Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
«Газета Слонімская» — масава-палітычны штотыднёвік, выходзіць накладам 3500 асобнікаў, упершыню выйшаў у 1938 годзе, адроджаны ў красавіку 1997 года, распаўсюджваецца (разам з газетай «Отдушина») праз уласную сістэму распаўсюджвання ў горадзе Слоніме i Слонімскім раёне, а таксама ў суседніх раёнах Гродзенскай вобласці.
«Газета Слонімская» | |
---|---|
| |
Арыгінальная назва |
польск.: Gazeta Słonimska |
Тып | газета |
Фармат | 40 старонак, фармат А3 |
Выдавец | Ганна Валадашчук |
Галоўны рэдактар | Мікола Канановіч |
Заснавана | 1997 |
Палітычная прыналежнасць | незалежная |
Мова | беларуская, руская |
Аб’ём | 40 старонак |
Галоўны офіс | Слонім |
Тыраж | 3500 |
Вэб-сайт | gs.by |
32-палосны тыднёвік фармату А3 з 8-палосным укладышам газеты «Отдушина» агульным аб’ёмам 40 палос і тыражом (студзень 2016) 3500 асобнікаў.
Газета Слонімская — найстарэйшае незалежнае перыядычнае выданне ў Слоніме — Гродзенская вобласць, Беларусь. Першапачаткова «ГС» выйшла 25 снежня 1938 года. Яе выдаўцамі былі беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн і ягоная жонка Людміла. Газета выдавалася на польскай мове, бо дазвол рабіць беларускае выданне Новікі не атрымалі ад уладаў. «Газета Слонімская» была незалежным выданнем, адлюстроўвала грамадскае і культурнае жыццё Слоніма і Слонімскага раёна. На пачатку 1939 года «ГС» спыніла існаванне з прычыны забароны яе ўладамі і арышту выдаўца Сяргея Новіка-Пеюна.
«Газета Слонімская» была адноўлена ў 1997 годзе як грамадска-палітычнае незалежнае выданне. Яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам з’яўляецца Віктар Валадашчук. Мова выдання — беларуская і руская. Першы нумар адроджанай «ГС» выйшаў 24 красавіка 1997 года накладам 3 000 паасобнікаў. З цягам часу наклад узрос да 12 500 паасобнікаў. Павялічылася і тэрыторыя распаўсюджання газеты, на якой пражывае прыкладна 250 тысяч чалавек. «ГС» пачалі чытаць не толькі ў Слонімскім, але і Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Мастоўскім, Ваўкавыскім, Навагрудскім раёнах Гродзеншчыны ды іншых рэгіёнах рэспублікі. У пачатку 2006 года, калі сярод іншых незалежных выданняў Беларусі «Газета Слонімская» была выдалена з падпісных каталогаў «Белпошты» і сістэмы распаўсюджвання праз «Белсаюздрук», наклад упаў да 7 000 паасобнікаў.
Сёння «Газета Слонімская» выходзіць на 40 старонках разам з рэкламнай газетай «Отдушина» накладам 3500 паасобнікаў. Газета друкуецца ў колеры і чорна-белым фармаце А-3. Асноўнымі прынцыпамі «ГС» з’яўляюцца аператыўнасць, праўдзівасць, прынцыповасць у адлюстраванні жыцця рэгіёна. Газета шырока і ўсебакова асвятляе палітычныя, грамадскія і культурныя падзеі, удзяляе вялікую ўвагу гісторыі роднага краю, спартыўнаму, рэлігійнаму і літаратурнаму жыццю.
Акрамя папяровай, газета мае і электронную версію. Сайт «Газеты Слонімскай» абнаўляецца досыць аператыўна. Тут наведвальнікі знойдуць мясцовую, рэгіянальную інфармацыю, а таксама рэспубліканскія і сусветныя навіны. Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“».
9 лістапада 2020 года дома ў заснавальніка газеты Ганны Валадашчук і ў рэдакцыі «Газеты Слонімскай» правялі ператрус, забралі камп’ютары, паралізавалі працу[1]. Нумар «Газеты Слонімскай» 11 лістапада не выйшаў у свет[1]. Ганна Валадашчук пакінула Беларусь праз пагрозу крымінальнага пераследу[2].
18 лістапада 2020 года Ганна Валадашчук паведаміла, што ва ўмовах гвалту выдаваць газету стала немагчыма, таму «Газета Слонімская» прыпыніла свой выхад на паўгода[3][4]. На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, ператрус «Газеты Слонімскай» пацвярджае ціск уладаў на рэгіянальную прэсу[4].
Штотыднёвік не выходзіў з восені 2020 года і планаваў аднавіць выхад[5]. Міністэрства інфармацыі ўнесла «Газету Слонімскую» і «Отдушину» ў рэестр друкаваных выданняў, аднак друкарні ў Брэсце, Пінску і Гродне адмовіліся друкаваць недзяржаўныя газеты, напрыклад дырэктар Гродзенскай друкарні Віталь Барцэвіч спаслаўся на «шчыльны графік» і «загружанасць вытворчасці»[5]. Тым не менш рэдакцыя вырашыла працягнуць абнаўляць сайт[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.