Remove ads
Лістападнае дрэва, від дрэў роду арэх (Juglans) сямейства арэхавыя (Juglandaceae) From Wikipedia, the free encyclopedia
Грэцкі арэх[1][2][3][4], Валоскі арэх (Juglans regia) — лістападнае дрэва, від дрэў роду арэх (Juglans) сямейства арэхавыя (Juglandaceae).
Грэцкі арэх | |||||||||||||||||
Дарослая расліна ў Чэхіі | |||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||
Juglans regia L. | |||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||
|
Батанічная ілюстрацыя з кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887 |
Грэцкі арэх — хуткарослая, святлалюбная, цеплалюбівыя, засухаўстойлівая расліна. Буйное дрэва, вышыня да 30 метраў[4], і да 1,5 м у дыяметры[3].
Працягласць жыцця 300—400 гадоў. Цвіце грэцкі арэх у красавіку-маі, плады выспяваюць у верасні.
Ствол тоўсты і галінасты, пакрыты шэрай патрэсканай карой з падоўжнымі расколінамі, галіны ўтвараюць густую, шырокакруглую крону[3][4]. Маладыя парасткі бліскучыя аліўкава-шэрыя з круглымі, апушанымі пупышкамы.
Ліст у восеньскай афарбоўцы |
Чарговае буйное лісце складанае, непарнаперыстае, 20-40 см даўжынёй. Кожны ліст складаецца з чатырох, шасці ці васьмі пар падоўжана-яйцападобных лісточкаў, тупых ці завостраных[4], з якіх верхні самы вялікі. Лісточкі бываюць ад 40 да 70 мм даўжынёй, распускаюцца адначасова з кветкамі, яны цэльнакрайнія, яйкападобныя, пры распусканні ружовыя, летам цёмна-зялёныя, бліскучыя, знізу матавыя, пры расціранні з прыемным характэрным пахам[3].
Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Тычыначныя кветкі з 5-6 пялёсткавым калякветнікам і 8-40 тычачкамі сабраны ў вісячыя доўгія каташкі ружова-зялёнага колеру, развіваюцца на леташніх парастках. Песцікавыя кветкі размешчаны на верхавінках аднагадовых галін, адзінкава ці групамі па дзве-тры. Яны маюць просты 5-6-пялёсткавы калякветнік. Песцік адзін, з ніжняй завяззю, кароткім слупком з двухлопасцевым махрыстым лычыкам.
Цвіце ў красавіку — маі[3].
Плады грэцкага арэху |
Арэхаплоднае дрэва, пачынае пладаносіць на 8-10-ы год. Плады — буйныя аднанасенныя несапраўдныя касцянкі (арэхі) — маюць тоўстую, мясістую скурыста-кудзелістую зялёную лупіну і моцную костачку з дравяністай, маршчыністай, рабрыстай абалонкай[3][4], форма ад круглявай да яйкападобнай, да 5 см даўжынёй, да 3 см у шырыню; пры наступленні спеласці лупіна плоду, высыхаючы, лопаецца на 2 часткі і сама сабой аддзяляецца, костачка сама сабой не раскрываецца.
Касцянка без вонкавай абалонкі складаецца са знешняй дравяністай абалонкі і ядра. Паверхня абалонкі мае выпуклае шво, якое дзеліць плод на дзве палавінкі. У ядры ёсць адна ці дзве (часам і больш) перагародкі.
Плады паспяваюць у канцы жніўня - верасні[3].
Злева направа: агульны выгляд; кара; пупышкі |
Злева направа: тычынкавыя кветкі; песцікавыя кветкі; няспелы плод; спелы раскрыты плод |
Ф. Н. Кёніг . «Інтэрлакен», 1804 |
Грэцкі арэх у Славеніі |
У дагістарычныя часы грэцкі арэх у Заходняй Еўропе быў значна больш распаўсюджаны, хоць, магчыма, то быў блізкі да гэтага, а не той самы від, які там распаўсюджаны ў цяперашні час.
