парк From Wikipedia, the free encyclopedia
Пейза́жны парк (фр.: paysage ад pays — краіна, мясцовасць), або англі́йскі парк — тып парку, які склаўся ў XVIII стагоддзя ў Англіі на кантрасце з барочным, рэгулярным паркам у «французскім стылі» Ленотра. У развіцці пейзажных паркаў важную ролю адыгралі філасофскія ідэі Асветніцтва, а таксама мастацтва Кітая[1].
Для пейзажнага парку ўласціва свабодная планіроўка, маляўнічае размяшчэнне кампазіцыйных элементаў, што імітуе прыродны ландшафт. Пры стварэнні такіх паркаў творча перапрацоўваліся матывы натуральнай прыроды; партэры замяняліся лужкамі, геаметрычныя па форме басейны і каналы — азёрамі і рэчкамі, строгі рытм пасадак — асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі (курцінамі), прамыя алеі — сцяжынкамі. У кампазіцыю пейзажных паркаў часам уваходзілі несапраўдныя руінныя формы раманскай і гатычнай архітэктуры, бутафорскія пабудовы ў «псеўдакітайскім стылі», штучныя збудаванні ў выглядзе гротаў, каскады і інш[1][2]. У стварэнні паркавых перспектыў выкарыстоўваліся кулісы-сценкі са стрыжаных дрэў і кустоў. У многіх парках пейзажныя прынцыпы кампазіцыі спалучалі з рэгулярнымі[1].
Французскі і англійскі парк уяўляюць сабой розныя грані эстэтыкі класіцызму ў дачыненні да садова-паркавага мастацтва. Парк версальскага тыпу сваімі прамалінейнымі дарожкамі і фігурнымі формамі старанна абрэзаных кустоў падкрэсліваў абсалютны кантроль чалавека над прыродай. Англійскі сад ішоў далей, сцвярджаючы найвышэйшую каштоўнасць таго мастацтва, якое неадрозна ад прыроды.
Першыя майстры англійскага саду — паладыянец Уільям Кент і садоўнік Чарлз Брыджмен — чэрпалі натхненне ў пейзажах Пусэна і асабліва Ларэна, якія малявалі ідэалізаваныя карціны прыроднай гармоніі. Захапленне ларэнаўскімі пейзажамі прывяло да стварэння неназойлівых у сваёй разнастайнасці паркаў у Кларэмонце і Стоўрхедзе. Працамі Кента самы грандыёзны рэгулярны парк Англіі, Стоу у Бакінгемшыры, быў паступова вычышчаны ад геаметрычных формаў і пераасэнсаваны як натуральны працяг навакольнага пейзажу. Першапачаткова сістэма пейзажнага парку ўвасабляла русаісцкую ідэю пакланення перад прыродай, прыгажосцю яе натуральных пейзажаў. Стваральнікі такіх паркаў імкнуліся да зразумення раўнавагі і гармоніі, што існуюць у прыродзе.
Майстры англійскага парку надавалі вялікае значэнне элементу непрадказальнасці і сюрпрызу. Наведвальнік англійскага парку рэдка мог прадказаць, што чакае яго за чарговым паваротам алеі. Як правіла, пейзаж разнастаілі маляўнічыя масткі і садовыя павільёны ў паладыянскім стылі, навеяныя архітэктурнымі накідамі Паладыа і яго вучняў. У пейзажныя паркі ўводзіліся і элементы ўсходняй экзотыкі (як, напрыклад, шынуазры Уільяма Чэмберса ў садах К'ю) або гатычныя матывы (упершыню выкарыстаныя Г. Уолпалам у Строберы-хіле).
Найбольш запатрабаванымі прадаўжальнікамі школы англійскага парку ў другой палове XVIII стагоддзі сталі Ланселот Браўн і Хамфры Рэптан, якія «прывялі ў гармонію» тысячы гектараў угоддзяў па ўсёй Брытаніі. Для Браўна характэрна спрашчэнне структуры парку за кошт канчатковай адмовы ад геаметрычных ліній алей і партэраў. У яго садах адкрытыя прасторы (палянкі і лужкі) адкрываюць захапляльныя перспектывы і візуальна пашыраюць межы парку. У садах маецца хмат штучных каналаў, замаскіраваныз пад зарослыя трыснягом рачулкі. Рэптан гусцей засаджвае свае сады кустамі і дрэвамі, арганізаванымі ў групы рознай шчыльнасці.
Парк у Кларэмонце | Парк у Стоўрхедзе | Сады Уілтан-хауса |
У сярэдзіне XVIII стагоддзя разам з архітэктурай ракако і барока стаў выходзіць з моды і рэгулярны парк. Распаўсюджванню культу прыроднай натуральнасці больш за іншых мысляроў спрыяў Жан-Жак Русо, які адным з першых перапланаваў свой сад у Эрменанвілі на англійскі ўзор. Пры Людовіку XVI англійскі парк атрымаў ужо ўсеагульнае распаўсюджванне, а яго жонка Марыя-Антуанэта стварыла ў Версалі ферму з агародам, дзе пад сялянскі посуд быў стылізаваны каштоўны сеўрскі фарфор.
Найбольшае распаўсюджванне на кантыненце англійскі парк атрымаў у Германіі, дзе адным з першых яго ўзораў стала «паркавае каралеўства» каля Дэсау — фантазія на тэму Стоу, Стоўрхеда і Кларэмонта. Гэты вялізарны парк прызнаны помнікам Сусветнай спадчыны, роўна як і яшчэ больш доўгі парк князя Пюклера ў Бад-Мускау. Іншымі характэрнымі прыкладамі пейзажных паркаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з’яўляюцца Англійскі парк у Мюнхене, парк Браніц у Прусіі, Лазянкоўскі і Уяздоўскі паркі ў Варшаве, Царыцынскі парк у Маскве, Екацярынінскі і Паўлаўскі паркі пад Пецярбургам і парк Манрэпо ў Выбаргу, на дэндрапарк «Сафіеўка» ва Умані.
Эрменанвіль | Англійскі парк у Мюнхене | Паўлаўскі парк |
На Беларусі пезажныя паркі з’явіліся на мяжы XVIII—XIX стст. ў сядзібных, палацавых комплексах, такіх як Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Краскаўская сядзіба, Столінскі парк «Манькавічы», Вердаміцкі парк, Лагойскі палацава-паркавы ансамбль і інш[1].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.