Даўгінава
Вілейскі раён From Wikipedia, the free encyclopedia
Вілейскі раён From Wikipedia, the free encyclopedia
Даўгі́нава — аграгарадок у Беларусі, на рацэ Сярчыстая. Цэнтр Даўгінаўскага сельсавета Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Насельніцтва 1165 чал. (2008). Знаходзіцца за 47 км на паўночны ўсход ад Вілейкі, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы. Вузел аўтамабільных шляхоў на Мінск, Вілейку, Будслаў, Крывічы, Докшыцы, Плешчаніцы, Краснае.
Аграгарадок
Даўгінава
| ||||||||||||||||||||||||
На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Даўгінава» утварыўся ад прыметніка «доўгі» або ад прозвішчаў Доўгі, Даўгінаў[2].
Паводле іншай версіі, назва адыменная, ад двухасноўнага балцка-літоўскага імя Dau-gin'as. У літоўскай антрапаніміі вядомыя адпаведныя іменныя асновы Dau- i Gin-.
Упершыню Даўгінава (пад назвай Даўгінавічы) згадваецца ў 1440—1443 гадах як уладанне Яна Даўгірда, ваяводы віленскага. Пазней маёнтак перайшоў да Івашкі Манівідавіча, а ў 1485 годзе — да Багдана Саковіча, ваяводы троцкага. У 1525 годзе Даўгінава знаходзілася ва ўладанні Альжбеты Саковіч[3]. У пачатку XVI стагоддзя тут збудавалі царкву Святой Тройцы, у 1553 годзе — касцёл.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Даўгінава ўвайшло ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. З 1567 года мясцінай валодаў Юрый Хадкевіч, з 1622 года — Януш Кішка, ваявода полацкі. У 1634 годзе апошні прадаў маёнтак Язэпу Руцкаму, грэка-каталіцкаму мітрапаліту кіеўскаму, галіцкаму і ўсяе Русі.
Пад 1643 годам Даўгінава згадваецца як мястэчка. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) у яго ваколіцах адбыліся жорсткія баі, само паселішча спалілі маскоўскія захопнікі. З 1690 года Даўгінава знаходзілася ва ўладанні Караля Міхала Друцкага-Сакалінскага. У 1704 Караль і Эва Друцкія-Сакалінскія фундавалі тут новы касцёл. У 1746 годзе ў мястэчку размяшчаўся грэка-каталіцкі дэканат, які ахопліваў 26 парафій. У 1793 годзе святар Дамінік Марціноўскі збудаваў новую царкву.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Даўгінава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Станам на 1800 год у мястэчку было 88 двароў, на 1866 год — 362 двары. У XIX стагоддзі тут рэгулярна праводзіліся славутыя кірмашы, да 1866 працавала суконная фабрыка з больш як 300 работнікамі (1850). Мануфактуру збудаваў уладальнік мястэчка граф С. Л. Каменскі. Станам на 1824 год прадпрыемства мела 2, на 1840 год — 28 ткацкіх станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Ткаліся тонкія сукны ўсіх колераў. Вырабы збываліся ў Рыгу, Вільню, Мітаву, Ромны. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Даўгінаве існавала школа, 60 крамаў, паштовая станцыя. У пачатку XX стагоддзя — царкоўнапрыходская школа, 2-класная народнае вучылішча (2 настаўнікі, 124 навучэнцы).
У лютым 1918 года акупіравана Германіяй. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б у складзе БССР, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. З ліпеня 1919 года пад акупацыяй Польшчы. У ліпені 1920 года занята ненадоўга Чырвонай Арміяй.
Згодна з Рыжскай мірным дагаворам (1921) Даўгінава апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, цэнтр гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Станам на 1938 год існавалі аднайменныя мястэчка (547 двароў) і паселішча (33 двары).
У 1939 годзе Даўгінава ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета Крывіцкага раёна (з 25 снежня 1962 года ў Вілейскім раёне). 1 мая 1940 года паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Даўгінава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 ліпеня 1954 года статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 год тут быў 501 двор, на 1993 год — 596 двароў.
У Даўгінаве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.