Радзіма Балканскі паўвостраў. У дзікім стане грэцкі арэх расце ў Сярэдняй Азіі[3], Закаўказзі, асабліва ў заходняй частцы, а таксама ў Талышскіх гарах. Грэцкі арэх расце ў паўночным Кітаі, у паўночнай Індыі, на Цянь-Шані, у Іране, у Малой Азіі і Грэцыі. У Заходняй Еўропе ён лічыцца здзічэлым, але разводзіцца яшчэ да шыраты 56° з. ш. Па звестках Шубелера, у Нарвегіі і Швецыі нават да 59°. Самым паўночным дрэвам гэтай пароды на ўсёй зямлі той жа аўтар лічыць дрэва, якое знаходзіцца ў нарвежскім гарадку Форзундзе, пад 63° 35' з. ш. Усё гэта адзінкавыя асобнікі, за якімі старанна даглядаюць.
У Расіі, у Санкт-Пецярбургу грэцкі арэх не вымярзае цалкам, але і не ўздымаецца ў выглядзе сапраўднага дрэва. Яго разводзяць з мэтай атрымаць спелыя плады, што здараецца не штогод, яшчэ да шыраты Варонежа; да 52° з. ш. у заходняй Расіі, а ўжо з даўгаты Харкаве арэал пашыраецца да поўдня.
У Беларусі зрэдку сустракаецца па ўсёй тэрыторыі ў парках і вулічных насаджэннях[4]. 3 усіх відаў арэхавых гэты від мае найбольшае значэнне і пашырэнне. Інтрадукаваны ў паўднёва-заходнія раёны Беларусі ў другой палове XVIII ст. Пладовыя дрэвы ёсць у парках, вулічных насаджэннях, на прысядзібных участках у Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай абласцях.
Ва Украіне распаўсюджаны ў садова-паркавых культурах, у лясных насаджэннях як пладовая спадарожная парода, у лесапалосах і прыдарожных пасадках. Асноўныя насаджэнні грэцкага арэха ва Украіне размешчаныя ў Чарнавіцкай вобласці і ў Крыму абласцях[5].
Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона прыводзіць паведамленне, што пры царкве грузінскага сяла Кехві (Гарыйскі павет Тыфліскай губерні , цяпер Цхінвальскі раён Паўднёвай Асеціі), у 12 вёрстах (12,8 км) ад Цхінвалі, рос грэцкі арэх вышынёю ў 84 футы (25,6 м), а ў абхваце 28 футаў (8,5 м), у цені яго маглі схавацца да 200 коннікаў. Ён даваў штогод да 100 пуд ов (1,6 т) пладоў. У многіх месцах Закаўказскага краю .
Асноўнымі вытворцамі грэцкага арэха з’яўляюцца Кітай, ЗША і Турцыя.
Павет Янбі знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Далі-Байскага аўтаномнай акругі кітайскай правінцыі Юньнань, дзе камфортны клімат, глеба добра захоўвае ваду, маецца дастаткова сонечнага святла, што ўяўляе аптымальныя ўмовы для вырошчвання грэцкага арэха. У КНР гэтай мясцовасці нададзена званне «Радзіма кітайскага грэцкага арэха»[6].
З рэспублік былога Савецкага Саюза значная колькасць арэха вырошчваецца на Украіне і ў Малдове. Ва Украіне штогод вырабляецца да 27 тыс. тон арэхаў.[7]. У структуры экспарту Малдовы арэх займае 4-е месца — пасля віна, тэкстылю і пшаніцы. Яшчэ ў XVIII стагоддзі Дзмітрый Кантэмір згадваў арэх у ліку галоўных багаццяў краіны. Да нашых дзён захаваўся ў малдаўскіх сёлах звычай, які ідзе з глыбокай даўніны, саджаць арэх, калі ў сям’і народзіцца дзіця.
Грэцкі арэх не любіць цяжкіх і сырых глеб, расце асабліва добра ў далінах, якія абрашаюцца цякучымі водамі. Дэфіцыт гэтай прадукцыі на еўрапейскім рынку ў апошнія гады складае да 100 тыс. тон арэхаў ў абалонцы[7]. Па камерцыйнай каштоўнасці ядра арэха падпадзяляюць на цэлыя, палоўкі, чвэртачкі і дробку, дзе кошт паступова памяншаецца — цана непашкоджанага насення ў 3-4 разы вышэй цаны драблёнага (пашкоджанага) насення[7].
