Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Інстытут літаратуразнаўтва імя Янкі Купалы — навукова-даследчы інстытут у складзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Быў заснаваны 29 сакавіка 1931 года ў сістэме Беларускай акадэміі навук у якасці Інстытута літаратуры на базе былой кафедры літаратуры Акадэміі. Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі 9.11.2007 быў аб’яднаны з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа ў адзіны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, пазней утвораны наноў як філіял дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».
Інстытут літаратуразнаўтва імя Янкі Купалы | |
---|---|
Дата заснавання | 1931 |
Год рэарганізацыі | 2007, 2015 |
Дырэктар | Іван Васільевіч Саверчанка |
Метро | Акадэмія навук |
Юрыдычны адрас |
Беларусь, 220072 Мінск, вул. Сурганава, 1, корп. 2 |
Сайт | ilit.basnet.by |
У пачатку 1931 года склалася агульная структура Інстытута як навуковай установы акадэмічнага профілю ў сістэме Акадэміі, вызначаліся асноўныя напрамкі яго дзейнасці. У тым жа годзе была ўдакладнена назва — Інстытут літаратуры і мастацтва. Былі працягнуты даследаванні, пачатыя на кафедрах Інстытута беларускай культуры і кафедры літаратуры Акадэміі.
У ліпені 1935 года ў сувязі са змяненнем структуры АН БССР была прынята пастанова ЦК КП(б)Б, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што «з мэтай канцэнтрацыі і павышэння якасці навкова-даследчай работы, а таксама ўмацавання кіраўніцтва і ўкамплектавання кадрамі навукова-даследчых устаноў лічыць неабходным правесці рэарганізацыю наступных навукова-даследчых устаноў:
па Беларускай акадэміі навук:
1. Стварыць на базе інстытутаў літаратуры, мастацтва і мовы адзін інстытут — літаратуры, мастацтва і мовы.
2. Зацвердзіць часова выконваючым абавязкі дырэктара інстытута т. Вольскага.
3. Паставіць перад інстытутам у якасці бліжэйшай і асноўнай задачы — падрыхтоўку высокакваліфікавных кадраў і хутчэйшы выпуск падручніка беларускай мовы, слоўнікаў і кіраўніцтва па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва».
У 1936—1937 гг. Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы ўзначальваў А. Александровіч. У 1937 годзе некаторы час абавязкі дырэктара інстытута выконваў Р. В. Краснеўскі, а з 1937 г. па 1941 г. дырэктарам быў В. В. Барысенка.
У перадваенныя гады ў Інстытуце былі выдадзены «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939), «Курс сучаснай беларускай мовы» (1940), «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. А. Александровіча (1937). З канца 30-х гадоў у друку сталі з’яўляцца артыкулы літаратуразнаўцаў В.Барысенкі, М.Ларчанкі, Ю.Пшыркова, Н.Перкіна, С.Майхровіча, В.Івашына, прысвечаныя розным праблемам гісторыі беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст., жыццю і творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча.
У 1940 годзе ў складзе аб’яднага інстытута было 20 чалавек. У іх ліку 1 акадэмік, 2 члены-карэспандэнты, 1 прафесар, 10 старшых навуковых супрацоўнікаў, 2 работнікі навукова-тэхнічнага персаналу. Дзевяць супрацоўнікаў мелі вучоныя ступені кандыдатаў навук. Інстытут складаўся з дзвюх секцый (літаратуры і мовы) і працаваў над 5-цю навуковымі тэмамі, з якіх тры былі мовазнаўчага профілю: 1) беларуска-рускі слоўнік; 2) вывучэнне беларускіх народных гаворак; 3) удасканаленне беларускага правапісу.
Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў адноўлены ў ліпені 1944 года (да 1946 года яго часова ўзначальваў член-карэспандэнт М. Ц. Лынькоў) у складзе трох сектараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У 1945 г. у яго складзе налічвалася 26 супрацоўнікаў. Асноўнымі навуковымі напрамкамі, над якімі працаваў Інстытут у гэты перыяд, былі пытанні гісторыі беларускай літаратуры, беларускай лексікаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва ў дні Вялікай Айчыннай вайны. З 1946 г. па 1952 г. дырэктарам Інстытута зноў быў В. В. Барысенка. У 1952 годзе ў Інстытуце літаратуры і мастацтва замест аднаго літаратуразнаўчага сектара было ўтворана два: сектар савецкай літаратуры і сектар дарэвалюцыйнай літаратуры. Адбыўся своеасаблівы падзел супрацоўнікаў па асноўных напрамках даследаванняў, па навуковых інтарэсах. Пашырылася тэматыка і паглыбіўся характар навуковых распрацовак, працягвалася далейшая спецыялізацыя навукоўцаў, у літаратуразнаўства прыйшлі свежыя сілы, якія былі накіраваны на даследаванне новых, яшчэ не вывучаных праблем і пытанняў гісторыі, тэорыі і тэксталогіі беларускай літаратуры; аднавілася вывучэнне і выданне даўняй пісьмовай спадчыны беларускага народа.
У 1952 годзе адбылося вылучэнне Інстытута мовазнаўства ў асобную арганізацыю, і таму Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў пераўтвораны ў Інстытут літаратуры і мастацтва.
