуль галоўная «апякунша» Рэчы Паспалітай занятая іншымі справамі. Неспадзявана для самой сябе Кацярына II згуляла на карысць рэфарматараў, дазволіўшы злучыць Сойм у канфедэрацыю, што аўтаматычна ліквідавала права «liberum veto». Да ўсяго гэтага дадаўся той факт, што прускі кароль Фрыдрых, у сваіх мэтах, падтрымаў «патрыятычную» партыю.
Супадзеннем усіх гэтых абставін і скарысталіся рэфарматары: ужо ў першы год дзейнасці Сойма было павялічана войска, ліквідавалася Пастаянная Рада — падкантрольны Расіі выканаўчы орган пры каралі, заключаны саюз з Прусіяй. У 1789 годзе ў межах гэтых рэформ была створаная спецыяльная «Дэпутацыя па змене формы дзяржаўнага кіравання» (польск.: Deputacja do poprawy formy rzadu), якой было даручана распрацаваць новыя прынцыпы дзяржаўнага кіравання. У працэсе дзейнасці Сойма выявілася супрацьстаянне двух бакоў: «патрыётаў», якія імкнуліся да найбольш радыкальных рэформ (скасаванне «Liberum Veto», спадчыннасць трона, павелічэнне правоў мяшчан) і кансерватараў, якія прытрымліваліся захавання старых гарантый шляхецкай вольнасці.
Прыхільнікі рэформ згуртаваліся вакол галоўных ідэолагаў «патрыятычнай» партыі — маршалка ВКЛ Ігната Патоцкага, ксяндза Гуга Калантая, прымаса Патоцкага. Распрацоўка канстытуцыі ішла патаемна ў Радзівілаўскім палацы ў Варшаве, дзе збіраліся ўсе прыхільнікі перамен.
Пазіцыі патрыётаў умацаваліся, калі да заканчэння тэрміна паўнамоцтваў сойма (Сойм склікаўся тэрмінам на 2 гады) «патрыятычнай партыі» атрымалася, з аднаго боку, дамагчыся падаўжэння яго паўнамоцтваў яшчэ на два гады і, з іншага боку, павялічыць склад пасольскай палаты ў 2 разы шляхам правядзення яе давыбараў.
У выніку праведзеных давыбараў атрымалася змяніць суадносіны сіл у сойме на карысць групоўкі «патрыятычнай партыі», і ўжо ў пачатку 1791 года соймам былі прыняты два важныя законы — закон аб рэарганізацыі соймікаў (сакавік 1791 года) і закон аб гарадах і аб становішчы мяшчан (красавік 1791 года).
Нягледзячы на моцныя пазіцыі сваёй партыі ў Сойме, «патрыёты» баяліся, што прыхільнікі захавання шляхецкіх гарантый здолеюць заблакаваць прыняцце Канстытуцыі. У такой сітуацыі было прынята рашэнне прызначыць абвяшчэнне канстытуцыі на 3 мая, за 2 дні да афіцыйнага пачатку пасяджэнняў. Паслы-прыхільнікі рэформ патаемна прыбылі ў Варшаву ў той час, як большасць паслоў яшчэ не вярнулася з велікодных вакацый. Замак, дзе павінна было праходзіць пасяджэнне, ахоўвала каралеўская варта. Усё гэта дае падставы некаторым даследчыкам параўноўваць прыняцце канстытуцыі з дзяржаўным пераваротам. Такім чынам, пры няпоўным складзе паслоў, канстытуцыя была абвешчаная.
Гэта выклікала пратэсты з боку рэакцыйнага лагера, але праз 2 дні пад ціскам шляхты і мяшчанства новая канстытуцыя афіцыйна была абвешчана «Урадавым законам», і, акрамя таго, Сойм адмысловым законам усталяваў, што ўсе выступы і пратэсты супраць Канстытуцыі не маюць ніякай сілы.
У Рэчы Паспалітай незадаволеныя рэформамі абвясцілі пра ўтварэнне Генеральнай канфедэрацыі Кароны, якая выступіла за рэстаўрацыю дасоймавага дзяржаўнага ладу.
У кастрычніку 1791 г. у Ясах адбылася сустрэча Ф. Браніцкага, С. Жавускага і С. Патоцкага, дзе абмяркоўваліся будучыя планы стварэння канфедэрацыі. У канцы гэтага ж года ўсе ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаныя ў Пецярбург, дзе бавілі час да сакавіка 1792 г. У сакавіку 1792 г. пры ўдзеле Кацярыны II у Пецярбургу адбылася таемная сустрэча, дзе было прынята рашэнне пра стварэнне новай канфедэрацыі, якая будзе змагацца за вяртанне парушаных правоў, а Расія дасць для гэтага свае войскі. 27 красавіка ў Пецярбургу быў падпісаны «Акт канфедэрацыі», якая ў гісторыю ўвайшла, як Таргавіцкая. Яе маршалкам стаў Станіслаў Шчасны Патоцкі. Кіраўніком каронных войскаў канфедэрацыі прызначаны гетман Браніцкі. «Акт канфедэрацыі» падпісалі таксама: Севярын Жавускі, Шымон Касакоўскі, Антоній Святаполк-Чацвярцінскі, Ежы Вяльгорскі, Антоній Златніцкі, Адам Машчэнскі, Ян Загорскі, Ян Сухаржэўскі, Міхал Кабылецкі, Ян Свейкоўскі, Францішак Гулевіч і Дызма Боньча-Тамашэўскі. Канстытуцыя Таргавіцкай канфедэрацыі мела 23 пункты і прадугледжвала вяртанне ўсіх былых шляхецкіх вольнасцей, і сярод іншага, аднаўленне былой федэратыўнай сістэмы Рэчы Паспалітай.
Таргавіцкая канфедэрацыя асабліва пашырылася ва Украіне пад аховай інтэрвенцкага корпуса генерала-аншэфа Кахоўскага ў складзе 4 дывізій (64 тыс. чал., і 136 гармат).
