From Wikipedia, the free encyclopedia
Лінейная пяхота — від пяхоты, які складаў аснову сухапутных войскаў з сярэдзіны XVII да сярэдзіны XIX стагоддзя.
Лінейная пяхота з'явілася ў XVII стагоддзі. Напачатку XVII стагоддзя шведскі кароль Густаў II Адольф значна палегчыў мушкет і забяспечыў яго колавым замком. Пасля гэтага можна было страляць не з падстаўкі, а прама з рук. З гэтага часу ад стралкоў не патрабавалася фізічнай сілы і спрыту. Да таго ж на новы мушкет патрабавалася менш жалеза і ў масавай вытворчасці ён апынуўся танней. Аднак, пры Густаве-Адольфе ў шведскім войску зброяю з колавым замком была забяспечана толькі кавалерыя. Пяхота атрымала мушкеты з колавым замком ужо пасля смерці Густава-Адольфа.
З масавым распаўсюджваннем ручной агнястрэльнай зброі ў пяхотных часцях з сярэдзіны XVII стагоддзя на палях бітваў стала панаваць лінейная тактыка, паводле якой пяхота будавалася ў доўгія тонкія лініі і вяла інтэнсіўны залпавы агонь.
Лінейная тактыка патрабавала строгай дысцыпліны і простых, але даведзеных да аўтаматызму прыёмаў. Пры навучанні ўжывалася муштра і целавыя пакаранні. Гэта зрабіла немагчымым камплектаванне радавога складу з дваранаў. Была створана лінейная пяхота — масавая разнавіднасць пяхоты, якая камплектуецца на аснове гвалтоўных рэкруцкіх набораў з сялян (асабліва прыгонных) або вербавання наймітаў. Толькі афіцэрскі склад заставаўся дваранскім.
Лінейная пяхота хутка стала асноўным і найбольш масавым відам пяхоты ў еўрапейскіх краінах. Мушкетнікі і грэнадзёры, былыя раней элітнымі войскамі, паступова ў шматлікіх краінах увайшлі ў склад лінейнай пяхоты, перайшлі да лінейнай тактыкі і сталі камплектавацца з прастачынаў.
Лінія складалася з 2-х, 3-х ці 4-х шэрагаў воінаў. Каб не замінаць стральбе задніх шэрагаў, першы шэраг мог станавіцца на калена. Лінія прызнавалася асноватворнай баявой пабудоваю і прарыў лініі лічыўся паразаю. Пяхота навучалася страявым прыёмам, асноўнай мэтай якіх з'яўлялася хуткае разгортванне лініі і манеўры.
Пяхота, адмыслова прызначаная для выкарыстання лінейнай тактыкі, атрымала назву лінейнай пяхоты. Але лінія была не адзінай яе баявой пабудовай. Пры пагрозе абыходу варожаю конніцаю яна будавалася ў карэ (квадрат) з пустою сярэдзінай (такое карэ складалася з чатырох ліній, накіраваных тварам вонкі квадрата). У нападзе магла выкарыстоўвацца не толькі звычайная, але і скошаная лінія (такую пабудову выкарыстоўваў Фрыдрых II і яго паслядоўнікі). Для штурму крэпасцей і іншых умацаваных пунктаў, а таксама для нападу ў складанай мясцовасці (дзе рух лініі сустрэў бы перашкоды) выкарыстоўвалася пастраенне ў іншы стулены строй — калону.
Пасля Вялікай французскай рэвалюцыі французскія войскі, а затым і войскі некаторых іншых краін сталі камплектавацца на аснове ўсеагульнай ваеннай павіннасці, таму яны не ўмелі атакаваць у разгорнутай лініі, а атакавалі ў калоне. У лінію яны будаваліся толькі ў абароне.
Агульным сярод пастраенняў лінейнае пяхоты было тое, што яна ваявала ў стуленым строю.
Лінейная пяхота была ўзброена мушкетамі. У сярэдзіне XVII стагоддзя мушкеты былі абсталяваны багнетам, што дазволіла ёй абараняцца ад непрыяцельскай конніцы. У канцы XVII стагоддзя мушкеты былі заменены лягчэйшымі і таннымі пяхотнымі стрэльбамі з крэмневым замком («крамянёўкамі», вагаю ў 5 кг і калібрам 17,5 мм) спачатку ва Францыі, а затым і ў іншых дзяржавах. У шматлікіх краінах для новых стрэльбаў захавалася назва «мушкет». Як мушкеты, так і стрэльбы былі гладкаствольнымі і мелі вельмі нізкую дакладнасць. Але ў іх была важная перавага — шпаркасць зараджання: яны стралялі тройчы ў хвіліну, у той час як наразныя карабіны — толькі раз на хвіліну.
Асноўная маса лінейнае пяхоты не мела ніякага ахоўнага рыштунка. Толькі тыя, якія ўвайшлі ў яе былыя элітныя атрады маглі захоўваць па традыцыі асобныя элементы абароны, напрыклад, медныя шапкі ў грэнадзёраў.
У першыя часы лінейная пяхота складала невялікую частку ад усёй пяхоты. Яна не магла супрацьстаяць конніцы, таму асноўнай масай пяхоты заставаліся пікінеры. З вынаходствам багнета патрэба ў пікінерах адпала, і паступова лінейная пяхота стала большасцю.
