Remove ads
штогадовае тэніснае спаборніцтва ў Лёндане (Ангельшчына, Вялікабрытанія) From Wikipedia, the free encyclopedia
Ўімбэлданскі турнір (па-ангельску: Wimbledon Championships) — найстарэйшы і найболей прэстыжны тэнісны турнір, адзін з чатырох турніраў Вялікага шлема. Праводзіцца штогод у чэрвені–ліпені, у мястэчку Ўімбэлдан, Лёндан. Працягласьць — 2 тыдні, часам больш: у залежнасьці ад затрымак гульні, выкліканых дажджом.
Адзіны з чатырох турніраў Вялікага шлема, які праводзіцца на травяных кортах. У рамках турніру праводзяцца асобныя першынствы: адзіночныя мужчынскія, адзіночныя жаночыя, парныя мужчынскія, парныя жаночыя, зьмяшаныя парныя. Юнацкія турніры: адзіночныя мужчынскія, адзіночныя жаночыя, парныя мужчынскія, парныя жаночыя. Дадаткова праводзяцца адмысловыя турніры ва ўзроставых катэгорыях: парныя мужчынскія 35 гадоў і больш, парныя мужчынскія 45 гадоў і больш, парныя жаночыя 35 гадоў і больш.
Турнір быў упершыню зладжаны ў 1877 годзе Ўсеангельскім Клюбам кракету і лаўн-тэнісу на пляцоўках паблізу Ўорпл Роўд (па-ангельску: Worple Road). Спаборніцтвы былі праведзеныя толькі ў адзіночнай мужчынскай катэгорыі. У 1884 годзе былі ў першы раз праведзеныя матчы ў жаночым адзіночным і мужчынскім парным разрадах. У 1913 годзе — у жаночым парным і зьмяшаным парным. Матчы пачалі праводзіцца ў новым месцы, каля Чэрч Роўд (па-ангельску: Church Road), пачынаючы з 1922 году, там жа яны праводзяцца і ў цяперашні час.
Ангельцы ганарацца сваім чэмпіянатам, аднак, ніводзін брытанец ня змог выйграць турнір з тых часоў, як гэта зрабіў Фрэд Пэры ў 1936 годзе. Сярод жанчын англічанка выйгравала апошні раз у 1977 годзе, гэта была Вірджынія Ўэйд.
Галоўны корт, дзе праводзяцца матчы, завецца Цэнтральным кортам (па-ангельску: Centre Court). На ім заўсёды адбываюцца фінальныя гульні. Паколькі брытанскае надвор’е цяжкапрадказальнае і дажджы не зьяўляюцца рэдкасьцю, у апошні час было прапанавана ўзвесьці рассоўную страху над Цэнтральным кортам. Чакаецца, што яна будзе пабудаваная да 2009 году.
Корт №1 (па-ангельску: No. 1 Court) быў капітальна перабудаваны ў 1997 годзе. Першапачаткова ён прымыкаў да Цэнтральнага корта, але быў заменены новай асобнай арэнай, трыбуны якой зьмяшчаюць большую колькасьць гледачоў. Гавораць, што першапачатковы Корт №1 валодаў унікальнай атмасфэрай і быў улюбёным сярод шматлікіх гульцоў, таму яго рэканструкцыя была сустрэтая з шкадаваньнем. На гэтым корце таксама праводзяцца шматлікія важныя матчы турніру.
Корт №2 (па-ангельску: No. 2 Court) носіць мянушку Могілкі чэмпіёнаў (па-ангельску: The Graveyard of Champions), паколькі ў яго рэпутацыя корта, на якім часьцяком цалкам нечакана прайграюць фаварыты.
Традыцыйнымі колерамі Ўімбэлдану зьяўляюцца зялёны і пурпурны. Тэнісісты павінны выступаць на гульнях у вопратцы толькі белага колеру. Да гульцоў жаночага полу падчас правядзеньня матчаў заўсёды зьвяртаюцца «міс» або «місіс». Да тэнісістаў-мужчын, аднак, зьвяртаюцца толькі па прозвішчы.
Арганізатары турніру выкарыстоўваюць адмысловую формулу для выбару сеяных гульцоў і разьмеркаваньні іх па турнірнай сетцы, якая адрозьніваецца ад традыцыйнага спосабу. Спачатку выбіраюцца 32 наймацнейшыя гульцы паводле рэйтынгу ATP, апублікаваным за тыдзень да правядзеньня турніру. Затым да рэйтынгу кожнага гульца дадаюцца ўсе пункты, атрыманыя ў выступах у турнірах на траве за апошнія 12 месяцаў. Пасьля гэтага для кожнага гульца выбіраецца самы лепшы выступ у турніры на траве раней гэтых апошніх 12 месяцаў, і 75% пунктаў, атрыманых у гэтым турніры, дадаюцца да агульнай сумы. Пасьля чаго ўдзельнікі зноўку перамяшчаюцца па табліцы паводле вылічаных сумаў. Такім чынам, вялікае значэньне пры складаньні турнірнай сеткі мае гісторыя выступленьняў гульца ў турнірах на траве. Для парных спаборніцтваў гэтая формула не ўжываецца і сетка складаецца выключна па рэйтынгу ATP для параў.
Турнір пачынаецца кожны год за шэсьць тыдняў да першага панядзелка жніўня і працягваецца два тыдні. У нядзелю першага тыдня турніру матчы традыцыйна не праводзяцца. Але тройчы ў гісторыі турніру (у апошні раз у 2004 годзе) дажджлівае надвор’е змушала арганізатараў ладзіць матчы ў гэтую нядзелю, каб укласьціся ў рамкі турніру. На працягу першага тыдня гуляюцца матчы пачатковых раўндаў. У другі тыдзень праводзяцца 1/16 фіналу, чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал.
Пераможца мужчынскага адзіночнага турніру атрымоўвае ў якасьці прыза кубак з пазалочанага срэбра. Пераможца ў жаночым турніры атрымоўвае срэбны паднос, які атрымаў назоў Талерка Роўзўотэр (па-ангельску: Rosewater Dish). Акрамя трафэяў, пераможцы атрымоўваюць грашовыя прызы, якія ў 2005 годзе склалі (прызавыя сумы ў парных разрадах дзеляцца пароўну паміж партнэрамі):
У 2005 годзе ўпершыню ў гісторыі прызавы фонд турніру перавысіў суму ў 10 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.
Мужчыны-пераможцы Ўімбэлданскага турніру, а таксама Адкрытага чэмпіянату Францыі атрымоўваюць большыя прызавыя сумы, чым пераможцы-жанчыны. У той жа час, памеры прызавых на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі і Адкрытым чэмпіянаце ЗША аднолькавыя для мужчын і жанчын.
Ўімбэлданскі турнір — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.