Дэкларацыя Канфедэрацыі выклікала моцнае хваляванне па ўсёй Рэчы Паспалітай. Неадкладна была склікана Рада міністраў. Праз дзень дэкларацыю прачыталі на сойме, дзе кароль выступіў з наступнай прадмовай:
«Вы бачыце, панове, з якой пагардаю ў гэтым акце адклікаюцца не толькі пра нашу справу 3 мая, але і пра ўсе вашыя ранейшыя пастановы. Вы бачыце высілкі, з якімі жадаюць разбурыць дашчэнту ўлады і самае існаванне дадзенага сойма, знішчыць у той жа час усю нашу незалежнасць. Вы бачыце, што нашы суайчыннікі, якія пярэчаць волі і выгодзе айчыны, атрымалі адкрытую дапамогу. Вы бачыце, нарэшце, што ўсёй нацыі робяць самыя ганарлівыя пагрозы, а праз гэта бачыце відавочны наступальны рух на нас з боку Расіі. Вы бачыце, што мы, з свайго боку, павінны абавязкова паклапаціцца пра ўсе магчымыя сродкі для абароны і выратавання айчыны. Сродкі гэтыя дзвюх родаў: сродкі першага роду складаюць у сабе ўсё тое, што можа заахвоціць смеласць і адвагу. Усё, што вы пастановіце ў гэтым стаўленні, я ўхваляю, мала таго — буду з'яўляцца асабіста ўсюды, дзе мая прысутнасць будзе карысна ці для надання духу ў небяспеках, ці для лепшага кірунку вашых сіл. Другога роду сродкі для нашага выратавання складзены ў негацыяцыях. Першым чынам мы павінны звярнуцца да нашага саюзніка, караля Прускага. Успомніце, што, з самага пачатку гэтага сойма, усе самыя важныя распараджэнні нашыя былі прадпрыняты па выкліканні і парадам яго прускай вялікасці, менавіта: наша вызваленне ад расійскага пратэктарата, пасольства ў Турцыю, вывядзенне з нашых валадарстваў, крамаў войскаў расійскіх. Той жа наш вялікадушны сусед выказаў жаданне, каб мы заснавалі ў сябе цвёрды ўрад, на падставе якога ён жадаў умацаваць свой саюз з намі. З прычыны гэтага саюза ўрачыста абяцаў нам спачатку пасрэдніцтва (bona officia), а потым і сапраўдную дапамогу ў выпадку, калі пасрэдніцтва не прывядзе да жаданага выніку, не прычыніць нашай незалежнасці і нашых межаў[1]!»
Пад канец прамовы кароль выказаў надзею, што і расійская імператрыца, пазнаўшы лепш праўду, прыцемненую Феліксам Патоцкім з таварышамі, адмовіцца ад сваіх варожых намераў.
Перад самароспускам сойм 30 мая прызначыў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага вярхоўным камандуючым, абвясціў пра скліканне Перад самароспускам сойм 30 мая прызначыў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага вярхоўным камандуючым, абвясціў пра скліканне паспалітага рушэння, падвоіў падаткі. Вайсковая камісія абодвух народаў занялася тэрміновым даўкамплектаваннем запланаванага 100-тысячнага войска.
18 мая корпус Кахоўскага пераправіўся праз Днестр і з трох напрамкаў пачаў наступ на кароннае войска, на чале якога стаяў пляменнік караля генерал-лейтэнант Юзаф Панятоўскі. Да 30 ліпеня польскае войска было выцеснена за раку Вісла пад Казенцы. Падчас гэтай кампаніі адбыліся 11 маршавых баёў і 2 пазіцыйныя.
22 мая корпусы Беларускай арміі пад кіраўніцтвам генерала Міхаіла Крачэтнікава ўвайшлі на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Арганізацыя канфедэрацыі на землях ВКЛ была даручана прадстаўніку буйнога магнацкага роду Віленшчыны, генерал-маёру расійскай арміі Шымону Касакоўскаму. Актыўна падтрымліваў яго ў гэтай справе брат — інфляндскі біскуп Юзаф Касакоўскі. За наступныя паўгода Таргавіцкая канфедэрацыя была абвешчана ва ўсіх буйных гарадах ВКЛ. Шляхта гарадоў часта прысягала новай канфедэрацыі пад прымусам і пагрозай пазбаўлення маёмасці[2]. 12 чэрвеня 1792 г. у Вільні было абвешчана стварэнне Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ. Яе маршалкам стаў канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега. Шыман Касакоўскі быў абвешчаны гетманам ВКЛ «з волі народу». Канфедэрацкія ўлады ў гарадах Рэчы Паспалітай замянілі сабой былыя органы ўлады. Іх асноўнай задачай была пастаўка фуражу і правіянту для расійскіх войскаў.
Бітва ў раёне мястэчка Опса адбылася паміж часткай расійскіх карпусоў князя Даўгарукага і татарскім палком арміі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем Міхала Кіркора.
Расійскі корпус князя Даўгарукава (9000 салдат) перасек Даўгаву 22 мая, пры гэтым большасць войскаў і флоту перасеклі Дынабург, у той час як астатняя частка войска пад камандаваннем генерала Раўтэнфельда пераправілася праз раку ў Краслава. Затым абедзве калоны расійскага корпуса перайшлі да Браслава.
Неўзабаве пасля пераходу ў іншы бок Даўгавы генерал Раўтэнфельд паслаў на разведку ў кірунку Друі атрад данскіх казакоў, які набыў інфармацыю пра тое, што ў горадзе дыслакуецца татарскі полк капітана Рэйжэўскага. Вяртаючыся, казакі разбілі маленькі атрад з татарскага палка, які быў высланы Міхалам Кіркорам, захапіўшы пры гэтым 2 уланаў. Пасля іх вяртання Раўтэнфельд неадкладна адправіў у раён Друі 160 салдат, але Рэйжэўскі, даведаўшыся пра набліжэнне рускіх, выйшаў са сваім атрадам да Глыбокага. У гэтай сітуацыі Раўтэнфельд адмовіўся ад пераследу і працягваў ісці на Браслаў, які паў 26 мая.