Ачышчаныя ядры |
У склад ядраў грэцкага арэха ўваходзяць разнастайныя арганічныя і мінеральныя злучэнні: тлушчы, бялкі - 9-18 %[3], вугляводы − 7[8]-13 %[7] (глюкоза, цукроза, дэкстрын, крухмал і г. д.), дубільныя і араматычныя рэчывы, вітаміны К і Р , 2,9 % клятчаткі, 1,6 % попелу, амінакіслоты (аспарагін, цысцін, глутамін, серын, гістыдзін, валін, фенілаланін).
Плады ўтрымліваюць 50-70[9]-78 %[3][10] алею і да 21 % бялку[8][9]. Тлусты алей складаецца з гліцэрыдаў лінолевай, алеінавай, стэарынавай, пальміцінавай і ліналенавай кіслот[11]. Ён змяшчае ў сабе вітаміны А, D, Е, К, антыаксіданты і поліненасычаныя тлустыя кіслоты (лінолевая Амега-6 і ліноленовая Амега-3), якія яшчэ называюць незаменнымі[7].
Няспелыя плады багатыя аскарбінавай кіслатой[3] (да 10[8] %, паводле іншых звестак[4], да 3 %). Утрыманне вітаміну С больш за 3000 мг% вітаміну С, у спелых пладах — 35 мг%. Няспелыя плады, да зацвярдзення шкарлупы, па ўтрыманні вітаміну С (2000 — 3000 мг%) у 7-10 разоў перавышаюць найлепшыя сарты чорных парэчак[9].
У лісці ўтрымліваюцца хіноны (нафтахінон юглон[4], α-гідраюглон, β-гідраюглон), флаваноіды (гіперазід, 3-арабіназід кверцэцін, 3-арабіназід кемпферол), вітамін B, аскарбінавая кіслата (4-5 %), дубільныя рэчывы (3-4 %), элагавая і галусавая кіслоты, кафейная кіслата (0,1 %), караціноіды , у складзе якіх знойдзены β-карацін (12 мг на 100 гр), віялаксантын, флаваксантын, крыптаксантын, эфірны алей (да 0,03 %)[4].
Зялёны каляплоднік утрымлівае α- і β-гідраюглоны, аскарбінавую кіслату (да 3 %), дубільныя рэчывы, цукар, яблычную і лімонную кіслоты, дубільныя і фарбавальныя рэчывы, фосфарна- і шчаўекіслы кальцый.
Цвёрдыя абалонкі пладоў утрымліваюць значную колькасць дубільных рэчываў (16-21 %), у тым ліку галавую і элагавую кіслоты.
Харчовая, вітамінная, алейная, драўняная, лекавая, эфірнамаслінная, дубільная, фарбавальная, дэкаратыўная, фітанцыдная і касметычная расліна.
Няспелыя плады выкарыстоўваюць для вырабу вітамінных канцэнтратаў і вітамінізаваных прадуктаў (варэнне). У харчовай прамысловасці прымяняюцца ядры арэхаў, якія адрозніваюцца выключнымі смакавымі ўласцівасцямі і высокай харчовай каштоўнасцю: 1 кг грэцкіх арэхаў дае больш 8500 калорый[3] і па каларыйнасці зерне грэцкіх арэхаў у два[7] разы перавышае пшанічны хлеб вышэйшага гатунку, таму грэцкі арэх выкарыстоўваецца для дыетычнага харчавання і прыгатавання кандытарскіх вырабаў.
Лячэбна-дыетычныя ўласцівасці маюць плады, зялёныя каляплоднікі і лісце. Плады грэцкага арэха выкарыстоўваюць у многіх галінах прамысловасці: у кандытарскай (начынне, цукеркі, тарты, печыва і таму падобнае), у кансервавай, пладова-агародніннай, алейнай вытворчасці. Асабліва высокія смакавыя ўласцівасці мае арэхавы алей, які выкарыстоўваюць у харчовай прамысловасці. У ім ёсць стэарынавая, алеінавая, лінолевая, ліналенавая і пальміцінавая кіслоты. Алей грэцкага арэху захоўваецца нядоўга. Колькасць тлустага алею ў ядры арэхаў дасягае 70 %. Асноўную масу азоцістых злучэнняў складае бялок. У параўнанні з іншымі пладовымі і ягаднымі культурамі ядры грэцкага арэха багатыя жалезам, алюмініем, стронцыем, марганцам, цынкам, нікелем, борам, меддзю, хромам, шмат фосфару, калію, кальцыю, магнію. Ядры маюць у сабе ўсю групу вітамінаў B, вітаміны A, E, P і невялікую колькасць вітаміну C. Арэхавы жом мае 48,5 % бялковых рэчываў, 9,5 % тлушчоў, 6,7 % цэлюлозы і можа выкарыстоўвацца ў кандытарскай вытворчасці, а таксама як каштоўны канцэнтраваны корм для кармлення жывёл. З недаспелых пладоў вараць варэнне.
