Remove ads
Вуліца ў Верхнім Горадзе Мінска From Wikipedia, the free encyclopedia
Інтэрнацыяна́льная ву́ліца — вуліца ў Верхнім Горадзе ў Цэнтральным раёне горада Мінска. Праходзіць ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Янкі Купалы, ляжыць паміж Рэвалюцыйнай і праспектам Незалежнасці. Нумарацыя дамоў вядзецца ад Гарадскога Вала.
Інтэрнацыянальная вуліца Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны |
Працягласць | 994[1] |
Рух | двухбаковы |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Кастрычніцкая (250 м), Няміга (310 м) |
Помнікі | Помнік Валенцію Ваньковічу |
Дзяржаўныя ўстановы | Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, дом-музей Ваньковічаў |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
З XVI стагоддзя заходняя частка вуліцы звалася Зборавай ад збудаванага на ёй тым часам[2] кальвінскага збору пры агульнай падтрымцы князя Мікалая Радзівіла Чорнага і фундацыі менскіх заможных пратэстантаў. Назву Зборавая гэта частка вуліцы захоўвала да 1866 года[2].
У 1673 годзе на вуліцы пабудавалі каменны касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак у стылі сталага барока. Да 1830-х гадоў вуліца ўпіралася ў земляны гарадскі вал, які праходзіў прыклада па трасе сучаснай вуліцы Гарадскі Вал. Калі вал зрылі, вуліцу працягнулі ў Раманаўскае прадмесце. Пасля задушэння вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак канфіскавалі і перадалі Рускай праваслаўнай царкве, у іх будынках адкрылі Праабражэнскі манастыр, у 1872 годзе пачалася перабудова барочнага комплексу ў псеўдарускім стылі. У 1866 годзе вуліцу пераназвалі ў Турэмную, бо яна вяла з горада да новапабудаванага турэмнага замка. У 1882 годзе па ініцыятыве жыхароў вуліцу пераназвалі ў Праабражэнскую[3]. У 1899 годзе ў раёне турмы адкрыта жаночая ўрадавая гімназія, у якой пазней вучылася Стэфанія Станюта.
Праабражэнская была адной з цэнтральных вуліц губернскага Мінска[2]. Даўжыня вуліцы ад Губернатарскай да Нова-Раманаўскай складала 175 сажняў (367,5 метры). Вуліца была забрукавана, мела тратуары і вячэрняе асвятленне. Забудоўваць яе можна было толькі каменнымі дамамі. Частка Інтэрнацыянальнай ад сучаснай вуліцы Леніна да Гарадскога Валу — адна старэйшых вуліц Мінска[2].
Усходнюю частку вуліцы прынамсі з XVI ст. называлі Валоцкай. У 1866 годзе Валоцкая перайменавана ў Хрышчэнскую.
Пасля ўсталявання савецкай улады Праабражэнская вуліца перайменавана ў Інтэрнацыянальную, а Валоцкая — у Кастрычніцкую, у 1-й палове 1960-х гадоў часткі вуліцы аб’яднаны пад агульнай назвай Інтэрнацыянальная. Цяперашні комплекс гістарычнай забудовы склаўся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў, будынкі прымыкаюць адзін да другога, арыентаваны галоўнымі фасадамі на лінію забудовы і ўтвараюць ураўнаважаную кампазіцыю[4].
Накіравана з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.
Працягвае вуліцу Валадарскага (ад скрыжавання з Гарадскім Валам). Вуліцу перасякаюць вуліцы Камсамольская, Леніна, Энгельса, далей ад вуліцы Інтэрнацыянальнай пачынаецца вуліца Зыбіцкая і ідзе на захад.
Канчаецца т-падобным скрыжаваннем з вуліцай Янкі Купалы.
Вуліца ў 1930-я г. Злева гатэль «Гарні», далей — дом Берлянда | Перспектыва Праабражэнскай вуліцы ў канцы 19 стагоддзя. Злева гасцініца «Мачыз», далей — «Гарні», справа — Праабражэнскі жаночы манастыр | Вуліца Праабражэнская на скрыжаванні з Багадзельнай (былой Феліцыянаўскай, цяпер Камсамольскай). 1915 г. |
Касцёла Войцеха да яго перабудовы ў праваслаўную царкву. Не пазней за 1871 год. | План жаночага Праабражэнскага манастыра, 1910—1918 гг. НГАБ. | Праваслаўны Праабражэнскі манастыр. 1904 год. |
Сучасная Інтэрнацыянальная канчаецца т-падобным скрыжаваннем з вуліцай Янкі Купалы, але да рэвалюцыі, калі гэта частка вуліцы яшчэ звалася Хрышчэнскай, яна ішла да Свіслачы. На беразе з сярэдзіны XIX стагоддзя працавалі лазні Плаўскага. Паблізу лазняў была сядзіба братоў Луцкевічаў, Антона і Івана — дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. У 1905 годзе ў ёй размяшчаўся склад зброі. Напачатку XX стагоддзя Хрышчэнская адносілася да другога разраду гарадскіх вуліц, мела маставую, а даўжыня складала 260 сажняў (546 метраў).[2]
Вуліца бярэ пачатак ад скрыжавання з Гарадскім Валам каля сквера Адама Міцкевіча, які атрымаў сваю назву ад імя выбітнага беларуска-польскага паэта 23 верасня 2003 года. У тым жа годзе ў парку ўстаноўлены бронзавы помнік (лаўрэат дзяржаўнай прэміі А. Заспіцкі, скульптар А. Фінскі, арх. Г. Фёдараў)[38].