Акрамя лінейнай пяхоты, існавалі элітныя войскі (галоўным чынам, ахова манархаў і Папы) і лёгкая пяхота, не выкарысталая лінейнай тактыкі і ўзброеная першапачаткова аркебузамі. Лінейная пяхота, у якой мушкеты і стрэльбы з багнетам былі цяжэй аркебузаў, стала звацца таксама цяжкаю пяхотай. Аркебузы неўзабаве выйшлі з ужывання, але ў канцы XVIII стагоддзя з'явілася новая разнавіднасць лёгкае пяхоты — стрэлкі рассыпнога строю (егеря, карабінеры і іншыя), узброеныя дарагімі наразнымі карабінамі (штуцарамі) без багнету і навучаныя прыцэльнай стральбе і выкарыстанню натуральных хованкаў і зморшчынаў мясцовасці.
У Францыі ў эпоху рэвалюцыйных і Напалеонаўскіх войнаў фармальна працягваў існаваць падзел на гвардыю, лінейную і лёгкую пяхоту. Але Напалеон быў праціўнікам наразной зброі, таму фактычна і лінейныя, і «лёгкія» палкі мелі аднолькавую тактыку і ўзбраенне (гладкаствольныя стрэльбы). І ў лінейных, і ў «лёгкіх» палках напалеонаўскай Францыі меліся батальёны, набраныя з салдат, якія асабліва праславіліся, што змагаліся ў рассыпном страю (але ўзброеных гладкаствольнымі стрэльбамі).
У Расіі і некаторых іншых краінах, дзе шырока выкарыстоўваліся егеры, лінейная пяхота стала больш выкарыстоўвацца для рукапашнага бою. Лёгкая ж пяхота забяспечвала агнявую падтрымку, затуляла перасоўванне часцяў. У XIX павеку доля егераў хутка расла, а доля лінейнае пяхоты змяншалася.
Да сярэдзіны XIX стагоддзя з'явіліся «наразныя мушкеты», якія спалучалі дакладнасць штуцараў і хуткастрэльнасць мушкетаў. Яны ўхілілі асноўны недахоп лёгкае пяхоты. Падчас Крымскай вайны расійская лінейная пяхота (пяхотныя палкі) несла цяжкія страты ад агню французскіх зуаваў, узброеных «наразнымі мушкетамі». З іншага боку, англійская лінейная пяхота ваявала ў той вайне даволі ўдала (прыкладам з'яўляецца тонкая чырвоная лінія).
У сярэдзіне XIX стагоддзя былі вынайдзены казназарадныя вінтоўкі, з укараненнем якіх стралковыя войскі атрымалі адчувальную перавагу над лінейнай пяхотай. Неўзабаве пасля Крымскай вайны ў Расіі лінейная і лёгкая пяхота былі аб'яднаныя ў адзіныя стралковыя войскі, якія выкарыстоўвалі наразную зброю і рассыпную тактыку. Пры гэтым пяхота падзялілася на стралкоў, пяхотныя палкі і грэнадзёрскі корпус(не лічачы гвардыі). Стралкі мелі то ж узбраенне але лепшую стралковую падрыхтоўку.
У ЗША да пачатку грамадзянскай вайны лінейнай пяхоты амаль не было (бо ў барацьбе з індзейцамі яна была бескарысна). Напачатку грамадзянскай вайны як паўночнікі, так і паўднёўцы сфарміравалі некалькі лінейных палкоў, але яны панеслі цяжкія страты і фактычна былі знішчаны. Пасля грамадзянскай вайны лінейныя палкі ў ЗША не ствараліся.
Да 1870 года ў шматлікіх нямецкіх дзяржавах усё яшчэ існавала лінейная пяхота. У Францыі пад уплывам аўтарытэту Напалеона з 366 пяхотных батальёнаў 300 звалася лінейнымі. Хоць яны не падвяргаліся паліцавай дысцыпліне, а ў 1866 атрымалі вінтоўкі Шаспа, тым не менш, яны па-ранейшаму абараняліся ў лініях і атакавалі ў стуленых калонах. Падчас Франка-прускай вайны лінейная пяхота масава гінула абапал ад агню вінтоўкаў (а ў французаў — і ад шрапнелі нямецкае наразное артылерыі). З 1871 годзе ў Германскай імперыі войскаў пад назвай Linieninfanterie не стала.
Рост хуткастрэльнасці вінтоўкаў і вынаходства ў 1883 годзе кулямёта Максім прывялі да таго, што стуленыя строі лінейнае пяхоты сталі трываць велізарныя страты і не даходзілі да дыстанцыі штыкавога бою. Гэта прывяло да поўнай адмовы ад лінейнай пяхоты на мяжы XIX—XX стагоддзяў.
Аднак ва ўзброеных сілах Вялікабрытаніі назва «лінейная пяхота» захавалася для пазначэння неэлітных войскаў з простым узбраеннем (у адрозненне ад гвардыі, дэсантнікаў, марской пяхоты і т. д.). Брытанская лінейная пяхота характарызуецца меншым часам навучання ў параўнанні з іншымі брытанскімі пешымі часцямі:
Ад лінейнай пяхоты варта адрозніваць так званыя лінейныя батальёны ў расійскім войску 1803—1917 гадоў — падраздзяленні, раскватараваныя па лініі мяжы імперыі, гэта значыць погранвойска, хоць з 1897 года іх дапоўніў корпус памежнай варты, больш прэстыжны і эфектыўны. Тым не менш, лінейныя батальёны былі асноваю расійскіх войскаў падчас заваёвы Туркістану.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.