беларускі музычны ансамбль From Wikipedia, the free encyclopedia
«Бяседа» — музычны ансамбль Беларусі, заснаваны ў студзені 1991 году кампазытарам Леанідам Захлеўным[2].
«Бяседа» | |
Гады | з 1991-га |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Менск (Беларусь) |
Мова | беларуская |
Жанр | народная музыка |
Выдавец | Белтэлерадыёкампанія |
Былыя ўдзельнікі | Якаў Навуменка, Аляксандар Балотнік, Валянціна Карэлікава, Сьвятлана Суседчык, Натальля Раманская, Анжэла Макарава |
beseda.3belarus.by |
Рэпэртуар складаўся зь беларускіх народных песьняў, якія былі жартоўнымі і лірычнымі, прысьвячаліся народным абрадам і сямейным урачыстасьцям. Найбольш вядомымі былі песьні «За маладых» і «Маруся», «Запрагай-ка, бацька, коней» і «Зьвіняць звончыкі». На канцэртах чаргавалі харавыя, інструмэнтальныя і сольныя нумары ў народных строях. У рэпэртуары пераважалі апрацоўкі народных мэлёдыяў і аўтарскія песьні, створаныя Леанідам Захлеўным і вядучым музыкам Мікалаем Алешкам. Найбольшай славай карысталіся песьні «Ай, ды полька» на словы Ўладзімера Пецюкевіча і музыку Алешкі, «Вечарынка» на словы Ўладзімера Мазго і музыку Захлеўнага, а таксама «Чарка на пасашок» на словы Аляксандра Лягчылава і музыку Аляксандра Балотніка. Да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі Леанід Захлеўны напісаў цыкль песьняў на словы Віктара Кавальчука («Вальс 44-га году», «Напярэдадні вайны» і «Тальянка») і Міхаіла Ясеня («Ах, Тацьцяна Фёдараўна», «З днём нараджэньня» і «Перамога»), за які атрымаў спэцыяльную прэмію прэзыдэнта Беларусі. Ансамбль браў удзел у міжнародных фальклёрных сьвятах: «Маладзечна» і Дзень беларускага пісьменства, «Дажынкі» і «Славянскі базар у Віцебску». «Бяседа» выступала ў 14 краінах, у тым ліку ў Вэнэсуэле, 3-х краінах Азіі — Казахстане, Карэі і Кітаі, а таксама ў 10 краінах Эўропы — усіх суседніх Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне, а таксама Аўстрыі, Нямеччыне, Партугаліі, Румыніі і Швэцыі. Гурт запісваў песьні ў фонд Беларускага радыё[3].
У 2016 годзе ансамбль «Бяседа» выдаў кампакт-дыск «Запаветны бераг» да свайго 25-годзьдзя. Музычны альбом улучаў 23 песьні. У яго запісе ўзялі ўдзел 5 сьпявачак і сьпевакоў: Валянцін Кірыленка, Тацьцяна Лазоўская і Натальля Раманская, Юлія Саўчанка і Сьвятлана Суседчык. Музыку гралі 8 чалавек: Ганна (скрыпка) і Мікола Алешкі (баян і гармонік), Сяргей Бяльцоў (скрыпка) і Вольга Калавур (цымбалы), Ігар Міхальцоў (баян, гармонік і сьпеў) і Аляксандар Надточы (сынтэзатар і ўдарнікі), Юры Чаркас (дудка і флейта) і Пётар Чырта (кантрабас). Гукарэжысэрам выступіў Д. Каршакевіч, а зьвядзеньне выканаў С. Лісоўскі. Мастацкі кіраўнік Леанід Захлеўны апрацаваў 14 песьняў (1 і 5, 8—12 і 14—16, 18—19 і 22—23), Мікола Алешка — 8 (2—4 і 6—7, 13 і 20—21), а Сяргей Бяльцоў — адну (17). Альбом выпусьціла Белтэлерадыёкампанія на падставе запісаў Беларускага радыё[4].
