«Гомсельмаш» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 1930 году ў Гомлі.

Хуткія факты Тып, Лістынг на біржы ...
«Гомсельмаш»
Thumb
Thumb
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы БВФБ: Гомсельмаш
Заснаваная 15 кастрычніка 1930 (93 гады таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Гомель
Адрас Чыгуначны раён, Шашэйная вул., д. 41[1]
Ключавыя фігуры Аляксандар Новікаў, Віктар Пінчук
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя апрысквальнік, жняярка, камбайн, касілка, культыватар, падборшчык, прычэп, сеялка, стаматалягічная ўстаноўка
Абарачэньне 494,169 млн руб (2019 г.; 236,286 млн $ ЗША)[2]
Апэрацыйны прыбытак 91,831 млн руб (2019 г.; 43,909 млн $ ЗША)
Чысты прыбытак 0,56 млн руб (2019 г.; 0,268 млн $ ЗША)
Лік супрацоўнікаў 8010 (2020 год)[3]
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь[4]
Даччыныя кампаніі «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў», «Лідагропраммаш»
Аўдытар ТАА «ФБК-Бел» (Менск)
Закрыць

На 2023 год быў адным з найбольшых у сьвеце вытворцаў уборачных камбайнаў, у тым ліку ўваходзіў у 5-ку найбольшых у сьвеце вытворцаў збожжаўборачных камбайнаў[5]. Выпускаў уборачныя камбайны для бульбы і збожжа, кармоў і кукурузы, а таксама касілкі пад таварным знакам «Палесьсе». Агулам вырабляў 16 відаў сельскагаспадарчых машынаў 75 узораў і 70 відаў прыстасаваньняў для жніва. Большасьць камбайнаў пастаўлялі ў 14 краінаў: 3 у Азіі — Казахстан, Кітай і Паўднёвую Карэю; 2 у Паўднёвай Амэрыцы — Аргентыну і Бразылію; 9 у Эўропе — Латвію, Летуву, Расею і Ўкраіну, а таксама ў Баўгарыю, Румынію, Славаччыну, Чэхію і Эстонію. У склад холдынгу «Гомсельмаш» уваходзілі 2 даччыныя прадпрыемствы: «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў» і «Юбілейны-Агра» (Буда-Кашалёўскі раён)[6].

Вырабы

Thumb
Пачаткаўборачны камбайн «Палесьсе 3219» на «Белагра-2019»

На 2023 год «Гомсельмаш» вырабляў пад беларускамоўным таварным знакам «Палесьсе»:

  • 6 узораў збожжаўборачных камбайнаў магутнасьцю ад 230 да 520 конскіх сілаў (к.с.) з бункерам ад 5,5 да 10,5 кубамэтраў і плошчай ачысткі ад 3,86 да 5,8 кв.м, у тым ліку 3 гібрыдныя — «GS2124», «GH800» і «GS3219» з найбольшай магутнасьцю і зьмяшчальнасьцю[7];
  • 2 узоры кормаўборачных камбайнаў з рухавіком ад 290 да 450 к.с., даўжынёй рэзкі ад 5 да 48 мілімэтраў і шырынёй барабана ад 41 да 78 см[8];
  • 3 узоры бульбаўборачных камбайнаў «РТ2», «РТ25» «РТ260-2» для міжрадкоўя па 70—90 см[9];
  • 2 узоры пачаткаўборачных камбайнаў для кукурузы — «ES4» і «ES6» магутнасьцю па 155 і 230 к.с. з шырынёй захопу па 2,8 і 4,2 мэтры[10];
  • 8 узораў кормаўборачных навесаў і прычэпаў, у тым ліку 6 узораў касілак[11];
  • 6 узораў глебаапрацоўчай тэхнікі з шырынёй захопу ад 2,8 да 6 мэтраў[12];
  • 3 узоры сеялак з шырынёй захопу ад 2,4 да 12 мэтраў, у тым ліку для ўгнаеньня[13];
  • 2 узоры самаходных касілак — «CS100» і «CS200» магутнасьцю па 100 і 200 к.с. з шырынёй захопу па 5 і 9,2 мэтраў[14];
  • 2 узоры апрысквальнікаў — самаходны «АВС-4224» і прычапны «АПШ-3000-24» з шырынёй захопу па 24 мэтры[15];
  • 2 узоры прычэпаў, сярод якіх бункер-загрузчык на 11,4 м³ і самазвальны «2ПТС-14» на 9,8 м³[16];
  • бавоўнаўборачныя машыны ХМП-1,8 з шырынёй захопу 1,8 мэтру[17];
  • 12 узораў жняярак ад 4 да 12 мэтраў, у тым ліку для збожжа, кукурузы, рапса, соі і траваў[18];
  • 3 узоры падборшчыкаў шырынёй ад 2,7 да 3,88 мэтры, у тым ліку 2 для траваў[19];
  • стаматалягічныя комплесы «Белдэнт»[20].

