Слонім
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Сло́нім[3] (трансліт.: Slonim) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слонімскага раёна, на рацэ Шчары пры ўпадзенні ў яе Ісы. За 148 км на паўднёвы ўсход ад Гродна; чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Ваўкавыск. Аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Баранавічамі, Івацэвічамі, Ружанамі, Зэльвай, Дзятлавам. Насельніцтва 49 441 чалавек (2018)[4].
Горад
Слонім
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Летапісныя назвы Услонім, Васлонім, магчыма, паходзілі ад слова «услон» — заслон, у значэнні перадавога ўмацавання на важным кірунку.
Паводле археалагічных даследаванняў, на месцы сучаснага горада ёсць два гарадзішчы XI стагоддзя на абодвух берагах Шчары, магчыма, яны і былі тымі ўмацаваннямі ад якіх узнікла назва паселішча.
Час узнікнення Слоніма пэўна невядомы. Быццам паводле польскага гісторыка XV стагоддзя Яна Длугаша, у 1040 годзе кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч «сустрэўся на палях слонімскіх з літоўцамі, перамог іх так, што затым, калі ён праехаў Літву да самага Нёмана, прымусіў яе на пэўны час падпарадкавацца», таму, на думку некаторых аўтараў, калі былі «палі слонімскія», мусіў быць і сам Слонім. Такім чынам, у некаторых гістарычных даведках пра Слонім з’явіўся 1040 год, як час заснавання горада па першай згадцы ў крыніцах. Такую дату дае ў «Апісанні горада Слоніма» (1891) М. Мілакоўскага[5], «Нарыс гісторыі горада Гродна» (1934) Годэля Гольдберга[6], таксама і слонімскі гісторык-краязнавец Сяргей Чыгрын[7]. Аднак яшчэ Васіль Супрун не знайшоў у перавыданнях Яна Длугаша згадак пра «слонімскія палі»[8]. Шэраг даследчыкаў, у тым ліку Васіль Герасімчык, Сяргей Ёрш, лічаць спасылку на Длугаша гістарыяграфічнай памылкай, узніклай у XIX стагоддзі. Паводле Сяргея Ярша, паход «1040 года Яраслава Мудрага ў наш рэгіён быў. Але няма ніякіх вартых даверу пісьмовых сведчанняў, што ў той час ужо існаваў Слонім. 1040 год, як і 1044-ы, і 1036-ы, на жаль, нельга лічыць за першую згадку нашага горада»[9].
З XII стагоддзя, відаць, на Замчышчы — цяпер гарадзішча ў цэнтры горада на правым беразе Шчары — было драўлянае ўмацаванне. У XII—XIII стагоддзях паселішча ўжо было горадам з высокай матэрыяльнай культурай, развітымі рамёствамі і гандлем. У звязку з барацьбой галіца-валынскіх і літоўскіх князёў за Панямонне горад быў аб’ектам ваенна-палітычных дзеянняў, неаднаразова пераходзіў ад адных князёў да другіх. У 1240-я гады Панямоннем авалодаў літоўскі князь Міндоўг, які перадаў Слонім свайму сыну Войшалку. Галіца-валынскія войскі Данілы і Васількі Раманавічаў спрабавалі падначаліць гэтыя землі, у 1252 годзе адбыўся іх вялікі паход на Панямонне. Войшалк перадаў княжанне Раману Данілавічу, пры гэтым даў «Новгород от Миндовга», а Слонім у ліку іншых гарадоў — «от себе»[10]. Гэта падзея і лічыцца першай пэўнай згадкай Слоніма ў крыніцах — у Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам. Паводле мірнага дагавора 1254 года землі Панямоння засталіся за Літвой. У 1276 годзе галіца-валынскія князі зноў захапілі Слонім. У 1280-я гады, як паведамляе Іпацьеўскі летапіс, горадам правіў «князь вослонимский» Васілька[11].