Маюцца два даклады з апісаннем бітвы каля Опсы — адзін паводле Шымана Забелы, другі Юзафа Сулкоўскага.
Калі Раўтэнфельд захапіў Браслаў, асноўная частка корпуса Даўгарукава рушыла на Опсу. У авангардзе расійскай арміі пайшлі 100 данскіх казакоў на чале з капітанам Белагародцавым. Маршуючы ў авангардзе сіл Даўгарукава, Белагордцаў накіраваў атрад, колькасцю 7 чалавек на разведку, які натыкнуўся на падобны атрад разведкі татарскага палка Міхала Кіркора. Неўзабаве пачаліся баявыя дзеянні, у якіх полк Кіркора біўся з атрадам данскіх казакоў пад кіраўніцтвам палкоўніка Кірэева. Пасля некалькіх гадзін барацьбы літоўскі полк быў вымушаны адступіць. Быў узяты ў палон ротмістар Мілашэвіч, а паручнік Ахматавіч быў цяжка паранены. Шыман Забела сцвярджаў, што ў баі былі забіты некалькі дзясяткаў рускіх, акрамя таго, ён абвінавачвае ў здрадзе аднаго з яўрэяў, які даў ілжывую інфармацыю пра расійскую кавалерыю.
Дыслакаваны ў Опсе татарскі полк Міхала Кіркора назіраў за рухам расійскіх войскаў. Генерал Раўтэнфельд, жадаючы пазбавіцца ад татарскага войска, ужо ноччу 25 мая акружыў горад. Кіркор хацеў пазбегнуць расійскага палону і таму кінуў свой полк у адчайную атаку, што дазволіла яму вырвацца з акружэння. Падчас бітвы з абодвух бакоў загінула каля 300 салдат[3].
Літоўскай арміяй кіраваў прынц Вюртэмбергскі — чалавек без здольнасцей, які дзейнічаў у згодзе з прускім каралём. Калі Станіслаў Аўгуст прызначыў яго на гэту пасаду, ён рухаўся ў Літву, каб прыняць камандаванне над літоўскай арміяй. Аднак ён спыніўся ў Воўчыне, радавым гняздзе караля, і тры тыдні там забаўляўся, а яго загады, якія ён адпраўляў з Воўчына, распылілі ваенныя сілы ВКЛ, што забяспечыла ў далейшым перамогу расійскай арміі[4]. Былі перахоплены лісты Вюртэмбергскага, якія служылі доказам яго здрады, і ў выніку ён быў зняты з пасады. Новым галоўнакамандуючым літоўскага войска стаў Юзаф Юдзіцкі.
Бітва пад Стоўбцамі адбылася 10 чэрвеня 1792. Атрад літоўскага генерал Жазефа Беляка тры гадзіны ваяваў пад Стоўбцамі з авангардам расійскага корпуса генерала Барыса Меліна.
Генерал Юзаф Юдзіцкі, корпус якога складаўся з 7700 салдат і 10 гармат, 7 чэрвеня атрымаў з праездаў інфармацыю пра набліжэнне з Койданава расійскага корпуса генерала Меліна, які складаўся з 9600 салдат і 13 гармат. Юдзіцкі вырашыў адступіць да Міру, вылучыўшы атрад пад камандаваннем генерала Беляка, які павінен быў абараняць адыход літоўскіх войскаў і трымаць левы бераг Нёмана пад Стоўбцамі, затрымаць рускіх падчас пераправы. У склад атраду Беляка ўвайшоў атрад татараў і брыгада нацыянальнай кавалерыі пад кіраўніцтвам Сулістроўскага.
Раніцай 10 чэрвеня ў чаканні рускіх Беляк падвёў свой атрад да рачнога пагорку. Неўзабаве пад Стоўбцамі пачалі пераходзіць праз Нёман каля тысячы расійскіх драгунаў. Калі рускія падышлі да берага, Беляк пакінуў нацыянальную кавалерыю Сулістроўскага, а сам з татарамі атакаваў саперніка. Татары пад кіраўніцтвам Беляка рассеялі расійскіх драгунаў, якія кінуліся бегчы. Неўзабаве за ўцякаючым сапернікам пагналіся літоўскія палкі. Але ў гэты час нізоўе Нёмана перасек другі полк расійскіх драгун і раптам напаў на левае крыло літоўскага палка. Прыбыла ў дапамогу нацыянальная літоўская кавалерыя, якая неўзабаве змяшалася з адыходзячымі татарамі і з пераследуючымі іх рускімі.
Бачачы драматычную сітуацыю сваіх войскаў, Беляк сабраў вакол сябе 100 салдат і кінуўся ў адчайны напад, імкнучыся спыніць шматлікіх рускіх. З панікі літоўскія атрады па прыкладзе Беляка таксама пачалі атакаваць. Расійскія драгуны пачалі адыходзіць да ракі, дзе ўжо патанула мноства рускіх. Ад поўнага разгрому расійскую кавалерыю ўратавала прыбыццё пяхоты, якая ўсталявала на левым беразе артылерыю і пачала страляць па літоўскім войску. У сувязі з набліжэннем асноўнага войска Меліна Беляк загадаў сваім салдатам адысці ў кірунку Міра, дзе знаходзіўся корпус генерала Юдзіцкага. Бой працягваўся каля трох гадзін. Пасля адыходу атрада Беляка расійскі корпус генерала Меліна скончыў пераправу праз Нёман і ўстаў пад Залужжа. На наступны дзень адбылася бітва пад Мірам[5].