«Запаветны бераг» | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
№ | Назва | Словы | Музыка | Працягласьць | |||||
1. | «Запаветны бераг» | Леанід Пранчак | Леанід Захлеўны | 2:54 | |||||
2. | «Ой, прачнуўся я ў панядзелак» | беларуская народная песьня | 2:17 | ||||||
3. | «У вішнёвым садочку» | беларуская народная песьня | 2:16 | ||||||
4. | «Дзе ж бы я ні ехала» | беларуская народная песьня | 2:20 | ||||||
5. | «Дзяўчыненька, шуміць гай» | беларуская народная песьня | 3:05 | ||||||
6. | «Полька «Шмыгалёўка»» | Мікола Алешка | 1:46 | ||||||
7. | «Дзеўчына як вішня» | Уладзімер Пецюкевіч | Мікола Алешка | 3:25 | |||||
8. | «Дарагая, мая залатая» | С. Салагуб | Леанід Захлеўны | 3:13 | |||||
9. | «Маміна вішня» | Уладзімер Карызна | Леанід Захлеўны | 3:44 | |||||
10. | «Бацькоў не забывай» | Міхаіл Ясень | Леанід Захлеўны | 3:27 | |||||
11. | «Восем хлопцаў на сяло» | Алесь Бадак | Леанід Захлеўны | 2:06 | |||||
12. | «Там за вёсачкай» | С. Салагуб | Леанід Захлеўны | 2:36 | |||||
13. | «Кума» | Аляксандар Лягчылаў | Мікола Алешка | 2:50 | |||||
14. | «Будзем жыць як набяжыць» | Алесь Бадак | Ізмаіл Капланаў | 3:24 | |||||
15. | «Дальва» | Алесь Бадак | Леанід Захлеўны | 3:25 | |||||
16. | «Залаты матыў» | Леанід Пранчак | Леанід Захлеўны | 4:02 | |||||
17. | «Муза ты мая» | Уладзімер Пецюкевіч | Сяргей Бяльцоў | 3:12 | |||||
18. | «Не чакала, пакахала» | Аляксандар Лягчылаў | Тарыэл Майсурадзэ | 3:21 | |||||
19. | «А на вуліцы грамы» | Алесь Пісарчык | Леанід Захлеўны | 2:49 | |||||
20. | «На сьцяжынцы вечаровай» | Уладзімер Карызна | Мікола Алешка | 3:40 | |||||
21. | «Песьню на шчасьце прыміце» | Уладзімер Пецюкевіч | Мікола Алешка | 2:50 | |||||
22. | «Чарка на пасашок» | Аляксандар Лягчылаў | Аляксандар Балотнік | 2:29 | |||||
23. | «Палянэз» | Міхал Агінскі | 4:06 | ||||||
1 гадз. 9 хв. 17 сэк. |
«Бяседа» выконвала песьні на вершы Надзеі Салодкай[5] і Івана Цітаўца[6], Тацьцяны Атрошчанкі[7] і Людмілы Кебіч[8], Кастуся Цыбульскага[9] і Ўладзімера Ўладзімеравіча Карызны, Уладзімера Мазго («Мэлёдыя душы» і «Вечарынка», «У новы век», «Закахалася ў суседа» і «Хлебны квас»)[10] і Алеся Бадака, Леаніда Пранчака і Ўладзімера Скарынкіна, Уладзімера Пецюкевіча і Аляксандра Лягчылава.
На 2022 год удзельнікамі ансамблю «Бяседа» былі Леанід Захлеўны і Мікола Алешка, Тацьцяна Лазоўская і Юлія Саўчанка, Ігар Міхалькоў[11] і Ганна Алешка, Сяргей Бяльцоў і Валянцін Кірыленка, Ігар Міхалькоў і Вольга Калавур, Юлія Захарава і Настасься Кулік[12].
У мінулым у складзе ансамблю бралі ўдзел Якаў Навуменка[13] і Аляксандар Балотнік, Валянціна Карэлікава і Сьвятлана Суседчык, Натальля Раманская і Анжэла Макарава[12].