Гарантыя на вырабы складала 2 гады ад «Гомсельмашу» і яшчэ год ад дылера[21].

Збытавая сетка

Thumb
Кормаўборачны камбайн КВК-8060 на выставе «Белагра-2019» у Шчомысьліцы (Менскі раён)

На 2020 год «Гомсельмаш» меў 94 замежныя прадстаўніцтвы ў 41 краіне:

Фінансаваньне збыту празь лізінг і пазыку ажыцьцяўлялі ў: 7 краінах Азіі — Азэрбайджане, Армэніі, Казахстане, Кыргыстане, Таджыкістане, Туркмэністане і Ўзбэкістане; і ў 31 краіне Эўропы: суседніх Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне, а таксама ў Малдове і Сэрбіі, як і ў астатніх 24-х краінах Эўразьвязу[23]. Лізінг забясьпечвалі беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы «ААБ Лізінг» ад «Беларусбанка» і «Прамагралізінг», а таксама мясцовыя наймадаўцы ў адпаведных краінах. Пазыкі пад набыцьцё вырабаў «Гомсельмашу» выдаваў Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і мясцовыя банкі ў краінах збыту[24]. У Беларусі дадатковыя камэрцыйныя пазыкі забясьпечвалі 2 дзяржаўныя банкі — «Белаграпрамбанк» і сам «Беларусбанк»[25].

Распрацоўка і абсталяваньне

Thumb
Збожжаўборачны камбайн «Палесьсе 12А1» на выставе «Белагра-2019»

На 2020 году «Гомсельмаш» меў уласны «Навукова-тэхнічны цэнтар камбайнабудаваньня» («НТЦК»), які месьціўся ў Гомлі па вуліцы Яфрэмава, д. 61. «НТЦК» існаваў з 1947 году, калі быў заснаваны ў якасьці Спэцыялізаванага канструктарскага бюро (СКБ) для распрацоўкі машынаў і мэханізмаў для жывёлагадоўлі і кормавытворчасьці. У сваёй лябараторыі «НТЦК» ажыцьцяўляў: 1) разьліковыя дасьледаваньні і віртуальныя выпрабаваньні, 2) праектаваньне і распрацоўку канструктарскай дакумэнтацыі, 3) распрацоўку тэхналягічнай дакумэнтацыі і выраб досьледнага ўзору, 4) стэндавыя выпрабаваньні досьледнага ўзору і давядзеньне вырабу, 5) пастаноўку выраба на вытворчасьць і яго сэрыйнае суправаджэньне[26]. На 2017 год былыя супрацоўнікі «НТЦК» выкладалі ў 2-х ВНУ Гомлю — Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту (БДУТ) і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным ўнівэрсытэце (ГДТУ), дзе была спэцыяльнасьць «праектаваньне сельскагаспадарчых машынаў». Адмыслоўцы «НТЦК» удзельнічалі ў дзяржаўных камісіях па абароне дыплёмаў. У «НТЦК» праходзіў пераддыплёмную практыку ўвесь выпуск спэцыялізаванай катэдры ВНУ (26 студэнтаў). Большасьць прыманых на працу таксама складалі маладыя адмыслоўцы: у 2015-м — 16 з 28, у 2016 — 20 з 30, у 2017 — 17 з 21. На працоўных месцах канструктараў выкарыстоўвалі амэрыканскую сыстэму распрацоўкі вырабаў «Ўіндчыл», што дазваляла выпрабоўваць тэхніку ў лябараторыі. Сярод іншага «НТЦК» распрацоўваў і вырабляў стаматалягічны комплекс «Белдэнт-3», за што яго супрацоўнікаў узнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі[27]. На ліпень 2020 году «НТЦК» налічваў каля 600 адмыслоўцаў, зь іх 60 працавалі выпрабавальнікамі камбайнаў[28].