Бітва пад Мірам адбылася 11 чэрвеня. Генерал Юдзіцкі сабраў асноўныя сілы літоўскай арміі ў Міры. Неўзабаве да іх далучыўся атрад Беляка, які адыходзіў пасля перамогі пад Стоўбцамі.
Мелін, які заняў пазіцыі ў пад Залужжам, раніцай 11 чэрвеня паслаў дзве калоны салдат, па 2000 у кожнай для таго, каб яны абышлі паўночней і паўднёвей пазіцыі літоўскіх войскаў у Міры. Адной калонай камандаваў Фёдар Буксгаўдэн, а другой Левін Бенігзен. З астатняй часткай корпуса Мелін чакаў другой паловы дня, каб потым разам з дзвюма калонамі, якія ён адправіў у тыл ліцвінаў, накрыць апошніх адразу з трох бакоў.
У той жа час Юдзіцкі накіраваў моцны атрад, які складаўся з 900 салдат і чатырох гармат, на чале з генералам Станіславам Костка Патоцкім. Калі Патоцкі каля чатырнаццатай гадзіны падышоў незаўважаным да расійскага лагера, ён ацаніў, што расійскія войскі слабыя і паведаміў пра гэта Юдзіцкаму. Калі расійскія войскі заўважылі атрад Патоцага, пачалі пагоню. Уцякаючы ад Меліна, Патоцкі далучыўся да галоўных сіл Літвы прыкладна ў 3 км ад Міра.
Войска літоўскае ўладкавалася ў дзве лініі. Першая лінія ўключала ў сябе 2 батальёны пяхоты і пінская брыгада, у той час як у другім радзе — 4 і 1/2 пяхотных батальёна, ковенская кавалерыйская брыгада, і два палкі артылерыі. Мелін, які меў на гэты час 5600 салдат і 13 гармат, размясціў усе свае войскі ў адну лінію і пачаў страляць артылерыяй. Аднак ён устрымаўся ад нападу, чакаючы прыбыцця высланых калон.
Юдзіцкі не змог прыняць рашэнне, каб пачаць бой, ён склікаў ваенную раду, якая працягвалася 2 гадзіны. У той жа час яго войскі знаходзіліся пад агнём расійскіх гармат. У літоўскіх войсках, якія складаліся ў асноўным з рэкрутаў, якія стаялі занадта доўга пад агнём рускіх, пачалася паніка. У кірунку Міра спачатку пачала бегчы ковенская і часткі пінскай брыгады. Неўзабаве зрабіў тое ж самае кавалерыйскі полк Беляка. Калі каля 19:30 у задняй частцы літоўскіх войскаў з'явіліся з абодвух бакоў калоны Бенігзена і Буксгаўдэна, Юдзіцкі а 20:00 загадаў адыходзіць.
У задняй частцы літоўскай арміі таленавіты палкоўнік Якуб Ясінскі адбіў расійскую атаку і не пераследуючы іх, адыйшоў у напрамку Нясвіжа. Гарнізон Міра таксама пакінуў горад і пачаў адыходзіць.
Літоўцы страцілі ў бітве каля 120 салдат і адну гармату, у той час як рускія — каля 250 салдат.
У гэты ж дзень адбыўся штурм і ўзяцце расійскімі войскамі Мірскага замка. Сам Юдзіцкі пакінуў сваё войска і збег у Гродна, афіцыйна зняты з пасады галоўнакамандуючага 24 чэрвеня 1792, а фактычна 19 чэрвеня[6][7][8][9].
Бітва пад Барушкаўцамі адбылася 14 чэрвеня.
Галоўныя польскія сілы пад камандаваннем князя Юзафа Панятоўскага адступалі ад Палоны пад прыкрыццём з поўдня дывізіяй пад камандаваннем Касцюшкі. Абоз польскай арміі, які ахоўвала дывізія генерала Вельгорскага (6500 салдат, 12 гармат), ішоў найкароткім шляхам праз сяло Барушкаўцы, якое пралягала праз лясістую і забалочаную мясцовасць. Мясцовасць абцяжарвала магчымасці абароны для палякаў, затое давала магчымасць рускім неўзаметку наблізіцца да польскага абозу. Пасля атрымання інфармацыі пра шлях польскіх войскаў расійскі камандуючы генерал Міхаіл Кахоўскі загадаў двум казацкім палкам пад камандаваннем Арлова і часткі кавалерыі пад камандаваннем Тармасава атакаваць палякаў. Расійскія часткі атакавалі і знішчылі тыл польскага абозу. Польская конніца вытрымала першы націск рускіх, пасля чаго адступіла. Абоз абаранялі 1000 польскіх пяхотнікаў і артылерыя. Адступленню палякаў перашкодзіў той факт, што мост праз забалочаную рачулку Дзярэвічка (недалёка ад вёскі Дзярэвічы, куды адступілі палякі) паваліўся. Да рускіх падышлі падмацаванні, і палякі сталі адыходзіць пад агнём праціўніка.
Польская дывізія панесла цяжкія страты ў жывой сіле (981 чалавек), страціла 7 гармат і абоз: зброю, боепрыпасы, правіянт і частку грашовай казны. Рускія страцілі 98 чалавек. Адзіным станоўчым для палякаў вынікам было тое, што расійскі пераслед галоўных польскіх сіл быў затрыманы. Страты кароннага войска былі б больш, калі б расійскі генерал Леванідаў здолеў зачыніць ім шлях на Палоннае[10][11].
Пасля поспеху ў Барушкаўцах расійскі камандуючы генерал Міхаіл Кахоўскі паслаў з корпуса генерала Кутузава наўздагон адыходзячай на захад кароннай арміі 8000-ую дывізію генерал-маёра Іраклія Маркава з 24 гарматамі, узмоцненую казакамі Арлова[12]. Атрад генерал-маёра Маркава меў задачу абыйсці палякаў, якія адступалі на Заслаў праз Зяленцы, і ўдарыць ім у фланг. Маркаў павінен быў адрэзаць палякам адступленне ад Гарыні, а таксама захапіць іх лагер з ваенным інвентаром і боепрыпасамі. Маркаў хутка рушыў на досвітку 18 чэрвеня і ў 7 гадзін раніцы прыбыў у Зяленцы, дзе яго сустрэлі 3000 палякаў генерала Юзафа Заёнчыка і Людвіка Трокіна.