У студзені 1991 году кампазытар Леанід Захлеўны заснаваў ансамбль «Бяседа», які стаў выконваць народную музыку на Беларускім радыё. Гурт склалі артысты ансамблю «Жывіца», які вярнуўся з гастроляў на запрашэньне беларускай дыяспары Амэрыкі безь кіраўніцы Валянціны Пархоменкі[14]. Назву ансамблю прапанаваў сьпявак Якаў Навуменка[12]. Адной зь першых стала песьня «Каля Чырвонага касьцёла» на словы Леаніда Пранчака пад аранжыроўку Юрыя Багаткевіча[15]. У 1998 годзе баяніст Аляксандар Балотнік паклаў на музыку словы песьні «Чарка на пасашок» Аляксандра Лягчылава, якая стала шлягерам «Бяседы»[16]. Адной зь лірычных песьняў у выкананьні «Бяседы» стала песьня «Яблычак румяны» на словы Ўладзімера Пецюкевіча і музыку баяніста Міколы Алешкі. Яе засьпявала Валянціна Карэлікава[17]. Аднаўленьнем акардэонаў, баянаў і гармонікаў для «Бяседы» займалася майстэрня «Музрам» Беларускага саюзу музычных дзеячоў, што месьцілася ў Менску па вуліцы Чычэрына, д. 1 (насупраць Вялікага тэатру Беларусі)[18]. Да 2003 году скрыпкі і цымбалы, дудкі і жалейкі для «Бяседы» вырабляў Усевалад Жукоўскі, якога пазьней замяніў ягоны сын Аляксандар[19].
У чэрвені 2007 году «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас Фэстывалю народнай музыкі ў Паставах (Віцебская вобласьць)[20]. У ліпені 2007 году падчас сьвяткаваньня 125-годзьдзя Янкі Купалы Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прадставіў прэм’еру радыёспэктаклю «Паэт і дзяўчына» паводле аднайменнай п’есы Пятра Васючэнкі. У яго запісе браў удзел ансамбль «Бяседа»[21]. На пачатку верасьня 2007 году гурт зьняўся ў перадачы «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» ў Летнім амфітэатры Віцебску. У сярэдзіне верасьня «Бяседа» ўзяла ўдзел у «Дажынках» з прэм’ерай песьні «Аграгарадок» на словы Івана Цітаўца і музыку Івана Поклада, а 27 верасьня дала сольнік у Канцэртнай залі «Менск»[15]. 4 кастрычніка 2007 году ансамбль узяў удзел у канцэрце да 10-годзьдзя Палаца Рэспублікі ў Менску[22]. 3 лістапада «Бяседа» сыграла ў Беларускай філярмоніі на канцэрце да 125-годзьдзя Якуба Коласа[23]. 7 сьнежня 2007 году ансамбль сыграў у Каракасе (Вэнэсуэла) на Нацыянальнай выставе дасягненьняў Беларусі[24].
18 студзеня 2008 году «Бяседа» стала ўдзельніцай канцэрту да 70-годьдзя Менскай вобласьці ў Канцэртнай залі «Менск»[25]. Увесну 2008 году Леанід Захлеўны напісаў для ансамблю «Бяседа» цыкль песьняў «З днём нараджэньня, Перамога» пра шчасьлівую гісторыю каханьня ад расстаньня ў 1941 годзе да сустрэчы ў 1945-м[26]. У ліпені 2008 годзе ансамбль выступіў на гала-канцэрце падчас «Славянскага базару ў Віцебску»[27]. 7 верасьня 2008 году на Дзень беларускага пісьменства ў Барысаве (Менская вобласьць) «Бяседа» зайграла на гала-канцэрце «Мы — беларусы»[28]. 20 верасьня на Рэспубліканскім сьвяце-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі» ансамбль «Бяседа» прадставіў прэм’еру песьні «Кірмаш гудзе»[29]. У кастрычніку 2008 году адбыўся выступ на адкрыцьці Міжнароднага фэстывалю Юрыя Башмета ў менскім парку Горкага[30].