Умацаваным цэнтрам Слоніма быў Верхні замак на левым беразе Шчары. У 1340 годзе Слонім ва ўладанні Манівіда (старэйшага сына Гедзіміна), у 1345 годзе горад адыйшоў да троцкага князя Кейстута Гедзімінавіча. У 1382 годзе — уласнасць Вітаўта. «У 1388 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт, які хацеў развіць заняпалыя гаспадарча літоўскія гарады і павялічыць іх насельніцтва, даў яўрэям прывілей жыць у літоўскіх гарадах і займацца там гандлем і рамёствамі. Яўрэі пачынаюць тады сяліцца ў літоўскіх гарадах, у тым ліку і ў Слоніме. Напачатку XV стагоддзя ў Слоніме паяўляецца невялікае яўрэйскае паселішча, якое з цягам стагоддзяў павялічваецца і шмат у чым прычыняецца развіццю горада»[6].
Слонімская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410 года. Пазней вялікі князь Вітаўт пасяліў каля Слоніма татараў, з таго часу у горадзе з’явілася асобнае татарскае паселішча, пазней вядомае як Татарская вуліца (цяпер вуліца Кірава).
З 1413 года Слонімскае княства было ператворана ў Слонімскі павет і ўвайшло ў Троцкае ваяводства ВКЛ. У 1483 годзе велікакняжацкім намеснікам быў літоўскі падскарбі Солтан Аляксандравіч, у 1492 годзе намеснікам назначаны літоўскі падскарбі Ян Літавор Храптовіч.
У 1490 годзе Казімір Ягелончык будуе ў горадзе першы касцёл (потым на яго месцы збудаваны мураваны касцёл Св. Андрэя (1775).
З 1500 года Слонім — цэнтр Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1506 годзе быў горад разбураны крымскімі татарамі на чале з Менглі-Гірэем, стары замак больш не аднаўляўся. З 1508 года — цэнтр Слонімскага староства. Слонімскім намеснікам быў назначаны Васіль Глінскі па мянушцы Сляпы. У 1520 годзе, пры намесніку Яну Мікалаевічу Радзівілу, на левым беразе Шчары пабудаваны новы «Верхні замак, які хоць і нагадваў традыцыйнае абарончае ўмацаванне, больш прыстасоўваўся пад адміністрацыйны цэнтр. З пераносам замка на левабярэжжа канчаткова перамясціўся і цэнтр горада. Ранейшы ж цэнтр паступова траціў сваё значэнне, і правабярэжжа горада атрымала назву Замосця (з XVI стагоддзя)».[8] У 1529 годзе была пабудавана драўляная Пятніцкая царква.
У 1531 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары даў Слоніму гарадское самакіраванне па магдэбургскім праве, пацверджанае ў 1591 годзе Жыгімонтам Вазам (скасавана ў 1776 годзе). Горад меў свой герб з 1591 года: у сінім полі барочнага шчыта залаты леў трымае ў лапе сярэбраны герб «Ліс» (родавы герб Сапегаў). З мая 1558 года паводле граматы вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста праводзіліся два кірмашы штогод, развіваецца рамяство. У першай палове XVI стагоддзя ў Слоніме было 22 рамесныя спецыяльнасці: бляхары, ігольнікі, гваздзільшчыкі, замочнікі, залатых і сярэбраных спраў майстры і інш. Узніклі цэхавыя рамёствы. З 1556 года пачалі дзейнічаць гарадскі і земскі суды, збіраліся павятовыя сеймікі.
Абарончыя збудаванні — слонімскія замкі — размяшчаліся на левым беразе ракі Шчара. Верхні замак быў умацаваным цэнтрам сярэднявяковага горада, знаходзіўся на ўзвышшы. Побач з Верхнім размяшчаўся Ніжні замак, які быў абкружаны земляным валам і вадзяным ровам. Слонім не меў уласна гарадскіх умацаванняў. З паўднёвага захаду горад акружалі высокія ўзвышшы, што панавалі над ваколіцай. На сутыку гандлёвых шляхоў была размешчана сістэма ўмацаванняў з цэркваў і кляштараў, якая запірала ўезды і выезды з горада. На тэрыторыі замка размяшчаліся каралеўская адміністрацыя, сядзібы феадалаў, заезны дом, канюшні, праваслаўныя і каталіцкія храмы[10].
