From Wikipedia, the free encyclopedia
Пчаля́рства — галіна сельскай гаспадаркі, гадоўля меданосных пчол і атрыманне ад іх мёду, воску і іншых прадуктаў пчалінай жыццядзейнасці. Пчалярства мае важнае значэнне для апылення і падвышэння ўраджайнасці культурных і дзікіх кветкавых раслін.
Найстаражытнейшыя відарысы збіральнікаў мёду былі знойдзены ў пячорах на тэрыторыі Афрыкі і Іспаніі. Іх адносяць прыблізна да 7 тысячагоддзя да н. э. Трэба меркаваць, што здабыча мёду дзікіх пчол з’явілася яшчэ раней, шырока практыкавалася ўва ўсім свеце, але месцам узнікнення пчалярства лічыцца Міжземнамор’е. Гэта часткова пацвярджаецца тым, што з 20 тысяч відаў пчол пчаляры выкарыстоўваюць толькі некалькі дзясяткаў, прычым найбольш распаўсюджаны меданосныя пчолы з Еўрапейскага кантынента, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Важным з’яўляецца пацверджанне археалагічнымі матэрыяламі.
Вядомы відарыс на сцяне храма сонца часоў фараона Ніўсера (2458—2422 гады да н. э.) у Старажытным Егіпце, на якой выбіты рабочыя, якія абкурваюць дымам пчаліныя соты. Відавочна, пчалярства ўзнікла ў Старажытным Егіпце значна раней. Мёд выкарыстоўваўся для саладжэння, у рытуальных мэтах, а таксама як антысептык. Воск быў незаменны ў працэсе ліцця бронзы. Найстаражытнейшы пчальнік быў знойдзены археолагамі на тэрыторыі Ізраіля. Мяркуецца, што яму больш за 3000 гадоў.
Старажытныя пчаляры карысталіся для заваблення пчаліных раёў керамічным посудам, плеценымі вуллямі з саломы і галля, абмазанымі глінай. У Старажытным Егіпце яны мелі цыліндрычную форму. Такія вуллі каштавалі даволі дорага, але яшчэ больш каштоўным лічыўся вопыт саміх пчаляроў, без якога спробы развядзення меданосных пчол былі марнымі. Так, у 760 годзе да н. э. здзейснены няўдалы вопыт развіцця пчалярства ў Месапатаміі.
У Старажытнай Еўропе пчалярства актыўна развівалася на Кікладскіх астравах (3 тысячагоддзе да н. э.), мінойскім Крыце (3 — 2 тысячагоддзі да н. э.), ахейскім Пелапанесе (2 тысячагоддзе да н. э.). У Старажытнай Грэцыі і Рыме здабыча мёду лічылася пачэснай справай. Згодна старажытнагрэчаскай міфалогіі, нектар быў напоем багоў.
Незалежнымі ад міжземнаморскага рэгіёну цэнтрамі ўзнікнення пчалярства былі Старажытны Кітай і Месаамерыка (цывілізацыя мая).
У лясной і лесастэпавай зоне Еўропы, у тым ліку на беларускіх землях, першаснай формай пчалярства было бортніцтва — утрыманне лясных пчол у штучных дуплах-борцях. У сярэднявеччы вываз прадуктаў пчалярства быў важнай часткай гандлю краін Усходняй Еўропы з іншымі. Мёдам і воскам плацілі натуральную даніну. Паводле «Аповесці мінулых часоў» кіеўская Княгіня Вольга звярталася да паўстанцаў-драўлян: «Вось ужо іду да вас, прыгатуйце мяды шматлікія ў горадзе, дзе забілі мужа майго». Яе сын Святаслаў пісаў з Балгарыі, што з Русі туды ідуць «мяхі і воск, мёд і рабы»[1]. «Хроніка Быхаўца» згадвае пра напад «мужыкоў маскоўскіх» на гандляроў з Вялікага Княства Літоўскага і дадае, што ў іх забралі «двух баброў ды тры кадаўцы мёду». Падчас падрыхтоўкі да каранацыі Князь Вітаўт так частаваў сваіх гасцей: «І даваў князь вялікі Вітаўт гасцям сваім утрыманне вялікае: выходзіла на іх аброкаў штодня: мёду сычонага па семсот бочак, апрача мушкатэлю, мальмазіі ды іншых напояў і він размаітых; ялавіц, бараноў, вепрукоў таксама па семсот, зуброў па шэсцьдзесят, ласёў па сто, апрача іншай рознай зверыны, многіх мясных ды іншых хатніх страў. І прымаў вялікі князь Вітаўт у сябе тых гасцей сем тыдняў»[2].
Каля ХV—ХVІ стст. распаўсюдзіліся калодныя вуллі, якія па-ранейшым называлі борцямі. Калоды расстаўлялі на дрэвах на вышыні да 15 м пераважна ў ліпавых і бярозавых гаях, паблізу пойменных лугоў і верасовых балот, багатых меданосамі. У беларусаў бортніцтва было звязана са звычаямі сябрыны і бонды.
Аднак бортніцтва, як і іншыя старажытныя формы пчалярства, засноўваліся на спусташэнні і наступнай згубе пчалінага рою. Прычым, у першую чаргу цярпелі роі найбольш поўных вуллёў, што ў выніку вяло да вынішчэння прадукцыйных сем’яў. Попыт на мёд і воск, які значна ўзрос ў еўрапейскіх краінах пасля XV ст., стымуляваў вывучэнне біялогіі пчол. У XVIII ст. з’явіліся навуковыя працы, у якіх прапагандаваліся новыя перадавыя метады пчалярства. Яны прадугледжвалі адбор прадукцыйных раёў, падкормку і клопат пра іх. Вялікае значэнне мела вынаходніцтва Пятром Пракаповічам рамкавых вуллёў у 1814 годзе. У наш час вядуцца сталыя навуковыя даследаванні, накіраваныя на паляпшэнне прадукцыйнасці і абарону меданосных пчол ад хвароб.
Апошнія дзесяцігоддзі гарадское пчалярства актыўна развіваецца ў краінах Еўропы і Амерыкі. З 2015 года было некалькі спроб разводзіць пчол у Мінску[3][4]. Актыўнае развіццё замаруджваецца з-за бюракратычных перашкод[5][6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.