2 красавіка 2009 году ансамбль выступіў на беларуска-расейскім канцэрце ў Беларускай філярмоніі[31]. Пры канцы чэрвеня 2009 году Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі прысудзіў «Бяседзе» грашовую прэмію ў галіне музыкі за канцэртную папулярызацыю беларускай народнай песьні ў замежжы[32]. Увечары 31 сьнежня 2009 году на тэлеканале «Лад» паказалі пераднавагодні канцэрт «Бяседы»[33]. 24 верасьня 2010 году «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас «Дажынак» у Лідзе (Гарадзенская вобласьць)[34].
У кастрычніку 2011 году ансамбль выступіў у Магілёве на Міжнародным музычным фэстывалі «Залаты шлягер» у канцэртнай праграме «Карагод сяброўства» з расейскімі і ўкраінскімі музыкамі[35]. 23 лістапада 2011 году мастацкаму кіраўніку «Бяседы» Леаніду Захлеўнаму прысудзілі ордэн Францішка Скарыны за заслугі ў разьвіцьці культуры[36]. 19 траўня 2012 году ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу (Расея) «Бяседа» выступіла на пляцоўцы Музэю вады[37]. У ліпені 2012 году ансамбль узяў удзел у 21-м «Славянскім базары» ў Віцебску[38]. 28 ліпеня «Бяседа» сыграла на канцэрце ў Каленкавічах (Гомельская вобласьць) падчас 7-га Фэстывалю народнага гумару «Аўцюкі»[39]. 25 кастрычніка 2012 году ансамбль сыграў у Канцэртнай залі Беларускай філярмоніі на творчым вечары кампазытара Ўладзімера Ўладзімеравіча Карызны[40].
3 жніўня 2013 году ў Міхалове (Беластоцкі павет) «Бяседа» выступіла на 3-м Фэстывалі беларускай культуры «Прымацкая бяседа», які сабраў каля 3000 гледачоў[41]. На пачатку верасьня 2013 году на Дні беларускага пісьменства ў родным Быхаве выступіла салістка «Бяседы» Тацьцяна Лазоўская[42]. У кастрычніку 2013 году ансамбль сыграў песьні свайго былога саліста Якава Навуменка на канцэрце ягонай памяці «На паруках настальгіі», які прайшоў у Беларускай філярмоніі[43]. На 2013 год ў Сеціве разьмясьцілі відэазапісу выступаў «Бяседы»[44].
7 траўня 2014 году ансамбль выканаў народныя песьні для перадачы «Наперад у мінулае», якую паказалі на тэлеканалах «Беларусь 3» і «Беларусь 24» у рамках праекту «100 песень для Беларусі» да Дня працаўнікоў тэлебачаньня, радыё і сувязі. 8 траўня адпаведны канцэрт паўторна трансьлявалі на Беларускім радыё[45]. У чэрвені 2014 году на Фэстывалі беларускай песьні і паэзіі «Маладзечна» (Менская вобласьць) ансамбль «Бяседа» ўзяў удзел у канцэрце «Спадчына песьняроў», прысьвечаным Ўладзімеру Мулявіну[46]. У чэрвені 2014 году на вечарыне да 75-годзьдзя паэта Ўладзімера Скарынкіна ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы сьпявачка «Бяседы» Валянціна Карэлікава выканала рамансы на словы Ўладзімера і Андрэя Скарынкіных[47]. 4 лістапада 2014 году «Бяседа» сыграла ў Вялікай залі Беларускай філярмоніі на гала-канцэрце «Музычны скарб Беларусі» з нагоды 89-годзьдзя Беларускага радыё. Радыёканал «Культура» ладзіў наўпроставую трансьляцыю падзеі. 14 лістапада канцэрт паказалі на тэлеканале «Беларусь 1»[48]. Таксама ў лістападзе сьпявак «Бяседы» Мікола Алешка атрымаў мэдаль Францішка Скарыны[49]. 27 лістапада ансамбль выступіў у Палацы Рэспублікі на канцэрце Тарыэла Майсурадзэ[50].