З 1560 года Слонім становіцца ўласнасцю маршалка Рыгора Валовіча, з 1586 года — канцлера літоўскага Льва Сапегі. «Новы староста спрыяў уздыму культуры і прамысловасці горада, яго палітычнай значнасці. Побач з замкам, на беразе Шчары, Сапега ўзвёў мураваны палац, названы пазней яго імем. Там па хадайніцтву старосты са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі ВКЛ… Праводзіліся тыя сеймікі ў Слоніме аж да 1685 года. Тут адбываліся і сеймікі павятовыя, дзе выбірался паслы на сеймікі генеральныя.
У гэты час пры замку існавалі неблагая бібліятэка і архіў. Парупіўся Сапега і аб дабраўпарадкаванні прымакаўшых да замка вуліц, аб прывядзенні ў належны стан мастоў і дарог. Пры яго гаспадаранні былі насыпаны новыя грэблі і дамбы. У 1595 годзе ён аднавіў знішчаны крымскімі татарамі ў 1506 годзе адзіны каталіцкі касцёл на Замосці. Пісьмовыя крыніцы згадваюць аб вялікай колькасці існаваўшых тады ў Слоніме праваслаўных цэркваў. Па волі старосты і частковы за яго кошт былі ўзведзены і шыкоўныя заезныя дамы… Не без захадаў і клопату Сапегі з 1605 года Слонім атрымаў права „склада“, што абавязвала купцоў, якія везлі праз горад тавары, спыняцца і гандляваць імі. У тым жа 1605 годзе Леў Сапега заснаваў тут першы ткацкі цэх»[8].
У 1613 годзе ў горадзе адбылося некалькі вялікіх пажараў, якія нанеслі яму значныя страты. У 1630 годзе быў заснаваны кляштар бернардзінцаў. У 1633 годзе старостай стаў падканцлер літоўскі Казімір Леў Сапега (сын Льва Сапегі). У 1639 годзе на левым беразе ракі Шчара каралеўскі сакратар А. Радван заклаў фундамент мураванага касцёла бернардзінцаў Святой Тройцы. У 1635 годзе Я. С. Сапега заснаваў кляштар канонікаў латэранскіх. Кляштарны комплекс знаходзіўся на краі Рыначнай плошчы. У 1640-я гады ў Слоніме існаваў кляштар бернардзінак, заснаваны К. Юдзіцкай-Салятыцкай. У 1642 годзе ў стылі барока была пабудавана сінагога. З 1645 года існаваў драўляны касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, які згарэў у 1656 годзе. У 1670—1696 гадах быў пабудаваны мураваны касцёл пад ранейшай назвай.
У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад быў спустошаны. Паводле тагачаснай габрэйскай хронікі «Tit Hajawen» казацкае войска выразала ў Слоніме некалькі соцень яўрэйскіх сем’яў. Заняпад горадаў дайшоў да такой ступені, што ў 1678 годзе Гарадзенскі сейм вырашыў вызваліць горад ад усіх падаткаў на карысць каралеўскай казны.
У 1709—1725 гадах тут дзейнічала місія Навагрудскага езуіцкага калегіума, у 1725—1773 гадах — Езуіцкая рэзідэнцыя (Слонім). Пры рэзідэнцыі быў канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты. У 1745 годзе з цэглы была пабудавана капліца святога Дамініка. У сярэдзіне XVIII стагоддзі ў цэнтры Слоніма была ўзведзена ратуша.
Новы ўздым Слоніма звязаны з дзейнасцю Слонімскага старасты Міхала Казіміра Агінскага. У 2-ой палове XVIII стагоддзя ён заснаваў тут рэзідэнцыю, адкрыў друкарню, стварыў капэлу, тэатральную трупу, пры якой працавалі балетная і музычная школы. Слонімская музычная школа[12] існавала ў 1770—1780-я гады пры тэатры Агінскага. У школе навучаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, у т.л. прыгонныя, з мэтай падрыхтоўкі спевакоў і музыкантаў для тэатра і капэлы Агінскага[13]. З 1777 года існаваў невялікі балетны ансамбль (8 чалавек), падрыхтаваны балетмайстрам Ноакам. У 1781 годзе пад яго кіраўніцтвам укамплектавана Слонімская балетная школа (у 1785 годзе — 18 вучняў, пасля 1790 яшчэ больш). Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, пазней — прыгонных сялян[13].
