Remove ads
горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Кру́глае — места ў Беларусі, на рацэ Друці. Адміністрацыйны цэнтар Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7648 чалавек[1]. Знаходзіцца за 78 км на паўночны захад ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Талачын (лінія Ворша — Менск). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Воршу, Шклоў, Талачын, Бялынічы.
Круглае лац. Kruhłaje | |||||
Новая Траецкая царква | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1524 | ||||
Горад з: | 2017 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Круглянскі | ||||
Вышыня: | 175 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 7648 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2234 | ||||
Паштовы індэкс: | 213188 | ||||
СААТА: | 7242501000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°14′52.57″ пн. ш. 29°47′47.90″ у. д. | ||||
± Круглае | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Круглае — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны).
Першы пісьмовы ўпамін пра Круглае як вёску Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва датуецца 1524 годам. У гэты час маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Палубінскіх[2]. У 2-й палове XVI ст. Круглае перайшло да Нарушэвічаў, пазьней Дэмбінскіх, Расьцінскіх, Ломскіх. У 1621 году Юры Ломскі прадаў яго канцлеру Льву Сапегу. У 1667 годзе маёнтак перайшоў да князя Аляксандра Палубінскага.
Паводле інвэнтароў, складзеных у 1669 і 1673 гадох, Круглае мела статус мястэчка і налічвала 72 двары. Па сьмерці А. Палубінскага ў 1679 годзе маёнтак перайшоў да Яны Тэадоры Нарушэвіч, якая ўзяла другі шлюб зь Янам Агінскім. У XVIII ст. мястэчка належала іхным нашчадкам. На 1743 год — 60 двароў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Круглае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губэрні. Мястэчка знаходзілася ў валоданьні К. Дашкавай і налічвала 41 двор; тут працавалі броварны завод і палатняная фабрыка. На 1785 год — 86 двароў, дзеялі 2 царквы, працавалі 2 млыны, сукнавальня, вінакурны завод і мураваная крама. У вайну 1812 году ў Круглым месьцілася галоўная кватэра расейскіх войскаў на чале з М. Кутузавым. У 1834 годзе ў мястэчку пачала працаваць гарбарня, у 1852 годзе — яшчэ адна.
На 1846 годзе ў мястэчку Кругае было 76 двароў, таксама існаваў аднайменны фальварак. На 1880 год — 119 будынкаў, дзеяла царква, працавалі расейская народная вучэльня, жыдоўская школа і 3 млыны, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 185 двароў, дзеяла царква і юдэйская малітоўная школа, працавалі народная вучэльня, царкоўнапрыходзкая школа, 2 вадзяныя млыны, крападзёрка, сукнавальня, 15 крамаў і заезны двор; у фальварку — 2 двары, працавалі крухмальны завод і млын. У 1913 годзе ў мястэчку было 193 двары, працавалі скарбовая вінная крама і лячэбны пакой. Праз Круглае праходзіў паштовы тракт з Талачына ў Магілёў, працавала паштовая станцыя, якая ў 1914 годзе мела 10 коней.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Круглае занялі войскі Нямецкай імпэрыі[3].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Круглае абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Круглае вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну (у 1931—1935 гадох уваходзіла ў склад Талачынскага раёну, у 1959—1966 гадох — Бялыніцкага раёну). У 1925 годзе статус паселішча панізілі да вёскі, у гэты час тут было 250 двароў. У Другую сусьветную вайну з 8 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
11 сакавіка 1967 году Круглае атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 25 студзеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі местачковы герб. 19 сьнежня 2016 году ўлады Магілёўскай вобласьці пастанавілі надаць Кругламу статус места[4], пастанова набыла сілу 17 студзеня 2017 году[5].
У Круглым дзеюць царква Сьвятой Тройцы і касьцёл Сьвятога Язэпа.
У Круглым працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 5 дашкольных установаў.
Мэдычнае абслугоўваньне ажыцьцяўляе лякарня.
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, моладзевы цэнтар, дом рамёстваў.
У мястэчку выдаецца раённая газэта «Сельскае жыцьцё».
У паваенны час у Круглым будаваліся пераважна драўляныя дамы сядзібнага тыпу. Мястэчка разьвіваецца паводле генэральнага пляну 1975 году і праекту дэталёвага плянаваньня, у аснову якіх закладаўся прынцып расчыненьня забудовы ў бок Друці. Жылы масіў канцэнтруецца галоўным чынам у цэнтры і ў паўднёвай частцы мястэчка, узводзяцца чатырох- і пяціпавярховыя дамы. Прамысловая зона сфармавалася ў паўночнай частцы.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Камсамольская вуліца | Віленская вуліца |
Магілеўская вуліца | Шклоўская вуліца |
Першамайская вуліца | Старасельская вуліца |
Пралетарская вуліца | Ісаеўская вуліца (частка) Глухая вуліца (частка) |
Пралетарскі завулак | Папоўскі завулак |
Пушкіна вуліца | Прудовы завулак |
Савецкая вуліца | Прабойная вуліца (частка) Талачынская вуліца (частка)[15] |
Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.
Прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці. У прамысловай зоне працуюць аддзяленьне Магілёўскага малочнага камбіната, ААТ «Круглянскі льнозавод». У мястэчку разьмяшчаецца камбінат будаўнічых матэрыялаў, ільноапрацоўчы і масларобны заводы.
Дзее Круглянскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў местачковай гасьцініцы[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.