Прадпрыемства мела ў сваім складзе 10 вытворчасьцяў: афарбовачную, загатовачную, зборачную, зварачную, інструмэнтальную, ліцейную, мэталавырабную, мэханаапрацоўчую, прэсавую і тэрмічную[29]. У ліцейнай вытворчасьці выкарыстоўвалі індукцыйныя печы для выплаўкі чыгуна зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) загрузкай і плаўкай, аўтаматычныя фармовачныя лініі і сумесепрыгатавальнае абсталяваньне. Таксама працавала сталеліцейнае аддзяленьне. Прэсава-загатовачная вытворчасьць аснашчалася лазэрнымі мэталарэзамі з ЛПК, аўтаматызаванымі сыстэмамі перавозкі для падачы лістоў мэталу на раскрой, лазэрнымі прыладамі аўтаматызаванага раскрою ліставога матэрыялу, трубаў і профіляў безь цеплавой дэфармацыі мэталу. У халодна-ліставой штампоўцы таксама выкарыстоўвалі лазэры. Лістазгінальныя прэсы з ЛПК захоўвалі ў памяці да 50 000 відаў згінаў. Таксама выкарыстоўвалі прэсы для згінаньня спосабам 3-х кропак і прэсы для тоўстага ліста. У тэрмічнай вытворчасьці карысталіся аўтаматычнымі лініямі хіміка-тэрмічнай апрацоўкі дэталяў, якія ажыцьцяўлялі навугляроджваньне, нітрацэмэнтаваньне, закалку, сьветлае адпальваньне, нізкі і высокі водпуск. Таксама ўкаранілі абсталяваньне для плаўкі валаў пасьля тэрмаапрацоўкі. Устаноўкі іённа-плязьменнага азатаваньня прымянялі для павышэньня зносастойкасьці паверхні дэталяў. Пры гэтым нагрэў да 350-6000 градусаў дазваляў вырабляць дэталі безь лінейных і дыямэтральных скажэньняў да тэрмаапрацоўкі. Кавальская вытворчасьць складалася зь 7 лініяў раскрою профільнага і круглага пракату, у складзе якіх былі стужкава-адразныя станкі з прываднымі рольгантамі. Таксама перад каваньнем на молатах і штампоўкай выкарыстоўвалі 4 індукцыйныя награвальнікі. Зварачную вытворчасьць ажыцьцяўлялі паўзварачнымі інвэртарнымі аўтаматамі. Робат ажыцьцяўляў зварку здрабляльных барабанаў кормаўборачных камбайнаў шоўнымі злучэньнямі[5].

Thumb
Кормаўборачны камбайн «Палесьсе» з аўтапілётам на выставе «Белагра-2020»

У мэханаапрацоўчай вытворчасьці працавалі мэталарэзы з ЛПК, у тым ліку станкі для апрацоўкі валаў і шківаў. Такарнымі станкамі з прывадным інструмэнтам і котршпіндзялямі апрацоўвалі валы і целы кручэньня. Кіраваныя люнэты і сыстэмы сачэньня дазвалялі апрацоўваць гэтыя дэталі за адну ўстаноўку. За дакладнасьцю вырабу наглядалі каардынатна-вымяральныя машыны. Мэханічныя перадачы вырабляліся цэнтрамі з хуткаснамі прыладамі, што апрацоўвалі дэталі бартавых рэдуктараў, і станкамі для шасьцерняў. На такарных прутковых станках выраблялі дэталі гідраўлікі. У гарызантальных апрацоўчых цэнтрах апрацоўвалі балкі мастоў вядучых колаў. На афарбовачнай вытворчасьці працавалі лініі з кампутарным кіраваньнем і наглядам. Грунт на афарбоўваныя дэталі наносілі спосабам катафарэзу для злучэньня з мэталам на малекулярным узроўні. Робат наносіў парашковую фарбу без рашчынальніка. У зборачнай вытворчасьці выкарыстоўвалі адрасную падачу вузлоў на галоўны канвэер з цэхаў пры дапамозе падвясных канвэераў. Пры гэтым вялася карт-зборка кожнай машыны[5].