30 траўня 2015 году ансамбль засьпяваў на Сьвяце беларускай культуры ў Польшчы[51]. 5—7 чэрвеня 2015 году адбыўся 15-ы фэст «Маладзечна» з удзелам «Бяседы»[52]. 3 ліпеня 2015 году тэлеканал «Беларусь 3» паказаў праграму ансамбля «Запрашаем на „Бяседу“»[53]. 25 ліпеня ансамбль засьпяваў на 16-м Міжнародным фэстывалі беларускай культуры «Сяброўская бяседа» ў Гарадку (Беластоцкі павет)[54]. Ад 2 верасьня ў Горадні па 10 кастрычніка ў Менску «Бяседа» гастралявала па 18 гарадах і мястэчках Беларусі, у тым ліку па ўсіх абласных цэнтрах, з канцэртнай праграмай «Любіць Беларусь»[55]. Тэлеканал «Беларусь 3» паказваў адпаведныя канцэрты, у перапынках якіх вядоўца Алена Трацэнка праводзіла тэлевіктарыну «Размаўляем па-беларуску»[56]. На канцэртах гучалі такія песьні, як «Хлеб ды соль», «А ў Марусі хата на пагосьце», «Звончыкі», «Былі ў мяне сваты» і «Вечарынка»[57]. У кожнай з 6 вобласьцяў Беларусі музыкі наведалі па 3 паселішчы, у тым ліку родныя гарады музыкаў: Горадню, Слуцак і Баранавічы, Слонім і Наваполацак[58]. Сярод іншага, 26 верасьня выступілі на «Дажынках» у Круглым (Магілёўская вобласьць)[59].
4—5 чэрвеня 2016 году ў Горадні прайшоў 11-ы Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў, на якім зайграла «Бяседа»[60]. 6 красавіка 2017 ансамбль сыграў канцэрт у Гарадку (Віцебская вобласьць)[61]. 31 кастрычніка 2017 году правялі канцэрт у Салігорску (Менская вобласьць)[62]. Падчас Міжнароднага фэстывалю «Залаты шлягер» у 2017 годзе «Бяседа» выступіла на канцэрце «Сустракаем Новы год разам», які тэлеканал «Беларусь 3» паказаў 31 сьнежня[63].
17 чэрвеня 2018 году ансамбль зайграў на вечарыне «Гэта мы» да 80-годзьдзя фатографа Юрыя Іванова, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры[64]. 20 лютага 2020 году ў Беластоку «Бяседа» засьпявала на гала-канцэрце 27-га фэстывалю «Беларуская песьня», які прайшоў у Падляскай опэры. Гала-канцэрт сабраў 850 гледачоў[65]. 29 жніўня 2020 году ў Ляскавічах (Петрыкаўскі раён) ансамбль зайграў на 6-м Міжнародным фэстывалі этнакультурных традыцыяў «Кліч Палесься»[66].
3 лютага 2021 году «Бяседа» сыграла на канцэрце «Будзь здаровы, гаспадар» свайго былога ўдзельніка Аляксандра Балотніка, які прайшоў у Вялікай залі Беларускай філярмоніі[67]. 12 чэрвеня 2021 году ансамбль выступіў на гала-канцэрце падчас 20-га фэстывалю «Маладзечна»[68]. 25 лістапада 2021 году зладзілі канцэрт у Палацы культуры МТЗ[69]. 31 сьнежня 2021 году ансамбль зайграў на тэлеканцэрце «Навагодні настрой», які паказаў тэлеканал «Беларусь 3»[70].
8 студзеня 2022 году на «Беларусь 3» паказалі канцэрт ансамблю «Вітаем Новы год»[71]. У лютым 2022 году «Бяседа» выступіла ў Бабруйску на сцэне тэатру драмы і камэдыі імя Дунін-Марцінкевіча[72]. 8 сакавіка 2022 году на Міжнародны жаночы дзень музычную праграму ансамблю «Вітаем вас» паказалі на «Беларусь 3»[73]. 27 сакавіка выступілі ў Канцэртнай залі «Менск»[74]. Увесну 2022 году «Бяседа» зрабіла песьню «Адлятаюць гусі» на словы Аляксандра Лягчылава і музыку Ўладзімера Будніка. Таксама запісалі песьню «Буйніцкае поле» на словы Міхаіла Ясеня, якую прасьпявала Настасься Грыгор’ева[75].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.