From Wikipedia, the free encyclopedia
Мінойцы — носьбіты культуры Мінойскай цывілізацыі, старажытныя жыхары вострава Крыт і суседніх астравоў. Назва мінойцы мае строга культурнае значэнне.
Словы «мінойскі» і «мінойцы» паходзяць ад імя Мінаса, героя старажытнагрэчаскіх міфаў, які быццам бы валадарыў на востраве Крыт. У навуку яны трапілі дзякуючы гётынгенскаму прафесару Карлу Хёку, які ў працы, прысвечанай востраву Крыт (была выдадзена паміж 1823 г. і 1829 гг.), назваў «мінойскім» (ням.: minoische) гістарычны перыяд у другой палове 2 тысячагоддзя да н. э.[1] У 1878 г. крыцкі аматар археалогіі Мінас Калакаірынас адкрыў у Кносе рэшткі старажытнай пабудовы, якую Генрых Шліман ідэнтыфікаваў як прыналежную старажытнаму Мінасу[2]. У 1900 г. брытанскі археолаг Артур Джон Эванс, які быў добра знаёмы як з працамі К. Хёка, так і асабіста з Г. Шліманам, распачаў на гэтым месцы маштабныя раскопкі. Ён даў знаходцы назву «палац Мінаса», адкрытай ім культуры — «мінойская» (англ.: Minoan), а яе носьбітам — «мінойцы» (англ.: Minoans)[3].
Вынікі генетычнага даследавання, апублікаваныя ў 2013 г., сведчаць пра тое, што жыхары мінойскага Крыта былі нашчадкамі старажытнага неалітычнага насельніцтва, якое ў сваю чаргу сфарміравалася ў выніку міграцыі старажытных земляробаў з Малой Азіі ў Еўропу на 4 тысячагоддзі раней. Існуе шчыльная генетычная сувязь паміж мінойцамі і сучасным насельніцтвам Еўропы[4]. У даследаванні 2017 г. удакладняецца, што ў радаводзе мінойцаў акрамя неалітычнага субстрата прысутнічаў болей позні «ўсходні дамешак»[5].
Не вядома, ці стваралі мінойцы адзіную этнічную або моўную супольнасць. Захаваліся піктаграфічныя надпісы, распрацаваныя каля 2000 г. да н. э., і складовае лінейнае пісьмо А, вядомае прыкладна з 1700 г. да н. э., якія да нашых дзён не расшыфраваны. Спробы вызначыць мову ў аснове лінейнага пісьма А не мелі пераканаўчых вынікаў. Большасць даследчыкаў лічаць, што яна не была звязана са старажытнагрэчаскай і не ўваходзіла ў індаеўрапейскую сям'ю моў[6]. Некаторае выключэнне складае гіпотэза Коліна Рэнфру. Ён меркаваў, што нашчадкі выхадцаў з Малой Азіі карысталіся адной з індаеўрапейскіх моў.
У пазнейшы час у творах Гамера ўзгадваліся «этэакрыты» — сапраўдныя насельнікі Крыта[7]. Яны маглі быць прамымі нашчадкамі мінойцаў.
Мінойская цывілізацыя існавала ў эпоху, якую прынята называць бронзавым векам. Археолагі вылучаюць 3 аснозныя этапы яе існавання[8]:
Ужо на першым этапе земляробы асвоілі найболей урадлівыя даліны на ўсходзе і ў цэнтры Крыта і пачалі апрацоўваць традыцыйную «міжземнаморскую трыяду» сельскагаспадарчых культур: збожжавыя (пшаніца і ячмень), вінаград і масліну. Важную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Яна з'яўлялася адной з вядучых галін эканомікі на ўсходзе вострава. Вытворчасць воўны дазваляла ствараць якасныя тканіны, што лёгка афарбоўваліся. Мінойцы апраналі яркае каляровае адзенне[9]. На трэцім этапе заўважны значныя тэхналагічныя змены ў канструкцыі ткацкіх станкоў. Мяркуецца, што мінойскія тканіны сталі таварам, які вывозіўся ў іншыя краіны[10]. Абмен з апошнімі дазваляў забяспечваць сябе неабходнымі для вырабу прылад працы металамі. Мінойская бронзавая металургія найлепей вывучана на прыкладзе прылад апошняга перыяду, калі майстры адлівалі пілы аднолькавай таўшчыні на працягу ўсяго лёза[11]. Такая праца патрабавала немалога вопыту.