Мінуўшчына

ХХ стагодзьдзе

У сакавіку 1928 году ў Гомель (Беларуская ССР) прыехалі будаўнікі для ўзьвядзеньня Гомельскага заводу сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Пры канцы ліпеня 1928 году першы камень заклалі ў падмурак ліцейнага цэха. 15 кастрычніка 1930 году ўзьвядзеньне ліцейнага цэха скончылі, што дазволіла стварыць вытворчасьць сіласарэзак, бульбасартавальнікаў і льномалатарняў[30]. У 1932 годзе сталі выпускаць кормапрыгатавальную машыну «Унівэрсалку»[31]. У 1940 годзе «Гомсельмаш» выпускаў 26 відаў тэхнікі, частку якой прадавалі за мяжу[32]. 23 чэрвеня 1941 году пасьля пачатку Нямецка-савецкай вайны «Гомсельмаш» перавялі на вытворчасьць мінаў. У жніўні 1941 году завод разам са станкамі вывезьлі на Ўрал[33]. 3 ліпеня 1945 году «Гомсельмаш» аднавіў працу ў Гомлі пасьля вяртаньня вытворчасьці з Уралу, дзе ў Нямецка-савецкую вайну выраблялі міны[34]. У 1947 годзе на заводзе «Гомсельмаш» стварылі Спэцыялізаванае канструктарскае бюро (СКБ) для распрацоўкі абсталяваньня для мэханізацыі ў жывёлагадоўлі і расьлінаводзтве. У 1957 годзе СКБ «Гомсельмаша» распрацавала сіласаўборачны камбайн СК-2,6. У 1977 годзе стварылі першы ў СССР самаходны кормаўборачны камбайн КСК-100[27]. Папярэдне ў 1976 годзе на заводзе стварылі навучальны цэнтар, дзе за 40 гадоў падрыхтавалі звыш 200 000 чалавек па такіх 7 прафэсіях, як газарэзчык, зваршчык, каваль, кранаўшчык, ліфцёр, сьлесар і стропальшчык[35]. У 1978 годзе на аснове завода «Гомсельмаш» стварылі вытворчае аб'яднаньне[36]. Па выніках 1984 году «Гомсельмаш» заняў 1-е ў сьвеце месца паводле вытворчасьці кормаўборачных камбайнаў[31].

Thumb
Унівэрсальны энэргетычны сродак «Палесьсе-2-250А» на «Белагра-2007»

У 1987 годзе стварылі ўнівэрсальны энэргетычны сродак (УЭС) «Палесьсе-250» для ўборкі цукровых буракоў і кармоў. Пазьней распрацавалі малагабарытны энэргасродак «Палесьсе-30», што ўлучаў 20 будаўнічых і дарожна-камунальных машынаў. У 1996 годзе СКБ «Гомсельмаша» распрацавала першы беларускі збожжаўборачны камбайн «Палесьсе-Ротар», за што яго супрацоўнікі атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі. У 1999 годзе асвоілі вытворчасьць самаходных камбайнаў для ўборкі льну і кармоў, а таксама прычапных бульбаўборачных камбайнаў і касілак[27].

ХХІ стагодзьдзе

У 2005 годзе стварылі ўборачныя камбайны для збожжа і кармоў з магутнасьцю рухавіка 450—600 к.с., што перанакіравала збыт за мяжу[27]. У 2007 годзе ў расейскім Новасыбірску стварылі Гандлёвы дом «Гомсельмаш-Сыбір», празь які да 2014 году паставілі 2800 камбайнаў ад Цюмені да Чыты[37]. У 2008 годзе ў казаскім Кастанаі стварылі зборачную вытворчасьць, дзе да 2017 году сабралі звыш 3000 камбайнаў для мясцовага рынку[38]. У 2009 годзе «Гомсельмаш» адчыніў сумесную вытворчасьць у кітайскім Харбіне[39]. У 2011 годзе на беларуска-кітайскім сумесным прадпрыемстве «Харбін Дондзін-Гомсельмаш» у правінцыі Хэйлунцзян сабралі 300 кукурузаўборачных камбайнаў КПС-4. На 2012 год «Гомсельмаш» выпускаў уборачныя камбайны для бульбы і буракоў, збожжа і кармоў, касілкі-здрабняльніцы і касілкі-плюшчылкі. За студзень-жнівень 2012 году экспарт вырабаў вырас да 262 млн $[36].