Кароннае войска адступіла 15 чэрвеня пад Палоннае. Польскія генералы вырашылі працягнуць адступленне, паколькі вырашылі, што не маюць магчымасці абараніць горад, які не мае ўмацаванняў. 17 чэрвеня Панятоўскі адышоў да Шапятоўкі, дзе атрымаў інфармацыю пра тое, што дывізія Любамірскіх знаходзіцца ў Заслаўі. Ён загадаў Любамірскім далучыцца да яго сіл паблізу Зяленцаў.
У Зяленцах польскі атрад генерала Заёнчака заняў пазіцыю на пагорку ля дарогі Палоннае — Заслаў, з топкай далінай на левым крыле, плыўным уздымам на правым і лесам у тыле. Трокін і Заёнчак не занялі паміж тым сяло Зяленцы, а лес перашкаджаў аглядаць і прадбачыць магчымае развіццё падзей. Польскі баявы парадак складаўся з кавалерыі на флангах і пяхоты ў цэнтры. Заёнчак паслаў ганца да Панятоўскага з просьбай паспяшацца на дапамогу.
А шостай раніцы расійскія сілы падышлі ў калонах і пад агнём польскай артылерыі разгарнуліся ў баявы парадак на раўніне, з кавалерыяй на флангах, у цэнтры стаяла пяхота, два егерскія і 4 грэнадзёрскія батальёны, з егерскім батальёнам Екацерынаслаўскага палка ў рэзерве, і яшчэ адным батальёнам кацярынаслаўцаў і эскадронам кавалерыі ў ахове лагера. Карыстаючыся адсутнасцю польскага процідзеяння, рускія занялі Зяленцы і распачалі пад завесай вёскі прыцэльны абстрэл польскіх шэрагаў.
А сёмай раніцы на поле бітвы прыбыў князь Юзаф Панятоўскі, што прывяло да ўтрымання атакі рускіх і да відавочнага ўмацавання польскіх сіл. Левае крыло падпёр кавалерыйскі полк, правае брыгада нацыянальнай кавалерыі генерала Станіслава Макраноўскага, а цэнтр узмацнілі яшчэ два батальёны пяхоты і 12 гармат. Іншыя атрады прыбывалі на працягу тэрміну бітвы і спыняліся пад завесай лесу.
Дывізія Касцюшкі не падышла пад Зяленцы, забяспечваючы прыкрыццё ад карпусоў Дуніна і Леванідава.
Улічваючы абстрэл з боку вёскі, Панятоўскі загадаў ачысціць Зяленцы ад ворага, што ўсё ж не атрымалася ажыццявіць, і сяло падпалілі. Дым засланіў палякам поле бітвы, і рускія пад яго палогам забілі кавалерыю на правым крыле (полк булавы кароннай), якая замест наступу на ворага сустрэла яго атаку на месцы, была хутка разбіта і звярнулася да панічных уцёкаў.
Дзякуючы ўмяшанню князя Сангушкі і афіцэраў атрымалася вярнуць кавалерыстаў, а тым часам расійскія коннікі патрапілі пад моцны абстрэл польскай артылерыі. Далей па іх з флангу ўдарыла нацыянальная кавалерыя Макраноўскага, якая вярнулася з уцёкаў і хацела змыць з сябе ганьбу, а з фронту іх атакавала польская кавалерыя з другой лініі. Расійская конніца не вытрымала і адступіла, страціўшы сцяг. Для ўмацавання эфекту Панятоўскі загадаў генералу Чапскаму ўмацаваць польскі націск, але той запатрабаваў пісьмовага загаду, спасылаючыся на тое, што вусна незразумела (Чапскі быў прыхільнікам Таргавіцкай канфедэрацыі). Такім чынам была страчаная магчымасць цалкам разбіць расійскае крыло.
Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі ў цэнтры ў атаку рушылі расійскія грэнадзёры Екацерынаслаўскага палку, а тры батальёны польскай пяхоты, якія складаліся пераважна з навабранцаў, не вытрымаўшы моцнага абстрэлу і штыкавой атакі рускіх, уцяклі. Уцякаючы, пяхота ўтварыла пралом у цэнтры, які выкарысталі рускія, і ў дадатак паўстала замяшанне ў рэзервовым польскім батальёне. У той пралом рушыў Панятоўскі на чале двух батальёнаў. Нягледзячы на моцны абстрэл польскай артылерыі і агонь палякаў, грэнадзёры некалькі разоў падымаліся ў напад на штыкі, але без поспеху, панеслі страты ад польскага агню і былі вымушаныя адступіць.
На левым крыле гэтак жа пачаўся расійскі націск, пад сілай якога палякі пачалі адступаць. Калі рускія падышлі пад агонь польскай артылерыі, удалося іх адагнаць контратакамі пяхоты і заняць ранейшыя пазіцыі.
Нягледзячы на супраціўленне рускіх на ўсіх участках фронту, Юзаф Панятоўскі пастанавіў узяць ініцыятыву, сфармаваўшы баявую групу з частак дывізіі генерала Вяльгорскага (3 пяхотных батальёна з палкоў Патоцкага, Малчаўскага і астрожскай ардынацыі, брыгада нацыянальнай кавалерыі Дзержка і авангард палку Юзафа Любамірскага). Польская кавалерыя адціснула рускіх, але генерал Вяльгорскі, баючыся, што яго пяхота саступае расійскай, дзейнічаў самавольна і нерашуча, дзякуючы чаму Маркаў змог перафармаваць свае атрады. Але расійскі генерал не адчуваў сябе ўпэўнена і пасылаў Кахоўскаму ганцоў з просьбамі аб дапамозе. Маркаў не атрымаў дапамогі і вырашыў пабудаваць сваё войска ў карэ і выходзіць з поля бою.
