Remove ads
беларускі мастак From Wikipedia, the free encyclopedia
Валянцін (Валенцій-Вільгельм) Ваньковіч (12 (24) мая 1800, маёнтак Калюжыца, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Бярэзінскі раён, Мінская вобласць — 12 мая 1842, Парыж, Францыя) — мастак рамантычнага кірунку, аўтар вядомага партрэта Адама Міцкевіча «Міцкевіч на скале Аю-Даг» (каля 1831).
Валянцін Ваньковіч | |
---|---|
| |
Імя пры нараджэнні | Валенцій-Вільгельм Ваньковіч |
Дата нараджэння | 12 (24) мая 1800[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 мая 1842[2][3][…] (42 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Мельхіёр Аляксандравіч Ваньковіч |
Маці | Схаластыка з Гарэцкіх[d] |
Жонка | Анэля з Растоцкіх[d] |
Дзеці | Адам Ваньковіч і Ян Эдвард Ваньковіч |
Род дзейнасці | мастак, рысавальнік |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рамантызм |
Вядомыя працы | Міцкевіч на скале Аю-Даг, Партрэт Войцеха Пуслоўскага |
Уплыў | Ян Рустэм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Належаў да старажытнага шляхецкага роду Ваньковічаў герба «Ліс», прадстаўнікі якога часта займалі земскія пасады ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Нарадзіўся ў сям’і Мельхіёра Аляксандравіча Ваньковіча (1775—1842) і яго жонкі Схаластыкі Гарэцкай, сястры вядомага польскага паэта Антонія Гарэцкага. Бацька Мельхіёр валодаў маёнткам Малая Сляпянка (цяпер аднайменны раён Мінска) у Менскім павеце і маёнткам Калюжыцы ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні і займаў пасады ігуменскага павятовага суддзі (1799—1802) і старшыні II дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні (1805—1808). Стрыечным братам Валянціна быў мастак Тадэвуш Гарэцкі.
Дзіцячыя гады прайшлі ў Сляпянцы. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811—1818), дзе захапіўся жывапісам, шмат капіраваў з натуры. Потым атрымліваў адукацыю на аддзяленні літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта ў прафесара Яна Рустэма (1818—1824), дзе спрабаваў сябе ў партрэце (пераважна сяброў таварыства філаматаў і філарэтаў). Акрамя таго, наведваў заняткі на факультэце фізічных навук, вывучаў оптыку і законы распаўсюджання святла.
У Вільні настаўнікам Ваньковіча быў вядомы мастак Ян Рустэм.
Паводле пастановы ўніверсітэцкай рады накіраваны на завяршэнне мастацкай адукацыі ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу (1825—1828).
За дыпломную праграму «Подзвіг кіяўляніна ў 988 годзе» В. Ваньковічу прысуджаюць Малы залаты медаль з правам стажыроўкі за мяжой.
З 1829 жыў у доме свайго брата Эдварда Ваньковіча (цяпер вул. Інтэрнацыянальная, дом захаваўся), там жа бывалі яго сябры — Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі, таксама Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя. Меў сядзібу ў тагачасным прыгарадзе Мінска Малой Сляпянцы (дом не захаваўся), дзе зладзіў майстэрню і плённа працаваў[6].
У мінскай майстэрні працаваў з сябрам Чэславам Манюшкам, бацькам вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. У гэты час напісаў партрэты бацькі, сястры Станіславы Гарноўскай, Дамініка Манюшкі, дзядзькі Антонія Гарэцкага, жонкі Анэлі з дзецьмі, мясцовых шляхцічаў.
З пачаткам паўстання 1830—1831 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі меў намер далучыцца да паўстанцаў (купіў зброю і каня), але працяглая хвароба не дала здзейсніцца гэтаму[7].
21 верасня 1832 за партрэты, «пісаныя з натуры», Пецярбургская Імператарская акадэмія мастацтваў уганаравала В. Ваньковіча звання «прызначанага» ў акадэміі і прапанавала для атрымання звання акадэміка напісаць сямейны партрэт з фігурамі ў поўны рост.