9 красавіка 2013 году «Гомсельмаш» заключыў дамову на продаж звыш 100 камбайнаў у Чалябінскую вобласьць Расеі[40]. У чэрвені 2013 году «Гомсельмаш» стварыў збожжаўборачны камбайн на вусенях паводле заказу ўрада Амурскай вобласьці Расеі. На той час прадпрыемства мела сумесныя зборачныя вытворчасьці ў Казахстане, Кітаі і Расеі. Прадстаўніцтвы «Гомсельмашу» працавалі ў Аргентыне і Чэхіі. Прадпрыемства ўваходзіла ў 5-ку найбольшых у сьвеце вытворцаў камбайнаў, наймагутнейшым зь якіх быў кормаўборачны «КВК-8060» з 600 конскімі сіламі. Пад таварным знакам «Палесьсе» выпускалі камбайны для ўборкі буракоў і збожжа, кармоў і кукурузы, льну і рысу[41]. Цягам 2013 году ў Амурскую вобласьць паставілі 130 камбайнаў на вусеневым ходзе, які патрабаваўся празь пераўвільготненасьць глебы Прыамур’я[42]. 24 ліпеня 2013 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 652, паводле якой да 1 жніўня «Гомсельмаш» перадаў у лізінг абласным аграсэрвісам 227 збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218-11 з прыстасаваньнямі для ўборкі рапсу ПР-7 і абсталяваньнем для ўборкі кукурузы КОК-8-2. Таксама паводле Пастановы, «Беларусбанк» выдаў «Гомсельмашу» гадавую пазыку на 500 млрд рублёў у валюце (55,7 млн $ ЗША) пад 9 %, зь якіх 4,5 % пагашаў урад[43]. У 2013 годзе ўнітарнае прадпрыемства «Гомсельмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[44]. За 2013 год на «Гомсельмашы» распрацавалі і выпрабавалі 3 узоры збожжаўборачных камбайнаў з прадукцыйнасьцю 5, 14 і 16 кг/сэк. Пры гэтым наймагутнейшы зь іх быў у 2,6 разу таньнейшым за нямецкі адпаведнік[45]. Па выніках 2013 году «Гомсельмаш» увайшоў у 4-ку найбольшых прамысловых прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці[46]. Звыш 90 % камбайнаў на экспарт выпусьцілі на сумесных вытворчасьцях за мяжой. У студзені 2014 году такі экспарт у Расею прыпыніўся праз заканадаўства, што не дазваляла пастаўляць машынакамплекты на сумесныя прадпрыемствы для далейшай зборкі[47].

Thumb
Збожжаўборачны камбайн «Палесьсе 10С» на вусеневым хаду (2019 год)

10 лютага 2014 году дзяржаўнае прадпрыемства «Прамагралізінг» заключыла дамову лізінга на пастаўку 15 камбайнаў «Гомсельмаш» у расейскую Разань на 60,2 млн расейскіх рублёў (1,7 млн $ ЗША)[48]. 8 красавіка 2014 году кіраўніцтва «Гомсельмашу» зацьвердзіла статут Гандлёвага дому «Гомсельмаш-Украіна». Яшчэ 4 адпаведныя гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў Расеі — «Гомсельмаш-Поўдзень», «Гомсельмаш-Сыбір», «Гомсельмаш-Урал» і «Гомсельмаш-Цэнтар». На той час прадпрыемства вырабляла звыш 40 найменьняў сельскагаспадарчых машынаў[44]. 11 ліпеня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 670 аб стварэньні да 26 верасьня холдынгу «Гомсельмаш», якому падпарадкавалі 5 ААТ: «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў», «Гомельскі завод спэцінструмэнту і тэхналягічнай аснасткі», «Навукова-тэхнічны цэнтар камбайнабудаваньня», «Сьветлагорскі машынабудаўнічы завод» (Гомельская вобласьць) і «СП-Буд»[49]. У ліпені 2014 году «Гомсельмаш» паставіў земляробчым прадпрыемствам Беларусі 300 камбайнаў[50] на ўмовах лізінгу, зь іх 85 у Менскую вобласьць[51]. У 2014 годзе ў расейскім Тамбове адчынілі гандлёвае прадстаўніцтва і рамонтную майстэрню «Гомсельмашу»[52]. 2 верасьня 2014 году на «Гомсельмашы» выпрабавалі збожжаўборачны камбайн «Палесьсе GS16» для палёў з ураджайнасьцю 70—100 цэнтнэраў/га. Панарамнае шкло для яго вырабіла прадпрыемства «Гомельшкло», бартавы кампутар — «Інтэграл» (Менск), а шырокапрофільныя шыны — «Белшына» (Бабруйск). Камбайн «Палесьсе GS16» таксама прызначаўся для ўборкі зернебабовых і кукурузы, рапсу і сланечніку з дапамогай адмысловых прыстасаваньняў[53]. У 2014 годзе «Пэкінская імпартна-экспартная кампанія саўгасаў» стала дылерам «Гомсельмашу» ў Кітаі[54]. Па выніках 2014 году 75 % экспарту прыпала на Расею[55]. Рэшта паставак прыпадала на 15 іншых краінаў[56].