Прыкладна а 5-й гадзіне апоўдні бітва скончылася, і поле бою засталося за палякамі. Адпачынак доўжыўся 2 гадзіны, а затым адступленне на Заслаў аднавілася. Поле бою зноў заняў Маркаў, абвясціўшы сябе пераможцам, за што атрымаў ордэн Святога Георгія другой ступені. Ён заступіў дарогу дывізіі Тадэвуша Касцюшкі, што падцягнулася да месца падзей. Касцюшка, ацаніўшы, што вораг яго пераўзыходзіць, праз дзве гадзіны супрацьстаяння адышоў, даўшы некалькі артылерыйскіх залпаў па расійскіх шэрагах. На наступны дзень Касцюшка далучыўся да галоўных сіл кароннай арміі пад Заслаў.
У бітве пад Зяленцамі палякі страцілі калі 1000 чалавек, а рускія каля 2000 тысяч.
Бітва стала першай вялікай перамогай Войска Польскага за шмат гадоў, і ў гонар гэтай падзеі кароль Станіслаў Панятоўскі заснаваў вышэйшую ваенную ўзнагароду Польшчы, ордэн Віртуці Мілітары. Але гэтая перамога не спыніла паход рускіх на Варшаву, і польскае войска працягнула адступ. Спробы спыніць рускіх, абапіраючыся на крэпасць у Астрогу, былі пакінуты з-за пагрозы акружэння. Быў яшчэ адзін шанец даць бой пад Дубнам, але з-за недахопу прыпасаў было вырашана адступаць далей на захад да лініі Бугу[10].
Атрымаўшы паразу пад Мірам 10 чэрвеня 1792, літоўскі корпус пачаў адступленне. 4 ліпеня атрад пяхоты (каля 1200 штыкоў) пад камандаваннем маёра Ведэльштэта на бродзе праз Зэльвянку сутыкнуўся з авангардам расійскага войска. Пасля кароткай бойкі атрад заняў брод і ўтрымліваў свае пазіцыі да змяркання.
Увечары распачалася залева, і Міхал Забела загадаў разбіць лагер ля ракі, палічыўшы, што благое надвор'е стрымае рускіх. Наступным ранкам, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, рускія перагрупаваліся, пад дажджом пераправіліся праз раку і неспадзявана атакавалі літоўскае войска. Міхал Забела прыняў рашэнне адступаць.
Пасля бітвы пад Зэльвай Юзаф Сулкоўскі атрымаў званне палкоўніка і быў узнагароджаны крыжам Virtuti Militari.
У той час як 14 ліпеня расійская армія набліжалася да Беластоку, літоўскі атрад Міхаіла Забелы быў размешчаны ў Плоцку. Час ад часу былі толькі нязначныя сутыкненні літоўскага войска з падыходзячымі данскімі казакамі. Для атрымання падрабязнай інфармацыі пра ворага Забела накіраваў у напрамку Беластоку групу ваенных на чале з Міхалам Кіркорам. У склад атраду авайшлі татары Кіркора, 200 стральцоў, 200 пехацінцаў і адна гармата. Пасля пераправы на Нараў атрад Кіркора прыбыў у Войшкі.
Пасля прыпынку ў Войшках Кіркор вырашыў зладзіць засаду і з гэтай мэтай паставіў пяхоту і гармату на пагорку, схаваў стральцоў у лесе, а татараў на ўзгорку. Камандзір казакоў Папоў таксама зрабіў засаду — ён схаваў большую частку свайго войска, а сам адправіўся з невялікім атрадам салдат на ліцвінаў. Убачыўшы слабы атрад, татарскія коні кінуліся ў напад, і пасля кароткай барацьбы казакі былі вымушаныя адступіць, не разумеючы, што адыход імітуецца.
Татары Кіркора раптам апынуліся супраць праўзыходных сіл праціўніка, і не спрабуючы зламаць яго, тут жа кінуўся бегчы. Пасля перамогі данскіх казакоў над татарамі яны спрабавалі разбіць літоўскую пяхоту, але іх атака правалілася пад шквальным агнём літоўскіх карабінаў.
Хоць бітва пад Войшкамі і не атрымалася для ліцвінаў удалай, атрад Кіркора дасягнуў асноўнай мэты сваёй паездкі і атрымаў інфармацыю пра наступны рух сіл генерала Крачэтнікава[13].
Войскі Юзафа Панятоўскага (25 000 салдат і 42 гарматы) пераправіліся праз Буг і 8 ліпеня спыніліся ля Дубенкі. Яны атрымалі загад на абарону ўздоўж Бугу ад Дубенкі да Уладавы. Касцюшка (5300 салдат, 24 гарматы) заняў са сваім войскам 3 кіламетры фронту між вёскамі Уханька і Воля-Хабова.
Зважаючы на колькасную перавагу войскаў ворага, Касцюшка пастанавіў не атакаваць, а дзейнічаць ад абароны і з гэтай мэтай заняў для сваіх войскаў пазіцыю, якая ўзвышалася над ваколіцамі, на поўнач ад Дубенкі, між Бугам і аўстрыйскай мяжой. Адзінай хібай гэтае пазіцыі было тое, што правае крыло было абаронена адно лесам і памежным кардонам. Салдаты прыступілі да капання наземных умацаванняў паводле плану Касцюшкі. Наперадзе дывізіі былі размешчаныя тры батарэі. У першай лініі стала пяхота ў колькасці 7 баонаў. У другой лініі знаходзіўся полк вершнікаў і дзве брыгады кавалерыі. Лес, што знаходзіўся перад правым флангам войска, быў абсаджаны стральцамі.