Даказана дабратворнае ўздзеянне ўжывання арэхаў на якасць спермы[12].
Лекавай сыравінай з'яўляюцца лісткі (лац.: Folia Juglandis regiae) і зялёныя каляплоднікі (лац.: Cortex Juglandis regiae fructibus) арэха грэцкага. Збіраюць асобныя лісточкі складанага ліста ў час цвіцення расліны. Іх абрываюць рукамі і сушаць у цені[4]. Іх рэкамендуюць як сродак супраць эксудатыўнага дыятэзу, рахіту і для гаення ран. Таксама выкарыстоўваюць саспелыя плады і цвёрдую абалонку пладоў. Прэпараты грэцкага арэха выкарыстоўваюць для мясцовага лячэння скурнага туберкулёзу[3], стрэптакокавай і стафілакокавай інфекцыяй[3], для загойвання ран пры хранічным ртутным атручэнні, разрыхленні дзясен, выкліканым цынгой, залатушным запаленні вачэй і г. д[4].
Ядры арэхаў рэкамендаваны хворым атэрасклерозам, сухотамі[3], пры гіпертаніі, падвышанай кіслотнасці страўнікавага соку[10][13]. Іх рэкамендуюць пры вялікай фізіялагічнай і разумовай стомленасці, пры значнай страце масы, пасля цяжкіх хвароб.
Алей грэцкага арэха халоднага прасавання выкарыстоўваюць для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, зніжэння ўзроўню халестэрыну, а таксама пры дыябеце[3][10].
Лячэбнае значэнне маюць і лакуны («перагародкі») арэхаў. Так, 20-% настойка лакун апынулася эфектыўнай пры эўтырэоіднай форме дыфузнага зобу і лёгкай форме тырэятаксікозу[14].
У народнай медыцыне грэцкі арэх ужываюць пры катарах страўніка і кішак, пры паносах, рахіце, эксудатыўным дыятэзе, падагры, крывацёках[4]. Лісце здаўна ўжывалася як раназажыўляльны і вітамінавы сродак[8].
Паколькі няспелыя плады маюць высокае ўтрыманне вітаміна С, у народнай медыцыне спіртавыя настойкі здробненых маладых пладоў выкарыстоўваюць як лячэбны і вітамінны сродак.
Пры падвышанай сакрэцыі страўніка ўжываюць насенне грэцкага арэха па 1-2 сталовыя лыжкі 3 разы ў суткі за 30 мін да ежы[15]. Ужываць у ежу арэхі проціпаказана пры хваробах кішачніка[14].
Цвёрдая абалонка арэха выкарыстоўваецца для лячэння ран, інфекцыйных запаленняў скуры. Адварам робяць прымочкі да паражаных месцах, ім можна паласкаць ротавую паражніну і горла пры запаленні (дзеянне дубільных рэчываў)[15].
Падоўжны спіл драўніны грэцкага арэха |
Драўніна грэцкага арэха лічыцца каштоўнай пародай дрэва, якая прымяняецца для вырабу высакаякасных прадметаў. Паколькі яна з'яўляецца пабочным прадуктам вырошчвання грэцкіх арэхаў, з прычыны чаго яе паступленне нерэгулярна, прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць гэтую драўніну, нешматлікія і арыентаваны на невялікія яе аб'ёмы. Тая акалічнасць, што дрэвы грэцкага арэха пры нарыхтоўцы часта выкопваюць з коранем, абумоўлена, аднак, не недахопам драўніны. Самыя ніжнія часткі ствала дрэва, якія знаходзяцца часам у зямлі, клубнепадобна патоўшчаныя і выкарыстоўваюцца для вырабу самага каштоўнага шпону з касаслойнай драўніны, упрыгожанай багатымі ўзорамі.