16 лютага 2015 году пачалі распрацоўку новага вусеневага камбайна на заказ з Амурскай вобласьці Расеі[57]. 22—26 лютага 2015 году «Гомсельмаш» упершыню прадставіў свой камбайн «Палесьсе GS12» на 76-й Міжнароднай выставе сельскагаспадачых машынаў (МВСМ-2015) у Парыжы (Францыя). Папярэдне ў сьнежні 2014 году «Гомсельмаш» заключыў дылерскую дамову з францускім прадпрыемствам «Подыя», якое мела каля 120 гандлёвых прадстаўніцтваў у Бэльгіі, Люксэмбургу і Францыі. Таксама дылеры «Гомсельмашу» працавалі ў яшчэ 4 краінах Эўразьвязу — суседняй Летуве, а таксама Баўгарыі, Славаччыне і Чэхіі[58]. 5 сакавіка 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 170 аб пазыцы да 2020 году 6 абласным аграсэрвісным прадпрыемствам для пагашэньня запазычанасьці перад «Гомсельмашам». Пры гэтым «Гомсельмаш» паставіў гэтым прадпрыемствам тэхнікі на 340,5 млрд рублёў (20,9 млн $ ЗША)[59]. Да 20 траўня 2015 году геаграфія паставак камбайнаў пашырылася з 16 да 29 краінаў параўнальна з 2014 годам[60]. У траўні 2015 году з кітайскім заводам «Цзуншэнь» падпісалі дамову пра стварэньне 2 зборачных пляцовак у правінцыях Хэбэй і Ганьсу. У выніку ў верасьні 2015 году адчынілі зборачную вытворчасьць у правінцыі Хэбэй[54]. 4 чэрвеня 2015 году на Беларуска-індыйскім бізнэс-форуме, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, «Гомсельмаш» заключыў пагадненьне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства ў Індыі[61]. 17—18 верасьня 2015 году «Гомсельмаш» прадставіў камбайн «Палесьсе GS16» на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Сочы (Краснадарскі край). Яго прадукцыйнасьць складала 24 тоны за гадзіну, а прапускная здольнасьць — 16 кг за сэкунду. Цана камбайна была ўдвая таньнейшай за амэрыканскі і нямецкі адпаведнікі[62]. Яго распрацавалі ў даччыным «Навукова-тэхнічным цэнтры камбайнабудаваньня» («НТЦК») ў Гомлі з шырынёй малатарні 170 см[63]. У 2015 годзе запусьцілі вытворчасьць бульбаўборачнага камбайна КПБ-260-2 з бакавым падкопам[27]. За 2015 год «Гомсельмаш» паставіў за мяжу 90 % сваіх вырабаў[64]. Пры гэтым у 2015 годзе доля «Гомсельмашу» ў экспарце з Гомельскай вобласьці ў Кітай склала каля 70 %[54].

6 лютага 2016 году на зборачнай вытворчасьці ў кітайскім Харбіне выпрабавалі ўборачныя камбайны для бульбы і збожжа. На гэтай вытворчасьці маглі выпускаць 3000 камбайнаў за год, як і на СП у правінцыі Хэбэй. Пры гэтым урады Кітаю і правінцыі пакрывалі пакупнікам звыш паловы цаны камбайнаў сумеснай вытворчасьці ў Харбіне[65]. 20—25 верасьня 2016 году «Гомсельмаш» прыняў удзел у 5-й міжнароднай выставе «Кітай — Эўразія» ва Ўрумчы (Сіньцьзян-Уйгурскі аўтаномны раён). На выставе прадставілі камбайн «Палесьсе GS05» і энэргасродак «Палесьсе U450» для глебаапрацоўкі і пасеву, кашэньня травы, нарыхтоўкі сенажу і сіласу[66]. Да кастрычніка 2016 году сумеснае прадпрыемства ў Харбіне выпусьціла звыш 2000 камбайнаў ад часу заснаваньня[54]. 12 лістапада 2016 году «Гомсельмаш» пачаў пастаўкі камбайнаў у Турэччыну[67]. У 2016 годзе «Гомсельмаш» паставіў свае камбайны ў 31 краіну. За 2013—2016 гады «НТЦК» паставіў у вытворчасьць 19 узораў машын, у тым ліку збожжаўборачныя самаходныя камбайны КЗС-1624-1, КЗС-1420 і КЗС-1218А-1, самаходны кормаўборачны камбайн КВК-6025, самаходныя касілкі і бульбаўборачныя камбайны[27].