Поруч з бронзавымі шырока былі прадстаўлены каменныя прылады. Мінойскія рамеснікі апрацоўвалі стракаты мармур, вапняк, гіпс, базальт, абсідыян, горны крышталь, сланец і інш. З іх выраблялі нават якасны посуд, які знаходзяць не толькі на Крыце, але і ў мацерыковай Грэцыі[12]. Аднак асноўным матэрыялам для вытворчасці посуду была кераміка. Ганчарнае кола было вядома на Крыце з пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. У дапалацавы перыяд вылучаліся стылі керамікі Васілікі (з паверхнямі, упрыгожанымі чырвонымі і чорнымі плямамі) і Барбаціна (вырабы з дэкаратыўнымі нарастамі, дададзенымі да паверхні). Класічным стылем мінойскай керамікі стаў Камарэс, вядомы з перыяду ранніх палацаў. Для яго характэрны чырвоныя і белыя ўзоры, часта ў шчыльным, яркім размяшчэнні на чорным фоне. Некаторыя пасудзіны для захавання збожжа і алею былі вышынёй болей за 1,7 м[13]. Керамічныя вырабы таксама з'яўляліся прадметам вывазу. Іх рэшткі знаходзяць на Кікладах, захадзе Малой Азіі і на Блізкім Усходзе.
Сувязь з іншымі астравамі і краінамі Міжземнага мора ажыццяўлялася дзякуючы ўменню будаваць вялікія караблі. Іх выявы сустракаюцца ўжо ў перыяд ранніх палацаў. Але найлепей вядомы выявы караблёў з фрэсак Акраціры на востраве Сантарын перыяду новых палацаў. На іх выяўлена флатылія на чале самага вялікага карабля. Апошні меў даўжыню каля 35 м і шырыню ў найбольш шырокай частцы — 6 м. Яго грузападымальнасць складала каля 50 тон[14]. Мінойцы выраблялі караблі толькі з адкрытымі палубамі. Рух па мору адбываўся дзякуючы ветразям і грабцам. На галоўным вялікім караблі адначасова граблі 50 чалавек. Ёсць меркаванне, што мінойцам былі вядомы астранамічныя прынцыпы навігацыі[15].
Вясковыя селішчы эпохі ранняй бронзы на Крыце ўяўлялі сабою кангламерат з будынкаў рознай канфігурацыі, дзе жытло і гаспадарчыя пабудовы ўтваралі практычна адзіны масіў. Адны памяшканні прызначаліся для заняткаў рамяством, іншыя — для захоўвання разнастайнай прадукцыі. Для абароны селішчы месцілі на ўзвышшах або невялікіх плато з абрывістымі схіламі, умацоўвалі мурамі[16]. Лічыцца, што падобныя цытадэлі сталі правобразам знакамітых мінойскіх «палацаў».
Эпоха палацаў звычайна атаесамляецца з узнікненнем дзяржаўнасці. Палацы ўяўлялі сабою адзіныя архітэктурныя ансамблі з цэнтральным дваром і сеткай памяшканняў рознага прызначэння, аб'яднаных разам. Гэтыя памяшканні будаваліся ў розны час, на розных узроўнях, так што для іх злучэння патрабаваліся лесвіцы і калідоры, для забеспячэння святлом ніжэйшых узроўняў — светлавыя калодзежы, якія адначасова садзейнічалі праветрыванню. Будаўнічымі матэрыяламі служылі неапрацаваны камень і абпаленая цэгла, шчэпленыя ўнутры растворам. У кутах будынкаў месціліся вялікія чатырохвугольныя блокі[17]. Некаторыя калідоры і памяшканні тынкавалі гіпсам, а потым упрыгожвалі фрэскамі. Такім чынам палацы раслі ад цэнтру і пашыраліся на працягу многіх стагоддзяў. Яны мелі не вонкавы, характэрны для сучасных будынкаў, а ўнутраны фасад. Дарогі да палацаў брукаваліся. Жылыя памяшчканні былі аснашчаны простымі вадаправодамі і каналізацыяй.