Драўніна грэцкага арэха мае прыгожую тэкстуру, трывалая, аднастайная, цвёрдая, добра паддаецца апрацоўцы, выдатна паліруецца. Яна выкарыстоўваецца для вырабу мэблі, паркету, а таксама афармлення інтэр'ераў дамоў і аўтамабіляў. З грэцкага арэху робяць музычныя інструменты, фанеру, прыклады для стрэльбаў, дробныя вырабы. Наплывы (капы) на ствалах арэха выкарыстоўваюць для вырабу мастацкіх вырабаў і дарагой мэблі.
Па прычыне высокага кошту для вытворчых мэтаў звычайна выкарыстоўваецца шпон. Акрамя таго, драўніна арэха ўжываецца для вырабу драўляных частак паляўнічай зброі па прычыне высокай дынамічнай трываласці і мінімальнай схільнасці да парэпання. Існуе меркаванне, што выкарыстанне драўніны арэха ў зброевай вытворчасці прыводзіла да істотных скарачэнняў плошчы распаўсюджвання дрэў у ваенныя гады[16].
Абалона арэха мае шэры колер, часам з чырванаватым адценнем і выразна аддзелена ад цёмнага ядра , якое можа мець вельмі розную афарбоўку, ад цёмна-шэрага да цёмна-карычневага. Колер драўніны часта залежыць ад месца вырастання, асабліва — ад клімату і ўласцівасцяў глебы. На рынку адрозніваюць месца паходжання драўніны. Так, «італьянскі арэх» мае, у параўнанні з арэхам з Германіі або Швейцарыі, больш чырвонае адценне і складаную структуру малюнка драўніны. У Германіі асабліва шанаваўся «каўказскі арэх» з яго чорнай размалёўкай. Большы попыт існуе на «французскі арэх» з-за яго асаблівай расфарбоўкі і ўзору.
Драўніна арэха паўкольцапорыстая. Гэта значыць, што ранні прырост з буйнымі порамі адрозніваецца ад позняга прыросту з дробнымі порамі, але не так моцна, як у кольцапорыстых парод драўніны. З прычыны гэтага на тангенцыйным зрэзе драўніны арэха ўзнікае дэкаратыўны муаравы ўзор , а на радыяльным — узор з палос. Акрамя таго, колер ядровой драўніны часцяком нераўнамерны, за кошт чаго атрымліваюцца паверхні са складаным узорам тэкстуры, колеру і ўнутранай гульнёй святла, якія асабліва цэняцца. Драўніна арэха тонкавалакністая, мае сярэднюю цвёрдасць і шчыльнасць, якая складае ад 450 да 750 кг/м³. Драўніна глейкая і трывалая на выгіб, але не эластычная. Устойлівая да вільгаці, добра апрацоўваецца, афарбоўваецца і паліруецца. Пры сушцы моцна карабаціцца , аднак у высушаным стане захоўвае форму.
Грэцкі арэх у восеньскай афарбоўцы, Францыя |
Грэцкі арэх у Германіі |
У паўднёвых раёнах шырока культывуецца як дэкаратыўная расліна. Садовая і паркавая расліна, пыле- і газастойкая і даўгавечная парода. Рэкамендуецца для адзіночных, групавых пасадак і алей, стварэння масіваў, абсадкі дарог. Грэцкі арэх шырока ўжываецца ў лесамеліярацыйных насаджэннях. Яго густая крона мае добрыя ветраахоўныя ўласцівасці, а лісце ўзбагачае глебу перагноем. Засухаўстойлівасць, даўгавечнасць, здольнасць да парасткавага аднаўлення даюць магчымасць прымяняць яго як спадарожную пладовую пароду ў полеахоўных палосах, у бэльках і ў ахоўных насаджэннях на абрашаных землях.