На плошчы Свабоды, якая прылягае да вуліцы Інтэрнацыянальнай, за гарадской ратушай разбіты невялікі сквер. Беларускі этнограф і пісьменнік П. Шпілеўскі, які бываў у Мінску напачатку 50-х гадоў XIX стагоддзя, пісаў, што ў цэнтры плошчы
… размешчаны невялікі круглы бульвар, абрамлены ў два шэрагі векавымі пірамідальнымі таполямі, якія ўтвараюць з сябе даволі цяністую алею, у сярэдзіне бульвара разведзены маленькі парк ці, правільней, кветнік. Бульвар наведваецца мінчукамі больш улетку, калі каля ратушы грае гарадская музыка: тым часам па вечарах абедзве алеі, круглая і папярочная, напаўняюцца лепшым светам гараджан і гараджанак, прыбраных не горш пецярбургскіх прыгажунь[38]. |
Менавіта ў гэтым скверы ў студзені 1901 года быў адкрыты першы скульптурны помнік у Мінску — Аляксандра II, на чорным гранітным пастаменце якога былі выбіты словы:
Императору Александру II. Благодарные граждане города Минска. 1900 год (бел.: Імператару Аляксандру II. Удзячныя грамадзяне горада Мінска. 1900 год) |
У адпаведнасці з прадпісаннем гарадскога савета ў парк было забаронена ўпускаць асоб «непрыстойна і брудна апранутых: гандляроў, чорнарабочых і майстравых».
Пасля рэвалюцыі 1917 года, помнік новай уладай быў дэмантаваны. Замест яго быў усталяваны помнік «Салдат-рэвалюцыянер» па праекце мінскага архітэктара і скульптара А. Краснапольскага. Ён уяўляў сабой фігуру байца (хутчэй за ўсё з гіпсу) у салдацкім шынялі з вінтоўкай у руках. Але гэты помнік прастаяў нядоўга — да германскай акупацыі 1918 года. Ён быў разбураны — у лютым 1918 года, кайзераўскія салдаты, якія ўвайшлі ў Мінск, разбілі скульптуру прыкладамі вінтовак.
З аднаўленнем Мінскай ратушы ў 2003 годзе сквер быў рэканструяваны: былі разбіты дзве авальныя алеі з высаджанымі пірамідальнымі таполямі, устаноўлены чыгунныя ліхтары і лаўкі.
З іншага боку Інтэрнацыянальнай, уздоўж вуліцы Леніна, да вул. Карла Маркса цягнецца бульвар. Бульвар на вуліцы Леніна быў зроблены на аснове Генеральнага плана горада Мінска 1946 года. Аўтарамі агульнага вырашэння былі арх. Н. Трахтэнберг і Г. Парсаданаў, аўтар праекта азелянення вуліцы Леніна арх. М. Андросаў; аўтар рашоткі агароджы бульвара — арх. Шміт; у 1949 годзе архітэктарам Р. Абразцовай быў зроблены праект добраўпарадкавання бульвара. Да 1952 года рэканструкцыя вуліцы Леніна скончана, вуліца была пашырана амаль у два разы адносна першапачатковай шырыні, быў зроблены бульвар.[9] У 2002 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[47]. 3 ліпеня 2003 была скончана рэканструкцыя бульвара (арх. А. Сардараў). Былі створаны два невялікія фантаны са скульптурамі, заменены старыя і хворыя дрэвы ліпавай алея, а таксама асфальт на ўзорыстую плітку[48].
Упіраецца Інтэрнацыянальная ў парк імя Янкі Купалы, разбіты пасля Вялікай Айчыннай вайны на месцы, дзе раней стаялі адна- двухпавярховыя хаты.
Аўтамабільны рух на ўсёй працягласці вуліцы двухбаковы.
За 250 м ад скрыжавання з вуліцай Энгельса — «Кастрычніцкая», а за 310 метраў ад скрыжавання з вуліцай Леніна знаходзіцца станцыя метро «Няміга».
Трамвайная лінія, якая праходзіла па вуліцы Інтэрнацыянальнай, існавала з 1929 года. У паваенны час у 1949 годзе на вуліцы была адноўлена трамвайная лінія, але ў 1967 годзе падчас памяншэння трамвайнай сеткі была лінія разбурана.[49]
Пры будаўніцтве ведамасных гаражоў, у 1960-х гадах, рабочыя раскапалі на тэрыторыі былога кляштара бенедыкцінак сетку падземных хадоў[50], якія ішлі ў кірунку кінатэатра «Перамога» (вул. Інтэрнацыянальная, 20), а таксама да дамініканскага і францысканскага кляштараў. Большая частка падземных манастырскіх канструкцый была пазней знішчана падчас будаўніцтва пракуратуры.
У канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў, падчас земляных работ каля будынка Мінскай кансерваторыі, коўш экскаватара натыкнуўся на цагляныя скляпенні падземнага ходу. Перад будаўнікамі адкрылася падземная галерэя, пабудаваная прыкладна ў XVIII стагоддзі[51]. Коўш экскаватара пашкодзіў скляпеністую столь ходу і археолагі змаглі прайсці па ім не больш за 7—10 метраў, далей усё было завалена. Вышыня тунэля была каля паўтара метры, шырыня — метр. Меркавана гэты падземны ход, улічваючы кірунак, ішоў ад дамініканскага сабора пры мужчынскім манастыры да езуіцкага.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.