горад у Пскоўскай вобласці Расіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Невель (руск.: Невель) — горад (з 1772 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 17,8 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў XVI стагоддзі.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Горад размешчаны на возеры Невель, за 242 км ад Пскова. Чыгуначны вузел.
Тапонім «Невель» утварыўся ад назвы возера Невель (Неўль). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага «nevo» — балоцістае месца.
Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўспамін пра які датуецца 1185 годам. Паводле беларускага даследчыка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменка, якая ўпадала ў возера Невель[2].
Уласна Невель упершыню згадваецца ў XV стагоддзі як горад у Таропецкай воласці Вялікага Княства Літоўскага[3]. У XVI стагоддзі паселішча мела значэнне абароннага пункта (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 годзе гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасцю 4 тыс. (па іншых звестках 1,5 тыс.) чал. разбіў пад Невелем 15- (25—) -тысячнае маскоўскае войска, аднак у тым жа годзе пасля аблогі 45-тысячным войскам горад захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру (1582) яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.
У 1617 годзе Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводства. 3 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду магдэбургскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід з мячом»[3] (пацвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762 года). На працягу 1633—1634 гадоў Невель быў сталіцай павета Смаленскага ваяводства. У 1649 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімір перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касцёл. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 годзе Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасці з мірным дагаворам (1678) горад застаўся за Вялікім Княствам Літоўскім.
У 1678 годзе Невель пацярпеў ад вялікага пажару[4]. Станам на 1681 года тут было 367 двароў, на 1700 год — 394, на 1712 год — 270[4]. У 1731 годзе ў месце налічвалася 403 дымы[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Невель апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета Полацкага намесніцтва, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні. Станам на 1780 год у месце існавалі праваслаўны манастыр, грэка-каталіцкая царква і касцёл. На 1799 год у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная праваслаўная царква, 1 мураваная і 11 драўляных грэка-каталіцкіх, 1 мураваны і 2 драўляныя касцёлы; у самім месце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, дзве мураваныя, адзін касцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крам, 15 вуліц. У пачатку XX стагоддзя Невель знаходзіўся на скрыжаванні 2 чыгунак і меў развітую прамысловасць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[5].
З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Невель меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебшчыну са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.
З 1924 года ў Пскоўскай губерні. У 1926 годзе кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць горад у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[6].
У 1924—1927 гадах павятовы горад Пскоўскай губерні РСФСР. Раённы цэнтр Велікалуцкай акругі (1927—1930, 1935—1938) Ленінградскай вобласці (1927—1929), Заходняй вобласці (1929—1935), Калінінскай вобласці (1935—1944).
У Другую сусветную вайну Невель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй з 16 ліпеня 1941 года да 6 кастрычніка 1943 года. Вызвалены часцямі Калінінскага фронту Чырвонай Арміі ў ходзе Невельскай наступальнай аперацыі.
Раённы цэнтр Велікалуцкай вобласці (1944—1957), з 1957 года — Пскоўскай вобласці.
Завод аўтаматычных тэлефонных станцый; швацкае аб’яднанне; малочна-кансервавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; льнозавод.
Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і з’яўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 размяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацк, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.