Расійскі генерал M. Кахоўскі 17 ліпеня пераправіўся пад Дубенкай праз Буг[14], а 18 ліпеня выслаў карпусы А. Леванідава і А. Тармасава, каб сваімі дэманстратыўнымі манеўрамі ўнемажлівіць Панятоўскаму і Вяльгорскаму ўзмоцніць Касцюшкавы сілы. Сам Кахоўскі з карпусамі М. Кутузава-Галенішчава і І. П. Дуніна (25 000 салдат і 108 гармат) намерваўся разбіць Касцюшку і выйсці ў тыл асноўным войскам Кароны.
А 15-й гадзіне рускія рушылі ў кірунку пазіцый Касцюшкі. На правым флангу знаходзіўся корпус І. Дуніна, корпус Кутузава займаў левае крыло. У першай лініі расійскага войска было 18 баонаў пяхоты, другая лінія складалася з 15 палкоў вершнікаў (у тым ліку з 7 казацкіх). Пасля артылерыйскае падрыхтоўкі у 17:30 Кахоўскі накіраваў пяхоту першае лініі ва франтальную атаку на ўмацаваныя пазіцыі Касцюшкі. Гэтая атака была адбіта пяхотай і артылерыяй з вялікімі стратамі расійскага войска. Рускія спрабавалі яшчэ некалькі разоў зладзіць падобныя атакі, аднак яны кожны раз сканчаліся з такім сама поспехам. Нарэшце няўдалыя пяхотныя атакі схілілі Кахоўскага да спробы акружэння Касцюшкі з боку аўстрыйскае мяжы. З гэтай мэтай Кахоўскі адаслаў 2 палкі конных егераў пад кіраўніцтвам Пальменбаха. Яны перайшлі мяжу з Аўстрыяй, пад заслонай лесу абышлі польскія пазіцыі і ўдарылі ў тыл правага флангу Касцюшкі. Падчас гэтае атакі сам Пальменбах загінуў. У дапамогу абаронцам прыйшоў полк з другой лініі пад кіраўніцтвам Карвіцкага. Егеры былі разбіты і сапхнутыя ў багну. Праведзеная ў гэты самы час чарговая лабавая атака расійскае пяхоты ізноў скончылася безвынікова.
Тым не менш, з кожнай гадзінай становішча войскаў Рэчы Паспалітай горшала. Недзе а 18-й гадзіне Грахоўскі заняў мястэчка Гусыннэ, адрэзаўшы адзіную дарогу, з якое Касцюшкавы войскі маглі чакаць дапамогі. Каля 20-й гадзіны з поля бойкі ўцякла застрашаная пагоршанай сітуацыяй брыгада народнай кавалерыі, якой загадваў Павел Бярнацкі. Надыходзячы змрок і ўсё ўзрастаючы напор пераўзыходзячых сіл праціўніка, які здолеў захапіць некалькі ўмацаванняў і прыступіў да атакі на левы фланг польскага войска, схіліў Касцюшку да адступлення а 21-й гадзіне. Дывізія адышла ў баявым парадку праз Разтоку да Кумова, а адтуль да Холма.
У бітве войскі Рэчы Паспалітай страцілі 900 салдат і 6 гармат. Расійскія войскі страцілі каля 4000 салдат. Расійская армія заняла ўвесь раён разам з пераправамі і атрымала праход да Любліну.
Вынік бітвы застаўся нявысветленым, абодва бакі лічылі сябе пераможцамі. Польскія войскі здолелі нанесці значныя страты пераўзыходзячай іх у 4 разы расійскай арміі, самі панесшы значна меншыя страты, і арганізавана сышлі з месца сутычкі. Расійскія войскі, страціўшы вялізную колькасць войска, усё ж занялі неабходныя пазіцыі, што дало ім магчымасць далейшага наступу.
Пасля бітвы Касцюшка заваяваў славу выбітнага камандоўцы, яго параўноўвалі са спартанскім царом Леанідам. За бітву пад Дубенкай кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў 80 чалавек ордэнам Віртуці Мілітары, а Касцюшка атрымаў чын генерал-лейтэнанта і ордэн Белага Арла; да таго ж 26 жніўня 1792 года менавіта за поспех у бітве пад Дубенкай Касцюшку было нададзена ганаровае грамадзянства Францыі[15].
Праз тыдзень пасля бітвы Рэч Паспалітая капітулявала.
Літоўская армія галоўнакамандуючага пад кіраўніцтвам Міхаіла Забелы пасля адыходу з Бельска перайшла 19 ліпеня праз Буг у Гран. Маючы намер спыніць расійскую армію генерала Крачэтнікава на лініі Буга, Забела ўстаў каля Дзярзбамі, каля 3,5 км ад Крэменя. Калі 22 ліпеня на дапамогу арміі Забелы прыбыў атрад Бушэўскага, літоўская армія дасягнула стану 12000 салдат і 12 гармат. У той жа дзень для таго, каб прарвацца праз Буг, пад Пярлеевым стаў авангард арміі Крачэтнікава колькасцю 4500 салдат і 12 гармат, якім камандаваў генерал-маёр Фёдар Дзянісаў. У той жа час, генерал-лейтэнант Даўгарукаў, маючы 3000 салдат, збіраўся перасекчы Буг каля Драгічыну і атакаваць правае крыло арміі Забелы. Каб пазбегнуць акружэння, 23 ліпеня адправіўся ў Драгічын з 2000 салдат генерал-лейтэнант Грабоўскі. Калі ён убачыў, што рускія здолелі прабіцца да левага берага, вярнуліся ў лагер. Даўгарукаў адмовіўся ад намеру напасці на польскае крыло, у той час як Дзянісаў 24 ліпеня, перабіўшы літоўскіх ахоўнікаў каля Грана, авалодаў пантонным мостам. Пасля праходжання праз Буг Дзянісаў пасля артпадрыхтоўкі пачаў рушыць на літоўскія сілы. Забыло ўдалося ўрэгуляваць сітуацыю і адціснуць Дзянісава ад ракі, затым ён размясціў свае войскі ў дзве лініі і заблакаваў рускім праход.