На сакавік 2017 году «Гомсельмаш» выпускаў збожжаўборачныя камбайны прадукцыйнасьцю 5—8, 10, 12—13 і 16 кг/сэк., навясныя, прычапныя і самаходныя касілкі. «НТЦК» распрацоўваў збожжаўборачны камбайн на газавым паліве, а таксама з гібрыдным і ротарным абмалотам. Асвойваўся выраб вусеневых касілак для рысу і адаптэраў для збожжа- і кормаўборачных камбайнаў[27]. У 2017 годзе асвоілі вытворчасьць касілак для ўборкі рысу. На 2018 год «Гомсельмаш» цалкам пакрываў попыт на камбайны ў Беларусі. Большасьць паставак за мяжу прыпадала на Расею, Казахстан, Армэнію, Малдову і Таджыкістан. Прадпрыемства ўваходзіла ў 5-ку найбольшых у сьвеце вытворцаў камбайнаў. У 2018 годзе пачалі выпуск першага ў сьвеце газаматорнага камбайна[30]. 11 красавіка 2017 году на 1-м Беларуска-пакістанскім сельскагаспадарчым форуме ў Пакістане адбылося падпісаньне Мэмарандуму аб супрацы між «Гомсельмаш» і мясцовым «Банкам разьвіцьця сельскай гаспадаркі»[68]. У 2017 годзе запрацаваў дылер «Гомсельмашу» ў расейскай Пензе[69]. 18 чэрвеня 2017 году «Гомсельмаш» стварыў сумесную вытворчасьць у Індыі для зборкі камбайнаў[70]. 19 ліпеня 2017 году НТЦК «Гомсельмашу» выпрабаваў збожжаўборачны камбайн КЗС-1319 на ўборцы рапсу ў Паўднёвым агракамбінаце Гомельскага раёну. Гэты камбайн ажыцьцяўляў гібрыдны абмалот пры дапамозе барабаннай і ротарнай малацільняў[71]. 21 ліпеня 2017 году на Беларуска-ўкраінскім бізнэс-форуме ў Кіеве падпісалі дамову на пастаўку 67 машынакамплектаў збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218A1 для Гандлёвага дому «МТЗ-Беларус-Украіна»[72]. За 1997—2017 гады на «Гомсельмашы» асвоілі вытворчасьць 7 збожжаўборачных камбайнаў і 38 іх мадыфікацыяў[73]. 11 верасьня 2017 году на Беларуска-індыйскім форуме ў Новым Дэлі «Гомсельмаш» і «ДВР Інфратэх» падпісалі Мэмарандум аб разьвіцьці сумеснага прадпрыемства «Гомсельмаш Індыя», зь якім «Гомсельмаш» падпісаў катракт на пастаўку тэхнікі[74]. На кастрычнік 2017 году ва Ўкраіне налічвалася каля 2000 пастаўленых «Гомсельмашам» камбайнаў[75]. 20 лістапада 2017 году «Гомсельмаш» прадставіў свае збожжа- і кормаўборачныя камбайны «Палесьсе» на Агравыставе ў Тбілісі (Грузія)[76]. 29 лістапада 2017 году «Гомсельмаш» заключыў дамову на пастаўку ў Казахстан 500 машынакамплектаў збожжаўборачных камбайнаў для зборкі ў Кастанаі. Гэта дазволіла заняць 50 % рынку камбайнаў у Казахстане[38]. За 2011—2017 гады ўкладаньні ў асноўны капітал склалі 69,3 млн рублёў (35,8 млн $ ЗША), што дазволіла ўкараніць 346 адзінак вытворчага абсталяваньня і павялічыць вытворчую магутнасьць да 5000 камбайнаў за год[77]. Цягам 2011—2017 гадоў «Гомсельмаш» зарабіў на імпартазамяшчэньні звыш 2 млрд даляраў. У 2017 годзе кормаўборачныя камбайны «Палесьсе» занялі 40 % рынка Аргентыны[32], а на сумесным прадпрыемстве ва Ўкраіне выпусьцілі 90 камбайнаў[78].