У сярэдзіне 1954 года на базе сектара беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры ў Інстытуце літаратуры і мастацтва быў створаны сектар рукапісаў і выданняў, што было выклікана патрэбамі больш інтэнсіўнай і шырокай падрыхтоўкі збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Папоўнены новымі сіламі (у 1960 годзе ў ім працавала 14 чалавек, у тым ліку А.Коршунаў, Э.Гурэвіч, М.Мушынскі), сектар атрымаў магчымасць разгарнуць больш актыўную працу па зборы, вывучэнні і выданні беларускай літаратурнай спадчыны. Пачалася падрыхтоўка, а затым і выданне новых шматтомных збораў твораў Янкі Купалы (1961—1964) і Якуба Коласа (1961—1964), былі выдадзеныя выбраныя творы М.Багдановіча (1957) і В.Дуніна-Марцінкевіча (1958), зборнік «Беларускія пісьменнікі другой палавіны ХІХ ст.» (1956). Гэтая праца стала своеасаблівай навуковай школай падрыхтоўкі нацыянальных кадраў тэкстолагаў, а яе практычныя вынікі мелі важнае навукова-асветніцкае і агульнакультурнае значэнне.
У 1957 на базе аддзелаў мастацвазнаўства Інстытута літаратуры і мастацтва і аддзелаў этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі быў створаны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.
Вянцом даследчыцкіх намаганняў супрацоўнікаў Інстытута літаратуры было стварэнне першай навуковай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» ў 2-х тамах (1968, 1969). Яна была высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі, з’явілася важкім дасягненнем не толькі калектыву Інстытута літаратуры, але і ўсяго беларускага літаратуразнаўства, засведчыла іх навуковую сталасць. У гэтай «Гісторыі…» на вялікім фактычным матэрыяле ўпершыню шырока, грунтоўна і аб’ектыўна быў прасочаны шматвяковы, вельмі складаны шлях развіцця літаратуры на беларускіх землях, неадлучны ад лёсу народа, раскрыта вялікае ідэйна-мастацкае багацце яе здабыткаў, высокі, сапраўдны еўрапейскі ўзровень творчай спадчыны найбольш выдатных яе прадстаўнікоў.
На грунце беларускамоўнай «Гісторыі…» была напісана і апублікавана аднатомная «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Яна шмат у чым была арыгінальнай працай, месцамі значна пераўзыходзіла папярэднюю і адыграла важную навукова-асветніцкую ролю ў азнаямленні больш шырокага кола чытачоў з багатай гісторыяй літаратуры беларускага народа. Асноўнымі аўтарамі раздзелаў пра літаратуру ХІ — пач. ХХ ст. былі А. Коршунаў, А.Мальдзіс, М.Мушынскі, Ю. Пшыркоў, П. Дзюбайла, В. Каваленка, В. В. Барысенка, Н. Перкін, М. Ярош, за што ўсе яны былі адзначаны ў 1980 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
Сапраўднай падзеяй у навуковым жыцці рэспублікі сталі манаграфіі А. М. Адамовіча «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), Н. С. Перкіна «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Человек в советском романе» (1975), М. І. Мушынскага «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гг.» (1975), І. Д. Ралько «Вершаскладанне» (1977), «Верш і мова» (1986), У. В. Гніламёдава «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія» (1983), В. П. Жураўлёва «Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978), А. П. Матрунёнка «Псіхалагічны аналіз ў сучасным беларускім рамане» (1972), «Псіхалагічная проза: Традыцыі і час» (1988), А. С. Яскевіча «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Становление белорусской художественной традиции» (1987), І. С. Шпакоўскага «Структура вершаванага вобраза» (1972), А. К. Кабаковіч «Беларускі свабодны верш» (1984), «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989), Л. Я. Гараніна «Праблемы мемуарнага жанра» (1981), «Философские искания в белорусской литературе» (1984) і інш.
Шмат увагі ў аддзеле аддавалі даследчыкі праблемам паэтыкі і творчага стылю: У. В. Гніламёдаў «Іван Мележ» (1984), «Янка Купала: Новы погляд» (1995), В. П. Жураўлёў «Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана» (1991), А. К. Кабаковіч «Максім Багдановіч: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978), Э. М. Мартынава «Мастацкая дэталь у літаратурным творы» (1977), І. С. Шпакоўскі «Тыпізацыя ў лірыцы» (1980), Т. К. Чабан, «Крылы рамантыкі» (1982), Т. К. Чабан, Я. А. Гарадніцкі «Сучасная паэзія і фальклор» (1988), А. С. Яскевіч «Ритмическая организация художественного текста» (1991).
У 1981 годзе Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы першым у краіне сярод навуковых устаноў падобнага профілю быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
У 1989 годзе аспірантуру інстытута закончыў А. В. Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 г.
Па стане на 1 студзеня 2024 года ў склад Інстытута ўваходзяць:
Інстытут літаратуры з 1952 па сакавік 1973 года ўзначальваў акадэмік В. В. Барысенка, з красавіка 1973 па кастрычнік 1982 — акадэмік I. Я. Навуменка, з 1982 па 1997 — акадэмік В. А. Каваленка. 3 красавіка 1997 па студзень 2006 года дырэктарам Інстытута літаратуры з’яўляўся акадэмік НАН Беларусі У. В. Гніламёдаў. Са студзеня 2006 па сакавік 2008 года абавязкі дырэктара інстытута выконваў доктар філалагічных навук В. А. Максімовіч. З 2016 года Інстытутам кіруе доктар філалагічных навук, прафесар I. В. Саверчанка.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.