Калі рускія падышлі да літоўскіх пазіцый, Забела адкрыў агонь і напаў на ўсім фронце. Дзянісаў спрабаваў прарвацца на правым крыле літоўскай арміі, але літоўская кавалерыя контратакай адкінула расійскія войскі. Дзянісаў своечасова вырашыў адыйсці, тым самым выратаваць свае войскі ад знішчэння. З-за хуткага адыходу расійскіх войскаў літоўская кавалерыя не здолела адрэзаць ім дарогу да мосту.
У бітве, якая доўжылася з 5:00 да 7:00, літоўскае войска страціла каля 100 чалавек, а расійскія войскі — каля 250 чалавек. Маючы колькасную перавагу, Забела здолеў выцягнуць Дзянісава ў засаду, аднак ён не змог знішчыць яго, бо расійскі палкаводзец занадта хутка ўбачыў небяспеку і загадаў неадкладна адступаць. У 19:00 Забела атрымаў паведамленне пра марш Даўгарукава з Драгічына і таму пачаў адступаць да Веграва[16].
Военачальнік вялікалітоўскі Міхал Забела, намагаючыся перакрыць дарогу на Варшаву, падзяліў сваё войска. У кірунку Брэста ён накіраваў свайго брата Шымана з 2000 салдат. Па прыбыцці на месца Шыман Забела злучыўся з гарнізонам горада, павялічыўшы колькасць свайго войска да 5000 (у тым ліку рэкрутаў). Была надзея, што на дапамогу можа паспець каронная дывізія генерала Бышэўскага, якая выступіла з Варшавы і 22 сакавіка затрымалася ў Янаве.
Кіраўнік расійскага корпуса генерал Іван Ферзен, намагаючыся не дапусціць аб'яднання літоўскага войска ў Берасці з сіламі Бышэўскага, 21 ліпеня выступіў з Шарашова. Ранкам 23 ліпеня на ўскрайку Брэста адбыліся першыя сутычкі. Пазней бітва працягнулася ў месце, адкуль ліцвіны былі адкінуты за Буг, да Цярэспаля. Страціўшы 300 салдат, Шыман Забела адышоў у кірунку Варшавы[17].
Адбылася 26 ліпеня. Бітва пад Маркушавам была апошняй бітвай гэтай вайны.
У Маркушаве быў ар'ергард польскіх войскаў. На яго з усходу (ад Гарбава) ішлі казакі. Юзаф Панятоўскі павёў свае верныя войскі (12 эскадронаў) ва ўжо бессэнсоўны бой. Аднак казакі былі адбіты і адхілены ў напрамку Гарбавы. У баі загінулі 20 палякаў, у тым ліку генеральны інспектар кавалерыі, генерал Януш Станіслаў Ільінскі.
Калі параза Рэчы Паспалітай стала відавочнай, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пачаў сакрэтныя перамовы з Кацярынай II пра перадачу стальца Рэчы Паспалітай яе ўнуку Канстанціну ўзамен на захаванне Канстытуцыі 3 мая. Аднак Кацярына патрабавала безагаворачнай капітуляцыі і загадала Станіславу перайсці на бог таргавічан, што ён і зрабіў. Ён загадаў войску спыніць узброенае супрацьстаянне расійскай арміі. Каля 200 афіцэраў, абураных здрадай і ганьбай, падалі ў адстаўку. Абшары Рэчы Паспалітай акупавала расійская армія.
Перамога ў вайне дазволіла Расіі разам з Аўстрыяй ажыццявіць другі падзел Рэчы Паспалітай.
23 снежня 1793 года Расія разам з Прусіяй падпісалі канвенцыю пра другі падзел Рэчы Паспалітай, які пазней быў афіцыйна зацверджаны на Гродзенскім Сойме 1793 года. Да Расіі адышлі землі ВКЛ па лініі Дынабург—Пінск—Збруч, а таксама ўсходняя частка Палесся, Падолле і Валынь. Да Прусіі адышлі польскія землі Гданьск, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія (без Мазавецкага ваяводства).
Пасля другога падзелу краіна страціла каля 308 000 км² з насельніцтвам каля 2 мільёнаў чалавек. Плошча Рэчы Паспалітай, пасля другога падзела, склала 223 000 км² з насельніцтвам каля 3,4 мільёна чалавек, што прыкладна складала траціну ў параўнанні з тэрыторыяй да першага падзелу (1772). Аўстрыя ў другім падзеле не ўдзельнічала, бо была ўцягнута ў вайну з Францыяй і Баварыяй[18].
Таксама на Гродзенскім Сойме былі прыняты наступныя рашэнні:
У 1793 годзе адбыўся крах банкаўскай сістэмы Рэчы Паспалітай, у выніку якога была цалкам знішчана яе эканоміка. Крызіс выкліканы вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года і ўвядзеннем ураду Таргавіцкай канфедэрацыі.
У выніку замежныя банкаўскія ўстановы страцілі давер да сваіх партнёраў у Рэчы Паспалітай, у выніку чаго Нацыянальны банк краіны быў пакінуты без падтрымкі замежных крэдытаў. Крах Варшаўскіх банкіраў пачаўся 25 лютага 1793 з падзення Пятра Фергюсана Тэпера. Банкруцтва Тэпера і насталыя за ім банкруцтвы іншых банкіраў, дайшлі і да Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама расійскіх, прускіх і аўстрыйскіх пасольстваў. Для задавальнення крэдытораў і пагашэння даўгоў каралеўскіх, якія заставаліся ў банку Тэпера, была створана ліквідацыйная камісія пад кіраўніцтвам біскупа Хольма Войцеха Скаршэўскага[20].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.