17 лютага 2018 году ў Каіры (Эгіпет) адчынілі зборачную вытворчасьць «Менскага аўтамабільнага заводу», пад дахам якой пачалі зборку камбайна ад «Гомсельмаша» для ўборкі пшаніцы і сорга[79]. 6 чэрвеня 2018 году «Гомсельмаш» паказаў 20 відаў сваёй тэхнікі на 28-й міжнароднай выставе «Белагра» ў Менскі раёне. Сярод іншага прадставілі камбайн КЗС 1624-1, унівэрсальны мабільны энэргетычны сродак, які замяняў кормаўборачны камбайн і трактар, і 1-ы ў сьвеце газаматорны збожжаўборачны камбайн. На той час камбайнамі «Гомсельмашу» карысталіся ў 38 краінах[80]. Пры гэтым «Гомсельмаш» атрымліваў дэталі ад амаль 400 пастаўшчыкоў у Беларусі. Камбайн з газаматоным рухавіком на мэтане дазваляў ашчаджаць да 50 % параўнальна з дызэльным палівам. У 2018 годзе пачаліся продажы ў Судан і Этыёпію[32]. У ліпені 2018 году пастаўленыя ў Грузію камбайны «Гомсельмашу» пачалі выкарыстоўваць на жніве[81]. У жніўні 2018 году распрацавалі і вырабілі камбайн КЗС-2124 для палёў з ураджайнасьцю збожжа звыш 60 ц/га. Пры гэтым яго цана была амаль у 2,5 разы меншай, чым у нямецкага адпаведніка[77]. На жнівень 2018 году «Гомсельмаш» адначасна выпрабоўваў 5 узораў камбайнаў[82]. Сярод іх камбайн КЗС-1624 абсталявалі аўтакіраваньнем праз спадарожнік ад станцыі навядзеньня на Зямлі[83]. 11 кастрычніка 2018 году «Гомсельмаш» паказаў камбайн «Палесьсе» магутнасьцю 530 к.с. на 10-м Маскоўскім аграсалёне[84]. 5—10 лістапада 2018 году «Гомсельмаш» прыняў удзел у Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў Шанхаі[85].

20 сакавіка 2019 году «Гомсельмаш» паказаў збожжа- і кормаўборачныя камбайны, а таксама касілкі на выставе «Зроблена ў Беларусі», якая прайшла ў Тбілісі (Грузія). Падчас выставы падпісалі дамовы на пастаўку 30 камбайнаў агульнай цаной 2,5 млн даляраў[86]. На 2019 год у Таджыкістане дзейнічала прадстаўніцтва «Гомсельмашу»[87]. 25 чэрвеня 2019 году ў кітайскім Хандане адчынілі новы корпус сумеснага прадпрыемства «Хэбэй Цзуншэнь-Гомсельмаш» і адгрузілі 500-ы камбайн «Цзуншэнь-Гомель». Адначасна падпісалі кантракт на пастаўку машынакамплектаў кормаўборачных камбайнаў на 1,5 млн $[88]. У жніўні 2019 году «Гомсельмаш» прадставіў сеялкі і камбайны для жніва збожжа і кармоў на Кенійскай міжнароднай гандлёвай выставе ў Найробі[89]. Увосень 2019 году заключылі дамову з «Ташкенцкім заводам сельскагаспадарчай тэхнікі» аб стварэньні ва Ўзбэкістане зборачнай вытворчасьці камбайнаў[90].

17 сакавіка 2020 году «Гомсельмаш» пачаў адгрузку 20 збожжаўборачных камбайнаў КЗС-812 у Зымбабвэ[91]. За першы квартал 2020 году «Гомсельмаш» паставіў 136 камбайнаў у беларускія гаспадаркі і 278 за мяжу, у тым ліку найбольш у Расею, Казахстан, Украіну і Малдову[92]. У ліпені 2020 году «Гомсельмаш» выпускаў за содні каля 15 камбайнаў[28]. 25 жніўня 2020 году «Гомсельмаш» упершыню паставіў у Армэнію збожжаўборачныя камбайны «GS12A1» з рухавіком магутнасьцю 330 к.с.[93]. На кастрычнік 2020 году 80  % камбайнаў у гаспадарках Беларусі вырабілі на «Гомсельмашы». На прадпрыемстве працавала каля 7000 чалавек[94]. 26 кастрычніка «Гомсельмаш» выпрабаваў кормаўборачны камбайн «FS 450» з рухавіком магутнасьцю 450 к.с. і жняяркай шырынёй захопу 4,5 мэтры. Таксама на ім выпрабавалі падборшчык і жняярку для траваў з шырынёй захопу 5 мэтраў[95].

12 мая 2023 году Украіна ўвяла санкцыі супраць «Гомсельмашу» і Гомельскага заводу ліцьця і нармаляў[96].

Кіраўнікі

  • Я.Я. Амбражунас (1930—1933)
  • А.К. Генкін (1933—1943)
  • В.Т. Серыкаў (1943—1944)
  • Т.І. Якаўлеў (1944—1946)
  • А.Я. Быкаў (1946—1955)
  • А.А. Сафронаў (1955—1956)
  • Ф.Н. Дзянісаў (1956—1960)
  • І.П. Кацёнак (1960—1972)
  • Н.І. Афанасьеў (1972—1987)
  • С.С. Дрозд (1987—1992)
  • С.І. Пракапенка (1992—1995)
  • Валеры Жмайлік (1995—2012)
  • Аляксандар Камко (28 сьнежня 2012[97] — 2019)
  • Аляксандар Новікаў (з 28 сакавіка 2019 году)[98]

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.