Культура грэцкага арэха пачалася з самых старажытных часоў, і ён даў мноства разнавіднасцяў; разнастайнасць заўважаецца у ліку лісточкаў пёрыстага лісця, якія часам бываюць нават суцэльнымі, у напрамку галін, у ступені далікатнасці дравяністай часткі плоду і інш. Садовыя формы адрозніваюцца сілуэтам кроны, афарбоўкай лісця і кветак.
Зялёны каляплоднік багаты юглонам, наяўнасць якога ў лісці і зялёных каляплодніках сведчыць пра аздараўленчае значэнне грэцкага арэха ў насаджэннях.
У парфумернай прамысловасці выкарыстоўваюць прадукты перапрацоўкі арэхавага алею. Паколькі ён ваалодае здольнасцю раствараць эфірныя алеі, з яго дапамогай здабываюць каштоўныя араматычныя злучэнні — ружавы, фіялкавы, лімонны , памяранцавы эфірныя алеі[3]. Адварам лісця мыюць галаву для надання валасам цёмнага адцення[3].
Лісце ўтрымлівае горкія і араматычныя рэчывы, выпарэнні якіх прычыняюць некаторым галаўны боль. Яны ўжываюцца ў Закаўказзі для адурэння рыбы (фарэлі) у горных рэчках.
Уся расліна мае інсектыцыдныя і фітанцыдныя ўласцівасці[3]. Адвар лісця ўжываюць для барацьбы з павуціннай моллю пладовых раслін. Лісце грэцкага арэха валодае высокімі фітанцыднымі ўласцівасцямі, адпуджвае мух[9].
Шкарлупінне арэхаў змяшчае шмат дубільных рэчываў і выкарыстоўваецца для дублення скуры. Алей выкарыстоўваецца для вытворчасці высакаякасных мастацкіх фарбаў, а таксама ў паліграфічнай прамысловасці.
Зялёныя абалонкі пладоў выкарыстоўваюць для афарбоўкі тканін у розныя адценні карычневага колеру. Як фарбавальнікі ўжываюць таксама і галы на лісці. З экстракту лісця і лупіны зялёных пладоў атрымліваюць устойлівы, экалагічна чысты фарбавальнік .
Абалонка грэцкіх арэхаў выкарыстоўваецца для вырабу актываванага вугалю, шліфавальнага каменя, лінолеўма, толя[7].
Пчолы збіраюць з арэха досыць пажыўны пылок.
Арэхавы сад на ранчы ў Каліфорніі, ЗША |
Грэцкі арэх у Францыі |
Цепла- і святлолюбівая культура. Дрэнна пладаносіць ва ўшчыльненых пасадках, якія недастаткова праветрываюцца і асвятляюцца. Для нармальнага росту і развіцця грэцкаму арэху неабходны вегетацыйны перыяд працягласцю не менш як 150 дзён з сумай тэмператур (вышэй за 10°°C) каля 2000 °C. У крытычныя зімы дрэвы падмярзаюць: тычынкавыя пупышкі пашкоджваюцца пры −21,5 °C, верхавінкавыя — пры −22 −23 °C. У перыяд утварэння пылку крытычная тэмпература для тычынкавых кветак 2,8 °C. Аднак у грэцкага арэха добрая аднаўленчая здольнасць (праз 2—3 гады)[13].
Паколькі арэхавае дрэва занадта зацяняе іншыя дрэвы, то яго трэба саджаць на краі саду.
Да глеб арэх мала разборлівы, хоць аддае перавагу глыбокай і друзлай пескавата-камяністай глебе, не вельмі сухой, прытым поўнай вапнай. На вырошчванне непрыдатныя забалочаныя, пераўвільготненыя і моцна глеістыя глебы. Насаджэнні найбольш прадукцыйныя на ўрадлівых, дастаткова ўвільготненых глебах.
Парастак грэцкага арэха |
Грэцкі арэх разводзіцца амаль выключна насеннем. Насенне (арэхі) высейваюць без падсушвання ў кастрычніку або рана вясной пасля 2-3-месячнай стратыфікацыі на глыбіню 7-10 см. Пры пасеве лепш за ўсё арэхі класці ў грунт бокам на шво.
Французскаму садоўніку Ф. Трэйву ўдалося знайсці надзейны спосаб прышчэпкі арэха ў расшчэп да аднагадовага або двугадовага сеянца , які высаджваюць услед за прышчэпкай ў парнік . Магчыма прышчапляць сартавы арэх на 2-3-гадовыя сеянцы грэцкага, шэрага або чорнага арэхаў.