Сучаснікі звалі Слонім «Палескімі Афінамі». Былі пабудаваныя прадпрыемствы па вытворчасці шаўковых тканін, дываноў і шэраг іншых, прыстань для рачных судоў. У канцы XVIII стагоддзя кампаноўку гораду вызначала Замкавая плошча (пляц Льва Сапегі) з радыяльна адыходнымі трактамі на Мінск, Вільню (Моўчадскі тракт) і Гродна. З XV стагоддзя Замкавы тракт, потым Дзярэчынскі тракт, злучаў з гарадскім цэнтрам праз масты на Шчары левабярэжную частку гораду і прыгарадную вёску Панасоўку. Пад 1796 годам у горадзе ўжо існавалі і былі занесеныя ў гарадскі план будынкі палацавага комплексу М. Агінскага.
З 1795 года Слонім знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі і з’яўляецца цэнтрам губерні. У 1801 годзе як цэнтр павета ўвайшоў у Гродзенскую губерню.
У 1799 годзе ўрад Расійскай імперыі аднавіў пабудову Агінскага канала, на якім у 1804 годзе было адкрыта суднаходства. Узрасла прамысловая і гандлёвая роля горада. У 1806 годзе Войцех Пуслоўскі заснаваў папяровую фабрыку «Альбярцін».
У чэрвені 1812 года Слонім быў акупіраваны французскімі войскамі. Пры адступленіні французскіх войскаў адбыўся Слонімскі бой, калі рускі атрад на чале з генералам Е. І. Чапліцам разбіў французскі полк гвардзейскіх уланаў Яна Канопкі і заняў горад.
У 1843—1855 гадах у Слоніме дзейнічала медзеапрацоўчая фабрыка[12].
У 1886 годзе праз горад прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток. Пры будаўніцтве чыгункі былі цалкам зрэзаныя замкавае ўзвышша на правым беразе Шчары і суседні яўрэйскі могільнік — найстарэйшы ў горадзе. У 1896—1946 гадах дзейнічаў Слонімскі лесапільны завод. У 1890—1914 гадах дзейнічала фабрыка хустак (з 1913 — фабрыка коўдраў)[12].
Падчас Першай сусветнай вайны акупаваны нямецкімі войскамі (1915), разбураны. У 1919—1920 гадах заняты польскімі войскамі. З 1921 года Слонім у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета. З 1939 года ў складзе БССР. У гэтым жа годзе пачала працаваць арцель «Чырвоная зара», на базе якой у 1960 годзе заснавана Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў[12]. З 1940 года Слонім — цэнтр раёна Баранавіцкай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты знішчылі ў горадзе і раёне 42 тыс. чалавек. У лістападзе 1942 — ліпені 1944 гадоў у Слоніме дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя[12].
У 1954 годзе Слонім як цэнтр раёна ўключаны ў склад Гродзенскай вобласці.
У горадзе больш за 20 прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі, мэблевай, цэлюлозна-папяровай, харчовай, лёгкай і іншых галін прамысловасці. Цэнтр турызму. Гасцініца «Шчара». Санаторый-прафілакторый «Сонечны». Горад уключаны ў турыстычна-экскурсійныя маршруты «Каменны летапіс Панёмання», «На радзіму Тадэвуша Касцюшкі», «Архіпелаг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Архітэктурныя помнікі Слоніма».
У 1813—1905 гадах у горадзе працавала Альбярцінская суконная памешчыцкая фабрыка.
Горад — старажытны цэнтр мастацкага ткацтва.
У горадзе працуюць 10 сярэдніх школ, гімназія, ліцэй. Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, Слонімскі дзяржаўны медыцынскі каледж, Слонімскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.