Лёндан
сталіца Вялікабрытаніі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Лёндан (па-ангельску: London) — сталіца Ангельшчыны й Злучанага Каралеўства, найбуйнейшы мэгаполіс у Злучаным Каралеўстве й найбуйнейшая гарадзкая зона ў Эўрапейскім Зьвязе паводле большасьці паказчыкаў. Разьмешчаны на рацэ Тэмза, Лёндан зьяўляецца буйным паселішчам на працягу двух тысячагодзьдзяў, ягоная гісторыя сыходзіць да свайго заснаваньня рымлянамі, якія назвалі яго Ляндыніюм[2]. Старажытная частка Лёндану, лёнданскае Сіці, у значнай ступені захоўвае сваю плошчу ў сярэднявечных межах. Прынамсі з XIX стагодзьдзя Лёндан таксама называюць мэтраполіяй, якая склалася вакол гэтага ядра. Большая частка гэтай аглямэрацыі Лёндану, як і адміністрацыйны раён Вялікі Лёндан[3] рэгулюецца абраным мэрам Лёндану й лёнданскай Асамблеяй[4].
Лёндан | |
анг. London | |
Першыя згадкі: | 43 |
Былыя назвы: | Ляндыніюм, Люндэнбург |
Краіна: | Вялікабрытанія |
Мэр: | Садык Хан[d][1] |
Плошча: | 1706,8 км² |
Вышыня: | 24 м н. у. м. |
Насельніцтва (2007) | |
колькасьць: | 7 556 900 чал. |
шчыльнасьць: | 4427,53 чал./км² |
Часавы пас: | UTC+0 |
летні час: | UTC+1 |
Тэлефонны код: | +44 207 (цэнтар) +44 208 (прыгарады) +44 203 (прыгарады) |
Паштовы індэкс: | E, EC, N, NW, SE, SW, W, WC, BR, CM, CR, DA, EN, HA, IG, KT, RM, SM, TN, TW, UB, WD |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°30′26″ пн. ш. 0°7′39″ з. д. |
Лёндан | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |
london.gov.uk |
Лёндан зьяўляецца вядучым сусьветным горадам, сусьветным цэнтрам мастацтва, гандлю, адукацыі, індустрыі забаваў, моды, фінансаў, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, прафэсійных паслугаў, дасьледаваньняў і распрацовак, турызму й транспарту, што спрыяе ягонай вядомасьці[5]. Горад зьяўляецца найбуйнейшым фінансавым цэнтрам нараўне зь Нью-Ёркам[6] і пятым па велічыні гарадзкога СУП, і самым буйным горадам з такім паказчыкам у Эўропе[7]. Лёндан ёсьць самым наведвальным горадам у сьвеце[8], а лёнданскі аэрапорт Гітраў зьяўляецца самым загружаным аэрапортам у сьвеце паводле ліку міжнародных пасажыраў[9]. Маючы ў сваіх межах 43 унівэрсытэты, горад складае самую вялікую канцэнтрацыю вышэйшай адукацыі ў Эўропе[10]. У Лёндане адны з самых высокіх коштаў на нерухомасьць у сьвеце[11][12]. У 2012 годзе Лёндан стаў першым горадам, дзе праходзілі сучасныя летнія Алімпійскія гульні ня менш за тры разы[13].
Лёндан месьціць прадстаўнікоў разнастайных народаў, культур і рэлігіяў, больш чым на 300 мовах гавораць людзі ў ягоных межах[14]. У ліпені 2010 году Вялікі Лёндан меў насельніцтва ў 7 825 200 чалавек, што робіць яго самым густанаселеным муніцыпалітэтам у ЭЗ[15]. Вялікі Лёндан у межах гораду зьяўляецца другім па велічыні ў ЭЗ па колькасьці насельніцтва[16], у той час як сталічная вобласьць Лёндану зьяўляецца найбуйнейшай у ЭЗ, паводле ацэнак, агульная колькасьць насельніцтва вагаецца з 12 млн[17] да 14 млн чалавек[18]. Лёндан быў самым буйным горадам у сьвеце паводле колькасьці насельніцтва з 1831 па 1925 гады[19].
У Лёндане месьцяцца чатыры аб’екты сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО: лёнданскі Таўэр, Каралеўскія батанічныя сады К’ю, Ўэстмінстэрскі палац разам з Ўэстмінстэрскім абацтвам і царквой Сьвятой Маргарыты, і гістарычныя паселішчы ў Грыныджы, дзе месьціцца Каралеўская абсэрваторыя з адзнакай нулявога мэрыдыяна[20]. Іншыя вядомыя славутасьці ўключаюць Бэкінггэмскі палац, Лёнданскае Вока, плошча Пікадылі, Сабор Сьвятога Паўла, Таўэрскі мост, Трафальгарская плошча й стадыён «Ўэмблі». Лёндан зьяўляецца домам для шматлікіх музэяў, галерэяў, бібліятэк, спартовых спаборніцтваў і іншых культурных установаў, уключаючы Брытанскі музэй, Нацыянальную галерэю, Брытанскую бібліятэку, Ўімбэлдан і 40 тэатраў[21]. Лёнданскі мэтрапалітэн зьяўляецца найстарэйшай падземнай чыгуначнай сеткай у сьвеце[22] й другім самым шырокім пасьля Шанхайскага мэтрапалітэну[23]. Гарадзкая тэрыторыя Вялікага Лёндану падзяляецца на Ўнутраны й Вонкавы Лёндан, адміністрацыйна на Сіці й 32 гарадзкія акругі (анг. London boroughs), сярод іх таксама Ўэстмінстэр. Лёндан зьяўляецца рэзыдэнцыяй Міжнароднай марской арганізацыі (анг. IMO).