Лепшы спосаб прышчэпкі «напаўтрубкаю». Прышчапляюць у другой палове чэрвеня — у ліпені, калі добра адстае кара, Для прышчэпкі згаданым спосабам на аднагадовых прыростах шчэпы выразаюць трубку кары, даўжынёй 3-3,5 см, з вочкам пасярэдзіне і ўстаўляюць на месца выразанай кары такога ж памеру ў прышчэпы. На прышчэпе кару здымаюць толькі на палове акружнасці стволіка, таму дыяметр тронка-шчэпы павінен быць значна меншым. Месца прышчэпкі абвязваюць плёнкай.
Маладое дрэўца |
Саджанцы перасаджваюць на пастаяннае месца не пазней за 2-3-гадовага ўзрост[9]. Пасадку праводзяць вясной прышчэпленымі саджанцамі або 3—5-гадовымі сеянцамі. Мінімальная адлегласць паміж дрэвамі 8 м. Крону фарміруюць з 5—6 шкілетных галін, абрэзку робяць ранняй вясной, да пачатку руху сокаў. Азотныя ўгнаенні ўносяць кожны год, калійныя і фосфарныя — адзін раз у 2—3 гады[13].
Лепш за ўсё расце грэцкі арэх на супясчаных, досыць увільготненыхі урадлівых глебах[9].
Паспяванне тычынак і песцікаў у грэцкага арэха адбываецца ў розны час, што выключае самаапыленне. Гэта ўласцівасць спрыяе перакрыжаванаму апыленню і атрыманню паўнавартасных арэхаў. У некаторых сартоў тэрміны цвіцення жаночых і мужчынскіх кветак перакрываюцца, звычайна гэта адбываецца, калі першымі заквітаюць жаночыя кветкі. Дрэва, у якога першымі раскрываюцца мужчынскія кветкі, з'яўляецца самастэрыльным, паколькі каташак можа пыліць ад некалькі гадзін у гарачыя дні да 7 дзён у пахмурнае надвор'е.
На сёмы — восьмы год дрэва дае плады і захоўвае гэтую здольнасць да 500 гадоў. Ураджайнасць можа дасягаць 25-30 цэнтнераў з гектара.
Грэцкі арэх непатрабавальны, не патрабуе адмысловага догляду. Пакуль дрэвы не пачалі цалкам плоданасіць, у міжраддзях вырошчваюць іншыя сельскагаспадарчыя культуры (напрыклад, кукурузу).
Саспелыя плод і насенне грэцкага арэха |
Па звестках ЭСБЭ, з сартоў грэцкага арэха найбольш распаўсюджаны ў Крыму быў ‘angulosa’ з цвердаскурымі пладамі сярэдняй велічыні, які лепш за іншых расце ў паўднёвай Расіі. Вышэй яго па якасцях пладоў танкаскуры сорт ‘tenera’; потым ішлі сорт карга-бурун з востраканечнымі пладамі і ‘maxima’ з вельмі буйнымі пладамі, але вельмі дробнымі зернямі або насеннем, прыдатнымі да ўжывання толькі ў свежым выглядзе; яго называлі «ёлачны арэх», ён ішоў на ўпрыгожванне навагодніх елак. Выдатны таксама сорт ‘serotina’, у якога позна распускаецца лісце і з'яўляюцца кветкі, а таму ён менш, чым іншыя, пакутуе ад маразоў, да ўплыву якога грэцкі арэх наогул вельмі адчувальны; а таксама ўрадлівы ‘praeparturiens’ — маларослы, які адрозніваецца раннім плоданашэннем — часам у трох-чатырохгадовым узросце. Вельмі пладаноснымі лічыліся таксама сарты ‘racemosa’, у якога па 10-13 арэхаў сядзяць разам у выглядзе гронкі, і ‘microcarpa’. Як дэкаратыўны сорт — ‘heterophylla’ і амерыканскія разнавіднасці ( ‘cinerea’, ‘nigra’ і іншыя).
Ва Украіне раянаваны наступныя сарты: Бомба, Гроздевий, Паперовий[9]. Плады расліны сорта Бомба — вялікія, з тоўстай шкарлупінай, а Паперові — з тонкай шкарлупінай[5].