Хаця функцыі мінойскіх палацаў канчаткова не высветлены, лічыцца, што яны адыгрывалі адміністрацыйную і сакральную функцыі. Найбольшы па памерах палац у Кносе займае плошчу каля 24 тысячы м², палац у Фесце — 8,4 тысячы м², палац у Маліі — не менш за 8 тысяч м². Усяго выяўлены 4 буйныя палацы. Вядомы, але не даследаваны палац у Ханіі на захадзе Крыта[18]. У перыяд новых палацаў яны былі злучаны дарогамі. Акрамя таго, будаваліся меншыя па памерах вілы. Каля палацаў развіваліся буйныя паселішчы. Так, у Кносе жылая частка, адасобленая ад палаца, займала каля 30 га. Дамы звычайна мелі 2 — 3 паверхі, умяшчалі 12 — 15 пакояў[19]. Мінойцы таксама будавалі гарады. Знойдзены гарадскія цэнтры Акраціры на Сантарыне, Палекастра і Гурнія на паўночным усходзе Крыта. Акраціры цалкам не захаваўся з-за вывяржэння вулкана. Але, мяркуюць, што яго плошча магла складаць каля 20 га[20]. Ён меў прыродныя і штучныя ўмацаванні. Палекастра быў заможным гандлёвым цэнтрам, дзе мог мецца свой палац, пакуль не раскапаны[21]. Выяўленыя шматпакаёвыя будынкі належалі заможным гараджанам.
Мінойскае грамадства — першае з вядомых у Еўропе, прадстаўнікі якога карысталіся пісьмовасцю. Відавочна, сама ідэя пісьма была запазычана ў іншых народаў, аднак канкрэтная форма пісьмовых знакаў і іх размяшчэнне з'яўляліся мясцовай інавацыяй. Самая ранняя форма мінойскага пісьма — так званыя «крыцкія іерогліфы» — сустракаецца з пачатку перыяду ранніх палацаў да прыгладна 1600 г. да н. э. Знаходкі ўсіх вядомых надпісаў былі зроблены на Крыце. Другая форма — лінейнае пісьмо А — была распаўсюджана значна шырэй з 1800 г. да канца Мінойскай цывілізацыі[22]. Абедзве формы да сёй пары не расшыфраваны. Мяркуецца, што па аналогіі з мікенскім лінейным пісьмом Б, пісьмовыя помнікі мінойцаў мелі адміністрацыйна-гаспадарчы характар.
Хаця большасць даследчыкаў гісторыі Мінойскай цывілізацыі сыходзяцца на думцы, што яе насельніцтва стала павялічвалася, прамых падцверджанняў гэтаму няма. Ацэнка колькасці носьбітаў Эгейскай культуры наогул праблематычна. Тым не меней, ускосным доказам павелічэння дэмаграфічных паказчыкаў з'яўляецца працэс урбанізацыі, асабліва вакол палацавых комплексаў. Перш за ўсё гэта заўважна дзякуючы тэрытарыяльнаму пашырэнню паселішчаў. У 1950 г. насельніцтва Кноса ў перыяд росквіту ацэньвалася ў 100 тысяч чалавек. Аднак ужо ў 1970-я гг. дадзеная лічба падавалася неверагоднай. Звычайна ацэнка абапіралася на колькасць знойдзеных жылых будынкаў. Для разліку колькасці жыхароў іх памнажалі ў 10 разоў. Археалагічныя даследаванні на ўсходзе Крыта выявілі, што прасторнае жытло мінойцаў не абавязкова ўмяшчала шмат людзей. Таму ў нашы дні ўжываецца болей рэалістычны разлік — ад 250 да 430 чалавек на 1 населены гектар[19]. Ён прыкладна супадае з разлікамі насельніцтва тагачасных гарадоў Блізкага Усходу. Такім чынам, насельніцтва ўрбанізаванай часткі Кноса налічвала каля 7 500 — 12 900 чалавек, Маліі — не меней за 5 750 чалавек, паселішча Трыянда на Родасе — да 6 450 чалавек.
Даследаванне касцяных раштак і тэракотавых выяў на мінойскіх стадолах паказала, што мясцовыя жыхары пакутвалі на хваробы, якія маглі быць наступствам малярыі і анеміі, шырока распаўсюджаных на Крыце і ў больш познія эпохі. Вядомы выпадак мікрацэфаліі, што можа сведчыць пра імбрыдынг у выніку астраўной эндагаміі[23]. У пячорнай магільні каля Агіёс-Харалампас у зубах пахаваных у канцы 3 тысячагоддзя да н. э. былі знойдзены рэшткі ДНК бактэрый, якія выклікаюць брушны тыф і чуму[24], што можа быць сведчаннем інфекцыйных эпідэмій.