У ліпені 1839 выехаў у эміграцыю. Перад ад’ездам напісаў тэстамент на карысць жонкі. Наведаў Мюнхен (у 1840 удзельнічаў там у выстаўцы), Дрэздэн, Берлін, а 15 верасня 1841 прыехаў у Парыжы і асталяваўся ў доме свайго сябра А. Міцкевіча на вуліцы Д’Амстэрдам. У Парыжы пачаў новы этап у сваёй творчасці, у якім узраслі містычныя настроі, падтрыманыя даўнім сябрам філосафам Андрэем Тавяньскім (карціны «Апафеоз Напалеона», 1841, «Напалеон над разарванай картай Еўропы», 1841, «Імправізуючы Міцкевіч», 1841, «Ecce homo», 1842, іконы «Евангеліст Іаан» і «Святая Клара»). У 1842 стварыў свой апошні аўтапартрэт.
Памёр у Парыжы ад сухотаў на руках у Адама Міцкевіча, які запісаў яго тэстамент: частку сваіх карцін мастак перадаў сваёй сям’і і сябрам юнацтва — А. Міцкевічу і А. Тавянскаму, астатнія былі прададзены з аўкцыёна за пазыкі, але сумы на ўсю выплату не хапіла[7]. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сен-Дэні[8]. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыжскім касцёле Сен-Севярын з 1841 года[9]. Ёсць дамова аб стварэнні копіі гэтай карціны з удзелам беларускіх мастакоў[9].
Першым настаўнікам Ваньковіча ў жывапісе быў будучы генерал ордэна езуітаў Габрыэль Грубер, мініяцюрыст. Ураджэнец Вены, ён шмат маляваў для польскага караля Станіслава Аўгуста.
Малады Ваньковіч у вольны ад вучобы час чытаў старыя кнігі, сабраныя ў бібліятэцы езуітаў, і капіраваў карціны, якія знаходзяцца ў манастыры. Па заканчэнні шостага класа, ён ужо ўмеў маляваць мініяцюры і партрэты алеем, удасканальваючы малюнак і колер.
Але толькі Вільня дала па-сапраўднаму выявіцца таленту 16-ці гадовага юнака. Ён запісаўся ва ўніверсітэт Стэфана Баторыя, і яго прынялі на факультэт малявання пасля прадстаўлення сваіх работ.
Неўзабаве, на першай мастацкай выстаўцы факультэта прыгожых мастацтваў, малады мастак атрымлівае шырокае прызнанне сваёй творчасці, большае за сваіх калегаў. В. Ваньковіч атрымлівае першую ўзнагароду.
Каля 1821 года Ваньковіч знаёміцца ва ўніверсітэце з земляком — Адамам Міцкевічам. Яны слухалі адзін і той жа курс лекцый, хутка пасябравалі. Іх адносіны сталі асабліва блізкія пасля таго, як мініяцюра панны Верашчакаўскай, якая вельмі падабалася Міцкевічу, трапіла ў яго рукі. За гэта паэт падзякаваў мастака вершам «Do malarza» («Мастаку»). Ад гэтага часу застаўся пастэльны малюнак Міцкевіча з натуры.
Прафесары любілі Ваньковіча за сціпласць, а больш за ўсіх ганарыўся ім сам Ян Рустэм, у той час яны працавалі ў адной майстэрні. Ваньковіча накіравалі ад Віленскага ўніверсітэта на навучанне ў Санкт-Пецярбург.
Тут ён набывае ўсё большае прызнанне. Пасля чатырох гадоў карпатлівага навучання вяртаецца назад з залатым медалём.
Пасля 1830 года маляванне мініяцюр перастала цікавіць мастака, яго прыцягвала цяпер толькі гістарычная тэматыка, і толькі ў гэтым кірунку ён хацеў працаваць.
Аднак і да яго маёнтка ў Сляпянцы дайшоў уплыў навукі Анджэя Тавяньскага. Гэта негатыўна адбілася на творчым запале мастака. Спачатку ў ім яшчэ быў жывы даўні энтузіязм. Ваньковіч быў чалавекам амбіцыйным, але поспехі ў Вільні і Пецярбургу не мелі ніякіх вынікаў. Аднак, у саракагадовага мастака зноў абудзілася прага новых поспехаў. Ён пакінуў свой дом і краіну і з’ехаў за мяжу.
У Парыжы ён далучыўся да беларуска-польскага эмігранцкага асяроддзя, зноў апынуўся блізу Адама Міцкевіча. Тут Ваньковіч трапіў пад моцны ўплыў містыцызму і тавіянізму. Адзіным сапраўдным сябрам сярод гэтай духоўнай барацьбы заставаўся Міцкевіч, да якога ён пераехаў у апошнія дні свайго жыцця.
Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Расіі[10]. Аўтар партрэтаў А. Міцкевіча, А. Гарэцкага, М. Шыманоўскай , К. Ліпінскага , Э. і С. Хамінскіх, А. Тавяньскага, А. Манюшкі і іншых. Характарныя карціны «Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе», «Міцкевіч на скале Аю-Даг» (1828), «Напалеон каля вогнішча» (1834). Сярод работ літаграфіі «Аўтапартрэт», «Галава старога», малюнкі «Від руін у Італіі», «Пейзаж» і іншыя.
Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу. Многія працы знаходзяцца і ў прыватных калекцыях нашчадкаў тых, каго мастак пісаў у першай палове XIX ст.
Валянцін (Валенцій) Ваньковіч ажаніўся з Анэляй Растоцкай, ад якой меў трох дзяцей: Адам Валенціевіч Ваньковіч (1827—1895), які ажаніўся з Амеліяй Клячкоўскай і быў удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў; Казімір Валенціевіч Ваньковіч (1831—1891), які ажаніўся з Каралінай Артынскай (1860—1945); Ян (Ян-Эдвард-Ляліва) Валенціевіч Ваньковіч (1838—1899), які ажаніўся са Станіславай Ясклоўскай і быў удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў, камандуючы паўстанцкім атрадам у Берасцейскім павеце.
Сёння ў Мінску дзейнічае дом-музей Ваньковічаў — помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі класіцызму — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У залах музея экспануюцца архіўныя дакументы, фотаздымкі работ Валянціна Ваньковіча (арыгіналаў няма). Большасць экспанатаў была пазычана з музеяў у Варшаве[11].
Побач з сядзібай усталяваны помнік мастаку[12].
У 2012 годзе ў серыі «Славутыя мастакі Беларусі» выйшаў альбом, прысвечаны творчасці В. Ваньковіча[13].
Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Юрый Казакоў стварылі скульптурную кампазіцыю «Раніца мастака», прысвечаную мастаку. Яна ўстаноўлена на тэрыторыі філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі «Дом Ваньковічаў»[14][15].
А. А. Анікейчык стварыў скульптуру «Ля крыніцы. Пушкін і Ваньковіч»[16].
Культурную спадчыну Валянціна Ваньковіча лічаць сваёй як палякі, так і беларусы.
Імя мастака непарыўна звязана з Беларуссю: тут ён з’явіўся на свет, тут нарадзіліся яго дзеці, тут ён правёў самы працяглы перыяд свайго творчага жыцця, стварыўшы мноства партрэтаў сяброў, сваякоў, мясцовых шляхціцаў[17].
Гаворачы пра А. Міцкевіча, І. Дамейку, С. Манюшку, В. Ваньковіча, У. Сыракомлю, вядомы даследчык А. Мальдзіс гаворыць, што мы не маем права навязваць ім, як і «…шмат іншым дзеячам культурнага памежжа XIX ст. наш сённяшні менталітэт. Ну не прайшлі яны яшчэ, не маглі прайсці шлях ад „тутэйшасці“, „краёвасці“, „літоўскасці“ да беларускасці як нацыянальнага вызначэння. І мы павінны тут не парушаць прынцыпы гістарызму, гаварыць у дадзеным выпадку толькі аб элементах беларускасці»[18].
Беларускія працы апісваюць Валянціна Ваньковіча як мастака з беларускімі каранямі і з сумежжа культур, звязанага таксама з культурай Беларусі. Аўтары кнігі пад назвай «Гісторыя беларускага мастацтва» апісалі яго як творцу, які ўпісаў яркую старонку ў гісторыю беларускага жывапісу першай паловы XIX стагоддзя[19]. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» кажа, што мастак паходзіў са старажытнага беларускага роду Ваньковічаў, а яго творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Літвы і Польшчы[20].
Шматлікая польская прафесійная літаратура гісторыі культуры і мастацтва паказвае яго як польскага мастака. Гэта між іншым «Dzieje kultury polskiej» Аляксандра Брукнера, «Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939» Тадэвуша Дабравольскага , «Malarstwo polskie» Стэфана Казакевіча і «Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921)» Марыяна Кукеля[21][22][23][24][25].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.