Плоданашэнне ў грэцкага арэха пачынаецца з 8-10-гадовага ўзросту (пры правільным фарміраванні кроны і добрым доглядзе плоданасіць і з 4-5-гадовага ўзросту), але больш багата з 15-20 гадоў і працягваецца да 150—200 гадоў і больш позняга ўзросту. Збор арэхаў дасягае ў Малдове да 1,5-2 тысяч штук з дрэва, у Вінніцкай і Хмяльніцкай абласцях Украіны — да 25 кілаграмаў, а часам звыш 150 кілаграмаў, у Крыме 25-40-гадовыя дрэвы даюць штогод 2-2,5 тысячы арэхаў.
Сабраныя плады |
Збіраюць арэхі ў верасні — кастрычніку, пасля ападу іх на зямлю. З сабраных арэхаў здымаюць зялёны каляплоднік, сушаць на сонцы або ў сушыльных камерах пры тэмпературы не вышэй 60 °C. Вільготнасць прасушаных арэхаў не павінна перавышаць 10 %. З дапамогай калібровачных машын арэхі сартуюць, правяраюць на якасць і складаюць у папяровыя або тканевыя мяшкі вагой 30-50 кг. Тэрмін захоўвання два-тры гады.
Выхад ядра ад танкасценных арэхаў складае каля 50 % ад масы пладоў, таўстасценных — 30-35 %[7]. Па якасці грэцкія арэхі падзяляюць на тры гатункі (ДАСТ 16832-71), што залежыць ад памеру арэхаў. Да вышэйшага гатунку ставяцца арэхі з дыяметрам 28, першаг — 25, другога — 20 мм. Выхад зерня з арэхаў складае (%): вышэйшага гатунку 50, першага — 45, другога — 35[7].
Лісце збіраюць вясной і ў пачатку лета ў сухое надвор'е і пасля таго, як знікне раса. Яго абрываюць і складаюць у кошыкі або мяшкі, затым сушаць на сонцы або пад намётамі, рассцілаючы тонкім пластом (23 см) на паперы або тканіне[3]. Счарнелае лісце адкідаюць. Сухой сыравіны атрымліваецца 23-25 %. Захоўваюць у сухіх прахалодных памяшканнях.
Каляплоднікі збіраюць пры нарыхтоўцы пладоў, разразаючы іх напалову, адкідаючы пашкоджаныя часткі. Сушаць у сушылках пры тэмпературы 30-40°. Сухой сыравіны атрымліваецца 2 %. Сыравіну пакуюць у мяшкі і захоўваюць звычайным спосабам.
Зялёныя, недаспелыя плады збіраюць у перыяд малочна-васковай спеласці, калі ўнутраная абалонка яшчэ лёгка разразаецца нажом.
Грэцкі арэх на паштовай марцы Украіны |
Па звестках ЭСБЭ, на Каўказе існаваў промысел , заснаваны на зрэзванні з арэхавага дрэва нарастаў , якія высока шанаваліся сталярамі . Звычайна такія нарасты былі каля 1,2 метра ў даўжыню і вагой 330—660 кг, але трапляліся кавалкі даўжынёй у 2,1 метра і вагой у 1300—1640 кг. У пачатку XX стагоддзя экспарт такіх нарастаў з Расіі складаў каля 1600 т на суму звыш 250 000 руб. Здабыча нарастаў вялася нядбайна, так што ў большасці выпадкаў адбывалася гібель дрэва.
Пашкоджанні ад Aceria erinea на адваротным баку лісця грэцкага арэха |
Сляды ад Gnomonia leptostyla |
Плады грэцкага арэха можна бачыць на карцінах такіх мастакоў, як Абрахам ван Калраэт , Альфрэд Сіслей, Антоніа Перэда , Флорыс ван Шутэн , Флорыс ван Дэйк, Георг Флегель , Ян ван Хёйсум , Якаб ван Эс , Жан Батыст Сімяон Шардэн , Джон Данстал , Луіс Мелендэс, Марыя Аўэрсперг Атэмс, Вілем ван Алст, Франц Ніклаўс Кёніг і іншых
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.