Выявы і археалагічныя знаходкі паказваюць, што мінойцы ўдзельнічалі у буйных пірах, часам разлічаных на некалькі сотняў чалавек. Яны маглі мець важныя сацыяльна-палітычныя і рытуальныя функцыі. Жывёльныя косткі пры гэтым не спальваліся, і, значыць, мяса прызначалася менавіта для ежы, а не для ахвярапрынашэнняў. Сведчанні піроў часцей знаходзяць на могілках, асабліва ў найбольш старажытныя перыяды. Радзей — каля горных и пячорных стадолаў. Але бліжэй да перыяду новых палацаў самі палацы станавіліся месцам банкетных сходаў[25]. Разнастайнасць выбару месцаў і начыння дэманструе, што звычаі сумеснага прыняцця ежы адрозніваліся ў залежнасці ад рэгіёна альбо ад культавых традыцый пэўнай мясцовасці. Харчаванне ў мінойскую эпоху было досыць разнастайным[26][27][28]: збожжа, бабовыя, вінаград, рыба і малюскі, аліўкавы алей, мёд, мяса свойскай і дзікай жывёлы.
У якасці прыпраў і лекаў ужывалі духмяныя травы[29]. На мінойскіх пячатках знаходзяць выявы жанчыны са сцебламі опіумнага маку. Многія даследчыкі ўпэўнены, што ў рытуальных мэтах практыкаваўся канібалізм[30].
Ужо ў дапалацавы час мінойцы карысталіся ільнянымі тканінамі. Верагодна, іх прывозілі з Егіпту. Аднак ільняныя тканіны дрэнна афарбоўваюцца. Між тым, на фрэсках намаляваны людзі ў яркім афарбаваным адзенні. Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што іх выраблялі з мясцовых ваўняных тканін. Наяўнасць мясцовага ткацтва падцвярджаецца знаходкамі рэштак ткацкіх станкоў. Пігменты для фарбаў атрымоўвалі з малюскаў[31].
Асновай мужчынскай вопраткі быў саронг, які мацаваўся на стане з дапамогай рамяня. Яго можна было заправіць пад пахвіну для зручнейшага перасоўвання. Каля 1700 — 1500 гг. да н. э. у модзе быў гульфік у выглядзе шырокага лапіка, надзетага над кароткім саронгам, які меў разрэзы па баках, каб агаліць сцёгны, і загнуты ззаду падобна качынаму хвасту. Пасля 1500 г. да н. э. гульфік быў заменены на доўгі саронг. Цікава, што гэтая змена ў абліччы мінойцаў былі зафіксаваны нават на малюнках егіпцян[32]. Мінойскі курас, статуэтка (каля 1450 г. да н. э.) з паўночна-заходняй ускрвіны Крыта[33], дае ўяўленне пра мужчынскія прычоскі. На ёй валасы выяўлены кароткімі за выключэннем адной доўгай пасмы, якая спускаецца з пярэдняй часткі галавы назад.
Жаночая вопратка таксама змянялася з цягам часу. У дапалацавы перыяд жанчыны насілі плашчы і пояс на таліі, завязаны спераду. Для рук былі выразаны адтуліны, грудзі заставаліся аголенымі, шыю апраўляў высокі каўнер. У 1900 — 1700 гг. да н. э. часцей сустракаліся доўгія спадніцы з паясамі, якія двойчы абвівалі стан і завязваліся так, каб іх канцы заставаліся спераду. Карсажы пакідалі грудзі аголенымі, а каўняры паднімаліся аж да патыліцы. Спадніцы дэманстравалі мудрагелістыя плеценыя ўзоры. У 1700 — 1450 гг. да н. э. з'явіўся старанна прадуманы пояс, відавочна металічны, з тканіннай пракладкай. Ён пакрываў жывот у тым месцы, дзе ліф злучаўся са спадніцай. Узорысты фартух спадаў з поясу спераду і ззаду[32]. Відавочна, жаночыя прычоскі змяняліся з узростам[34]. Дзяўчыны пакідалі толькі дзве пасмы, астатнюю частку галавы галілі. Доўгія аб'ёмныя валасы, што ззаду запляталіся ў пучок або касу, маглі дазволіць сабе толькі дарослыя матроны з высокім сацыяльным статутам. На фрэсках малады ўзрост падкрэсліваўся сінім пігментам, а старасць — чырвоным.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.